Юлія Шарова
Вяртанне Ліліт
Добрыя дзяўчынкі трапляюць у Рай, а кепскія — у Беларусь. Як зрабіцца гаспадыняй уласнага лёсу і стаць шчаслівай там, дзе за цябе ўсё вырашылі на цэлую вечнасць наперад?
Ліліт, першая жонка Адама, пакінула Рай і не прыжылася ў Пекле. За гэта Бог і Д'ябал змусілі яе падпісаць угоду, паводле якой Ліліт мусіць бясконца ўвасабляцца ў зямных жанчын і жыць сярод людзей. Пабадзяўшыся па свеце, яна ўрэшце трапляе ў сучасны Мінск, дзе сустракае журналіста газеты "Наша Нядоля", які марыць пра літаратурную славу, папулярную блогерку, якая вучыць жанчын абуджаць у сабе Багіню, дэмана, які спакушае жанчын, анёла, які ўдзень працуе праграмістам і складае гараскопы, а ўначы гуляе па дахах.

купіць кнігу
1. Транзіты: Сонца ў Раку ў квадратуры з Юпітэрам і Уранам у Авене і апазіцыі з Плутонам у Казярогу

Першыя адчуванні будуць жахлівыя: рэзкі боль элект­рыч­ным разрадам прабягае па ўсім хрыбетніку, потым задуха, потым заледзянеласць у пальцах рук, скроні, узятыя ў нябачныя клешчы, брудна-залатыя мухі перад вачыма. І боль, што не мае лакалізацыі, — жывёльны страх смерці. Уся паслядоўнасць адчуванняў наадварот, як пераматаны назад відэашэраг.
Найгалоўнейшае — каб яны не зразумелі, што ты загадкавым чынам не загінула і зноў можаш дыхаць. Болей за тое, зламаныя хрыбеткі неяк зрасліся ў адно імгненне, і ты можаш паварушыць рукой. Але не варушыся і не дыхай, іначай яны давершаць справу, і тады ўсё пачнецца спачатку.
— А дзеўка ўжо таго...
— Стрэльні для кантролю. Бач, дрыгаецца.
Уцелаўленне не можа адбыцца зусім незаўважна — рэфлексы ніхто не касаваў. Калі яны зараз «стрэльнуць», то наступная носьбітка з'явіцца толькі на найбліжэйшую поўню, а цябе прыцягне чорт ведама куды.
— Пох...й. Ёй п...ц.
У перакладзе на людскую мову гэта значыла, што стра­ляць яны не будуць. Тая, каго ўжо клікалі Міланай, сканцэнт­равалася на выкананні сваёй ролі. Яна не ўмела дакладна чытаць чужыя думкі — такіх здольнасцяў ёй не пакінулі, але яна чытала падзеі, што адбываюцца тут і цяпер. Мілана ведала, што ў аднаго з ейных катаў — дачка ў садку на іншым канцы горада. Кранальна. Бамбіза з рэльефнымі біцэп­самі-трыцэпсамі, які кагадзе забіў носьбітку, думаў пра сваю дачку — таўсмаценькую пяцігадовую дзяўчынку з но­сікам-бульбінай, як у любага таты. Амаль пятая вечара, час дзіця забіраць. У другога ўсё празаічней — здаць справу пра выкананы загад. У трэцяга — піва і футбол. Чацвёртаму, які за стырном, трэба аліву мяняць. Забіць двух чалавек і скі­нуць трупы ў леса­паласе на паўночным захадзе Масквы — прос­та частка іхнае працы, на якую яны не марнуюць нівод­най эмоцыі. Пасля яны спакойна разыходзяцца па сем'ях, качалках, барах і дзявулях. Цяпер іх усіх падціскае час, таму яны найхутчэй зваляць сваіх кліентаў у найбліжэйшую яміну і проста закідаюць галлём і леташнім лісцем.
— Няма калі зямлю капаць. Скідваем іх тут. Пох...й. Усе мянты купленыя.
— Во нармальнае месца. Прыцерушы іх лісцем. А то ма­ла хто сюды прыпрэцца.
Мілана адчула моцны боль, калі яе кінулі на зямлю. Доб­ра, што ў гэтай яміне (ад колішняй бомбы з часоў вайны, між іншага) расце высокая трава, яна змякчыла ўдар. Цяпер застаецца прычакаць, калі бамбізы з'едуць. Перад бамбізамі не ставілі задачы схаваць ці знішчыць целы, бо начальнік ведае, што злачынцаў усё адно не знойдуць. Тым лепей для яе, Міланы.
Хвілінаў праз дзесяць бамбізы ўрэшце заканчваюць пры­­­хоўваць трупы. Ім не трэба, каб іх запеленгаваў вы­падковы патруль доблесных праваахоўнікаў. Бо адна рэч, калі знаходзяць два трупы і не знаходзяць забойцаў, а іншая — калі цябе забіраюць на месцы злачынства. Тут ужо складаней выбрацца, а шэфу танней будзе паклапаціцца, каб выканаўцы загінулі ў камеры СІЗА пры загадкавых акалічнасцях, чым выцягваць іх з вязніцы.
— З'ё...ваем адсюль.
Мінівэн, у якім сюды прывезлі дзвюх ахвяраў, рэзка зрываецца з месца ды імчыць прэч. Неўзабаве будзе дождж. Ён размые сляды пратэктараў аўто, але прыспе­шыць працэс раскладання трупа мужчыны, які ляжыць у той самай яміне. Таму трэ выбірацца найхутчэй і чакаць ночы ў бяспечным месцы.

2. Транзітны Сатурн у злучэнні з натальным Плутонам; транзітны Плутон у злучэнні з натальным Сонцам; транзітны Месяц у злучэнні з натальным Юпітэрам

Гісторыя мужчыны, Ісаева В., чыё цела з прастрэленай галавой кінулі ў яміну, досыць банальная: нябедны маскоўскі бізнесовец, любіў гуляць на мяжы фолу не толькі з дзяржавай і канкурэнтамі, але і з тымі, хто ўважаў яго за партнёра. Дужа любіў блытаць фінансавыя плыні, цішком ліквідуючы адны фірмы і рэгіструючы іншыя. Партнёры ў выніку губ­лялі немалыя грошы, але нічога не маглі выставіць Ісаеву. Той знаходзіў новых партнёраў, і гісторыя паўтаралася.
Але ўсё мае свой канец.
Бізнесоўца сустрэлі ў аэрапорце Дамадзедава, адкуль ён ляцеў у Егіпет са сваёй спадарожніцай, зусім не жонкай. Ціха і без залішняга галасу вывелі на вуліцу, пасадзілі ў мінівэн і завезлі ў гэты лясок, дарогаю пусціўшы яму кулю ў лоб.
Ісаеву было сорак гадоў, ён пакінуў па сабе жонку, двух дзяцей і трох каханак, кожнай з якіх уладзіў кватэру ў спальным раёне Масквы, каб не здагадваліся пра існа­ванне адна адной (лепей тры ў спальных раёнах, чым адна на дарагой Рублёўцы). У асабістым жыцці ён таксама лю­біў замятаць сляды. Дарэчы, ён яшчэ пакінуў кватэру ў Мінску, якую набыў, каб не траціцца на гатэлі, бо часцяком ездзіў у «правінцыю» па пытаннях спраўных і прыватных — да прыкладу, пагуляць у казіно і атрымаць незабыўны сэкс з дзяўчынай, да якой меў асаблівы сантымент, бо тая нагадвала першае каханне. Праўда, той дзяўчыне ён адно зняў кватэру на працяглы тэрмін — яна ж у яго закахалася, а калі так, то навошта лішнія выдаткі?
І вось ён ляжыць мёртвы ў старой яміне з-пад бомбы часоў вайны, а побач з ім — цалкам сабе жывая Мілана, якая цяпер усяго толькі носьбітка. Нічога, апрача пагарды, яна не адчувае і адно думае, як вызваліцца ад скотча, якім сцягнутыя запясці.
Урэшце яна вызваляецца, разлеплівае рот, раскручвае ногі, таксама звязаныя. Пачырванелыя запясці смыляць, шыя і галава баляць — цалкам нармальна пасля такога экст­рэмальнага ўцелаўлення.
Мілана выбіраецца з яміны і шукае дзе схавацца. На два­рэ смажыць перад дажджом, але яе калоціць — нервы. Карціць у ванну і пад плед, але калі тое яшчэ будзе. Наперадзе доўгае і цяжкое падарожжа.
У Мінску ёсць кватэра, аплачаная на год наперад. Там у шуфлядзе камоды ляжыць сабраная на чорны дзень тысяча даляраў. Носьбітцы паводле пашпарта ўсяго дзевятнаццаць гадоў. Сірата, выдраная з сям'і вясковых п'янюгаў, якія нават не зарэгістравалі дзіця і жылі так не адзін год. У дзетдоме ўзрост вызначалі прыблізна і цалкам вы­падкова прыпісалі ёй лішнія паўтара года, а насамрэч Мілане яшчэ не споўнілася і васямнаццаці. Ёсць вялікі фізічны рэсурс, каб пражыць у атрыманым целе сама меней паўстагоддзя. Доб­ры варыянт уцелаўлення.
Мілана, моцна хістаючыся, пайшла ў найбліжэйшы хмыз­няк і легла на зямлю, скруціўшыся рогам. Лінуў цёп­лы і шчодры чэрвеньскі дождж. За хвілінаў дзесяць вопратка змокла наскрозь, але што з таго — у пералёце яна не спатрэбіцца.

3. Транзіты: Месяц уваходзіць у Скарпіёна; адзінаццатыя месяцовыя содні

Была самая Літа — найдаўжэйшы дзень і найкарацей­шая ноч за год. Чаканне заходу сонца падавалася бясконцым. Мілана зноў сталася жывой жанчынай, а таму па­ку­та­ва­ла ад болю ў патыліцы і агіднага адчування мокрай воп­­раткі на скуры.
Колькі разоў праз лясок праскочылі аматары здаровага ладу жыцця ў бегавых красоўках, купка бамжоў і кампанія сабачнікаў з лабрадорамі без павадкоў. Адзін з сабак пайшоў да старой лейкавіны, дзе ляжаў труп забітага Ісаева, пакруціўся там, трывожна выючы, але гаспадар паклікаў яго, і сабака паслухмяна пабег за ім. І хай сабе бяжыць — выпадковыя сведкі сапсуюць усю справу.
Бывалі і складанейшыя выпадкі, але адна рэч, калі ты знаходзіш носьбітку ў чыстым ложку пад даглядам лекараў, а іншая — калі яна сталася ахвярай крымінальнага злачынства.
Папярэдняя носьбітка памірала ад інфаркту і мела ўжо гадоў каля пяцідзесяці. Інтэлігентная і самотная школь­ная настаўніца з кватэрай у цэнтры Масквы, якая дасталася ёй ад продкаў з дваранскім мінулым. Дваццаць пяць гадоў з той носьбіткай праляцелі як імгненне. І вось даво­дзіцца распачынаць новае жыццё ў іншым горадзе, таксама, да­рэчы, знаёмым і не надта жаданым з многіх прычынаў.
Калі сонца ўрэшце села, зноў паваліў дождж. Палёт будзе складаным, думала яна, аддзіраючы ад цела вузкія светлыя джынсы і белую саколку. Гэтыя транты нядрэнна б некуды прыбраць, каб выпадкова не пачалі шукаць яшчэ адзін труп у раёне месца злачынства. Зямля была мяккай ад дажджу, таму Мілана досыць лёгка выкапала неглыбокую яміну, у якой схавала ўсе рэчы, ужо непатрэбныя ёй. Затым яна выйшла з хмызняку на разлеглае месца і раскінула рукі, як птушка крылы. За колькі імгненняў боль ва ўсім целе адступіў і прыйшла даўно знаёмая лёгкасць ад прадчування палёту.
Ператварэнне адбылося хвілінаў за пяць: замест жанчыны на паляне лесу ўзмахвала крыламі сава-куга­каўка. Яна ўзнялася над зямлёй, пакружляла над той палянай, а затым набрала вышыню і паляцела да свайго новага жыцця.

4. Радыкс: Сонца ў Шалях у 12 доме, ушкоджанае квадратурамі ад Урана ў Казярогу і ад Марса ў Раку. Тау-квадрат

Кожнае ўцелаўленне рана ці позна заканчваецца смерцю, але той сыход, што здарыўся некалі ў Мінску, атрымаўся і недарэчным, і страшным, і ганебным. Яна загі­нула ў момант узыходу сонца, адразу страціўшы здольнасць да палёту — проста ўпала з вышыні і разбілася. Смерць не была імгненнай: яна ляжала на голым асфальце ў поўнай свядомасці і адчувала, як птушынае цела расцягваецца, пазбаўляючыся пер'я і набываючы жаночыя абрысы.
Канаючы, яна бачыла роспачны твар сваёй прыёмнай дачкі ў расчыненым акне кватэры на самым верхнім паверсе. Занадта позна расчыненым акне: не хапіла ўсяго аднаго імгнення...
Гэтым разам таксама давядзецца трапіць у кватэру праз акно і там ператварыцца ў жанчыну. Другую ноч яна зна­ходзілася ў паветры і адчувала, што зусім знемаглася. Звычайна дзвюх летніх начэй стае, каб пераадолець такую адлегласць, але не ў цяперашнім фізічным стане. Можна было зрабіць яшчэ адну дзённую папаску недзе на закінутым лецішчы пад Мінскам і на трэцюю ноч спакойна пераадолець апошні адцін шляху, але Мілана не без падставаў баялася, што ейнае сховішча не будзе надзейным, таму вырашыла рызыкнуць.
Кугакаўка праляцела над уездам у горад з боку Мас­коў­скай шашы амаль перад самым світаннем. Яна і раней тут лятала, таму выдатна ведала горад, але тады Мінск быў не такі разлеглы, болей прысадзісты і аточаны з усіх ба­коў вёсачкамі, назвы якіх яна прапявала сама сабе, як песню.
Ці жывая яшчэ Мірыям, якую змушана запісалі Марыяй у вайну?
Світанне спакваля праразала шэры далягляд на ўсхо­дзе. Сава пранеслася над шкляною куляю бібліятэкі з крык­лівай ілюмінацыяй і пачала скарачаць сабе шлях — ста­рыя кварталы сталінак, вуліца з трамвайнымі рэйкамі, рынак, цалкам бязлюдны ў гэты час. Здалёк яна пабачыла стэлу — сваю мэту. Птушку прыціскала да зямлі, і яна ляцела апошнія кіламетры зусім нізка, але памятала, што кватэра, куды ёй трэба трапіць, ажно на шаснаццатым паверсе. Нацяўшыся, яна набрала вышыню. Вось і стэла, а за ёй — жылы шматпавярховік, карпусы якога стаялі на рагу двух праспектаў ды расцягваліся, рыхтык мяхі гармоніка. Апошнія метры, ужо апошнія метры. Колькі ўзма­хаў крыламі, якія раптам наліліся волавам і пацягнулі цела да зямлі...
Сонца ўзышло.
Мілана, якая зноў сталася жанчынай, упала на падлогу незашклёнага гаўбца. Здаецца, нічога не зламала, хіба што крыху выцялася, але пасля прыгодаў з уцелаўленнем гэта ўжо драбяза.
На вяроўцы целяпаўся вялікі махровы ручнік, пакінуты носьбіткай сушыцца перад ад'ездам на адпачынак у Егіпет (з маскоўскім каханкам, так — гарачы тур!). Мілана абвінула тым ручніком кісць рукі, прымерылася, пры­мру­жылася і ўдарыла шкляныя гаўбцовыя дзверы.
Гэты сквапнюга, што траціў процьму грошай на мас­коў­скіх каханак і на казіно, зняў сваёй беларускай сяб­роўцы хату, якая не мела нават шклопакетаў, а рамонту кватэра не бачыла з тых часоў, калі Міланы яшчэ не існавала ў пры­родзе. Затое ў раёне з прэтэнзіяй — у Доме-ля-стэ­лы на праспекце Пераможцаў.
Мілана прасунула руку праз разбітую шыбу і асцярожна намацала клямку замка. Дзверы адчыніліся, і яна ўрэшце трапіла ў пакой. На гэтым ейныя сілы вычарпаліся: яна ступіла колькі крокаў і ўпала на канапу. У паўсне падцягнула да сябе акуратна складзены плед і накрылася ім.
Цяпер — у бяспецы.

5. Транзіты: Месяц уваходзіць у Стральца; трынаццатыя месяцовыя содні

Прачнулася Мілана ажно ўвечары, калі сонца ішло долу, таму не адразу зразумела, дзе знаходзіцца, а пагатоў не ўця­міла, што падарожжа скончылася і ёй болей не трэба ні­куды спяшацца.
Сон асвяжыў яе, і цяпер яна хацела простых радасцяў — людскай ванны і людскай ежы.
Адзіная турбота — балела шыя: відаць, хрыбеткі і нер­вы зрасліся няўдала.
Пасля ванны яна даволі доўга круцілася перад люстэркам, разглядаючы сваё новае цела з розных ракурсаў, і кожны ракурс быў дасканалы — нездарма ж гэтую дзяўчынку бралі ў мадэлькі. Такі сабе актуальна-модны выгляд — рост пад метр восемдзесят, ногі ад вушэй, далікатныя рукі, усе абрысы цела — як у точанай статуэткі. І доўгія цёмныя валасы ў спалучэнні з пранізліва-зялёнымі вачыма.
Ну што сказаць, з сілкаваннем праблемаў не будзе, а сілкаванне ёй патрэбнае — гэта таксама частка ўгоды, якую трэба выконваць амаль да дваццаці сямі гадоў, то бок да трэцяга вяртання Ліліт.
Падсушыўшы валасы, яна дастала з шафы старэнькія і зручныя джынсы, утульную байку, апранулася і пайшла з дому. Дублікат ключоў ёсць, але замкі ўсё адно давя­дзецца памяняць. Заўтра ж пайсці ў міліцыю і напісаць заяву пра скрадзены пашпарт. І выклікаць цесляра, каб паставіў новую шыбу. Жыць у гэтай хаце яна доўга не будзе і, напэўна, неўзабаве зоймецца вырашэннем кватэрнага пытання.
Беларускіх грошай яна не мела: давялося прагуляцца ажно да «Кароны», каб памяняць прыхаваныя даляры. Мілана прайшлася па краме і накупляла паўфабрыкатаў, а тады з поўным пакетам рушыла дадому. Назад яна вярталася ціхай зялёнай вулачкай Грыбаедава. З цемры на яе зірнуў Арфей на ганку музвучэльні. Яна абышла будынак і рушыла паўз старыя двухпавярховыя інтэрнаты.
— Мяўўўў... оўўўўў... — даляцеў да яе далікатны, але настойлівы покліч.
Мілана зірнула пад ногі і пабачыла ў святле ліхтара вялікага чорна-белага ката, якога можна было б на­зваць увасабленнем кацінай элегантнасці. Бліскучая чорная спіна і бакі, падобныя да фрака, беласнежнае пышнае жабо, белыя пальчаткі на пярэдніх лапах і белае галіфэ на задніх. Асіметрычнае афарбаванне надавала кацінай пысцы характарнасці — з аднаго боку верхняя вусна белая, з іншага — чорная. Ад пераносся да ілба ішоў вузкі белы клін, скіраваны крыху ўбок, таму кот выглядаў пагрозліва. Ён прысеў на камень пры сцежцы, прыняўшы грацыёзную паставу і паводзячы раскошнымі белымі вусамі.
«Якая сустрэча! Вітаю шаноўную!» — пачула Мілана голас з мяккай хрыпкай.
Голас гучаў як быццам у ейнай галаве.
Тэлепатыя.
— Мурмур?.. — няўпэўнена прамовіла дзяўчына.
«Вашэця не памыляецца, — адказаў кот. — Не варта здзіў­ляцца: я ў выгнанні, але мне шчыра не хацелася далучацца да тых мярзотнікаў, якія ўвасобіліся ў целах зямных мужчын. Я вырашыў, што стану звычайным хатнім катом, але буду цалкам усведамляць, хто я такі».
— Ты маеш куды ісці?
Зямныя прыгоды ката Мурмура, які насамрэч быў хатнім духам (фамільярам), выявіліся досыць тыповымі для хатніх жывёлак: яго кацянём узялі ў прыстойную сям'ю, два гады песцілі-галубілі, а потым з'ехалі за мяжу і нічога лепшага не прыдумалі, апрача як выкінуць прыгажуна на двор. Вось ужо два тыдні, як ён бадзяецца ў пошуку новых гаспадароў. Несумненна, ён знойдзе сабе дом, але Мурмура ўшчэнт заелі блохі, дый сабакі таксама бываюць небяспечныя.
— Хадзем! — сказала Мілана, і кот пабег за ёй, задраўшы дагары доўгі і пышны хвост.
«А ці будзе вашэця адпускаць мяне раз-пораз на вольны шпацыр? Я мушу слухаць жывую музыку! Я знайшоў патаемны лаз у філармонію!»
— Ты невылечны! — засмяялася Мілана і нахілілася, каб пачухаць дзіва-ката па спіне.
Ён задаволена муркнуў — гэтым разам цалкам сабе па-кацінаму.

6. Радыкс: Сонца ў Стральцы ў злучэнні з Юпітэрам і Нептунам у апазіцыі да Месяца ў Блізнятах

«Беларускі Гавэл ідзе ў прэзідэнты».
«Ці займее Беларусь свайго Вацлава Гаўла?»
«Новае слова ў беларускай палітыцы: пісьменнік сабраўся на выбары».
«Пісьменнік напіша новую старонку ў гісторыі беларускай палітыкі».
Апошняе ўжо занадта. Дый папярэднія тры таксама не айс, а ў галаву болей нічога не лезе. Крызіс жанру. Пара ў адпачынак, пакуль гэтая сраная перадвыбарчая кампанія не запрацавала на ўсе застаўкі.
Юрась Карповіч, спецыяльны карэспандэнт газеты «Наша Нядоля», уважаўся за вялікага майстра прыдумляць кідкія загалоўкі да сваіх і чужых матэрыялаў. Калі ён дзяжурыў на сайце, то слова ў слова запазычаныя артыкулы збіралі праглядаў болей за арыгіналы, а ўсё праз небанальныя, свежыя назвы. Але сёння здарыўся ступар: дэдлайны даўно мінулі, пра заяву «беларускага Гаўла», які пажадаў стацца прэзідэнтам, ужо даўно напісалі ўсе, нават «КП», а на сайце «Нашай Нядолі» не было хоць якой навіны пра знакавую для беларускай палітыкі падзею.
Ішла трэцяя гадзіна ночы. Юрась адарваўся ад ноўтбука і пашкандыбаў на кухню запарваць яшчэ адзін кубак кавы. Кава не дзейнічала. Цытрамон не дзейнічаў. Аспі­рын таксама. Юрасю балела галава і пякло сумленне, бо апрача ня­здадзенага матэрыялу была за ім яшчэ адна хіба, думкі пра якую ён гнаў ад сябе, а яны лезлі, як тыя нахабныя мухі.
Гавэл Беларускі абвясціў пра сваё рашэнне ісці на вы­бары досыць нечакана: ён наняў сядзібу кіламетраў за сот­ню ад Мінска, склікаў туды журналістаў нібыта дзеля прэзентацыі сваёй чарговай кніжкі, а там і зрабіў гучную заяву. Справа была ўвечары, гадзіне а сёмай, калі ўсе нармальныя людзі ўжо адпісаліся і з асалодай сёрбаюць піва ў «Цэнтральным», але менавіта сёння журналісцкая грамада канспектавала праграмную прамову Гаўла Беларускага і злюцела пстрыкала фотакамерамі.
Гавэл Беларускі зрабіў усё дзеля камфорту рэпарцё­раў: сядзіба трапляла ў «яміну», дзе знікала мабільная сувязь, а ўжо сеціва і пагатоў не бралася. Да таго ж бальшыня рэпарцёраў прыбыла на месца сваімі аўто, а падчас фуршэту на стол выставілі зусім не піва «нулёвачку».
Юрась у думках абклаў нецэнзурнымі выразамі Гаўла Беларускага і перадвыбарчы штаб ягоны і каля дзявятай вечара выехаў з тае сядзібы — шукаць найбліжэйшай соты, дзе будуць працаваць і тэлефон, і 3G-мадэм. Рэпарцёрскі запал змушаў дваццацішасцігадовага карэспандэнта працаваць шпарчэй за Reuters і Associated Press. Ён запаркаваўся ля прыдарожнай кавярні, дзе сувязь была зболь­шага нармальнай, і там пачаў шрайбаваць артыкул пра Гаўла Беларускага — з бэкграўндам, з гіперспасылкамі па тэме, як і мае быць. І ён набліжаўся да апошняга абзаца, калі ў шыбу ягонага «опеля» далікатна пастукаліся.
Прыгожая, вельмі прыгожая.
Усё сэксуальнае жыццё Юрася складаў небагаты ўрыў­кавы досвед з аднакурсніцамі, а потым з'явілася Вераніка, і вось ужо чатыры гады ён мог здраджваць сваёй дзяўчыне толькі з працай і са стойкай «Цэнтральнага». Але тут яго перамкнула.
Красуня папрасілася пасядзець у салоне, пакуль не скон­чыцца дождж, то бок не дождж, а сапраўдная залева з навальніцай. Камп'ютар давялося выключыць, і праца так ці іначай стала. Затым, калі дождж крыху сцішыўся і перастала грымець, Юрась вырашыў ехаць у горад, бо ўсё адно не паспяваў адпісацца аператыўна. Гадзіннік паказваў дваццаць хвілінаў па дзясятай.
Далейшае ён не памятаў нават у агульных рысах, але з нейкай незразумелай нагоды ён збочыў з трасы ў адзін з прыдарожных гайкоў і там, проста ў ягонай машыне, ад­былося нешта салодка-непрыстойнае, пасля чаго хіс­таль­нік Юрасёвых перажыванняў завагаўся паміж «вой, што ж я нарабіў» і «ўга, як я магу».
Калі ён ачомаўся, была цёмная ноч, а красуня знікла, ні­бы ў паветры распусцілася. Галава балела, як пасля абмывання дыплома. Юрась думаў пра Вераніку і вяселле, якое ў іх мусіла адбыцца неўзабаве. Пра артыкул журналіст згадаў толькі калі прыехаў дадому.
І вось тут яго чакала катастрофа — ён нейкім вусцішным чынам не захаваў тэкст з бэкграўндам і гіперспасылкамі па тэме. Юрась пачаў аднаўляць у памяці ўсю структуру матэрыялу, але атрымлівалася нейкая лухта.
Урэшце а чацвёртай ночы ён неяк даў рады артыкулу і абазваў яго так арыгінальна, як ніхто б не даўмеўся:
«Беларускі Гавэл закруціў раман з прэзідэнцкімі вы­барамі».
Ён сам апублікаваў тэкст на сайце і пад раніцу лёг спаць з пачуццём выкананага абавязку. Хай сабе адпісаўся апошнім, але ж які загаловак!

7. Стужка навінаў niadola.by

Маладуха на трасе «кінула» пенсіянера з Гродна на грошы
Стратай 100 долараў і 5 млн беларускіх рублёў скончылася дарожная прыгода для жыхара абласнога цэнт­ра. Грамадзянін 1950 г. н. пагадзіўся падкінуць да горада нявызначаную жанчыну. Волас сівее, а галава шалее, як у народзе кажуць. Недаязджаючы да горада пенсіянер уступіў з незнаёмкай у палавую сувязь проста ў салоне аўтамабіля, паколькі жанчына была не супраць.
Затым, па словах дзядулі, пасажырка ўвяла яго ў несвя­домы стан, з-за чаго ён не памятае дэталяў здарэння. Прыйшоўшы ў свядомасць, падмануты лавелас не знайшоў у сваім кашальку грошай і звярнуўся да праваахоўнікаў, па­ве­дамляе Гродзенская абласная міліцыя.
Па факце здарэння ўзбуджаная крымінальная справа. Праводзіцца праверка.

8. Радыкс: Плутон на куспідзе 3 дома

Артыкул пра Гаўла Беларускага, які надумаў кру­ціць раман з прэзідэнцкімі выбарамі, меў ашаламляльны пос­пех: ужо а дзясятай раніцы на сайце «Нашай Нядолі» налі­чылі сто каментароў на прэмадэрацыі, у якіх аўтара пыталі, «што за траву ён курыць» і «якое адценне жоўтага яму найбліжэйшае».
Матэрыял знялі, аднак удзячныя чытачы паспелі адскры­ніць бліскучы загаловак і пусціць яго ў сацыяльныя сеткі.
Галоўны рэдактар хацеў быў тэлефанаваць Юрасю і ўсце­шыць яго штрафам за непрафесійны падыход, але перадумаў (а хай сабе людзі чытаюць, якая розніца!).
Матэрыял зноў выставілі. Усе каментары пра курэнне травы таксама пакінулі, ды яшчэ і пачалі на іх адказваць, падаграваючы дыскусію. Паказнікі наведвальнасці сайта па­ляцелі ўгору.
— Юрка, ты напісаў х...ню, але яе чытаюць! — радасна паведаміў начальнік. — Я цябе віншую!
«Але ж гэта х...ня», — падумаў Юрась.
«Уга, як я магу!» — падумаў ён у тое самае імгненне.
Пачуццё сораму за ўсе прыгоды мінулага дня адступіла перад пачуццём уласнай значнасці (ПУЗ). Два «ўга» з роз­най нагоды — зашмат для Юрася, даволі простага хлопца без выключных талентаў. Ягоны ПУЗ вырас на вачах і прыемна акругліўся.
— Гэта я пасцябацца вырашыў, — з адценнем паблажлівасці прамовіў ён у адказ на словы рэдактара. — І што, добра чытаюць?
— Дзевяноста тры чалавекі адначасова! Я не кажу пра агульную колькасць праглядаў! — з яшчэ большай радасцю адказаў рэдактар. — Апошні раз у нас такое было, калі Галя Плавінская пісала, чаму трэба выдаваць на беларускай мове не Караткевіча, а раманы пра Анжаліку. Карацей, збірайся зараз жа ды ідзі да Хрысціяніна Наскага. Прэсуха ў яго. Праект закона аб барацьбе з варажбітамі і ведзьмакамі.
І Юрась пайшоў на тую прэсавую канферэнцыю і напісаў гэткі артыкул, што Хрысціянін Наскі (а ён таксама сабраўся ў прэзідэнты) моцна абураўся і зычыў рэдакцыі «Нашай Нядолі» гарэць у апраметнай.
Затое чыталі добра.

9. Радыкс: Сонца ў Рыбах у трыне з Сатурнам, Месяц у Рыбах без курсу, рэтраградная Венера ў Авене

Знаходзіць сабе сябровак Мілана не думала: яна зусім не пакутавала з тае нагоды, што не мае з кім паразмаўляць. Калі ў тваёй памяці тысячы жыццяў, праз якія ты прайшла сама, то няма ахвоты насіць у сабе яшчэ і чужыя праблемы. Але Таня налучылася зусім выпадкова — разам падавалі ў міліцыі дакументы на замену скрадзеных пашпартоў.
Таня займала пасаду менеджаркі ў гандлёвай фірме і рабіла там выгляд, што складае таварна-транспартныя накладныя, а насамрэч усцяж чакала, ці напіша ёй начальнік Дзяніс нешта цалкам звычайнае, але з непрыстойным падтэкстам. Ён умеў: то ў яго настрой прыўздымаўся, то здараўся інтэлектуальны аргазм, то падатковая гуляла з ім у БДСМ.
Дзянісу было трыццаць гадоў. Ён меў росту пад метр дзевяноста, даволі грунтоўны памер пінжака, пухкаватыя рукі і жывот (але Таня ўважала гэта мілым і ўтульным), кватэру на тры пакоі і «аўдзі» ў добрым стане — усё прос­та, але з густам. Яшчэ ён часцяком насіў гарнітуры і гальштукі, а Таня з маленства млела па мужчынах у пінжаках. Дзяніс быў нежанаты і заўсёды казаў, што марыць сустрэць тую, адзіную. Таня спадзявалася стацца адзінай, а пакуль штодня картавала таллю Таро Райдэра — Уэйта, спрабуючы даведацца, ці шмат у яе канкурэнтак.
Карты нічога не казалі. Або казалі нешта такое, што Таня прачытваць не хацела. Тады яна зноў збірала таллю і церабіла яе да тае пары, пакуль на пачуцці Дзяніса да яе не выходзіла Каралева кубкаў ці тройка манет. Наступным днём начальнік пісаў Тані ў скайп эротыкападобныя двухсэнсоўнасці, але сыходзіў з працы раней за ўсіх, а сціплая менеджарка дабіралася дадому падземкаю і аўтобусам, спадзеючыся, што неўзабаве яе пакатаюць машынаю.
Мілана не думала выслухоўваць Таніны споведзі, але ж новая сяброўка ўмела стрыгчы валасы і рабіць манікюр, педыкюр і шмат чаго яшчэ, на што звычайная дама траціць немалыя грошы ў салонах. Слухай сабе пра пакуты кахання і атрымлівай дагледжаныя кіпцюрыкі.
Таня прыходзіла ў госці да новай сяброўкі, піла на гаўбцы звараную ў джэзве каву з кардамонам і слухала тлума­чэнні раскладаў, якія ёй рабіла Мілана, — а ўжо ў варажбе яна была геніяльнай.
Неўратычныя карцінкі Таро Сакрэтаў мільгацелі пад далікатнымі пальцамі варажбіткі, а сама яна нагадвала Каралеву булаваў у гэтай таллі, асабліва калі надзявала смарагдавага колеру сукенку. Раз-пораз Мілана ўздымала левую руку і масажавала сабе патыліцу ды моршчыла твар, быццам ад болю. Чорны кот з элегантным белым жабо і белымі вусамі прыходзіў да гаспадыні і цёрся аб ногі.
— Гэта Мурмур... — казала Мілана.
— Можна проста Мурчык? — пыталася Таня.
Кот свідраваў яе позіркам мядова-жоўтых вачэй, маў­кліва пратэстуючы супраць такой плебейскай мянушкі. Ён укла­даўся на каленях у гаспадыні і са скепсісам гля­дзеў на госцю, якая ўсё распытвала пра лёс сваіх стасункаў з Дзя­нісам.
— Ты яму цікавая, — мовіла варажбітка. — Але ты не адзіная. У яго не можа быць адзінай. У такога мужыка заўсёды нехта ёсць і ніколі нікога няма.
— Мажліва, мне проста трэба счакаць? — пыталася Та­ня і змаўкала, ловячы зусім ужо здзеклівы позірк Мурмура.
Гэтай жывёліны яна баялася.
— Як сабе хочаш, — спакойна казала Мілана. — Побач з табой ёсць іншы мужык.
— Генка? Пффф... — фыркала Таня.
Генка ездзіў роварам і не меў схільнасці да гарнітураў з гальштукамі. Ён быў просты і зразумелы, як цацка для дзяцей да трох гадоў: націсні тут — і будзе букецік, націсні там — і будзе прыбітая палічка, націсні вунь там — і хоць заўтра ажэніцца. Прымітыў!
Перад сыходам у адпачынак Дзяніс раптам прапанаваў Тані пакатацца. Вывез на Цну, частаваў арахісам са смакам васабі, апавядаў, якія жанчыны пайшлі меркантыльныя і як ён расчараваўся ў каханні. Таня слухала і падтаквала. У ейным горле перасыхала ад арэшкаў і хвалявання, а Дзяніс усё скардзіўся на нейкую сваю пасію, якая здра­дзіла яму з італьянцам. А магла б стацца адзінай.
За пару гадзінаў шпацыру ля вады Дзяніс наразмаў­ляўся і згадаў, што мае тэрміновыя справы. Таню ён выса­дзіў на найбліжэйшым аўтобусным прыпынку ў Навінках, а сам паехаў сабе далей. Таня скакала з аўтобуса ў метро, перасаджвалася са станцыі на станцыю, потым скакала з метро зноў у аўтобус, пакуль дапяла да сваёй кватэры ў Шабанах.
Схлусіла маме, што начальнік падвёз яе дадому машы­наю, а потым пайшла піць ваду — заліваць арэшкі са смакам васабі.

10. Абудзі ў сабе Багіню (Блог Галі Плавінскай)

Пра сапраўдных мужчын. Вось што я вам хачу ска­заць, дзяўчаты. Уся наша адукацыя, увесь наш культурны бэкграўнд — гэта ні пра што, калі мы сустрэлі СВАЙГО МУЖЧЫНУ. Нармальна, калі жанчына хоча мыць яму шкарпэткі. Значыць, яна пачуваецца за каменным мурам.
Роўнасць — пустая балбатня феміністак, якім проста не пашанцавала. Мужчына абавязаны быць мацнейшым за жанчыну. Ён павінны добра вальнуць кулаком па стале і запатрабаваць, каб ты заторкнулася, калі цябе заносіць. Гэта і называецца сапраўдны МУЖЧЫНА, а не бясполае нешта, якое нават у крытычнай сітуацыі, калі трэба хапаць сякеру і бегчы, пытаецца майго меркавання.
Я люблю, калі мужчына мяне раўнуе: значыць, ён хоча ад мяне патомства і дбае, каб мяне не краналі чужыя самцы. Нераўнівы мужчына не хоча ад вас дзяцей, запомніце, дзяўчаты! А калі мужчына не хоча ад вас дзяцей, ён вас кіне ў першы-лепшы момант, як толькі сустрэне сваю саміцу. Ён будзе махаць вакол яе сякерай, каб прагнаць чужых мужыкоў, а яна будзе мыць яму шкарпэткі. І гэта адзіныя нармальныя стасункі, магчымыя паміж мужчынамі і жанчынамі.
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку
Made on
Tilda