Анджэй Сапкоўскі
Вядзьмар. Кроў эльфаў
Сага Анджэя Сапкоўскага — адзін з найлепшых узораў літаратуры ў жанры фэнтэзі. Яе героі даўно сталі культавымі персанажамі сярод чытачоў па ўсім свеце.

Галоўнае пытанне, што стаіць перад героямі трэцяй кнігі пра ведзьмара Геральта з Рывіі, — пытанне выбару. У барацьбе за ўласнае выжыванне і выжыванне свайго свету ў кожнага свая праўда, але што рабіць, калі разумееш, што ўсе праўды і ўсе істоты роўныя? Любы выбар можа аказацца памылкай, самы правільны выбар можа прывесці да жахлівых наступстваў, але найвялікшая памылка — увогуле не зрабіць выбару.

Пераклад з польскай мовы Кацярыны Маціеўскай


Папярэдні заказ тут
Раздзел 1.

Горад гарэў.
Вузкія вулачкі, што вялі да рова, да першага ўступа, вывяргалі дым і жар, языкі агню пажыралі цесна стуленыя дахі сядзіб, лізалі замкавыя муры. З захаду, з боку партовай брамы, далятаў шум — водгулле зацятай бітвы, глухія ўдары тарана, ад якіх тросся мур.
Нападнікі наскочылі на іх знянацку — праламалі барыкаду, якую бараніла купка месцічаў з алебардамі і арбалетчыкаў з гільдыі. Коні ў чорных вальтрапах пера­ляцелі загароду як прывіды, і зіхоткія клінкі пачалі сеяць смерць між абаронцаў барыкады, што марна намагаліся ўцячы.
Цыры адчула, што рыцар, які вёз яе на луцэ сядла, рэзка спыняе каня. Пачула яго крык. Трымайся, крычаў ён. Трымайся!
Іншыя рыцары ў колерах Цынтры апярэдзілі іх і на скаку ўрэзаліся ў нільфгаардцаў. Цыры ўбачыла гэта краем вока, на адзін момант — шалёны вір чорных і блакітна-залатых плашчоў у атачэнні ляскату сталі, грукату мячоў на шчытах, іржання коней…
Крык. Не, не крык. Выццё.
Трымайся!
Страх. Кожны ўдар, кожны штуршок, кожны скок каня балюча разрывае далоні, што ўчапіліся ў рэмень. Сутаргава скурчаныя ногі не знаходзяць апоры, вочы слязяцца ад дыму. Рука, якая абдымае яе, не дае дыхаць, жахліва сціскае горла і рэбры. Вакол разносіцца крык — яна ніколі дагэтуль не чула такога. Што трэба рабіць з чалавекам, каб ён так крычаў?
Страх. Страх, які знерухомлівае, паралізуе, душыць.
І зноў ляскат жалеза, хрыпенне коней. Хаты вакол танцуюць, і ахопленыя агнём вокны раптоўна апынаюцца там, дзе толькі што была брудная вулачка, высланая трупамі і заваленая кінутым майном уцекачоў. Рыцар за спінай Цыры заходзіцца дзіўным хрыплым кашлем. Далоні, што ўчапіліся ў рэмень, залівае кроў. Выццё. Свіст стрэл.
Штуршок, падзенне, балючы ўдар аб даспех. А побач грукочуць капыты, над галавой праносіцца конскае бруха ў патрапанай папрузе, яшчэ адно конскае бруха, над якім развяваецца чорны вальтрап… Крактанне — зусім як у дрывасека, што валіць дрэва. Але гэта не дрэва — гэта жалеза па жалезе. Крык, глухі і здушаны, — і зусім побач з Цыры нешта вялікае і чорнае з плюскатам валіцца ў гразь, пырскаючы крывёй. Нага ў даспеху дрыгаецца, кідаецца, угрызаецца ў зямлю вялізнай шпорай…
Рывок. Нейкая сіла цягне яе наверх, усаджвае на луку сядла. Трымайся! І зноў шалёны разгон, дрогкі галоп. Рукі і но­гі адчайна шукаюць апоры. Конь становіцца дыбка. Тры­майся!.. Ніякай апоры. Ніякай, ніякай… Толькі кроў. Конь падае. Адскочыць немагчыма, немагчыма выслізнуць, вырвацца з кальца рук у кальчужным панцыры. Не­магчыма ўцячы ад крыві, што ляціць на галаву, на шыю…
Штуршок, хлюпанне гразі, моцны ўдар аб зямлю — дзіўна нерухомую пасля шалёнага галопу. Пранізлівы віск і хрыпенне каня, які спрабуе падняць круп. Грукат падкоў, мігаценне бабак і капытоў. Чорныя плашчы і вальтрапы. Крык.
А ў вулачцы — агонь, чырвоная рыклівая сцяна агню. І на яе фоне — вершнік: вялікі, галавою, здаецца, сягае дахаў у полымі. Конь пад чорным вальтрапам танцуе, трасе галавой, іржэ.
Вершнік глядзіць на яе. Цыры бачыць, як блішчаць вочы ў шчыліне вялікага шалома, аздобленага крыламі драпежнай птушкі. Бачыць водбліск пажару на шырокім клінку мяча ў нізка апушчанай руцэ.
Вершнік глядзіць. Цыры не можа паварушыцца — перашкаджаюць змярцвелыя рукі забітага, што абвілі яе пояс. Нешта цяжкае і мокрае ад крыві ляжыць на яе сцягне, знерухомлівае і прыціскае да зямлі.
А яшчэ знерухомлівае страх. Жахлівы страх, які скручвае вантробы і праз які Цыры перастае чуць віск параненага каня, выццё пажару, перадсмяротныя крыкі людзей і грукат барабанаў. Адзінае, што ёсць, што лічыцца і што мае значэнне, — страх. Страх, які ўвасобіўся ў чорнага рыцара ў апераным шаломе — рыцара, што застыў ля чырвонай сцяны раззлаванага полымя.
Вершнік асаджвае каня, крылы драпежнай птушкі на яго шаломе трапечуць, птушка зрываецца ўніз. Каб накінуцца на безабаронную, паралізаваную страхам ахвяру. Птушка — а можа, і рыцар — крычыць, верашчыць жах­ліва, аглушальна, пераможна. Чорны конь, чорны даспех, чорны крылаты плашч, а за імі — агонь, мора агню.
Страх.
Птушка верашчыць. Крылы трапечуць, пёры б'юць па твары. Як страшна.
Ратуйце! Чаму ніхто не ратуе? Я адна, я маленькая, без­абаронная, не магу варухнуцца, са сціснутага страхам горла нават крык не рвецца. Чаму мяне ніхто не ратуе?
Мне страшна!
Бляск вачэй у шчыліне вялізнага крылатага шалома. Усё засланяе чарната плашча…
— Цыры!
Яна прачнулася здранцвелая, абліваючыся потам, а яе ўласны крык — той, што яе абудзіў, — усё яшчэ дрыжаў, вібраваў дзесьці ўнутры, пад грудзінай, абпальва­ючы перасохлае горла. Балелі рукі, што ўчапіліся ў дзяружку, балела спіна…
— Ціха, Цыры, ціха.
Стаяла ноч, цёмная і ветраная, у якой меладычна і аднастайна шумелі сасновыя кроны, рыпелі камлі. Не бы­ло больш пажару і крыку — толькі гэтая шумлівая калыханка. Побач пульсавала святлом і цяплом вогнішча на прывале, агонь пабліскваў на спражках збруі, рассыпаўся чырвонымі адбіткамі аб рукаятку і акоўку мяча, прыхіленага да сядла, што ляжала на зямлі. А іншага агню і іншага жалеза не было. А рука, што кранала яе шчаку, пахла скурай і попелам. Не крывёй.
— Геральт…
— Гэта проста сон, кепскі сон.
Падкурчыўшы рукі і ногі, Цыры моцна задрыжала.
Сон. Проста сон.
Вогнішча ўжо амаль згасла, бярозавыя палены, чырвоныя і празрыстыя, патрэскваюць, пырскаюць блакітным агнём. Агонь асвятляе белыя валасы і рэзкі профіль мужчыны, які захутвае яе ў кажух і дзяружку.
— Геральт, я…
— Я з табой. Спі, Цыры. Табе трэба адпачыць. У нас доўгая дарога наперадзе.
Я чую музыку, раптам падумала яна. У гэтым пошуме… музыка. Музыка лютні. І галасы. Прынцэса Цынтры… Дзіця наканавання… Дзіця Старэйшай Крыві, кры­ві эльфаў. Геральт з Рывіі, Белы Воўк, і яго наканаванне. Не, не, гэта ж легенда. Выдумка барда. Яна памерла. Забітая на гарадскіх вуліцах, калі спрабавала ўцячы…
Трымайся… трымайся…
— Геральт…
— Што, Цыры?
— Што ён мне зрабіў? Што тады здарылася? Што ён… мне зрабіў?
— Хто?
— Рыцар… Чорны рыцар з пер'ем на шаломе… Я нічога не помню. Ён крычаў… і глядзеў на мяне. Я не помню, што здарылася. Толькі тое, што мне было страшна… так страшна…
Мужчына нахіліўся, і ў яго вачах заблішчала полымя вогнішча. У яго дзіўныя вочы. Вельмі дзіўныя. Калісьці Цыры баялася гэтых вачэй, не любіла глядзець у іх. Але вельмі даўно. Вельмі.
— Я нічога не помню, — прашаптала яна, шукаючы яго руку — цвёрдую і шурпатую, як неапрацаванае дрэ­ва. — Той чорны рыцар…
— Гэта быў сон. Спі спакойна, яно ніколі не вернецца.
Калісьці Цыры ўжо чула такое. Ёй казалі гэта безліч разоў, шматкроць супакойваючы, калі яна прачыналася сярод ночы ад уласнага крыку. Але цяпер усё было іначай. Цяпер яна верыла. Бо цяпер гэта гаварыў Геральт з Рывіі, Белы Воўк, Вядзьмар. Той, хто быў яе наканаваннем. Той, каму яна была прызначаная. Вядзьмар Геральт, які адшукаў яе сярод вайны, смерці і роспачы, забраў з сабой і паабяцаў, што яны больш ніколі не расстануцца.
Яна заснула, трымаючы яго за руку.
⃰ ⃰ ⃰
Бард скончыў спяваць. Злёгку нахіліўшы галаву, ён яшчэ раз сыграў на лютні асноўны матыў балады — пяшчотна, ціха, на тон вышэй за вучня, які яму акампаніраваў.
Усе маўчалі. Апроч рэха апошніх нот чуваць было, як ціха шуміць лісце і рыпяць сукі велізарнага дуба. А потым раптам працягла замэкала каза, прывязаная пастронкамі да аднаго з вазоў вакол старадаўняга дрэва. І адразу, нібыта гэта быў сігнал, устаў адзін са слухачоў, што сядзелі вялікім паўколам. Адкінуўшы на плячо сіні, расшыты золатам плашч, ён вытанчана і цырымонна пакланіўся.
— Дзякую, маэстра Казялец, — звонка, хоць і нягучна, сказаў ён. — То няхай я, Радкліф з Аксэнфурта, Майстар Магічных Арканаў, прамоўлю словы ўдзячнасці твайму высокаму мастацтву і твайму таленту, з чым безумоўна пагодзяцца ўсе тут прысутныя.
Чарадзей абвёў позіркам таварыства — а сабралася тут добрая сотня, — што цесным паўколам расселася ля падножжа дуба, стаяла, сядзела на вазах. Слухачы ківалі галовамі, перашэптваліся. Некаторыя пачалі пляскаць у ладкі, некаторыя павіталі спевака падняўшы рукі. Узру­шаныя жанчыны шмыгалі насамі і выціралі вочы чым маглі — у залежнасці ад саслоўя, прафесіі і дастатку: сялянкі — рукой ці тыльным бокам далоні, жонкі купцоў — ільнянымі хусткамі, эльфійкі і шляхцянкі — батыстам, а тры дачкі графа Віліберта, які дзеля выступу слаўнага трубадура перарваў сакалінае паляванне і прыехаў з цэлай працэсіяй, аглушальна і пранізліва смаркаліся ў густоўныя ваўняныя шалікі колеру згнілай зеляніны.
— Не будзе перабольшаннем сказаць, — працягваў чарадзей, — што ты ўзрушыў нас да глыбіні душы, маэстра Казялец, змусіў задумацца і паразважаць, крануў нашы сэрцы. Прымі ж ад мяне — і ад нас усіх — словы павагі і ўдзячнасці.
Трубадур устаў і пакланіўся, абмахнуўшы калені чап­ліным пяром, прымацаваным да дзівачнага капялю­шыка. Вучань перастаў граць, вышчарыўся і таксама па­кланіўся, але маэстра Казялец пагрозліва зыркнуў на яго і ціха нешта прабурчаў. Хлопец апусціў галаву і зноў ціха забрынкаў на лютні.
Прысутныя ажывіліся. Пашаптаўшыся, купцы з кара­ванаў прыкацілі пад дуб ладную бачурку з півам. Чара­дзей Радкліф занурыўся ў ціхую размову з графам Вілібертам. Графскія дочкі перасталі смаркацца і замілавана ўтаропіліся ў Казяльца. Але бард гэтага не заўважыў, бо акурат старанна ўсміхаўся, падміргваў і бліскаў зубамі гордай і маўклівай групе вандроўных эльфаў, а калі дакладней — адной з эльфіек, цёмнавалосай вялікавокай красуні ў маленькай гарнастаевай жакейцы. У Казяльца знайшліся канкурэнты: уладальніцу вялізных вачэй і міленькай жакейкі заўважылі і абстралялі позіркамі таксама яго слухачы — рыцары, шкаляры і ваганты. Эльфійка, несумненна задаволеная ўвагаю, церабіла карункавыя манжэты кашулькі, вейкі яе трапяталі, але таварышы абступілі яе цесным колам, не хаваючы непрыязнасці да залётнікаў.
Паляна, на якой стаяў дуб Блеабхэрыс, была месцам частых сходаў, прывалаў падарожных, сустрэч вандроўнікаў і славілася адкрытасцю і цярпімасцю. Друіды, што апекаваліся векавечным дубам, называлі паляну «Месцам Прыязнасці» і з радасцю прымалі тут усіх. Але нават у выключных выпадках (напрыклад, пасля выступу слаўнага на ўвесь свет трубадура) падарожныя трымаліся ва ўласным, выразна аддзеленым ад іншых таварыстве. Эльфы гарнуліся да эльфаў. Рамеснікі-красналюды пры­біліся да сваіх узброеных да зубоў крэўных, нанятых для аховы купецкіх караванаў, і цярпелі побач хіба што гномаў-рудакопаў і фермераў-нізкарослікаў. Ад людзей усе нелюдзі дружна трымаліся на адлегласці. Людзі адказвалі нелюдзям узаемнасцю, але нават сярод іх саміх не назіралася еднасці. Шляхціцы пагардліва пазіралі на купцоў і латочнікаў, а салдаты з наёмнікамі адсоўваліся ад пастухоў у смярдзючых кажухах. Нешматлікія чара­дзеі і іх паслядоўнікі адгарадзіліся цалкам і ўсіх прысутных шчод­ра абдорвалі пагардай. А фон для гэтай карціны стварала змрочная, панурая і маўклівая грамада сялян. Гэтыя ігнаравалі ўсё і ўсіх і нагадвалі войска: замест зброі над галовамі лесам узносіліся граблі, вілы і цапы.
Выключэннем, як звычайна, былі дзеці. Забарона шумець, накладзеная на час выступу барда, скончылася, і смаркатня з дзікімі крыкамі панеслася ў лес, каб з імпэтам аддацца там гульні, правілы якой ніколі не зразумеў бы той, што ўжо развітаўся са шчаслівымі гадамі дзяцінства. Маленькія людзі, эльфы, красналюды, нізкарослікі, гномы, паўэльфы, эльфы на чвэрць і карапузы з невядомым радаводам не ведалі і не прызнавалі расавага і грамадскага раздзялення. Пакуль што.
— Менавіта! — зароў адзін з рыцараў, худы дылда ў чорна-чырвоным дублеце, па якім крочылі тры вышытыя львы. — Добра пан чарадзей сказаў! Прыгожыя балады, клянуся гонарам! Васпане Казялец, будзеце ў нас ля Лысарога (гэта замак майго сеньёра) — не вагайцеся ні хвіліны, заходзьце! Прымем вас як прынца — ды што там, як самога караля Візіміра! Прысягаю на мячы, многа я менестрэляў чуў, але куды ім да вас, маэстра! Прыміце ж ад нас, годных і радавітых, пахвалу і пашану вашаму майстэрству!
Казялец, які заўсёды выдатна адчуваў момант, падміргнуў вучню. Хлопец адклаў лютню і падняў з зямлі скрыначку, што служыла для збірання больш адчувальных сведчанняў пашаны. Потым завагаўся, абвёў позіркам натоўп… паклаў скрыначку назад і схапіў вялікае вядро, што стаяла побач. Юнацкую празорлівасць маэстра Казялец абдарыў ласкавай усмешкай.
— Маэстра! — закрычала станістая жанчына, што ся­дзела на павозцы з надпісам «Вера Лёвэнгаўпт і сыны», наладаванай плеценымі вырабамі. Сыноў відаць не бы­ло — пэўна, прасаджвалі зароблены маці капітал. — Маэст­ра Казялец, як жа так? Няўжо вы пакінеце нас у няпэўнасці? Гэта ж быў не канец балады? Заспявайце нам, што было далей!
— Песні і балады, мая пані, — пакланіўся трубадур, — не заканчваюцца ніколі, бо паэзія — вечная і бессмяротная, не ведае ні пачатку, ні канца…
— Але далей што было? — не здавалася гандлярка, шчодра і звонка сыплючы манеты ў падстаўленае вучнем вядро. — Ну хоць раскажыце, калі спяваць не хочаце! Імёнаў вы ў песнях не назвалі ніякіх, але мы ж ведаем, што апеты вамі вядзьмар — не хто іншы, як слаўны Геральт з Рывіі, а тая чарадзейка, да якой ён палае гарачым каханнем, — не менш знакамітая Енэфер. А Дзіця-Нечаканасць, абяцанае і наканаванае ведзьмару, — гэта ж напэўна Цырыла, няшчасная прынцэса са знішчанай захопнікамі Цынтры. Ну ці ж не так?
Казялец напышліва і таямніча ўсміхнуўся і абвясціў:
— Я спяваю пра ўніверсальнае, шчодрая дабрадзейка. Пра пачуцці, што могуць стаць доляю кожнага. Не пра кагосьці канкрэтнага.
— Так мы і паверылі! — зароў нехта з натоўпу. — Усе ведаюць, што папеўкі гэтыя — пра Геральта-ведзьмара!
— Так-так-так! — хорам запішчалі дочкі графа Віліберта, спрабуючы высушыць мокрыя ад слёз шалікі. — Паспявайце яшчэ, маэстра! Што было далей? Вядзьмар і чарадзейка Енэфер урэшце знайшліся? І кахалі адно аднаго? І былі шчаслівыя? Мы хочам ведаць! Ну маэстра!
— Ды ну! — прахрыпеў верхавод групы красналюдаў, трасучы рудой акладзістай барадой да пояса. — Гаўно гэта ўсё — прынцэсы, чарадзейкі, каханне-наканаванне і іншыя бабскія казачкі. Гэта ж — ужо выбачайце, пан паэта — брахня, у сэнсе выдумка мастакоўская, каб прыгожанька было і кранальна. А вось ваенныя справункі, разню і рабаванне ў Цынтры, а яшчэ бітвы пры Марнадалі і Содэне — во гэта вы нам добра заспявалі, пане Казялец! Ух, за такое і срэбра сыпануць не шкада, радуе ваярскае сэрца гэткая песня. І бачна ж, што не ілжаце ні кроплі, гэта я кажу, Шэлдан Скагс, а Шэлдан Скагс ілганства ад праўды адрозніць, бо я там, пад Содэнам, быў, я там супраць нільфгаардскіх захопнікаў з сякераю ў руцэ стаяў…
— А я, Данімір з Троя, — крыкнуў худы рыцар з трыма львамі на дублеце, — удзельнічаў у абедзвюх бітвах за Содэн, а вас там штосьці не бачыў, пане красналюдзе!
— Бо пэўна вазы пільнавалі, — адрэзаў Шэлдан Скагс. — А я на перадавой быў, там, дзе горача!
— За языком сачы, барадаты! — пачырванеў Данімір з Троя, папраўляючы рыцарскі пояс, абцяжараны мячом. — Забыў, з кім гаворыш?
— Сам забыў! — красналюд пагладзіў заткнутую за пояс сякеру, павярнуўся да сваіх таварышаў і вышчарыўся. — Не, ну вы зірніце на яго. Рыцар шандарахнуты. Бач які герб завёў. Тры львы на ўвесь шчыт, два сяруць, адзін крычыць.
— Так, мір, мір! — уладны голас сівавалосага друіда ў белых шатах умомант згасіў спрэчку. — Няможна так, панове! Не тут, не пад галінамі Блеабхэрыса — дуба, старэйшага за ўсе сваркі і звадкі гэтага свету. І не ў прысутнасці паэта Казяльца, чые балады маюць ву­чыць нас любіць, а не грызціся.
— Правільна! — падтрымаў друіда нізкі тоўсты жрэц з бліскучым ад поту тварам. — Гледзіце — а вачэй не маеце, слухаеце — а вушы вашы глухія. Бо любові боскай няма ў вас, бо вы нібыта бочкі пустыя…
— Калі ўжо мы пра бочкі, — прапішчаў даўганосы гном з воза, аздобленага надпісам «Тавары з жалеза: выраб і продаж», — то, можа, вы, панове, выкацілі б яшчэ адну, га? Паэту Казяльцу дапраўды ў горле перасохла, а нам ад узрушэння — і пагатоў!
— Нібыта бочкі пустыя, сапраўды кажу вам! — перабіў яго жрэц, не збіўшыся ні на момант і не збіраючыся перарываць казань. — Нічога вы з балад пана Казяльца не зразумелі, нічому не навучыліся. Не ўсвядомілі, што балады гэтыя пра лёс чалавечы гавораць, пра тое, што цацка мы ў руках багоў, а нашы краіны — арэна для боскіх гульняў. Балады пра наканаванне кажуць, пра наша агульнае наканаванне, а легенда пра ведзьмара Геральта і прынцэсу Цырылу, хоць і ўплеценая ў палатно сапраўднай вайны, — толькі метафара, плён паэтычнага ўяўлення, і служыць ён таму, каб мы…
— Трызніш ты, муж святы! — зараўла з вышыні свайго воза Вера Лёвэнгаўпт. — Якая такая легенда? Не ведаю, як хто, а я з Геральтам з Рывіі знаёмая, на ўласныя вочы яго бачыла ў Вызіме, дзе ён з дачкі караля Фольтэста чары зняў. А потым яшчэ на Купецкім тракце сустрэла, дзе ён на просьбу гільдыі забіў лютага грыфа, што на караваны нападаў, і гэтым учынкам уратаваў многім добрым людзям жыццё. Не, ніякая гэта не легенда і не казка. Праўду, чыстую праўду заспяваў нам тут маэстра Казялец.
— Пацвярджаю, — сказала стройная ваярка з чорнымі, гладка зачасанымі і заплеценымі ў тоўстую касу валасамі. — Я, Рэйла з Лірыі, таксама ведаю Геральта Белага Ваўка, славутага забойцу пачвар. І чарадзейку Енэфер бачыла не раз і не два, бо бывала ў Аэдырне, у горадзе Венгербергу, дзе чарадзейка жыла. Але пра тое, што гэтыя двое кахалі адно аднаго, мне не вядома.
— Гэта проста мусіць быць праўдай, — раптам мела­дычна прамовіла прыгожая эльфійка ў гарнастаевай жа­кей­цы. — Такая цудоўная любоўная балада не можа маніць.
— Не можа! — хорам падхапілі дочкі графа Віліберта і як па камандзе выцерлі вочы шалікамі. — Нізашто!
— Васпане чарадзею, — звярнулася да Радкліфа Вера Лёвэнгаўпт, — дык кахалі ці не? Вы ж дакладна ведаеце, як там было насамрэч з ведзьмаром і Енэфер. Прыпадыміце завесу таямніцы!
— Калі песня гаворыць, што кахалі, — усміхнуўся чарадзей, — значыць, праўда, і каханне гэтае будзе жыць стагоддзямі. Сіла паэзіі.
— А кажуць, — нечакана заўважыў граф Віліберт, — што Енэфер з Венгерберга загінула на ўзгор'і Содэн. Колькі там чарадзеек палегла…
— Няпраўда, — сказаў Данімір з Троя. — Няма на пом­ніку яе імені. Гэта мае краі, я не раз на тым узгор'і быў і выбітыя на помніку надпісы чытаў. Тры чарадзейкі там палеглі. Трыс Мэрыголд, Літа Нэйд, якую называлі Карал… Хм-м… а трэцяе імя неяк з галавы вылецела…
Рыцар зірнуў на чарадзея Радкліфа, але той не прамовіў у адказ ні слова — толькі ўсміхнуўся.
— А той вядзьмар, — улез Шэлдан Скагс, — Геральт гэты, які тую Енэфер кахаў, дакладна ўжо галавой налажыў. Чуў я, што ўкаюкалі яго недзе ў Зарэччы. Забіваў пачвар, забіваў — і наскочыла каса на камень. Так яно, людцы, і бывае: хто мячом ваюе, той ад мяча гіне. Кожны калісьці сустрэне мацнейшага і з дамавінай заручыцца.
— Не веру, — стройная ваярка скрывіла бледныя вусны, гучна сплюнула і з хрустам скрыжавала на грудзях рукі ў кольчатым даспеху. — Не веру, што Геральту з Рывіі спаткаўся хтось мацнейшы. Мне здаралася бачыць, як гэты вядзьмар з мячом абыходзіцца. Хуткасць у яго проста нялюдская…
— Добра сказана, — уставіў чарадзей Радкліф. — Нялюдская. Ведзьмары — мутанты, таму хуткасць іх рэакцый…
— Не разумею, пра што вы, пане чараўнік, — і вусны ваяркі скрывіліся яшчэ непрыемней. — Па-вучонаму балбочаце. А я вось што скажу: ніводзін фехтавальшчык, якога я ведала ці ведаю, не зраўняецца з Геральтам з Рывіі, Белым Ваўком. Таму і не веру, што яго маглі перамагчы ў бойцы, як сцвярджае пан красналюд.
— І найлепшаму гамон, калі ворагаў мільён, — павучальна прамовіў Шэлдан Скагс. — Так гавораць эльфы.
— Эльфы, — холадна паведаміў высокі светлавалосы прадстаўнік Старэйшага Народа, які стаяў побач з прыгожай жакейкай, — так прымітыўна выказвацца не прывыклі.
— О не, не! — запішчалі дочкі графа Віліберта з-за зялёных шалікаў. — Вядзьмар Геральт не мог загінуць! Вядзьмар адшукаў наканаваную яму Цыры, а потым — чарадзейку Енэфер, і ўсе трое жылі доўга і шчасліва! Праўда, маэстра Казялец?
— Гэта ж балада была, паненкі зацныя, — пазяхнуў гном-півалюб, вытворца тавараў з жалеза. — Нашто ў баладзе праўды шукаць? Праўда — гэта адно, а паэзія — іншае. Возьмем хаця б… як яе там… Цыры? Нечаканасць тую славутую. Дык во яе пан паэта ўсю цалкам з пальца высмактаў. Не раз бываў я ў Цынтры і ведаю, што тамтэйшыя кароль з каралевай бяздзетныя былі, ні сына, ні дачкі не мелі…
— Ілганства! — крыкнуў руды мужчына ў куртцы з цюленевай скуры і з клятчастай хусткай, павязанай на лоб. — У каралевы Калантэ, Ільвіцы з Цынтры, была дачка, і звалі яе Павэта. Яна разам з мужам загінула падчас шторму, вір марскі праглынуў абаіх.
— Самі бачыце, што не ілгу! — паклікалі ўсіх у сведкі тавары з жалеза. — Не Цыры, а Павэта была каралеўнай Цынтры.
— Цырыла, якую называлі Цыры, акурат была дачкой той Павэты-тапельніцы, — растлумачыў руды. — І ўнучкай Калантэ. І не каралеўнай, а прынцэсай Цынтры. І тым самым наканаваным ведзьмару Дзіцем-Нечаканасцю. І гэта яе, яшчэ да яе нараджэння, каралева Калантэ паабяцала ведзьмару, як пан Казялец і праспяваў. Але вядзьмар не змог знайсці яе і забраць, тут шаноўны паэта супраць праўды пайшоў.
— Пайшоў, а як жа, — улез у размову жылісты мала­дзён — мяркуючы па адзенні, чаляднік у вандроўцы перад экзаменам на майстра. — Не дагнала ведзьмара яго на­канаванне. Цырыла загінула падчас аблогі Цынтры. Перш чым кінуцца ўніз з вежы, каралева Калантэ забіла ўнучку ўласнай рукой, каб не аддаваць яе ў нільфгаардскія лапы.
— Ды не так яно было, ты што! — запратэставаў руды. — Прынцэсу забілі падчас разні, калі яна спрабавала ўцячы з горада.
— Ці так, ці гэтак, — крыкнулі тавары з жалеза, — але вядзьмар тую Цырылу не знайшоў! Збрахаў паэт!
— Але прыгожа збрахаў, — адзначыла эльфійка ў жакейцы, прыціскаючыся да высокага эльфа.
— Мы цяпер не пра паэзію, мы пра факты! — абурыўся чаляднік. — І я кажу, што прынцэса загінула ад рукі ўласнай бабулі. Гэта вам кожны, хто быў у Цынтры, пацвердзіць!
— А я кажу, што яе забілі на вуліцы, калі ўцякала, — не здаваўся руды. — Я, хоць і не з Цынтры, быў у атрадзе ярла са Скеліге, які ў час вайны гэтае каралеўства падтрымліваў. Кароль Цынтры Эйст Туршах, як усе ведаюць, акурат з астравоў Скеліге паходзіў і ярлу быў дзядзькам. А я ў атрадзе ярла біўся ў Цынтры і Марнадалі, а потым, пасля паразы, — пад Содэнам…
— Яшчэ адзін ветэран, — прабурчаў Шэлдан Скагс красналюдам, што скупіліся вакол яго. — Не прадыхнуць ад герояў з ваярамі. Гэй, шаноўныя, а ёсць сярод вас хоць нехта, хто не біўся ў Марнадалі ці пад Содэнам?
— Не з тых кпіш, Скагс, — дакорліва прамовіў высокі эльф, рукой абдымаючы красуню ў жакейцы — абдымаючы так, каб развеяць магчымыя сумневы іншых уздыханцаў. Не думай, што ты адзін пад Содэнам змагаўся. Каб далёка не хадзіць — вось я таксама ў той бітве ўдзель­нічаў.
— Цікава, на чыім баку, — гучна прашаптаў Радкліфу граф Віліберт, што эльф цалкам праігнараваў.
— Усе ведаюць, — працягваў ён, нават не зірнуўшы на графа з чарадзеем, — што больш за сто тысяч ваяроў паднялася на другую бітву за Содэн і самае меншае трыццаць тысяч былі забітыя ці параненыя. Вялікая ўдзяч­насць пану Казяльцу за тое, што ў адной са сваіх балад ён апеў той слаўны, але і страшны бой. І словах, і ў мелодыі гэтай песні я пачуў не хвалу, а папярэджанне. І паўтару: лаўровы вянок і несмяротную славу заслужыў паэт, бо балада гэтая ў будучыні, магчыма, дапаможа пазбегнуць паўтарэння трагедыі, якою стала тая бязлітасная і непатрэбная вайна.
Граф Віліберт задзірліва зірнуў на эльфа:
— Як шмат цікавага вы вынеслі з гэтай балады, васпане. Непатрэбная вайна, кажаце? Пазбегнуць трагедыі ў будучыні хочаце? То бок калі б Нільфгаард напаў на нас зноў, вы б параілі капітуляваць? Пакорліва прыняць нільфгаардскае ярмо?
— Жыццё — неацэнны дар, які трэба берагчы, — холадна адказаў эльф. — Нішто не апраўдвае разні і выні­шчэння — а менавіта разнёй і вынішчэннем сталі абе­дзве бітвы за Содэн, і прайграная, і выйграная. Абе­дзве каштавалі вам, людзям, тысяч жыццяў. Вы страцілі нечуваны патэнцыял…
— Эльфійскія бздуры! — выбухнуў Шэлдан Скагс. — Дурная балбатня! Гэтыя страты былі цаной, заплачанай за тое, каб іншыя маглі жыць годна і мірна, каб не даць Нільфгаарду закуць нас у кайданы, асляпіць, загнаць пад бізун, у серныя рудні і саляныя капальні. Тыя, хто загінуў геройскай смерцю і хто дзякуючы Казяльцу вечна будзе жыць у нашай памяці, навучылі нас бараніць свой дом. Спявайце вашы балады, пане Казялец, спявайце на кожным кроку. Гэты ўрок дымам не пойдзе, а прыдасца нам, вось пабачыце! Бо як не сёння, дык заўтра Нільфгаард рушыць на нас зноў, запомніце мае словы! Пакуль яны раны залізваюць і адпачываюць, але блізкі той дзень, калі мы зноў убачым іх чорныя плашчы і пер'е на шаломах!
— Ды што ім ад нас трэба?! — зараўла Вера Лёвэнгаўпт. — Чаго яны прычапіліся? Чаму не могуць пакінуць нас у спакоі, не даюць жыць і працаваць? Чаго яны хочуць, нільфгаардцы гэтыя?!
— Нашай крыві! — рыкнуў граф Віліберт.
— І нашай зямлі! — узвыў нехта з натоўпу сялян.
— І нашых баб! — падхапіў Шэлдан Скагс, пагрозліва лыпаючы вачыма.
Некалькі чалавек хіхікнула, але цішком і ўбок. Думка, што нехта, апроч красналюдаў, можа захацець выключна непрывабных красналюдак, многіх, вядома, на­смяшыла, але кпіць і жартаваць з такога было небяс­печна — асабліва ў прысутнасці нізкіх прысадзістых барадатых ягамосцяў, чые сякеры і шаблі мелі непрыемную звычку нечувана хутка выскокваць з-за паясоў. А крас­налюды, з невядомых прычын свята ўпэўненыя, што ўсе на свеце, палаючы юрам, квапяцца на іх жонак і да­чок, у гэтым пытанні былі шалёна датклівыя.
— Некалі гэта мусіла прыйсці, — нечакана абвясціў сі­вы друід. — Мусіла здарыцца. Мы забылі, што не адны на гэтым свеце, што мы не пуп зямлі. Нібы дурныя тлустыя карасі ў глеістым стаўку, мы не верылі ў існаванне шчупакоў. Мы самі дапусцілі, каб наш свет, нібы той ставок, забрудзіўся, закаламуціўся і заброснеў. Разгледзьцеся: усюды ліхадзейства і беззаконне, хцівасць, прага на­жывы, сваркі, звадкі, заняпад маральнасці, непавага да лю­бых каштоўнасцяў. Замест таго каб жыць як наказвае Прырода, мы Прыроду пачалі нішчыць. І што здабылі? Паветра, атручанае дымам доменных печаў, рэкі з ручаямі, апаганеныя гарбарнямі і разніцамі, бяздумна высеча­ныя лясы… Ха, ды нават на жывой кары святога дуба Бле­абхэ­рыса — толькі зірніце, вось тут, над галавою пана па­эта, — сцізорыкам выразалі гнюснасць. З памылкай пры­чым: мала таго што вандал гэта быў, дык яшчэ і невук непісьменны. Чаму вы дзівіцеся? Гэта і мусіла кепска скончыцца…
— Так-так! — падхапіў тоўсты жрэц. — Апамятайцеся, грэшнікі, пакуль яшчэ магчыма, бо гнеў багоў і помста над вамі! Успомніце прароцтва Ітліны, празорчыя словы пра боскую кару, што ўпадзе на галовы, ліхадзействам атручаныя: «Надыдзе Час Пагарды, і дрэва страціць ліст, бутон звяне, плод згніе і згоркне зерне, а даліны рэк не вадою паплывуць — лёдам. І прыйдзе Белая Стынь, а за ёй — Белы Бляск, і свет згіне ў замеці». Так мовіла прарочыца Ітліна! А перш чым станецца гэта, будуць нам знакі і прыйдзе пошасць, бо Нільфгаард — кара боская, помніце! Пуга, якою Несмяротныя хвошчуць вас, каб…
— Ды закрый ты пашчу, святуля! — зароў Шэлдан Скагс, затупаўшы цяжэрнымі ботамі. — Аж млосна аж вашых забабонаў і трызненняў! Аж у кішках круціць…
— Асцярожна, Шэлдан, — з усмешкай перабіў высокі эльф. — Не кпі з чужой веры. Гэта і непрыгожа, і няветліва, і… небяспечна.
— Ды не кпіў я, — запратэставаў красналюд. — Я не сумняваюся ў існаванні бостваў, але мяне абурае, калі нехта ўмешвае іх у зямныя справы і вешае нам на вушы прароцтвы нейкай эльфійскай вар'яткі. Нільфгаардцы — зброя багоў? Лухта якая! Сягніце, людцы, памяццю ўглыб вякоў, у часы Дэзмада, Радавіда, Самбука, Абрада Старога Дуба! Што, не помніце? Бо жывяце нядоўга, як падзёнкі двухкрылыя, а я помню і вам нагадаю, як тут, на гэтых землях, было, калі вы сышлі са сваіх лодак на бераг у рэчышчы Яругі і ў дэльце Понтара. З чатырох суднаў стала тры каралеўствы, а потым мацнейшыя паглыналі слабейшых і так раслі, павялічвалі сваю ўладу. Заваёўвалі іншых, асімілявалі іх — і каралеўствы шырыліся, дзень пры дні большалі і мацнелі. А цяпер тое самае робіць Нільфгаард, бо гэта краіна магутная і з'яднаная, маналітная і злачынная. І калі вы не аб'яднаецеся як яны, Нільфгаард вас праглыне зусім як шчупак караля, як мовіў вунь той мудры друід!
— А хай паспрабуюць! — Данімір з Троя выпнуў грудзі, аздобленыя трыма львамі, і грукнуў мячом у ножнах. — Мы ім пад Содэнам дыхту далі — можам паўтарыць.
— Колькі самаўпэўненасці, — прабурчаў Шэлдан Скагс. — Вы, відаць, забылі, пане-ўлада, што перш чым здарылася другая бітва пад Содэнам, Нільфгаард пракаціўся па вашых землях жалезным катком і трупамі такіх зухаў, як вы, заслаў палі ад Марнадаля да Зарэчча. А спынілі нільфгаардцаў таксама не крыклівыя зухі вашай пароды, а аб'яднаныя згодаю сілы Тэмерыі, Рэданіі, Аэдырна і Каэдвена. Згода і еднасць — вось што іх спыніла!
— Не толькі, — звонка, але холадна прамовіў Рад­кліф. — Не толькі гэта, пане Скагс.
Красналюд гучна кашлянуў, шморгнуў носам, паскроб ботамі, а потым злёгку пакланіўся чарадзею.
— Ніхто не прымяншае заслугі вашых таварышаў, — сказаў ён. — І ганьба таму, хто не прызнае геройства чарадзеяў з Содэнскага ўзгор'я, бо паўсталі яны адважна, пралілі за агульную справу кроў і ў вялікай меры паспрыялі перамозе. Казялец у сваёй баладзе пра іх не забыў — і мы не забудзем. Але заўважце: чарадзеі тыя, згодна і салідарна падняўшыся на абарону Содэна, прызналі правадырства Вільгефорца з Рогевэйна — роўна як мы, ваяры Чатырох Каралеўстваў, падпарадкаваліся Візіміру з Рэданіі. І як шкада, што толькі на час вайны хапіла гэтай згоды і салідарнасці. Бо сёння, у мірныя дні, мы зноў раздзяліліся. Візімір з Фольтэстам душаць адзін аднаго мытам і штапельным правам, Дэмавенд з Аэдырна б'ецца з Хэнсэльтам за Паўночную марку, а Хэнгфорская ліга і кавірскія Тысеніды пляваць на ўсё хацелі. Ды нават сярод чарадзеяў, як я чуў, не знойдзеш колішняй згоды. Не згуртаваныя вы, не арганізаваныя, не з'яднаныя. У адрозненне ад нільфгаардцаў.
— Нільфгаардам уладарыць імператар Эмгыр вар Эмрэйс, тыран і самаўладца, які паслушэнства выбівае пугай, вяроўкай і сякерай! — загрымеў граф Віліберт. — Вы і нам гэта прапануеце, пане красналюдзе? Аб'яднацца ў такую тыранію? А які ж кароль і якое каралеўства мусіць, на вашу думку, падпарадкаваць сабе ўсе астатнія? У чыёй руцэ скіпетр з бізуном бачыць жадаеце?
— А мне якая розніца, — паціснуў плячыма Скагс. — Гэта вашы чалавечыя справы. Каго б вы там каралём ні выбралі, гэта будзе не красналюд.
— І не эльф, і нават не паўэльф, — дадаў высокі прадстаўнік Старэйшага Народа, усё яшчэ абдымаючы красуню ў жакейцы. — Вы нават на чвэрць эльфа лічыце ніжэйшым за сябе…
— Вось дзе вашае слабае месца, — засмяяўся Віліберт. — Вы з Нільфгаардам у адну дудку дзьмяце, бо Нільфгаард таксама крычыць пра роўнасць і абяцае вам вяртанне даўніх парадкаў — толькі і трэба, што нас зваяваць і гэтыя землі ад нас ачысціць. Вось пра якую еднасць і роўнасць вы марыце, пра яе гаворыце, яе вызнаяце! Бо Нільфгаард вам за гэта золатам плаціць! Ды і нядзіўна, што вы так адно аднаго любіце: нільфгаардцы ж эльфійскай пароды…
— Бздура, — холадна перабіў эльф. — Лухту плецяце, пане рыцар. Расізм вам вочы слепіць, бо нільфгаардцы — людзі. Такія самыя, як вы.
— Мана несусветная! Яны нашчадкі Чорных сэйдэ, гэта ўсе ведаюць! У іх жылах цячэ эльфійская кроў! Кроў эльфаў!
— А ў вашых жылах што цячэ? — кпліва ўсміхнуўся эльф. — Мы з вамі змешваем нашу кроў спрадвеку, стагоддзямі, і атрымліваецца ў нас выдатна — не ведаю, праўда, на жаль ці на шчасце. Вы пачалі асуджаць змяшаныя саюзы менш за чвэрць стагоддзя таму — зрэшты, абсалютна без поспеху. Ну, пакажыце мне чалавека без дамешку сэйдэ-іхаэр, крыві Старэйшага Народа.
Віліберт заўважна пачырванеў. Твар Веры Лёвэнгаўпт таксама зрабіўся пунсовым. Схіліў галаву і закашляўся чарадзей Радкліф. Што цікава, зарумянілася нават прыгожая эльфійка ў гарнастаевай жакейцы.
— Мы ўсе — дзеці Маці-зямлі, — разнёсся ў павіслай цішыні голас сівога друіда. — Дзеці Маці-прыроды. І хоць не шануем мы сваю маці, хоць прыносім ёй шмат хвалявання і болю, хоць разбіваем ёй сэрца, яна нас любіць, любіць усіх. Памятайце пра гэта, о тыя, хто сабраўся тут, у Месцы Прыязнасці. Не будзем спрачацца, хто быў тут першы, бо першым быў выкінуты хваляй Жолуд, а з Жолуда ўзрос Вялікі Блеабхэрыс, найстарэйшы з дубоў. Стоячы пад яго галінамі, між яго векавечных каранёў, не забывайце пра нашы ўласныя братэрскія карані і пра зямлю, з якой гэтыя карані вырастаюць. Памятайце словы з песні паэта Казяльца…
— А і праўда! — крыкнула Вера Лёвэнгаўпт. — Дзе Казялец?!
— Змыўся, — канстатаваў Шэлдан Скагс, гледзячы на пустое месца пад дубам. — Узяў грошы і змыўся не развітваючыся. Як сапраўдны эльф!
— Як красналюд! — прапішчалі тавары з жалеза.
— Як чалавек, — паправіў высокі эльф, і красуня ў жакейцы паклала галаву яму на плячо.
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку