Дамініка Словік
Зімоўка
У непрыкметным мястэчку Цукроўка здараецца шэраг дзіўных падзей. Паступова амаль дэтэктыўная гісторыя абрастае ўсё больш таямнічымі дэталямі.
Галоўныя героі сталеюць у атмасферы польскай правінцыі пачатку 2000-х з усімі складанасцямі трансфармацыйнага перыяду эпохі і ўласнага ўзросту. Пакаленне іх бацькоў і дзядоў таксама крыху разгубленае: у іх пераплятаюцца рэлігійнасць і забабоннасць, нехта бачыць знакі блізкага апакаліпсісу ў начных вандроўках голай дзяўчыны па мястэчку і змяненні клімату, а хтосьці дрэсіруе пчол. І ўсе спрабуюць знайсці сябе ў новай рэчаіснасці.
Рэальнасць тут пераплятаецца з магіяй, загадкавыя падзеі — з гумарам. Гэта гісторыя людзей, часу і месца.

Пераклад з польскай мовы Уладзя Лянкевіча і Алены Пятровіч


Купіць тут з 25 студзеня
А можа, усё пачалося, калі мяне разрэзалі напалам?
Памятаю, я хіба што галавой магла паварушыць, побач ляжала Магда, з якой я дасюль не была знаёмая, толькі чула ад бабкі Сарэцкай (яна ўжо тады адпісала мне спадчыну). Над сабой я бачыла лямпы спартзалы, брудную столь, разеткі-катыльёны з паперы, літары, выразаныя з пенапласту. Недзе ззаду — сіняя шырма з нашытымі зорачкамі з фольгі, якія нагадвалі жоўтыя плямы. Плакаты фізрука Банёўскага з інструкцыямі, як выконваць практыкаванні, праілюстраваныя фігурамі, застылымі ў механічным руху. Мужчына, які нас рэзаў, цяжка дыхаў, нібы гэта была складаная праца, у яго смярдзела з рота. Спачатку ён дакрануўся да маёй галавы, а пасля пачаў рэзаць. У руках ён сціскаў цыркулярную пілу. Сярод гледачоў сядзеў бацька (ён дзеля гэтага ўзяў адгул на працы) і з захапленнем пляскаў у далоні. Я спрабавала глядзець уніз — хацела пабачыць, што піла робіць з маім целам, — але карціну засланяў край драўлянай скрыні, з якой тырчала толькі мая галава. Рэшты нібыта зусім і не было.
Калі мужчына скончыў, ён узяў у рукі аркуш — звычайны аркуш паперы — і засунуў яго ў шчыліну, на месца разрэзу, папера (гэта я выразна адчувала) прайшла праз мяне навылёт, упала на зямлю і слізганула па паркеце проста да ног гледачоў.
Толькі пазней я даведалася, што нас выбралі па ботах: у нас з Магдай былі аднолькавыя зялёныя кеды, а гэта чамусьці было важна для фокуса, што паказваў у нашай школе вандроўны штукар, які зарабляў халтурай у правінцыяльных школках.
Мой бацька, калі за дзень да гэтага даведаўся, што мне патрэбныя грошы на ўваходны білет, адразу неяк усхваляваўся. Тады ён усё яшчэ спадзяваўся напаткаць які-небудзь «сапраўдны цуд».
Я не здзівілася, калі на наступны дзень убачыла, як ён прапіхваецца між дзяцей. Відавочна захоплены, ён усеўся на нізенькай лавачцы. Калені амаль упіраліся яму ў бараду. На працы ён схлусіў, што я захварэла і ён мусіць адвесці мяне да доктара.
Фокуснік быў у бліскучым фраку і ў крывым цыліндры. Калі ён абвясціў галоўны нумар праграмы — разразанне чалавека напалам — і папрасіў выйсці «добраахвотнікаў», амаль усе гледачы паднялі рукі ўгору. Сёння я ўжо не памятаю, ці таксама падняла, здаецца, не, бо з сорамам пазірала на бацьку, які з усімі астатнімі махаў рукой, нібы яму сапраўды было вельмі патрэбна, каб штукар выбраў менавіта яго.
Нейкая настаўніца выпхнула наперад нецярплівага вучня, але фокуснік пакруціў галавой і крыкнуў:
— Шаноўнае спадарства, дарагія гледачы, гэтым разам я запрашаю на сцэну дзяўчатак! Дзвюх смелых дзяўчатак!
Да гэтага паставіліся з разуменнем, бо ў тыя часы па тэлевізары паказвалі Коперфілда, і сапраўды, напалам заўжды разразалі жанчын. Штукар уважліва агледзеўся, нібы нешта ці некага шукаў, а пасля, не паспела я зразумець, што адбываецца, як ён ужо схапіў мяне за руку і выцягнуў на сярэдзіну залы.
Мне падабаецца думаць, што ўсё пачалося менавіта з таго разразання.
Я доўга глядзела на Магду на школьным калідоры, але, здавалася, яна гэтага зусім не заўважае. Больш за ўсё мяне, відаць, захаплялі тонкія баваўняныя пальчаткі, якія яна ніколі не здымала.
Магда Дыгнар (у нас казалі Дыгнароўна) была не з майго класа. Напэўна, яна мяне ўвогуле не памятала. Прынамсі, калі яе разразалі, яна нават не глянула ў мой бок.
Але калі мы сустрэліся праз некалькі месяцаў у чарзе ў медпункт, яна так пільна ўзіралася ў мяне, што я ажно пачырванела.
— У цябе кроў з носа ідзе.
Я інстынктыўна дакранулася да твару. Пальцы чырвоныя. Я закінула галаву назад.
— Нічога, зараз пройдзе. У мяне ёсць яблык.
— Яблык?
— Так, мне бацька дае такі спецыяльны яблык ад анеміі, — сарамліва прамармытала я. Тады залезла ў кішэню заплечніка і дастала дзіравы чорны яблык. — Ён недзе прачытаў, што гэта найлепшы сродак, калі не хапае жалеза ў арганізме. Ён забівае ў яблык кучу цвікоў і пакідае так на ноч. А зранку вымае. Жалеза з цвікоў пераходзіць у яблык.
— Гучыць неяк тупа.
Я паківала галавой.
Было дзіўна, што Магда стаіць тут з намі. Мы, дзесяцігадовыя, чакалі свайго медагляду, а яна ж была на клас старэйшая. Толькі пазней я даведалася, што Дыгнароўна пайшла ў школу на год раней.
У кабінет заходзілі па двое.
Унутры нас чакала медсястра ў белым халаце. На стале ляжаў стос фармуляраў, куды яна мусіла запісваць наш рост, вагу, зрок, скрыўленне пазваночніка, адзначаць, ці ёсць у нас плоскаступнёвасць, правяраць, ці ўсе прышчэпкі зроблены.
Каля стала стаяла перакошаная шафка з цёмнымі бутэлечкамі. Медыцынскія вагі. Шырма. Кушэтка, абабітая карычневым дэрмацінам і накрытая змятай прасціной.
— Ну, давайце, дзяўчаткі, распранаемся! Здымаем усё, пакідаем толькі трусікі! — паказала яна на шырму.
Я пайшла за Магдай і раптам зноў адчула сябе гэтаксама, як тады, некалькі месяцаў назад, калі мы абедзве апынуліся за амаль такой самай шырмай, а шарлатан-фокуснік саджаў нас у драўляныя скрынкі. Ля сцяны, схаваныя ад вачэй гледачоў, ляжалі бязладна раскіданыя правады, падаўжальнікі, ужо непатрэбныя, выпатрашаныя магічныя куфэркі з адкрытымі механізмамі, чароўныя палачкі з выпушчаным з іх серпанцінам, штучныя галубы, вывернутыя сурдуты і камізэлькі, поўныя патаемных кішэняў. Я глядзела на ўсё гэта, што яшчэ хвіліну назад з іншага канца спартзалы здавалася нечым незвычайным, а цяпер пераўтварылася ў пашарпаны, танны рэквізіт. Сам штукар зблізку выявіўся зусім іншым чалавекам. Бліскучы фрак смярдзеў потам. Мужчына выглядаў стомленым і раздражнёным. На носе ў яго было шмат дробных чорных вугроў, нібы нехта панаколваў яму скуру іголкай.
— Ну, давай, дарагая, няма часу, — піхнуў ён мяне ў бок скрыні.
— Ну, давай, дарагая, няма часу, — прашчабятала медсястра.
Я пачала здымаць гольф, галава ў ім засела, і я ніяк не магла справіцца, моцна тузала, але толькі больш заблытвалася, і мне падалося, што я зараз задушуся, ці магчыма наогул задушыцца ўласным швэдрам? Я баялася, што носам зноў пойдзе кроў. Раптам я адчула нечыя рукі, хтосьці акуратна, але рашуча разблытваў рукавы, цягнуў за гольф, і ўрэшце швэдар злез з маёй галавы, а я, уся чырвоная, глынула паветра.
— Дзякуй, — прамармытала я Магдзе, і тая моўчкі ўсміхнулася.
Яна ўжо зняла джынсы і майку, стаяла перада мной у блакітных майтках у дробныя кветачкі і светлых пальчатках. Яна не закрывалася, а, выпрастаўшыся, чакала, пакуль яе пакліча медсястра. Грудзі ў Магды ўжо трошкі вытыркаліся, акурат як і мае; зрэшты, гэтак сталася зусім нядаўна. Нібыта нешта адклала яйкі пад нашай скурай, і цяпер яны раслі, і калі, нягледзячы на боль, я да іх дакраналася, то адчувала ўсярэдзіне цвёрдую костачку ўнутры тонкай мякаці. Тады я перастала насіць белыя кашулі, бо праз іх — асабліва калі яны надта абцягвалі — прасвечваліся цёмныя кружкі смочак.
Калі Дыгнароўна пайшла ў бок вагаў, на шкале якіх медсястра перасоўвала гіркі, нібы на нейкіх спецыяльных лічыльніках для ўзважвання меншай вагі, я ўважліва паглядзела на Магдзіну спіну — ужо тады з апушчанай лапаткай, якая тырчала, быццам востры ножык — і на яе неакрэсленую талію. Я шукала (раптам з сорамам злавіла сябе на думцы) след ад разразання. Я хацела ўпэўніцца, што там сапраўды няма ніякага следу, ніякага парэзу, нават драпіны, што скура, цела, уся Магда засталіся некранутымі.
Раптоўна я адчула, што мае майткі макрэюць, нібы я абсікалася. Спалоханая, усё яшчэ хаваючыся за шырмай, я дакранулася да тканіны, праз якую паволі праступала вільгаць.
Я пачала часцей заходзіць у медпункт з таго часу, як пачаліся першыя месячныя — неўзабаве пасля падарожжа з бацькам да Вавельскай чакры, перад тым, як здарылася атака на Сусветны гандлёвы цэнтр. Памятаю, што ўсе не маглі дачакацца, калі ўжо ў іх пачнуцца месячныя, і як толькі ў адной з нас пачыналіся, яна тут жа хвалілася: загорнутыя ў цёмна-зялёную фольгу квадрацікі пракладак выпадкова выпадалі з заплечніка, з вокладкі для школьнага пасведчання тырчаў нібы выпадкова пакінуты наверсе каляндарык для месячных з пазначанымі каляровым фламастарам датамі, а на фізры тут жа абвяшчалася пра «кепскі фізічны стан», і пры гэтым так гучна, каб мы ўсе пачулі.
Я таксама спачатку ўзрадавалася, калі ўбачыла ў ванне на майтках цёмна-чырвоную пляму, але вельмі хутка мяне працяла спазма болю, які з таго часу штомесяц агортваў маё цела. Неяк у школе балела так моцна, што я не магла рухацца, адчувала, нібы нехта забраў у мяне ўладу над целам і пакінуў толькі цяжкі гнятлівы боль; ад пупка і ўніз нічога іншага ў мяне не было. Больш за ўсё мяне здзівіла, што балеў не толькі жывот, але і спіна, задні праход, прамежнасць — нібы перад гэтым нехта доўга і моцна мяне біў. На нейкі момант мне здавалася, што гэты аркуш з фокуса штукара працягвае расці ў маім жываце і расцінае яго вострымі краямі.
Настаўніца адправіла мяне ўніз. Аднакласніца дапамагла спусціцца, бо я была не ў стане сама ісці па лесвіцы. Медсястру перавялі на паўстаўкі, і яна з'яўлялася ў школе толькі ў пэўныя дні; на шчасце, акурат тады яна была на месцы. Яна паклала мяне на кушэтку, дастала з зашклёнай шафкі бутэлечку і наліла ў вялікі кілішак жоўтую гразкую вадкасць.
Зёлкі былі вельмі моцныя, на спірце.
— Усё адно баліць?
Я кіўнула.
— Тады яшчэ адзін.
Я выпіла другі кілішак. Па страўніку разлівалася цяпло. Мне здавалася, што боль сапраўды крыху адступіў.
— Ну, які ў цябе зараз урок?
— Польская.
— Хто вядзе?
— Яскула. Дырэктарка.
Медсястра скрывілася, пачуўшы гэтае прозвішча. Я адчувала, як цёпла робіцца і ў галаве. Я захіхікала.
— Пабудзь тут да званка, калі хочаш, — жанчына ўсміхнулася мне і пачала запаўняць нейкія паперы, што ляжалі роўным стосікам на стале.
З гэтага часу я прыходзіла да яе практычна штомесяц. Часам у дзвярах кабінета я разміналася з іншымі дзяўчатамі. Нейкі спакой прамяніўся з гэтай усмешлівай, крыху гарачлівай жанчыны, але найперш — з цудоўнага эліксіру, настойкі, лекаў ад дзявочага болю.
Магду я там больш ніколі не сустракала.


Частка І
Антрапацэн

Раздзел 1

Роўна перад Новым годам у нашым горадзе па начах на снезе пачалі з'яўляцца таямнічыя сляды.
Гучна мы пра гэта не размаўлялі, але знаходзілі іх ледзь не штораніцы, заўсёды ў розных месцах горада. Яны абрываліся дзіўна і знянацку, нам здавалася, быццам той, хто іх пакідаў, раптам узлятаў угору ці проста… знікаў. Яны вялі з нікуды ў нікуды.
Магчыма, у гэтым не было б нічога надзвычайнага (у канцы той зімы амаль кожны дзень пад раніцу снег прысыпаў усю Цукроўку), калі б не той факт, што сярод гэтых слядоў перамешваліся адбіткі чалавека і жывёлы. Нібы нехта выводзіў на шпацыр вялікага сабаку — толькі што ступакі, якія пакідалі на снезе сляды, былі босыя.
Зіма набліжалася да канца — сляды знаходзілі ўсё часцей, і яны былі ўсё гусцейшыя, ва ўсё больш насцярожлівых месцах. Перапалоханыя, мы заўсёды знаходзілі іх на досвітку — яны вялі праз ходнікі і агароды, прабягалі выразным чорным шнурком праз зачыненыя на ключ форткі і брамы, апляталі грунтоўныя агароджы, тоўстыя сцены і разваленыя старыя платы, а пасля — што найбольш пужала цукравян — абрываліся роўна пад вокнамі спальні, часам на парозе дзвярэй. Нібы нешта падглядала за намі ўначы, пакуль мы спалі. Абкружала нашы дамы.
Спрабавала зайсці ўнутр.
Урэшце зрабілася немагчымым усё гэта ігнараваць, калі побач са слядамі босых ступняў і звярыных лап пачало з'яўляцца нешта яшчэ: дробныя, але выразныя цёмна-чырвоныя плямкі, што ўеліся ў снег, — застылая кроў.
Вядома, мы стараліся змагацца з ірацыянальным страхам, які нарастаў унутры. Тады ўсё часцей казалі, што гэта прыйшлі ваўкі са Славакіі. (Але ж у той год зіма была даволі мяккая, дык адкуль тыя ваўкі? Апошнім разам іх бачылі ў 1978 годзе — гэта была зіма стагоддзя.) А можа, гэта нейкі мядзведзь прачнуўся ад надта высокай тэмпературы і заблукаў у Францішкавай Пушчы? Галодныя лісы? Дзікія сабакі?
Нягледзячы на гэтыя тлумачэнні ды заспакаенні, мала хто хадзіў адзін уначы па вуліцах Цукроўкі. І хоць гарады накшталт нашага па вечарах звычайна пусцеюць, я выдатна памятаю: на пачатку 2005 года пасля змяркання нас трымала па дамах нешта большае, чым звычайная начная пустата правінцыі. Ніхто не прамаўляў гэтага ўголас, але мы ўсе ведалі: па Цукроўцы гойсаў ваўкалак.
* * *
Міша аблізаў пальцы і падаў мне толькі што адкаркаваную бутэльку шампанскага.
Як звычайна па суботах мы збіраліся гуляць у цара гары, але Ганс спазняўся. Мы сядзелі з Мішам на самым высокім у наваколлі пагорку. Ля нашых ног ляжала ўся Цукроўка, мястэчка трох зморніцкіх цудаў. Мы бачылі адсюль нашы дамы — вілу Сарэцкай і Шкляны дом, шэрую глыбу будынка гарадской адміністрацыі, управы, крывую званіцу касцёла Маці Божай Шкаплернай. З усходняга боку пагорка былі могілкі, а на захадзе цягнуўся лес, Пушча, якая шчыльна ахінала Даліну, ажно да ўзроўню былога Завода. У зарасніках за нашымі спінамі пабліскваў выгін Зморніцы. На ўсходзе, ужо за горадам, бегла простая лінія нацыянальнай дарогі Кракаў — Вадавіцы — Высокая і далей, той самай шашы, па якой у хуткім часе (тады мы пра гэта яшчэ не ведалі) мусіў назаўсёды ўцячы Міша, у той дзень, калі мой бацька знік у шафе для абутку, а я ўрэшце знайшла скарб інкаў.
Я зрабіла вялікі глыток і тут жа закашлялася.
— Дзе ён ходзіць? — Міша патроху пачынаў раздражняцца. Ён нервова калупаўся канцом запальнічкі ў размяклай зямлі. Трава на ўзгорку толькі пачала зелянець.
— Пазвані яму.
— У мяне мала грошай. Напэўна, яму не хочуць прадаваць… — уздыхнуў ён. — Трэба было мне самому ісці.
Яму аднаму з нашай тройкі было васямнаццаць.
Я паціснула плячыма, цішком стрымліваючы позех. Міша зрабіў выгляд, што нічога не заўважае. Я два тыдні амаль не спала.
Мы нікому не расказвалі пра тое, што здарылася ўночы на пачатку красавіка.
Але ўрэшце мы мусім некаму пра гэта апавесці, з сорамам падумала я. Гэтак было б бяспечней для ўсіх. Я забарабаніла пальцамі па цёмна-зялёным шкле бутэлькі.
У гэты самы момант гучна завібраваў тэлефон. Міша адным рухам запясця адкрыў «раскладушку» і моўчкі паказаў мне экран з паведамленнем: «ДАЧЫ. ХУТКА». Я бездапаможна пакруціла галавой. Выглядала, што наш сябар Ганс зусім здурнеў.
Цукроўскія дачы месціліся на паўночным захадзе, недалёка ад Пушчы, яны былі быццам гушчаром рэчаіснасці, барыкадай, узведзенай паміж горадам і лесам, што напіраў на яго.
Працятыя блытанінай платоў, агароджаў, загародак, дарожак і сцежак, застаўленыя альтанкамі, дамкамі, часовымі мангаламі, пунямі, буданамі, цяпліцамі, зарослыя невымернай колькасцю кветнікаў, градак, клумбаў, дрэў і дрэўцаў дачы здаваліся пазбаўленымі якой-колечы прасторавай логікі. Нават гадамі ходзячы па адной і той жа сцежцы, тут можна было лёгка згубіцца і бездапаможна шукаць выйсця, асабліва цёмначы (але цяпер, вядома, ніхто ў горадзе не наважыўся б хадзіць туды ноччу).
Гансаў бацька купіў дачу адразу ж, як вярнуўся ў краіну, спакусіўшыся надта выгаднай прапановай. Ды хутка выявілася, што ў нізкай цаны была прычына — суседства Пчаляра і яго вуллёў псавала жыццё настолькі, што пан Дарыюш вельмі хутка адмовіўся ад ідэі ладзіць там сяброўскія пасядзелкі з шашлыкамі і выпіўкай і праз некалькі тыдняў увогуле забыў, што ў яго ёсць нейкі ўчастак у Цукроўцы.
Пакуль Міша не прыдумаў гульню ў цара гары, мы бавілі на Гансавай дачы ці не кожныя выхадныя. Пчаляра мы бачылі рэдка. Пару разоў ён учыніў нам скандал, што дым усыпляе ягоных пчол, але большую частку дня ён праводзіў, замкнуўшыся ў сваёй напаўразваленай хаціне са шчыльна занавешанымі вокнамі. Уласна, ажно да падзей у пачатку вясны мы не звярталі на яго ніякай увагі.
— Цішэй!!! — данёсся з кустоў раздражнёны Гансаў шэпт.
Я асцярожна замкнула за сабой скрыпучую брамку. Участак быў невялікі, абсаджаны ўздоўж мяжы ўладанняў рэдкім, занядбаным жываплотам. На рагу стаяла драўляная альтанка, перад ёй — брудныя крэслы і патрэсканы стол з колісь белага пластыку. На траве валяліся старыя бляшанкі і размоклыя мяхі з рэшткамі вугалю.
— Ты купіў? — Міша з цяжкасцю прапоўз праз жываплот. Ён быў значна вышэйшы за Ганса, таму яму давялося моцна сагнуцца, каб пралезці ў дзюрку пад плотам.
— Што? — Ганс нават не зірнуў на нас. Ён увесь час прыціскаў твар да шчыліны ў вельмі высокім, але даволі неахайна зробленым плоце. Яго бацька наіўна лічыў, што агароджа абароніць ад смуроду, што, як ён сцвярджаў, далятае з боку гаспадарства Пчаляра, і стрымае згубленых пчол, якія заляталі на салодкія напоі і раздражнялі гасцей.
— Ну, «Ігрыстае», ты купіў?
Ганс нядбала махнуў рукой. На газоне ляжаў кінуты пакет з дзвюма бутэлькамі і пачкам цыгарэт. Я падняла яго і ўціснулася ў кусты побач з хлопцамі. Міша дастаў з кішэні скрутак у фользе і пачаў спрытна пальцамі крышыць на папяросную паперу траву.
— Добрая, у славачкі купіў. Не тая, што мінулым разам, — заспакойліва прамармытаў ён, калі заўважыў мой няўпэўнены позірк.
Нейкі момант было чуваць толькі шамаценне, з якім расціраецца сухая трава.
Я часта брала ў Мішы трохі тавару для сябе, ён прадаваў мне крыху танней, чым іншым. Часам я любіла пакаштаваць нейкія больш дзіўныя рэчы, але часцей за ўсё курыла траву. Ганс купляў рэдка, увогуле браў толькі тое, чым нас частаваў Міша, збольшага таму, што амаль заўсёды быў без грошай, а малады Машталер нават па знаёмстве не хацеў даваць напавер.
— І?.. — не вытрымала я.
Ганс, відаць, адчуў у маім голасе нецярплівасць, бо ўрэшце павярнуўся да нас.
— Я зноў яго бачыў.
Я шкадавала, што пару тыдняў назад расказала яму пра дзіўны візіт у музей маёй маці. Праз гэта ён пачаў праседжваць на дачы.
— У яго былі рыдлёўка і заплечнік. Акурат як і, ну, ведаеце… тады. На хвілінку зайшоў у краму, але спачатку ўсё схаваў у кустах, відаць, каб тыя, з Завода, не бачылі. За столікам сядзела ўжо хіба чацвёра… — Ганс замаўчаў, няўпэўнена пазіраючы на Мішу. Ягоны бацька калісьці даўно таксама працаваў на Заводзе. Але Міша нешта пісаў у тэлефоне, і, здавалася, увогуле не слухаў Ганса. — Ён пайшоў у Пушчу.
— Чаму ты не пайшоў за ім?
Ганс відавочна сумеўся. Ён узяў у мяне напалову выкураны касяк і паволі зацягнуўся. Не, ён не баяўся Пчаляра. Ды і сам-насам з ім быць не хацеў.
— Ён бы мяне заўважыў, — паціснуў плячыма Ганс. — Затое я зазірнуў у ягоны заплечнік.
— Ну і?
Ганс зноў зацягнуўся. Раптам ён пачырванеў і зайшоўся моцным кашлем. Хуценька працягнуў руку па адкаркаваную бутэльку. Зрабіў доўгі глыток, шампанскае ажно пацякло ў яго па барадзе на майку.
— Там было пуста, — урэшце неахвотна прахрыпеў ён, удаючы, што не бачыць майго раздражнёнага позірку. — Але стары дакладна ішоў па нешта.
Ён выцер рот далонню, а пасля аддаў мне цыгарэту і зноў прыціснуўся да шчыліны ў плоце.
Ганс лічыў, што ў нашым горадзе нешта ўтоена. А стары Макоўскі ведае што.
Два тыдні назад, на пачатку красавіка, мы бачылі Пчаляра з вяршыні пагорка. З заплечнікам і бруднай рыдлёўкай ён ішоў па дарозе з боку Пушчы. Пчаляр нас не заўважыў. Нейкі час ён азіраўся, нібыта баяўся, што нехта ідзе за ім. І сапраўды, трохі пазней нам здалося, што на павароце, каля Марыі Станаваеннай, мільганула нейкая постаць у цёмным плашчы, але ілюзія тут жа рассеялася ў ламаных ценях ад фігуры, асветленай слабым святлом ліхтара. Усё ж стары быў дзіваком, бурклівым вар'ятам. Абкураныя моцнай травой, мы не асабліва зацікаўлена пазіралі, як Макоўскі паварочвае ў бок дач і знікае ў змроку.
Мне здавалася, што я ведала, чаму Ганс схапіўся за гэтую гісторыю пра Пчаляра. Дзякуючы гэтаму ён мог рабіць выгляд, што не памятае пра тое, што здарылася пазней.
А раз чагосьці не памятаеш, то як бы нічога і не было.
* * *
Пчаляр быў немаладым мужчынам нявызначанага веку. Калі б мне трэба было адгадаць, то тады, у 2005 годзе, я б сказала, што яму каля сямідзесяці пяці гадоў, прынамсі, выглядаў ён на гэты ўзрост. Хутчэй сярэдняга росту, каржакаваты, у маладосці, відаць, быў плячысты і ладны; цяпер ад гэтага засталася толькі старэчая паўната. Ён насіў акуляры ў характэрнай аправе з выгнутым паўколам двайным «мостам», які нагадваў бліскучыя лёзы. Пад сіняватымі губамі тырчала парадзелая барада, у якой часам заставаліся рэшткі ежы. На брудных валасах сядзела пляскатая кепка. Валасы, задоўгія і заўжды няроўна пастрыжаныя, былі непрыемнага колеру матавай сівізны: тлустыя, яны збіваліся ў нейкія струкі, прыліпалі да лба, і праз гэта Макоўскі выглядаў нейкім вечна потным. Ён разносіў вакол сябе асаблівы непрыемны пах — паводле Ганса, «смярдзеў старым дзедам». З яго ўладанняў разлятаўся кіслы смурод нямытага цела, затхласці і чагосьці, што нагадвае сырую зямлю. Аднойчы, калі ён як звычайна прынёс мёд на продаж Васёвай, прадавачка хацела далікатна падарыць яму дэзадарант, але ён непрыязна адмовіў, сказаўшы, што «ўсякія такія пахі раздражняюць пчол», і можа ўласна ў гэтым і была ўся разгадка.
Звычайна Макоўскі хадзіў у шэрым зашмальцаваным махровым халаце, які быў яму замест плашча — ён накідаў яго на фланелевую кашулю, часам — на дзіравы швэдар. З-пад халата тырчаў ладны жывот — такі вялікі, што кашуля ледзьве зашпілялася, а паміж гузікамі часам паказвалася бледная скура колеру тварагу, пакрытая чорнымі кучаравымі валасамі. Ён заўжды насіў адно і тое ж бруднае адзенне і толькі ўзімку апранаў паверх усяго гэтага кароткі, па пояс, пухавік, з-пад якога, нібы сукенка, тырчаў халат. Аднак найдзіўнейшым быў ягоны абутак. Макоўскі насіў пацёртыя шэрыя шкарпэткі і шлапакі — звычайныя лямцавыя тэпці, у якіх хадзіў круглы год. Відаць, у яго моцна ацякалі ногі, і ён мог насіць толькі такі абутак, прынамсі, гэтак ён скардзіўся Васёвай. Калі ішоў дождж, дзед надзяваў на тэпці пакеты, якія дбайна завязваў на костках.
Пчаляр рэдка пакідаў свой участак, а калі ўжо рабіў гэта, то заўсёды хадзіў вельмі хутка, амаль што бег нягеглым трушком так, што пояс халата развяваўся за ім, як каровін хвост, а тэпці ляпалі па пятках; як на свой век, ён быў у досыць нядрэннай форме. Падчас гэтых выпраў ён абапіраўся на кій (ніколі не выпускаў яго з рук), які на кожным кроку з імпэтам убіваў у тратуар, і здавалася, што Макоўскі зараз выкрасіць з нашай цукроўскай зямлі сапраўдныя іскры.
* * *
Мы ўжо доўга сядзелі на вільгатнаватай траве. Было яшчэ халодна, ад зямлі цягнула. У мяне пачыналі дубець ногі, але цяпло ад савецкага шампанскага паволі разлівалася па маім целе. Быў надвячорак, але сонца грэла моцна, прадзіраючыся праз пашарпаны і занядбаны жываплот, пакрыты свежымі пупышкамі. Паміж намі заблукала нейкая пчала, сонная і павольная, прывабленая салодкім водарам віна. Яна цяжка кружляла ля нашых твараў, як агеньчык запальнічкі, якую мы раз-пораз падносілі да губ, запальваючы Мішавы касякі і ўласныя цыгарэты. Чым даўжэй мы сядзелі моўчкі (Ганс сыкаў на нас, ледзь толькі мы спрабавалі загаварыць), тым гучнейшым рабіўся шум, што далятаў ад дзясятка з гакам вуллёў, бязладна раскіданых на суседнім участку. Дзіва. Я была тут шмат разоў, але ніколі не звяртала на гэта ўвагі. Гук нарастаў, напачатку ён нагадваў ціхае булькатанне, ледзь чутны шоргат, але цяпер запаўняў маю галаву, я адчувала, як разам з дымам, які ўцягваю ў лёгкія, усё маё цела распальваецца на момант гэтым трывожна-знаёмым гулам, вялікім роем, і раптам я засмяялася, бо згадала — абсалютна бессэнсоўна, — што мы не павінны сядзець на траве, бо яшчэ не было першай вясновай навальніцы. Бацька заўжды паўтараў, што сядаць можна, толькі калі маланка выцягне з зямлі ўсё зло, якое назбіралася ў ёй за зіму.
