Томас Ман
Смерць у Венецыі
Стваральнік «інтэлектуальнага рамана», лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1929 года Томас Ман (1875–1955) быў бясспрэчным майстрам у навелістычным жанры. Найлепшыя яго навелы з'яўляюцца ўзорамі глыбокага псіхалагізму, бездакорнай архітэктонікі, дзівоснай гармоніі нацыянальнага і агульна чалавечага, сацыяльнага і ўніверсальнага. Сярод твораў кароткай прозы Мана ёсць сапраўдныя шэдэўры; да іх адносяцца перш за ўсё «Трыстан», «Тоніа Крэгер» і «Смерць у Венецыі», якія публікуюцца ў гэтай кнізе.
Пераклад Уладзіміра Папковіча.

купіць кнігу
Маленькі пан Фрыдэман

І

Вінаватая была мамка… Якая карысць была ад таго, што пры з'яўленні першага падазрэння фрау жонка консула Фрыдэмана сур'ёзна ўнушала ёй, што трэба пазбыцца такой заганы? Якая карысць была ад таго, што яна кожны дзень налівала ёй, акрамя піва, яшчэ шклянку чырвонага віна? Раптам выявілася, што гэтая дзяўчына ўнадзілася піць яшчэ і спірт, які прызначаўся для пры́муса, і перш чым ёй знайшлася замена, і перш чым яе выправілі з дому, здарылася няшчасце. Калі аднойчы маці з трыма дочкамі-падлеткамі вярнулася са шпацыру, малы Ёга­нэс, якому было толькі каля месяца ад нараджэння, ляжаў на зямлі, зваліўшыся са стала для спавівання, ціха папіскваючы, а мамка тупа стаяла побач.
Лекар, які з асцярожнай упэўненасцю абследаваў цельца скручанай і дрыготкай малой істоты, зрабіў вельмі, вельмі заклапочаны твар; тры сястры, румзаючы, стаялі, утварыўшы вугал, а фрау Фрыдэман, перапуджаная да глыбіні душы, гучна малілася.
Няшчаснай жанчыне яшчэ да нараджэння дзіцяці давялося перажыць гора: яе муж, галандскі консул, быў забраны ад яе раптоўнай і цяжкой хваробай, таму яна цяпер была занадта зломленай, каб увогуле мець яшчэ здольнасць спадзявацца на тое, што маленькі Ёганэс застанецца жывы. Толькі праз два дні лекар заявіў ёй, заспакаяльна паціскаючы руку, што непасрэднай пагрозы, дзякаваць Богу, больш няма, лёгкае страсенне мозгу, найперш, ужо цалкам прайшло, і гэта ўжо можна па­знаць з позірку, у якім няма больш тупога выразу, як яно было напачатку… Праўда, трэба пачакаць, што будзе далей у іншым, і спадзявацца на найлепшае, як кажуць, спадзявацца на найлепшае…



Шэры дом з франтонам да вуліцы, у якім вырас Ёганэс Фрыдэман, знаходзіўся каля паўночнай брамы старога, сярэдніх памераў гандлёвага горада. Праз дзверы з двара трапляеш у прас­торны, выкладзены пліткай калідор, адкуль лесвіца з пабеленымі драўлянымі парэнчамі вядзе на паверхі. Шпалеры гас­цёўні на другім паверсе змяшчалі выявы выцвілых пейзажаў, а вакол цяжкога стала з чырвонага дрэва, накрытага цёмна-чыр­вонай плюшавай сурвэтай, стаялі крэслы з высокімі спінкамі.
Тут ён у сваім дзяцінстве часта сядзеў каля акна, перад якім заўсёды буялі цудоўныя кветкі, на маленькім услончыку ў нагах у маці і ўважліва слухаў цудоўны расповед, разглядаючы яе прабор і добры, зычлівы твар ды ўдыхаючы лёгкі водар, што заўсёды ішоў ад яе. Альбо ён прасіў яе паказаць партрэт бацькі, прыязнага пана з сівымі бакенбардамі. Ён цяпер на небе, гаварыла маці, і чакае там іх усіх.
За домам быў маленькі садок, дзе летам яны праводзілі большую частку дня, нягледзячы на саладкаваты пах, які амаль заўсёды далятаў з блізкай цукраварні. Там стаяла старая, пакручастая арэшына, і ў яе цені часта на нізкім крэселку сядзеў малы Ёганэс ды лушчыў арэхі, а фрау Фрыдэман і тры, ужо тым часам дарослыя, дачкі туліліся разам пад тэнтам з шэрай парусіны. Аднак позірк маці часта адрываўся ад шытва, каб паслаць дзіцяці знак сваёй журботнай зычлівасці.
Ён быў непрыгожы, гэты малы Ёганэс, і сваім выглядам, калі ён, востра- і высакагруды, з моцна выгнутай спінай, занадта доўгімі і худымі рукамі, сядзеў на ўслончыку і лушчыў арэхі, ствараў занадта ўжо дзіўную выяву. Але яго далоні і ногі былі вельмі вытанчанай формы, зграбныя; у яго былі вялікія, карыя, як у казулі, вочы, пяшчотна акрэслены рот і мяккія, русыя валасы. Хоць яго твар здаваўся так жахліва ўціснутым паміж плячыма, пра яго, тым не менш, можна было сказаць, што ён прыгожы.

IIІ

Калі яму было сем гадоў, яго выправілі ў школу, і цяпер год за годам праходзілі аднастайна і хутка. Ён кожны дзень крочыў сваёй смешна важнай хадою, якая часта бывае ў седункоў, па­між дамоў з франтонамі ды крамамі ў напрамку да старой школы з гатычнымі скляпеннямі; а дома, выканаўшы заданні, ён ці чытаў свае кніжкі з прыгожымі, стракатымі малюнкамі на вокладках, ці знаходзіў занятак у садзе, а сёстры дапамагалі хваравітай маці ў доме. Яны наведвалі і публічныя вечары, бо Фрыдэманы належалі да першых колаў горада; але дзяўчаты, на жаль, яшчэ не выйшлі замуж, бо іх маёмасць была невялікай, ды й самі яны былі даволі непрываблівымі.
Ёганэс таксама час ад часу атрымліваў запрашэнне ад сваіх ра­веснікаў, але зносіны з імі не прыносілі яму вялікай радасці. Ён не мог удзельнічаць у іх гульнях, а з прычыны таго, што і яны заўсёды ставіліся да яго з нясмелай стрыманасцю, то ні­якая таварыскасць узнікнуць там не магла.
У пэўны час ён часта пачаў чуць на школьным двары, як яны размаўлялі аб пэўных жыццёвых падзеях; уважліва, з вялікай цікавасцю ён прыслухоўваўся, як яны гаварылі пра свае патаемныя захапленні той ці іншай дзяўчынкай, а сам маўчаў. Такія рэчы, гаварыў ён сам сабе, якімі, як відаць, іншыя былі запоўнены без рэшты, належалі да той сферы, да якой ён быў няздатны, гэтаксама як да гімнастыкі і гульні ў мяч. Гэта час ад часу яго крыху засмучала; але, урэшце, ён даўно звыкся жыць сам па сабе і не падзяляць зацікаўленасці іншых.
Аднак здарылася, што ён — тады яму было 16 гадоў — раптам адчуў прыхільнасць да дзяўчынкі-равесніцы. Гэта была сястра аднаго з аднакласнікаў, бялявая, выключна вясёлая істота. Ён пазнаёміўся з ёй у яе брата. Ён адчуў у суседстве з ёй дзіўную разгубленасць, але яе няўпэўненае і ўдавана прыязнае абыхо­джанне з ім напоўнілі яго глыбокім смуткам.
Калі аднаго разу летнім надвячоркам ён самотна шпацыраваў па гарадскім вале, ён пачуў за язмінавым кустом шэпт і прыслухаўся, асцярожна стаіўшыся паміж голлем. На лаўцы, якая стая­ла там, сядзела тая дзяўчынка побач з высокім рыжагаловым юнаком, яму добра знаёмым; той абдымаў яе і цалаваў у вусны, і яна, хіхікаючы, адказвала ўзаемнасцю. Калі Ёганэс Фрыдэман убачыў гэта, ён павярнуўся і ціхенька падаўся прэч.
Яго галава яшчэ глыбей уціснулася ў плечы, яго рукі дрыжалі, і рэзкі пранізлівы боль з грудзей перамясціўся аж у горла. Але ён глытком вярнуў яго назад і рашуча выпрастаўся, наколькі мог. «Добра, — сказаў ён сам сабе, — з гэтым скончана. Я больш ніколі ў жыцці не буду ствараць сабе такога клопату. Іншым такое прыносіць шчасце і радасць, а мне — толькі гора ды пакуты. Паквітаюся з гэтым. Для мяне гэта — завершаны этап. Ніколі больш…»
Рашэнне прынесла яму палёгку. Ён адмовіўся, адмовіўся назаўсёды. Ён прыходзіў дамоў і браў кніжку ці пачынаў іграць на скрыпцы: гэтаму ён навучыўся, нягледзячы на свае скалечаныя грудзі.

IV

Сямнаццацігадовым юнаком ён пакінуў школу, каб заняцца гандлем; у яго колах гэтым займаліся ўсе, і ён уладкаваўся вучнем на вялікае прадпрыемства гандлю драўнінай пана Шліфогта, што мясцілася на беразе ракі. З ім абыходзіліся паблажліва, ён жа са свайго боку быў зычлівым і ветлівым, а час ішоў мірна сваім звычайным парадкам. Але калі яму пайшоў дваццаць першы год, пасля працяглай хваробы памерла маці.
Для Ёганэса Фрыдэмана гэта было вялікім болем, які доўга не пакідаў яго. Ён упіваўся гэтым болем, аддаваўся яму цалкам, як цалкам аддаюцца вялікаму шчасцю; ён песціў яго тысячамі дзіцячых успамінаў і выкарыстоўваў яго як першае моцнае жыццёвае пачуццё.
А само па сабе жыццё ці не ёсць чымсьці добрым, незалежна ад таго, ці складваецца яно для нас так, каб яго можна было назваць «шчаслівым»? Ёганэс Фрыдэман верыў, што так і ёсць: ён любіў жыццё. Ніхто не разумее, з якой душэўнай дбайнасцю ён, які адмовіўся ад самага вялікага шчасця, якое толькі можа выпасці нам, умеў карыстацца радасцямі, даступнымі яму. Прагулка вясною па зялёных прысадах за горадам, пах кветкі, спевы птушкі — ці можна заставацца няўдзячным за ўсё гэта?
А тое, што асвета таксама здольная прыносіць задавальненне, нават сам працэс самаразвіцця прыносіць радасць, ён таксама разумеў — і ён развіваўся. Ён любіў музыку і наведваў усе канцэрты, якія праходзілі ў горадзе. Ён сам паступова пачаў ня­дрэнна іграць на скрыпцы, хоць выглядаў пры гэтым надта ня­звыкла, і радаваўся кожнаму прыгожаму і лагоднаму тону, які ўдаваўся яму. Дзякуючы таму, што ён вельмі шмат чытаў, з часам у яго выпрацаваўся літаратурны густ, які, праўда, ніхто ў гора­дзе з ім не падзяляў. Ён ведаў навінкі ў сваёй краіне і за мяжою, ён адчуваў асалоду ад рытмічнай зграбнасці верша і быў здольны перажываць інтымны настрой тонка напісанай навелы...
О! Можна было нават сказаць, што ён быў эпікурэйцам.
Ён навучыўся разумець, што ўсё можа прыносіць асалоду і што амаль неразумна праводзіць розніцу паміж шчаслівымі і нешчаслівымі жыццёвымі падзеямі: ён успрымаў усе адчуванні і настроі з вялікай гатоўнасцю і песціў іх, як змрочныя, так і вясёлыя… і нават няспраўджаныя жаданні — жарсць. Ён любіў яе проста дзеля яе і гаварыў сабе, што са спраўджаннем прыходзіць канец самаму лепшаму… Ці не прыносяць салодкія, балючыя, адважныя жаданні і надзеі ў ціхія вясновыя вечары больш асалоды, чым усе спраўджанні, якія можа прынесці лета? — Ну так, ён быў эпікурэйцам, гэты маленькі пан Фрыдэман!
Гэта, мусіць, не было вядома людзям, якія віталі яго на вуліцы з той спачувальнай зычлівасцю, да якой ён прывык з даўняга часу. Яны не ведалі, што гэты няшчасны калека, які са смешнаватай важнасцю, у светлым плашчы і бліскучым цыліндры, — ён быў дзіўным чынам крыху пыхлівым — крочыў па вуліцах, пяшчотна любіў жыццё, якое лагодна наплывала на яго, без вялікіх афектаў, але напоўненае ціхім і пяшчотным шчасцем, якое ён мог сам сабе тварыць.

V

Але галоўнай прыхільнасцю пана Фрыдэмана, яго сапраўднай жарсцю, быў тэатр. Ён валодаў незвычайна тонкім адчуваннем драматызму, і пры магутным сцэнічным дзеянні, катастрофе ў трагедыі, усё яго маленькае цела магло пачаць калаціцца. У яго было сваё месца на першым ярусе гарадскога тэатра, які ён наведваў рэгулярна, а час ад часу яго суправаджалі туды і тры ягоныя сястры. З часу смерці маці яны адны займаліся ў старым доме гаспадаркай, валоданне якой яны дзялілі з ім.
На жаль, яны ўсё яшчэ не былі замужам; але ўжо даўно дасягнулі ўзросту, калі аддаеш сябе на волю лёсу, бо Фрыдэрыка, самая старэйшая, нарадзілася на 17 гадоў раней за пана Фрыдэмана. Яна і яе сястра Генрыэта былі крышку завысокія і худыя, у той час як Пфіфі, меншанькая, нарадзілася нізкарослай і таўставатай. У яе, між іншым, была смешная манера пры кожным слове ўздрыгваць, і пры гэтым у куточках рота ў яе збіралася слінка.
Маленькі пан Фрыдэман не шмат думаў пра сясцёр; яны ж трымаліся аддана разам, і меркаванні ў іх заўсёды былі аднолькавыя. Асабліва калі сярод іх знаёмых адбываліся заручыны, яны ў адзін голас падкрэслівалі, што гэта іх вельмі радуе.
Брат надалей жыў разам з імі, нават тады, калі пакінуў гандаль драўнінай у пана Шліфогта і распачаў самастойны бізнес, прыдбаўшы маленькае прадпрыемства, агенцтва ці нешта гэтага кшталту, што патрабавала не вельмі шмат часу. У яго ў доме на ніжнім паверсе мелася некалькі памяшканняў, і не трэба было падымацца сходамі, каб падсілкавацца, бо час ад часу ў яго надараліся невялікія прыступы астмы.
На сваё трыццацігоддзе, у светлы і цёплы чэрвеньскі дзень, ён, папалуднаваўшы, сядзеў пад шэрым садовым тэнтам з новым падгалоўнікам, зробленым для яго Генрыэтай, з добрай цыгарай у зубах і добрай кніжкай у руцэ. Час ад часу ён адводзіў яе ўбок, прыслухоўваўся да задаволенага шчабятання вераб'ёў, якія атайбаваліся ў старой арэшыне, і пазіраў на чыстую сцяжыну, пасыпаную жвірам, якая вяла да дома, ды на газон з маляўнічымі градкамі.
У маленькага пана Фрыдэмана не было барады, і яго твар амаль зусім не змяніўся, толькі рысы крыху абвастрыліся. Яго мяккія русыя валасы былі гладка зачасаныя набок.
Калі ён апусціў кніжку на самыя калені і, міргаючы, зірнуў у сонечнае неба, ён сказаў самому сабе: «Вось і трыццаць гадоў мінула. Магчыма, пройдуць яшчэ дзесяць ці нават дваццаць. Толькі Бог ведае. Яны прыплывуць і праплывуць ціха і бясшумна міма, як і былыя; я чакаю іх з душэўным спакоем».



У ліпені таго самага года адбылася змена ў акруговай камендатуры, якая ўстрывожыла ўсё і ўсіх. Мажны, зычлівы пан, які на працягу гадоў займаў гэтую пасаду, карыстаўся ў грамадскіх колах папулярнасцю, і людзі не адчувалі радасці праз тое, што ён сыходзіць. Толькі Бог ведае, з якой прычыны сюды са сталіцы трапіў пан фон Рынлінген. Замена, зрэшты, атрымалася, здаецца, неблагая, бо новы падпалкоўнік, жанаты, але без дзяцей, арандаваў у паўднёвым прыгарадзе вельмі прасторную вілу, з чаго зрабілі выснову, што ён меў намер атабарыцца тут надоўга. Ва ўсякім разе, чуткі, што ён надзвычай багаты, пацвярджаліся і тым, што ён прывёз з сабою чатырох пасыльных, пяць верхавых ды запражных коней, ландо і лёгкую карэту.
Муж з жонкай неўзабаве пасля свайго прыезду пачалі наносіць візіты паважаным сем'ям, і іх імя было ва ўсіх на языку; але галоўную цікавасць выклікаў зусім не сам гер фон Рынлінген, а яго жонка. Паны-мужчыны разгубіліся і спачатку не маг­лі нічога выказаць; а вось дамы якраз не засталіся абыякавымі наконт такой з'явы, як Герда фон Рынлінген.
«Сталічная штучка, — выказалася фрау Хагенштром, жонка адваката, у размове з Генрыэтай Фрыдэман, — ну, вядома. Яна паліць, яна ездзіць конна — згодна! Але яе паводзіны не толькі вольныя — яны бесцырымонныя, і гэта яшчэ не зусім тое слова… Паглядзіце, непрыгожай яе на назавеш, пра яе нават можна было б сказаць: мілая… І ўсё-такі ў ёй адсутнічае жаночая прывабнасць, і ў яе позірку, яе смеху, яе рухах няма ўсяго таго, што любяць мужчыны. Яна не какетка, і я, Бог за сведку, ніколі не скажу, што гэта кепска; але ці можа такая маладая жанчына — ёй дваццаць чатыры гады — абсалютна бесклапотна не ўлічваць натуральную прыцягальную сілу жаноцкасці? Шаноўная, я не люблю лухты, я ведаю, што кажу. Нашы мужчыны пакуль што ашаломленыя: Вы ўбачыце, што праз некалькі тыдняў яны, цалкам расчараваныя, адвернуцца ад яе».
«Што ж, — сказала фройляйн Фрыдэман, — яна выдатна забяспечаная».
«Так, яе муж! — усклікнула фрау Хагенштром. — Як яна абыходзіцца з ім? Вам варта было б убачыць! Вы ўбачыце! Я першая, хто настойвае на тым, што замужняя жанчына ў дачыненні да супрацьлеглага полу павінна ставіцца да пэўнай ступені стрымана. А як яна паводзіць сябе ў дачыненні да ўласнага мужа? У яе такая завядзёнка — холадна пазіраць на яго і звяртацца са спачувальным тонам "любы сябра"; гэта выклікае ў мяне шаленства! Але ж трэба бачыць яго — карэктны, з рыцарскай выпраўкай, саракагадовы мужчына, які выдатна збярог сябе, бліскучы афіцэр! Яны чатыры гады ўжо жанатыя… Даражэнькая…»

VIІ

Месцам, дзе маленькаму пану Фрыдэману пашчасціла ўпершыню ўбачыць фрау Рынлінген, была галоўная вуліца, абапал якой месціліся амаль выключна гандлёвыя дамы, і сустрэча здарылася апоўдні, калі ён якраз ішоў з біржы, дзе таксама прамовіў сваё важкае слова.
Ён крочыў без спеху і важна, побач з купцом Штэфэнсам, незвычайна высокім і няўклюдным мужчынам з круглымі бакенбардамі і жахліва густымі бровамі. На абодвух былі цылінд­ры і расшпіленыя з прычыны моцнай гарачыні паліто. Яны размаўлялі пра палітыку, у такт абапіраючыся сваімі кійкамі на тратуар; але калі яны дасягнулі прыкладна сярэдзіны вуліцы, купец Штэфэнс раптам сказаў:
«Д'ябал мяне забяры, калі там не Рынлінгеніха едзе».
«Дык і вельмі добра, — сказаў пан Фрыдэман сваім высокім і некалькі рэзкім голасам і пачаў узірацца наперад чакаючы. — Я ж, праўду кажучы, ніводнага разу яе не бачыў. А вось і жоўтая карэта».
І сапраўды, гэта была жоўтая карэта, якую сёння скарыс­тала фрау Рынлінген, і яна ўласнай персонай кіравала двума стройнымі коньмі, у той час як слуга склаўшы рукі сядзеў у яе за спінай. Яна была апранутая ў шырокую, зусім светлую кофту, спадніца таксама была светлая. З-пад маленькага саламянага капелюша з карычневай скураной стужачкай выбіваўся пук рыжаватых валасоў, якія былі зачасаныя за вуха і вялікім вузлом спадалі ёй нізка на патыліцу. Колер скуры на авальным твары быў матава-белы, а ў куточках яе незвычайна блізка адно ад аднаго размешчаных рудых вачэй залеглі сіняватыя цені. Над яе кароткім, але тонка выразаным носам месцілася, як сядло, купка рабаціння, што ёй было вельмі да твару; пра прыгажосць яе рота меркаваць не было як, бо яна ўвесь час выцягвала наперад і забірала назад ніжнюю губу, шаруючы ёй па верхняй.
Купец Штэфэнс, калі карэта пад'ехала, павітаўся надзвычай па­шанотна, маленькі пан Фрыдэман таксама прыўзняў капя­люш, глянуўшы на фрау фон Рынлінген адкрыта і ўважліва. Яна апус­ціла свой бізун, лёгка кіўнула галавою і паволі праехала міма, разглядваючы будынкі і вітрыны злева і справа.
Праз пару крокаў купец сказаў:
«Яна зрабіла паездку-шпацыр, а цяпер накіруецца дадому».
Маленькі пан Фрыдэман не адказаў, гледзячы толькі на дарогу перад сабою. Потым ён раптам зірнуў на купца і спытаў:
«Што Вы сказалі?»
І пан Штэфэнс паўтарыў сваю дасціпную заўвагу.

VIIІ

Праз тры дні а дванаццатай гадзіне Ёганэс Фрыдэман вярнуўся дадому са свайго рэгулярнага шпацыру. Палуднавалі а па­лове першай, таму ён вырашыў яшчэ на паўгадзінкі сха­дзіць у свой «кабінет», які знаходзіўся адразу справа побач з дзвя­рыма ў дом. У гэты момант да яго па калідоры падышла служанка і сказала:
«Да Вас прыйшлі, пан Фрыдэман».
«Да мяне?»
«Не, там наверсе, у дам».
«А хто?»
«Пан падпалкоўнік фон Рынлінген з жонкай».
«О, — сказаў пан Фрыдэман, — тады я…»
І ён пайшоў уверх па сходах. Наверсе пераадолеў адлегласць да дзвярэй і ўжо трымаўся за ручку высокіх, белых дзвя­рэй, якія вялі да «пейзажнага пакоя», як раптам ён стрымаўся, адступіў на крок, павярнуўся назад і паволі пайшоў уніз, як і прыйшоў.
І хоць ён быў зусім адзін, сказаў вельмі гучна сам сабе:
«Не. Лепш не трэба…»
Ён спусціўся ў свой «кабінет», сеў за пісьмовы стол і ўзяў у рукі газету. Але праз хвіліну ён зноў паклаў яе і зірнуў збоку ў акно. Так ён і праседзеў, аж пакуль не прыйшла дзяўчына і не паведаміла, што ўсё гатова; тады ён накіраваўся наверх у сталовую, дзе ўжо яго чакалі сёстры, і сеў на сваё крэсла, на якім ляжалі тры сшыткі з запісамі нот.
Генрыэта, якая налівала суп, сказала:
«Ведаеш, Ёганэс, хто тут быў?»
«Хто ж?»
«Новы падпалкоўнік з жонкай».
«Праўда? Гэта вельмі прыязна».
«Праўда, — сказала Пфіфі, і ў куточках яе рота з'явілася вадкасць, — я лічу, што яны абое — надзвычай прыемныя людзі».
«Ва ўсякім разе, — сказала Фрыдэрыка, — нам нельга мару­дзіць з візітам у адказ. Я прапаную пайсці паслязаўтра, у нядзелю».
«У нядзелю», — сказалі Генрыэта і Пфіфі.
«Ты ж пойдзеш з намі, Ёганэс?» — спытала Фрыдэрыка.
«Само сабою!» — сказала Пфіфі і здрыганулася. Пан Фрыдэман не зрэагаваў на пытанне і з маўкліва баязлівым выразам твару даядаў суп. Было такое ўражанне, што ён прыслухоўваецца ў нейкім напрамку; да нейкага нядобрага шуму.

IX

Назаўтра вечарам у гарадскім тэатры ставілі «Лаэнгрына», і там прысутнічалі ўсе адукаваныя людзі. Маленькая зала была запоўнена ад верху да нізу, тут панаваў гул, пах газу ды парфумы. Але ўсе біноклі, як у партэры, так і на ярусах, былі накіраваныя на трынаццатую ложу, адразу справа ад сцэны, бо там сёння ўпершыню паказаліся пан фон Рынлінген з жонкай, і, такім чынам, з'явілася магчымасць грунтоўна разгледзець гэтую пару.
Калі маленькі пан Фрыдэман у бездакорным чорным гарнітуры з бліскуча белым стаячым падкаўнерыкам увайшоў у сваю ложу — ложу № 13, ён яшчэ ў дзвярах памкнуўся назад, прычым рукою ён зрабіў узмах да лба, яго ноздры на нейкі момант сутаргава расшырыліся. Але потым ён апусціўся на сваё крэсла, на месца злева ад фрау Рынлінген.
Пакуль ён садзіўся, яна на кароткі момант ўважліва зірнула на яго, выцягнуўшы ніжнюю губу, і адвярнулася, каб пера­кінуцца з мужам, які стаяў за ёй, некалькімі словамі. Гэта быў высокі, мажны мужчына з распушанымі вусамі і смуглявым доб­ра­зычлівым тварам.
Калі пачалася ўверцюра і фрау фон Рынлінген схілілася над парэнчай, пан Фрыдэман кінуў хуткі, паспешлівы бакавы позірк на яе. Яна была ў выхадным уборы і, адзіная з усіх прысутных дам, дазволіла сабе нават невялічкае дэкальтэ. Рукавы ў яе былі вельмі шырокія і са шматлікімі складкамі, а белыя пальчаткі даставалі аж да локцяў. Яе фігура здавалася сёння трохі пышнай, што было незаўважным нядаўна, калі на ёй была шырокая кофта; яе грудзі ўздымаліся і апускаліся напоўніцу і паволі, а вузел рыжаватых валасоў спадаў нізка і цяжка на патыліцу.
Пан Фрыдэман быў бледны, нашмат больш бледны, чым звы­­чайна, і пад гладка зачэсанымі русымі валасамі ў яго на лбе пра­ступілі кроплі поту. Фрау фон Рынлінген сцягнула з левай ру­кі, якая ляжала на чырвоным аксаміце парэнчы, пальчатку, і гэтая круглая, матавая рука, як і кісць, пранізаная блакітнымі жылкамі, а таксама пальцы без упрыгожанняў, былі ўвесь час у яго навідавоку; тут нельга было нічога змяніць.
Скрыпкі заспявалі, трубы, уступіўшы, загрымелі; заспяваў Тэльрамунд, у аркестры запанавала ўсеагульная радасць, а маленькі пан Фрыдэман сядзеў нерухома, бледны і ціхі, уцягнуўшы галаву глыбока ў плечы, трымаючы адзін указальны палец каля рота і засунуўшы другую руку за абшлаг пінжака.
Пакуль па́дала заслона, фрау фон Рынлінген устала, каб ра­зам са сваім мужам пакінуць ложу. Пан Фрыдэман бачыў гэта; не пазіраючы туды, ён лёгкім рухам правёў насоўкай па лбе, раптам устаў, дайшоў да дзвярэй, якія вялі ў фае, зноў вярнуўся, сеў на сваё месца і застыў там у той самай позе, у якой быў раней.
Калі празвінеў званок і яго суседзі зноў вярнуліся, ён адчуў, што позірк фрау Рынлінген засяродзіўся на ім, і ён міжволі падняў і павярнуў галаву да яе. Калі іх позіркі сустрэліся, яна і не памкнулася адвесці вочы ад яго, а, зусім не збянтэжыўшыся, уважліва разглядала яго, аж пакуль ён сам, зломлены і пакорлівы, не апусціў вочы. Пры гэтым ён яшчэ больш спалатнеў, і дзіўная злосць, змяшаная з салодкім болем, узнялася ў яго душы… Зайграла музыка.
Пад канец акта здарылася так, што фрау фон Рынлінген выпусціла з рук веер і што ён упаў на падлогу побач з панам Фрыдэманам. Яны абое схіліліся адначасова, але яна падняла яго сама і сказала з кплівай усмешкай:
«Дзякую».
Іх галовы былі апынуліся вельмі блізка побач, і на нейкі момант ён удыхнуў цёплы водар яе грудзей. Яго твар сказіўся, усё яго цела сцягнулася ў камок, а сэрца білася так страшэнна моцна і цяжка, што ў яго заняло дыханне. Ён яшчэ з паўхвіліны пасядзеў, потым адсунуў крэсла, ціха ўстаў і гэтак жа ціха выйшаў.

Х

Ён пайшоў па калідоры ў суправаджэнні гукаў музыкі, у гар­дэробе забраў цыліндр, светлае паліто і кіёк і патупаў па сходах уніз на вуліцу.
Быў цёплы, ціхі вечар. У святле газавых ліхтароў неба моўчкі затульвалі шэрыя дамы з вялікімі франтонамі, уверсе лагодным святлом міргалі зоркі. Крокі нешматлікіх людзей, якія сустракаліся пану Фрыдэману, утваралі шоргат на тратуары. Хтосьці павітаўся з ім, але ён не ўбачыў хто; ён ішоў, схіліўшы галаву, і яго высокая вострая грудзіна калацілася, так цяжка ён дыхаў. Час ад часу ён прамаўляў сам сабе:
«Божа мой! Божа мой!»
Адчайным і пудкім позіркам ён углядаўся ў самога сябе і ўсведамляў, што яго пачуццё, з якім ён абыходзіўся заўсёды так пяшчотна, так лагодна і разумна, цяпер было разняволена, яно завіхрылася, раскалашмацілася… І раптам, у палоне гвалту, у стане непрытомнасці, ап'янення, палу і пакутаў, ён прыхіліўся да ліхтарнага слупа і, дрыжучы ўсім целам, прашаптаў:
«Герда!»
Ціха. Нідзе не было бачна ніводнага чалавека. Маленькі пан Фрыдэман схамянуўся і пайшоў далей. Ён прайшоў уверх па вуліцы, на якой знаходзіўся тэатр і якая даволі стромка збягала да ракі, а цяпер накіраваўся ў бок галоўнай вуліцы на поўнач, да свайго жытла.
Як яна паглядзела на яго! Як? Яна змусіла яго апусціць во­чы? Яна прынізіла яго адным позіркам? Ці ж не была яна жанчынаю, а ён мужчынам? І ці не задрыжэлі яе карыя вочы пры гэтым проста ад радасці?
Ён яшчэ раз адчуў, як у сярэдзіне зноў зараджаецца гэтая бяссільная пажадлівая нянавісць, але потым згадаў той момант, калі яе галава даткнулася да ягонай, калі ён удыхнуў водар яе цела, і ён яшчэ раз спыніўся, адкінуў свой скалечаны корпус назад, уцягнуў паветра праз зубы і потым зноў прамармытаў у адчаі, не памятаючы сябе:
«Божа мой! Божа мой!»
І ён зноў механічна патупаў далей, павольна, праз задушлівае вечаровае паветра, па бязлюдных, з адгалоскамі крокаў вуліцах, аж пакуль не апынуўся перад сваім жытлом. У пярэднім пакоі ён на нейкі момант запыніўся і ўцягнуў у сябе прахалодны, склепавы пах, які панаваў там; потым ён увайшоў у «кабінет».
Ён сеў за пісьмовы стол каля адчыненага акна і ўтаропіўся проста перад сабою на вялікую жоўтую ружу, якую хтосьці паставіў яму ў шкляную вазу. Ён узяў яе і, заплюшчыўшы вочы, пачаў удыхаць яе водар; але потым адсунуў яе ад сябе са зняможанай, засмучонай мінай. Не, не, гэтаму — канец! Што яму цяпер гэты водар? Што яму было цяпер да ўсяго таго, што раней азначала «шчасце»?..
Ён павярнуўся ў другі бок і зірнуў на ціхую вуліцу за акном. Сяды-тады гучалі і заціхалі крокі. Свяцілі мігатлівыя зоркі. Як смяртэльна знямогся і саслабеў ён! Яго галава была пустая, а адчай пачаў растварацца ў вялікім, лагодным смутку. Некалькі радкоў з вершаў прамільгнулі ў ягонай памяці, музыка з «Лаэнгрына» загучала зноў у яго вушах, ён яшчэ раз убачыў перад сабою вобраз фрау фон Рынлінген, яе белую руку на чыр­воным аксаміце, а потым ён зваліўся ў цяжкі, ліхаманкава тупы сон.



Некалькі разоў ён ужо амаль прачынаўся, але баяўся явы і кожны раз зноў правальваўся ў непрытомнасць. Але калі ўжо зусім развіднела, ён расплюшчыў вочы і позіркам, усёабдымным і поўным болю, агледзеўся вакол сябе. Усё нерухома, як было, за­сталося ў яго душы, быццам сон і не перапыняў яго пакуты.
Яго галава была цяжкая, а вочы гарэлі; але калі ён памыўся і працёр лоб адэкалонам, адчуў сябе лепш і ціха прысеў зноў на сваё месца каля расчыненага акна. Яшчэ было вельмі рана, каля пятай гадзіны. Час ад часу паўз вокны праходзіў хлопчык з булачнай, больш нікога відаць не было. Насупраць усе аканіцы былі яшчэ зачыненыя. Але птушкі цвірчэлі, а неба было ярка-
блакітным. Стаяла цудоўная нядзельная раніца.
Адчуванне ўтульнасці і даверу авалодала маленькім панам Фрыдэманам. Чаго ён баяўся? Ці не было ўсё, як заўсёды? Вядома, учора быў вельмі дрэнны прыпадак, што ж, але гэтаму трэба пакласці канец! Яшчэ было не запозна, ён яшчэ можа пазбегнуць навалы! Ён павінен ухіляцца ад любой нагоды, якая магла б паспрыяць новаму прыпадку; ён адчуваў сілу ў сабе. Ён адчуваў сілу пераадолець і цалкам знішчыць у сабе гэта…
Калі гадзіннік прабіў палову восьмай, увайшла Фрыдэрыка і паставіла каву на круглы столік, які стаяў перад скураною канапай каля задняй сцяны.
«Дабрыдзень, Ёганэс, — сказала яна, — вось твой сняданак».
«Дзякую», — сказаў пан Фрыдэман. А пасля дадаў: «Любая Фрыдэрыка, я вельмі шкадую, што візіт вам давядзецца рабіць без мяне. Я адчуваю сябе недастаткова добра, каб быць у змозе пайсці з вамі. Я дрэнна спаў, у мяне баліць галава, і, коратка кажучы, я прашу вас…»
Фрыдэрыка адказала:
«Шкада. Але табе не варта зусім адмаўляцца ад візіту. Бачу, ты сапраўды выглядаеш хворым. Пазычыць табе мой ментолавы аловак?»
«Дзякуй, — сказаў пан Фрыдэман. — Само неяк пройдзе».
І Фрыдэрыка пайшла.
Стоячы каля стала, ён паволі выпіў каву і з'еў адзін рага­лік. Ён быў задаволены сабою і ганарыўся сваёй рашучасцю. Справіўшыся з кавай, ён узяў цыгару і зноў сеў каля акна. Сняданак паправіў яго гумор, і ён адчуў сябе шчаслівым і прасяк­нутым надзеяй. Ён узяўся за кніжку, пачаў чытаць, запаліў і, міргаючы, пазіраў на сонца за акном.
Цяпер вуліца ўжо ажывілася: постук колаў, размовы і па­звонь­ванне конкі даносіліся да яго; акрамя ўсяго, чулася шчабятанне птушак; зверху, з ярка-сіняга неба павяваў лагодны, цёплы ветрык.
Недзе а дзясятай гадзіне ён пачуў, як цераз пярэдні пакой ідуць сёстры; пачуў, як зарыпелі дзверы, і ўбачыў, як паўз акно прайшлі тры дамы, на што ён не звярнуў асаблівай увагі. Прайшла гадзіна. Адчуванне шчасця ўсё больш авалодвала ім.
Яго пачало напаўняць штосьці накшталт самазадаволенасці. Што за паветра наўкола, як шчабечуць птушкі! А ці не пайсці яму крыху пашпацыраваць? — І тады, раптам, без іншай думкі, у ім з салодкім страхам мільганула ідэя: «А калі ўзяць ды пайсці да яе?» — І заглушаючы адным толькі напружваннем цягліцаў у сабе тое, што са страхам папярэджвала, ён са шчаслівай рашучасцю дадаў: «Я пайду да яе!»
І ён апрануў свой чорны выхадны гарнітур, узяў цыліндр ды кіёк і хутка, часта дыхаючы, пашыбаваў цераз увесь горад у паўднёвы прыгарад. Не заўважаючы ніводнага чалавека, ён старанна пры кожным кроку ўздымаў і апускаў галаву, ахоплены міжвольным, экзальтаваным станам, пакуль не апынуўся за горадам у каштанавай алеі перад чырвонай вілай, над уваходам у якую можна было прачытаць: «Падпалкоўнік фон Рынлінген».

XIІ

Тут яго прабралі дрыжыкі, а сэрца ў грудзях забілася сутарга­ва і цяжка. Але ён прайшоў калідорам і пазваніў. Рашэнне было прынята, і адступлення не было. Няхай будзе ўсё, як будзе, падумаў ён. У ім раптам усталяваўся смяртэльны спакой.
Дзверы штуршком адчыніліся, служка пайшоў яму насустрач цераз пярэдні пакой, узяў яго візітоўку і заспяшаўся з ёй наверх па лесвіцы, якая была засцелена чырвонай дарожкай. Пан Фрыдэман глядзеў на яе, утаропіўшыся, нерухома, увесь час, пакуль служка не вярнуўся і не абвясціў, што вяльможная пані просіць падымацца наверх.
Наверсе, побач з дзвярыма салона, дзе ён пакінуў кіёк, ён зазірнуў у люстэрка. Твар быў бледны, а над пачырванелымі вачыма да лба клеіліся валасы; рука, у якой ён трымаў цыліндр, нястрымна дрыжала.
Слуга адчыніў, і ён увайшоў. Ён убачыў сябе ў даволі вялікім, паўзмрочным памяшканні; вокны былі завешаны. Праваруч ста­яў раяль, а ўсярэдзіне вакол круглага стала групаваліся крэс­лы з высокімі спінкамі ў карычневым шоўку. Над канапай на ле­вай бакавой сцяне вісеў пейзаж у цяжкой пазалочанай раме. Шпалеры таксама былі цёмнымі. Ззаду ў эркеры стаялі пальмы.
Прайшла хвіліна, пакуль фрау фон Рынлінген расхінула справа парцьеры і моўчкі пайшла насустрач яму па тоўстым карычневым дыване. На ёй была проста вырабленая сукенка ў чырвоную і чорную клетку. З эркера якраз на яе цяжкія рыжыя валасы падаў пук святла, у якім кружыўся пыл, так што яны на нейкую хвілю загарэліся золатам. Яна дапытліва скіравала позірк сваіх дзіўных вачэй на яго і выставіла, як звычайна, ніжнюю губу наперад.
«Вяльможная пані, — пачаў пан Фрыдэман і глянуў на яе знізу ўверх, бо ён даставаў ёй толькі да грудзей, — я хацеў бы таксама з майго боку выказаць Вам сваю пашану. Я, на жаль, адсутнічаў, калі Вы зрабілі ласку маім сёстрам… і шкадую… шчыра…»
Ён абсалютна не ведаў, што яшчэ сказаць, але яна стаяла і глядзела няўмольна на яго, як быццам хацела прымусіць яго гаварыць яшчэ. Уся кроў раптам ударыла яму ў галаву. «Яна вырашыла памучыць і пакпіць з мяне, — падумаў ён, — і яна ж бачыць мяне наскрозь! Як дрыжаць яе вочы!» Нарэшце яна прамовіла вельмі высокім і выразным голасам:
«Гэта вельмі міла, што Вы прыйшлі. Я тады вельмі шкадавала, што Вас не было. Будзьце ласкавы, сядайце…»
Яна села побач з ім, паклала рукі на бакавыя спінкі крэсла і адкінулася. Ён сядзеў, нахіліўшыся наперад, трымаючы капялюш паміж каленямі. Яна прамовіла:
«Вы ведаеце, што яшчэ чвэрць гадзіны таму тут былі Вашы паненкі-сёстры? Яны мне сказалі, што Вы захварэлі».
«Гэта праўда, — адказаў пан Фрыдэман,— сёння раніцай я адчуваў сябе нядобра. Мне здавалася, што я не змагу пайсці куды-небудзь. Я прашу прабачэння за сваё спазненне».
«Вы яшчэ і цяпер выглядаеце нездаровым», — сказала яна абсалютна спакойна і пільна глянула на яго. «Вы бледны, а Вашы вочы запаленыя, Вы ўвогуле не зусім здаровы?»
«О…, — запінаючыся, пачаў пан Фрыдэман, — увогуле я задаволены».
«І я часта хварэю, — працягвала яна, не адводзячы позірку, — але ніхто гэтага не заўважае. Я нервовая і ведаю самыя незвычайныя станы».
Яна прымоўкла, нахіліла падбароддзе на грудзі і, чакаючы адказу, пазірала на яго знізу ўверх. Але ён не адказваў. Ён ціха сядзеў і ў задуменні, шырока расплюшчанымі вачыма, гля­дзеў на яе. Як дзіўна яна гаварыла і як кранаў яго яе звонкі ня­змушаны голас! Яго сэрца супакоілася; яму здавалася, што ён сніць… Фрау Рынлінген зноў пачала:
«Ці я не памыляюся: Вы ўчора пакінулі тэатр да канца спектакля?»
«Праўда, вяльможная пані».
«Мне было вельмі шкада. Вы былі ўважлівым суседам, хоць спектакль не быў добры, ці толькі адносна добры. Ці любіце вы музыку? Ці граеце вы на фартэпіяна?»
«Я крышку іграю на скрыпцы, — сказаў пан Фрыдэман. — Шчыра кажучы, амаль зусім не…»
«Вы іграеце на скрыпцы?» — спытала яна; потым зірнула паўз яго ў нікуды і задумалася.
«Але тады мы маглі б час ад часу пайграць разам, — раптам сказала яна. — Я магу крышку акампанаваць. Я была б рада, што знайшла тут некага… Вы прыйдзеце?»
«Я з задавальненнем аддаю сябе ў Ваша распараджэнне, вяльможная пані», — сказаў ён, як у сне. Усталявалася паўза. І тут раптам змяніўся выраз яе твару. Ён убачыў, як амаль незаўважная жорсткая насмешка сказіла яго, як яе вочы зноў цвёрда і пільна скіраваліся на яго з тым жахлівым дрыжаннем, як ужо было два разы да гэтага. Ягоны твар палаў чырванню, і не ведаючы, куды павярнуцца, абсалютна бездапаможны і стра­ціўшы кантроль над сваімі пачуццямі, ён унурыў галаву зусім нізка паміж плячыма і разгублена глядзеў уніз на дыван. Нібы кароткі прыступ жаху пранізаў яго, падобны да той бес­прытомнай салодка-пакутнай злосці.
Калі ён адчайным намаганнем зноў узняў позірк, яна больш не глядзела на яго, а пазірала спакойна паўзверх яго галавы на дзверы. Ён з цяжкасцю вымавіў некалькі слоў:
«А Вы, вяльможная пані, пакуль што ўсё-такі задаволеныя сваім жыццём у нашым горадзе?»
«О, — абыякава адказала фрау фон Рынлінген, — вядома. А чаму мне быць незадаволенай? Праўда, я падаюся сабе крыху абмежаванай і ўвесь час пад назіраннем, але… у астатнім, — працягнула яна адразу, — каб не забыцца: мы думаем у бліжэйшыя дні запрасіць да нас пэўных людзей, маленькую, нязмушаную кампанію. Можна было б крыху памузіцыраваць, крышку нязмушана пагаманіць… Акрамя таго, у нас за домам ёсць даволі сімпатычны сад; ён даходзіць аж да ракі. Карацей кажучы: Вы і Вашы дамы, вядома, атрымаеце яшчэ запрашэнне, але я прашу Вас ужо цяпер, каб Вы прынялі ўдзел; Вы зробіце нам такую ласку?»
Пан Фрыдэман не паспеў выказаць падзяку і згоду, як на клям­ку хтосьці энергічна націснуў. Увайшоў падпалкоўнік. Абое ўсталі, і пакуль фрау Рынлінген узаемна прадстаўляла мужчын, яе муж з аднолькавай ветлівасцю адвешваў паклоны як пану Фрыдэману, так і ёй. Яго смуглявы твар свяціўся цеплынёй.
Сцягваючы з рук пальчаткі, ён гаварыў штосьці моцным і рэзкім голасам, звяртаючыся да пана Фрыдэмана, які шырока расплюшчанымі, бяздумнымі вачыма пазіраў на яго знізу ўверх і ўвесь час чакаў, што той добразычліва паляпае яго па плячы. Тым часам падпалкоўнік павярнуўся на зведзеных разам абцасах і лёгка схіленым наперад корпусам да сваёй жонкі і сказаў прыкметна прыглушаным голасам:
«Ты папрасіла пана Фрыдэмана наконт яго прысутнасці на нашай маленькай сходцы, каханая? Калі табе гэта будзе прыемна, то я думаю, што мы зладзім яе праз восем дзён. Я спадзяюся, што добрае надвор'е пратрымаецца і што мы зможам прабавіць час у садзе».
«Як пажадаеш», — адказала фрау фон Рынлінген і зірнула паўз яго.
Праз дзве хвіліны пан Фрыдэман развітаўся. Яшчэ раз кла­няючыся каля дзвярэй, ён сустрэўся з яе вачыма; яны пазірала на яго безвыразна.
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку
Made on
Tilda