Расціслаў Сэмкіў
Як пісалі класікі
Сярод сусветна вядомых пісьменнікаў ёсць тыя, якія вырашылі падзяліцца сакрэтамі свайго поспеху і напісалі кнігі пра тое, як пісаць добра. Гэтае выданне пазнаёміць вас з поглядамі на мастацкую творчасць мегапапулярных Агаты Крысці, Джорджа Оруэла, Рэя Брэдберы, Курта Вонегута, а таксама блізкіх па часе Мілана Кундэры, Марыа Варгаса Льёсы і Умберта Эка. Чаму яны пісалі? Як яны гэта рабілі? І як на самай справе сталі паспяховымі? Гэта — зборнік практычных парад, якія пацверджаны прызнаннем чытачоў па ўсім свеце.
Пераклад Наталкі Бабінай.

купіць кнігу
Cлухайце іх — яны скажуць

Уявіце сабе, што да вас у горад прыязджае Рэй Брэд­беры. Так, менавіта той — аўтар «Марсіянскіх хронік» і «451° па Фарэнгейце», каласальны фантаст і вясё­лы выдумшчык. І што ў яго будзе толькі адна сустрэча з чытачамі, скажам, у цэнтральнай біб­ліятэцы. Чы­та­чы звычайна з радасцю чака­юць і ме­ней значных выступоўцаў. Гіпатэтычная суст­рэ­ча з Брэдберы вы­клі­кала б вялізны ажыятаж, і ў біб­ліятэку стаяла б кі­ла­метровая чарга.
З іншага боку, уявіце сабе самога Рэя Брэдбе­ры. Стомленага пасля пералёту, змучанага не­аб­ход­нас­цю даць дваццаць інтэрв'ю і пабываць на пяці эфі­рах, на адным з якіх яго яшчэ будзе настойліва да­ставаць слухач ці глядач, напрыклад, з мястэчка Шчорс пытаннямі пра ступень праўдзівасці апісана­га ў яго творах марсіянскага ландшафту. Брэдбе­ры ледзь паспеў паснедаць і фактычна не меў нармальнага абеду — і вось ён ся­дзіць перад велізарнай аўдыторыяй у духаце, ад якой яго хі­ліць на сон. Ціснуць новыя чаравікі, яшчэ і крэсла не вельмі зручнае. У гэты момант у яго абсалютна няма наст­рою быць вялікім пісьменнікам Рэем Брэдберы. Ці многа ён зможа сказаць сваім слухачам?
Зразумела, што сам факт пападання на лекцыю вя­до­мага аўтара засланяе ўсе нязручнасці і не­да­­рэч­нас­ці ў яго прамове. У прынцыпе, ён можа рас­­казваць пра што заўгодна: пра любімую ка­на­рэй­­ку, пра перса­на­жаў, якіх думаў дадаць да якога-­небудзь са сваіх раманаў, але потым перадумаў, пра маладыя гады і першае каханне, пра любімых аўтараў і да та­го падобнае. Большасць усё роўна за­помніць толь­кі факт сваёй прысутнасці на падзеі, зробіць сэлфі з аўтарам здалёку, а калі пашанцуе, то яшчэ абзавядзецца аўтографам. Хіба не так было падчас візіту ў Кіеў іншага фігуранта гэтай кнігі — перу­анскага нобелеўскага лаўрэата Марыа Вар­гаса Льё­сы? Памятаем з яго прамовы, што ён пад­трымлі­вае імкненне Украіны вырвацца з каланіяль­най залежнасці, — і гэта ўсё. Гэта яшчэ адна праблема: на падобных сустрэчах аўтары, асабліва калі яны нобелеўскія лаўрэаты, вымушаныя гаварыць на агульначалавечыя тэмы — ім не да тэорыі пісьма. Дакладна тое ж мы маглі бачыць і чуць на сустрэчах з мінулагодняй лаўрэаткай, беларускай аўтаркай Святланай Алексіевіч.
Тады як нам даведацца сакрэты вялікіх пісьменні­каў? Якім чынам зразумець, як гэта — сесці і напі­саць моцны тэкст? Што тут самае важнае? Магчыма, трэба неяк па-асабліваму ўтульна ўладкаваць месца для пісьма? Ці варта складаць план тэксту да таго, як ён выльецца на старонку? Што яны рабілі, дзякуючы чаму сталі вядомымі і, нарэшце, вялікімі?
Але фармат падобнага рассакрэчвання даўно пры­думаны. Калі кожны тэкст — гэта своеасаблівы ліст у вечнасць, які будуць чытаць потым сотні, а можа, і тысячы людзей, то добры пісьменнік, даслаўшы па такой міжчасавай пошце дзясятак ці два пасланняў, цалкам натуральна даходзіць да думкі да­слаць сваім дапытлівым чытачам яшчэ і своеасаблівы суперліст, які растлумачыць тэхніку і паэтыку ўсіх папярэдніх. Не ўсе вялікія пішуць кнігу пра тое, як пі­саць кнігі, аднак частка з іх такі не супраць па­дзяліцца ўласнымі стратэгіямі поспеху. Не пра ўсіх, але пра некалькіх яркіх аўтараў я распавяду тут.
Такім чынам, аўтар (ці аўтарка) сядаюць у спакойнай абстаноўцы за стол, яны радасныя, узнёслыя, у прадчуванні асэнсавання сваёй творчай працы. Ён ці яна думаюць пра свае кнігі, персанажаў, з які­мі правялі доўгі час, прыдумляючы іх і ведучы за руку са старонкі на старонку, яны ўспамінаюць свой поспех (а як жа, гэта ж вядомыя і прызнаныя аў­та­ры), і іх настрой робіцца яшчэ лепшым. Вядома, пры такіх умовах яны здольныя распавесці нам шмат. Асэнсавана і абагульнена — усё пра тыя таем­ныя спружыны, што паднялі іх над штодзённасцю і над звычайным узроўнем літаратурнай плыні. Будзем іх слухаць — і яны скажуць.

Хто ў гульні?

Калі б мы паспрабавалі ўявіць сабе герояў гэтай кнігі фігурамі ўмоўнай шахматнай партыі, то пачынаць трэба было б з самай тытулаванай з іх. Не, гэта не Кароль, а Каралева, або, як называюць яе ў адной з бія­гра­фій, Герцагіня. Гэта Агата Крысці. Аўтарка, якую па сукупным накладзе, прынамсі ў англамоўным свеце, пераўзышлі толькі Біблія і Шэкспір. Цэнт­ральная пос­таць сярод жанчын у дэтэктыўным жанры, вынаходніца адразу некалькіх дэтэк­тыў­ных трэндаў, то-бок сапраўды Каралева, на сваёй шахматнай дошцы рухаецца як хоча і забівае пер­санажаў без уліку іх рангу — ад лорда да чарна­скурай служанкі. Цалкам магчыма, што яе міс Марпл так­са­ма найбольш інтэлектуальная жанчына-персанаж у су­с­ветнай літаратуры. Такім чы­нам, пачнём з яе.
Далей — адразу трое сапраўды сур'ёзных мужчын, якія папярэджваюць і перасцерагаюць, часам раз­баў­ля­ючы глыбока гуманістычны пафас уласных тэкстаў добрым пачуццём гумару. Гэта скептыкі і іронікі Джордж Оруэл, Рэй Брэдберы і Курт Вонегут, якім мала ролі шахматнага Афіцэра, і яны не пагадзіліся б, каб іх назвалі Генераламі антыўтопіі або Лордамі фантас­тыкі, хоць на самай справе іх статусы менавіта такія. Таму назавём іх новымі Прарокамі — ад гэтага наша ўяў­ная партыя стане яшчэ больш значнаю.
Але нават трохі менш вядомы ў параўнанні з імі нобелеўскі лаўрэат Марыа Варгас Льёса таксама не можа быць у нас Афіцэрам (а тым больш Сланом). Згодна з ла­цінаамерыканскай традыцыяй, да якой ён нале­жыць, назавём яго Палкоўнікам. Нават калі яму ніхто не піша, то ён усё ж працягвае пісаць: вось і маем яго «Лісты маладому раманісту» як адну з кніг, пра якія пойдзе гаворка далей.
Затое мечанаму шматлікімі траўмамі чэшскаму ды­­сі­дэнту Мілану Кундэру такі пасуе роля шахмат­най Пешкі. Знявечаны праследаваннямі рэжыму і адна­часова падазрэннямі ў супрацоўніцтве з гэ­тым рэ­жы­мам, выгнаны са сваёй радзімы, ён толькі і можа рухацца наперад. Таму ён не проста Пешка, а Суперпешка, якая даходзіць да апошняй лі­ніі шахматнай дошкі, дзе можа стаць кім заўгодна ў залежнасці ад нашай фантазіі.
Нарэшце — Умберта Эка. Майстар гульні ў змешванне жанраў і стыляў, а таксама знаўца старажытных манускрыптаў і трэндаў сучаснай масавай культу­ры адначасова. Гэты аўтар — проста жывое ўвасабленне постмадэрнізму, калі глыбіня і нават містыка сю­жэта раз-пораз змяняюцца іроніяй каментатара. Тут фігура для гульні павінна быць рухомая і сталая адначасова — Кентаўр, хімерны і несмяротны гіб­рыд з антычнасці, якую Умберта так любіў.
Як бачым, партыя будзе цікавая і не падобная ні да адной іншай. Герцагіня з трыма Прарокамі, Палкоўнік, Суперпешка і Кентаўр — усё гэта больш нагадвае Лігу Справядлівасці або іншыя каманды ко­мікс-персана­жаў, чым шахматную гульню. Аднак мы ведаем, што ў літаратуры ўсе шахматныя дош­кі на самай справе запазычаныя ў Льюіса Кэрала, а таму ў любы момант можна праваліцца ў нару або тра­піць на вар'яцкае чая­ванне. Свае правілы тут усё ж ёсць, і якраз пра іх пой­дзе гаворка. Хай нават з пункту гледжання паўсядзён­най логікі правілы такой гульні дзіўныя. Зрэшты, ме­на­віта такая яна — літаратура. Менавіта ў гэтым яе сэнс.

Важнае адступленне: што такое літаратура?

Уласна, а што такое мастацкая літаратура? Усе зга­даныя аўтары вядомыя як майстры выдумкі, хоць трое з іх і былі журналістамі. Арыстоцель кажа, а мы паўторым следам за ім, што паэзія (гэта значыць літаратура) якраз тым і адрозніваецца ад гісторыі, бо апошняя распавядае пра тое, што было, а першая — пра тое, што магло б быць. Гэта зна­чыць, у яго бачанні гісторыя — гэта праўда, а літаратура — выдумка, аднак калі яно ўсё-ткі «магло б быць», то гэта не зусім выдумка. Літаратура прыдумляе на мяжы з праўдай, часам настолькі ўдала, што мы губляем гэтую мяжу. Ад сябе дадам, што літаратура выраб­ляе і прапануе чытачу настолькі дасканалую выдумку, што яна часта выяўляецца мац­нейшай за праўду рэальнасці, якую мы бачым вакол. І тады шматлікія зацікаўленыя кідаюцца пісаць сапраўдныя лісты Шэрлаку Холмсу і адсыла­юць іх на неіснуючы адрас Бэйкер-стрыт, 221б, які каралеўскай пошце пасля ўсіх гэтых тон пасланняў трэба было б устанавіць. Так выдуманы адрасат робіцца цалкам рэальнай постаццю нашага жыцця, так моцная літаратура здольная кіраваць жыццём, натхняючы сваіх прыхільнікаў і саромячы скептыкаў. Ідуць па маршруце Леапольда Блума чароды знаўцаў «Уліса», п'юць у шматлікіх піўных Швейка навед­валь­нікі Прагі, абдымаюць Проню з Галахвостым ахвотнікі спа­знаць атма­сферу Кіева канца XIX стагоддзя і паднімаюць уверх мячы і чароўныя кіі фаны Толкіна, разыгрываючы чарговую бітву эльфаў і оркаў. Наша жыццё трывіяльнае? Яно ўкладзена ў два марш­руты транспарту і не­калькі гарадскіх лакацый, прывязана да дакуч­лівых алгарытмаў дзе­янняў, якія даюць нам заро­бак? Адкрыйце кнігу — у доб­рых кнігах існуюць цэ­лыя сусве­ты, у якіх мы можам некаторы час зна­хо­дзіцца, пра­жыць кучу альтэрнатыўных жыццяў, за­кахацца, загінуць, а по­тым вярнуцца зноў і перамагчы, асабліва — пе­рамаг­чы ханд­ру і млоснасць што­дзённасці.
Так, усё гэта выткана са слоў. Мастацкую літарату­ру творыць адмысловая мова — адшліфаваная, у пэўным сэнсе дасканалая мова, якую мы не суст­рэнем у паўсядзённым жыцці. Моцны аўтар піша так, што не­чакана пасярод эпізоду мы падымаем галаву ад старонкі і гаворым самі сабе: як жа доб­ра сказана! Гэта прыгожае пісьменства, што б мы ні мелі на ўвазе пад гэтым «прыгожае».
Пакуль мы чытаем, хай на­ват яшчэ не дачыта­лі да важ­ных пытанняў, якія штур­хаюць аўтара да пі­сан­ня, наш мозг ужо напружана працуе: тое, што ў кіно возьмуць на сябе рэжысёр, аператар і акцёры, дэкараваныя арміяй касцюмераў і візажыстаў, мы робім самі сам-насам са старонкай. Гэта мы выбі­раем ракурс, ставім карцінку і апранаем персанажаў у адзенне сваёй фантазіі. Моцны аўтар падах­вочвае нас чуць гукі, пра якія гаворыцца ў тэксце, адчуваць пах вуліцы пасля дажджу ці, больш за тое, — улюбляцца, пакутаваць і радавацца разам з яго героямі. Ён проста піша слова — і яно звініць, рэзануючы імпульсамі нашых нейронаў. Мурашкі? Вось адкуль бяруцца мурашкі, калі мы чытаем доб­рую кнігу. І яна не адпусціць нас. Мы хочам заставацца ва ўяўным, так, у выдуманым свеце, пакуль не спазнаем яго ўвесь, аж пакуль не дойдзем да канца прапанаванай гісторыі. І не выключана, што потым захочам яшчэ і будзем сумаваць, што аўтар тут паставіў кропку. Моцная кніга заўсёды штурхае да далейшага чытання.
Ці такія тэксты Агаты Крысці, Рэя Брэдберы, Умберта Эка і іншых персанажаў гэтай кнігі? Вядома, так! Тут клуб моцных аўтараў (і адной аўтаркі). Яны якраз расселіся вакол каміна на мяккіх канапах ці на па-спартанску цвёрдых крэслах (Оруэл і Вонегут дак­ладна абышліся без лішняй раскошы). Яны гатовыя распавядаць пра сваё бачанне правілаў пісьма. Ці дадуць нам аўтарытэты дзейсныя рэцэпты пос­пе­ху? Яны шчыра пастараюцца, будзем пэўныя.

Тры гісторыі пра кожнага

Не сумняваюся, што чытачы гэтай кнігі ўжо добра ведаюць усіх яе фігурантаў. Гэта занадта вядомыя аўтары (і аўтарка), і мы, безумоўна, чыталі шэраг іх тэкстаў. Аднак кожную з гісторый варта пачынаць ад біяграфіі, хаця б кароткай, бо ў ёй часта знахо­дзім адказы, якія будуць цікавіць нас не менш, чым сакрэты пісьма.
Біяграфія кожнага пісьменніка змяшчае стымулы і траў­мы, адштурхоўваючыся ад якіх, ён пачынае пісаць.
Сапраўды, многія пачынаюць пісаць у адказ на не­шта — падзею або перажыванне. Псіхааналіз мае рацыю: мы нічога не забываем і не ігнаруем. Калі не можам скончыць трывогу адразу, то выціскаем яе на дно сва­ёй свядомасці (у несвядомае), і далей яна тоіцца там, пакуль не атрымае магчымасці выр­вацца вонкі. Пера­тварыць псіхічнае напружанне ў літаратурны тэкст — гэта яшчэ больш-менш гуманны спосаб даць ра­ды з ім, не дазволіць унут­ра­ным разбуральным сі­лам выплюхнуцца вонкі не­­кантраляванай агрэсіяй.
Такім чынам, шмат добрых літаратурных тэкстаў на са­май справе ёсць адказамі іх стваральнікаў на ўласныя жыццёвыя праблемы. А калі траўма за­над­та моц­ная, то пісьменнік можа ўсё жыццё адра­саваць тэксты менавіта ёй, гэта значыць пісаць, каб перамагчы неспакой, ды яшчэ і не факт, што пе­­рамагчы ўдасца. З іншага боку, Жан Лакан, у ад­роз­ненне ад дзеда Зігмунда, які спрабаваў ля­чыць, на­­адварот, раіць палюбіць сваю траўму. Бо гэта магутная крыніца натхнення! Шмат трывог у дзя­цінстве і ў маладых гадах Агаты Крысці? Тым болей трывожныя і фантасмагарычныя бу­дуць яе дэ­тэк­­тыўныя сюжэты. Менавіта дэтэктыўныя. Ка­лі б жыццё не падкідвала гэтай геніяльнай жанчыне раз-пораз вост­рыя перажыванні, яна магла б пі­саць, скажам, ме­ладрамы і застацца нам не­вядомай. Як сказаў калісьці французскі пасланнік пры іспанскім двары, калі турма дапамагае Сер­вантэсу пісаць та­кія кнігі, то хай лепш сядзіць там пастаянна.
Аднак не траўмамі адзінымі. Стымулы да пісання і ін­шай творчасці могуць быць і радасныя — чалавек пе­ра­­жывае шчасце, хоча спыніць імгненне. Нарэшце, вельмі часта пішуць, таму што гэтаму спрыяе сяб­роў­­скае асяроддзе, таму што блізкія і сябры таксама пі­­шуць і цэняць кнігі. Пішуць, таму што часам няма ку­­ды дзявацца ад кніг. Дык ці ж не цікава зазірнуць у бія­графіі пісьменнікаў? Адказы менавіта там.
Аўтар, які прапануе ўласныя разважанні пра сакрэты свайго поспеху, скажа нам шмат, але дакладна не скажа ўсяго. Ён (ці яна) таксама прамаўчыць пра пэўныя старонкі сваёй біяграфіі, якія не вельмі хочацца ўспамінаць. Уласна, многія і забыліся, бо чалавечая памяць (у адрозненне ад сацсетак) схільная захоў­ваць толькі лепшае. Паспрабуем вярнуць забытае аўтарамі — хоць бы ў тых межах, якія важныя для разу­мен­ня яго ці яе творчасці.
Далей — другая гісторыя, якую раскажа сам аўтар. Вось гэта абяцанае — зборнік рэцэптаў з усімі неаб­ход­­нымі для літаратурнай кулінарыі інгрэдыентамі. Нехта (як Льёса або Эка) падае іх больш упарадкавана і аб'ёмна, хтосьці (як Оруэл або Вонегут) канцэнтруе ў некалькіх парадах. Затое Брэдберы і Кундэра маскіруюць сакрэты ўласных страў спецыямі жартаў і раствараюць іх у пінтах разваг або адступленняў. Агаце таксама ёсць што сказаць, але ў нагрузку мы па­вінны выслухаць яе гісторыі пра ўзаемаадносіны з сястрой і братам, выхаванне дачкі, кругасветнае падарожжа і іншыя жыццёвыя моманты. Зрэшты, я паберагу чытачоў ад празмернай колькасці лішніх дэталяў: у другой частцы кожнага з раздзелаў сказанае нашымі аўтарамі будзе сцісла рэзюмавана, іх разважанні наўмысна бу­дуць пададзены больш выразна і лаканічна.
Нарэшце, трэцяя частка раздзела дапоўніць папя­рэднюю аналізам тых механізмаў поспеху, якія спра­цавалі паміма волі саміх аўтараў. Гэтыя спру­жыны творчасці бачныя звонку, але самі аўтары або аўтарка заўважыць іх дзеянні не могуць ці не хочуць. Затое мы ведаем далейшы лёс тэкстаў і стваральнікаў, таму асэнсоўваем поспех аўтараў у больш шырокім кантэксце. Словам, калі біяграфічны нарыс напачатку кожнага з раздзелаў павінен растлумачыць нам, што падштурхнула нашых аўтараў да пісьма, то два наступныя паведамяць пра складнікі іх майстэрст­ва, кожны раз пашыраючы дыяпазон гледжання — ад уласна аўтарскага да лі­та­ратуразнаўчага. Тады мы ўбачым кожнага з іх у інтэр'еры яго ці яе жыцця і ў нястрымнай плыні творчасці, якую яны мелі шчасце прапусціць праз сябе. І мы зразумеем, што яны хацелі сказаць.

АГАТА КРЫСЦІ

Як зрабіць з жыцця прыгоду?


Само жыццё Агаты Крысці пастаянна давала ёй ма­тэ­рыял для апавяданняў і раманаў. Не, яна не была рэпарцёрам крымінальнай хронікі і не ўдзельнічала ў расследаваннях — максімум даведалася пра асаб­лівасці лекаў і атрут, калі ўзялася асвойваць фармакалогію. Дэтэктыўныя сюжэты аўтарка прыдумляла, аднак персанажамі ў іх рабіліся добра вядомыя ёй людзі, а падзеі разгортваліся ў месцах, дзе яна ка­лісьці жыла. Біяграфію Агаты Крысці спрэс засяля­юць прататыпы яе твораў.
Паказальная тут, напрыклад, постаць капітана Гас­тынг­са. Ключавым прататыпам, вядома, з'яўляецца першы муж Агаты — Арчы Крысці, прозвішча якога аўтарка (да шлюбу Мілер) пакінула сабе нават пасля разводу і ў рэшце рэшт зрабіла несмяротным. Арчы быў заўзятым гульцом у гольф, меў рашучы, аднак трохі хаатычны характар, захапляўся спартыўнымі аўто. Ну выліты Гастынгс, што тут скажаш! Пасля Арчыбальд Крысці расстаўся з Агатай, у выніку чаго пацярпеў і Гастынгс. Праўда, аўтарка трансфармуе жыццёвы сюжэт: гэта жонка кідае Гас­тынгса, а не наадварот.
З іншага боку, Арчы яшчэ ў часы Першай сусветнай вайны быў афіцэрам Каралеўскага ваенна-павет­ра­нага флоту (так яго тады называлі), і маладыя лёт­чыкі з'явіліся ў раманах «Загадка Эндхаўса», «Смерць у аблоках», «Перст лёсу» або «А 4:50 з Падынгтана».
Яны лёгка ўлюбляюць у сябе дзяўчат, гінуць, выконваючы заданне, вяртаюцца скалечаныя або пакіда­юць паветраныя сілы з настальгіяй па небе, як урэш­це зрабіў і сам Арчы. Словам, робяць усё, што не­пакоіла аўтарку ў гэтай небяспечнай прафесіі.
Потым Арчы стаў клеркам у Лондане і ўвесь час ба­яўся, што яго ўцягнуць у нейкую несумленную здзел­ку. Таму аўтарка ў раманах «Таямніца "Блакітнага цягніка"», «Га­тэль "Бертрам"», у апавяданні «Ра­баванне на мільён до­лараў» прымушае клеркаў па­кутаваць: іх падстаўляюць, у іх заўсёды праблемы з грашыма, яны мараць пра леп­шае жыццё, але не могуць вырвацца са штодзённасці.
З гумарам намаляваная маладая сямейка з кнігі «Прыгоды з таннай кватэрай» — гэта партрэт Агаты і Арчы Крысці, якія толькі перабраліся ў Лондан у 1919 годзе. А калі маладая пара ў рамане «Забытае забойства» падарожнічае па англійскіх графствах у пошуках маленькага ўтульнага дамка, зноў бачым часцінку побыту сямейства Крысці — аж да дыскусій пра адценне і малюнак шпалер. У рамане гэта няшчасны дом, там калісьці было здзейснена забойства; дом, які набылі Крысці, таксама меў дурную славу: там паміралі ад ня­шчас­ных выпадкаў і расставаліся. Агата з Арчы таксама рассталіся, гэта здарылася ў 1926 годзе, калі Агаце было трыццаць шэсць. Аўтарка захавала пяшчотныя пачуцці да першага мужа і ў далейшым: яна забівае маладога лётчыка толькі раз — у рамане «Загадка Эндхаўса».
Калі вярнуцца цяпер да Гастынгса, то яшчэ адным пра­татыпам памочніка Пуаро быў старэйшы брат Агаты — Монці (Луі Мантан). Ён нарадзіўся ў 1880 го­дзе, гэта значыць быў старэйшы за аўтарку на 10 гадоў (най­старэйшым дзіцем у сям'і была Мар­гарэт 1879 года нара­джэння). Монці ўвесь час увяз­ваўся ў рызыкоўныя фінансавыя авантуры, а аднойчы нават выманіў у ста­рэйшай сястры сродкі на пабудо­ву не­вялікага караб­ля для наладжван­ня камерцыйнага суднаходства на афрыканскім возеры Вікторыя. (Сям'я Крысці не бы­ла беднай: валодала даволі пры­­стой­ным спадчынным ка­пі­та­лам). Залішне ка­заць, што авантуры Монці, як і па­доб­­ныя здзел­кі Гас­тынг­са, раз за разам цярпелі няўдачу.
Нарэшце, трэцім прататыпам можна лічыць адна­го з ранніх прыхільнікаў Агаты, які пакінуў яе, спаку­сіў­шыся экспедыцыяй у Паўднёвую Амерыку. Як па­мя­таем, Гастынгс таксама хацеў разжыцца на ран­­­ча ў Аргенціне і ўкладваў сродкі ў Паўднёваамеры­кан­скую чыгунку. Абодвух напаткаў сямейны крах: ад Эн­тані сы­шла нявеста, ад Гастынгса — жонка.
Мы можам бясконца вышукваць новых і новых пра­та­тыпаў, даследуючы біяграфію Агаты Крысці. Яна бы­ла ўважлівым назіральнікам, і менавіта таму яе пер­санажы, увабраўшы характары і звычкі рэальных лю­дзей, выглядаюць такімі паўнакроўнымі — усе, ад лор­да да дантыста. У той жа час шматлікія пада­рож­жы аўтаркі дазваляюць упіс­ваць дэтэктыў­ны сю­жэт як у звыклую ёй панараму невялікага англійска­га мястэчка, так і ў гам лонданскага Сіці ці нават у эк­за­тычныя дэкарацыі Блізкага Усходу і трапічных астра­воў. У 1923 го­дзе сям'я Крысці, пакінуўшы сваю чатырохгадовую дачку Разалінд пад наглядам цёткі Маргарэт, адбыла ў кругасветнае падарожжа (для Арчы гэта была рабочая камандзіроўка ў складзе дэлегацыі Брытанскага гандлёвага прадстаўніцтва). Паўднё­вая Аф­рыка, Радэзія, Аўстралія, Новая Зелан­дыя, Гаваі (абодва займаліся сёрфінгам), Канада і ЗША — шмат месцаў, якія яны наведалі, і яшчэ больш лю­дзей, якіх сустрэлі, потым пяройдуць у раманы Агаты. Запярэчыце, што ў «Аўтабіяграфіі» сама Крысці кажа — маўляў, толькі аднойчы спісала персанаж з натуры? Не верце ёй тут — у яе тэкстах няма ніводнай выдуманай постаці! Іншая справа, што ў апавяданнях і раманах усе яны будуць жыць і паміраць так, як таго захоча сама аўтарка.
Другі муж Агаты Крысці — Макс Малоўэн, дарэчы, таксама служыў лётчыкам, але ўжо падчас Другой сусветнай. Аднак важней тое, што ён быў вядомым археолагам. Пасля іх шлюбу ў 1930 годзе Агата суправаджае мужа амаль ва ўсіх яго экспедыцыях, прымушае Пуаро і Гастынгса пакінуць іх утульную лонданскую кватэру і адправіцца на Родас, у Егіпет і Месапатамію.
Як і ўва ўсіх іншых пісьменнікаў, біяграфія Агаты Крыс­ці складаецца з дзвюх частак — жыццё­вай і творчай. У яе выпадку першая мае на другую ка­ла­сальны ўплыў. У якіх бы абставінах і сярод якіх лю­дзей ні аказвалася аўтарка, яе свядомасць адразу ж пачынала ператвараць жыццёвы матэрыял у сю­жэ­ты. Чаму гэтыя гісторыі рабіліся такімі жудас­нымі? Пра гэта я паспрабую паразважаць да­лей. А пакуль ненадоўга вернемся ў дзяцінства пісьменніцы: там знаходзім тры вельмі важныя мо­манты, якія падштурхнулі юную Агату да пісьма.
Маці аўтаркі Клара Бёмер-Мілер і яе сястра Маргарэт (Мадж) любілі чытаць і прызвычаілі да гэтага малую Агату. Англійскі сярэдні клас, да якога належала будучая пісьменніца, наогул сур'ёзна ставіўся да пісьмовай культуры. Зрэшты, не толькі чытанне, але і пісьмо ў віктарыянскай Англіі (так-так, Агата Крысці — тыповая віктарыянка!) былі толькі дабрадзейнымі звычкамі. Сама пісьменніца кажа, што ў дзяцінстве прыдумляць гісторыі было для яе такой жа забаўкай, як і вышываць падушачкі.
Таму першае ў яе жыцці падахвочванне да творчас­ці будзе выглядаць для нас крыху дзіўным. У адзін з даж­д­ж­­лівых дзён маці ўваходзіць у пакой дзе­сяцігадовай дачкі і кажа: «Табе нудна, Агата? Дык напішы апавяданне!» У той момант ніхто з іх дзвюх нават не падазрае, кім стане гэтая дзяўчынка потым. Тады яшчэ не ідзе гаворка пра нейкую геніяль­насць — проста гэта яшчэ адна гульня, каб выратавацца ад трывіяльнасці будняў.
Далей — Мадж. Сёстры гулялі ў жудасную гульню: яны ўяўлялі, што ў іх ёсць яшчэ старэйшая сястра, якая (ох, гэтыя віктарыянскія клішэ!) звар'яцела, і яе замкнулі на гарышчы. Познімі вечарамі Ста­рэй­шая сястра (яе ролю, натуральна, выконвала Мадж) блукае сямейным домам у Эшфілдзе і на­рэш­це асцярожна стукае ў дзверы Агаты: «Адчыні, Агата, — кажа Мадж страшным голасам, — гэта я, твая Старэйшая сястра!» Думаеце, гуляючы ў такую гульню ў дзяцінстве, можна пісаць нешта яшчэ, акрамя дэтэктываў і трылераў?
Мадж, паводле сведчанняў самой Агаты Крысці, пісала больш умела, чым яе малодшая сястра. Яны складалі вершы (у Агаты ёсць верш пра першы ўбачаны трамвай), абменьваліся невялікімі элегантнымі навеламі, поўнымі дзявочых уяўленняў пра свет. Мадж думала з часам напісаць нешта сур'ёзнае, аднак пасля шлюбу, у адрозненне ад Агаты, пісаць кінула. Затое сама Агата пра вялікую літа­ратуру не думала. Сёстры чыталі і забаўляльную, як тады лічылася, лі­та­ратуру: між іншым і дэ­тэк­тывы Эдгара По, Артура Конан Дойла, Гастона Леру, які пасля паўплывае на Жоржа Сіменона. Аднойчы, прачытаўшы новы раман Леру, Агата сказала Мадж, што калі пісаць, дык хі­ба што такія тэксты. Мадж засмяялася: «Агата, табе ніколі не на­­пісаць дэтэктыў! Можам пабіцца аб за­клад». Гэтае ўмоўнае пары, як піша сама Крысці, ста­ла адпраў­ной кропкай самаўсведамлення яе як аўтаркі: яна вырашыла даказаць, што зможа.
Спружына рашучасці сціскалася, але стрэліла больш чым праз 10 гадоў: першы раман пісьменніцы «Загадкавае здарэнне ў Стайлзе» з'явіўся ў 1920 го­дзе і адразу здабыў поспех (пра 4 гады бясплоднага штурму выдавецтваў да гэтай публікацыі скажам далей). Да 1926 года выйшлі ў свет яшчэ два раманы: «Таямнічы праціўнік» (1922) і «Забойства на по­­ле для гольфа» (1923). Аднак у той час Агата Крыс­ці была ўжо настолькі папулярнай, што калі інсцэніравала ўласнае выкраданне, яе кінуліся шу­каць уся брытанская паліцыя, журналісты і сам Ар­тур Конан Дойл! Зрэшты, гэта сумная старонка: у тым го­дзе памерла яе маці, любімы муж падаў на развод, а фінансавае становішча пасля набыцця до­ма за­ставалася складаным. У пісьменніцы адбыў­ся нервовы зрыў, яна кінула ўсё і схавалася ад свету ў маленькім гатэлі пад чужым імем. Рэпарцёры знайшлі ўцякачку праз 10 дзён, і яна вымушана была вярнуцца. Агата Крысці тады змагла падняцца над абставінамі і зноў пачаць пісаць. Але, магчыма, менавіта праз развод з мужам адбываецца крах ад­ной з яе творчых вынаходак — сямейнай пары дэ­тэктываў Томі і Тапенс. На працягу ўсёй творчай біяграфіі, прыдумаўшы гэтых персанажаў ужо ў другой сваёй кнізе, пісьменніца ў далейшым выво­дзіць іх толькі ў адным зборніку апавяданняў і яшчэ ў трох раманах (для параўнання, пра міс Марпл з'яўляецца 12, а пра Эркюля Пуа­ро — 33 раманы). Словам, на сямейных расследаваннях пастаўлена кропка, аднак праз чатыры гады пасля асабістай драмы з'явіцца міс Марпл — самастойная, спакойная, рашучая. Як жа ствараць такіх моцных і жыццяздольных літаратурных герояў? Як прыдумляць такія займальныя і дынамічныя сюжэты? Прыйшоў час Герцагіні расказаць пра ўсё самой.

Літаратурныя рэцэпты Агаты

Час і месца пісьма

Асобнай кнігі пра мастацтва пісьма Агата Крысці не на­пісала. Аднак яе «Аўтабіяграфія», выдадзе­ная ў 1965 годзе, побач з неверагодна цікавымі эпі­зо­дамі яе прыватнага жыцця змяшчае дастатко­ва на­­зі­ранняў, якія тычацца агульнага бачання і канк­рэт­ных алгарытмаў яе творчасці. Зрэшты, нам да­вя­дзецца ўсё ж ісці ад побыту і да побыту: ад парад аўтара пра, скажам, практычную аргані­зацыю творчага працэсу, праз агульныя разважан­ні пра значэнне літаратуры — да канкрэтных пісьменніц­кіх рэкамендацый пра стварэнне тэксту і ўзае­ма­дзе­янне з літаратурнымі агентамі, выдавецтвамі і лі­та­ратурным светам у цэлым.
Аднак галоўнае, што можна за­фік­саваць для ся­бе, учытваючы­ся ў «Аўта­бія­­гра­фію», — гэта вы­к­люч­ная і, я б сказаў, ня­стрым­­ная лю­боў пісь­мен­­ніцы да пры­думван­ня сю­жэ­таў, працэсу, які не спыняўся ніколі і нідзе. Аў­тарка здзіўляецца сама сабе, калі нібыта збо­ку ба­чыць сваю постаць, якая ідзе па вуліцах Лон­дана, мармычучы пад нос дыялогі і цэлыя ўрыў­кі з задуманай кнігі. Краем вока яна назірае рэакцыю мінакоў, якія, не ведаючы яе, думаюць, што сустрэлі нейкую гарадскую вар'ятку. Сюжэты захопліва­юць і пе­рапаўняюць яе, раз з'я­віўшыся, ужо не даюць спа­кою, яна вяртаецца да іх зноў і зноў.
Кожны раман, кожнае апавяданне аўтаркі — а напісала яна 66 раманаў і 12 зборнікаў апавяданняў — у працэсе стварэння пераходзяць два выразна бач­­ныя этапы: прадумвання і ўласна пісання. Першы з іх — доўгі і хаатычны. Агата спрабуе ўбачыць гісторыю, якую збіраецца распавесці, да найменшых драбніц, абдумвае сюжэтныя хады, уяўляе памяшканні і пейзажы, увесь час паўтарае іх апісанні, прагаворвае дыялогі персанажаў. Словам, яна жыве ў сваіх тэкстах і, як мы ўжо ведаем, перано­сіць туды людзей, інтэр'еры, цэлыя кавалкі свайго жыцця. Гэта займае шмат часу, аднак зайсці ў сюжэт і зна­ходзіцца там можна ў любым месцы і пры лю­­бых абставінах. Агата, як Аліса, час ад часу занурваецца ў віртуальны свет, толькі ў адрозненне ад гераіні Кэрала робіць гэта цалкам свядома і па ўласным жаданні.
З іншага боку — не, сюжэты не адпускаюць яе. Адны з іх пісьменніца можа часова адставіць у далёкі кут сваёй памяці, аднак пасля яны вяртаюцца і патрабуюць да сябе ўвагі. А самае важнае, што ёй неймаверна цікава знаходзіцца ў тым выдуманым свеце, які ўжо і выдумкай не назавеш — так ён урастае ў яе жыццё.
Другі этап — само пісанне. Але ўжо і непасрэдная падрыхтоўка да яго мае некалькі стадый. Пачынаецца ўсё са шматлікіх сшыткаў і запісных кніжак, куды гэтыя прагавораныя апісанні і дыялогі трап­ляюць адразу ж пасля прагулак Лонданам або загараднымі сцяжынкамі. Сшыткі збіраюцца, губляюцца і знаходзяцца, частка запісаў так і застаецца нявыкарыстанай, але ўсё гэта разам фарміруе першапачатковую амальгаму — творчую магму, якая пасля бушуе сюжэтам, што ўжо склаўся. Наступная стадыя мучыць Агату больш за ўсё. Гэта тры ці чатыры тыдні сядзення перад чыстым аркушам, запраўленым у машынку (пісала яна ад рукі алоўкам ці адразу ж друкавала). Тады, як прызнаецца аўтарка, яе ахопліваюць нерашучасць, няўпэўненасць, апатычны сум, агіда і нават лянота. Але рана ці позна жаданне пісаць перасільвае іх, і сюжэт, вырастаючы на папярэдніх запісах як на дражджах, роўна кладзецца на паперу.
Так, план, вядома, што павінен быць план. Мы яшчэ вернемся да гэтага пазней, аднак, падобна, Агата Крысці не напісала ніводнага свайго рамана ці нават апавядання без дэталёва прадуманага і выпісанага плана. Акрамя таго, мае значэнне менавіта вось гэта яе ўсведамленне, што такі план павінен быць. Сюжэт потым можа адхіліцца ўбок, абрасці дадатковымі дэталямі, аднак так ці інакш ён бу­дзе падпарадкоўвацца загадзя складзенаму плану. Я ўжо казаў: Агата Крысці — віктарыянка. Гэта не значыць, што яна зашораная правіламі і загадамі і без іх кроку ступіць не можа, аднак гэта сведчыць пра тое, што яна ставіцца да правілаў і планаў з належнай павагай.
Далей з'яўляецца чарнавік. Больш ці менш падрабязны, ён можа змяшчаць і ўвесь тэкст, але хутчэй гэта значная частка тэксту, якую аўтар потым адкладае і вяртаецца да яе пазней, часам пасля работы над іншым сюжэтам. Крысці цэніць камфорт­насць пісання, хоць на самай справе для камфорту ёй трэба зусім няшмат. Яна піша, пакуль ёй не стане нудна, а пасля пакідае сюжэт «да лепшых часоў».