Яшчэ больш сонная, я заўважыла заблукалую пчалу, якая выйшла на праменад па Мішавым брудным вялікім пальцы. Жамярына ўзлезла на бутэльку, а цяпер караскалася па цёмна-зялёным рыльцы, ажно ўрэшце захісталася на яго краі і ўпала ўнутр. Уражаная, я бачыла, як пчала занураецца ў рэшткі салодкай вадкасці і тоне, павольна, нязграбна, сонна караскаецца, нібы яе зусім не хвалюе, што яна вось-вось страціць жыццё. Я глядзела на яе і не магла адвесці вачэй: гэтая пчала, паланёная ў савецкім шампанскім, як у кавалачку бурштыну, нешта мне нагадвала, абуджала ўва мне смутнае прадчуванне, упартую перакананасць, што я павінна пра нешта памятаць…
Відаць, я заснула, бо мяне абудзіла гучная лаянка. Міша заўважыў утопленую пчалу. Стомлены, ён рэзка трос бутэльку, нібы гэта магло дапамагчы яму ці насякомаму.
— Ціха!.. — раптам пачуўся нервовы шэпт Ганса. Міша застыў з паднятай уверх рукой. — ІДЗЕ!
Праз шчыліны ў плоце мы заўважылі Пчаляра, які паволі адкручваў клубок дроту, што служыў замком абадранай брамкі. Я трывожна пазірала на яго. Хоць мінулі гады, я не забыла, што ён зрабіў Зойцы. Стары Макоўскі зайшоў на двор, але замест таго каб, як звычайна, скіравацца проста ў дом, ён з цяжкасцю скінуў на траву заплечнік і, сціскаючы ў руцэ рыдлёўку, паспяшаўся да дрэва, якое расло ў куце загрувашчанага агароду. Паміж ног у яго боўталася крыссе бруднага халата.
— Што ён робіць? — уражаны Міша ўглядаўся ў Макоўскага.
— Здаецца… лічыць крокі, — няўпэўнена адказала я.
Мужчына стаў спінай да дрэва і, буркочучы нешта сабе пад нос, уважліва адлічыў больш за дзясятак крокаў. Ён павярнуў улева, прайшоў яшчэ некалькі метраў і спыніўся. Пачаў капаць, павярнуўшыся да нас спінай. Ішло ў яго гэта нялёгка, ён штохвілю адпачываў, здымаў брудную кепку і праводзіў рукой па спатнелых сівых валасах. Нягледзячы на самавітую паставу, ён быў у такім узросце, што фізічныя высілкі дакладна даваліся яму нялёгка. Мы чулі яго цяжкае сапенне ажно па другі бок плота.
Гэта працягвалася некалькі хвілін. Раптам Пчаляр адкінуў рыдлёўку ўбок, стаў на калені і рассунуў зямлю рукамі. Праз імгненне ён нешта схапіў, заціснуў у далоні і засунуў у кішэню. Пчаляр насілу ўстаў з кален, абтрос запэцканыя нагавіцы, падняў кінуты заплечнік і рушыў у бок свайго гаротнага лецішча, пераробленага ў круглагадовы дом. Дзверы за ім са скрыпам зачыніліся.
— Бачылі?! — павярнуўся да нас усхваляваны Ганс.
Але не паспелі мы адказаць, як Пчаляр з'явіўся зноў: цяпер ён трымаў у руках вялізны слоік хатняга мёду. Ён сеў на ганку, тоўстымі пальцамі ўзяўся за накрыўку і ледзь адкруціў. Пасля ўважліва разгледзеўся, нібы хацеў упэўніцца, што побач нікога няма. Нас, што прыселі па другі бок плота, ён не прыкмеціў. Пчаляр залез у кішэню. Мы затрымалі дыханне.
У Макоўскага ў руцэ быў вялікі ключ з разной галоўкай.
Крысом бруднага халата ён ачысціў яго ад рэшткаў зямлі і пачаў уважліва разглядаць на святле: падсоўваў бліжэй да вачэй, пасля аддаляў, выцягнуўшы руку. Мне здавалася, што праз дзірку ў галоўцы ключа ён глядзіць проста на сонца, даследуе водбліскі, што адбіваюцца ў залацістым метале. Раптам ён быццам пра нешта згадаў.
Спехам узяў адкрыты слоік мёду і адным махам закінуў ключ усярэдзіну.
Мы ўражана назіралі. Ключ апускаўся павольна, з цяжкасцю прабіваючыся праз густую, амаль застылую вадкасць. Гэта выглядала так, нібы мёд пажыраў метал, ключ патанаў, распускаўся, расплываўся… і яго ўвогуле не стала. Макоўскі патрос слоік. На кароткае імгненне мне здалося, што мёд злавіў водбліск ад сутоннага сонца і бліснуў, а Пчаляр трымаў у руках не шкло, а кавалак люстэрка. Я праміргалася. Святло згасла. Стары хутка закруціў накрыўку. Не выпускаючы слоіка, ён зайшоў у дом і зачыніў за сабой дзверы.
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку