Станіслаў Лем
Зорныя дзённікі
Пазнаёміцца з індыётамі, трапіць у часавыя петлі, зладзіць паляванне на курдля, даведацца, як бульба нападае на ракеты і што выйшла з плана па аптымізацыі гісторыі Зямлі, — усё гэта магчыма з «Зорнымі дзённікамі» Станіслава Лема. Разам з галоўным героем Іёнам Тіхім чытач можа адправіцца ў самыя незвычайныя касмічныя падарожжы. Свет навукова-фантастычных апавяданняў, створаны легендарным польскім пісьменнікам, падкупляе арганічным спалучэннем гумару і філасофскіх разваг, сатыры і спроб разгадаць заведзены парадак рэчаў.

Творы Станicлава Лема — сапраўдныя жамчужыны навуковай фантастыкі. Яны перакладзены больш чым на 50 моў свету, іх агульны наклад склаў больш за 40 мільёнаў экзэмпляраў.

Пераклад з польскай мовы Марыі Пушкінай


Купіць тут з 25 студзеня
ПАДАРОЖЖА СЁМАЕ

Калі ў панядзелак, другога красавіка, я пралятаў побач з Бетэльгейзэ, метэор, не большы за фасолевае зярнятка гатунку «Прыгожы Яська», прабіў браню, раструшчыў рэгулятар цягі і частку стырнаў, у выніку чаго ракета згубіла здольнасць манеўравання. Я надзеў скафандр, выйшаў на паверхню і паспрабаваў адрамантаваць прылады, але пераканаўся, што для таго, каб прыкруціць рэзервовае стырно, якое я абачліва ўзяў з сабою, мне патрэбная дапамога іншага чалавека. Канструктары спраектавалі ракету так непрадумана, што адзін чалавек мусіў прытрымліваць ключом галоўку шрубы, у той час як іншы падцягваў гайку. Спачатку я не асабліва пераняўся гэтым і згубіў некалькі гадзін, спрабуючы перахапіць адзін ключ нагамі і дакруціць шрубу рукой з іншага боку. Але мінуў час абеду, а мае высілкі не далі плёну. Адзін раз, калі мне амаль удалося, ключ выскачыў у мяне з-пад нагі і памчаў у шырокі касмічны прастор. Так я не толькі нічога не адрамантаваў, але і згубіў яшчэ адзін каштоўны інструмент, бяссільна гледзячы, як ён аддаляецца, усё меншы на фоне зор.
Праз нейкі час ключ вярнуўся па выцягнутым эліпсе, але, хоць і стаў спадарожнікам ракеты, не набліжаўся да яе на такую адлегласць, каб я мог яго перахапіць. Таму я вярнуўся ўнутр карабля і, спажываючы сціплы падмацунак, разважаў, як цяпер выблытацца з недарэчнага становішча. Ракета тым часам ляцела проста з усё большай хуткасцю, бо кляты метэор папсаваў мне і рэгулятар цягі таксама. Па курсе, папраўдзе, не было аніякіх нябесных цел, але гэтае сляпое падарожжа не магло працягвацца бясконца. Нейкі час я апаноўваў гнеў, але, узяўшыся па абедзе за мыццё талерак і выявіўшы, што разагрэтая ад працы атамная грубка папсавала мне найлепшую порцыю ялавічнай паляндвіцы, якую я пакінуў у лядоўні на нядзелю, на імгненне згубіў раўнавагу духу і, шпурляючыся самымі жудаснымі праклёнамі, разбіў частку сервіза, што напраўду прынесла мне пэўную палёгку, аднак разважлівым учынкам не было. Да таго ж выкінутая за борт паляндвіца, замест таго каб адляцець у далячынь, не хацела пакідаць ваколіц ракеты і кружляла вакол яе як другі штучны спадарожнік, выклікаючы рэгулярнае (кожныя адзінаццаць хвілін і чатыры секунды) кароткатэрміновае сонечнае зацьменне. Каб супакоіць нервы, я да вечара разлічваў элементы яе руху і пературбацыі арбіты, выкліканыя абарачэннем страчанага ключа. У мяне выйшла, што цягам найбліжэйшых шасці мільёнаў гадоў паляндвіца будзе даганяць ключ, кружляючы вакол карабля па арбіце, каб потым апярэдзіць яго. Урэшце, стомлены разлікамі, я паклаўся спаць. Пасярод ночы мне здалося, што хтосьці трасе мяне за плячо. Я расплюшчыў вочы і ўбачыў схіленага над ложкам чалавека, твар якога быў дзіўна знаёмы, хоць я і не ўяўляў, хто гэта можа быць.
— Падымайся, — сказаў ён, — і бяры ключы, пойдзем на паверхню і закруцім шрубы стырнаў…
— Па-першае, мы не знаёмыя настолькі, каб ты, спадар паважаны, мне тыкаў, — адказаў я. — А па-другое, я дасканала ведаю, што вас няма. Я ў ракеце адзін, і так ужо другі год, бо я лячу з Зямлі ў сузор'е Цяльца. Такім чынам, вы толькі сонная відзежа.
Ён, аднак, працягваў мяне трэсці, паўтараючы, каб я зараз жа ішоў з ім па інструменты.
— Ідыятызм, — сказаў я ўжо трохі злосна, бо баяўся, што сварка ў сне мяне пабудзіць, а я з уласнага досведу ведаю, як цяжка мне засынаць пасля такога раптоўнага абуджэння.
— Я нікуды не пайду, бо ўсё і так марна. Шруба, закручаная ў сне, не зменіць сітуацыі ў рэальнасці. Калі ласка, адчапіцеся ад мяне і зараз жа распусціцеся ў паветры або сыдзіце іншым чынам, бо я магу прачнуцца.
— Але ты ж зусім не спіш, даю табе слова гонару! — закрычаў упарты прывід. — Ці ты мяне не пазнаеш? Паглядзі!
На гэтых словах ён дакрануўся пальцамі да дзвюх вялікіх, як сунічыны, бародавак на сваёй левай шчацэ. Я рэфлексіўна схапіўся за твар, бо ў мяне акурат на гэтым месцы ёсць дзве рыхтык такія ж бародаўкі. Тут я таксама сцяміў, чаму сонны прывід нагадваў мне кагосьці знаёмага: мы былі падобныя адзін да аднаго як дзве кроплі вады.
— Пакінь мяне ў спакоі! — закрычаў я, заплюшчваючы вочы ў жаданні захаваць непарушнасць сну. — Калі ты — гэта я, то я напраўду не павінен звяртацца да цябе на вы, але гэта ж даказвае і тое, што цябе не існуе!
Пасля гэтага я павярнуўся на іншы бок і накрыўся коўдрай да самай макаўкі. Я яшчэ чуў, як ён казаў штосьці пра ідыятызм і ўрэшце, калі я не рэагаваў, крыкнуў:
— Ты пашкадуеш пра гэта, ёлупень! Пераканаешся, што гэта не жарт, але будзе позна.
Але я ані зварухнуўся. Каля я расплюшчыў вочы з раніцы, мне адразу згадалася гэтая асаблівая начная гісторыя. Я сеў на ложку і разважаў пра тое, якія цікавыя штукі вырабляе з чалавекам яго ўласны розум: вось так, не маючы на борце аніводнай братэрскай душы, перад абліччам раптоўнай неабходнасці, я крыху раздвоіўся ў сне, каб дапамагчы сабе ў патрэбе.
Па сняданку я прыйшоў да высновы, што за ноч ракета атрымала дадатковую порцыю паскарэння, і сеў за прагляд бартавой бібліятэчкі, шукаючы ў падручніках парады для майго фатальнага становішча. Але не знайшоў нічога. Таму расклаў на стале зорную мапу і ў святле недалёкай Бетэльгейзэ, якое толькі час ад часу засланяла спадарожная паляндвіца, шукаў у наваколлі месцаў пражывання хоць нейкую касмічную цывілізацыю, на дапамогу якой можна было б разлічваць. Але гэта была абсалютная зорная глухмень, усе караблі абміналі яе як выключна небяспечны абшар з пагрозлівымі, але адначасова таямнічымі гравітацыйнымі вірамі, у колькасці ста сарака сямі штук, існаванне якіх тлумачыла шэсць астрафізічных тэорый, і кожная — інакш.
Каляндар касманаўта папярэджваў пра іх у сувязі з непрадказальнасцю наступстваў рэлятывісцкіх эфектаў, якія мог выклікаць праход праз вір — асабліва на вялікай уласнай хуткасці.
Аднак я быў бездапаможны. Разлікі казалі, што аб край першага віру я зачаплюся каля адзінаццатай, таму я паспяшаўся з падрыхтоўкай да сняданку, каб не глядзець у вочы небяспекі нашча. Ледзь толькі я выцер апошні сподак, як ракету пачало кідаць у розныя бакі, не замацаваныя належным чынам прадметы градам ляталі ад сцяны да сцяны. З горам папалам я дацягнуўся да фатэля, а калі прышпіліўся да яго падчас усё больш гвалтоўных скокаў карабля, заўважыў, як нейкі бледна-ліловы туман зацягнуў супрацьлеглую частку каюты і там, паміж ракавінай і плітой, з'явілася цьмяная чалавечая постаць у фартушку: кухар выліваў амлет на патэльню. Вывучаючы, постаць зірнула на мяне, але без здзіўлення, пасля чаго закалыхалася і знікла. Я працёр вочы. Відавочна, што я быў адзін, таму гэты вобраз прыпісаў часоваму зацьменню свядомасці.
Седзячы далей у фатэлі, а хутчэй нават скачучы разам з ім, я быў знячэўку агаломшаны адкрыццём, што гэта не зусім галюцынацыя. Калі тоўсты том «Агульнай тэорыі адноснасці» пралятаў побач, я паспрабаваў схапіць яго, і гэта атрымалася ў мяне з чацвёртага разу. Гартаць цяжкую кнігу ў такіх умовах — страшныя сілы шкуматалі карабель, і ён кружляў, нібы п'яны, — атрымлівалася кепска, але ўрэшце я знайшоў патрэбны фрагмент. Гаворка ў ім вялася пра феномены гэтак званай часавай пятлі, то-бок загін напрамку, у якім ідзе час, пад уздзеяннем гравітацыйных палёў вялікай сілы, з'ява гэтая зрэдчас можа прывесці нават да павароту часавай плыні і гэтак званага падваення цяпершчыны. Вір, праз які я цяпер акурат прайшоў, не належаў да наймагутнейшых. Я ведаў, што, калі ў мяне атрымаецца хоць крышачку павярнуць карабель носам да полюса Галактыкі, я праб'ю гэтак званы Vortex Gravitatiosus Pinckenbachii, у якім шматразова назіралі феномены падваення і нават патраення цяпершчыны.
Стырны, што праўда, былі нерухомыя, але я скіраваўся ў рухавіковы адсек і так доўга завіхаўся ля прылад, што насамрэч злёгку адхіліў ракету ў бок галактычнага полюса. Гэтая аперацыя заняла ў мяне некалькі гадзін. Вынік яе быў нечаканы. Карабель трапіў у цэнтр віру недзе апоўначы, торгаючыся і енчучы ўсімі мацаваннямі так, што я баяўся за яго цэласнасць, але вынырнуў з пераплёту непашкоджаны, і калі яго зноў узяла ў свае абдоймы касмічная цішыня, я выйшаў з рухавіковага адсека, каб убачыць самога сябе ў салодкім сонным забыцці на ложку. Я адразу ж сцяміў, што гэта я з папярэдняга дня, то-бок з ночы панядзелка. Не спыняючыся на філасофскім аспекце гэтай хутчэй надзвычайнай з'явы, я адразу ж прыняўся шкуматаць сябе на ложку за плячо, гарлаючы, каб я хутчэй падымаўся, бо невядома ж, як доўга яго панядзелкавае існаванне працягнецца ў маім аўторкавым, таму трэба было як мага хутчэй выйсці вонкі і разам адрамантаваць стырны.
Але чалавек у ложку расплюшчыў толькі адно вока і заявіў, што не жадае, каб нейкая сонная відзежа яму тыкала. Марна, губляючы цярпенне, я тузаў яго, марна спрабаваў выцягнуць з-пад коўдры гвалтам. Ён не даваўся, упарта паўтараючы, што я яму снюся; я спрабаваў быў лаяцца, але ён лагічна тлумачыў мне, што закручаныя ў сне шрубы не будуць трымаць стырно ў рэальнасці. Дарма я даваў слова гонару, што ён памыляецца, заклінаў і праклінаў яго папераменна — нават прадэманстраваныя бародаўкі не пераканалі яго ў праўдзівасці маіх слоў. Ён толькі павярнуўся да мяне спінай і захроп.
Я сеў у фатэль, каб на халодную галаву абдумаць сітуацыю. Я перажыў яе ўжо двойчы, адзін раз — як гэты ў ложку, у панядзелак, а цяпер — як марны абуджальнік, у аўторак. Я панядзелкавы не верыў у рэальнасць дуплікацыі як з'явы, але я аўторкавы ўжо ведаў пра яе. Гэта была самая звычайная ў свеце часавая пятля. Што ж тады рабіць, каб адрамантаваць стырны? Паколькі панядзелкавы спаў далей, а таксама таму, што я памятаў, як цудоўна я праспаў тую ноч да самай раніцы, я зразумеў марнасць усіх далейшых спроб пабудзіць яго. Мапа прадказвала яшчэ мноства вялікіх гравітацыйных віроў, таму я мог разлічваць на падваенне цяперашняга часу цягам бліжэйшых дзён. Я хацеў быў напісаць сабе ліст і прыкалоць яго шпількай да падушкі, каб панядзелкавы я, прачнуўшыся, мог на ўласныя вочы пераканацца ў тым, што меркаваны сон быў рэальнасцю.
Але ледзь толькі я сеў з асадкай за стол, як у рухавіках захрабусцела, таму я паспяшаўся туды і да самага ранку паліваў вадой перагрэтую атамную грубку, пакуль панядзелкавы я смачна спаў, час ад часу аблізваючыся, што парадкам мяне злавала. Згаладнелы і стомлены, не звёўшы вачэй, я ўзяўся за сняданак і ўжо выціраў быў талеркі, калі ракета трапіла ў наступны гравітацыйны вір. Я бачыў, як панядзелкавы я, прывязаны да фатэля, аслупянела глядзіць на мяне, а я аўторкавы смажу амлет. Потым ад удару я згубіў раўнавагу, у мяне пацямнела ўваччу, і я ўпаў. Ачуняў я на падлозе ў акружэнні парцалянавых аскепкаў, а ля самага майго твару віднелі ногі схіленага нада мной чалавека.
— Уставай, — сказаў ён, падымаючы мяне. — Ты ў парадку?
— Так, — адказаў я, абапіраючыся рукамі аб падлогу, бо ў мяне круцілася ў галаве. — Ты з якога дня тыдня?
— З серады, — адгукнуўся ён. — Хадзем хутка адрамантуем стырно, бо часу шкада!
— А дзе той, панядзелкавы? — спытаў я.
— Яго ўжо няма, відаць, гэта значыць, што ты — гэта ён.
— Як гэта я?
— Ну так, бо панядзелкавы ў ноч з панядзелка на аўторак стаў аўторкавым і гэтак далей.
— Я не разумею!
— Не бяда, гэта з непрывычкі. Але хадзем, шкада часу!
— Зараз, — адказаў я, не адрываючыся ад падлогі. — Сёння аўторак. Калі ты серадовы і ў сераду стырны дагэтуль не адрамантаваныя, то з гэтага вынікае, што нешта перашкодзіць нам у іх напраўцы, бо інакш ты, у сераду, не схіляў бы мяне да таго, каб я, у аўторак, разам з табой ішоў рамантаваць іх. Мо тады лепш не рызыкаваць з выхадам вонкі?
— Ты трызніш! — закрычаў ён. — Чалавеча, я серадовы, а ты аўторкавы, а што да ракеты, то я дапускаю, што яна, так бы мовіць, пярэстая — месцамі ў ёй аўторак, а месцамі серада, а дзе-нідзе, магчыма, нават крыху і чацвер. Проста час ператасаваўся падчас праходаў праз гэтыя віры, але хіба нас гэта хвалюе, калі нас двое і праз гэта мы маем шанц адрамантаваць стырно?!
— Не, ты не маеш рацыі! — запярэчыў я. — Калі ў сераду, дзе ты знаходзішся цяпер, перажыўшы ўвесь аўторак і маючы яго за сабою, паўтаруся, калі ў сераду стырны не адрамантаваныя, з гэтага вынікае, што яны не былі адрамантаваныя ў аўторак, бо цяпер аўторак, і калі б мы павінны адрамантаваць іх зараз жа, то для цябе гэты момант ужо быў бы мінулым і не было б чаго рамантаваць. А значыць…
— А значыць, ты ўпарты як асёл! — буркнуў ён. — Ты пашкадуеш пра сваю дурасць! І адзінай маёй сатысфакцыяй будзе тое, што ты будзеш гэтак жа злавацца на сваю тупую ўпартасць, як я цяпер, калі сам дачакаешся серады!!!
— Ах, дазволь, — крыкнуў я, — гэта значыць, што ў сераду я, будучы табою, буду спрабаваць пераканаць сябе аўторкавага гэтак жа, як ты пераконваеш мяне цяпер, толькі ўсё будзе наадварот, то-бок ты будзеш мною, а я табою? Я разумею! У гэтым сэнс пятлі часу! Чакай, я іду, зараз я іду, я сцяміў…
Але перш чым я падняўся з падлогі, мы трапілі ў новы вір, і жудасная перагрузка распластавала нас па столі.
Жахлівыя скокі і ўдары не спыняліся ўсю ноч з аўторка на сераду. Калі ўсё крыху супакоілася, том «Агульнай тэорыі адноснасці», які лятаў па каюце, так заехаў мне па лбе, што я страціў прытомнасць. А калі расплюшчыў вочы, то ўбачыў аскепкі посуду і распластанага між імі чалавека. Я адразу ж падхапіўся на ногі і, падымаючыся, крыкнуў:
— Уставай! Ты ў парадку?
— Так, — адказаў ён, расплюшчваючы вочы. — Ты з якога дня тыдня?
— З серады, — адгукнуўся я. — Хадзем хутка адрамантуем стырно, бо часу шкада!
— А дзе той, панядзелкавы? — спытаў ён, сядаючы.
Пад вокам у яго быў сіняк.
— Яго ўжо няма, — сказаў я, — відаць, гэта значыць, што ты — гэта ён.
— Як гэта я?
— Ну так, бо панядзелкавы ў ноч з панядзелка на аўторак стаў аўторкавым і гэтак далей.
— Я не разумею.
— Не бяда, гэта з непрывычкі. Але хадзем, шкада часу!
Гаворачы гэта, я ўжо шукаў вачыма інструменты.
— Зараз, — адказаў ён паволі, не зварухнуўшы нават пальцам. — Сёння аўторак. Калі ты серадовы і ў сераду стырны дагэтуль не адрамантаваныя, то з гэтага вынікае, што нешта перашкодзіць нам іх направіць, бо інакш ты, у сераду, не схіляў бы мяне да таго, каб я, у аўторак, разам з табой ішоў рамантаваць іх. Мо тады лепш не рызыкаваць з выхадам вонкі?
— Ты трызніш!!! — зароў я, раз'юшаны да глыбіні душы. — Чалавеча, я серадовы, а ты аўторкавы…
І так мы пачалі сварыцца, у адваротных ролях, і ён напраўду давёў мяне да шаленства, бо аніяк не хацеў рамантаваць са мной стырны, і я дарма называў яго ўпартым аслом. А калі ўрэшце мне ўдалося яго пераканаць, мы трапілі ў наступны гравітацыйны вір. Мяне прабіў халодны пот: я падумаў, што цяпер мы будзем круціцца ў гэтай часавай пятлі вечна, але, на шчасце, гэтага не адбылося. Калі перагрузка адпусціла настолькі, што я мог падняцца, то зноў быў у кабіне сам. Здаецца, мясцовы аўторак, які дагэтуль цягнуўся побач з ракавінай, знік, сышоў у незваротны нябыт. Я адразу ж сеў за мапу, шукаючы нейкі прыстойны вір, куды можна было б скіраваць ракету, каб зноў выклікаць скрыўленне часу і такім чынам атрымаць памочніка.
Я неяк знайшоў адзін вір, цалкам перспектыўны, і, манеўруючы рухавікамі, з вялікай цяжкасцю скіраваў ракету так, каб прайсці роўна праз ягоны цэнтр. Што праўда, згодна з мапай канфігурацыя ў гэтага віру была хутчэй незвычайная: цэнтраў у ім было два. Але я ўжо так адчаяўся, што не звярнуў увагі на гэтую анамалію.
Я шмат гадзін корпаўся ў рухавіковым аддзеле і парадкам запэцкаў рукі, таму пайшоў іх памыць, прыкмеціўшы, што маю яшчэ шмат часу да ўваходу ў вір. Ванны пакой быў зачынены. Знутры раздаваліся такія гукі, быццам хтосьці паласкаў горла.
— Хто там?! — крыкнуў я здзіўлена.
— Я, — адказаў голас з таго боку дзвярэй.
— Які такі «я»?!
— Іён Тіхі.
— З якога дня?
— З пятніцы. Чаго табе?
— Я хацеў рукі памыць… — машынальна прамовіў я, адначасова інтэнсіўна разважаючы: быў вечар серады, а ён з пятніцы, значыць, гравітацыйны вір, у які мусіў трапіць карабель, скрывіць час з пятніцы да серады, але што адбудзецца ўнутры віру далей, я аніяк не мог зразумець. Асабліва мяне інтрыгавала пытанне пра тое, дзе можа быць чацвер? Тым часам пятнічны я не пускаў мяне ў ванны пакой, марудзячы там, пакуль я ўпарта грукаў у дзверы.
— Перастань паласкаць горла! — крыкнуў я ўрэшце, страціўшы цярпенне. — Чалавеча, дарагая кожная хвіліна, зараз жа выходзь, адрамантуем стырны!
— Я табе для гэтага не патрэбны, — флегматычна адказаў голас з-за дзвярэй. — Дзесьці там мусіць быць чацвярговы, ідзі з ім…
— Які яшчэ чацвярговы? Гэта немагчыма…
— Адкуль мне ведаць, магчыма ці немагчыма, у мяне ж ужо пятніца, а значыць, я перажыў і тваю сераду, і ягоны чацвер…
З лёгкім галавакружэннем я адскочыў ад дзвярэй, бо і праўда пачуў шум у каюце: там стаяў чалавек і выцягваў з-пад ложка скрынку з інструментамі.
— Ты чацвярговы? — спытаў я, кідаючыся да яго.
— Анягож, — адказаў ён. — Канешне… дапамажы мне…
— А стырны атрымаецца адрамантаваць? — спытаў я яго, калі мы разам выцягвалі з-пад ложка цяжкую торбу.
— Я не ведаю, можа, іх адрамантавалі ў чацвер, спытай у пятнічнага…
Сапраўды, і як мне гэта не прыйшло ў галаву! Я хутка падбег да дзвярэй у ванны пакой.
— Гэй там! Пятнічны! Ці стырны ўжо адрамантаваныя?
— У пятніцу — не, — адказаў ён.
— Чаму не?
— Таму, — адрэзаў ён, адчыняючы дзверы.
Галава ў яго была абвязаная ручніком, а да лба пятнічны прыціскаў пляскаты бок нажа, спрабуючы такім чынам спыніць рост вялікага (памерам з яйка) гузака. Тым часам да мяне падышоў чацвярговы з інструментамі. Ён стаў поруч, спакойна і ўважліва назіраючы за пабітым, які акурат свабоднай рукой адставіў на паліцу бутэльку з гулярдавай вадой. Дык вось якое булькатанне я прыняў за паласканне горла.
— Што цябе так прыаздобіла? — спытаў я спачувальна.
— Не што, а хто, — адказаў ён. — Гэта быў нядзельны.
— Нядзельны? Але чаму… не можа быць! — ускрыкнуў я.
— Доўгая гісторыя…
— Усё адно! Пабеглі туды, мы паспеем! — звярнуўся да мяне чацвярговы.
— Але ракета праз момант трапіць у вір, — адказаў я. — Удар можа адкінуць нас у адкрыты космас, і мы загінем…
— Не вярзі лухты, — узяў слова чацвярговы. — Калі пятнічны жывы, нам нічога не будзе. Сёння толькі чацвер.
— Сёння серада, — запратэставаў я.
— Хай сабе і серада, усё адно, усё адно ў пятніцу я буду жывы — і ты таксама.
— Але гэта толькі здаецца, што нас двое, — заўважыў я, — напраўду я адзін, толькі з розных дзён тыдня…
— Добра, добра, адчыняй люк…
Тут выявілася, што ў нас толькі адзін скафандр. Таму мы не можам выйсці з ракеты адначасова, і менавіта праз гэта план па рамонце стырнаў праваліўся.
— А каб яго чэрці! — крыкнуў я са злосцю, кідаючы торбу з інструментамі. — Трэба было надзець скафандр і не здымаць яго з сябе. Я пра гэта не падумаў, але ты, чацвярговы, павінен быў пра гэта памятаць!
— У мяне скафандр забраў пятнічны, — запярэчыў чацвярговы.
— Калі? І чаму?
— Эх, ну хіба гэта трэба тлумачыць, — паціснуў плячыма чацвярговы і, павярнуўшыся, знік у каюце.
Пятнічнага ў ёй не было, я зазірнуў у ванны пакой, але і ён быў пусты.
— Дзе пятнічны? — здзіўлена спытаў я вяртаючыся.
Чацвярговы метадычна разбіваў нажом яйкі і выпускаў іх змесціва на траскоткі тлушч.
— Відаць, дзесьці бліжэй да суботы, — флегматычна адгукнуўся ён, шпарка памешваючы яечню.
— О, прашу прабачэння, — запратэставаў я, — ты ўжо з'еў сваё ў сераду і не маеш права другі раз есці серадовую вячэру!
— Гэтыя прыпасы гэтаксама твае, як і мае, — нажом ён спакойна прыўздымаў прыпечаныя краёчкі. — Я — гэта ты, а ты — гэта я, а таму ўсё адно…
— Што за сафістыка! Не кладзі столькі масла! Ты ашалеў? У мяне не хопіць прыпасаў на столькі людзей!
Патэльня выпала з ягонай рукі, а я сам паляцеў на сцяну: мы трапілі ў новы вір. Карабель зноў тросся, нібы ў ліхаманцы, а я думаў толькі пра тое, як бы выбрацца ў калідор, дзе вісіць скафандр, і надзець яго. Такім чынам, разважаў я, калі пасля серады настане чацвер, я — як чацвярговы — ужо буду ў скафандры і, калі не здыму яго ані на хвіліну, як я цвёрда вырашыў, буду ў ім і ў пятніцу. Таму я чацвярговы і я пятнічны — мы абодва будзем у скафандрах, і калі мы сустрэнемся ў адным часе, у нас урэшце атрымаецца адрамантаваць стырны. Павелічэнне сілы прыцягнення крыху памарочыла мне галаву, а калі я расплюшчыў вочы, то заўважыў, што ляжу справа ад чацвярговага, а не злева, як некалькі хвілін таму. У мяне лёгка атрымалася прыдумаць увесь план са скафандрам, цяжэй было ажыццявіць яго, бо ў выніку гравітацыйнага скачка я ледзь мог варухнуцца. Калі паказнікі падалі, я па міліметры прыпаўзкам пасоўваўся да дзвярэй у калідор. Пры гэтым я заўважыў, што чацвярговы, як і я, таксама па цалі паўзе да дзвярэй. Урэшце праз нейкую гадзіну, калі вір паглынуў нас, мы сустрэліся ля парога, распластаныя па падлозе. Я падумаў, што, напэўна, дарма стараюся дацягнуцца да ручкі — хай дзверы адчыніць чацвярговы. Адначасова мне згадаліся розныя рэчы, з якіх вынікала, што чацвярговы ўжо не ён, а я.
— Ты з якога дня? — спытаў я, каб пераканацца.
Падбароддзе ў мяне прыціснула да падлогі, і я зблізку глядзеў у ягоныя вочы. Ён з цяжкасцю паварушыў вуснамі.
— Чац… вярговы, — прастагнаў ён.
Гэта было дзіўна. Ці я ўсё яшчэ, нягледзячы ні на што, серадовы? Узнавіўшы ў думках рэмінісцэнцыі апошніх падзей, я палічыў такую магчымасць выключанай. Значыць, ён быў ужо пятнічны. Бо калі раней ён апераджаў мяне на дзень, то так і мусіла застацца. Я чакаў, калі ён адчыніць дзверы, але здаецца, ён чакаў гэтага ад мяне. Гравітацыя адчувальна паслабела, таму я падняўся і выбег у калідор. Калі я схапіў скафандр, іншы я падставіў мне нагу і вырваў яго ў мяне з рук, а я перакуліўся ўсім целам.
— Ах ты мярзотнік, свіння! — крыкнуў я. — Падмануць самога сябе, гэта было нізка!
Але ён, не звяртаючы на мяне ўвагі, моўчкі надзяваў скафандр. Гэта падалося мне занадта бессаромным. І раптам нейкая дзіўная сіла выкінула яго са скафандра, у якім, як выявілася, хтосьці ўжо сядзеў. У першы момант я разгубіўся, бо не ведаў, хто ёсць хто.
— Гэй! Серадовы! — гукнуў той у скафандры. — Не пускай чацвярговага, дапамажы мне!
Бо чацвярговы і праўда спрабаваў сцягнуць з яго скафандр.
— Давай скафандр! — роў чацвярговы, барукаючыся з наступнікам.
— Адчапіся! Чаго табе трэба! Ты што, не разумееш, што я павінен мець яго, а не ты?! — неслася ў адказ са скафандра.
— Цікава — чаму?
— Таму, дурань такі, што мне бліжэй да суботы, чым табе, а ў суботу мы ўжо будзем у скафандрах удвох!
— Лухта, — улез у іх сварку я, — у найлепшым выпадку ты будзеш у суботу ў скафандры адзін, як апошні ідыёт, і нічога не зможаш зрабіць. Аддай скафандр мне, калі я надзену яго цяпер, то ён будзе ў цябе ў пятніцу як у пятнічнага і ў суботу як у суботняга, так што тады нас будзе двое, а з двума скафандрамі… Чацвярговы, дапамагай!!!
— Перастань, — запратэставаў пятнічны, з якога я гвалтам здзіраў скафандр, — па-першае, табе тут няма каго называць «чацвярговы», бо ўжо мінула поўнач і чацвярговы ты сам, а па-другое, лепш будзе, калі я застануся ў скафандры, табе і так нічога ад гэтага не будзе…
— Чаму? Калі я надзену яго сёння, то ён будзе на мне і заўтра.
— Ты сам пераканаешся… я ж быў табой у чацвер, мой чацвер ужо мінуў, я добра ведаю…
— Досыць балбатні. Адпусці зараз жа! — буркнуў я.
Але ён вырваўся, я пагнаўся за ім, спачатку па рухавіковым адсеку, потым мы адзін за адным забеглі ў каюту. І насамрэч неяк так сталася, што нас было ўжо толькі двое. Цяпер я зразумеў, чаму побач з люкам, калі мы стаялі там з інструментамі, чацвярговы сказаў, што пятнічны забраў у яго скафандр: пакуль тое, я сам стаў чацвярговым — і пятнічны забраў яго ў мяне. Але я не збіраўся так лёгка здавацца. Чакай, ужо ж я табе, падумаў я, выбег у калідор, адтуль у рухавіковы адсек, дзе падчас пагоні заўважыў моцны прэнт — ім было зручна варочаць у атамнай грубцы, схапіў яго і, узброены гэткім чынам, пагнаў у каюту. Той ужо быў у скафандры, толькі шлем не паспеў надзець.
— Скідай скафандр! — кінуў я яму ў твар, пагрозліва сціскаючы прэнт.
— І не падумаю.
— Скідай, я кажу!
Нейкую хвіліну я разважаў, ці не ўдарыць яго. Мяне крыху бянтэжыла, што ў яго няма ані фінгала, ані гузакоў на лбе, як у таго пятнічнага, якога я бачыў у ванным пакоі, але раптам я сцяміў, што менавіта так і павінна быць. Той пятнічны цяпер быў суботнім, а можа, нават лунаў у ваколіцах нядзелі, а цяперашні пятнічны, той, каторы ў скафандры, нядаўна быў чацвярговым, і ў гэтага чацвярговага я нядаўна, апоўначы, ператварыўся, набліжаючыся такім чынам па пятлі часу да таго месца, калі нябіты пятнічны меўся стаць збітым пятнічным. Але дагэтуль ён сказаў, што так яго прыаздобіў нядзельны, ані следу якога пакуль не было заўважна: у каюце мы стаялі адны — ён і я. Раптам хітры паварот запоўніў мой мозг асляпляльным святлом.
— Скідай скафандр! — з пагрозай прыкрыкнуў я.
— Чацвярговы, адчапіся! — запярэчыў ён.
— Я не чацвярговы! Я — НЯДЗЕЛЬНЫ! — зароў я, кідаючыся ў атаку.
Ён паспрабаваў быў штурхануць мяне, але боты скафандра былі вельмі цяжкія, і, перш чым ён паспеў падняць нагу, я выцяў яго прэнтам праміж вачэй. Не надта моцна, разумеючы, што я ўжо занадта ўлез ва ўсё гэта, і ведаючы, што калі я стану пятнічным, то атрымаю па галаве ў сваю чаргу, а не хацелася б разбіваць сабе самому чэрап. Пятнічны паваліўся, са стогнам трымаючыся за галаву, а я брутальна сцягваў з яго скафандр; калі хісткім крокам ён скіраваўся ў ванны пакой, мармычучы: «Дзе вата… дзе гулярдава вада…» — я шпарка пачаў нацягваць скафандр, за які мы так змагаліся, і ў гэты самы момант заўважыў пад ложкам чалавечую нагу.
Я прысеў і зазірнуў туды. Пад ложкам ляжаў чалавек і, намагаючыся заглушыць чмяканне, паспешліва жор апошнюю плітку малочнага шакаладу, якую я пакінуў у сваім куфэрку на чорную галактычную гадзіну. Лайдак так спяшаўся, што еў шакаладку разам з кавалкамі фольгі, якія блішчалі ў яго на вуснах.
— Пакінь шакаладку! — закрычаў я, схапіўшы яго за нагу. — Ты хто такі? Чацвярговы?.. — гэтую фразу я скончыў цішэй і з нечаканым неспакоем, бо падумаў, што, магчыма, я сам ужо раблюся пятнічным і зараз мне давядзецца атрымаць удары, якія я не так даўно прапісаў пятнічнаму.
— Я нядзельны, — прамармытаў ён з набітым ротам.
Мне зрабілася млосна. Ён або хлусіў, і тады гэта не мела значэння, або казаў праўду, а ў гэтым выпадку мне няўхільна пагражалі гузакі, бо менавіта нядзельны пабіў пятнічнага, і пятнічны сам толькі што сказаў мне гэта, а потым я прыкінуўся пятнічным і абрабіў яго прэнтам. Але, падумаў я, нават калі ён хлусіць, што ён нядзельны, то ўсё адно немагчыма, каб ён быў пазнейшы за мяне, а калі ён пазнейшы і памятае ўсё тое ж, што і я, гэта значыць, ён ведае, як я падмануў пятнічнага, таму можа абхітрыць мяне гэткім самым спосабам, бо тое, што было маёй ваеннай хітрасцю, для яго — проста ўспамін, якім ён можа лёгка скарыстацца. І пакуль я застыў у гэтай разгубленасці, ён даеў шакаладку і вылез з-пад ложка.
— Калі ты нядзельны, то дзе твой скафандр?! — ускрыкнуў я, ашаломлены новай думкай.
— Зараз я ім разжывуся, — спакойна сказаў ён, і раптам я заўважыў у ягонай руцэ прэнт…
Я паспеў яшчэ ўбачыць моцнае ззянне, быццам адначасова выбухнула некалькі дзясяткаў суперновых, пасля чаго страціў прытомнасць. Ачуняў я, седзячы на падлозе ў ванным пакоі; хтосьці ламаўся ў дзверы. Я кінуўся апрацоўваць сінякі і гузакі, а з таго боку ўсё яшчэ грукалі; выявілася, што гэта серадовы. Хвілінай пазней я паказаў яму маю гузаватую галаву, і яны з чацвярговым пайшлі па інструменты, потым была беганіна, перацягванне скафандраў, урэшце я неяк гэта перажыў і суботняй раніцай палез пад ложак, каб праверыць, ці няма там у куфэрку пліткі шакаладу. Хтосьці пацягнуў мяне за нагу, калі я даядаў апошні кавалак малочнай шакаладкі, знойдзенай пад кашулямі; гэта быў ужо не ведаю хто, але на ўсялякі выпадак я прыклаў яго прэнтам па галаве, зняў з яго скафандр і ўжо меўся быў яго надзець, калі ракета трапіла ў чарговы вір.
Калі я ачомаўся, каюта поўнілася людзьмі. Па ёй ледзь можна было прайсці. Як выявілася, усе яны былі мною — з розных дзён, тыдняў, месяцаў, а адзін, здаецца, быў нават з наступнага года. Было шмат пашкуматаных і з падбітымі вачыма, а пяцёра з прысутных былі ў скафандрах. Але замест таго каб адразу ж выйсці праз люк і адрамантаваць паломку, яны спрачаліся, таргаваліся, дыскутавалі і сварыліся. Вялося пра тое, хто каго пабіў і калі. Сітуацыю ўскладняла, па-першае, тое, што ўжо з'явіліся даабедзенныя і пасляабедзенныя, таму я баяўся, што, калі так пойдзе далей, я раздзялюся на хвілінных і секундных, а па-другое, большасць прысутных хлусіла як нанятыя, таму я дагэтуль не ведаю, каго, праўду кажучы, біў я і хто біў мяне, калі адбывалася ўся гісторыя ў трохкутніку паміж чацвярговым, пятнічным і серадовым, якімі я быў па чарзе. Складвалася ўражанне, нібыта праз тое, што я сам хлусіў пятнічнаму пра тое, што я нядзельны, адзін раз я атрымаў лішняга, неадпаведна з каляндарным разлікам. Але мне ўжо не хацелася вяртацца да непрыемных успамінаў, бо чалавек, які цэлы тыдзень толькі і займаўся тым, што біў самога сябе, не мае асаблівых нагод для гонару.
Тым часам сваркі працягваліся. Роспач ахінала ад аднаго выгляду гэтай бяздзейнасці і марнавання часу, пакуль ракета слепа неслася наперад, рэгулярна трапляючы ў гравітацыйныя дзіры. Нарэшце тыя, што ў скафандрах, пабіліся з бесскафандравымі. Я спрабаваў быў неяк упарадкаваць гэты ўжо абсалютны хаос, і ўрэшце пасля нечалавечых высілкаў у мяне атрымалася арганізаваць штосьці накшталт сходу, прычым той, з наступнага года, застаўся і як найстарэйшы аднадушна быў абраны старшынёй.
Потым мы выбралі яшчэ падліковую камісію, выбарчую камісію і камісію па працы з прапановамі, а чацвёра з наступнага месяца сталі органам парадку. Аднак пакуль тое, ракета прайшла праз адмоўны вір, які напалову скараціў нашу колькасць, і на ўступным таемным галасаванні не было кворуму, таму перад фарміраваннем спіса кандыдатаў у рамонтнікі стырнаў давялося змяняць статут. Мапа прарочыла набліжэнне новых віроў, якія руйнавалі ўсе нашы дасягненні: знікалі ўжо выбраныя кандыдаты, зноў з'яўляліся аўторкавы і пятнічны з абвязанай ручніком галавой і перліся на ражон. Пасля праходу праз нейкі вельмі моцны станоўчы вір мы ледзь змяшчаліся ў каюце і ў калідоры, а пра тое, каб адкрыць люк, не магло быць і гаворкі. Найгоршае было тое, што прамежкі часавых пераходаў павялічваліся, сярод прысутных з'явіліся сіваватыя Іёны, тут і там віднелі каротка стрыжаныя галовы дзяцей — зразумела, што ўсімі імі быў я сам у сваім хлапечым веку.
Я напраўду не памятаю, ці быў я ўсё яшчэ нядзельным, ці ўжо стаў панядзелкавым. Зрэшты, гэта і так не мела аніякага значэння. Дзеці плакалі, бо ім было цесна ў натоўпе, клікалі мам, старшыня — Тіхі з наступнага года — лаяўся як шавец, бо серадовы, марна шукаючы пад ложкам шакаладку, укусіў яго за нагу, калі той наступіў яму на палец. Я бачыў, што ўсё гэта кепска скончыцца, асабліва ўлічваючы тое, што тут і там ужо з'яўляліся сівыя бароды. Паміж сто сорак другім і сто сорак трэцім вірам я наладзіў перапіс прысутных, але тады выявілася, што многія з іх падманваюць. Яны ўказвалі фальшывыя асабістыя дадзеныя. Аднаму богу вядома чаму, можа, сама атмасфера памарочыла ім розум. Шум і гоман стаялі такія, што размаўляць можна было толькі крыкам. Раптам аднаму з леташніх Іёнаў прыйшла ў галаву, здавалася б, цудоўная ідэя: старэйшы сярод нас павінен расказаць гісторыю свайго жыцця; гэта дапамагло б высветліць, хто насамрэч павінен адрамантаваць стырны. Бо старэйшы акумуляваў у сваім досведзе ўсіх прысутных з розных месяцаў, дзён і гадоў. З гэтым пытаннем мы звярнуліся да cівавалосага старога, які, злёгку дрыжучы, падпіраў у куце сценку. У адказ ён пачаў доўга і падрабязна расказваць пра сваіх дзяцей і ўнукаў, а потым перайшоў да касмічных падарожжаў — за амаль дзевяноста гадоў жыцця ён здзейсніў іх незлічона. Таго падарожжа, якое адбывалася акурат цяпер і было асабліва важнае для нас, стары не памятаў зусім у выніку агульнага склерозу і ўзбуджэння, але пыха перашкаджала яму прызнацца ў гэтым, таму ў адказе ён выкручваўся і ўпарта вяртаўся да сваіх уплывовых знаёмстваў, ордэнаў і ўнукаў; урэшце мы накрычалі на яго і загадалі маўчаць. Два наступныя віры сур'ёзна прарэдзілі сабраных. Пасля трэцяга не толькі зрабілася вальней, але зніклі таксама ўсе, хто быў у скафандрах. Застаўся адзін пусты скафандр, які мы супольным рашэннем павесілі ў калідоры і вярнуліся да перамоў. Пасля новай сутычкі за гэты каштоўны строй надышоў новы вір, і раптам зрабілася пуста. Я сядзеў на падлозе з апухлымі вачыма, у дзіўна прасторнай каюце сярод патрэсканых прыбораў, шматкоў адзення і падраных кніг. Падлога была засыпана карткамі для галасавання. Мапа сказала мне, што я прайшоў праз усю зону гравітацыйных віроў. Разлічваць на іх паўтор, а значыць і на рамонт непаладкі, не даводзілася, таму мяне агарнулі здранцвенне і роспач. Калі праз гадзіну я вызірнуў у калідор, то са здзіўленнем высветліў, што скафандра там няма. Нібы праз туман я згадаў, што перад апошнім вірам двое падшыванцаў цішком высунуліся ў калідор. Ці маглі яны надзець адзін скафандр удвух?! Ашаломлены маланкавай думкай, я падбег да стырнаў. Яны працавалі! А значыць, тыя мальцы адрамантавалі іх, пакуль мы гразлі ў пустых спрэчках. Магу дапусціць, што адзін з іх засунуў рукі ў рукавіцы скафандра, а другі — у нагавіцы: такім чынам яны маглі адначасова трымаць ключы і падкручваць шрубы з абодвух бакоў стырнаў. Пусты скафандр я знайшоў у гіпербарычнай камеры, за люкам. Я занёс яго ўнутр ракеты, быццам рэліквію, адчуваючы ў сэрцы невымерную ўдзячнасць для тых зухаў, якімі я сам быў калісьці даўно! Так скончылася гэтая, бадай што, адна з самых незвычайных маіх прыгод. Я шчасліва даляцеў да мэты, дзякуючы розуму і мужнасці, якія я праявіў як двое дзяцей.
Потым казалі, што гэтую гісторыю я прыдумаў, а злыя языкі дазвалялі сабе інсінуацыі, маўляў, я маю слабасць да алкаголю, так добра хаваную на планеце Зямля, якой я смела служу цягам доўгіх гадоў касмічных падарожжаў. Аднаму богу вядома, якія яшчэ плёткі распускалі на гэту тэму — але такая ўжо чалавечая натура: людзі хутчэй вераць самым непраўдападобным глупствам, чым дакладным фактам, якія я дазволіў сабе тут прадставіць.
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку