Габрыель Гарсія Маркес
Восень патрыярха
«Восень патрыярха» — раман пра ўніверсальныя паняцці ўла­ды і адзіноты. «Паэтычная проза» нобелеўскага лаўрэата Габ­рыеля Гарсія Маркеса прадстаўляе даўжэзнае жыццё самотнага кіраўніка каралеўства смутку і тугі, які пад ціскам сваёй неабмежаванай улады становіцца яе вязнем.

Ад міласэрнасці да падману, ад добразычлівасці да гвалту, ад страху перад Богам да надзвычайнай жорсткасці… Патрыярх, ён жа генерал сусвету, увасабляе найлепшае і найгоршае ў чалавечай прыродзе.

Пераклад з іспанскай мовы Сяргея Шупы


Папярэдні заказ тут
1.
Пад канец тыдня грыфы-падлаеды ўварваліся праз балконы ў прэзідэнцкі палац, разадралі дзюбамі драцяную сетку на вокнах і разварушылі крыламі затхлае павет­ра замерлага ў ім часу, і раніцай у панядзелак горад прачнуўся ад векавога забыцця, абуджаны цеплаватым і пяшчотным павевам ад вялікага мерцвяка і прагнілай велічы. Толькі тады мы наважыліся ўвайсці, не бурачы паточаных шашалем часу муроў з умацаванага каменю, як заклікалі самыя рашучыя, і не выварочваючы з дапамогай валовых запрэжак галоўнай брамы, як прапанавалі іншыя, бо дастаткова было лёгка штурхнуць, каб абабітыя бранёю дзверы, якія ў гераічныя часы гэтага дому ўстоялі пад бамбардамі Уільяма Дамп'ера, адразу зляцелі з сваіх завес. Мы нібыта апынуліся ў атмасферы іншай эпохі, бо паветра ў разбураных нетрах разлеглай сядзібы ўлады было больш рэдкае, і цішыня больш старасвецкая, і рэчы цьмяна праступалі ў кволым святле. Ва ўсю даўжыню першага дворыка, чый выкладзены пліткаю дол не вытрымаў напору пустазелля, мы ўбачылі сляды бязладнага адступлення аховы, што кінулася наўцёкі, пакінутую ў шафах зброю, доўгі, збіты з грубых дошак стол, зава­лены талеркамі з рэшткамі нядзельнага абеду, пе­ра­пыненага панікай, убачылі патанулую ў паўзмроку будыніну, у якой размяшчаліся публічныя ўстановы, убачылі рознакаляровыя грыбы і бледныя лілеі, што па­вы­расталі сярод стосаў актавых кніг з нявырашанымі справамі, чый звычайны разгляд вёўся павальней за самае нуднае жыццё, убачылі пасярод дворыка купель, у якой прынялі хрост з вайсковымі рытуаламі больш за пяць пакаленняў, убачылі ў глыбіні старадаўнюю віцэ-каралеў­скую стайню, ператвораную ў вазоўню, і ўбачылі сярод камелій і матылёў брычку часоў вялікага шуму, чумны фургон, карэту году каметы, катафалк з часоў прагрэсу ў рамках парадку, сонны лімузін першага стагоддзя міру, усе ў доб­рым стане пад пыльным павуціннем і ўсе расфарбаваныя ў колеры сцяга. У наступным дворыку, за жалезнаю агароджай, раслі кусты ружаў, прыцярушаныя месяцовым пылам, у чыёй засені ў часы найвышэйшай палацавай славы спалі пракажэннікі, пакінутыя без да­гляду ружы разрасліся настолькі, што не заставалася ўжо ніводнае шчылінкі, якую не запаўняў бы іх водар, змяшаны з міязмамі затхласці, што даляталі з глыбінь саду, са смуродам птушніка, з выпарэннямі гною і кіслым пахам каровінай і салдацкай мачы, якімі тхнула з ператворанай у кароўнік базілікі каланіяльных часоў. Прабіўшыся праз задушлівае кустоўе, мы ўбачылі чараду аркад, якую аздаблялі гаршкі з гваздзікамі і альтанкі з астрамеліямі і бугенвіліямі, паміж імі мясціліся баракі наложніц, і паводле разнастайнасці смецця і колькасці швейных машынак нам падалося, што ў іх маглі жыць больш за тысячу жанчын, кожная са сваім вывадкам неданоскаў, мы ўбачылі разгром, як па вайне, у кухнях, сапрэлую ад сонца бялізну ў ночвах, разяўленую дзіру прыбіральні агульнай для наложніц і салдат, і ўбачылі ў глыбіні за гэтым усім вавілонскія вербы, прывезеныя жывымі аж з Малой Азіі ў гіганц­кіх марскіх парніках са сваёй глебай, сокамі і імжою, і за вербамі мы ўбачылі сам палац, велізарны і смутны, праз чые праламаныя жалюзі ўсярэдзіну ўвесь час урываліся грыфы. Нам не спатрэбілася ў яго ўломвац­ца, як нам думалася раней, бо парадныя дзверы, нібы падпарадкоўваючыся нашым галасам, адчыніліся самі, і мы падняліся на галоўны паверх па каменных сходах, чые тэат­ральныя дываны былі пратаптаныя каровінымі капытамі, і, ідучы ад першага вестыбюля аж да прыватных спальняў, бачылі зруйнаваныя кабінеты і залы для цырымоній, па якіх без боязі хадзілі каровы, жуючы аксамітныя парцьеры і паскубваючы атлас з фатэляў, мы ўбачылі гераічныя абразы святых і партрэты вайскаводаў, раскіданыя па падлозе сярод разламанай мэблі і свежых куч каровінага гною, убачылі аб'едзены каровамі сталовы пакой, апаганеную каровіным рыкам музычную залу, знішчаныя каровамі столікі для даміно і абскубаныя каровамі лугі більярдных сталоў, закінутую ў куце машыну вятроў, тую, што імітавала любую з'яву надвор'я ўсіх чатырох квадрантаў ружы вятроў, каб насельнікам дома лягчэй было перажыць тугу па зніклым моры, убачылі клеткі з птушкамі, развешаныя паўсюль і ўсё яшчэ накрытыя хусткамі для сну з нейкай ночы мінулага тыдня, і ўбачылі праз шматлікія вокны вялізную жывёлу горада, якая ўсё яшчэ нявінна спала ў гэты гістарычны панядзелак, які толькі пачынаў ажываць, а за горадам, да самага далягляду, мы ўбачылі мёртвыя кратары шурпатага месяцовага попелу на бясконцай раўніне, дзе некалі было мора. У гэтай забароненай прасторы, якую ўдастойваліся спазнаць нешматлікія ўпрывілеяваныя асобы, мы ўпершыню ўчулі пах грыфінай плоці, адчулі адвечную астму гэтых падлаедаў, іх інстынкт прадчування, і, кіруючыся за гні­лым паветрам, якое яны навявалі сваімі крыламі, у зале для аўдыенцый мы знайшлі абседжаныя чарвякамі пустыя шкарлупіны, што засталіся ад кароў, заднія ногі жывёл жаночага полу, чый адбітак шматкроць паўтараўся ў вялізных люстэрках, і тады мы штурхнулі схаваныя ў сцяне бакавыя дзверы, якія вялі ў таемны кабінет, і ўбачылі там яго, ва ўніформе з грубага палатна, без знакаў адрознення, у крагах, з залатой шпорай на левай пятцы, старэйшы за ўсіх старых людзей і жывёл на зямлі і ў ва­дзе, ён ляжаў расцягнуўшыся ніцма на падлозе, падклаўшы пад галаву замест падушкі сагнутую ў локці правую руку, як спаў ноч за ноччу ўсе ночы свайго даў­жэзнага жыцця самотнага дэспата. Толькі перакуліў­шы яго, каб убачыць твар, мы зразумелі, што апазнаць яго немагчыма, хоць ён і не быў знявечаны грыфамі, бо ніхто з нас ніколі яго не бачыў, і хоць ягоны профіль быў на абодвух баках усіх манет, на паштовых марках, на этыкетках кроваачышчальных сродкаў, на грыжавых бандажах і скапулярыях, хоць яго літаграфічны партрэт у рамцы са сцягам на грудзях і з гербавым драконам можна было пабачыць у любы час і ў любым месцы, мы ведалі, што гэта былі копіі партрэтаў, якія не былі вартыя веры ўжо ў часы каметы, калі нашы бацькі ведалі, хто ён, бо чулі пра яго ад сваіх бацькоў, а тыя ад сваіх, і з дзяцінства мы прызвычаіліся верыць, што ён жывы і жыве ў сядзібе ўлады, бо нехта бачыў, як адным святочным вечарам запальваюцца шары-свяцільні, нехта расказваў, што бачыў сумныя вочы, бледныя вусны, задуменную руку, якая развітальна махала пустой вуліцы з-за цырыманіяльных аздоб прэзідэнцкага лімузіна, бо аднойчы ў нядзелю шмат гадоў таму схапілі на вуліцы і прывялі ў палац сляпога бадзягу, які за пяць сентава чытаў вершы забытага паэта Рубена Дарыё, і выпусцілі шчаслівым з сапраўднай залатой унцыяй у кішэні, якою яму заплацілі за зла­джаны выключна для яго выступ, хоць самога яго чытальнік, вядома, не бачыў, і не таму, што быў сляпы, а таму што ніводзін смертны не бачыў яго ад часоў жоўтай ліхаманкі, і ўсё ж мы ведалі, што ён ёсць, бо свет існаваў далей, жыццё нязменна цякло, пошта даходзіла, гарадскі аркестр граў суботнімі вечарамі праставатыя вальсы пад пыльнымі пальмамі і панурымі ліхтарамі на Параднай плошчы, і на замену памерлым у аркестр прыходзілі но­выя музыканты, таксама ўжо сталага веку. Апошнімі гадамі, калі знутры ўжо больш не чуліся чалавечыя гукі і птушыныя спевы і зачыніліся назаўсёды абабітыя бра­нёю дзверы, мы ведалі, што ў палацы нехта ёсць, бо начамі з вокнаў з боку мора свяцілі агні, падобныя да навігацыйных, а тыя, хто наважыўся падысці бліжэй, чулі з-за ўмацаваных муроў буйствы капытоў і ўздыхі вялізнай жывёліны, а адным студзеньскім вечарам мы ўбачылі карову, якая сузірала сутонне з прэзідэнцкага балкона, уяві­це сабе, карова на галоўным балконе Айчыны, што за недарэчнасць, што за сраная краіна, выказвалася столькі здагадак, як сталася магчымым, каб карова забралася аж на балкон, бо ўсе ж ведалі, што каровы не ўзлазяць па сходах, тым больш па каменных, а яшчэ тым больш па засланых дыванамі, так што ўрэшце мы ўжо й не ведалі, ці бачылі яе сапраўды або здарылася так, што аднойчы мы праходзілі ўвечары па Параднай плошчы і наяве прыснілі, што бачым карову на прэзідэнцкім балконе, дзе ніхто нічога раней не бачыў і не ўбачыць яшчэ шмат гадоў аж да світання ў апошнюю пятніцу, калі пачалі з'яўляцца першыя грыфы, якія ўзняліся з месца, дзе звычайна драмалі, з карнізаў шпіталя для бедных, а яшчэ больш іх прыляцела з глыбіні краіны, яны наплывалі хваля за хваляй ад гарызонту з мора пылу, дзе некалі было мора, яны цэлы дзень павольна кружлялі над сядзібаю ўлады, аж пакуль нейкі іхні кароль з белым, як нявесцін убор, пер'ем і ружовай шыяй не даў маўклівы загад, і пачаўся той бразгат аконных шыб, той смурод вялікага мерцвяка, тое сноўданне грыфаў сюды і туды праз вокны, якое можна сабе ўявіць толькі ў доме без гаспадара, так што ўрэшце і мы наважыліся ўвайсці і сустрэлі ў пакінутай святыні руіны велічы, здзяўбанае цела, гладкія дзявочыя рукі з сыгнетам улады на костцы ад безыменнага пальца, усё ягонае цела абрасло дробным лішайнікам і жывёлінкамі-паразітамі з марскога дна, перадусім пад пахамі і ў пах­­віне, палатняны бандаж падтрымліваў вялізную кілу, адзінае, на што не паквапіліся грыфы, хоць яна была велічынёю з бычыную нырку, але нават тады мы не наважыліся паверыць у ягоную смерць, бо гэта быў ужо другі раз, калі яго знайшлі ў гэтым кабінеце самотнага і апранутага, памерлага відавочна натуральнай смерцю падчас сну, як і абвясцілі за шмат гадоў да таго прарочыя воды ў балеях варажбітак. Калі яго знайшлі першы раз, на пачатку ягонай восені, народ быў усё яшчэ дастаткова жывы, каб ён адчуваў пагрозу смерці нават у самоце сваёй спальні, і тым не менш ён кіраваў так, нібыта ведаў, што яму наканавана жыць вечна, бо тады прэзідэнц­кі палац быў падобны хутчэй да рынку, дзе было не прабіцца праз гурму босых ардынарцаў, што раскладваюць у калідорах гародніну з нагружаных аслоў і скрынкі з ку­рамі, дзе трэба было пераступаць праз кабецін з галоднымі хроснікамі, што, скруціўшыся абаранкам, спалі на сходах, чакаючы цуду афіцыйнай міласэрнасці, дзе трэба было ўхіляцца ад патокаў бруднай вады, што лілі крык­лівыя наложніцы, якія мянялі начныя кветкі ў вазах на новыя, мылі падлогі і спявалі песні пра нязбытнае каханне пад рытм сухіх дубцоў, якімі яны выбівалі дываны на балконах, і ўсё гэта пад раз'юшаныя крыкі пажыццёвых службоўцаў, якія, высоўваючы шуфляды ў сваіх сталах, знаходзілі там курэй, што выседжвалі яйкі, пад няспыннае сноўданне курваў і салдат у прыбіральню, пад птушыны гоман, пад бойкі вулічных сабак падчас аўдыенцый, бо ніхто не ведаў, хто ёсць хто або ад каго ці адкуль у тым палацы адчыненых дзвярэй, у надзвычайным бязладдзі якога было немагчыма зразумець, дзе шукаць уладу. Гаспадар дому не толькі ўдзельнічаў у гэтым кірмашовым бедстве, але і сам усяляк яму спрыяў і кіраваў ім, бо як толькі загаралася святло ў ягонай спальні, яшчэ да таго, як запяюць пеўні, трубач прэзідэнцкай гвардыі ўжо трубіў сігнал пабудкі новага дня размешчанай паблізу Графскай казарме, якая перадавала сігнал базе Сан-Хероніма, а тая — партовай крэпасці, і ўжо адтуль сігнал пасылаўся шасці наступным трубачам, якія будзілі спачатку горад, а пасля і ўсю краіну, а ён тым часам медытаваў у пераносным клазеце, спрабуючы прыглушыць рукамі шум увушшу, які тады ўжо пачынаў яму дакучаць, і назіраючы за агнямі караблёў, што рухаліся ў пералівістым тапазавым моры, якое ў тую эпоху славы ўсё яшчэ разлівалася за ягоным акном. Кожны дзень ад моманту, калі ён зрабіўся ўладаром гэтага палаца, ён прыходзіў пасачыць за працэсам даення ў кароўніках, каб адмераць сваёй рукою колькасць малака, якую тры прэзідэнцкія павозкі меліся завезці ў гарадскія казармы, выпіваў на кухні кубачак чорнай кавы з маніёкавым праснаком, яшчэ толкам не ведаючы, куды занясуць яго вятры новага дня, заўсёды ўважліва прыслухоўваючыся да балбатні слуг, бо з усіх насельнікаў палаца яны былі адзінымі, з кім ён гаварыў на адной мове, чые шчырыя кампліменты паважаў, чые сэрцы лёгка прачытваў, і за пару хвілін да дзявятай гадзіны ён няспешна прымаў ванну з адварам гаючага лісця ў гранітнай купелі, пастаўленай у засені міндальных дрэваў яго прыватнага дворыка, і толькі пасля адзінаццатай яму ўдавалася адолець трывогу світання і прыняць рызыкоўныя выклікі рэальнага свету. Раней, у часе акупацыі краю марской пяхотай, ён замы­каўся ў кабінеце разам з начальнікам дэсантных войскаў і вырашаў лёс айчыны, падпісваючы самыя розныя законы і мандаты адбіткам вялікага пальца, бо тады яшчэ не ўмеў ні чытаць, ні пісаць, але калі яго зноў пакінулі сам-насам з айчынай і ўладай, ён ужо больш не псаваў сабе кроў кашмарам пісаных законаў, а кіраваў жывым голасам і прысутным целам паўсюль і заўсёды з тупой абач­лівасцю і пры гэтым з надзвычайнай для свайго ўзросту руплівасцю, абложаны натоўпамі пракажэннікаў, сляпых і паралітыкаў, якія малілі, каб ён даў ім сваёй цудадзейнай рукою гаючую соль, дайманы дыпламаванымі палі­тыкамі і нахабнымі лісліўцамі, якія абвяшчалі яго папраўнікам землятрусаў, зацьменняў, высакосных гадоў і іншых памылак Бога, а ён, як слон па снезе, цягаў па ўсім палацы свае вялізныя ногі, адначасна вырашаючы дзяржаўныя праблемы і хатнія справы з той самай прастатою, з якой загадваў прыбярыце мне гэтыя дзверы тут і ўстаўце іх там, і прыбіралі, устаўце назад, і ўстаўлялі, каб гадзіннік на вежы біў дванаццаць не а дванаццатай, але а другой гадзіне, каб жыццё выглядала даўжэйшым, усё гэта выконвалася без ніякага вагання, без найменшай паўзы, і толькі ў мёртвую часіну сіесты ён знаходзіў прытулак у паўзмроку наложніц, выбіраў нейкую з іх для нападу, не раздзяваючы яе і не раздзяваючыся сам, не зачыняючы дзвярэй, і тады па ўсім палацы чуўся бяздушны сопат нецярплівага мужа, прагны бразгат залатой шпоры, яго сабачае павіскванне, жах жанчыны, якая марнавала сваю часіну кахання, спрабуючы пазбавіцца ад млявых позіркаў сваіх неданоскаў, яе крыкі прэч адсюль, бяжыце гуляць на двор, гэта не для дзіцячых вачэй, і было так, нібы анёл пралятаў праз неба айчыны, сціхалі галасы, спынялася жыццё, увесь свет заміраў, прыклаўшы палец да вуснаў, не дыхаючы, ціха, генерал трахаецца, але тыя, хто яго ведаў лепей, не давяралі пярэдыху гэтай святой хвіліны, бо заўсёды здавалася, што ён мае звычку раздвойвацца, часам бачылі, як ён гуляе ў даміно а сёмай вечара, і ў тым самым часе ён распальваў у зале для аўдыенцый каровіны лепяхі, каб адагнаць камароў, ніхто таксама не жывіўся ілюзіямі, пакуль не згасала святло ў апошніх вокнах і не чуўся ляскат трох засавак, скрыгат трох замкоў, грукат трох запораў прэзідэнцкай спальні, і чуўся ўдар цела, што абрынулася ад стомы на каменную падлогу, дыханне састарэлага дзіцяці, якое рабілася ўсё больш глыбокім па меры таго, як узнімаўся прыліў, тады начныя арфы ветру сцішалі цыкад у яго­ных вушах, і разлеглы пенны прыбой заліваў вуліцы старажытнага горада віцэ-каралёў і буканераў, і ўрываўся ў палац праз усе вокны, як жахлівая жнівеньская субота, і абляпляў люстэркі марскімі рачкамі, і аддаваў залу для аўдыенцый на волю шаленства акул, і перасягаў найвышэйшыя ўзроўні дагістарычных акіянаў, і перапаўняў аблічча зямлі, і прастору, і час, і толькі ён адзін плыў ніцма ў месяцовай вадзе сваіх сноў самотнага тапельца, у простай салдацкай уніформе з грубага палатна, у крагах, з залатой шпорай, падклаўшы пад галаву замест падушкі сагнутую ў локці правую руку. Гэтая адначасная прысутнасць ва ўсіх месцах у тых камяністых гадах, што папярэднічалі яго першай смерці, тое ўзыходжанне падчас спускання, той экс­таз асалоды ў моры падчас агоніі ў пакутах кахання тлумачыліся не нейкай надзвычайнай перавагай яго натуры, як абвяшчалі лісліўцы, і не масавай галюцынацыяй, як цвердзілі яго крытыкі, проста на сваё шчасце ён меў магчымасць карыстацца беска­рыслівымі паслугамі і сабачай вернасцю Патрысіё Араганеса, яго абсалютнага двайніка, якога знайшлі, хоць ніхто яго й не шукаў, калі прыйшлі да яго з навіной мой генерал, што нехта ў фальшывай прэзідэнцкай карэце раз'язджае па індзейскіх сялібах і паспяхова нажываецца на самазванстве, што бачылі маўклівыя вочы ў жалобным паўзмроку, што бачылі бледныя вусны, руку чуллівай нявесты ў атласнай паль­чат­цы, якая рассыпала жмені солі хворым, што кленчылі на вуліцы, а за карэтай ехалі конна два фальшывыя службоўцы і бралі плату цвёрдай манетай за ласку аздараўлення, уявіце мой генерал, якое блюзнерства, але ён не аддаў супраць сама­званца ніякіх загадаў, а папрасіў, каб яго цішком прывезлі ў прэзідэнцкі палац з джутавым мяшком на галаве, каб іх не зблыталі, і тады ён перажыў прыніжэнне, убачыўшы сябе самога да гэткай ступені аднолькавым, халера, гэты чалавек гэта ж я, казаў ён, бо насамрэч нібыта так яно і было, калі не лічыць уладнага голасу, які таму ніколі не ўдавалася імітаваць, і выразнасці ліній на руцэ, дзе дуга жыцця без перашкод агінала аснову вялікага пальца, і калі ён не загадаў яго расстраляць на месцы, дык не таму, што меў намер захаваць сабе афіцыйнага двайніка, бо гэтая думка прыйшла да яго пазней, а таму што яго непакоіла ілюзія, што знакі яго ўласнага лёсу былі запісаныя на руцэ самазванца. Калі ён пераканаўся ў марнасці гэткіх фантазій, Патрысіё Араганес ужо паспеў спакойна перажыць шэсць замахаў на жыццё, набыў звычку шоргаць нагамі, адмыслова рас­пляшчанымі ўдарамі драўлянай кувалды, у яго шумела ўвушшу, кіла спявала зімовымі досвіткамі, ён навучыўся адшпільваць і зашпільваць залатую шпору, нібыта таму што заблыталіся яе рамень­чыкі, а насамрэч каб выйграць час на аўдыенцыях мармычучы халера на гэтыя спражкі, што вырабляюць гэтыя заморскія кавалі, нікуды не вар­тыя, з жартаўніка і гаваруна, якім ён быў, калі вы­дзімаў бутэлькі ў бацькавай гуце, ён зрабіўся задумлівым і змрочным і не звяртаў увагі на тое, што яму казалі, але ўглядаўся ў паўзмрок вачэй, каб здагадацца пра тое, чаго яму не казалі, і ніколі не адказваў на пытанне, перш не спытаўшы, у сваю чаргу, а што думаеце вы, і з гулякі і лай­дака, якім ён быў, калі прадаваў цуды, ён зрабіўся руп­лівым аж да болю і заўзятым хадуном, зрабіўся сквапным і скупым, і змірыўся з тым, што мусіць кахаць з наскоку і спаць на падлозе, апрануты, ніцма і без падушкі, адмовіўся ад колішніх прэтэнзій на ўласную ідэнтыч­насць і ад усякіх спадчынных схільнасцей да шчаснай свавольнасці выдзімання бутэлек, і ішоў насустрач са­мым страшным рызыкам ула­ды, закладаючы першыя камя­ні там, дзе ніколі не будзе пакладзены другі, пераразаючы ўрачыстыя стужкі на варожай тэрыторыі і пера­­жываючы столькі змарнаваных мар і стрыманых уздыхаў ад няспраўджа­ных ілюзій, калі каранаваў, ледзь да іх дакранаючыся, гэтулькі міма­лётных і недасяжных каралеў прыгажосці, бо ўжо ска­рыўся назаўсёды з простым лёсам жыць лёсам іншага чалавека, хоць і рабіў гэта не з карыслівасці або пера­канання, а таму што ён замяніў ягонае жыццё на пажыццёвую пасаду афіцыйнага двайніка з намінальным месячным заробкам пяцьдзясят песа і з выгадай жыць, як кароль, без няшчасця насам­рэч ім быць, чаго яшчэ можна жадаць. Тая пера­блытанасць ідэнтычнасцей дасягнула найвышэйшага пункта, калі адной ветранай ноччу ён сустрэў Патрысіё Араганеса, той уздыхаў на беразе мора сярод духмяных выпарэнняў язміну, і спытаўся ў яго з апраўданай трывогай, ці яму не падклалі атруту, што ён ходзіць як сам не свой і нібы не ў гуморы, і Патрысіё Араганес адказаў яму, што не, мой генерал, тут горшая хярня, што ў суботу ён каранаваў каралеву карнавалу і танцаваў з ёю першы вальс, а цяпер не ведае, як пазбавіцца таго ўспаміну, бо гэта была найпрыгажэйшая жанчына на свеце, з гэткіх, што не для такіх, як ён, мой генерал, калі б вы толькі яе пабачылі, але ён адказаў, уздыхнуўшы з палёгкай, ды халера з ёй, такая хярня здараецца з людзьмі, калі ім не хапае жанчыны, і запрапанаваў яму выкрасці яе, як ён сам рабіў з гэтулькімі недатыкамі, якія пасля рабіліся яго наложніцамі, я табе сілком пакладу яе ў ложак, чатыры салдаты будуць трымаць яе за рукі і за ногі, і ты наясіся вялікай лыжкай, халера, пра­глынеш за раз, нават самыя суровыя спачатку ўпарцяцца са зла, а пасля ўпрошваюць не пакідайце мяне так мой генерал, як самотную яблыньку, пусціўшы ў мяне семя, але Патрысіё Араганес не хацеў столькі, ён хацеў болей, хацеў, каб яго кахалі, бо гэтая з тых, хто ведае, адкуль што як і па чым, мой генерал, убачыце самі калі яе ўбачыце, так што ён паказаў яму ў якасці рэцэпта на аб­лягчэнне начныя сцежкі ў пакоі сваіх наложніц і дазволіў яму ўжываць іх, як бы гэта быў ён сам, наскокам і спехам, не раздзяваючыся, і Патрысіё Араганес добрасумленна паглыбіўся ў гэтую дрыгву пазычаных каханняў, спадзяваючыся, што гэтак яму ўдасца ўтаймаваць свае жаданні, але ён так хваля­ваўся, што часам забываўся пра ўмовы пазыкі, з безуважлівасці расшпільваў прарэх, затрымліваўся на дэталях, спатыкаўся з нядбайнасці на схаваных камянях самых скупых на ласкі жанчын, прымушаў іх уздыхаць і смяяцца ад захаплення ў прыцемках, ах вы бандыт мой генерал, казалі яны яму, робіцеся такім ненасытным пад старасць, і ад таго часу ніхто з іх дваіх і ніводная з жанчын ужо ніколі не ведалі, чыё дзіця было чыім і ад каго, бо дзеці Патрысіё Араганеса, як і ягоныя, нараджаліся неданошанымі. І гэтак Патрысіё Араганес ператварыўся ў найважнейшага чалавека ўлады, якога найбольш любілі і таксама, магчыма, найбольш баяліся, і таму ён меў цяпер больш часу, каб заняцца ўзброенымі сіламі з той самай увагай, што і на пачатку свайго кіравання, і не таму, што ўзброеныя сілы былі апорай ягонай улады, як усім нам здавалася, а зусім наадварот, таму што яны былі яго самым страшным натуральным ворагам, так што ён прымушаў адных афіцэраў верыць, што за імі сочаць другія афіцэры, тасаваў іх лёсы, каб не дапусціць між імі нейкай змовы, пастаўляў у казармы восем халастых патронаў на кожныя дзесяць баявых і пасылаў ім порах, перамешаны з марскім пяском, тым часам сам трымаў пад рукой ладны арсенал на складзе прэзідэнцкага палаца, ключ ад якога насіў у звязцы з іншымі ключамі без дублікатаў, ад іншых дзвярэй, якія ніхто іншы не мог адчыніць, пад аховай ціхага ценю майго сябра на ўсё жыццё генерала Радрыга дэ Агілара, кадравага арты­лерыста, які, акрамя таго, быў яшчэ й міністрам абароны і адначасна камандуючым прэзідэнцкай гвардыі, дырэктарам службы дзяржаўнай бяспекі і адным з вельмі малалікіх смертных, якім дазвалялася выйграць у яго партыю ў даміно, бо некалі ён страціў правую руку, спрабуючы разрадзіць дынамітны зарад за некалькі хвілін да таго, як прэзідэнцкая брычка праехала праз месца замаху. Апека генерала Радрыга дэ Агілара і прысутнасць Патрысіё Араганеса надавалі яму такую ўпэўненасць, што ён пачаў не зважаць на прадказанні адносна самазахавання і ўсё часцей з'яўляўся на людзях, наважыўся гуляць па горадзе сам, у суправаджэнні толькі аднаго ад'ютанта ў каламажцы без ніякіх азнак, і любаваўся праз шторкі велічным катэдральным саборам з залачонага каменю, які ён сваім дэкрэтам абвясціў найпрыгажэйшым у свеце, разглядаў употай камяніцы старасвецкай муроўкі з парталамі з заснулых часоў і сланечнікамі, павернутымі да мора, прапахлыя дагарэлым кнотам брукаваныя вуліцы ў кварталах віцэ-каралёў, бледных дзяўчат, што плялі карункі з непазбежнай сціпласцю паміж гаршкамі з гваздзікамі і гірляндамі бугенвілій у прасветах балконаў, шахматны ўзор кляштара біскаек з тым самым практыкаваннем на клавікордзе а трэцяй гадзіне папаўдні, якім некалі адзначылі першы пралёт каметы, праехаў праз вавілонскі лабірынт гандлёвага квартала, яго забойчую музыку, міма сцяжкоў латарэйных білетаў, вазочкаў з трысняговай га­рэлкай, горак ігуанавых яек, выцвілых на сонцы турэцкіх крамак са старызнай, жахлівага палатна з жанчынай, ператворанай у скарпіёна за непаслушэнства бацькам, міма ўбогага завулка бязмужніх жанчын, якія надвячоркам выходзілі раздзетыя купіць сініх гарбылёў і ружовых карасёў і памацюкацца з гандляркамі, пакуль бялізна сохне на балконах з драўлянай разьбою, да яго данёсся пах гнілых ракавінак, павярнуўшы за рог, ён убачыў штодзённую бель пеліканаў, каляровае бязладдзе ўбогіх мурынскіх хацінак на ўзгорках ля бухты, і раптам вось ён, порт, ах, порт, прыстань з тоўстых порыстых дошак, стары браняносец марской пяхоты, даўжэйшы і змрачнейшы за саму праўду, чорная грузчыца, якая адскочыла занадта позна, каб даць дарогу перапалоханай каламажцы, і адчула дотык смерці, убачыўшы агорнутага сутоннем старога, які глядзеў на порт самым смутным позіркам у свеце, гэта ён, спалохана выгукнула яна, няхай жыве сапраўдны мужчына, закрычала, няхай жыве, крычалі мужчыны, жанчыны, дзеці, якія выбягалі з сталовак і кітайскіх забягалавак, няхай жыве, крычалі тыя, што спутвалі коней і загарадзілі праезд, каб паціснуць руку ўладзе, гэты манеўр быў такі трапны і нечаканы, што ён ледзь паспеў адсунуць убок узброеную руку ад'ютанта, строга яго папракнуўшы, не будзь страхапудам, лейтэнант, дай ім выказаць сваю любоў, ён быў у такім захапленні ад гэтага прыпадку любові і ад іншых падобных у наступныя дні, што генералу Радрыга дэ Агілару каштавала немалых намаганняў прымусіць яго адмовіцца ад ідэі праехаць у адкрытай карэце, каб патрыёты айчыны бачылі мяне ва ўвесь рост, што за хярня, бо ён нават не падазраваў, што тое здарэнне ў порце было выпадковым, але ўсе наступныя былі падрыхтаваныя ягонай службай бяспекі, каб прыносіць яму радасць без ніякай рызыкі, напярэдадні сваёй восені ён так прыахвоціўся да гэтых праяў любові, што пасля доўгіх гадоў наважыўся выехаць з горада, зноў пусціў у ход стары цягнік, размаляваны ў колеры сцяга, які караскаўся, як кот, па карнізах ягонага разлеглага каралеўства смутку, пракладаючы шлях праз зараснікі архідэй і амазонскага бальзаміну, распуджваючы малпаў, райскіх птушак, леапардаў, што заснулі на рэйках, аж да ледзяных і беспрытульных сялібаў яго роднага пусцішча, дзе на станцыях яго сустракалі аркестры з тужлівай музыкай, яму званілі хаўтурныя званы, транспаранты віталі безыменнага дзеяча, што сядзіць праваруч Найсвяцейшай Тройцы, для яго зганялі індзейцаў, пазбіраных на горных сцежках, яны спускаліся, каб спазнаць уладу, схаваную ў панылым паўзмроку прэзідэнцкага вагона, і тыя, каму ўдавалася падысці бліжэй, не бачылі нічога, апроч здзіўленых вачэй за пыльнымі шыбамі, бачылі дрыготкія вусны, далонь нязнатнай рукі, якая вітала з вышынь славы, тым часам як нехта з аховы спрабаваў адвесці яго ад акна, асцярожней, генерал, вы патрэбныя айчыне, але ён адказваў у задуменні, не хвалюйся, палкоўнік, гэтыя людзі мяне любяць, тое самае, што ў цягніку ў пусцішчы, адбывалася і на колавым рачным параплаве, які пакідаў за сабою след з вальсаў, граных на піяноле, сярод саладжавага водару гардэній і саламандраў, згнілых у экватарыяльных прытоках, абплываў касцякі дагістарычных драконаў, выратавальныя астравы, дзе пакідалі сірэн, што збіраліся нарадзіць, трагічныя сутонні вялізных зніклых гарадоў, пакуль не дабіраўся да спякотных заняпалых селішчаў, чые жыхары выходзілі на бераг, каб паглядзець на драўляны параплаў, размаля­ваны ў колеры айчыны, ім ледзь удавалася заўважыць нечую руку ў атласнай пальчатцы, якая вітала іх з акна прэзідэнцкай каюты, але ён бачыў, як купкі людзей на беразе махаюць яму лістамі малангі замест сцяжкоў, бачыў, як некаторыя кідаліся ў ваду з жывым тапірам, гіганцкім, як слановы ступак, клубнем ямсу, скрынкай з горнымі курамі для катла з прэзідэнцкім рагу, і ўсхвалявана ўздыхаў у касцельным паўзмроку каюты, глядзі, капітан, як яны плывуць, як яны мяне любяць. У снежні, калі свет Ка­рыбаў ператвараўся ў шкло, ён паднімаўся ў сваёй каламажцы па скалістых карнізах да самотнага будынка, што ўзвышаўся на самай вяршыні рыфавай скалы, і бавіў там вечары, гуляючы ў даміно з былымі дыктатарамі іншых краін кантынента, зрынутых бацькоў іншых айчын, якім ён шмат гадоў таму даў прытулак і якія цяпер старэлі ў паўзмроку ягонай міласэрнасці, марылі ў крэслах на тэрасах пра прывідны карабель другога шанцу, гаварылі самі з сабой, паміралі жыўцом у гэтым доме адпачынку, які ён пабудаваў для іх на выступе скалы, прымаючы ўсіх так, нібы ўвесь час прымаў таго самага чалавека, бо ўсе яны з'яўляліся на світанні ў параднай уніформе, надзетай навыварат паверх піжамы, з куфрам грошай, нарабаваных з дзяржаўнага скарбу, і з чамаданам, дзе ляжала скрынка з узнагародамі, газетныя выцінкі, уклееныя ў ста­рыя канторскія кнігі, і альбом з фатаграфіямі, які яны паказвалі яму на першай аўдыенцыі, нібы нейкі мандат, кажучы, паглядзіце, генерал, тут я, калі я быў лейтэнантам, тут быў дзень уступлення на пасаду, а тут шаснаццатая гадавіна прыходу да ўлады, а тут, паглядзіце, генерал, але ён даваў ім палітычны прытулак, не нада­ючы ім вялікай увагі і не праглядаючы мандат, бо адзі­ным дакументам, які можа засведчыць асобу зрынутага прэзідэнта, мусіць быць пасведчанне аб смерці, з пагардай казаў ён і з той самай пагардай выслухоўваў наіўную і жалю годную прамову пра тое, што прымаю на кароткі час вашу шляхетную гасціннасць, пакуль народнае правасуддзе не прыцягне да адказнасці ўзурпатара, гэтую нязменную і па-дзіцячаму напышлівую формулу ён пасля чуў ад узурпатара, а пасля ад узурпатара ўзурпатара, быццам гэтыя дурні не ведалі, што ў гэтай чыста мужчынскай справе хто ўпаў, той прапаў, усіх іх ён сяліў на некалькі месяцаў у прэзідэнцкі дом, прымушаў гуляць у даміно, пакуль не абдзярэ іх да апошняга гроша, а тады падвёў мяне за локаць да акна з відам на мора, дапамог мне паскардзіцца на гэтае чортава жыццё, якое вядзе толькі ў адзін бок, суцешыў мяне надзеяй, што я пераеду туды, глянь, вунь туды, у той вялізны дом, падобны да трансатлантычнага лайнера, што сеў на мель на самай вяршыні рыфавай скалы, дзе ў цябе будзе жытло, шмат святла, добрая ежа і шмат часу, каб забыцца разам з іншымі таварышамі ў няшчасці, з марской тэрасай, дзе яму падабалася сядзець снежаньскімі вечарамі, не так дзеля пры­емнасці пагуляць у даміно з гэтай зграяй імпатэнтаў, як каб цешыцца ўбогай радасцю, што ён не адзін з іх, каб глядзецца ў павучальнае люстэрка іх нядолі, тым часам як ён плюхаўся ў вялізным балоце шчасця, марыў на самоце, краўся на дыбачках, як злавесная думка, за ціх­мянымі мулаткамі, што падмяталі палац у паўзмроку світання, вынюхваў іх след па паху агульнай спальні і тан­нага брыльянціну, пільнаваў нагоду сустрэцца з адной з іх, каб пакахацца з ёю, наскочыўшы, як певень, за дзвярмі аднаго з кабінетаў, а яны душыліся ад смеху ў прыцемках, ах вы бандыт мой генерал, такі вялікі хлопчык і ўсё яшчэ такі ненасытны, але яму рабілася сумна пасля такіх любошчаў, і ён пачынаў спяваць, каб суце­шыць сябе, дзе яго ніхто не пачуе, заззяў у небе студзеньскі месяц, спяваў ён, я пад тваім акном нібы на эшафоце, спяваў ён, так упэўнены ў любові свайго народа тымі кастрычніцкімі днямі без дрэнных прадвесцяў, што ён вешаў свой гамак у двары загараднай сядзібы, дзе жыла яго маці Бендысьён Альварада, і бавіў там часы сіесты ў засені тамарындаў, без аховы, і сніў вандроўных рыб, што плавалі ў каляровых водах палацавых спальняў, айчына гэта найлепшая вынаходка, мама, уздыхаў ён, але ніколі не чакаў адказу ад адзінай асобы ў свеце, якая наважвалася папракаць яго за тое, што падпахі ў яго смяр­дзяць гнілой цыбуляй, і вяртаўся ў палац праз парадныя дзверы, захоплены і зачараваны той дзівоснаю парою, якая пры­ходзіць на Карыбы ў студзені, тым пры­мі­рэн­нем са светам з надыходам старасці, тымі пя­шчот­на-ружовымі вечар­амі, калі ён памірыўся з пап­скім нунцыем, і той на­ведваў яго без прызначэння аўды­енцыі і стараўся навярнуць яго да Хрыстовай веры за кубачкам шакаладу з пе­чывам, а ён заяўляў, паміраючы ад смеху, што калі Бог такі круты, як вы кажаце, дык скажыце яму, хай дастане гэтага цвыркуна, што звініць у мяне ў вуху, казаў ён, расшпільваў дзевяць гузікаў прарэха і паказваў яму вялізную кілу, скажыце яму, каб зменшыў мне гэтую пачвару, казаў ён, але нунцый выконваў сваю душпастырскую місію з цярплівым стаіцызмам і спрабаваў пераканаць яго, што любая праўда, хто б яе ні выказваў, паходзіць ад Святога Духа, а ён праводзіў яго да самай брамы, дзе ўжо запальваліся першыя ліхтары, і казаў, паміраючы ад смеху, як яго рэдка калі бачылі, не марнуйце пораху, ойча, казаў ён, нахера вам мяне цягнуць у веру, калі я і так раблю тое, што вы хочаце. Гэтае лагоднае зацішша было раптоўна парушанае на арэне для пеўневых баёў у далёкім селішчы, калі крыважэрны певень адарваў галаву свайму суперніку, раздзяўбаў і зжэр яе перад ашалелай ад крыві публікай і гуртам п'яных музыкаў, якія сустрэлі гэты жахлівы выпадак урачыстай мелодыяй, і ён быў адзіным, хто заўважыў благое прадвесце, адчуў яго так выразна і непазбежна, што патаемна загадаў ахове арыштаваць аднаго з музыкаў, таго, што граў на тубе, і сапраўды ў яго знайшлі абрэз і ён прызнаўся пасля катавання, што збіраўся страляць па ім у штурханіне на выхадзе, ну вядома, было больш чым відавочна, растлумачыў ён, бо я глядзеў на ўсіх і ўсе глядзелі на мяне, і адзіны, хто ні разу не наважыўся паглядзець на мяне, быў гэты боўдзіла з тубай, небарака, і ўсё ж ён ведаў, што не ў гэ­тым была галоўная прычына ягонай трывогі, , бо ён надалей адчуваў яе начамі ў палацы нават пасля таго, як ягоная служба бяспекі даказала яму, што няма падстаў для неспакою мой генерал, што ўсё ў парадку, але ён учапіўся ў Патрысіё Араганеса, нібыта гэта быў ён сам ад таго моманту, як адчуў прадвесце пеўневай арэны, даваў яму есці сваю ежу, даваў яму пчаліны мёд той самай лыжкай, каб памерці прынамсі з уцехай, што яны паміраюць разам, калі ежа была атручаная, яны хадзілі як уцекачы па забытых пакоях, ступаючы па дыванах, каб ніхто не па­знаў іх асцярожныя шырокія крокі сіямскіх сланоў, яны праплывалі разам у мігатлівай яснасці маяка, які свяціў у вокны і кожныя трыццаць секунд напаўняў зялёнай свеценню палацавыя пакоі скрозь дым ад каровіных лепяхоў і змрочныя развітанні начных суднаў у сонным моры, яны бавілі цэлыя вечары, сузіраючы дождж, падлічва­ючы ластавак, як двое пастарэлых каханкаў млявымі вераснёвымі надвячоркамі, настолькі адлучаныя ад свету, што нават ён сам не ўсведаміў, што яго ўпартая барацьба за тое, каб існаваць двойчы, выклікала падазрэнне ў адваротным, што ён існаваў штораз менш, што ён заснуў летаргічным сном, а таму ўдвая ўзмацнілі ахову і ў прэзідэнцкі палац нікога не пускалі і нікога з яго не выпускалі, што напэўна некаму ўдалося прарвацца скрозь гэты жорсткі заслон і пабачыць змоўклых птушак у клетках, кароў, што п'юць з купелі, пракажэннікаў і паралітыкаў, што спяць між ружавых кустоў, і апоўдні ўсе нібыта чакалі світання, бо ён памёр, як некалі прадказалі балеі, сваёй смерцю ў сне, але найвышэйшыя ўлады затрымлівалі навіну, спрабуючы на крывавых таем­ных нарадах давесці да канца свае спозненыя бітвы. І хоць ён не звяртаў увагі на гэтыя чуткі, ён усё ж усведамляў, што нешта вось-вось адбудзецца ў ягоным жыцці, ён перапыняў павольныя партыі ў даміно і пытаўся ў генерала Радрыга дэ Агілара, як там уся гэтая хярня, дружа, усё пад кантролем мой генерал, у краіне ўсё спакойна, ён пільнаваў знакі прадвесця ў пахавальных вогнішчах з куч каровінага гною, якія гарэлі ў калідорах, у калодзежах старажытных водаў і не знаходзіў ніякага адказу на сваю трывогу
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку