Салі Руні
Нармальныя людзі
Галоўныя героі кнігі, Конэл Уолдран і Мэрыян Шэрыдан жывуць у невялікім ірландскім гарадку, вучацца ў адным класе, але належаць да абсалютна розных сусветаў: яна — самотніца з багатай сям'і, ён — папулярны ў школе хлопец, чыя маці прыбірае ў доме Шэрыданаў. Спакойнае жыццё герояў пераварочваецца, калі паміж імі ўзнікае незразумелае для абаіх пачуццё. Пераехаўшы пасля заканчэння школы ў Дублін, Конэл і Мэрыян спрабуюць знайсці сябе і ўрэшце разабрацца, што іх яднае.

Пераклад з англійскай мовы Ганны Янкуты


Выхад кнігі — 7 снежня
Студзень 2011

Конэл звоніць у дзверы, і Мэрыян адчыняе. Яна ўсё яшчэ ў школьнай форме, але світар зняла, так што на ёй толькі блузка і спадніца, ды і чаравікаў няма, адны калготкі.
О, прывітанне, кажа ён.
Заходзь.
Яна паварочваецца і ідзе па калідоры. Ён крочыць следам, зачыніўшы за сабой дзверы. У кухні, на некалькі прыступак ніжэй, яго маці Ларэйн здымае гумовыя пальчаткі. Мэрыян заскоквае на стальніцу і бярэ ў рукі адкрыты слоік з шакаладным крэмам, у якім засталася чайная лыжка.
Мэрыян сказала, сёння прыйшлі вынікі пробных экзаменаў, гаворыць Ларэйн.
Толькі па англійскай, гаворыць Конэл. Яны прыходзяць паасобку. Паехалі?
Ларэйн акуратна складвае пальчаткі і хавае іх пад ракавіну. Затым вымае з валасоў шпількі. Конэлу здаецца, што гэта можна зрабіць і ў машыне.
І яшчэ я чула, што ты выдатна справіўся, гаворыць Ларэйн.
Лепш за ўсіх у класе, гаворыць Мэрыян.
Угу, гаворыць Конэл. У Мэрыян таксама добры вынік. Дык што, едзем?
Ларэйн, якая акурат развязвае фартух, застывае.
А я і не ведала, што мы спяшаемся, кажа яна.
Конэл засоўвае рукі ў кішэні і здушвае ў горле раздражнёны ўздых, прычым здушвае яго, шумна ўцягнуўшы паветра, і гэта ўсё адно гучыць як уздых.
Трэба яшчэ збегаць наверх і выгрузіць сушылку, гаворыць Ларэйн. І тады паедзем. Добра?
Ён нічога не адказвае, толькі нахіляе галаву, калі Ларэйн выходзіць з пакоя.
Хочаш трошкі? — пытае Мэрыян.
Яна працягвае яму слоік з шакаладным крэмам. Конэл яшчэ глыбей суне рукі ў кішэні, быццам спрабуе ўціснуць туды ўсяго сябе.
Не, дзякуй, гаворыць ён.
Атрымаў сёння вынікі па французскай?
Учора.
Ён абапіраецца спінай на халадзільнік і глядзіць, як Мэрыян аблізвае лыжку. У школе яны ўдаюць, што не знаёмыя. Усе ведаюць, што Мэрыян жыве ў белым асабняку з пад'езнай дарожкай і што маці Конэла — прыбіральшчыца, але ніхто не ведае, што два гэтыя факты неяк звязаныя.
У мяне найвышэйшы бал, кажа ён. А што ў цябе з нямецкай?
Тое самае, кажа яна. Ты што, хвалішся?
А ты хочаш атрымаць усе шэсцьсот балаў, хіба не?
Яна паціскае плячыма. Ты, можа, і атрымаеш, гаворыць яна.
Ну, ты ж разумнейшая за мяне.
Не расстройвайся. Я разумнейшая за ўсіх.
Мэрыян шырока ўсміхаецца. Яна адкрыта пагарджае ўсімі ў школе. У яе няма сяброў, і абедзенныя перапынкі яна бавіць на самоце, чытаючы раманы. Многія яе шчыра ненавідзяць. Яе бацька памёр, калі ёй было трынаццаць, і Конэл чуў, што цяпер у яе праблемы з псіхікай ці нешта такое. Але яна напраўду разумнейшая за ўсіх у школе. Яму боязна заставацца з ёй сам-насам, і ўсё ж ён ловіць сябе на тым, што прыдумляе фразы, якія маглі б яе ўразіць.
Але па англійскай ты ў класе не першая, нагадвае ён.
Яна абыякава аблізвае зубы.
Можа, табе варта са мной пазаймацца, гаворыць яна.
Ён адчувае, як у яго пачынаюць гарэць вушы. Мабыць, яна проста балбоча, ні на што не намякаючы, а калі і намякае, то толькі дзеля таго, каб такім чынам яго прынізіць, бо сама выклікае ва ўсіх агіду. Яна носіць брыдкія чаравікі на тоўстай падэшве і не фарбуецца. Гавораць нават, што Мэрыян не голіць ног — увогуле нічога не голіць. Конэл аднойчы чуў, быццам яна запэцкалася ў школьнай сталоўцы шакаладным марожаным, а тады пайшла ў дзявочы туалет і зняла блузку, каб адмыць пляму ў ракавіне. Гэта вядомая гісторыя, усе яе ведаюць. Калі б Мэрыян захацела, то зрабіла б сапраўдную сенсацыю, павітаўшыся ў школе з Конэлам ці сказаўшы пры ўсіх: Пабачымся пасля абеду. Без сумневу, гэта паставіла б яго ў няёмкае становішча. Ёй такое, здаецца, прыносіць асалоду. І ўсё ж яна ніколі так не рабіла.
Пра што ты сёння размаўляў з міс Ніры? — пытае Мэрыян.
А. Ні пра што. Не ведаю. Пра экзамены.
Мэрыян праводзіць лыжкай па сценках слоіка.
Падабаешся ты ёй ці што? — гаворыць яна.
Конэл сочыць за рухам лыжкі. Яго вушы ўсё яшчэ гараць.
З чаго гэта ты? — пытае ён.
Божа, вы ж з ёй не сустракаецеся?
Ну вядома, не. Ты што, думаеш, гэта смешна?
Прабач, кажа Мэрыян.
У яе засяроджаны твар, нібы яна глядзіць скрозь яго вочы — у самую сярэдзіну яго галавы.
Маеш рацыю, не смешна, гаворыць яна. Прабач.
Ён ківае, крыху аглядае пакой, калупае мыском чаравіка шво паміж пліткамі.
Часам мне здаецца, што яна і праўда неяк дзіўна са мной паводзіцца, гаворыць ён. Але я б пра гэта нікому не расказваў і ўсё такое.
Яна, як на мяне, заляцаецца да цябе нават на ўроках.
Што, праўда?
Мэрыян ківае. Конэл пацірае шыю. Міс Ніры выкладае эканоміку. У школе пляткараць, быццам ён да яе нешта адчувае. Некаторыя нават кажуць, што ён паспрабаваў дадаць яе ў сябры на фэйсбуку, чаго ён ніколі не рабіў і не зрабіў бы. Насамрэч ён увогуле нічога ёй не робіць і не кажа, а проста ціха сядзіць, пакуль нешта робіць і кажа яна сама. Яна часам пакідае яго пасля ўрокаў пагутарыць пра тое, куды ён збіраецца далей, і аднойчы нават дакранулася да вузла яго школьнага гальштука. Ён нікому не расказвае, як яна паводзіцца, бо ўсе падумаюць, быццам ён выхваляецца. На ўроках ён занадта збянтэжаны і ўсхваляваны, каб засяродзіцца на прадмеце, таму проста сядзіць і глядзіць у падручнік, пакуль дыяграмы не пачынаюць расплывацца перад вачыма.
Пра мяне заўжды балбочуць, нібы я ў яе закахаўся ці нешта такое, гаворыць ён. А насамрэч жа нічога ніякага. У сэнсе, ты ж не думаеш, што я яе неяк заахвочваю, праўда?
Нічога такога я не заўважала.
Ён машынальна выцірае далоні аб школьную кашулю. Усе так перакананыя ў яго пачуццях да міс Ніры, што часам ён і сам пачынае сумнявацца ва ўласных схільнасцях. Што, калі на нейкім узроўні, вышэйшым ці ніжэйшым за яго ўспрыманне, ён папраўдзе яе прагне? Ён жа, у прынцыпе, нават не ведае, як гэта — кагосьці прагнуць. Кожны раз, займаючыся з кімсьці сэксам, ён страшэнна напружваецца і ў выніку не атрымлівае ніякай асалоды. Яму нават здаецца, што з ім нешта не так і ён не здольны на блізкасць з жанчынай, бо ў працэсе развіцця ў яго нешта збілася. Ляжыць потым і думае: было так агідна, аж ванітуе. Няўжо ён і праўда такі? Няўжо млосць, якую ён адчувае, калі міс Ніры нахіляецца над яго партай, і ёсць адзіным сэксуальным трымценнем, на якое ён здольны? Адкуль жа яму ведаць?
Калі хочаш, я магу схадзіць да містара Лаянса, кажа Мэрыян. Не буду гаварыць, што чула нешта ад цябе, скажу, сама заўважыла.
Божа, не. Вядома, не. Нікому пра гэта не кажы, добра?
Добра, як хочаш.
Ён глядзіць на яе, каб пераканацца, ці яна сур'ёзна, і затым ківае.
Ты не вінаваты, што яна так з табой паводзіцца, гаворыць Мэрыян. Ты нічога дрэннага не робіш.
Конэл ціха пытае: Чаму ж тады астатнія думаюць, што я ў яе закаханы?
Можа, таму, што ты часта чырванееш, калі яна да цябе звяртаецца. Але ведаеш, ты чырванееш ад усяго, такі ўжо ў цябе твар.
Ён выдае кароткі невясёлы смяшок. Дзякуй, кажа ён.
Так і ёсць.
Угу, я ў курсе.
Цяпер ты таксама пачырванеў, гаворыць Мэрыян.
Ён заплюшчвае вочы, прыціскае язык да паднябення. Чуе, як Мэрыян смяецца.
Чаму ты з усімі такая жорсткая? — пытае ён.
Я не жорсткая. Мне ўсё адно, чырванееш ты ці не, я нікому не раскажу.
Нават калі ты нікому нічога не раскажаш, гэта не значыць, што трэба гаварыць усё, што табе заманецца.
Ну добра, кажа яна. Прабач.
Конэл адварочваецца і глядзіць праз акно ў сад. Зрэшты, гэта не столькі сад, колькі звычайны прысядзібны ўчастак. З тэнісным кортам і вялікай каменнай статуяй жанчыны. Конэл глядзіць на ўчастак, набліжаючы твар да шкла, ад якога цягне халадком. Калі ў школе расказваюць пра Мэрыян, якая мыла блузку ў ракавіне, усе рэагуюць так, быццам гэта смешна, але сапраўдны сэнс гісторыі, на думку Конэла, — у іншым. Мэрыян ніколі ні з кім у школе не сустракалася: ніхто не бачыў яе раздзетай, ніхто нават не ведае, хлопцы ёй падабаюцца ці дзяўчаты — яна ж нікому нічога не гаворыць. Людзей такое абурае, і Конэл думае: вось чаму пра яе ўвесь час пляткараць. Гэта такі спосаб пацікаваць за тым, на што не маеш права глядзець.
Я не хачу з табой сварыцца, гаворыць яна.
Мы не сварымся.
Ведаю, ты мяне, мабыць, ненавідзіш, але ты адзіны чалавек, які са мной увогуле размаўляе.
Я ніколі не казаў, што ненавіджу цябе, гаворыць ён.
Гэта забірае яе ўвагу, і яна ўздымае вочы. Конэл працягвае збянтэжана глядзець у іншы бок, хоць краем вока бачыць, што яна за ім назірае. Калі ён размаўляе з Мэрыян, у яго з'яўляецца адчуванне, што паміж імі пануе абсалютная блізкасць. Ёй можна расказаць пра сябе ўсё, нават поўнае глупства, і яна — ён у гэтым упэўнены — нікому нічога не выдасць. Быць з ёй сам-насам — як выйсці за дзверы нармальнага жыцця і зачыніць іх за сабой. Яна яго не палохае і сапраўды вельмі ўраўнаважаная, але яму страшна быць побач з ёй, бо тады ён заўважае, што паводзіцца неяк незразумела і гаворыць тое, чаго зазвычай не кажа.
Некалькі тыдняў таму, калі ён чакаў Ларэйн у вітальні, на сходах з'явілася Мэрыян у халаце. Гэта быў просты белы халат, звычайна завязаны на таліі. Яе валасы былі мокрыя, а скура блішчала так, быццам Мэрыян толькі што нанесла на твар крэм. Заўважыўшы Конэла, яна застыла на прыступцы і сказала: Я не ведала, што ты тут, прабач. Магчыма, яна выглядала прысаромленай, але не надта. Тады яна пайшла ў свой пакой, а калі знікла з вачэй, Конэл усё стаяў у вітальні і чакаў. Ён ведаў, што, хутчэй за ўсё, у сваім пакоі яна адзяваецца, а калі зноў пакажацца на сходах, на ёй будзе адзенне, якое яна выбрала, пабачыўшы яго ўнізе. У любым выпадку, Ларэйн вызвалілася да таго, як Мэрыян выйшла зноў, так што Конэл так і не пабачыў, як яна адзелася. Але яму не так і карцела пабачыць. У школе ён, вядома, нікому не казаў, што бачыў яе ў халаце ці што яна выглядала прысаромленай — іншых гэта не тычылася.
Што ж, а ты мне падабаешся, кажа Мэрыян.
Некалькі секунд ён маўчыць, і глыбіня блізкасці паміж імі робіцца надзвычайнай, амаль фізічна цісне яму на твар і цела. Тут на кухню вяртаецца Ларэйн, павязваючы вакол шыі шалік. Яна злёгку грукае ў дзверы, хоць яны і так адчыненыя.
Ну што, паехалі? — пытае яна.
Угу, гаворыць Конэл.
Дзякуй вам, Ларэйн, гаворыць Мэрыян. Пабачымся праз тыдзень.
Конэл ужо кіруецца да кухонных дзвярэй, але маці кажа: Можа, развітаешся ці як? Ён азіраецца праз плячо і разумее, што не здольны зірнуць у вочы Мэрыян, таму замест яе развітваецца з падлогай. Угу, бывай, кажа ён. Адказу не чакае.
У машыне маці прышпільваецца і ківае галавой. Мог бы з ёй і ветлівей, гаворыць яна. Ёй у школе нялёгка.
Ён устаўляе ключ у запальванне, кідае погляд у люстэрка задняга віду. Я з ёй ветлівы, кажа ён.
Насамрэч яна вельмі чуллівая, кажа Ларэйн.
Мы можам пагаварыць пра нешта іншае?
Ларэйн крывіцца. Конэл глядзіць наперад і ўдае, што нічога не заўважыў.


Праз тры тыдні (люты 2011)

Яна сядзіць за туалетным столікам і разглядае сваё аблічча ў люстэрку. Сківіцы і шчокам не хапае выразнасці. У твары ёсць нешта тэхналагічнае, вочы мігцяць як два курсоры. Або ён нагадвае адлюстраваную ў чымсьці поўню, зыбкую і скрыўленую. І выражае ўсё адразу — а значыць, не выражае нічога. Таму, робіць выснову Мэрыян, фарбавацца не мае сэнсу. Не перарываючы з сабой зрокавага кантакту, яна апускае палец у адчыненую бляшаначку з бляскам і наносіць яго на вусны.
Калі яна ўнізе здымае з кручка паліто, з гасцёўні выходзіць яе брат Алан.
Ты куды? — пытае ён.
Сыходжу.
Куды сыходзіш?
Яна засоўвае рукі ў рукавы паліто і папраўляе каўнер. Пачынае нервавацца і спадзяецца, што яе маўчанне выглядае не разгубленым, а хутчэй нахабным.
Проста прагуляцца, гаворыць яна.
Алан робіць крок і аказваецца перад дзвярыма.
Ясна ж, што не з сябрамі, кажа ён. Бо ніякіх сяброў у цябе няма, праўда?
Праўда.
Цяпер яна лагодна ўсміхаецца, спадзяваючыся, што яе паслухмянасць задобрыць яго і што ён адсунецца ад дзвярэй. Але замест гэтага ён кажа:
Навошта ты гэта робіш?
Што? — пытае яна.
Што-што, так дзіўна ўсміхаешся.
Ён пераймае выраз яе твару, крывіцца ў брыдкай ухмылцы, шчэрыць зубы. І хаця гэта толькі ўхмылка, яго крыўлянні здаюцца грубымі і знарочыстымі, амаль злоснымі.
І ты рада, што ў цябе няма сяброў? — пытае ён.
Не.
Усё яшчэ ўсміхаючыся, яна робіць два маленькія крокі назад, а тады паварочвае і ідзе ў кухню — там ёсць вялікія шкляныя дзверы ў сад. Алан крочыць за ёй. Хапае яе за плячо і адцягвае ад дзвярэй. Яна адчувае, як сціснуліся яе сківіцы. Яго пальцы ўпіваюцца праз тканіну ў яе руку.
Толькі паспрабуй пажаліцца маме, гаворыць Алан.
Не буду, адказвае Мэрыян. Не буду. Я проста іду зараз прагуляцца. Дзякуй.
Ён адпускае яе, і яна праслізгвае праз шкляныя дзверы, зачыняе іх за сабой. Паветра звонку здаецца надзвычай халодным, і ў яе пачынаюць стукаць зубы. Яна праходзіць уздоўж сцяны дома да пад'езнай дарожкі і выбіраецца на вуліцу. Плячо пульсуе ў месцы, дзе Алан яе схапіў. Яна выцягвае з кішэні тэлефон і набірае паведамленне, зноў і зноў націскае не на той сімвал, сцірае і набірае яшчэ раз. Урэшце адпраўляе: Ужо іду. Не паспявае схаваць тэлефон, як прыходзіць адказ: супер хутка пабачымся.
У канцы мінулага семестра школьная футбольная каманда выйшла ў фінал нейкіх спаборніцтваў, і ўсю паралель знялі з трох апошніх урокаў і адправілі глядзець гульню. Мэрыян яшчэ ніколі не бачыла, як гуляе іх каманда. Спортам яна не цікавілася, а на занятках па фізкультуры адчувала трывогу. У аўтобусе па дарозе на матч яна слухала музыку ў навушніках, ніхто з ёй не размаўляў. Від з акна: чорныя каровы, зялёныя лугавіны, белыя дамы з карычневымі чарапічным дахамі. Футбалісты сядзяць разам на другім паверсе аўтобуса, п'юць ваду і ляпаюць адзін аднаго па спіне, каб падняць баявы дух. Мэрыян здавалася, што яе сапраўднае жыццё праходзіць дзесьці вельмі далёка, без яе, а яна і не ўяўляе, ці зможа калі-небудзь знайсці яго і зрабіцца яго часткай. У школе такія думкі ўзнікалі ў яе часта, аднак ім не спадарожнічалі ніякія вобразы, як гэтае сапраўднае жыццё мусіць выглядаць ці ўспрымацца. Яна ведала адно: калі яно пачнецца, яго больш не спатрэбіцца ўяўляць.
Да канца матча было суха. Іх прывезлі для таго, каб яны стаялі збоку поля і падтрымлівалі каманду. Мэрыян аказалася ля самай брамы, з Карэн і некаторымі іншымі дзяўчатамі. Здавалася, што ўсе, апроч Мэрыян, аднекуль ведаюць на памяць школьныя крычалкі, а яна іх ніколі раней і не чула. Да перапынку было 0:0, і міс Кіні раздала ўсім пакецікі з сокам і энергетычныя батончыкі. У другім тайме каманды памяняліся брамамі, і цяпер школьныя форварды гулялі непадалёк ад Мэрыян. Цэнтральным форвардам быў Конэл Уолдран. Яна бачыла, як ён стаіць на полі ў форме для гульні: бліскучыя белыя шорты і школьная футболка з нумарам дзевяць на спіне. У яго была выдатная пастава, лепшая, чым у астатніх гульцоў, а фігура нагадвала выведзеную пэндзлем доўгую вытанчаную лінію. Калі мяч трапляў на іх палову поля, Конэл бегаў туды-сюды і часам ускідваў адну руку ўверх, а затым зноў стаяў нерухома. Глядзець на яго было прыемна. Мэрыян сумнявалася, што ён ведаў, дзе яна, і што яго гэта ўвогуле цікавіла. Калі-небудзь пасля школы яна, можа, і скажа, што назірала за ім, а ён засмяецца і назаве яе дзівачкай.
На сямідзясятай хвіліне Эйдан Кенэдзі вывеў мяч на левы бок поля і перадаў яго Конэлу, і той ударыў з рага штрафной зоны. Мяч праляцеў над галовамі абаронцаў і ўблытаўся ў брамную сетку. Усе закрычалі, нават Мэрыян, а Карэн абхапіла яе за талію і прыціснулася да яе. Яны разам віншавалі каманду, яны толькі што ўбачылі нешта чароўнае, нешта, што адмяніла іх звычайныя стасункі. Міс Кіні свістала і тупала нагамі. Конэл і Эйдан на полі абняліся, як браты пасля доўгай разлукі. Конэл быў такі прыгожы. Мэрыян раптам зразумела, што вельмі хоча ўбачыць, як ён займаецца з кімсьці сэксам — не абавязкова з ёй, гэта можа быць нехта яшчэ. Будзе цудоўна проста глядзець на яго. Яна ведала, што менавіта такія думкі робяць яе не такой, як іншыя ў школе, робяць яе дзівачкай.
Падобна, што аднакласнікі Мэрыян вельмі любяць школу і лічаць усё, звязанае з ёй, нармальным. Кожны дзень апранаць адну і тую ж форму, увесь час трымацца вызначаных правіл, ведаць, што за табой сочаць і кантралююць, каб ты паводзілася як след. У іх няма адчування, што школа жудасна прыгнятае. Летась Мэрыян пасварылася з настаўнікам гісторыі, містарам Керыганам, бо ён заўважыў, як падчас урока яна пазірае ў акно, і ніхто ў класе не стаў на яе бок. Тады яна напоўніцу асэнсавала ўвесь ідыятызм свайго становішча: ёй даводзіцца штораніцы апранацца ў тое самае адзенне і ўвесь дзень хадзіць у статку па вялізным будынку, і нельга нават глядзець куды хочацца, бо рух вачэй таксама падпадае пад юрысдыкцыю школьных правіл. Калі ты летуценна пазіраеш у акно, то нічому не вучышся, сказаў містар Керыган. Мэрыян, якая на той момант зусім раз'юшылася, агрызнулася: Не трэба сябе падманваць, мне няма чаму ў вас вучыцца.
Конэл нядаўна сказаў, што памятае той выпадак. Тады яму падалося, што яна занадта жорсткая да містара Керыгана, аднаго з самых адэкватных настаўнікаў. Але я цябе разумею, дадаў Конэл. У школе адчуваеш сябе крыху як у турме, гэта зразумела. Ён не мусіў забараняць табе глядзець у акно, тут я з табой згодны. Ты ж нічога дрэннага не рабіла.
Пасля размовы ў кухні, калі яна сказала, што ён ёй падабаецца, Конэл пачаў прыходзіць у яе дом часцей. Ён прыязджаў па маці загадзя і абіваўся ў гасцёўні, нічога асабліва не кажучы, ці стаяў ля каміна, засунуўшы рукі ў кішэні. Мэрыян ніколі не пытала, навошта ён прыходзіць. Яны перакідваліся некалькімі слоўцамі або яна нешта яму расказвала, а ён ківаў. Ён параіў ёй пачытаць «Камуністычны маніфест», маўляў, мусіць спадабацца, і прапанаваў напісаць назву, каб яна не забыла. Я ведаю, як называецца «Камуністычны маніфест», сказала яна. Ён паціснуў плячыма: Ну, добра. А праз імгненне, усміхнуўшыся, дадаў: Удаеш тут самую разумную, але хіба ты яго чытала? Яна не стрымалася і рассмяялася, і ён таксама рассмяяўся, следам за ёй. Калі яны смяяліся, то не маглі глядзець адно на аднаго і мусілі глядзець у кут пакоя ці сабе пад ногі.
Конэл, відаць, разумеў, як яна ставіцца да школы; ён казаў, што яму падабаецца слухаць яе меркаванні. Ты і так слухаеш іх на ўроках, сказала яна. А ён як нічога ніякага адказаў: На ўроках ты паводзішся іначай, там ты зусім не такая. Ён нібыта лічыў, што ў арсенале Мэрыян ёсць шэраг ідэнтычнасцей і што яна з лёгкасцю паміж імі лавіруе. Яе гэта ўразіла, бо яна заўжды адчувала сябе зняволенай у межах адной-адзінай асобы, якая ніколі не мяняецца, што б яна ні казала ці ні рабіла. Раней яна дзеля эксперыменту спрабавала быць іншай, але нічога не выходзіла. Калі з Конэлам яна і рабілася іншай, іншасць гэтая нараджалася не ўнутры яе, яе асобы, а з таго, што адбывалася паміж імі, з асаблівасцей іх адносін. Часам яна яго смяшыла, але ў наступныя дні ён быў маўклівы, скрытны, а калі сыходзіў, яна адчувала захапленне і хваляванне, была адначасова і поўнай энергіі, і жудасна спустошанай.
На мінулым тыдні ён зайшоў за ёй у кабінет — яна хацела знайсці кнігу «Наступным разам — пажар» , каб пазычыць яму. Ён стаяў, вывучаючы кніжныя паліцы, з расшпіленым верхнім гузікам на кашулі і аслабленым школьным гальштукам. Яна адшукала патрэбны том, уручыла яму, і ён сеў на падаконне, разглядаючы заднюю вокладку. Яна апусцілася побач і спытала, ці ведаюць яго сябры Эрык і Роб, што па-за школай ён так шмат чытае.
Іх такое не цікавіць, сказаў ён.
Хочаш сказаць, іх не цікавіць свет навокал?
Конэл злёгку нахмурыўся, скурчыўшы такую ж міну, як і заўсёды, калі яна крытыкавала яго сяброў. Не зусім так, сказаў ён. У іх свае цікавасці. Не думаю, што яны будуць чытаць кнігі пра расізм і ўсё такое.
І праўда, яны ж такія занятыя — выхваляюцца, хто з кім пераспаў, сказала яна.
Ён на секунду замоўк, быццам навастрыў пасля такой заўвагі вушы, хоць насамрэч проста не ведаў, як рэагаваць. Што ж, ёсць такое, сказаў ён. Ды я іх не абараняю — яны і праўда часам раздражняюць.
Цябе гэта не нудзіць?
Ён зноў завагаўся. У асноўным не, сказаў ён. Часам яны крыху перабіраюць, і мяне гэта, вядома, раздражняе. Але яны ўсё ж мае сябры — ну, ты разумееш. А з табой усё інакш.
Яна паглядзела на яго, але ён вывучаў карэньчык кнігі.
Чаму інакш? — спытала яна.
Ён паціснуў плячыма, згінаючы і разгінаючы вокладку кнігі. Мэрыян адчула сябе прыгнечана. Яе твар і далоні былі гарачыя. Конэл усё яшчэ пазіраў на кнігу, хоць напэўна ўжо перачытаў увесь тэкст на задніку. Яна на мікраскапічным узроўні адчувала прысутнасць яго цела, быццам нават руху выдыхнутага ім паветра было дастаткова, каб яна адчула слабасць.
Помніш, надоечы ты згадала, што я табе падабаюся, сказаў ён. Там, у кухні, калі мы гаварылі пра школу.
Ну.
Ты мела на ўвазе, як сябар — ці што?
Яна апусціла позірк і ўтаропілася ў свае калені. На ёй была вельветавая спадніца, і ў святле, што падала з акна, кідалася ў вочы, што яна ўся ў варсінках.
Не, не толькі як сябар, сказала яна.
Ага, добра. Проста цікава.
Ён сядзеў, ківаючы сам сабе.
А я нібыта не разумею, што адчуваю, дадаў ён. Мабыць, у школе будзе няёмка, калі паміж намі нешта здарыцца.
Хто ж даведаецца?
Ён падняў вочы і паглядзеў на яе наўпрост, вельмі засяроджана. Яна ведала, што ён збіраецца яе пацалаваць — і ён пацалаваў. У яго былі мяккія вусны. Яго язык злёгку пранік у яе рот. А затым усё скончылася, і ён адсунуўся. Быццам прыгадаў, што трымае кнігу, і зноў пачаў яе разглядаць.
Было прыемна, сказала яна.
Ён кіўнуў, зглынуў і яшчэ раз зірнуў на кнігу. Яго ахапіла такая збянтэжанасць — быццам нават згадка пра пацалунак была з яе боку грубай, — што Мэрыян засмяялася. Цяпер ён выглядаў разгубленым.
Ну добра, сказаў ён. Чаго ты смяешся?
Проста.
Ты паводзішся так, быццам ніколі раней не цалавалася.
А я і не цалавалася, сказала яна.
Ён закрыў рукой твар. Яна зноў засмяялася, не змагла стрымацца, і тады ён таксама пачаў смяяцца. Яго вушы зусім пачырванелі, ён трос галавой. Праз некалькі секунд ён узняўся, трымаючы кнігу ў руцэ.
Не расказвай пра гэта ў школе, добра? — сказаў ён.
Быццам я з кімсьці ў школе размаўляю.
Ён выйшаў з пакоя. Яна бяссільна спаўзла на падлогу, як анучная лялька, выцягнуўшы перад сабой ногі. Седзячы так, яна думала, што Конэл прыйшоў у яе дом, толькі каб яе выпрабаваць, і яна гэтае выпрабаванне прайшла; яго пацалунак абвяшчаў: ты прайшла. Яна згадвала, як ён смяяўся, калі яна сказала, што ні з кім яшчэ не цалавалася. Калі б гэта быў нехта іншы, такі смех мог бы падацца жорсткім, але з ім усё іначай. Яны абое смяяліся з сітуацыі, у якой апынуліся разам, хаця Мэрыян не да канца разумела, як гэтую сітуацыю апісаць і што ў ёй было забаўным.
Наступнай раніцай перад нямецкай яна назірала за аднакласнікамі, якія з крыкамі і хіхіканнем саштурхоўвалі адно аднаго з батарэй. Калі ўрок пачаўся, усе моўчкі слухалі аўдыязапіс, дзе немка расказвала пра вечарынку, на якую не трапіла. Es tut mir sehr leid . Удзень пайшоў снег, буйныя шэрыя шматкі кружылі за вокнамі і раставалі на жвіры. Усё выглядала і ўспрымалася як надзвычай пачуццёвае: затхлае паветра ў класах, бразгатлівы званок паміж урокамі, падобныя да зданяў змрочныя і суровыя дрэвы вакол баскетбольнай пляцоўкі. Звычайнае нуднае заданне — перапісваць рознакаляровымі ручкамі нататкі на белыя аркушы ў блакітную лінейку. Конэл, як заўжды, з Мэрыян у школе не размаўляў і нават не глядзеў на яе. Яна ж цікавала, як ён на процілеглым канцы класа спрагае дзеясловы, пакусваючы кончык ручкі. Ці як сядзіць на абедзенным перапынку з іншага боку сталоўкі і ўсміхаецца ў кампаніі сяброў. Іх таямніца ляжала ўнутры яе цела прыемным цяжарам, пры кожным руху ціснула на тазавую костку.
У той дзень Мэрыян не бачыла яго пасля школы, у наступны — таксама. У чацвер па абедзе яго маці зноў працавала, і ён прыехаў загадзя, каб забраць яе. Дзверы давялося адчыняць Мэрыян — дома больш нікога не было. Школьную форму ён пераапрануў, і на ім былі чорныя джынсы і талстоўка. Калі Мэрыян яго ўбачыла, ёй інстынктыўны захацелася збегчы, схаваць твар. Ларэйн у кухні, сказала яна. Затым павярнулася, паднялася ў свой пакой і зачыніла дзверы. Ляжала тварам уніз на ложку, дыхаючы ў падушку. Што гэты Конэл увогуле за чалавек? Яна адчувала, што ведае яго вельмі блізка, але з чаго яна гэта ўзяла? З таго, што аднойчы ён пацалаваў яе і нічога не растлумачыў, а пасля папрасіў нікому не расказваць? Праз хвіліну ці дзве яна пачула, як у дзверы пастукалі, і села. Заходзь, сказала яна. Ён адчыніў дзверы, запытальна зірнуў на яе, быццам удакладняючы, ці рады яму, зрабіў крок у пакой і прычыніў за сабой.
Злуешся на мяне? — спытаў ён.
Не. З чаго б?
Ён паціснуў плячыма. Ляніва наблізіўся да ложка і прысеў. Яна сядзела па-турэцку, абхапіўшы лыткі рукамі. Некалькі секунд панавала маўчанне. Потым ён лёг на ложак побач з ёй. Дакрануўся да яе сцягна, і яна адкінулася на падушку. Асмялеўшы, спытала, ці не збіраецца ён зноў яе пацалаваць. Ён адказаў: А ты як думаеш? Гэта падалося ёй надта загадкавым і складаным. Як бы там ні было, ён пачаў яе цалаваць. Яна сказала, што ёй прыемна, ён проста прамаўчаў. Яна адчула, што зробіць усё, каб спадабацца яму, каб ён уголас сказаў, што яна яму падабаецца. Ён прасунуў руку ёй пад школьную блузку. Яна шапнула яму на вуха: Можа, знімем адзенне? Яго рука ўжо была ў яе станіку. Не атрымаецца, сказаў ён. І ўвогуле, гэта дурасць, унізе ж Ларэйн. Ён называў маці вось так, па імені. Мэрыян сказала: Яна ніколі сюды не падымецца. Ён пакруціў галавой і сказаў: Не, трэба спыніцца. Потым сеў і паглядзеў на яе зверху ўніз.
Але на імгненне ты спакусіўся, сказала яна.
Насамрэч не.
Я спакусіла цябе.
Ён з усмешкай пакруціў галавой. Ты такая дзівачка, сказаў ён.
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку