Анджэй Сапкоўскі
Вядзьмар. Меч наканавання
У «Мячы наканавання», другой кнізе вядзьмарскага цыкла Анджэя Сапкоўскага, Геральт з Рывіі не толькі сутыкнецца з новымі выклікамі і новымі пачварамі, але і выпрабуе на жыццяздольнасць маральныя прынцыпы ведзьмара і чалавека. Ці існуе мяжа магчымага? Ад каго патрабуецца крыху ахвярнасці? Ці варта кпіць з наканавання, пакуль яно не кпіць з цябе? Як заўсёды ў Сапкоўскага, у канцы ўсё аказваецца трошкі не тым, чым падавалася спачатку. Падарожжа працягваецца.
Сага А. Сапкоўскага — адзін з найлепшых узораў літаратуры ў жанры фэнтэзі. Яго героі даўно сталі культавымі персанажамі сярод чытачоў па ўсім свеце.

Пераклад з польскай мовы Кацярыны Маціеўскай


Старт продажаў - 15 кастрычніка
Дзейнічае папярэдні заказ
Мяжа магчымага

І

— Ды кажу вам, не выйдзе ён адтуль, — упэўнена ківаючы, сказаў прышчавы. — Гадзіна з чвэрцю ўжо, як ён туды залез. Капцы яму.
Гараджане купкамі стаялі сярод развалін і моўчкі ўзіраліся ў чорны правал, што зеўраў паміж абломкамі, і ў засыпаны друзам уваход у пячору. Таўстун у жоўтым кунтушы пераступіў з нагі на нагу, кашлянуў і сцягнуў з галавы памятую бірэту.
— Давайце яшчэ пачакаем, — сказаў ён, выціраючы пот з тонкіх броваў.
— Навошта? — фыркнуў прышчавы. — У гэтым лёху васіліск сядзіць, вы не забылі, войце? Хто туды зойдзе, той прапаў. Мала там людзей папамірала ці што? Дык чаго чакаць?
— Ну мы ж дамаўляліся, — няўпэўнена прамармытаў таўстун. — Як жа так?
— Вы, войце, з жывым дамаўляліся, — адказаў таварыш прышчавага, волат у скураным фартуху мясніка. — А ад сяння мёртвы ён, гэта відаці, як сонца на небе. Адразу ясна было, што на загібель ідзе, як і астатнія да яго. Ён жа нават без люстэрка туды палез, з адным мячом. А без люстэрка васіліска не заб'еш, гэта кажны ведае.
— А грошык вы ашчадзілі, войце, — дадаў прышчавы, — бо плаціць за васіліска няма каму. То ідзіце сабе спакайнюсенька дадому, а чараўніковага каня і майно мы сабе возьмем, шкода ж будзе, як дабро прападзе.
— Анягож, — сказаў мяснік. — Кабыла крэпкая, а мяхі дыхтоўна напханыя. А ну зірнём, што там усярэдзіне.
— Ды вы што! Як жа так?
— Маўчыце, войце, і не ўлазьце, а то ў лабешнік дам, — прыгразіў прышчавы.
— Крэпкая кабыла, — паўтарыў мяснік.
— Прыбяры ад кабылы лапкі, радасць мая.
Мяснік павольна павярнуўся да чужынца, які выйшаў з за залома сцяны, з за спін людзей, што стоўпіліся вакол увахода ў лёх.
У чужынца былі густыя каштанавыя кудзеры, насіў ён карычневую туніку на падшываным каптане і высокія боты для верхавой язды. Зброі пры ім не было.
— Кыш ад кабылы, — паўтарыў ён, паскудна ўсміхаючыся. — Гэта што ж робіцца? Конь чужы, мяхі чужыя, майно чужое, а ты вока мутнае на іх кладзеш і лапы паршывыя цягнеш. Ай-яй-яй.
Прышчавы павольна засунуў руку за пазуху курткі і зірнуў на мясніка. Той кіўнуў і даў знак купцы гараджан, з якой выйшлі двое — каржакаватыя, каротка стрыжаныя. Абодва трымалі палкі, якімі на бойні аглушаюць жывёл.
— А хто ж гэта вы будзеце, — спытаў прышчавы, усё яшчэ хаваючы руку за пазухай, — каб нам тут аяяйкаць?
— Не твой клопат, мая радасць.
— Вы зброі не носіце.
— Сапраўды, — усміхнуўся чужынец яшчэ паскудней, — не нашу.
— Ой кепска гэта, — прышчавы дастаў з-за пазухі руку, у якой аказаўся доўгі нож. — Вельмі кепска, што не носіце.
Мяснік таксама дастаў нож, доўгі, як у паляўнічага. Двое з палкамі таксама выступілі наперад.
— А не нашу я нічога таму, — сказаў чужынец, нават не варухнуўшыся, — што мая зброя сама за мною ходзіць.
З-за развалін, ступаючы мякка, але ўпэўнена, выйшлі дзве дзяўчыны. Натоўп адразу ж расступіўся, адхіснуўся, парадзеў.
Абедзве дзяўчыны ўсміхаліся, бліскаючы зубамі і жмурачыся, і ад куткоў вачэй да вуснаў у іх збягалі шырокія сінія палоскі татуіроўкі. Мускулы гралі на моцных сцёгнах, што віднеліся з-пад рысіных скур, і на голых акруглых руках над кальчужнымі рукавіцамі. З за плячэй, таксама прыкрытых кальчугай, тырчалі рукаяткі шабляў.
Павольна, вельмі павольна прышчавы сагнуў ногі, і з яго пальцаў выпаў нож.
З правалу паміж абломкамі данёсся грукат камянёў, шоргат — і з цемры паказаліся рукі, што ўчапіліся за вышчарблены край муру, а за рукамі — белавалосая галава, прыпарушаная цаглянай крошкай, бледны твар, рукаятка мяча, закінутага за спіну. Натоўп зашумеў.
Згорбіўшыся, белавалосы выцягнуў з правалу незвычайнае стварэнне — дзіўную тушу, запэцканую пылам і крывёй, — і, узяўшы пачвару за доўгі змяіны хвост, моўчкі кінуў яе пад ногі тоўстаму войту. Той адскочыў — і спатыкнуўся аб кавалак муру, бо глядзеў на загнутую птушыную дзюбу, перапончатыя крылы і падобныя да лёзаў сярпа кіпцюры на лускаватых лапах. На надзьмуты падгрудак — калісьці ярка-чырвоны, а цяпер брудна-руды. На ашклянелыя запалыя вочы.
— Вось вам васіліск, — сказаў белавалосы, абтрасаючы штаны ад пылу. — Як і дамаўляліся. Мае дзвесце лінтараў, калі ласка. Нармальных лінтараў, не абрэзаных. Папярэджваю, я праверу.
Войт дрыготкімі рукамі выцягнуў мяшэчак. Белавалосы агледзеўся і на момант спыніў позірк на прышчавым і на нажы, што ляжаў ля яго ног. Потым зірнуў на мужчыну ў карычневай туніцы і на дзяўчат у рысіных скурах.
— Як заўсёды, — сказаў ён, беручы кашалёк з дрыготкіх войтавых рук. — Я дзеля вас галавой рызыкую за нейкі грош, а вы тым часам на маё майно заглядаецеся. Ніколі вы, халера, не зменіцеся.
— Не чапалі мы, — замармытаў мяснік, адступаючы. Яго таварышы з палкамі ўжо даўно растварыліся ў натоўпе. — Не чапалі мы вашага майна, васпане.
— Якое шчасце, — усміхнуўся белавалосы, і, убачыўшы гэтую ўсмешку, што расквітнела на бледным твары, як раскрытая рана, натоўп пачаў паспешліва разыходзіцца. — І таму, братка, цябе таксама чапаць не будуць. Ідзі з мірам. Але хутка ідзі.
Прышчавы таксама ціха адступаў задам. Прышчы на яго раптоўна пабялелым твары зрабіліся яшчэ больш заўважнымі і брыдкімі.
— Гэй, пачакай, — сказаў яму чалавек у карычневай туніцы. — Ты пра нешта забыў.
— Пра што… пане?
— Ты на мяне нож падняў.
Вышэйшая з дзяўчат раптам калыхнулася на шырока расстаўленых нагах, крутанулася… Паветра са свістам рассекла невядома калі выцягнутая шабля. Галава прышчавага ўзляцела ўверх, апісала дугу і правалілася ў пячорны лёх. Здзервянелае цяжкае цела рухнула ў раскрышаную цэглу, як ссечаны ствол. Людзі ў натоўпе ахнулі як адзін. Другая дзяўчына, паклаўшы далонь на рукаятку шаблі, жвава павярнулася, прыкрываючы тыл. Без патрэбы. Натоўп, спатыкаючыся аб разваліны і падаючы, чуйдух уцякаў у горад. Наперадзе вартымі павагі скачкамі пёр войт, усяго на некалькі сажняў апярэджваючы волата-мясніка.
— Прыгожы ўдар, — холадна зазначыў белавалосы, засланяючы вочы ад сонца рукой у чорнай пальчатцы. — Прыгожы ўдар зэрыканскай шаблі. Схіляюся перад майстэрствам і прыгажосцю вольных ваярак. Я Геральт з Рывіі.
— А я, — незнаёмы паказаў на выцвілы герб спераду карычневай тунікі, на якім у сярэдзіне залатога поля роўным радам сядзелі тры чорныя птушкі, — Борх па мянушцы Тры Каўкі. А вось мае дзяўчаты, Тэя і Вэя. Гэта я іх так называю, бо аб іх сапраўдныя імёны язык зломіш. Абедзве — зэрыканкі, як ты правільна здагадаўся.
— Здаецца мне, што гэта дзякуючы ім конь і майно ўсё яшчэ пры мне. Дзякую вам, ваяркі. І вам таксама дзякую, пане Борх.
— Тры Каўкі. І кінь ты гэтага «пана». Ці трымае цябе штосьці ў гэтым месцы, Геральт з Рывіі?
— Якраз наадварот.
— Выдатна. У мяне прапанова: тут недалёка — на развілцы, па дарозе да рачнога порта — карчма ёсць. Называецца «У Задуменнага Цмока». Іх кухня не мае сабе роўных ва ўсёй ваколіцы. Я туды збіраюся, каб падсілкавацца і пераначаваць. Буду рады, калі ты захочаш да мяне далучыцца.
— Борх, — адвярнуўшыся ад каня, белавалосы зірнуў у вочы незнаёмаму, — мне не хочацца, каб паміж намі ўзнікла непаразуменне. Я вядзьмар.
— Я здагадаўся. А ты сказаў гэта тонам, якім гавораць «я пракажоны».
— Ёсць людзі, — павольна прамовіў Геральт, — якім кампанія пракажоных прыемнейшая за таварыства ведзьмара.
— Ёсць і людзі, — засмяяўся Тры Каўкі, — якім авечка прыемнейшая за дзяўчыну. Што ж, магу толькі паспачуваць і першым, і другім. Я паўтараю прапанову.
Геральт сцягнуў пальчатку і паціснуў працягнутую руку.
— Прапанову прымаю і рады знаёмству.
— Тады ў дарогу, бо я галодны.

ІІ

Карчмар выцер анучкай шурпатыя дошкі стала і з усмешкай пакланіўся. Двух пярэдніх зубоў у яго не было.
— Та-ак… — Тры Каўкі крыху паўзіраўся ў закураную столь і павукоў, што пад ёю кішэлі. — Спачатку… спачатку піва. Каб два разы не хадзіць — цэлую бачурку. А да піва… што параіш да піва, радасць мая?
— Сыру? — рызыкнуў карчмар.
— Не, — скрывіўся Борх, — сыр на дэсерт будзе. Да піва мы хочам чаго-небудзь кіслага і вострага.
— Як пажадаеце! — яшчэ шырэй усміхнуўся карчмар. З зубоў адсутнічалі не толькі два пярэднія. — Вугры з часнаком у аліўкавым алеі і воцаце альбо марынаваны зялёны перац…
— Цудоўна. Нясі ўсё. А потым — суп… э э, я некалі еў тут такі… у ім плавалі розныя ракавіны, рыбкі і іншае смачнае паскудства.
— Суп плытагонаў?
— Ён! А потым цягні печань ягняці з цыбуляй. А потым — кучу ракаў. У рондаль засунь кропу колькі ўлезе. А потым — авечы сыр і салату. А потым пабачым.
— Як пажадаеце. Чатыры порцыі, на ўсіх?
Вышэйшая зэрыканка адмоўна пакруціла галавой і шматзначна паляпала сябе ў раёне таліі, абцягнутай льняною кашуляй.
— Я забыў, — падміргнуў Геральту Тры Каўкі. — Дзяўчаты клапоцяцца пра фігуру. Пане гаспадару, бараніны толькі дзве порцыі. Піва цягні цяпер, разам з вуграмі. З астатнім крыху пачакай, каб не астыла. Мы ж сюды не жэрці прыйшлі, а міла бавіць час за размовамі.
— Ага, кемлю, — яшчэ раз пакланіўся карчмар.
— У тваёй справе паваротлівасць важная. Падстаўляй руку, радасць мая.
Зазвінелі залатыя манеты. Усмешка карчмара сягнула мяжы магчымага.
— Гэта не аванс, — паведаміў Тры Каўкі, — гэта зверху. А цяпер імчы на кухню, добры чалавек.
У бакоўцы было горача. Геральт расшпіліў пояс, сцягнуў каптан і закасаў рукавы кашулі.
— Я гляджу, — прамовіў ён, — на недахоп гатоўкі ты не жалішся. Жывеш з прывілеяў рыцарскага саслоўя?
— Часткова, — усміхнуўся Тры Каўкі, не ўдаючыся ў падрабязнасці.
Яны хутка расправіліся з вуграмі і чвэрцю бачуркі. Абедзве зэрыканкі півам сябе таксама не абдзялялі, таму неўзабаве заўважна павесялелі і пачалі перашэптвацца. Вышэйшая, Вэя, раптам выбухнула гартанным смехам.
— Дзяўчаты гавораць на агульнай мове? — ціха спытаў Геральт, крадком пазіраючы на зэрыканак.
— Кепска. Яны ўвогуле негаваркія — і гэта пахвальна. Як табе суп, Геральт?
— Угу.
— Вып'ем.
— Угу.
— Геральт, — Тры Каўкі адклаў лыжку і далікатна ікнуў, — вернемся на хвілінку да нашай размовы ля правалу. Як я разумею, ты, вядзьмар, вандруеш з аднаго канца свету на іншы, а калі па дарозе натрапіш на якую пачвару, то забіваеш яе. І з гэтага маеш нейкія грошы. У гэтым сутнасць вядзьмарскага рамяства?
— Больш-менш.
— А бывае, што цябе спецыяльна кудысьці клічуць? На асаблівае заданне, так бы мовіць. І тады што, ідзеш і выконваеш?
— Гледзячы хто кліча і навошта.
— І за колькі.
— І гэта таксама, — паціснуў плячыма вядзьмар. — Усё даражэе, а жыць неяк трэба, як казала адна мая знаёмая чарадзейка.
— Пераборліва, але вельмі практычна, мушу заўважыць. І ўсё ж ёсць у аснове ўсяго нейкая ідэя, Геральт. Канфлікт сіл Парадку з сіламі Хаосу, як казаў адзін мой знаёмы чарадзей. Мне здавалася, ты выконваеш місію, бароніш людзей ад Зла, усюды і заўсёды. Не раздзяляючы. Стаіш з дакладна вызначанага боку частакола.
— Сілы Парадку, сілы Хаосу… Жахліва гучныя словы, Борх. Ты абавязкова хочаш паставіць мяне на адзін з бакоў частакола ў канфлікце, які, на агульнапрынятую думку, вечны, пачаўся задоўга да нас і будзе доўжыцца, калі ўжо не стане. На чыім баку стаіць каваль, што коней падкоўвае? А наш карчмар, які акурат ляціць сюды з саганом бараніны? І што, як на цябе, акрэслівае мяжу паміж Хаосам і Парадкам?
— Усё вельмі проста, — Тры Каўкі зірнуў яму проста ў вочы. — Тое, што ёсць Хаосам, — гэта пагроза, агрэсіўны бок. Парадак — гэта тое, чаму пагражаюць, што патрабуе абароны. Абаронцы. Ай, давай вып'ем. І возьмемся за ягнятка.
— Правільна.
Клапоцячыся пра фігуру, зэрыканкі зрабілі ў ежы перапынак, які запоўнілі ўдарным піццём. Схіліўшыся да пляча сяброўкі, Вэя зноў нешта шаптала, кранаючыся стала касой. Тэя — ніжэйшая — раптам гучна засмяялася, весела мружачы татуіраваныя павекі.
— Так, — сказаў Борх, абгрызаючы костку, — працягнем, з твайго дазволу, размову. Як я зразумеў, ты не ахвотнік выбіраць бок якой-небудзь сілы. Проста робіш сваю працу.
— Раблю.
— Але ад змагання Хаосу і Парадку не ўцячэш. Нягледзячы на тваё параўнанне, ты не каваль. Бачыў я, як ты працуеш: заходзіш у сутарэнне сярод развалін і выносіш адтуль пасечанага васіліска. Коней падкоўваць і васіліскаў забіваць — розныя рэчы, радасць мая. Ты сказаў, што калі аплату прапануюць годную, то папрэшся на край свету і ўкаюкаеш пачвару, на якую пакажуць. Вось, дапусцім, люты цмок спусташае…
— А вось і не дапусцім, — перабіў Геральт. — Бачыш, ты толькі пачаў — а ўсё адразу перакасабочылася. Таму што цмокаў — без сумневу, увасабленне Хаосу — я не забіваю.
— Чаму ж гэта? — Тры Каўкі аблізаў пальцы. — Ну ты даеш! Цмок — ён жа з усіх пачвар самы гнюсны, бязлітасны і зацяты. Самая паганая погань. На людзей нападае, агнём шугае, гэтых, як іх, цнатлівак выкрадае. Мала ты такіх страхаў чуў? Не можа быць, каб у цябе, ведзьмара, не было ў планах парачкі цмокаў.
— Я не палюю на цмокаў, — суха адказаў Геральт. — На слізгуноў — так. На вілахвостаў. На летуноў. Але не на сапраўдных цмокаў, зялёных, чорных ці чырвоных. Проста прымі гэта да ведама.
— Ты мяне здзівіў, — прамовіў Тры Каўкі. — Але добра, прымаю да ведама. Ды і хопіць пакуль пра цмокаў, бо гарызонт, я бачу, чырванее, а значыць, паўзуць нашы ракі. Вып'ем!
Яны з хрустам разгрызалі чырвоныя панцыры, высмоктваючы белае мяса. Адчувальна шчыплючы скуру, салёная вада сцякала да самых запясцяў. Борх разліваў піва і ўжо скроб конаўкай па дне бачуркі. Павесялеўшы яшчэ больш, зэрыканкі азіралі карчму і злавесна ўсміхаліся. Вядзьмар быў упэўнены, што яны шукаюць нагоду з кім-небудзь зачапіцца. Тры Каўкі таксама гэта заўважыў, бо раптам пагразіў ім ракам, якога трымаў за хвост. Дзяўчаты захіхікалі, а Тэя, склаўшы вусны нібыта для пацалунка, стрэльнула вочкамі. З яе пакрытым татуіроўкамі тварам такое палохала да дрыжыкаў.
— Дзікія яны, як коткі лясныя, — шапнуў Геральту Борх. — Іх трэба з вока не выпускаць. У іх, радасць мая, раз-два — і на падлозе ўжо гатовая вантрабянка. Але вартыя любых грошай. Ведаў бы ты, што яны вырабляюць…
— Я ведаю, — кіўнуў Геральт. — Лепшую ахову знайсці цяжка. Зэрыканкі — прыроджаныя ваяркі, іх з дзяцінства рыхтуюць да бітваў.
— Я не пра гэта, — Борх выплюнуў на стол рачыную клюшню. — Я меў на ўвазе тое, якія яны ў ложку.
Геральт з трывогай зірнуў на дзяўчат. Абедзве ўсміхаліся. Вэя бліскавічным, амаль незаўважным рухам сцягнула з падноса рака і, гледзячы на ведзьмара прымружанымі вачыма, з хрустам разгрызла панцыр. Яе вусны блішчалі ад салёнай вады. Тры Каўкі гучна рыгнуў.
— Дык значыць, Геральт, — сказаў ён, — на цмокаў ты не палюеш, ні на зялёных, ні на іншых каляровых. Я прыняў да ведама. А можна спытаць, чаму толькі на гэтыя тры колеры?
— На чатыры, калі зусім дакладна.
— Ты пра тры казаў.
— Ты так цікавішся цмокамі, Борх. Гэта з нейкай асаблівай прычыны?
— Не-а. Выключна цікаўнасць.
— Ну-ну. Што да колераў, то так прынята апісваць сапраўдных цмокаў. Хаця гэта не зусім правільна. Зялёныя цмокі, што сустракаюцца найчасцей, — яны хутчэй шэрыя, як звычайныя слізгуны. Чырвоныя — насамрэч ружовыя альбо цаглянага адцення. Вялікіх цёмна-карычневых цмокаў прывыклі называць чорнымі. Самыя рэдкія — белыя, я ніводнага не бачыў. Яны далёка на Поўначы водзяцца. Нібыта.
— Цікава. А ведаеш, пра якіх яшчэ цмокаў я чуў?
— Ведаю, — вядзьмар глынуў з куфля. — Пра іх і я чуў. Залатыя. Няма такіх.
— І чаго ж ты ў гэтым так упэўнены? Бо ніколі іх не бачыў? Дык белых ты таксама не бачыў.
— Не ў тым рэч. За марамі, у Афіры і Зангвебары, ёсць белыя коні ў чорную палоску. Іх я таксама ніколі не бачыў, але ведаю, што яны існуюць. А залаты цмок — істота міфічная. Легендарная. Як фенікс, напрыклад. Феніксаў і залатых цмокаў няма.
Абапёршыся локцямі на стол, Вэя цікаўна пазірала на Геральта.
— Ну, мабыць, ты ведаеш, што кажаш, ты ж вядзьмар, — Борх начэрпаў з бачуркі піва. — Але мне вось здаецца, што кожны міф, кожная легенда маюць свае карані. І ў гэтых каранях нешта хаваецца.
— Хаваецца, — згадзіўся Геральт. — Часцей за ўсё — мара, моцнае жаданне і туга. Вера, што няма мяжы магчымага. А часам — супадзенне.
— Сапраўды. Супадзенне. Можа, існаваў калісьці залаты цмок — ну, адзінкавая, непаўторная мутацыя?
— Калі так, то яго напаткаў лёс усіх мутантаў, — павярнуўся да яго вядзьмар. — Ён занадта адрозніваўся ад іншых, каб выжыць.
— Ха! — сказаў Тры Каўкі. — Ты аспрэчваеш законы прыроды, Геральт. Мой знаёмы чарадзей казаў, што ў прыродзе кожная істота мае свой працяг і — тым ці іншым спосабам — выжыве. Канец аднаго — гэта пачатак іншага, няма межаў магчымага — прынамсі, прырода іх не ведае.
— Вялікім аптымістам быў твой знаёмы чарадзей. Толькі аднаго ён не ўлічыў — памылкі прыроды. Ці тых, хто з прыродай гуляў. Залаты цмок і іншыя падобныя да яго мутанты, калі яны ўвогуле існавалі, выжыць не маглі. І перашкодаю ім стала самая прыродная ў свеце мяжа магчымага.
— І якая ж?
— Мутанты… — на сківіцах Геральта зайгралі мускулы. — Мутанты бясплодныя, Борх. Толькі ў легендах выжывае тое, што не выжывае ў прыродзе. Толькі легенда і міф не ведаюць межаў магчымага.
Тры Каўкі не адказаў. Геральт зірнуў на дзяўчат, якія раптам пасур'ёзнелі. Вэя нечакана нахілілася да яго і абняла за шыю цвёрдай мускулістай рукой. Вядзьмар адчуў на шчацэ дотык вуснаў, мокрых ад піва.
— Ты ім падабаешся, — павольна прамовіў Тры Каўкі. — Каб на мяне халера, падабаешся.
— Што ў гэтым дзіўнага? — сумна ўсміхнуўся вядзьмар.
— Нічога. Але абмыць гэта трэба. Гаспадару! Яшчэ бачурку!
— Не шалей. Збана хопіць.
— Два збаны! — загарлаў Борх. — Тэя, мне трэба ненадоўга выйсці.
Зэрыканка ўстала, узяла з лавы шаблю і абвяла пакой тужлівым позіркам. І хаця вочы ў некаторых, як заўважыў вядзьмар, нядобра заблішчалі ад выгляду набітай торбы, ніхто не спяшаўся рушыць за Борхам, што павольна пасоўваўся да выхаду. Тэя паціснула плячыма і выйшла ўслед за працадаўцам.
— Як цябе завуць насамрэч? — спытаў Геральт у зэрыканкі, што засталася за сталом. Вэя бліснула белымі зубамі. Кашуля ў яе была расшнураваная амаль да мяжы магчымага. Вядзьмар не сумняваўся, што гэта чарговы выклік прысутным.
— Альвэяэнэрле.
— Прыгожа.
Вядзьмар быў упэўнены, што зараз зэрыканка складзе вусны банцікам і падміргне, і не памыліўся.
— Вэя…
— М-м?
— А чаму вы, вольныя ваяркі, ездзіце з Борхам? Можаш адказаць?
— М-м.
— Што «м м»?
— Ён… — зморшчыўшы лоб, зэрыканка шукала словы. — Ён… самы… самы… прыгожы.
Вядзьмар паківаў. Крытэрыі, паводле якіх жанчыны ацэньвалі мужчынскую прывабнасць, не ўпершыню выклікалі ў яго пытанні.
У бакоўку ўваліўся Тры Каўкі, зашпільваючы штаны і гучна аддаючы распараджэнні карчмару. Тэя, што трымалася на два крокі ззаду, аглядала прысутных, удаючы нуду, а купцы і плытагоны стараліся не сустракацца з ёй вачыма. Вэя смактала чарговага рака, раз-пораз кідаючы на ведзьмара красамоўныя позіркі.
— Я папрасіў нам яшчэ вугроў, цяпер смажаных, — Тры Каўкі бухнуўся на лаву, бразнула спражка незашпіленага рэменя. — Змучылі мяне гэтыя ракі, я аж згаладаўся. І начлег табе тут забяспечыў. Няма сэнсу па ночы швэндацца, мы тут яшчэ павяселімся. Ваша здароўе, дзяўчаты!
— Vessekheal, — сказала Вэя, салютуючы яму куфлем. Тэя міргнула і пацягнулася, прычым кашуля на яе цудоўным бюсце, насуперак чаканням Геральта, не трэснула.
— Павяселімся, — Тры Каўкі перагнуўся праз стол і ляпнуў Тэю па азадку. — Павяселімся, вядзьмару. Гэй, гаспадару! Хадзі сюды!
Карчмар жвава падбег да Борха, выціраючы рукі фартухом.
— Балея ў цябе знойдзецца? Вялікая такая, трывалая, для мыцця бялізны.
— Наколькі вялікая, пане?
— На чацвярых.
— На… чацвярых? — разявіў рот карчмар.
— На чацвярых, — пацвердзіў Тры Каўкі, выцягваючы з кішэні туга набітую каліту.
— Знойдзецца, — аблізаў вусны карчмар.
— Цудоўна, — засмяяўся Борх. — Скажы, каб яе наверх занеслі, у мой пакой, і гарачай вады налілі. Ляці чуйдух, радасць мая. І піва таксама прыцягні, збаны тры.
Зэрыканкі захіхікалі і адначасова падміргнулі.
— Якую хочаш? — спытаў Тры Каўкі. — Геральт, ну!
Вядзьмар пачухаў патыліцу.
— Ведаю-ведаю, выбар цяжкі, — з разуменнем паківаў Борх. — Сам, бывае, вырашыць не магу. Ладна, у балеі падумаем. Гэй, дзяўчаты! Дапамажыце па лесвіцы падняцца!
ІІІ
На мосце іх чакала перашкода. Дарогу загароджвала доўгая моцная бэлька на драўлянай сталюзе. Перад ёю і за ёю стаялі алебарднікі ў скураных кунтушах з вялікімі заклёпкамі і кальчужных капюшонах. Над загародай сонна развявалася пурпуровая харугва з выявай срэбнага грыфона.
— Што за чорт? — здзівіўся Тры Каўкі, пускаючы каня крокам. — Няма праезду?
— Прапускная грамата ёсць? — спытаў найбліжэйшы стражнік, не дастаючы з рота палачкі, якую жаваў, забіваючы ці то голад, ці то час.
— Якая грамата? Тут што, мор? Вайна? Вы на чый загад дарогі перакрываеце?
— Караля Недаміра, уладара ў Кайнгорне, — стражнік перасунуў палачку на іншы куток вуснаў і паказаў на харугву. — Без граматы ў горы няможна.
— Дурата нейкая, — стомлена сказаў Геральт. — Тут не Кайнгорн, тут галапольская тэрыторыя. І гэта Галаполе, а не Кайнгорн, збірае мыта з мастоў над Браа. Недамір тут да чаго ўвогуле?
— Не ў мяне пытайце, — стражнік выплюнуў палачку. — Не маё дзела. Я адно граматы правяраю. Хочаце — з дзясятнікам нашым гаварыце.
— А дзе ён?
— Ды вунь, за мытніка аселішчам, на сонейку грэецца, — сказаў стражнік, гледзячы не на Геральта, а на аголеныя сцёгны зэрыканак — дзяўчаты ляніва пацягваліся ў сёдлах.
За дамком мытніка на кучы сухіх бярвён сядзеў стражнік і дрэўкам алебарды маляваў на пяску жанчыну — дакладней, частку цела жанчыны з даволі незвычайнага ракурсу. Побач, асцярожна перабіраючы струны лютні, паўляжаў худы мужчына ў насунутым на вочы дзівачным фіялетавым капялюшыку, аздобленым срэбнай фібулай і доўгім трапяткім чапліным пяром.
Геральт ведаў гэты капялюшык і гэтае пяро — зрэшты, яго ведалі ўсе ад Буіны да Яругі, ведалі ў палацах, замках, шынках, корчмах і бардэлях. Асабліва ў бардэлях.
— Казялец!
— Вядзьмар Геральт! — з-пад адсунутага на макаўку капялюшыка бліснулі вясёлыя блакітныя вочы. — Ну і ну, і ты тут? У цябе, выпадкова, граматы няма?
— Далася вам гэтая грамата! — вядзьмар саскочыў з сядла. — Што тут робіцца, Казялец? Мы хацелі пераправіцца на іншы бераг Браа — я, вось гэты рыцар, Борх Тры Каўкі, і наша ахова. А выявілася, што нельга.
— Мне таксама нельга, — Казялец устаў, сцягнуў капялюшык і з перабольшанай абыходлівасцю пакланіўся зэрыканкам. — І мяне на той бераг не пускаюць. Мяне, Казяльца, самага славутага менестрэля і паэта ў радыусе тысячы міль, не пускае вось гэты дзясятнік, хоць і таксама мастак, як бачыце.
— Без граматы не пушчу нікога, — панура прамовіў дзясятнік і дапоўніў свой малюнак апошняй дэталлю, дзюбнуўшы ў пясок канцом дрэўка.
— Без цябе абыдземся, — сказаў вядзьмар. — Паедзем левым берагам. Да Хэнгфорса так даўжэй, але як трэба, то трэба.
— Да Хэнгфорса? — здзівіўся бард. — Дык ты, Геральт, не за Недамірам едзеш? І не за цмокам?
— За якім цмокам? — зацікавіўся Тры Каўкі.
— Вы не ведаеце? Не, праўда не ведаеце? Ну, тады слухайце барда, панове. Я ўсё адно тут чакаю, пакуль хто знаёмы з граматай праедзе і возьме мяне ў нагрузку. Сядайце.
— Зараз, — адказаў Тры Каўкі. — Сонца ўжо на тры чвэрці да зеніту дабралася, а ў мяне горла паскудна перасохла. Не будзем жа мы размаўляць, рыла не змачыўшы. Тэя, Вэя, скокніце да мястэчка і купіце бачурку чаго-небудзь гэтакага.
— А вы мне падабаецеся, пане…
— Борх па мянушцы Тры Каўкі.
— Казялец па мянушцы Незраўнаны. Мянушку дзяўчаты далі.
— Расказвай, Казялец! — не вытрымаў вядзьмар. — Не да вечара ж тут тырчаць.
Бард абхапіў пальцамі грыф лютні і рэзка ўдарыў па струнах.
— Вам як: вершам ці па-нармальнаму?
— Па-нармальнаму.
— Як пажадаеце, — лютню Казялец адкласці і не падумаў. — Паслухайце ж, добрыя людзі, што тыдзень таму адбылося ля вольнага места, што носіць імя Галаполе. Зарэла-шарэла тады над лугамі, і саван туману барвовіла сонца…
— Цябе прасілі па-нармальнаму, — нагадаў Геральт.
— А гэта не па-нармальнаму?! Ну ладна, ладна. Зразумеў я. Сцісла, без метафар. На пашы пад Галаполем прыляцеў цмок.
— Э-э-э, — сказаў вядзьмар, — нешта мне не верыцца. На гэтых землях цмока не бачылі шмат гадоў. Можа, звычайны слізгун? Яны бываюць амаль такія ж вялікія, як…
— Не крыўдзі мяне, вядзьмару, я ведаю, што кажу. Я яго бачыў. Трэба ж было такому здарыцца, што я акурат быў у Галаполі на кірмашы і ўсё бачыў на ўласныя вочы. Балада ўжо напісаная, хочаце паслу…
— Ты далей кажы. Ён быў вялікі?
— Як тры кані ў даўжыню. У карку не вышэйшы за каня, але нашмат таўсцейшы. Шэры, як пясок.
— Значыць, зялёны.
— Так. Наляцеў нечакана, урэзаўся проста ў авечы статак, пастухоў разагнаў, тузін жывёлак раздушыў, чатырох зжор і зляцеў.
— Зляцеў… — паківаў галавою Геральт. — І ўсё на тым?
— Не. Наступным ранкам прыляцеў зноў, пад самы гарадок, і спікіраваў на баб, што на беразе Браа бялізну мылі. Але ж яны і далі драла, стары, я ў жыцці так не рагатаў! А цмок два колы над Галаполем апісаў і паляцеў на пашы, а там зноў за авечак узяўся. І толькі тады ўсчаліся гармідар і сумятня, бо да гэтага пастухам мала хто верыў. Бурмістр выклікаў апалчэнне і гільдыі, але пакуль яны сабраліся, народныя масы ўзялі ўсё ў свае рукі і праблему вырашылі.
— Як?
— Цікавым народным спосабам. Мясцовы майстра шавецкай справы, нехта Казаед, знайшоў на змяюку ўправу. Карацей, забілі яны авечку, ад душы напхалі яе чэмерам, воўчымі ягадамі, блёкатам, сераю і шавецкай смалой. Для поўнай пачварынай нявыкруткі іхні аптэкар заліў усярэдзіну дзве кварты сваёй мікстуры ад нарываў, а жрэц з храма Крэвэ прачытаў над гэтай брыдой малітву. Ну, паставілі яны авечую фальшыўку пасярод статка і калочкам падперлі. Насамрэч ніхто не верыў, што цмочышча спакусіцца гэтым гаўном, ад якога смурод на мілі разносіўся, але рэчаіснасць перасягнула ўсе нашы чаканні. Пагарджаючы жывымі авечкамі, якія бэкаюць па-сапраўднаму, змей праглынуў прынаду разам з калочкам.
— І? Ну гавары ж, Казялец!
— А я што, чымсьці іншым займаюся? Я ўвесь час гавару. Слухайце, што далей было. Не прайшло і тых імгненняў, за якія хвацкі кавалер даме гарсэт расшнуруе, як цмок зарыкаў, і паваліў з яго дым — што спераду, што ззаду. Па зямлі качаўся, намагаўся ўзляцець, а потым аслабеў і знерухомеў. Два добраахвотнікі пайшлі зірнуць, ці дыхае яшчэ гад атручаны. Былі гэта мясцовы далакоп і мясцовы ідыёт, зачаты дурнаватаю дачкою дрывасека і ўзводам пікінёраў-наёмнікаў, які ішоў праз Галаполе яшчэ за часамі бунту ваяводы Нелюмбіна.
— Ну ты і брэшаш, Казялец.
— Не брашу, а прыхарошваю, гэта розныя рэчы!
— Не надта. Кажы далей, шкада ж часу.
— Карацей, далакоп і баявы ідыёт пайшлі разведатрадам, і насыпалі ім неўзабаве курганчык — маленькі, але вока радуе.
— Ага, — адгукнуўся Борх. — Значыць, цмок быў яшчэ жывы.
— Ну дык, — весела сказаў Казялец. — Жывы, але такі аслаблы, што не зжор ні далакопа, ні паўдурка, толькі кроў злізаў. А потым, на ўсеагульны жах, паляцеў, хоць у паветра падняўся з вялікай цяжкасцю. Кожныя паўтары сотні локцяў з шумам падаў і зноў узлятаў. Часам ішоў, ледзь заднія ногі валочачы. Колькі смельчакоў рушыла за ім, трымаючы зрокавы кантакт. І ведаеце што?
— Кажы ўжо, Казялец.
— Цмок упаў у цясніну ў Пустульскіх гарах, дзесьці ля вытоку Браа, і схаваўся ў тамтэйшых пячорах.
— Ясна, — сказаў Геральт. — Цмок відавочна сядзеў у тых пячорах стагоддзямі, занураны ў спячку. Я чуў пра такія выпадкі. І недзе там мусіць быць яго скарбніца. Цяпер зразумела, чаму мост перакрылі: нехта на тую скарбніцу хоча лапу накласці. І гэты нехта — Недамір з Кайнгорна.
— Менавіта, — пацвердзіў трубадур. — Усё Галаполе аж булькоча, бо тутэйшыя ўпэўненыя, што цмок разам са скарбніцай належыць ім, але з Недамірам задзірацца асцерагаюцца. Недамір — малакасос, які нават галіцца не пачаў, але паспеў прадэманстраваць, што задзірацца з ім не варта. А той цмок яму пазарэз патрэбны — вунь як хутка адрэагаваў.
— Ты хацеў сказаць — скарбніца яму патрэбная.
— Ды акурат больш цмок, чым скарбніца. Бо Недамір, да вашага ведама, точыць зубы на суседняе княства Малеорэ. Там князь памёр — раптоўна і пры дзіўных абставінах, — а па ім на трон села князёўна ў, скажам так, шлюбаздольным узросце. Малеорскія вяльможы глядзяць і на Недаміра, і на іншых канкурэнтаў скоса, бо разумеюць, што новы ўладар зацугляе іх жорстка, не тое што князёўна смаркатая. Ну і адкапалі яны недзе старое пыльнае прароцтва, якое вяшчуе, што карона і рука дзявулі дастануцца таму, хто пераможа цмока. А цмока тут не бачылі стагоддзямі, таму ўсе думалі, што можна не хвалявацца. Недамір, вядома, з легенды пасмяяўся б, узяў бы Малеорэ сілай, і ўсё на тым, але калі разнеслася вестка пра галапольскага цмока, ён зразумеў, што можа пабіць малеорскую шляхту яе ўласнай зброяй. Калі ён прыйдзе туды з цмачынай галавою, народ прывітае яго як пасланага багамі манарха, а вяльможы нават пікнуць не здолеюць. Чаго ж здзіўляцца, што ён пабег за цмокам як усраўшыся, асабліва за тым, які ледзь ногі цягне! Гэта ж для яго ўдача з удач, падарунак лёсу, трасца яго бяры.
— А дарогі перагарадзіў, каб канкурэнтаў не набегла.
— Ну дык! І галапольцаў таксама. А яшчэ па ўсёй ваколіцы коннікаў з граматамі разаслаў — для тых, хто можа цмока забіць, бо Недамір неяк не рвецца сам у пячору з мячом лезці. Ну і збегліся сюды найслыннейшыя цмакабойцы. Большасць ты мусіш ведаць, Геральт.
— Магчыма. Хто там прыехаў?
— Эйк з Дэнэсле — раз.
— Ні чарта сабе халера, — ціха прысвіснуў вядзьмар. — Пабожны, поўны цнот Эйк, рыцар без страху і заганы ўласнай персонай.
— Ты яго ведаеш, Геральт? — спытаў Борх. — Ён праўда такі звяруга што да цмокаў?
— Не толькі да цмокаў. Эйку па плячы любая пачвара — ён нават мантыкор з грыфонамі забіваў. Некалькі цмокаў таксама прыгаварыў, як я чуў. Карацей, зух. Але псуе мне справы, шэльма, бо грошай не бярэ. Хто яшчэ, Казялец?
— Рубачы з Крынфрыда.
— Ну ўсё, капцы цмоку. Нават калі акрыяў. Гэтыя трое — зладжаная хеўра і б'юцца не тое каб сумленна, але з поспехам. Яны вынішчылі ўсіх слізгуноў і вілахвостаў у Рэданіі, а заадно палеглі тры чырвоныя цмокі і адзін чорны. Няблага. Гэта ўсе, Казялец?
— Не. Яшчэ шасцёра красналюдаў далучылася. Пяць штук барадачоў, якімі камандуе Ярпен Зігрын.
— Гэтага не ведаю.
— Але ж пра цмока Освіста з Кварцавай гары чуў?
— Чуў. І камяні з яго скарбніцы бачыў — нечуванай афарбоўкі сапфіры і дыяменты з чарэшню велічынёй.
— Ну дык ведай, што Освіста палажылі акурат Ярпен Зігрын і яго красналюды. Балада пра гэта ёсць, але паганая, бо не мая. Калі не чуў, то нічога не страціў.
— Ну а цяпер усе?
— Так. Калі цябе не лічыць. Ты ўсё казаў, што нічога пра цмока не ведаеш — можа, і не маніў. Але ж цяпер ведаеш — і што скажаш?
— І нічога не скажу. Цмок мяне не цікавіць.
— Ха! Хітрыш, Геральт. У цябе проста граматы няма.
— Паўтараю: цмок мяне не цікавіць. А цябе, Казялец, што так туды цягне?
— Што і звычайна, — паціснуў плячыма трубадур. — Трэба трымацца побач са слаўнымі здарэннямі і відовішчамі. Розгалас ад бітвы з цмокам будзе шырокі. Я, вядома, мог бы скласці баладу з чужых слоў, але з вуснаў таго, хто бачыў бой на ўласныя вочы, яна будзе гучаць зусім іначай.
— Бой? — засмяяўся Тры Каўкі. — Гэта як свінню будуць біць, толькі цмока? Падліну разбіраць? Слухаю я цябе і ад душы дзіўлюся. Слаўныя ваяры, што кінуліся сюды на ўвесь скач, каб уходаць паўдохлага цмока, атручанага нейкім лапцюжнікам. Рыгаць-рагатаць проста.
— Ты памыляешся, — сказаў Геральт. — Калі цмока атрута адразу не ўзяла, яго арганізм дакладна яе перамог, і монстр зноў поўны сіл. Але гэта, зрэшты, ужо няважна. Рубачы з Крынфрыда пакладуць яго ў любым выпадку, аднак без бою, каб ты ведаў, не абыдзецца.
— Дык ты, Геральт на Рубачоў ставіш?
— Ну вядома.
— Вось яшчэ, — гэта былі першыя словы стражніка-мастака. — Цмочышча — пачвара магічная, і толькі чарамі яго зніштожыць можна. Калі нехта з ім і справіцца — то хіба чараўніца, што ўчора сюды прыехала.
Геральт нахіліў галаву:
— Хто?
— Чарадзейка, — прамовіў стражнік. — Кажу ж.
— Яна імя сваё сказала?
— Так, але я забыў. З граматай прыехала. Маладая была, пекная па-свойму, але вочы гэтыя… Самі разумееце, пане. Холадна мужыку робіцца, як такая на яго зірне.
— Ты што-небудзь ведаеш, Казялец? Хто гэта можа быць?
— Не, — скрывіўся бард. — Маладая, пекная і вочы гэтыя — во прыкметы знайшоў. Яны ўсе такія. З тых, каго я ведаю (а ведаю я многіх), ніводная не выглядае старэйшай за дваццаць пяць – трыццаць, а некаторыя ж з іх помняць часы, калі на месцы цяперашняга Навіграда бор шумеў. Бо эліксіры мандрагоры для чаго? А яны нават вочы сабе мандрагорай закапваюць, каб блішчалі. Бабы ёсць бабы.
— Не рудая? — спытаў вядзьмар.
— Не, пане, — адказаў дзясятнік. — Чорненькая.
— А конь якой масці? Гнеды з белай плямкай?
— Не-а. Вараны, як гаспадыня. Але, панове, гавару вам, яна цмока і паложыць. Цмок — тое чарадзейская работа. Людская сіла яго не здужае.
— Цікава, што б на гэта сказаў шавец Казаед, — засмяяўся Казялец. — Калі б у яго пад рукою было штосьці мацнейшае за чэмер і воўчыя ягады, цмачыная скура ўжо сушылася б на якім галапольскім плоце, балада была б гатовая, а я не смажыўся б тут на сонцы…
— А як так атрымалася, што Недамір не ўзяў цябе з сабою? — спытаў Геральт, скоса зірнуўшы на паэта. — Ты ж быў у Галаполі, калі ён выязджаў. Няўжо ўладар не любіць людзей мастацтва? Праз што ты тут смажышся, а не брынкаеш усякае ля каралеўскага стрэмені?
— Не праз што, а праз каго, — панура адказаў Казялец. — Заседзеўся я ў адной маладой удавы, а Недамір і астатнія наступнага дня ўжо за ракою былі. Нават Казаеда гэтага з сабой узялі і яшчэ лазутчыкаў з галапольскага апалчэння, толькі мяне забылі. Тлумачу я гэта дзясятніку, тлумачу, а ён…
— Ёсць грамата — пушчаю, — абыякава азваўся стражнік, які акурат мачыўся на дамок мытніка. — Няма граматы— не пушчаю. Загад такі…
— О, — перабіў яго Тры Каўкі. — Дзяўчаты з півам вяртаюцца.
— І не адны, — дадаў Казялец, падымаючыся. — Зірніце на гэтага каня. Рыхтык цмок.
Ад бярозавага гаю на вялізным неспакойным баявым жарабцы ехаў вершнік, а па баках ад яго галопам скакалі зэрыканкі.
Вядзьмар таксама падняўся.
На вершніку быў фіялетавы аксамітны кунтуш са срэбнай шнуроўкай і кароткі плашч, абшыты сабаліным футрам. Выпрастаўшыся ў сядле, ён горда глядзеў на іх. Геральт ведаў такія позіркі. І быў ад іх не ў захапленні.
— Вітаю, панове. Я — Дарэгарай, — прадставіўся вершнік, павольна і з годнасцю спешваючыся. — Майстар Дарэгарай. Чарадзей.
— Майстар Геральт. Вядзьмар.
— Майстар Казялец. Паэт.
— Борх па мянушцы Тры Каўкі. А з маімі дзяўчатамі, што вунь там затычку з бочкі цягнуць, вы паспелі пазнаёміцца, пане Дарэгарай.
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку
Made on
Tilda