Урэшце — фінал. Трэба знайсці для работы тыдні два, больш нічым не займацца і скончыць тэкст. Прос­та і выразна, як і ўсё ў віктарыянскую эпоху.
Вядома, сям'я, сябры і іншыя справы павінны па­ча­каць, асабліва ў той апошні перыяд. Важна, як піша Крысці, «зачыніць дзверы». Трэба пакінуць усе свае клопаты і перажыванні вонкі і з галавой аку­нуц­ца ў свет, якому пасля трэба будзе жыць уласным і паўнакроўным жыццём. Акрамя зачыне­ных дзвярэй неабходныя толькі дзве рэчы — надзейны стол і друкар­ская машынка. (Туалетны столік у спальні і абедзенны стол у перапынках паміж сняданкам і абедам — гэта тыя два месцы, дзе яна напісала большасць сваіх тэкс­таў.) Толькі недзе пад пяцьдзясят пісьменніцы ўдалося разжыцца ўласным кабінетам, а да гэтага яна ўвесь час камплексавала ад просьбаў журналістаў сфа­та­гра­фаваць яе «працоўнае месца» — такога проста не было.
Не спяшацца — гэтая парада вымалёўваецца з тэк­с­­ту «Аўтабіяграфіі», і яна вельмі сугучная патра­баванню нейкі час жыць у выдуманым свеце. «Я вырашыла пісаць адзін раман на год і яшчэ не­калькі апавяданняў», — кажа аўтарка. «Так мала!» — адразу ўсклікаем мы. Але чакайце, вось дзе адказ на пытанне, як напісаць некалькі дзясяткаў раманаў і сотні апавяданняў за 55 гадоў літаратурнай кар'еры. Нашым пісьменнікам бы так! І не тое каб яна больш пры гэтым нічога не рабіла — Агата выхоўвала дачку, падарожнічала, брала ўдзел у археа­ла­гічных экспедыцыях. Перажыла дзве вайны, пра­цуючы, між іншым, сястрой міласэрнасці.
Зрэшты, калі надыходзіў гэты «час зачыненых дзвя­рэй», распарадак дня аўтаркі рабіўся метадычным і строга рэгламентаваным: лёгкі сняданак, інтэнсіўнае пісанне да абеду, абед (які, як мы ведаем, у брытанцаў досыць позна), а пасля — прагулка, падчас якой пісьменніца зноў прагаворвае наступны эпізод. Часам ёй даводзілася наймаць стэнаграфістку, аднак гаварыць «на чыставік» аўтарцы было складана: гучала штучна і непраўдападобна. Да таго ж, як піша сама Агата, вуснае маўленне — шматслоўнае. Калі мы пішам, то да слоў ставімся эканомна ці проста лянуемся пісаць даўжэй. Відавочна, у гэтым сакрэт вядомай лаканічнасці стылю Агаты Крысці.
Нарэшце, яшчэ два важныя для пісання бытавыя фактары, адзін з якіх перашкаджаў, а другі — дапа­магаў аўтарцы ў працы. Прысутнасць каго б то ні было, нават калі гэта адзіная і любімая дачка, пера­шкаджала канцэнтрацыі думкі. Разалінд, якая на­радзілася ў 1918 годзе, спачатку была занадта малой, каб перашкаджаць мамінай прафесіі: паводле тагачасных звычаяў, да школьнага ўзросту за дзяў­чынкай пераважна прыглядала нянь­ка. Ад­нак, калі дачцэ было каля дзесяці і яна ад­чува­ла сябе адзінокай пасля разводу бацькоў, Агаце каштавала немалых намаганняў пазбавіцца яе пры­сутнасці падчас сеансаў пісьма, тым болей што нянькай тады была яе блізкая сяброўка Шарло­та Фі­шар (Карла), якая пры гэтым яшчэ і выконвала абавязкі сакратаркі і стэнаграфісткі. (Між іншым, Шар­лота стала адной з фігурантак рамана «Смерць лорда Эджвера» — Агата забівае яе вя­лі­кай дозай какаіну.)
Затое на працягу другога шлюбу Крысці настае гар­­монія: з 1930 па 1938 год трывае самы плённы пе­­рыяд творчасці. Разалінд тады вучыцца ў школе-пансіёне, а муж, археолаг Макс Малоўэн, або пра­­водзіць раскопкі і просіць яму не перашка­джаць, або сам піша гістарычныя працы — тады кожны з іх ідзе ў свой пакой, а праца ператвараецца ў своеасаблівае спаборніцтва (за археалагічныя дас­­ледаванні Малоўэн атрымлівае тытул рыцара ў 1968 годзе, а ў 1971 годзе за ўклад у літаратуру Ага­це Крысці надаецца «жаночы» аналаг тытула — яна становіцца Дамай-Камандорам Брытанскай імперыі). Нават сямейная пара дэтэктываў Томі і Тапенс вяртаюцца: яны зноў робяцца цікавымі для пісьменніцы.
Такім чынам, галоўнае патрабаванне Агаты Крысці да арганізацыі працэсу пісьма гучыць прыкладна так: «Не чапайце мяне!» Літаратурны матэрыял увесь час урываецца ў яе жыццё, ды і само яно ператвараецца ў зборнік патэнцыйных сюжэтаў. Аднак, калі пачынаецца праца над тэкстам, жыццё павінна пастаяць і пачакаць за дзвярыма. Так Агата Крысці бачыць літаратуру, хоць у разуменні яе статусу і ролі на працягу жыцця аўтаркі адбываюцца пэўныя змены.
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку
Made on
Tilda