Анджэй Малешка
Магічнае дрэва. Чырвонае крэсла
Аповесць-бестселер для дзяцей, першая частка з цыклу "Магічнае дрэва".
Незвычайныя прыгоды, небяспечныя здарэнні і магія... Мост са святла і гіганцкая хваля цунамі. Дом, які лятае, велізарны леў і сто зачараваных сабачак! Чароўная гісторыя пра дзяцей, якія знайшлі крэсла, што выконвае любыя жаданні. І добрыя, і не вельмі...
Пераклала з польскай мовы Марына Шода.

купіць кнігу
У двухтысячным годзе над далінай Варты пра­неслася страшэнная бура. Яна бушавала няспынна тры дні і тры ночы. Напалоханыя звяры ратаваліся ў самай глыбіні нор. Маленькія дзеці хавалі галовы пад падушкі, каб не чуць бясконцых грымот. Многія дамы засталіся без святла, а некаторым віхура сарвала дахі.
На трэці дзень маланка ўдарыла ў велізар­ны стары дуб, які рос на ўзгорку. Дрэва трэсну­ла і ўпала на зямлю. Па ўсёй даліне скаланула дамы, а бура адразу сціхла.
Гэта быў не звычайны дуб. Гэта было Магічнае Дрэва. У ім хавалася агромністая цуда­дзейная моц. Але тады ніхто пра гэта не ведаў.
Людзі завезлі яго на тартак і распілавалі на дошкі. З ягонай драўніны зрабілі сотні розных прадметаў, і ў кожным прадмеце засталася частка магічнай моцы. У звычайных рэчах хавалася сіла, якой дагэтуль не бачыў свет. Іх ад­правілі ў крамы, і з таго дня ва ўсім свеце пачалі здарацца неверагодныя падзеі.

Роўна апоўначы Кукі расплюшчыў вочы і ад­разу зноў заплюшчыў, бо ў акне бліснула маланка. Праз секунду загучаў гром, і дом скалануўся. Кукі нацягнуў коўдру на галаву, бо трываць не мог навальніц. Ён тады адразу ўяўляў, як дом разлятаецца на кавалкі. Ці як яго ахоплівае пажар. Ці як усіх выкрадаюць жахлівыя дзецяжэры, якія прылятаюць падчас навальніцы. У Кукі была выдатная фантазія.
— Філіп, ты спіш?.. — шапнуў ён. — Філіп!
Ніхто не адказаў. Хлопец павольна выпаўз з-пад коўдры і глянуў на братаў ложак.
Той быў пусты. Філіпа не было. Кукі выскачыў з ложка і падбег да лямпы. Ён націснуў выключальнік, але святло не запалілася.
Не было брата, і святла не было!
Ён асцярожна расчыніў дзверы і выйшаў у цёмны калідор. Цішыня. Было чуваць толькі капеж. Плям... Кап... Са столі цурчэў струменьчык вады.
— Што адбываецца? Тоська!
Ён расчыніў дзверы з надпісам: «Войдзеш без стуку — вылеціш без гуку» — і крыкнуў:
— Тося! Прачніся!
Але сястры таксама не было.
Ложак стаяў пусты, а коўдра ляжала на падлозе. Кукі накіраваўся ў бацькоўскі пакой.
— Тата!
Але ў цёмнай спальні таксама нікога не было. Толькі патрывожаная дзвярыма віяланчэль выдала доўгі тужлівы гул. Дзе яны ўсе падзеліся? Кукі быў зусім самотны, усярэдзіне буры, святла не было, а гадзіннік прабіў поўнач. Гэта зусім не абы-што для дзевяцігадовага чалавека.
— Здаецца мне, будуць праблемы, — прашаптаў Кукі.
А вада ўсё капала са столі. Плям... кап... плям... кап... Нудны рытм, які пужаў яго больш за ўсё.
— Я мушу захоўваць спакой. Я не павінен нервавацца. Я мушу знайсці нейкае рашэнне... Тата кажа, што заўсёды можна знайсці нейкае рашэнне і...
Маланка зноў асвятліла змрок пакоя, а ейнае белае святло адбілася ў лужыне на падлозе. Хлопцу здалося, што гэта не вада, а стра­шэн­ная атрута. Адной кроплі хопіць, каб спа­ліць яго босыя ногі.
— Трэба кагосьці паклікаць, — прашаптаў ён. — Я мушу паклікаць на дапамогу...
Ён накіраваўся быў да дзвярэй, але пераканаў сябе, што не можа выйсці з дому без зброі. Хацеў пабегчы па светлавы меч, які яму падарыў бацька, але перадумаў. Бо ведаў, што гэта дзіцячая цацка, якая ні ад чаго не аба­роніць.
Ён схапіў металічную флейту, на якой грала ягоная сястра. Флейта з'яўлялася небяспечнай зброяй, бо была цяжкаю і мела клавішы, што вытыркаліся ўбок. Кукі рушыў да дзвярэй. І ўжо збіраўся націснуць на клямку, калі пачуў ціхі шоргат. З іншага боку дзвярэй хтосьці засунуў у замок ключ і ней­маверна павольна паварочваў яго. Кукі знерухомеў.
— Яны выкралі ўсіх, а цяпер вярнуліся па мяне! — з адчаем падумаў ён. — Яны хочуць забраць апошняга з сям'і Росаў...
Засаўка замка скрыгатнула і пасунулася. Клямка павольна апусцілася, а потым дзверы з ціхім рыпеннем пачалі расчыняцца. Сабраў­шы рэшткі сіл, Кукі адскочыў і схаваўся за курткі, што віселі тут, побач. У змроку ён бачыў, як нейкая постаць у шаломе пракрадаец­ца ў дом і набліжаецца да яго. Кукі больш не мог чакаць. Ён мусіў атакаваць першым. Хлопец выскачыў з-за куртак і з усёй сілы лупянуў ворага па галаве металічнай флейтай.
Пачуўся дзікі ўскрык:
— Аёй!
А потым:
— Кукі! Ідыёт! Што ты робіш?!
Ягоны дванаццацігадовы брат Філіп зняў роварны шалом і паціраў галаву. У дом забегла мама ў мокрым плашчы з ліхтаром у руцэ.
— Што здарылася?
— Кукі хацеў мяне ўкакошыць! — закры­чаў Філіп.
Мама падбегла да Кукі.
— Зайчанятка маё, ты прачнуўся? Я ж ка­зала, нехта мусіць з ім застацца! — Мама пры­туліла хлопца. — Не бойся. Мы ўжо вярнуліся...
У калідор увайшлі наскрозь прамоклыя та­та і Тося. Тата нёс дошкі і кавалкі цыраты. Філіп крыкнуў сястры:
— Тоська! Кукі разламаў тваю флейту!
— Што?
Дзяўчынка схапіла флейту — тая была са­гнутая, а мундштук трэснуў.
— Нашто вы яе сапсавалі?!
— Не мы, гэта Кукі! — крыкнуў Філіп.
— Спакойна, — сказаў тата. — Зніміце мокрыя рэчы і давайце пап'ём цёплай гарбаты. Усе.
Мама абняла Кукі, і яны разам пайшлі ў кухню.
На кухонным стале гарэлі свечкі, а мама разлівала па кубках гарбату, над якой уздымалася пара. Навальніца скончылася. Кукі сядзеў, закручаны ў коўдру, і пазяхаў. Філіп прыкладаў лёд да гузака на галаве, а Тоська спрабавала паладзіць флейту.
— Віхура разбіла акно на гарышчы, — рас­казваў тата, — і вада пачала заліваць дом. Мы мусілі выбрацца на дах, каб усё адрамантаваць. Іначай спалі б у акварыуме.
— У дадатак электрычнасць вырубіла! — крыкнуў Філіп. — Было цёмна як у труне.
— А чаму без мяне пайшлі? — абурыўся Кукі. — Я таксама хачу залезці на дах.
— Ты яшчэ замалы для такога. Маланкі лупілі так, што ў кожны момант маглі трапіць у нас. Я трымаў тату, каб яго не сарвала віху­рай. Ты б памёр са страху.
— Няпраўда!
— Праўда. Было так небяспечна, што тата нават загадаў мне надзець шалом.
— Праз твой шалом у мяне паламалася флейта, — буркнула Тося.
— А ты хацела б, каб ён лупянуў мне па галаве?
— Я хацела б, каб ён лупянуў цябе чымсьці іншым. Пасля вакацый у мяне экзамен. Як я буду займацца?
Кукі зірнуў на сястру, якая сумна разглядала знішчаны інструмент. Тоська, як і Філіп, хадзіла ў музычную школу. Ёй было адзінаццаць гадоў, і ўсе казалі, што ў яе сапраўдны талент. Як і ў бацькоў, што былі музыкамі і гралі ў аркестры. Філіп таксама нядрэнна граў на скрыпцы, але ў яго не хапала ўседлівасці, каб практыкавацца, таму што яго цікавіла шмат іншых рэчаў, напрыклад, футбол і ролевыя гульні на кампутары.
— Прабач, — сказаў Кукі сястры. — Я не ха­цеў яе сапсаваць.
— Ладна, — Тоська прытуліла брата. — Я ўжо не злуюся. Ты не вінаваты.
— Я ўдарыў яго, бо думаў, што гэта дзецяжэр.
— Так, я дзецяжэр!— пачварна засмяяўся Філіп. — І калі заснеш, я адгрызу табе лапу, якую ты на мяне падняў! Толькі памый яе, бо я дзецяжэр, а не брудажэр.
Яны пайшлі спаць толькі а першай ночы. Мама яшчэ прыйшла сказаць ім «дабранач». І калі яна нахілілася над ложкам Кукі, той шапнуў:
— Мама...
— Што, зайчанятка?
— Знаеш, я прачнуўся, бо прысніў дурны сон.
— Не думай пра яго.
— Але я хачу табе яго расказаць. Мне снілася, што ты і тата больш не хочаце, каб мы былі з вамі. Што аддалі мяне, Філіпа і Тосю камусьці чужому, а самі кудысьці зніклі.
— Гэта дурны сон. Забудзь пра яго. Ні я, ні тата ніколі вас не пакінем. Дабранач.

Праз два тыдні пасля гэтых падзей на фаб­рыцы мэблі Хога змайстравалі крэсла. Яго зрабілі з дубу і пафарбавалі ў чырвоны колер. Гэта быў адзіны экзэмпляр, які адпраўляўся на мэблевы кірмаш у Гданьск. Калі тоўсты кіроўца, якога звалі Клёцка, запіхваў крэсла ў грузавік, яму здавалася, што яно цёплае і нібыта трохі варушыцца. Тады ён падумаў, што гэта нейкая ілюзія. Але гэта была зусім не ілюзія.

У той час, калі чырвонае крэсла выпраўлялася ў падарожжа, Філіп і Кукі віселі на лямпе. Да іх у госці мелася прыйсці цётка Марыля, якую ніхто не любіў. У доме трывала вялікая прыборка. Мама папрасіла Філіпа, каб укруціў лямпачку. Кукі абавязкова хацеў дапамагчы, таму яны залезлі на драбіны разам. І драбіны зламаліся. Яны паспелі схапіцца за жырандоль і целяпаліся на вышыні двух метраў над падлогай. Філіп саскочыў першы, і з ім нічога не здарылася. Кукі застаўся на лямпе.
— Я не ўтрымаюся, — крычаў ён.
— Дык скачы!
— Я заб'юся! Я паламаю ногі! У мяне будзе страсенне мозгу...
— У цябе няма мозгу!.. Скачы!
— Не!
— То патрымайся яшчэ хвілінку!
Філіп кінуўся да круглага стала, на якім стаяла мноства талерак і філіжанак, а пасярэдзіне вялізны торт, і падцягнуў стол пад жырандоль.
— Скачы!
— Ніколі! — віскатнуў Кукі. І тут жырандоля абарвалася, а Кукі ўпаў на стол. На шчасце, торт змякчыў падзенне. Крэм пырснуў на сцены, філіжанкі разляцеліся ў розныя бакі, а збанок з сокам раскалоўся на сто кавалкаў. Жырандоля завісла на дроце і калыхалася за сантыметр над галавой Кукі. У пакой заскочыла Тося, а за ёй бацькі.
— Што вы нарабілі, ідыёты?! — крыкнула Тося.
— Мы хацелі ўкруціць лямпачку.
— Прынясі вядро і швабру. Хутка!
Мама і тата падбеглі да Кукі.
— З табой усё ў парадку?
— Здаецца, так.
— Паварушы рукамі. Нічога не баліць?
— У мяне баліць азадак.
— Атрымаў па заслугах... Ідзі, пераапраніся.
Кукі пабег у калідор, пакідаючы за сабой крэмавыя сляды. Мама апусцілася на канапу. Яна бездапаможна глядзела на пабіты посуд і запэцканы тортам кілім.
— Сіл маіх больш няма! Я так старалася, каб гэты дом выглядаў як нармальны... І, канешне, ён так не выглядае! Яна зноў скажа, што я ні на што не здатная.
— А я казаў табе: не запрашай ты гэтай пі­ранні, — адказаў тата, збіраючы з падлогі пабітыя філіжанкі.
— Гэта мая сястра! Яна не была ў нас пяць гадоў.
— Бо баялася, што трэба будзе купляць дзецям нейкія падарункі. Напрыклад, тры цукеркі.
— Перастань, яна зусім не такая дрэнная.
— Тады чаму побач з цёцяй кветкі вянуць? — спытаў Філіп.
— Што? Хто гэта выдумаў?
— Тата.
— Слухайце, я не дазваляю так казаць пра Марылю! Акрамя таго, вы забылі, што мы хо­чам папрасіць у яе пазыкі? Мы павінны вы­пла­ціць даўгі. І купіць Тосі флейту. Мы можам пазычыць грошы толькі ў цёці...
— Цёця не пазычыць. Яна сквапная, як жмін­да скупярдзяйская, — сказаў Філіп.
— Калі вы будзеце да яе так жахліва ставіцца, яна дакладна нам не дапаможа...
У гэты момант гадзіннік прабіў чатыры. Мама падхапілася.
— Божа! Праз гадзіну яна будзе тут... Яна ніколі не спазняецца! Тоська! Ідзіце па новы торт. І купіце якія-небудзь пірожныя. Марыля вельмі любіць салодкае... Вось вам грошы. І пазычце ў спадарыні Шміт некалькі філіжанак. Жыва!

Грузавік фірмы Хога спыніўся на мосце. На да­розе быў затор. Стужка машын цягнулася аж да павароту. Клёцка высунуўся з кабіны.
— Што здарылася?
— Аварыя, — крыкнуў паліцыянт, які кіра­ваў рухам. — Разбілася цыстэрна з клеем. Прыклеілася шмат машын і некалькі людзей. Там акурат спрабуюць іх адклеіць.
— Каб жа іх чэрці ўзялі...
Клёцка выцягнуў тэлефон, каб пазваніць шэфу, і тут пачуў нейкі дзіўны гук. У ягоным грузавіку штосьці грукатала. Ён павярнуўся і прыслухаўся. І зноў — грамыханне, быццам там замест мэблі ехаў тыгр.
— Што там такое?
Клёцка выйшаў і пабег да задніх дзвярэй машыны. Штосьці грукала ў дзверы знутры.
— Эй, хто там?
Кіроўца няўпэўнена выцягнуў руку ў бок клямкі. Але не паспеў ён да яе дакрануцца... ТРЭСЬ! Дзверы з грукатам расчыніліся, адкі­нуўшы Клёцку, і той паляцеў на траўнік. Агаломшаны, ён павольна падняўся і глянуў на машыну. У расчыненых дзвярах стаяла чырвонае крэсла. Мэбля рухалася! Паволі паварочвалася, быццам хацела агледзецца. А потым крэсла пачало нахіляцца.
— Што такое?.. — ускрыкнуў Клёцка.
СВІСЬ!!! Крэсла скокнула, як тыгр, праля­цеўшы над кіроўцам, які віскатнуў і заплю­шчыў вочы. Прайшла добрая хвіліна, пакуль ён адважыўся іх расплюшчыць. Чырвонае крэс­ла нерухома, як любая прыстойная мэб­ля, стаяла на ходніку. Клёцка няўпэўнена працягнуў руку, каб схапіць яго за нагу. Крэсла дало яму выспятка, ускочыла на парэнчы моста і затанчыла на іх, пераступаючы з нагі на нагу. Кіроўца ачмурэла глядзеў на ўсё гэта. І раптам кінуўся наперад, каб злавіць... Тады крэсла скокнула ў раку. Пляснула вада — і рэч патанула. Але праз хвіліну чырвонае крэсла вырынула і паплыло ўніз па рацэ.

— Дайце, калі ласка, торт-безэ і дванаццаць пірожных, — сказала Тоська.
— Якіх пірожных?
— З жэле. Або не, з карамельным крэмам.
Тоська, Філіп і Кукі стаялі ля прылаўка цукерні. Прадавачка пакавала пірожныя ў кардонную скрынку, адбіваючыся ад вос, што, як ашалелыя, кружылі над ласункамі.
— Я хачу марозіва, — сказаў Кукі.
— У нас няма грошай.
— Ну адзін шарык.
— Я ж кажу табе, у нас зусім няма грошай.
Цягнучы пакунак з тортам і каробку з пірожнымі, яны выйшлі з цукерні і пайшлі па бульвары ўздоўж ракі.
— А чаму ў нас зусім няма грошай? — спытаў Кукі.
— Ты занадта малы, каб гэта зразумець.
— Няпраўда. Я хачу ведаць. Скажыце мне! А то я кіну гэты торт на зямлю!
— Аркестр, у якім гралі тата з мамай, распусцілі, — сказаў Філіп. — У іх зараз няма працы, разумееш?
Кукі спалохана паглядзеў на яго.
— Мама з татам беспрацоўныя?!
— Так.
— Чаму вы мне не сказалі?
— Мама не хацела, каб ты перажываў.
— І што цяпер будзе?
— Ну, яны павінны знайсці іншую працу.
— А калі не знойдуць?
— Пазычаць грошы ў цёткі Марылі, — сказала Тоська. — Цётка багатая.
— Яна нам нічога не дасць. Яна мярзотная, — сумна сцвердзіў Кукі.
— Толькі ёй гэтага не кажы. Мы павінны быць з ёй прыязнымі. Я табе сур'ёзна кажу, разумееш?
Яны спыніліся каля зялёнага будынка, што стаяў на беразе ракі.
— Пачакай тут, а мы сходзім да спадарыні Шміт, пазычым філіжанкі.
Філіп і Тоська ўвайшлі ў дом, а Кукі прысеў на каменным мастку. Ён думаў, што павінен неяк дапамагчы бацькам, хаця зусім не ведаў, як гэта зрабіць... Раптам ён ускочыў, схапіў кавалак цэглы, што ляжаў на ходніку, і забег на мост. А там вялікімі літарамі напісаў: «Супермузыкі шукаюць працу». І тэлефон мамы.
— Я магу напісаць гэта паўсюль! На кожнай вуліцы!
Ён хацеў пабегчы на іншы бок моста, але тут нешта заўважыў. Па рацэ плыў дзіўны прад­мет. Над вадой выступала толькі малая частка чагосьці чырвонага і бліскучага, а рэшта хавалася пад ейнай паверхняй. Хлопец нахіліўся праз парэнчы і прыгледзеўся. Чырвоны прадмет штохвіліны знікаў пад вадой і зноў вырынаў. Кукі згадаў, як у адным фільме хлопец так вылавіў куфар з муміяй. У той была залатая карона. Але потым мумія ажыла і пажэрла палову Нью-Ёрка...
Чырвонае «невядомашто» набліжалася. Ку­кі лёг на масток і выцягнуў руку. На шчасце, мост быў нізкі і да вады было недалёка. Хлопец нахіліўся яшчэ мацней, ледзь не падаю­чы ў раку, але ўсё ніяк не мог дацягнуцца да прадмета. Ён ужо думаў, што той уцячэ, але прадмет раптам спыніўся і падплыў наўпрост да яго рукі. Кукі схапіў яго і з цяжкасцю выцягнуў з вады.
Ён быў расчараваны. Ніякі не скарб, а звы­чайнае крэсла. Але выглядала як новае. Чырвоны лак ільсніў на сонцы. Кукі выцер сядзенне рукавом кашулі і прысеў. Ён адчуў нешта дзіўнае, быццам лёгкі ўдар току.
— Адкуль у цябе гэтае крэсла?
Ён абярнуўся. З зялёнага дома выбег Філіп. За ім выйшла Тоська.
— Адкуль яно ў цябе?
— Вылавіў.
— Кінь гэтае смецце. Вяртаемся, бо зараз цётка прыйдзе.
— Я забяру яго дадому, — рашуча сказаў Кукі.
— Здурэў? Навошта?
— Калі мы цяпер бедныя, то мусім збіраць розныя рэчы.
Філіп пырснуў ад смеху.
— Якое ты яшчэ дзіцё горкае!
Кукі не адказаў. Ён схапіў крэсла і пацягнуў у бок Венецыянскай вуліцы, дзе быў іхні дом.

На Венецыянскай вуліцы перад будынкам нумар сем спыніўся круты «мерсэдэс»-недарожнік.
З яго выйшла высокая худая жанчына. Нягледзячы на цёплы дзень, на ёй было доўгае паліто, падобнае да вайсковага мундзіра, зашпіленага пад самую шыю. Яна была абутая ў чырвоныя боты на высокіх абцасах, а ў руках трымала чорны парасон. Вочы хаваліся за цёмнымі акулярамі, і не было бачна, злая яна, панурая ці проста сумная. Але вясёлай яна дакладна не выглядала. Жанчына непрыязна зірнула на будынак: у некалькіх месцах абсыпаўся тынк, а сцены былі размаляваныя каляровымі графіці. Падбеглі Філіп, Тоська і Кукі, які цягнуў крэсла.
— Вас не навучылі казаць «добры дзень»? — спытала жанчына. Дзеці спыніліся як укапа­ныя. Яны толькі цяпер заўважылі яе.
— Добры дзень, цёця, — сказала Тося. Філіп і Кукі толькі кіўнулі, буркнуўшы штосьці сабе пад нос.
— Што гэта такое? — цётка паказала парасонам на чырвонае крэсла, на якое прысеў замучаны Кукі.
— Я выцягнуў яго з вады.
— Усё настолькі дрэнна, што вы збіраеце смецце... — уздыхнула цётка і націснула кнопку ў ключы ад машыны. Замкі ў дзвярах «мерсэдэса» заблакаваліся, а з даху машыны выскачыла спружына, на якой падскокваў і ку­рняўкаў металічны кот.
— Што гэта, цёця? — спытаў здзіўлены Кукі.
— Гэта адпужвае птушак. Інакш глупыя стварэнні спаскудзяць машыну.
Цётка накіравалася да дому. Тоська пабегла за ёй. Кукі шапнуў Філіпу:
— Я хацеў бы, каб прыляцела тысяча птушак і каб кожная нагадзіла на яе машыну.
— Ціха! Пайшлі...
Кукі падняўся з крэсла. Яны разам з Філіпам падхапілі яго і пабеглі ў дом.
І не бачылі, як на небе з'явілася вялізная цёмная хмара, якая расла і хутка набліжалася да іхняга дома.
Гэта была вялікая зграя птушак.

— Будзьце з ёю прыязныя і паводзьцеся нармальна, — шаптала мама ў кухні, раскладаючы пірожныя на сподзе. — І не рабіце такіх жахлівых мін. Цёці будзе непрыемна.
— Цёці не будзе непрыемна, яна робат, — сказаў Кукі.
— Што такое?!
— Тата кажа, што цёця — гэта робат для раблення грошай.
Мама спапяліла тату поглядам.
— Вазьміце пірожныя і нясіце ў пакой. Я зараз прыйду.
Цётка сядзела ў фатэлі і разглядала пагнутую флейту. Яна сувора зірнула на Тоську.
— Чаму ты яе сапсавала?
— Гэта я яе сапсаваў, — прызнаўся Кукі. — Я змагаўся з дзецяжэрам.
— Рэчы трэба берагчы. Ты добра граеш?
— Здаецца, так, — сказала Тося.
— Тося малайчынка, — уключылася ў размову мама, уваходзячы з тортам-безэ, — на флей­це грае лепш за ўсіх у школе. Запрашаю да стала.
Яны ўселіся за круглым сталом. Дзеці стараліся адсунуцца як мага далей ад цёткі. Кукі сядзеў на знойдзеным чырвоным крэсле.
— Ты любіш торт-безэ, сястрычка? — спытала мама.
— Не, — буркнула цётка.
Мама агаломшана міргнула.
— А маленькая ты любіла салодкае...
— Я рабіла выгляд. А ведаеш чаму? Каб мне давалі грошы на салодкае. А я тыя грошы хавала ў слоік. У мяне ён дагэтуль ёсць.
— А чаму вы, цёця, не выдаткоўвалі іх? — здзіўлена спытаў Кукі.
— Бо я хацела іх збіраць. — Яна сувора па­глядзела на Кукі. — А ты ашчаджаеш грошы?
— Так, на мадэль карабля, які можна склеіць. Але я ніяк не магу назбіраць, бо заўсёды іх мантачу.
— Гэта значыць, што ты зусім не хочаш таго карабля.
— Вельмі хачу! Авіяносец, мадэль адзін да двухсот...
Кукі адчуў, што чырвонае крэсла задры­жэла. У гэты ж час з калідора данёсся нейкі шум. Цётка азірнулася.
— У вас ёсць жывёла?
Філіп, Кукі і Тоська ўскочылі і пабеглі ў калідор. Дзверы былі расчыненыя, а на прыдзверным дыванку стаяла вялікая кардонная скрынка з выявай карабля. Кукі падбег да яе.
— Ваў! Гэта ж авіяносец! Я хацеў менавіта такі! Адкуль ён узяўся?
— Напэўна, цётка купіла яго ў падарунак, — шапнула Тося. — Можа, яна ўсім штосьці купіла?
— Не веру, — буркнуў Філіп. Але на ўсялякі выпадак зазірнуў за дзверы. Там нічога больш не было.
— Ідзі ёй падзякуй. — Тося падштурхнула Кукі да дзвярэй. — Ну, ідзі!
Кукі ўзяў скрынку і пабег у пакой. Ён стаў перад цёткай і няўпэўнена прамовіў:
— Вялікі дзякуй, цёця.
— За што?
Кукі здзіўлена паглядзеў на яе.
— За падарунак.
— Што? Які падарунак?
Кукі паказаў скрынку з караблём.
— А адкуль вы ведалі, што я хацеў менавіта такі?
— Я нічога табе не купляла! — крыкнула цётка.
Здзіўлены Кукі глянуў на маму, якая ўсміхнулася:
— Дзякуй табе, Марыля...
Цётка яе перарвала:
— Вы што, здзекуецеся? Ты мяркуеш, што я мушу купляць падарункі тваім дзецям? Я лі­чу, што дзеці ўвогуле не павінны атрымліваць падарункаў. Яны павінны самі здабываць тое, што хочуць.
Яна раздражнёна паднялася і падышла да акна. Сям'я здзіўлена глядзела на яе. Кукі нахіліўся да таты:
— Тата... Я мушу аддаць ёй гэты авіяносец?
— Не. Відаць, яна проста не хоча, каб ты дзякаваў.
— Чаму?
— Паняцця не маю...
— Хочаш яшчэ кавы? — спытала мама. — Ці, можа, соку?
Цётка павярнулася:
— Не старайся, сястрычка. Я добра ведаю, навошта ты мяне запрасіла. Хочаш пазычыць грошы, праўда?
Настала ціша.
— Разумееш, — нясмела пачала мама, — у нас пэўныя фінансавыя праблемы...
— У вас заўсёды праблемы.
— Мы страцілі працу ў аркестры. Нам трэ­ба трохі грошай. Канешне, мы табе аддамо, як толькі...
Цётка перарвала маму.
— Вам нельга пазычаць грошы, вы іх прамантачыце.
Тата ўскочыў:
— Прабач, але...
— Не перапыняй мяне!
Цётка падышла да мамы.
— У мяне для вас прапанова. Ёсць выдатная праца для музыкаў. За год заробіце столькі, што здолееце купіць прыстойную ква­тэру.
— Што гэта за праца? — спытала мама.
— Аркестр на лайнеры «Каралева Вікто­рыя».
— Што?!
Дзеці здзіўлена паглядзелі на цётку. Бацькі таксама былі шакаваныя.
— Нам — граць на лайнеры?!
— А што? Якая тут ганьба? — спытала цётка. — «Каралева Вікторыя» — самы шыкоўны карабель у свеце. На ім багатыя людзі на Ка­ры­бы плаваюць. Там шукаюць музыкаў у аркестр. Заробіце прыстойныя грошы і свет задарма паглядзіце.
— А колькі доўжыцца такі рэйс?
— Год.
— Мы мусім з'ехаць на цэлы год?! — крыкнула мама. — Гэта немагчыма. У нас жа дзеці.
— Дзяцей я забяру да сябе, — сказала цётка. Сям'я з жахам глядзела на яе. А цётка ахапіла дзяцей позіркам, ад якога ім зрабілася холадна.
— Я дам з імі рады! Прынамсі навучацца прыстойным паводзінам. Канешне, вы будзеце дасылаць грошы на іхняе ўтрыманне.
— Мы павінны пакінуць дзяцей на цэлы год?! Не! — рашуча сказала мама. — Мы дакладна так не зробім!
— Ты ніколі мяне не слухаеш! — Цётка сарвалася з фатэля. — А зрэшты, рабі што хочаш. — Яна са злосцю схапілася за паліто і кінулася да дзвярэй. — Помні, больш я табе нічым не дапамагу!
— Марыля, пачакай...
— Чаго? Што вы паразумнееце? Дакладна не дачакаюся!
Яна ляснула дзвярыма. Мама хацела пабегчы ўслед, але тата яе спыніў.
Цётка, кульгаючы на высокіх абцасах, збег­ла па сходах. Расчыніла дзверы на двор і раптам спынілася.
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку
Made on
Tilda