Жазэ Сарамагу
Пячора
«Пячора» — раман знакамітага партугальскага пісьменніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 1998 года Жазэ Сарамагу (1922–2010). У творы пісьменнік звярнуўся да міфа аб пячоры Платона. На беларускую мову кнігу пераклала Галіна Мітраховіч.
Сям'я вясковых ганчароў прадае свой посуд у аграмадным Цэнтры, дзе людзі жывуць, працуюць, наведваюць крамы. Але іх вырабы не патрэбны ў горадзе — посуд перасталі пакупаць. Хутка і ганчары становяцца жыхарамі Цэнтра. Пераезд памяняе жыццё цэлай сям'і. Сарамагу Творчасць пісьменніка злучае ў сабе элементы традыцыйнага еўрапейскага рэалізму і магічнага рэалізму такіх аўтараў-лацінаамерыканцаў, як Габрыель Гарсія Маркес і Марыа Варгас Льёса, а таксама спалучае ў творах багатае барока і мадэрнізм з яго пазбяганнем звычайнай пунктуацыі, як у Хорхе Луіса Борхеса ці Хуліа Картасара. Сарамагу зарэкамендаваў сябе як творчы і іранічны апавядальнік. Песімістычны і сур'ёзны, ясны і элегантны — так, па версіі брытанскай газеты The Independent, можна ахарактарызаваць стыль партугальскага пісьменніка.


купіць за 18,90 руб.
Мужчыну, што кіруе фургонам, завуць Сіпрыяну Алгор, па прафесіі ён ганчар, і яму шэсцьдзясят чатыры гады, хаця выглядае маладзейшым. Мужчыну, які сядзіць побач, яго зяця, завуць Марсал Гашу, гэтаму яшчэ няма трыццаці. Прынамсі, ніхто б яму столькі не даў, пагля­дзеўшы на твар. Як ужо можна было заўважыць, і ў аднаго, і ў другога побач з імем стаіць не зусім звычайнае прозвішча, пра якое не вядома, што яно значыць, адкуль узялося і навошта. Хутчэй за ўсё, ім было б не вельмі прыемна калі-не­будзь даведацца, што «алгор» азначае вялікі холад па целе, прадвеснік ліхаманкі, а «гашу» не што іншае, як тая частка шыі вала, на якую вешаюць ярмо. Маладзейшы ва ўніформе, але без зброі. На старэйшым цывільны пінжак і штаны больш-менш у тон пінжака, кашуля строга зашпіленая на апошні гузік, але без гальштука. Рукі, якія круцяць стырно, вялікія і моцныя, сялянскія, але, магчыма, дзякуючы штодзённаму кантакту з мяккай глінай, да якога абавяз­вае рамяство, здаюцца чуллівымі. На правай руцэ Марсала Гашу няма нічога асаблівага, а вось на тыльным баку левай шрам, падобны да апёку, дыяганальная меціна, што цягнецца ад пачатку вялікага пальца да пачатку мезенага. Фургон не заслугоўвае гэтай назвы, гэта хутчэй фургончык, сярэдніх памераў, саста­рэлай мадэлі, і вязе ён гліняны посуд. Калі абодва мужчыны выехалі з дому, да якога ўжо дваццаць кіламетраў, неба толькі-толькі пачынала святлець, а цяпер раз'яснілася настолькі, што можна разгледзець шрам Марсала Гашу і здагадацца пра чул­лівасць рук Сіпрыяну Алгора. Едуць яны на паніжанай хуткасці, бо груз крохкі, а дарожнае пакрыццё няроўнае. Тавар, што не лічыцца першай ці другой неабходнасцю, як у выпадку самаробнага глінянага посуду, па раскла­дзе завозіцца каля дзесяці гадзін раніцы, а гэтыя двое выехалі на досвітку, бо Марсал павінен заступіць на працу не пазней чым за паўгадзіны да адкрыцця Цэнтра для наведвальнікаў. У дні, калі Сіпрыяну Алгор не падвозіць зяця, але павінен везці посуд, яму няма патрэбы ўставаць так рана. І ўсё ж раз на дзесяць дзён менавіта ён забірае Марсала Гашу з працы, каб той мог пабыць з сям'ёю сорак вольных га­дзін, што належаць яму па праве, а пасля, з посудам ці без посуду ў кузаве фургона, зноў пунктуальна адвозіць зяця да яго павіннасцей і абавязкаў унутранага ахоўніка. Дачка Сіпрыяну Алгора, якая завецца Мартай і мае прозві­шча Ізашка ад нябожчыцы-маці і Алгор ад бацькі, цешыцца прысутнасцю мужа ў хаце і ў ложку толькі шэсць начэй і тры дні кожнага месяца. Папярэдняе ночы яна зацяжарала, але яшчэ не ведае гэтага.
Мясцовасць бляклая, брудная, больш чым аднаго позірку не заслугоўвае. Хтосьці даў гэтым прасторам зусім не сельскага выгляду тэхнічную назву Сельскагаспадарчы пояс, а таксама, па нейкай паэтычнай аналогіі, Зялё­ны пояс, хаця адзіны пейзаж, які вока можа ахапіць паабапал дарогі і які бесперапынна цягнецца на многія ты­сячы гектараў, гэта вялізныя каркасы з плоскім дахам, прамавугольныя, зробленыя з пластыку нейтральнага колеру, што час і пыл патроху зрабілі шэра-бурым. Унутры іх, удалечыні ад вачэй мінакоў, нейкія расліны. Там і сям, па другасных дарогах, што выходзяць на галоўную, едуць нагружаныя гароднінай грузавікі і трактары з прычэпамі, хаця большасць перавозак ажыццявілі ўначы, а гэтыя, цяперашнія, або маюць яўны і выключны дазвол на пазнейшую дастаўку, або праспалі. Марсал Гашу незаўважна падцягнуў левы рукаў пінжака, каб глянуць на гадзіннік, ён хвалюецца, бо рух на дарозе паступова нарастае, а ён ведае, што далей, пасля заезду ў Прамысловы пояс, цяжкасцей будзе больш. Цесць заўважыў жэст, але змаўчаў, гэты яго зяць, без сумнення, хлопец прыемны, але ж нервовы, з пароды неспакойных ад нараджэння, заўжды сочыць за ходам часу, нават калі яго не бракуе, і тады ён не ведае, што ў яго ўкласці, у час, зразумела. Які ж ён будзе, калі дажыве да маіх гадоў, мільганула думка. Сельскагаспадарчы пояс застаўся ззаду, дарога, цяпер бруднейшая, перасякае Прамысловы пояс, ідучы сярод фабрычных па­будоў рознага памеру, прызначэння і выгляду, са сферычнымі і цыліндрычнымі паліўнымі рэзервуарамі, электрастанцыямі, каналізацыйнымі сеткамі, паветраправодамі, вісячымі мастамі, трубамі самай рознай таўшчыні, адны чырвоныя, іншыя чорныя, трубамі, што выкідва­юць у атмасферу воблакі атрутнага дыму, сярод даўгарукіх пад'ёмных кранаў, хімічных лабараторый, нафта­­ачы­шчаль­ных заводаў, смярдзючых, горкіх або саладжавых пахаў, прарэзлівых гукаў свярдзёлкаў, гудзення механічных піл, гулкіх удараў палевых молатаў, калі-нікалі трап­ляецца і бясшумная зона, ніхто не ведае, што вырабляюць там. І тут Сіпрыяну Алгор прамовіў, Не турбуйся, пры­едзем без спазнення, Я не турбуюся, адказаў зяць, ледзь хаваючы хваляванне, Ведаю-ведаю, я проста так сказаў, вымавіў Сіпрыяну Алгор. Скіраваў фургон на паралельную вуліцу, прызначаную для мясцовага руху, Зрэжам тут, сказаў, калі паліцыя спытае, чаму з'ехалі з дарогі, памятай пра ўмову, да ўезда ў горад нам трэба выра­шыць справу на адной з гэтых фабрык. Марсал Гашу глыбока ўздых­нуў. Калі рух на дарозе ўскладняўся, цесць раней ці пазней ехаў у аб'езд. Марсала трывожыла толькі тое, што той забудзецца і прыме такое рашэнне занадта позна. На шчасце, нягледзячы на страхі і перасцярогі, паліцыя ні разу не загадала ім спыніцца, Калі-небудзь да яго дойдзе, што я ўжо не хлопчык, падумаў Марсал, і няма патрэбы нагадваць мне кожны раз пра справы на фабрыках. Ні адзін, ні другі не думаў, што якраз уніформа ахоўніка Цэнтра на Марсале Гашу была прычынай заўсёднай цярпімасці або прыхільнай абыякавасці дарожнай паліцыі, усё гэта не было проста шчаслівай выпадковасцю ці ня­зменным шанцаваннем, хаця менавіта так абодва адказалі б на пытанне, чаму, на іх думку, іх дагэтуль не аштрафавалі. Калі б Марсал Гашу ведаў пра гэта, то, магчыма, звярнуў бы ўвагу цесця на вагу аўтарытэту, які надавала яму ўніформа, калі б Сіпрыяну Алгор ведаў пра гэта, то, магчыма, не стаў бы размаўляць з зяцем з такой іранічнай паблажлівасцю. І праўда, ні маладосць не ведае таго, што можа, ні старасць не можа таго, што ведае.
Пасля Прамысловага пояса пачынаецца горад, даклад­ней, не зусім яшчэ горад, той віднеецца наперадзе, пя­шчотна крануты першым ружовым святлом сонца, тут жа бачнае хаатычнае нагрувашчванне баракаў, збуда­ва­ных з усіх магчымых, збольшага маланадзейных, ма­тэ­рыя­лаў, абы толькі баранілі ад непагадзі, галоўным чы­нам ад дажджу і холаду, сваіх беспрытульных насельнікаў. Гэта, як кажуць гараджане, жахлівае месца. Час ад часу, у пацвярджэнне класічнай аксіёмы, якая кажа, што патрэба таксама чыніць закон, тут здараюцца напады на гружаную прадуктамі фуру, якую апаражняюць як вокам маргнуць. Метад дзеяння, вельмі эфектыўны, быў прыдуманы і распрацаваны пасля грунтоўнага калектыўнага абмеркавання вынікаў першых спроб, што не ўдаліся, як гэта адразу стала відавочна, праз поўную адсут­насць стратэгіі, праз састарэлую тактыку, калі яе можна так назваць, і, нарэшце, праз недастатковую і бязладную каардынацыю высілкаў, якія насамрэч не былі супольнымі. Паколькі цягам ночы дарожны рух быў амаль бесперапынны, перакрыццё дарогі з мэтай затрымаць які-небудзь грузавік, як хацелі спачатку, значыла для рабаўнікоў трапіць у сваю ж пастку, бо адразу за першым ішлі іншыя грузавікі, а гэта цягнула за сабой падмацаванне і хуткае выратаванне кіроўцы, якога напаткала бяда. Рашэнне праблемы, сапраўды геніяльнае, як цішком прызнавалі самі паліцэйскія органы, заключалася ў па­дзеле рабаўнікоў на дзве групы, адну тактычную, другую стратэгічную, і ўстаноўцы дзвюх загарод замест адной, як толькі які-небудзь грузавік з'яўляўся на пэўнай адлегласці ад іншых, тактычная група пачынала хуценька перакрываць дарогу за ім, а стратэгічная за некалькі соцень мет­раў наперадзе, папярэджаная спецыяльным светлавым сіг­налам, з такой жа хуткасцю ўсталёўвала другую загароду, і па волі лёсу машыне не заставалася нічога іншага, як спыніцца і аддацца на рабаванне. Што датычылася грузавікоў, якія ехалі ў зваротным напрамку, перакрываць ім дарогу не было патрэбы, бо іх кіроўцы самі спыняліся, скеміўшы, што адбываецца наперадзе. І трэцяя, названая групай хуткага рэагавання, адказвала за тое, каб градам камення адбіць у любога смельчака ахвоту праявіць салідарнасць. Загароды рабіліся з ладных камянёў, якія дастаўлялі на насілках, пры гэтым некаторыя рабаўнікі богам кляліся, што не маюць ніякага дачынення да здарэння і прыходзілі, каб дапамагчы ссунуць каменне на ўзбочыну, Праз тых людзей пра наш раён ходзіць дрэнная слава, а мы сумленныя, казалі яны, на што кіроўцы іншых грузавікоў, якія прагнулі толькі вольнай дарогі, каб не спазніцца ў Цэнтр, адказвалі коратка, Ну-ну. Фургончык Сіпрыяну Алгора пазбегнуў такіх дарожных здарэнняў, таму што амаль заўсёды праязджае гэтыя месцы пры дзённым святле. Прынамсі, да сённяшняга дня. І праўда, паколькі гліняны посуд часцей можна ўбачыць на стале бедняка і ён хутчэй б'ецца, ганчар не выключае, што адна кабета з тых, якія неяк існуюць у гэтых бараках, аднойчы нагадае галаве сям'і, Нам патрэбныя новыя талеркі, на што той, без сумнення, адкажа, Гэта мой клопат, там калі-нікалі праязджае фургончык з надпісам Ганчарныя вырабы, няўжо ж не возіць талеркі, І гаршкі, дадасць кабета, скарыстаўшы спрыяльны момант, І гаршкі, я не забуду.
Паміж баракамі і першымі гарадскімі будынкамі, на нічыйным кавалку, што раздзяляе дзве варожыя фракцыі, ляжыць ладная незабудаваная тэрыторыя, аднак прыгле­дзеў­шыся больш уважліва, на зямлі можна заўважыць сетку перакрыжаваных трактарных слядоў, пэўныя роўныя ўчасткі, дзе, відавочна, папрацавалі вялікія механічныя лапаты, гэтыя няўмольныя крывыя лёзы, якія бязлітасна зносяць усё перад сабой, стары дом, малады корань, ахоўную сцяну, цяністы куток, якога ніколі больш не будзе. Тым не менш, як бывае часам у жыцці, калі мы думаем, нібыта ўсё наша знеслі, а потым заўважаем, што ўсё ж такі нешта засталося, так і тут раскіданыя аскепкі, брудныя анучы, рэшткі нейкіх матэрыялаў, іржавыя бляшанкі, згнілыя дошкі, кавалак поліэтылену, што вецер ганяе туды і сюды, сведчаць, што раней гэтую тэрыторыю займалі бедныя кварталы. Неўзабаве гарадскія будынкі насунуцца, як шарэнга стралкоў, і завалодаюць зямлёю, пакінуўшы паміж сабой і першымі баракамі толькі вузкую палоску, новую нічыйную зямлю, якая будзе заставацца такой, пакуль не надыдзе момант пераходу да трэцяй фазы.
Галоўная дарога, на якую яны вярнуліся, пашырылася за кошт паласы, прызначанай выключна для грузавога транспарту, і хаця толькі хваравітае ўяўленне можа аднесці фургончык да гэтай катэгорыі, той факт, што ён бясспрэчна з'яўляецца транспартам для перавозкі грузаў, надзяляе яго кіроўцу правам сапернічаць на роўных з павольнымі фурамі-мастадонтамі, якія храпуць, рыкаюць і выплёўваюць з выхлапных трубаў задушлівыя воблакі, і хутка абганяць іх спрытным манеўрам, ад якога там, ззаду, дзынкае посуд. Марсал Гашу яшчэ раз зірнуў на гадзіннік і ўздыхнуў. Прыедзе своечасова. Яны ўжо былі на перыферыі горада, заставалася яшчэ праехаць некалькімі вуліцамі блытанай планіроўкі, павярнуць налева, павярнуць направа, зноўку налева, зноўку направа, цяпер направа, направа, налева, налева, направа, наперад і ўрэшце выехаць на плошчу, пасля якой усім складанасцям канец, бо адтуль прамы праспект прывядзе да іх месца прызначэння, туды, дзе чакаюць унутранага ахоўніка Марсала Гашу, і туды, дзе ганчар Сіпрыяну Алгор пакіне свой груз. Удалечыні дарогу перарэзвала высачэзная цёмная сцяна, нашмат вышэйшая за самы высокі з будынкаў паабапал праспекта. На самай справе яна дарогу не перарэзвала, такое ўражанне стварала аптычная ілюзія, бо там былі вуліцы, якія ішлі ў абодвух напрамках уздоўж сцяны, што, у сваю чаргу, была зусім не сцяной, а часткай вялізнай структуры, гіганцкай прамавугольнай будыніны без вокнаў на гладкім фасадзе, аднолькавай на ўсім працягу. Вось мы і тут, сказаў Сіпрыяну Алгор, як бачыш, прыехалі своечасова, яшчэ дзесяць хвілін да таго, як табе заступаць, Вы ведаеце не горш за мяне, чаму я не магу спазняцца, гэта б адмоўна адбілася на маёй чарзе ў спісе кандыдатаў на месца ахоўніка з правам пражывання, Ідэя стаць ахоўнікам з правам пражывання не з ліку тых, якія б маглі ўзрадаваць тваю жонку, Так будзе лепш для нас, будзе больш выгод, лепшыя ўмовы жыцця. Сіпрыяну Алгор спыніў фургон на рагу будыніны, здавалася, што ён не­шта адкажа зяцю, але замест гэтага спытаў, А чаму зносяць той квартал, Значыць, пацвердзілася, Што пацвер­дзілася, Ужо некалькі тыдняў хадзілі чуткі пра пашырэнне, адказаў Марсал Гашу, выходзячы з фургона. Яны спыніліся перад дзвярыма, над якімі была шыльда са словамі «Службовы ўваход для персаналу аховы». Сіпрыяну Алгор сказаў, Можа і так, Не можа, а так, доказ перад вачыма, знос ужо пачалі, Я меў на ўвазе не пашырэнне, а тое, што ты раней сказаў пра ўмовы жыцця, пра выгоды я спрачацца не буду, як бы там ні было, нам няма чаго скардзіцца, мы не самыя бедныя, Паважаю вашу думку, але маю сваю, паба­чыце, што, як надыдзе час, Марта пагодзіцца са мною. Зрабіў пару крокаў, спыніўся, відавочна падумаў, што не так трэба зяцю развітвацца з цесцем, які падвёз яго на працу, і сказаў, Дзякуй, жадаю вам добрай зваротнай дарогі, Да сустрэчы праз дзесяць дзён, сказаў ганчар, Да сустрэчы праз дзесяць дзён, сказаў унутраны ахоўнік, адначасова кіўнуўшы калегу, які набліжаўся да іх. Пайшлі разам, увайшлі, дзверы зачыніліся.
Сіпрыяну Алгор завёў рухавік, але крануўся з месца не адразу. Кінуў позірк на будынкі, якія ішлі пад знос. Гэтым разам, мабыць, праз малую іх вышыню, абыходзіліся без узрывання, гэтага сучаснага, хуткага і відовішчнага пра­цэсу, які за тры секунды здольны ператварыць трывалую арганізаваную канструкцыю ў хаатычную кучу аскепкаў. Як і чакалася, вуліца, якая ўтварала прамы вугал з гэтай, была закрытая для руху. Каб здаць тавар, ганчару трэба было выехаць з квартала, які зносілі, абагнуць яго, потым скіравацца проста, патрэбныя дзверы былі на самым аддаленым рагу адносна месца яго знаходжання, на іншым канцы ўяўнай прамой, якая б перасекла наўскасяк будынак, куды ўвайшоў Марсал Гашу. Па дыяганалі, у думках удакладніў ганчар, каб скараціць тлумачэнне. Калі праз дзесяць дзён ён прыедзе сюды па зяця, ад гэтых будынкаў не застанецца і следу, пыл ад разбурэння, што цяпер носіцца ў паветры, асядзе, і нават можа здарыцца так, што ўжо будуць капаць вялізны катлаван пад фундамент для новага будынка. Потым уздымуцца тры сцяны, адна памежная з вуліцай, якой Сіпрыяну Алгору неўзабаве трэба будзе праехаць, астатнія абмяжуюць з двух бакоў тэрыторыю, утвораную прамежкавай вуліцай і знесенымі будынкамі, у выніку знікне фасад яшчэ бачнага будынка, дзверы для персаналу аховы будуць ужо ў іншым месцы, і праз колькі дзён нават самы праніклівы чалавек, гле­дзячы звонку і тым больш знаходзячыся ўнутры, не зможа адрозніць новую пабудову ад папярэдняй. Ганчар зірнуў на гадзіннік, было яшчэ рана, у дні, калі ён прывозіў зяця, нязменна даводзілася гадзіны дзве чакаць адкрыцця аддзела прыёмкі тавараў, мэты яго паездкі, а потым яшчэ нейкі час, пакуль не надыдзе яго чарга, Але ж я магу за­няць добрае месца ў чарзе, нават магу быць першым, падумаў ён. Першым ён яшчэ ні разу не аказваўся, бо заўсёды нехта ўставаў раней за яго, хаця, хутчэй за ўсё, некаторыя кіроўцы проста бавілі частку ночы ў кабінах сваіх грузавікоў. Калі пачынала віднець, яны выходзілі вонкі з'есці хлеба з чым-небудзь і выпіць кавы, а сырой і халоднай раніцай дык і гарэлкі, потым заставаліся там і гаманілі, пакуль да адкрыцця варот не заставалася хвілін дзесяць, і тады маладзейшыя, нервовыя, як вучні, беглі па пандусе ўніз, да сваіх месцаў, у той час як старэйшыя, асаб­ліва калі ім трэба было ў канец чаргі, ішлі, спакойна размаўляючы далей, наастатак зацягваючыся цыгарэтай, бо на падземным ярусе не дазвалялася курыць пры ўключаных рухавіках. Канец свету, лічылі яны, яшчэ не надышоў, і няма чаго бегчы.
Сіпрыяну Алгор завёў фургончык. Знос дамоў адцягнуў яго ўвагу, і цяпер ён хацеў нагнаць страчаны час, бязглуздыя словы з ліку іншых бязглуздых, недарэчны выраз, якім, як нам здаецца, мы можам падмануць жорсткую праўду, якая заключаецца ў тым, што нагнаць страчаны час нельга, быццам насуперак гэтай праўдзе верым, што створаны намі і страчаны назаўсёды час урэшце вырашыў спыніцца недзе там, ззаду, і з цярпеннем не абмежаванага ў часе чалавека чакае, што мы заўважым яго адсут­насць. Падштурхнуты раптоўнымі думкамі пра тое, хто пад'ехаў першым і хто пад'едзе пасля, ганчар хуценька зрабіў круг вакол квартала і выехаў на вуліцу, якая межавала з другім фасадам будынка. Згодна з нязменным звычаем там ужо стаялі людзі, чакаючы адкрыцця ўвахода для наведвальнікаў. Пераехаў на левую паласу, бліжэй да заезду на пандус, які вёў на падземны ярус, паказаў ахоўніку сваё пасведчанне пастаўшчыка і заняў месца ў чарзе за машынай, гружанай скрынкамі, што, як сведчылі налепкі, змяшчалі шкляныя вырабы. Выйшаў з фургона, каб зірнуць, колькі пастаўшчыкоў перад ім, і больш-менш разлічыць працягласць чакання. Ён быў трынаццатым. Пералічыў яшчэ раз, ніякага сумнення. Хаця ганчар не быў прымхлівым чалавекам, пра кепскую рэпутацыю гэтай лічбы ведаў, у любой размове пра якуюсьці выпадковасць, фатальнасць і лёс нехта заўсёды бярэ слова, каб расказаць пра перажытыя моманты адмоўнага і часам пагібельнага ўздзеяння лічбы трынаццаць. Паспрабаваў успомніць, ці выпадала яму калі-небудзь раней такое месца ў чарзе, але адно з двух, або не, або проста не памятаў. Раззлаваўся сам на сябе, што за лухта, што за глупства, трывожыцца праз тое, чаго ў рэальным свеце не існуе, так, сапраўды, пра гэта ён ніколі раней не задумваўся, сапраўды нумароў у рэальнасці не існуе, рэчам усё адно, які нумар мы ім надаём, не мае аніякага значэння, назавём мы нешта трынаццатым ці сорак чацвёртым, найменшае, што можна заключыць, рэчы не могуць ведаць, на якім месцы ім давялося аказацца. Людзі не рэчы, людзі заўсёды жа­да­юць быць на першых месцах, падумаў ганчар. І не толькі быць там, але і каб пра гэта было сказана і каб астатнія гэта заўважылі, прамармытаў ён. За выключэннем двух ахоўнікаў, якія, кожны на сваім канцы, заўсёды назіралі за ўездам і выездам, падземны ўзровень быў бязлюдны. Так было заўсёды, па прыездзе кіроўцы пакідалі машыны ў чарзе і падымаліся на вуліцу выпіць кавы. Вы вельмі памыляецеся, калі думаеце, што я тут застануся, сказаў Сіпрыяну Алгор уголас. Здаў назад, нібыта яму, урэшце, нічога не трэба выгружаць, і выехаў з шэрага машын. Так я ўжо не буду трынаццатым, падумаў ён. Праз пару хвілін па пандусе з'ехаў грузавік і спыніўся на месцы, якое фургон пакінуў вольным. Кіроўца выйшаў з кабіны, зірнуў на гадзіннік. Час яшчэ ёсць, мабыць, падумаў ён. Калі яго ўжо не было бачна на пандусе, ганчар хуценька пад'ехаў і стаў за грузавіком, Цяпер я чатырнаццаты, сказаў ён сабе, задаволены сваёй хітрасцю. Адкінуўся на сядзенні, уздыхнуў, над галавою гула вуліца, звычайна ён таксама падымаўся з іншымі, каб папіць кавы і купіць газету, але сёння яму не хацелася. Закрыў вочы, быццам занураючыся ў сябе, і адразу пачаў сніць сон, у якім зяць тлумачыў яму, што, калі яго прызначаць ахоўнікам з правам пражывання, сітуацыя рэзка зменіцца, яны з Мартай больш не будуць жыць у ганчарні, час ужо аддзяліцца і пачаць самастойнае жыццё, Зразумейце, чаму быць, як кажа прыказка, таго не абмінуць, свет не стаіць на месцы, калі людзі, ад якіх ты залежыш, павышаюць цябе па службе, табе толькі застаецца ўзняць рукі да неба і падзякаваць, было б недарэчным адвярнуцца ад удачы, калі яна на нашым баку, акрамя таго, я ўпэўнены, што больш за ўсё вы хочаце, каб Марта была шчаслівай, а таму будзеце задаволены. Сіпрыяну Алгор слухаў зяця і ўсміхаўся сам сабе, Ты кажаш усё гэта, бо думаеш, што я трынаццаты, ты ж не ведаеш, што я стаў чатырнаццатым. Прачнуўся ён раптоўна, ад стуку дзвярэй машын, знаку таго, што разгрузка вось-вось пачнецца. Потым, яшчэ знаходзячыся адной нагой у сне, падумаў, Мой нумар не змяніўся, я трынаццаты, які займае месца чатырнаццатага.
Так яно і было. Яго чарга падышла амаль праз гадзіну. Ганчар выйшаў з фургона і накіраваўся ў службу прыёму пастаўшчыкоў з заўсёднымі дакументамі, транспартная на­кладная ў трох экзэмплярах, рахунак за фактычна прададзеныя вырабы апошняй пастаўкі, даведка аб прамысловай якасці, якая суправаджае кожную партыю і згодна з якой ганчарня бярэ на сябе адказнасць за любы дэфект вырабу, выяўлены падчас абавязковага агляду посуду, пацверджанне эксклюзіўнасці, таксама абавязковае для кожнай пастаўкі, згодна з якім, каб пазбегнуць штрафных санкцый за парушэнне, ганчарня абавязваецца не мець гандлёвых стасункаў з іншай крамай для продажу сваіх вырабаў. Як звычайна, падышоў адзін супрацоўнік, каб дапамагчы з разгрузкай, але намеснік начальніка службы падазваў яго і загадаў, Разгрузі палову прывезенага, правер па накладной. Сіпрыяну Алгор, здзіўлены і ўстрывожаны, спытаў, Палову, чаму, Апошнімі тыднямі продаж вельмі зменшыўся, мабыць, праз малы попыт нам давя­дзецца вярнуць вам тое, што на складзе, Вярнуць тое, што на складзе, Так, гэта абумоўлена кантрактам, Я добра ведаю, што гэта абумоўлена кантрактам, але ж, раз у ім таксама ўказана, што мне не дазволена мець іншых кліентаў, скажыце, каму я магу прадаць другую палову, Гэта не мая справа, я толькі выконваю атрыманы загад, Можна пагаварыць з начальнікам аддзела, Не, не варта, ён вас не прыме. Рукі ў Сіпрыяну Алгора дрыжэлі, ён неўразумела аглядваўся, шукаючы дапамогі, але не ўбачыў ніякай цікавасці на тварах трох кіроўцаў, што пад'ехалі пасля яго. І ўсё ж ён паспрабаваў выклікаць класавую салідарнасць, Не, вы толькі зірніце, чалавек прывозіць сюды плён сваёй працы, капаў гліну, мясіў яе, вырабіў замоўлены посуд, абпаліў яго ў печы, а яму кажуць, што возьмуць толькі палову тавару і вернуць тое, што на складзе, хацеў бы я ведаць, ці справядлівы такі ўчынак. Кіроўцы пераглянуліся, паціснулі плячыма, не ведаючы, як адказаць лепш і каму гэта зрабіць, адзін з іх нават дастаў цыгарку, каб было ясна, што пытанне яго не цікавіць, але ўспомніў, што тут курыць нельга, павярнуўся спінай і схаваўся ў кабіне грузавіка, далей ад праблемы. Ганчар зразумеў, што, пратэстуючы, можа загубіць усю справу, і захацеў прытушыць агонь, які сам жа і распаліў, у любым разе прадаць палову ўсё ж лепш, чым нічога, неяк жа ўсё павінна вырашыцца, падумаў ён. Змірыўшыся, звярнуўся да намесніка начальніка, Можа, вы мне скажаце, чаму продаж так упаў, Мяркую, гэта звязана з паступленнем посуду з пластыку, які імітуе керамічны, імітуе так добра, што здаецца сапраўды керамічным, пры гэтым важыць значна меней і нашмат таннейшы, Гэта не прычына не купляць мой посуд, гліна заўсёды гліна, прыродны, натуральны матэрыял, Скажыце гэта кліентам, я б не хацеў вас засмучаць, але мяркую, што з гэтага часу ваш посуд будзе цікавіць толькі калек­цыя­нераў, ды і тых з кожным разам усё меней. Падлік скончыўся, намеснік начальніка запісаў у накладной, Атрымаў палову, і сказаў, Не прывозьце больш нічога, пакуль не атрымаеце ад нас паведамлення, Мяркуеце, што я магу прадоўжыць працу, спытаў ганчар, Гэта вам вырашаць, я не магу ўзяць на сябе такую адказнасць, А посуд, што на складзе, вы мне яго ўсё роўна вернеце, словы звінелі адчаем і такой горыччу, што той адказаў прымірэнча, Пабачым. Ганчар сеў у фургон, рэзка рвануў з месца, некалькі скрыняў, слаба замацаваных пасля частковай разгрузкі, саслізнулі і моцна ўдарыліся аб заднія дзверы, Хай яно ўсё разам лясне, раздражнёна выкрыкнуў ён. У пачатку пандуса ён мусіў спыніцца, рэгламент абавязвае паказаць пасведчанне і таму ахоўніку, такая вось бюракратыя, хаця ніхто не ведае навошта, сапраўды ж, хто пастаўшчыком заехаў, той пастаўшчыком і выязджае, але, падобна, ёсць выключэнні, вось, напрыклад, Сіпрыяну Алгор, які пры заездзе яшчэ быў пастаўшчыком, а цяпер, калі пагроза пацвердзіцца, можа ім і не застацца. Віна яўна кладзецца на нумар трынаццаць, хітрыкі з тым, каб паставіць пазней што было раней, лёс не ашукаюць. Фургон падняўся па пандусе, выехаў на дзённае святло, больш тут няма чаго рабіць, застаецца толькі ехаць дадому. Ганчар засмучана ўсміхнуўся, Нумар трынаццаць ні пры чым, трынаццаці не існуе, прыехаў бы я першым, прыгавор быў бы той самы, цяпер палова, потым будзе бачна, не жыццё, а выццё.
Кабета з баракаў, тая, што хацела новыя талеркі і гаршч­кі, спытала мужа, Ну і як, бачыў фургон ганчарні, і муж адказаў, Так, прымусіў яго спыніцца, але потым адпусціў, Чаму ж, Калі б ты зірнула ў твар чалавека, які ў ім ехаў, далібог, і ты б так зрабіла.
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку
Made on
Tilda