Анджэй Сапкоўскі
Вядзьмар. Апошняе жаданне
«Апошняе жаданне» — першая кніга з цыкла «Вядзьмар» славутага польскага пісьменніка Анджэя Сапкоўскага, якая складаецца з сямі навел. Вы пазнаёміцеся з майстрам меча Геральтам з Рывіі, які вядзе бесперапынную вайну з жахлівымі монстрамі і нячысцікамі.
Сага А. Сапкоўскага — адзін з найлепшых узораў літаратуры ў жанры фэнтэзі. Яго героі даўно сталі культавымі персанажамі сярод чытачоў па ўсім свеце.

папярэдні заказ за 22,00 BYN
ВЯДЗЬМАР

I

Пазней казалі, што той чалавек з'явіўся з поўначы, з боку Канатнай брамы. Ішоў ён пехам, ведучы за аб­роць нагружанага каня. Было далёка за поўдзень, і кра­мы вяровачнікаў і рымараў ужо зачыніліся, а вуліца апусцела. Надвор'е стаяла цёплае, а чалавек быў у чорным плашчы, накінутым на плечы. Гэта прыцягвала позіркі.
Ён прыпыніўся перад карчмой «Стары Наракорт», па­стаяў крыху, прыслухоўваючыся да гоману. Як звы­чайна ў такі час, карчма была поўная народу.
Заходзіць у «Стары Наракорт» незнаёмы не стаў і пацягнуў каня далей, уніз па вуліцы. Там віднелася яшчэ адна карчма — меншая, пад назвай «У Ліса». У ёй было пуста — гэтае месца добрай славы не мела.
Карчмар, што стаяў над бочкай з салёнымі агуркамі, падняў галаву і змераў госця позіркам. Чужаніца, не скідаючы плашча, моўчкі застыў ля стойкі.
— Чаго падаць?
— Піва, — адказаў прыхадзень. Голас у яго быў непрыемны.
Карчмар выцер рукі аб палатняны фартух і напоўніў пітвом шчарбаты гліняны куфаль.
Чужынец не быў стары, нягледзячы на амаль цалкам белыя валасы. Пад плашчом ён насіў выцерты скураны кунтуш са шнуроўкай на плячах і гарлавіне. А калі сцягнуў плашч, усе заўважылі меч на рэмені за спінаю. Дзіўнага ў гэтым нічога не было — у Вызіме амаль усе хадзілі са зброяй, — але ніхто не насіў меч за спінай, як лук ці калчан.
Незнаёмы не сеў за стол побач з нешматлікімі на­вед­­нікамі, а прыткнуўся ля дальняга канца стойкі, вы­вучаючы карчмара праніклівым позіркам. Потым ад­піў з куфля.
— Мне б пакой які, пераначаваць.
— Няма, — прабурчаў карчмар, зыркаючы на пыльныя і брудныя боты госця. — У «Старым Наракорце» пытайцеся.
— А мне б тут.
— Няма, — карчмар урэшце распазнаў гаворку н­е­­знаё­­мага. З Рывіі, значыць.
— Я заплачу, — прамовіў чужынец ціха і нібы ня­ў­пэўнена.
Вось тады гэтая паскудная гісторыя і закруцілася. Васпаваты бамбіза, які з той самай хвіліны, як госць увайшоў, не спускаў з яго змрочнага позірку, устаў і рушыў да стойкі. Двое яго таварышаў сталі ззаду, усяго за два крокі.
— Няма пакояў, шэльма, валацуга рывійскі, — пра­хрыпеў васпаваты, падышоўшы ўсутыч. — Не трэба нам тут, у Вызіме, такіх, як ты. У нас прыстойны горад!
Незнаёмы ўзяў свой куфаль і адсунуўся. Паглядзеў на карчмара, але той схаваў вочы. Ён бы і не падумаў бараніць рывійца. Хто ўвогуле любіць рывійцаў?
— Усе рывійцы — злодзеі, — працягваў васпаваты, ад якога патыхала півам, часнаком і ярасцю. — Гэй, вырадак, чуеш?
— Не чуе, вушы гаўном заляпіла, — прамовіў адзін з тых, што стаялі ззаду, а другі зарагатаў.
— Плаці і чашы адсюль! — рыкнуў рабы.
Толькі цяпер чужынец зірнуў на яго.
— Піва дап'ю.
— А мы табе дапаможам! — прашыпеў бамбіза.
Ён выбіў з рук рывійца куфаль і, схапіўшы прыхадня за плячо, учапіўся пальцамі ў рэмень, што наўскасяк ішоў праз грудзі. Адзін з таварышаў васпаватага занёс кулак для ўдару. Чужынец крутануўся на месцы, па­збаў­ляючы бамбізу раўнавагі. Меч зашыпеў у ножнах і востра бліснуў у святле каганцоў. Усё завіравала. Па­чуліся крыкі. Колькі наведнікаў кінулася да выхаду. З трэскам звалілася крэсла, глуха ляснуўся аб падлогу глі­няны посуд. Карчмар — вусны ў яго дрыжалі — гля­дзеў на жахліва пасечаны твар васпаватага: бамбіза павольна спаўзаў уніз, учапіўшыся пальцамі за край стойкі, асядаў і знікаў з вачэй, нібы тонучы. Яго таварышы ляжалі на падлозе: адзін знерухомеў, другі ж курчыўся і тросся ў цёмнай лужыне, якая імкліва шырылася. У паветры дрыжаў, свідруючы вушы, пранізлівы, роспачны жаночы крык. Карчмара перасмыкнула, ён сутаргава ўдых­нуў паветра і званітаваў.
Чужынец адступіў да сцяны — уважлівы, насцярожаны. Меч ён трымаў аберуч, водзячы вастрыём у паветры. Ніхто не рухаўся. Твары халоднай цінаю абляпіў жах, скаваў целы, заткнуў горлы.
У карчму з шумам і трэскам уваліліся тры стражнікі, якія, відаць, былі непадалёк. Яны трымалі напагатове аплеценыя рамянямі палкі, але ўбачыўшы трупы, імгненна дасталі мячы. Рывіец прыпаў спінай да сцяны, левай рукой выцягнуў з халявы кінжал.
— А ну кінь! — люта рыкнуў адзін са стражнікаў. — Я кажу, кінь, бандзюга! З намі пойдзеш.
Другі стражнік пхнуў стол, які замінаў яму абысці рывійца збоку.
— Збегай прывядзі людзей, Трэска! — крыкнуў ён трэцяму, што трымаўся ля дзвярэй.
— Не трэба, — сказаў незнаёмец, апускаючы меч. — Сам пайду.
— Пойдзеш, суччын сын, толькі на вяроўцы! — выбухнуў першы. — Кінь меч, а то мазгаўню растаўку!
Рывіец выпрастаўся. Потым хутка засунуў клінок пад паху, а другую руку выцягнуў у бок стражнікаў, падняў уверх і спрытна накрэсліў у паветры складаны сімвал. Бліснулі заклёпкі, якія густа пакрывалі доўгія — да самых локцяў — адвароты скуранога кунтуша.
Стражнікі імгненна адхіснуліся, прыкрываючы тва­ры рукамі. Хтосьці з наведнікаў ускочыў, хтосьці кінуўся да дзвярэй. Зноў закрычала жанчына — дзіка, пранізліва.
— Сам пайду, — паўтарыў незнаёмец звонкім, металічным голасам. — А вы ўтрох — наперадзе. Заведзяце мяне да ваяводы гэтага горада. Я дарогі не ведаю.
— Завядзём, завядзём, — прамармытаў стражнік, апу­скаючы галаву. Няўпэўнена азіраючыся, ён пайшоў да дзвярэй. Два іншыя пасунуліся за ім, паспешліва ідучы задам. Незнаёмец рушыў следам, хаваючы меч у ножны, а кінжал — у халяву. Калі яны міналі сталы, наведнікі закрывалі твары крысамі кунтушоў.

II

Велярад, ваявода Вызімы, задуменна пачухаў падба­роддзе. Ён не быў ні прымхлівым, ні баязлівым, але пер­спектыва застацца з гэтым белавалосым сам-насам не абяцала нічога добрага. Нарэшце Велярад прыняў рашэнне.
— Выйдзіце, — загадаў ён стражнікам. — А ты сядай. Не, не тут — вунь там, далей, будзь ласкавы.
Незнаёмец сеў. Плашча і мяча пры ім ужо не было.
— Слухаю, — прамовіў Велярад, пагладжваючы цяжкую булаву, што ляжала на стале. — Я Велярад, ваявода Вызімы. Што скажаш, перш чым адправіцца ў вязніцу, шаноўны мой бандыце? Трое забітых, спроба наслаць чары — нядрэнна, зусім нядрэнна. За такое ў нас у Вызіме на кол садзяць. Але я са справядлівасцю сябрую, таму спачатку выслухаю цябе. Гавары.
Рывіец расшпіліў кунтуш і дастаў белы скрутак з казлінай скуры.
— Вось гэта на слупах ды ў корчмах папрыбівана, — ціха сказаў ён. — Праўду пішуць?
— А-а, — прабурчаў Велярад, зірнуўшы на руны, вы­траўленыя на скуры, — вось яно што. А я адразу і не зда­гадаўся. Праўда, найпраўдзівейшая праўда. Бачыш под­піс? «Фольтэст, кароль, уладар Тэмерыі, Понтара і Мага­кама». Значыць, праўда. Але адозвы адозвамі, а закон ёсць закон. Я ў Вызіме за законам і парадкам сачу, таму людзей забіваць не дазволю. Ясна табе?
Рывіец кіўнуў — ясна, маўляў. Велярад злосна засоп.
— Вядзьмарскі знак маеш?
Незнаёмец зноў запусціў руку за пазуху і дастаў круг­лы медальён на срэбным ланцужку. На медальёне шчэ­рыла іклы воўчая галава.
— Імя ў цябе нейкае ёсць? Называй якое хочаш, я не з цікаўнасці пытаюся, а каб размаўляць лацвей было.
— Геральт мяне зваць.
— Ну, няхай Геральт. Мяркуючы па гаворцы, з Рывіі?
— З Рывіі.
— Добра. Ведаеш што, Геральт? Ты вось гэта, — Велярад пляснуў далонню па разгорнутай адозве, — кінь. Справа сур'ёзная, ужо шмат хто спрабаваў. Гэта табе, браце, не парачку нягоднікаў пашынкаваць.
— Я ведаю. Гэта маё рамяство, уладару Вызімы. Тут напісана, што ўзнагарода — тры тысячы орэнаў.
Велярад скрывіўся:
— Тры тысячы, ага. І каралеўну за жонку, як людзі кажуць, хаця гэтага міласцівы Фольтэст не дапісаў.
— Каралеўна мяне не цікавіць, — спакойна прамовіў Геральт, які нерухома сядзеў, паклаўшы рукі на калені. — Напісана: тры тысячы.
— Ну што за часы, — уздыхнуў Велярад, — паршывыя часы. Ці ж мог хто-небудзь гадоў дваццаць таму ўявіць, нават надзюбаўшыся, што з'явяцца такія ўмельствы, як тваё? Ведзьмары! Вандроўныя пераможцы васіліскаў! Найманыя забойцы цмокаў і тапельнікаў! Геральт, а піва вам вашы статуты дазваляюць?
— Вядома.
Велярад пляснуў у далоні.
— Піва! — крыкнуў ён. — Сядай бліжэй, Геральт, чаго ўжо там.
Піва было халоднае і пеністае.
— Паршывыя часы надышлі, — балабоніў Велярад, пацягваючы з куфля. — Развялося ўсякай погані. У магакамскіх гарах кішма кішаць бабалакі. У лясах некалі добра калі ваўкі вылі, а цяпер на табе: вупыры, пушчавікі нейкія, куды ні плюнь — дык або ваўкалак, або яшчэ якая зараза. Па вёсках русалкі з начніцамі дзяцей крадуць, лік ужо на сотні ідзе. Ад хваробаў, пра якія раней не чуў ніхто, валасы дыбарам. І для поўнага шчасця — во гэта, — ён піхнуў скрутак са скуры, і той паехаў па стале. — Нядзіўна, Геральт, што на вашы паслугі такі попыт.
— Гэта каралеўская адозва, уладару Вызімы, — падняў галаву Геральт. — А падрабязнасці ведаеце?
Велярад адкінуўся на спінку крэсла, сплёўшы пальцы на жываце.
— Падрабязнасці, кажаш? Ды ведаю. Не тое каб з першых рук, але крыніцы надзейныя.
— Пра гэта і пытаюся.
— Упёрся, значыць? Ну як хочаш, слухай, — Велярад сербануў піва і сцішыў голас. — Наш міласцівы Фольтэст яшчэ каралевічам, за часамі бацькі свайго, старога Медэля, з усіх сіл нам паказваў, што спрытнюга. Не маніў, трэба сказаць. Мы думалі, што з часам перарасце. А Фольтэст адразу пасля смерці старога караля, вось проста пасля ўласнай каранацыі, узяў і самога сябе перасягнуў. У нас аж сківіцы пападалі. Карацей, ён сваёй роднай сястры Адзе зрабіў дзіця. Ада была маладзейшая за яго, яны заўсёды разам трымаліся, але ніхто нічога не падазраваў — ну, можа, хіба каралева... І тут раз — Ада во з такім пузам ходзіць, а Фольтэст пачынае гаварыць пра шлюб. З сястрой! Уяўляеш, Геральт? Карацей, становішча — хоць з каменем на шыі ў вір сігай, бо Візімір з Навіграда акурат задумаў выдаць за Фольтэста сваю Дальку, пасольства выслаў, а тут караля трэба трымаць за рукі-ногі, бо той рвецца бегчы і паслоў бэсціць. Добра, што ўтрымалі, бо абражаны Візімір нам кішкі выпусціў бы. Пасля гэтага, не без дапамогі Ады, якая мела на брата ўплыў, шчанюка ад хуткага шлюбу адгаварылі. Ну а потым Ада — у належны час, а як жа — нарадзіла. Цяпер настаўляй вушы, бо пачынаецца. Тое, што нарадзілася, бачылі нямногія, але адна павітуха скокнула з акна ў вежы і забілася, а ў другой у галаве памуцілася, так і ходзіць дурнаватая. Таму мяркую, што байструк атрымаўся не надта прыгожанькі. Дзяўчынка гэта была. Зрэшты, яна адразу памерла: здаецца мне, ніхто асабліва не спяшаўся перавязваць пупавіну. Ада, на сваё шчасце, родаў не перажыла. А потым, браце, Фольтэст каторы раз выставіў сябе дурнем. Байстручку трэба было спаліць ці, не ведаю, закапаць на якой пустцы, а не хаваць у саркафагу ў сутарэннях палаца.
Геральт падняў галаву:
— Позна разбірацца. У любым разе трэба было паклікаць кагось з Пасвячоных.
— Ты пра гэтых шэльмаў з зоркамі на шапках? Дык іх аж дзясятак збегся, але толькі потым, калі стала ясна, што ляжыць у тым саркафагу. І што з яго начамі вылазіць. А яно ж не адразу пачало вылазіць, не‑е. Сем гадоў пасля пахавання было ціха. І тут аднае ночы — на поў­ню — у палацы раптам шум, крык, сумятня! Што тут раздабарваць — ты ў гэтым разбіраешся, адозву таксама чытаў. Немаўля ў труне падрасло — і гэта яшчэ б нічога, але і зубы ў яго выраслі выдатныя. Адным словам — стрыга. Шкада, ты трупаў не бачыў, як я. Іначай абыхо­дзіў бы Вызіму па шырокай дузе.
Геральт маўчаў.
— Вось тады, — працягнуў Велярад, — як я ўжо казаў, Фольтэст сагнаў сюды цэлы статак чараўнікоў. Пера­крыквалі яны адзін аднаго, аж ледзь не пабіліся тымі сваімі посахамі — і навошта ім посахі, хіба сабак адганяць, калі хто нацкуе. Падазраю, сабак на іх нацкоўваюць пастаянна. Выбачай, Геральт, калі ў цябе пра чарадзеяў іншая думка — а з такім заняткам, як твой, яна пэўна іншая, — але для мяне яны дармаеды і дурні. Вось вас, ведзьмароў, людзі паважаюць болей. Вы прынамсі... як бы гэта сказаць... канкрэтныя.
Геральт усміхнуўся, але нічога не адказаў.
— Але давай да справы, — Велярад зазірнуў у куфаль і даліў піва сабе і рывійцу. — Некаторыя парады чараўнікоў здаваліся зусім някепскімі. Адзін прапаноўваў спаліць стрыгу разам з саркафагам і палацам, іншы раіў адсячы ёй галаву лапатай, астатнія схіляліся да таго, каб нашпігаваць яе асінавымі каламі — безумоўна, удзень, калі погань спіць у труне, змораная начнымі ўцехамі. На жаль, знайшоўся блазан у востраканечнай шапцы на лысым чэрапе, пустэльнік гарбаты, які выдумаў, што ўсё гэта чары, што іх можна зняць — і замест стрыгі Фольтэст атрымае дачушку, прыгожую як з карцінкі. Трэба толькі ноч у склепе пасядзець — і гатова. Ну і пайшоў ён у палац начаваць — уяўляеш, Геральт, які ёлуп быў? Няцяжка здагадацца, што засталося ад яго мала, шапка хіба і посах. Але Фольтэст учапіўся за яго думку як дзядоўнік за сабачы хвост. Любыя спробы забіць стрыгу забараніў, а з усіх магчымых закуткаў краіны нацягаў у Вызіму ашуканцаў, каб чары зняць і зрабіць са стрыгі каралеўну. Якая ж гэта была маляўнічая кампанія! Нейкія шалёныя бабы, мужыкі кульгавыя, брудныя, вашывыя — аж гля­дзець шкада, браце. Ну і давай яны чараваць, у асноўным над міскай і куфлем. Вядома, некаторых Фольтэст ці яго дарадцы хутка выкрылі, парачку нават на частаколе павесілі, але мала, мала. Я б усіх павесіў. Што стрыга тым часам усё жэрла і жэрла іншых людзей, не звяртаючы на прайдзісветаў і іх закляцці ніякай увагі, і згадваць, мабыць, не варта. Як і таго, што Фольтэст з палаца збег. Адтуль усе паразбягаліся.
Велярад спыніўся і глынуў піва. Вядзьмар маўчаў.
— Вось так яно, Геральт, і цягнецца шэсць гадоў — бо таму стварэнню ўжо каля чатырнаццаці. Калі яно нарадзілася, у нас былі іншыя клопаты — мы акурат пабіліся з Візімірам з Навіграда, але з важкіх і зразуме­лых прычын. І пакуль мы памежныя слупы перасоўвалі, тут было не да нейкай дачкі ці высокага сваяцтва. А Фольтэст, дарэчы, ужо пра шлюб павяквае і вывучае дасланыя суседнімі дварамі візэрункі, якія раней нязменна ў выграбную яміну выкідаў. Часам на яго зноў находзіць, і ён выпраўляе коннікаў, каб яшчэ ча­раў­нікоў шукалі. Ну і ўзнагароду паабяцаў, тры тысячы, праз што пазбягалася крыху шаленцаў, рыцараў вандроўных... — нават адзін пастух быў, вядомы ўсёй ваколіцы дурыла, хай спачывае з мірам. А стрыга маецца добра. Ну, жарэ кагосьці час ад часу — прывыкнуць можна. Затое з тых герояў, што спрабуюць зняць з яе чары, хоць нейкая карысць ёсць: пачвара наядаецца на месцы і па-за палацам не швэндаецца. А ў Фольтэста новы палац, зусім харошы.
— За шэсць гадоў, — падняў галаву Геральт, — ніхто не даў рады?
— Ну вось так, — пранікліва зірнуў на ведзьмара Велярад. — Бо рады тут не дасі, і камусьці давядзецца з гэтым змірыцца. Гэта я пра Фольтэста, нашага любімага міласцівага ўладара, які ўсё яшчэ прыбівае адозвы на ростанях. Ахвотнікаў, праўда, нібы паменела. Нядаўна прыходзіў адзін, але хацеў тыя тры тысячы абавязкова наперад. Ну, мы яго ў мех засунулі і ў возера кінулі.
— Ашуканцаў хапае.
— Яшчэ як хапае. Аж зашмат, — падтакнуў Велярад, не спу­скаючы з ведзьмара вачэй. — Таму калі пойдзеш у па­лац, не прасі золата наперад. Калі пойдзеш, вядома.
— Пайду.
— Ну, справа твая. Але маёй парады не забудзь. І калі мы пра ўзнагароду, то апошнім часам ідзе пагалоска пра яе другую частку, я табе ўжо казаў. Каралеўна за жонку. Не ведаю, хто гэта прыдумаў, але калі стрыга выглядае так, як расказваюць, то жарт зусім змрочны. І ўсё адно хапіла дурняў, што галопам паскакалі ў палац, як толькі разнеслася вестка пра магчымасць увайсці ў каралеўскую сям'ю. А дакладней — двух шаўцовых вучняў. Чаму шаўцы такія ёлупы, га, Геральт?
— Не ведаю. А ведзьмары, уладару? Спрабавалі?
— Некалькі было, а як жа. Часцей за ўсё, пачуўшы, што са стрыгі трэба зняць чары, а не забіць, яны паціскалі плячыма ды ішлі прэч. Вось тады, Геральт, мая павага да ведзьмароў моцна ўзрасла. Ну а потым прыехаў адзін — за цябе маладзейшы быў, імя не памятаю, калі ён увогуле яго назваў. Вось гэты паспрабаваў.
— І як?
— Зубастая каралеўна расцягала яго вантробы на ладную адлегласць. Недзе на палову палёту стралы.
Геральт паківаў.
— І ўсё?
— Яшчэ адзін быў.
Велярад трохі памаўчаў. Вядзьмар не стаў яго пры­спешваць.
— Так, — урэшце вымавіў уладар Вызімы. — Яшчэ адзін быў. Спачатку, калі Фольтэст прыгразіў яму шыбеніцай за забойства ці абязвечанне стрыгі, ён толькі засмяяўся і пачаў збірацца. Але потым...
Велярад зноў сцішыў голас — амаль да шэпту — і нахіліўся над сталом.
— Потым узяўся. Скажу табе, Геральт: ёсць у нас у Вызіме колькі разумных людзей, нават на высокіх пасадах, якім усё гэта ўжо абрыдла. Чуткі кажуць, што тыя лю­дзі цішком угаварылі ведзьмара не малімоніцца з чарамі і стрыгу прыстукнуць, а каралю сказаць, што чары не падзейнічалі, дачушка з лесвіцы звалілася — ну, няшчасны выпадак на працы, бывае. Кароль, вядома, раззлуецца, але проста не заплаціць ні орэна той узнагароды, і канец справе. Паршывец вядзьмарскі на гэта адказаў, што бясплатна да стрыгі мы можам самі пайсці. Ну, што было рабіць... Скінуліся мы, патаргаваліся... Але нічога не атрымалася.
Геральт падняў бровы.
— Расказваю, — працягнуў Велярад. — Вядзьмар той адразу, у першую ж ноч, ісці не хацеў. Нешта ўсё круціўся, хаваўся, па ваколіцы шастаў. І ўрэшце, кажуць, убачыў стрыгу — напэўна за справаю, бо пачвара не вылазіць са склепа толькі каб ногі размяць. Убачыў, карацей, і тае ж ночы даў драла. Не развітаўся нават.
Вусны Геральта скрывіліся ў чымсьці вельмі падоб­ным да ўсмешкі.
— У разумных людзей, — прамовіў ён, — тыя грошы пэўна ж засталіся? Ведзьмары наперад не бяруць.
— Дык, — адказаў Велярад. — Вядома, засталіся.
— А чуткі не хадзілі, колькі іх там?
Велярад ухмыльнуўся:
— Адны кажуць, восемсот...
Геральт пакруціў галавой.
— Іншыя, — прабурчаў яго суразмоўца, — языкамі менцяць пра тысячу.
— Нягуста, калі ўлічыць, што чуткі заўсёды перабольшваюць. Урэшце, кароль дае тры тысячы.
— Не забудзь пра нарачоную, — кпліва адказаў Веля­рад. — Мы ўвогуле аб чым? Зразумела, што тых трох тысяч ты не атрымаеш.
— І з чаго ж гэта зразумела?
Велярад пляснуў далонню па стальніцы.
— Геральт, не псуй мне меркавання пра ведзьмароў! Гэта цягнецца ўжо шэсць з гакам гадоў! Стрыга за год укаюквае з паўсотні чалавек — ну, цяпер менш, бо ўсе пачалі старанна той палац абыходзіць. Не, браце, я ў чары веру — не раз іх бачыў, таму веру... да пэўнай мяжы, вядома... у здольнасці магаў і ведзьмароў. Але гэтае зняц­це чараў — лухта, прыдуманая гарбатым смаркатым дзедам, які здурнеў на пустэльніцкіх харчах, лухта, якой не дае веры ніхто. Апроч Фольтэста. Не, Геральт! Ада нарадзіла стрыгу, таму што спала з уласным братам — вось дзе праўда, і ніякія чары тут не дапамогуць. Стрыга жарэ людзей, бо гэта стрыга, і яе трэба забіць — спакойна і без цырымоній. Слухай, тут два гады таму лапцюжнікі з нейкай задрыпанай дзіры пад Магакамам, якім цмок авечак жор, сабраліся гуртам, затаўклі таго цмока дрынамі і нават не падумалі гэтым неяк асабліва хваліцца. А мы ў Вызіме чакаем цуду і як толькі поўня — замыкаем дзверы ці злачынцаў да слупа ля палаца прывязваем у спадзеве, што пачвара нажарэцца і вернецца ў труну.
— Някепска, — усміхнуўся вядзьмар. — І як, паменела злачынстваў?
— Ні на каліва.
— Як мне той новы палац знайсці?
— Сам цябе правяду. А што наконт прапановы разумных людзей?
— Уладару, — прамовіў Геральт, — навошта спяшац­ца? Сапраўды ж можа здарыцца няшчасны выпадак на працы, незалежна ад маіх намераў. І тады разумным людзям варта падумаць, як абараніць мяне ад кара­леў­скага гневу, і падрыхтаваць тыя паўтары тысячы орэнаў, пра якія балбоча чутка.
— Гаварылася пра тысячу.
— Не, пане Велярад, — цвёрда адказаў Геральт. — Той, каму вы давалі тысячу, уцёк, проста пабачыўшы стрыгу, не таргаваўся нават. А значыць, рызыка каштуе больш за тысячу. А можа, і больш за паўтары, хто ведае, як там будзе. Але абяцаю развітацца.
Велярад пачухаў галаву.
— Геральт... Тысяча дзвесце?
— Не, уладару. Работа не з лёгкіх. Кароль дае тры тысячы, а зняць чары, між іншым, часам лягчэй, чым забіць. Урэшце, калі б гэта было так проста, нехта з маіх папярэднікаў стрыгу і забіў бы. Думаеце, яны далі сябе загрызці толькі таму, што баяліся караля?
— Добра, браце, — сумна кіўнуў Велярад. — Дамовіліся. Толькі ў прысутнасці Фольтэста — ні паўслова пра няшчасны выпадак. Шчыра раю.

III

Фольтэст быў худы і меў прыгожы — аж занадта пры­гожы — твар. Наколькі мог меркаваць вядзьмар, каралю яшчэ не было сарака. Ён сядзеў на разьблёным курульным крэсле з чорнага дрэва, выцягнуўшы ногі да ачага, ля якога грэліся два сабакі. Побач на куфры сядзеў мажны мужчына старэйшага веку з барадою. За каралём стаяў другі — багата адзеты, з гордым выразам твару. Вяльможа.
— Вядзьмар з Рывіі... — вымавіў кароль пасля хвіліны маўчання, якое павісла, калі Велярад скончыў гаварыць.
— Так, уладару, — схіліў галаву Геральт.
— Чаго ж у цябе галава так пасівела? Ад чараў? Бачу ж, што ты не стары. Ладна, ладна, не трэба адказваць, жартую я. Асмелюся дапусціць, што досвед у цябе неблагі, так?
— Так, уладару.
— З прыемнасцю паслухаю.
Геральт пакланіўся яшчэ ніжэй:
— Вы ж ведаеце, уладару: нашы статуты забараняюць расказваць, што мы робім.
— Зручныя статуты, васпане вядзьмар, дужа зручныя. Але калі без падрабязнасцяў... вось з пушчавікамі ты сутыкаўся?
— Так.
— З вампірамі, лесунамі?
— Таксама.
Фольтэст павагаўся.
— Са... стрыгамі?
Геральт падняў галаву і паглядзеў каралю ў вочы.
— Таксама.
Фольтэст адвёў позірк.
— Велярад!
— Так, міласцівы ўладару?
— Ты яму сутнасць справы расказаў?
— Так, міласцівы ўладару. Ён сцвярджае, што чары з каралеўны можна зняць.
— Гэта я даўно ведаю. А якім чынам, васпане вядзь­мар? Ой, забыўся: статуты... Добра. Толькі адно скажу, бо было ў мяне ўжо колькі ведзьмароў. Велярад, апавядаў ты яму? Добра. З таго часу мне вядома, што знаецеся вы хутчэй на забойствах, чым на зняцці сурокаў. Дык вось, гэта не лічыцца. Калі хоць волас упадзе з галавы маёй дачкі, ты сваю на пень пакладзеш. Я ўсё сказаў. Острыт... і вы таксама, пане Сегелін, застаньцеся і раскажыце яму ўсё, пра што спытае. Яны, ведзьмары, заў­сёды шмат пытаюць. Накарміце яго і пакіньце ў палацы, каб па корч­мах не цягаўся.
Кароль устаў, свіснуў сабакам і пайшоў да дзвярэй, раскідваючы салому, што накрывала падлогу ў пакоі. Ля дзвярэй азірнуўся:
— Калі ў цябе атрымаецца, вядзьмар, — узнагарода твая. Можа, і яшчэ нешта дадам, калі добра справішся. Вядома, у байках чэрні пра жаніцьбу з каралеўнай ні сло­ва праўды няма. Ты ж не думаеш, што я выдам дачку за першага-лепшага бадзягу?
— Не, уладару, не думаю.
— Добра. Значыць, разумны.
Фольтэст выйшаў і зачыніў за сабою дзверы. Веля­рад і вяльможа, якія дагэтуль стаялі, адразу ж уселіся за стол. Ваявода Вызімы дапіў напалову поўны келіх караля, зазірнуў у збан і вылаяўся. Острыт, што заняў каралеўскае крэсла, спадылба пазіраў на ведзьмара, па­гладжваючы разьблёныя падлакотнікі. Барадаты Сегелін кіўнуў Геральту:
— Сядайце, пане вядзьмару, сядайце. Зараз вячэру па­дадуць. Пра што вы хацелі б даведацца? Велярад, мабыць, вам ужо ўсё апавёў. Я яго ведаю і ўпэўнены, што ска­заў ён хутчэй зашмат, чым замала.
— Хіба некалькі пытанняў яшчэ.
— Давайце.
— Ваявода Велярад згадваў, што пасля з'яўлення стрыгі кароль паклікаў шмат Пасвячоных.
— Так і было. Але не кажыце «стрыга», кажыце «каралеўна» — тады ў прысутнасці караля пазбегнеце гэтай памылкі... і звязаных з ёй непрыемнасцяў.
— Ці быў сярод Пасвячоных хтосьці знакаміты? Слаўны?
— Былі такія і тады, і потым. Імёнаў не памятаю. А вы, пане Острыт?
— Не памятаю, — адказаў вяльможа. — Але знаю, што некаторыя з іх цешыліся славаю і прызнаннем. Пра гэта шмат гаварылі.
— Ці згаджаліся яны з тым, што закляцце можна зняць?
— Да згоды ім было далёка, — усміхнуўся Сегелін. — Па любым пытанні. Але такое сцверджанне гучала. Казалі, што гэта проста, нават магічных здольнасцяў не вымагае: як я зразумеў, дастаткова, каб нехта правёў ноч — ад заходу сонца да трэціх пеўняў — у склепе каля саркафага.
— Ой як проста, ага, — фыркнуў Велярад.
— А апішыце мне... каралеўну.
Велярад ускочыў.
— Каралеўна выглядае як стрыга! — грымнуў ён. — Як найстрыжэйшая стрыга з усіх, пра якіх я чуў! Яе высокасць каралеўская дачка, выклятая байстручка, ростам мае ласку быць чатыры локці, нагадвае піўную бочку, пашча ў яе ад вуха да вуха набітая вострымі, як кінжалы, зубамі, вачышчы чырвоныя, патлы рудыя. Пярэднія лапы — кіпцюрастыя, рыхтык рысіныя, да самай зямлі звісаюць! Я дзіўлюся, як гэта мы яшчэ яе мініяцюры па саюзніцкіх каралеўствах не рассылаем! Каралеўне, каб ёй вантробы вытрыбушыла, ужо чатырнаццаць годзікаў — час падумаць пра шлюб з якім каралевічам!
— Астынь, Велярадзе, — паморшчыўся Острыт, пазіраючы на дзверы. Па твары Сегеліна прабегла лёгкая ўсмешка.
— Апісанне хоць і маляўнічае, але даволі дакладнае, а гэта пану ведзьмару і трэба, праўда ж? Велярад забыў дадаць, што рухаецца каралеўна неймаверна хутка, а яшчэ яна нашмат мацнейшая, чым можна меркаваць з яе росту і целаскладу. А тое, што ёй чатырнаццаць, неаспрэчна. Ну, калі гэта важна.
— Важна, — адказаў вядзьмар. — Яна нападае на лю­дзей толькі ў поўню?
— Так, — кіўнуў Сегелін. — Калі за межамі старога палаца. У самім палацы людзі гінулі заўсёды, незалежна ад фазы месяца. Але выходзіць яна толькі падчас поўні, ды і тое не кожнай.
— Ці нападала яна хоць раз удзень?
— Не. Удзень — ніколі.
— Ахвяраў яна заўжды жарэ?
Велярад смачна сплюнуў на салому.
— А каб цябе, Геральт! Зараз жа вячэра будзе! Цьфу! І жарэ, і надкусвае, і так пакідае — мусіць, ад настрою залежыць. Аднаму толькі галаву адгрызла, парачку вы­трыбушыла, а некалькіх паабгрызала дарэшты, дагала, калі дазволіце. Суччына насенне!
— Замаўчы, Велярад! — прашыпеў Острыт. — Пра стры­гу вярзі што хочаш, але Аду... пры каралю не адваж­ваешся і пры мне не чапай!
— Ці былі такія, хто выжыў пасля нападу? — спытаў вядзьмар, нібыта не звярнуўшы ўвагі на выбух вяльмо­жы.
Сегелін і Острыт перазірнуліся.
— Так, — адказаў барадач. — У самым пачатку, шэсць гадоў таму, яна кінулася на двух жаўнераў, што стаялі на варце ля склепа. Адзін здолеў уцячы.
— І пазней, — уваткнуў у размову язык Велярад, — млынар, на якога яна напала ля горада. Памятаеце?

IV

Познім вечарам наступнага дня ў пакойчык над вартоўняй, у якім пасялілі Геральта, прывялі млынара. Суправаджаў яго жаўнер у плашчы з капюшонам.
Гутарка асаблівых вынікаў не дала. Млынар быў напалоханы, мармытаў, заікаўся. Яго шрамы расказалі ведзь­мару болей: стрыга мела неверагодна шырокія скі­віцы і напраўду вострыя зубы, у тым ліку вельмі доўгія верхнія іклы — чатыры, па два з кожнага боку. Кіпцюры — відавочна вастрэйшыя за рысіныя, хоць і слабей загнутыя. Толькі таму млынару і ўдалося вырвацца.
Скончыўшы агледзіны, Геральт кіўнуў млынару і жаў­неру, адпускаючы іх. Жаўнер выпхнуў селя­ніна за дзве­ры і зняў капюшон. Фольтэст уласнай персонай.
— Сядзі, не ўставай, — сказаў кароль. — Візіт не­афіцыйны. Ну як, задаволены размоваю? Я чуў, ты быў у палацы ўранку.
— Так, уладару.
— Калі возьмешся за справу?
— Да поўні чатыры дні. Пасля поўні.
— Хочаш спачатку да яе прыгледзецца?
— Такой патрэбы няма. Але сытая... каралеўна... будзе не такая спрытная.
— Стрыга, майстру, стрыга. Не гуляй са мной у дыпламатыю. Каралеўнай яна яшчэ толькі будзе. Дарэчы, пра гэта я і прыйшоў паразмаўляць. Скажы мне неафіцыйна, каротка і ясна: будзе ці не будзе? Толькі не трэба зноў пра статуты.
Геральт пацёр лоб.
— Адчараваць можна, кароль, пацвярджаю. І калі не памыляюся, то для гэтага сапраўды трэба правесці ноч у палацы. Калі трэці крык пеўня заспее стрыгу па-за саркафагам, сурокі спадуць. Так са стрыгамі звычайна і робяць.
— Так проста?
— Не проста. Тую ноч трэба перажыць. Таксама маг­чымыя адступленні ад звыклага парадку. Напрыклад, не адну ноч, а тры. Запар. Яшчэ бываюць... ну... безна­дзейныя выпадкі.
— Так, — абурана сказаў Фольтэст. — Мне ўвесь час такое кажуць. Забіць поскудзь, бо тут нічога не паправіш. Я ўпэўнены, майстру, што з табой ужо размаўлялі. Праўда? Засячы, маўляў, людажэрку без цырымоній, як толькі да яе наблізішся, а каралю скажы, што іначай не выйшла. Кароль не заплаціць — мы заплацім. Вельмі выгадна. І танна. Бо кароль загадае ведзьмара абезгаловіць або павесіць, і золата застанецца ў кішэні.
— Кароль канечне загадае ведзьмара абезгаловіць? — скрывіўся Геральт.
Фольтэст доўга глядзеў рывійцу ў вочы.
— Кароль не ведае, — урэшце адказаў ён. — Але ўліч­ваць такую мажлівасць ведзьмару варта.
Цяпер памаўчаў Геральт.
— Зраблю ўсё, што ў маіх сілах, — сказаў ён праз колькі імгненняў. — Але калі ўсё пойдзе кепска, я буду бараніць сваё жыццё. Вам, уладару, таксама варта ўлічваць такую мажлівасць.
Фольтэст устаў.
— Ты мяне не зразумеў. Не ў тым рэч. Вядома, ты яе заб'еш, калі зробіцца горача, падабаецца мне гэта ці не. Бо іначай яна заб'е цябе — бясспрэчна і незваротна. Услых я гэтага не кажу, але я не пакараў бы нікога, хто яе забіў бы, абараняючы сябе. Але не дапушчу, каб яе забілі, не паспрабаваўшы ўратаваць. Ужо былі спробы падпаліць стары палац, з лукаў у яе стралялі, капалі ямы, капканы і пасткі ставілі, аж пакуль я парачку тых малайцоў не павесіў. Але не ў тым рэч, майстру. Паслухай...
— Слухаю.
— Пасля трэціх пеўняў, як я зразумеў, стрыга знікне. А хто з'явіцца?
— Калі ўсё пойдзе добра, то чатырнаццацігадовая дзяў­чына.
— Чырванавокая? З зубамі як у кракадзіла?
— Нармальная дзяўчына. Але толькі...
— Ну?
— Фізічна.
— Вось табе і маеш. А псіхічна? Вядро крыві на сняданак штодзень? Дзявочую ножку?
— Не. Псіхічна... цяжка сказаць... Мабыць, трохгадовае, не ведаю, чатырохгадовае дзіця. На доўгі час клапат­лівага нагляду запатрабуе.
— Зразумела. Майстру...
— Кажыце, уладару.
— А вярнуцца гэта можа? Пазней.
Вядзьмар маўчаў.
— Ага, — прамовіў кароль. — Можа. І што тады?
— Калі надоўга — на некалькі дзён — яна знепрытомнее, а потым памрэ, трэба спаліць цела. Хутка.
Фольтэст нахмурыўся.
— Але не думаю, — дадаў Геральт, — што да такога дойдзе. Для пэўнасці, уладару, я дам вам колькі парадаў наконт таго, як зменшыць небяспеку.
— Цяпер? Ці не зарана, майстру? А калі...
— Цяпер, — перабіў рывіец. — Усякае бывае, кароль. Можа так здарыцца, што на світанні вы знойдзеце ў склепе адчараваную каралеўну і мой труп.
— Нават так? Нягледзячы на мой дазвол бараніць сябе? Дазвол, на якім ты, здаецца, не вельмі і настойваў...
— Справа сур'ёзная, уладару, і рызыка вялікая. Таму слухайце: каралеўне трэба будзе насіць на шыі сапфір — лепш за ўсё інклюз — на срэбным ланцужку. Заўсёды. Дзень і ноч.
— Што такое інклюз?
— Сапфір з паветранай бурбалкай унутры. Апроч таго, у пакоі, дзе каралеўна будзе спаць, нейкі час варта паліць у ачагу галінкі ядлоўцу, зяноўцу і ляшчыны.
Фольтэст задумаўся.
— Дзякуй за парады, майстру. Скарыстаю іх, калі... А цяпер слухай мяне ўважліва. Калі ты ўпэўнішся, што выпадак безнадзейны, забі яе. Калі знімеш сурокі, а дзяў­­чына не будзе... нармальная... калі ў цябе з'явіцца хоць цень сумневу, што атрымалася ўсё, — таксама забі. Не бойся, з майго боку табе нішто не пагражае. Узнагароды, вядома, не дам. Можа, вытаргуеш што-небудзь сам ведаеш у каго.
Яны крыху памаўчалі.
— Геральт... — Фольтэст упершыню назваў ведзьмара па імені.
— Слухаю.
— Колькі праўды ў памоўцы, што дзіця атрымалася вось такім, бо Ада была мне сястрой?
— Няшмат. Чары трэба наслаць, ніводнае закляцце не насылаецца само. Але, мяркую, ваша сувязь з сястрой была прычынай насылання чараў, а значыць, і такога выніку.
— Так я і думаў. І некаторыя з Пасвячоных гэта казалі, але не ўсе. Геральт, адкуль такое бярэцца — чары, магія?
— Не ведаю, кароль. Прычыны гэтых з'яваў вывуча­юць Пасвячоныя. Нам, ведзьмарам, дастаткова ведаць, што сканцэнтраваная воля можа такое выклікаць. І ведаць, як такое адолець.
— Забіць?
— Часцей за ўсё. За гэта нам найчасцей і плацяць. Мала хто жадае зняць сурокі, уладару. Звычайна ўсе проста хочуць унікнуць небяспекі. А калі ў пачвары на сумленні яшчэ і людзі ёсць, узнікае прага адпомсціць.
Кароль устаў, зрабіў некалькі крокаў па пакоі і спыніўся каля вядзьмарскага мяча, што вісеў на сцяне.
— Гэтым? — спытаў ён, не гледзячы на Геральта.
— Не. Гэты для людзей.
— Так, я чуў. Ведаеш што, Геральт... Я з табой у склеп пайду.
— Ні ў якім разе.
Фольтэст павярнуўся, вочы яго заблішчалі.
— Ты разумееш, чараўнік, што я яе не бачыў? Ні як нарадзілася, ні... потым. Баяўся я. Магу ўжо і не ўбачыць ніколі, так? Я маю права хаця б глядзець, як ты яе забіваць будзеш.
— Паўтараю: ні ў якім разе. Гэта пэўная смерць. І для мяне таксама. Калі аслабне ўвага, воля... Не, уладару.
Фольтэст адвярнуўся і пайшоў да дзвярэй. На імгнен­не Геральту падалося, што ён выйдзе моўчкі, не раз­ві­таўшыся, але кароль спыніўся і паглядзеў на яго.
— Ты выклікаеш давер, — прамовіў ён. — А я ж ведаю, што ты за тыпус. Мне расказалі, што здарылася ў карчме. Упэўнены: тых абармотаў ты забіў толькі дзеля розгаласу — каб уразіць людзей, мяне. Відавочна ж, што ты мог іх адолець не забіваючы. Баюся, я ніколі не даведаюся, ідзеш ты ратаваць маю дачку ці забіваць, як іншыя. Але я згодны. Вымушаны згадзіцца. Ведаеш чаму?
Геральт не адказаў.
— Бо я думаю, — вымавіў кароль, — што яна пакутуе. Так?
Вядзьмар спыніў на ім свой праніклівы позірк. Ён не згадзіўся, не кіўнуў, не варухнуўся нават, але Фольтэст ведаў, ведаў адказ.
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку
Made on
Tilda