Кадзуа Ісігура
Не адпускай мяне
Паводле версіі аўтарытэтнага часопіса «Time», гэты раман увайшоў у лік 100 найлепшых англамоўных раманаў за апошняе стагоддзе.
У элітнай школе-інтэрнаце Хэйлшэм выхоўваюцца дзеці, у якіх па-за яго сценамі нікога няма. А ёсць багатая Мадам, якая і апякуецца Хэйлшэмам. Толькі школа аказваецца незвычайнай: у ёй гадуюць донараў органаў для хворых людзей. І выхаванцы — зусім не простыя дзеці…
Раман «Не адпускай мяне» выйшаў у нобелеўскай серыі «Noblesse Oblige». Пераклад Ганны Янкуты.

купіць кнігу
Раздзел першы

Мяне завуць Кэці Х. Мне трыццаць адзін, і ўжо больш за адзінаццаць гадоў я кампаньёнка. Ведаю, гэта доўга, але мне даручылі пабыць яшчэ восем месяцаў, да канца года. Тады будзе амаль дванаццаць. Цяпер я разумею, што была кампаньёнкай столькі часу неабавязкова таму, што, на іх думку, бездакорна рабіла справу. Было некалькі напраўду добрых кампаньёнаў, якім сказалі сысці ўжо праз два-тры гады. Ведала я і прынамсі аднаго такога, што пратрымаўся цэлых чатырнаццаць, хоць нічога з сябе не ўяўляў. А таму я гэта не дзеля пахвальбы. І ўсё ж я дакладна ведаю, што яны маёй працай задаволеныя, ды і я таксама. Мае донары заўжды спраўляліся лепш, чым ад іх чакалі. Хуткасць іх рэабілітацыі ўражвала, і наўрад ці каму ставілі адзнаку «буйны» нават перад чац­вёртай данацыяй. Ну добра, можа, цяпер я хвалюся. Але для мяне гэта важна — быць здольнай якасна выконваць працу, асабліва калі донары мусяць заставацца «ціхімі». У мяне з імі развілася нешта накшталт інтуіцыі. Я ведаю, калі трэба пабыць побач і падбадзёрыць, калі — выслухаць усё, што яны хочуць сказаць, а калі — проста паціснуць плячыма і параіць не зацыклівацца.
У любым разе я ні на што не прэтэндую. Сярод цяперашніх кампаньёнаў стае не горшых за мяне, але цэняц­ца яны нашмат менш. Уяўляю, як ім мусіць быць крыў­д­­­на — праз маю аднушку, машыну і найперш праз тое, што я сама выбіраю, пра каго клапаціцца. Да таго ж я гадаванка Хэйлшэма — аднаго гэтага часам хапае, каб выклікаць у людзей злосць. Кэці Х., кажуць яны, можа выбіраць каго захоча і заўсёды выбірае сваіх, з Хэйлшэма, ці з іншай прывілеяванай установы. Не дзіва, што ў яе добрая рэпутацыя. Я такое чула часта, а вы, відаць, яшчэ часцей, і, магчыма, нешта ў гэтым ёсць. Але ж я не першая, каму дазволілі выбіраць, і, думаю, не апошняя. Да таго ж я адпрацавала сваё з донарамі з самых розных мясцін. Не забывайце: на той момант, як я скончу, у мяне за плячыма будзе дванаццаць гадоў працы, а выбіраць мне дазвалялі толькі ў апошнія шэсць.
А чаму б і не дазволіць? Кампаньёны ж не машыны. З кожным донарам стараешся як можаш і пад канец дарэшты высільваешся. Запас цярпення і энергіі не бязмежны. А таму, калі з'яўляецца магчымасць выбіраць, безумоўна, выбіраеш кагосьці са сваіх. Гэта натуральна. Як бы я столькі пратрымалася, калі б перастала адчуваць, як цяжка даецца донарам кожны крок на іх шляху? І калі б не магла выбіраць, як бы пасля ўсіх гэтых гадоў зноў зблізілася з Рут і Томі?
Але донараў, якіх я ведала, застаецца ўсё менш і менш, так што на практыцы я не так і часта выбіраю. Як я казала, праца робіцца нашмат цяжэйшай, калі ў вас з донарам няма глыбіннай сувязі, і таму, мне здаецца, сысці ў канцы года — слушнае рашэнне, хоць я і буду сумаваць па абавязках кампаньёнкі.
Рут, дарэчы, была толькі трэцім ці чацвёртым донарам, якога мне дазволілі выбраць. Ёй ужо прызначылі кампаньёнку, і я памятаю, што тады мне давялося панервавацца. Але ўрэшце праблема вырашылася, і калі я зноў яе ўбачыла — у рэабілітацыйным цэнтры ў Дуўры, — усе нашы спрэчкі, можа, і не забыліся, але зрабіліся нашмат менш значнымі, чым астатняе, напрыклад, тое, што мы разам раслі ў Хэйлшэме, ведалі і помнілі такое, чаго больш ніхто не ведаў і не помніў. Мяркую, менавіта з таго часу я пачала шукаць донараў, знаёмых з мінулага, і, калі атрымлівалася, выбірала людзей з Хэйлшэма.
За гэтыя гады я не раз спрабавала забыць Хэйлшэм, пераканаць сябе, што не варта так часта на яго азірацца. Але потым надышоў момант, калі я перастала супраціўляцца. Гэта адбылося ў трэці год працы кампаньёнкай дзякуючы аднаму донару, а дакладней яго рэакцыі, калі я згадала, што я з Хэйлшэма. Ён толькі што перанёс трэцюю данацыю, якая прайшла не найлепшым чынам, і, відаць, разумеў, што не справіцца. Ён ужо ледзь дыхаў, аднак паглядзеў на мяне і сказаў: «Хэйлшэм. Цудоўнае, мабыць, месца». Наступным ранкам, калі я гутарыла з ім, каб адцягнуць ад усяго гэтага яго ўвагу, і спытала, адкуль ён сам, ён згадаў нейкую мясціну ў Дорсэце, і яго пакрыты плямамі твар сказіла новая грымаса. Тады я зразумела, як адчайна яму не хацелася такіх згадак. Замест гэтага яму хацелася слухаць пра Хэйлшэм.
А таму наступныя пяць-шэсць дзён я расказвала яму ўсё, што ён хацеў ведаць, а ён, скурчаны, ляжаў у ложку, і на яго твары праступала лёгкая ўсмешка. Ён распытваў мяне пра вялікае і дробязнае. Пра нашых апекуноў, пра куфэркі для калекцый, якія стаялі пад ложкамі ў кожнага з нас, пра футбол, пра англійскую лапту, пра сцяжынку, што вілася вакол галоўнага корпуса і ўсіх яго куткоў і закуткаў, пра качыную сажалку, пра харчаванне, пра від на палі з акна пакоя для малявання, асабліва прыгожы туманным ранкам. Часам ён змушаў мяне паўтараць адно і тое ж зноў і зноў, а пра расказанае напярэдадні пытаў так, быццам ніколі гэтага не чуў. «А ў вас быў спартыўны павільён? Каго з апекуноў вы любілі найбольш?» Спачатку я думала, гэта ўсё лекі, але потым зразумела, што галава ў яго дастаткова ясная. Ён хацеў не проста слухаць пра Хэйлшэм, а ўспамінаць яго так, быццам там прай­шло яго ўласнае дзяцінства. Ён ведаў, што набліжаец­ца да рэалізацыі, а таму прымушаў мяне апісваць мінулае, каб прарасці ў ім, каб пасля бяссоннымі начамі, з усімі гэтымі лекамі, і болем, і бяссіллем, мяжа паміж маімі і ягонымі ўспамінамі сціралася. Менавіта тады я ўпершыню ўсвядоміла, напраўду ўсвядоміла, як жа нам пашанцавала — Томі, Рут, мне і ўсім астатнім, хто з намі быў.
Ездзячы па краіне, я дагэтуль бачу тое, што нагадвае мне пра Хэйлшэм. Гэта можа быць акраек туманнага поля ці фрагмент вялікага будынка, які я заўважаю здалёк, спускаючыся ў даліну, нават проста незвычайная купка таполяў на схіле, і я думаю: «Няўжо гэта тут? Знайшла! Вось ён, Хэйлшэм!» Потым разумею, што памылілася, і еду далей; думкі плаўна перацякаюць у іншае рэчы­шча. З павільёнамі зусім бяда. Я прыкмячаю іх усюды, гэтыя белыя будыніны на дальнім баку спартыўных па­лёў, з шэрагам ненатуральна высокіх вокнаў амаль пад самай навіссю страхі. Думаю, у пяцідзясятых і шасцідзя­сятых такіх павільёнаў панаставілі нямала — тады ж, відаць, з'явіўся і наш. Калі я мінаю адзін з іх, то гляджу на яго так доўга, як атрымліваецца. Ведаю, што аднойчы магу праз гэта разбіць машыну — але ўсё адно гляджу. Надоечы я ехала праз пусткі Вустэршыра і ўбачыла ля крыкетнага поля павільён, які так нагадваў наш хэйл­шэмскі, што я нават развярнулася і праехала назад, каб зірнуць яшчэ раз.
Мы любілі наш спартыўны павільён — магчыма, таму, што ён нагадваў чароўныя дамкі, у якіх жывуць лю­дзі на карцінках дзіцячых кніжак. Помню, як у малодшых класах мы ўгаворвалі апекуноў правесці наступны ўрок у павільёне, а не там, дзе заўсёды. А калі мы вучыліся ў другім старэйшым — нам тады было дванаццаць, ішоў трынаццаты, — павільён зрабіўся месцам, дзе можна было схавацца з найлепшымі сяброўкамі, калі хацелася ўцячы ад рэшты хэйлшэмскіх гадаванцаў.
Павільён быў дастаткова вялікі, каб у ім змясціліся, не турбуючы адна адну, дзве кампаніі, а ўлетку на верандзе магла ўладкавацца яшчэ і трэцяя. Але ў ідэале кожнай кампаніі хацелася, каб нікога больш у павіль­ёне не было, таму вакол гэтай тэмы штораз пачыналіся спрэчкі і інт­рыгі. Апекуны заўжды наказвалі нам вырашаць гэтае пытанне цывілізавана, але на практыцы для таго, каб заняць павільён на перапынку ці ў вольны час, у кампаніі мусілі быць моцныя асобы. Я сама была не са слабакоў, але ўсё ж думаю, што так часта павільён даставаўся нам дзякуючы Рут.
Звычайна мы рассаджваліся на крэслах і лавах — нас было пяцёра, а калі далучалася Джэні Б., то шасцёра — і пачыналі балбатаць. Гаворкі такога кшталту маглі весціся толькі ў павільёне: мы абмяркоўвалі тое, што нас трывожыла, і размовы часта заканчваліся выбухам рогату ці лютай сваркай. Але найперш гэта быў спосаб ненадоўга расслабіцца ў атачэнні самых блізкіх сябровак.
У той дзень, пра які я цяпер думаю, мы стаялі на зэдліках і лавах і вызіралі ў высокія вокны. Праз іх мы добра бачылі паўночнае спартыўнае поле, дзе з тузін хлопцаў нашага года, а таксама з трэцяга старэйшага сабраліся гуляць у футбол. Ярка свяціла сонца, але раней, відаць, быў дождж, бо я помню, як паблісквала гразкая паверхня газона.
Хтосьці зазначыў, што нам не варта так выдаваць сваю цікавасць, але выніку гэта не прынесла. Тады Рут сказала:
— Ён нічога не падазрае. Вы на яго паглядзіце — ён і праўда нічога не падазрае.
У гэты момант я зірнула на яе, спрабуючы зразумець, ці ўхваляе яна тое, што хлопцы збіраюцца зрабіць з Томі. Але праз секунду Рут хмыкнула і сказала: «Ідыёт!»
І я зразумела, што для Рут і астатніх планы хлопцаў былі чымсьці, што нас зусім не тычыцца: ухваляем мы іх ці не — розніцы ніякай. У гэты момант мы стоўпіліся ля вокнаў не таму, што нас вабіла перспектыва ўбачыць чарговае прыніжэнне Томі, а толькі таму, што ўжо чулі пра сённяшнюю змову гульцоў і хацелі трошкі паназіраць, як яно пойдзе. Не думаю, што ў тыя дні хлапечыя справы маглі зацікавіць нас глыбей. Рут і астатніх яны не краналі, і, па ўсім відаць, мяне таксама.
А можа, памяць мяне падводзіць. Магчыма, ужо тады, гледзячы на Томі, які з непрыхаванай радасцю на твары насіўся па полі — ён зноў сярод сваіх і вось-вось пачне гульню, у якой ён сапраўдны майстар, — магчыма, ужо тады я адчула лёгкі ўкол болю. Я добра помню, як адзначыла, што на Томі блакітная тэніска, набытая ў мінулы Дзень Продажу — тая самая, якой ён так ганарыўся. Помню, я падумала: «Ён і праўда дурань, што сабраўся ў ёй на футбол. Ён жа яе сапсуе — і як потым будзе сябе адчуваць?» Але ўголас я сказала, ні да каго не звяртаючыся:
— На Томі тая тэніска. Яго любімая.
Не думаю, што нехта мяне пачуў, бо ўсе смяяліся з Лоры, нашай галоўнай клаўнэсы: яна пераймала выразы на твары Томі, якія змяняліся адзін за адным, пакуль ён бег, махаў рукамі, крычаў, перахапляў мяч. Іншыя хлопчыкі рухаліся па полі ў знарок расслабленым тэмпе размінкі, Томі ж быў узрушаны і, здавалася, зусім разышоўся. Я сказала ўжо гучней:
— Як жа ён засмуціцца, калі сапсуе тэніску.
Гэтым разам Рут пачула, але, відаць, падумала, што я кплю, і нерашуча рассмяялася, а пасля сказала нешта з'едлівае.
Хлопчыкі перасталі ганяць мяч і групкай спыніліся на бруднай траве. Іх грудзі спакойна ўздымаліся і апускаліся, пакуль яны чакалі размеркавання па камандах. Наперад выйшлі капітаны — абодва з трэцяга старэйшага, хаця ўсе ведалі, што Томі грае лепш за ўсіх. Кінулі манетку, хто будзе выбіраць першым, і пераможца ўважліва агледзеў групу.
— Зірніце на яго, — сказала адна з дзяўчат у мяне за спінай. — Ён жа перакананы, што яго абяруць першым. Вы толькі на яго зірніце!
У гэты момант у Томі насамрэч было нешта смешнае, што прымушала цябе думаць: калі ён і праўда такі ёлуп, то заслугоўвае таго, што зараз адбудзецца. Іншыя хлопцы рабілі выгляд, нібы ім да адбору няма справы, удавалі, што ім усё адно, якімі па ліку іх выберуць. Адны цішком перамаўляліся, другія перавязвалі шнуркі, трэція проста глядзелі на свае захраслыя ў гразі ногі. Томі ж прагавіта ўзіраўся ў хлопчыка з трэцяга старэйшага, быццам яго імя ўжо прагучала.
Лора працягвала грымаснічаць падчас усяго размерка­вання, пераймаючы выразы, што змяняліся на твары Томі: спярша — вясёлы запал, пасля, калі капітаны выбралі па чатыры гульцы, а ён усё яшчэ быў не ў камандзе, — тры­вожная збянтэжанасць, а затым, калі да яго пачало дахо­дзіць, куды ўсё хіліцца, — боль і паніка. Зрэшты, я да Лоры не паварочвалася, бо ўвесь час глядзела на Томі, і пра тое, чым яна займалася, здагадвалася толькі дзякуючы смеху дзяўчат і іх пад'юджванням. Потым, калі Томі застаўся адзін і хлопчыкі захіхікалі, я пачула, як Рут сказала:
— Пачынаецца. Чакайце! Сем секунд. Сем, шэсць, пяць…
Але яна не далічыла. Томі ўсчаў гучны лямант, і хлопчыкі, ужо адкрыта смеючыся, пабеглі да паўднёвага спартыўнага поля. Томі зрабіў некалькі крокаў — было незразумела, ці то інстынкт змушаў яго кінуцца ў лютую пагоню, ці то ён проста спалохаўся, што яго пакінулі аднаго. У любым разе, неўзабаве ён спыніўся і застыў, гледзячы ім услед. Твар яго зрабіўся пунсовым. Пасля пачуліся крыкі і енкі — бязглуздая сумесь бруднай лаянкі і пагроз.
На той момант мы бачылі нямала такіх выбухаў, а таму спусціліся з зэдлікаў і разбрыліся па павільёне. Паспрабавалі завязаць размову пра штосьці яшчэ, але знадворку ўсё яшчэ крычаў Томі, і хаця спачатку мы толькі цокалі языкамі і спрабавалі не звяртаць на яго ўвагі, урэшце — імаверна, хвілін праз дзесяць пасля таго як разышліся па памяшканні — зноў вярнуліся да вокнаў.
Астатнія хлопцы зусім зніклі з вачэй, і Томі больш не спрабаваў крычаць у іх бок. Ён проста шалеў і пагражаў кулакамі небу, ветру, найбліжэйшаму слупу агароджы. Лора сказала, што ён, відаць, «рэпетуе Шэкспіра». Яшчэ адна дзяўчынка заўважыла, што на кожным выкрыку ён падымае нагу і адводзіць яе ўбок — «як сабачка, які робіць пі-пі». Папраўдзе, я і сама звярнула ўвагу на гэты рух, але найбольш мяне ўразіла тое, што кожны раз, калі ён ставіў нагу назад, вакол яго лытак распырсквалася гразь. Я прыгадала яго каштоўную тэніску, але ён быў занадта далёка, каб я магла разгледзець, ці моцна яна забрудзілася.
— Мне здаецца, гэта ўсё ж занадта, — сказала Рут. — Тое, як яны ўвесь час яго бударажаць. Але ён сам вінаваты. Калі б навучыўся стрымлівацца, яго б пакінулі ў спакоі.
— Яны б не адчапіліся, — запярэчыла Ханна. — У Грэма К. нораў не лепшы, але праз гэта яны толькі трымаюц­ца з ім асцярожней. На Томі нападаюць таму, што ён гультай.
Тут усе адразу ж загаварылі: маўляў, Томі ніколі не спрабуе быць творчым і нічога не выставіў на веснавы Дзень Абмену. Мне здаецца, у той момант усе цішком марылі, каб з корпуса выйшаў нехта з апекуноў і забраў Томі. І хоць мы не ўдзельнічалі ў нядаўняй змове з мэтай яго раз'юшыць, месцы ў першым шэрагу вакол арэны ўсё ж занялі і цяпер адчувалі сябе вінаватымі. Але ніхто з апекуноў не з'яўляўся, і мы працягвалі абменьвацца меркаваннямі, чаму Томі ўсё гэта заслужыў. І калі Рут паглядзела на гадзіннік і сказала, што трэба вяртацца ў галоўны корпус (хоць насамрэч час яшчэ быў), ніхто ёй не запярэчыў.
Калі мы выйшлі з павільёна, Томі ўсё яшчэ не супа­коіўся. Корпус знаходзіўся злева, і паколькі Томі стаяў на полі проста перад намі, нам не трэба было падыходзіць да яго бліжэй. У любым разе ён глядзеў у іншы бок і, здавалася, зусім нас не заўважаў. Тым не менш, калі мае сяб­роўкі пайшлі краем поля, я скіравалася да Томі. Я ведала, што іх гэта збянтэжыць, але ўсё адно ішла, нягледзячы на шэпт Рут, якая настойліва клікала мяне назад.
Томі, мяркую, не прывык, каб яго турбавалі, калі ён шалее. Калі я падышла, ён на секунду ўтаропіўся ў мяне, а потым зноў узяўся за сваё. Ён і праўда нібыта граў нешта з Шэкспіра, а я ўзяла ды ўскараскалася на сцэну ў разгар выступу. Нават калі я сказала: «Томі, твая цудоўная тэніска. Ты яе ўсю запэцкаў», — ён і вокам не міргнуў, быццам нічога не чуючы.
А таму я падняла руку і дакранулася да яго пляча. Тое, што ён зрабіў адразу пасля гэтага, іншыя палічылі наўмысным, я ж упэўненая, што ён не спецыяльна. Яго рука ўсё яшчэ малаціла паветра, а сам ён і не здагадваўся, што я збіраюся да яго дакрануцца. Так ці інакш, ён ускінуў руку, адштурхнуў маю далонь убок і ўдарыў мяне па шчацэ. Было зусім не балюча, але ад нечаканасці я ахнула — як і большасць дзяўчат за маёй спінай.
Тады, відаць, Томі ўрэшце заўважыў мяне, іншых, усвядоміў, дзе знаходзіцца, робячы тое, што робіць, — і паглядзеў на мяне трошкі дурнымі вачыма.
— Томі, — досыць строга сказала я, — у цябе майка брудная.
— І што? — прамармытаў ён, але тут жа апусціў вочы, заўважыў карычневыя плямы і ледзь стрымаўся, каб зноў не закрычаць. Я заўважыла, як ён здзівіўся, што нехта ведае пра яго асаблівае стаўленне да гэтай тэніскі.
— Толькі не хвалюйся, — сказала я, пакуль маўчанне не зрабілася для яго прыніжальным. — Яна адмыецца. Калі не зможаш сам, аднясі міс Джодзі.
Ён старанна агледзеў тэніску і сярдзіта адказаў:
— Цябе гэта ўвогуле не тычыцца.
Здавалася, ён тут жа пашкадаваў пра сказанае і сарамліва зірнуў на мяне, быццам спадзеючыся, што я яго неяк суцешу. Але мне гэта ўжо надакучыла, найперш таму, што за намі цікавалі дзяўчаты — і невядома колькі яшчэ вачэй праз вокны галоўнага корпуса. А таму я, паціснуўшы плячыма, павярнулася і рушыла да сябровак.
Калі мы сыходзілі, Рут абняла мяне за плечы:
— Ты хаця б прымусіла яго сціхнуць, — сказала яна. — Як ты ўвогуле? Ну і шалёны звер.

Раздзел другі

Усё гэта адбывалася даўно, таму я магу нешта наблытаць, але мне прыгадваецца, што тая размова з Томі стала для мяне часткай этапу, які я тады праходзіла і які быў неяк звязаны з маніякальнай прагай ставіць перад сабой цяжкія задачы. Я ўжо больш-менш той выпадак забыла, як раптам праз некалькі дзён Томі спыніў мяне на лесвіцы.
Не ведаю, як гэта было ў вас, але ў Хэйлшэме мы ледзь не кожны тыдзень мусілі праходзіць нешта накшталт мед­агляду — звычайна ў класе № 18 на верхнім паверсе, — які рабіла строгая медсястра Трыша, ці, як мы яе называлі, Крумкачыха. У той сонечны ранак наш гурт падымаўся цэнтральнай лесвіцай на агляд, тым часам як іншая група, з якой Крумкачыха толькі што скончыла, спускалася ўніз. Лесвічны калодзеж поўніўся шумным рэхам, я ішла па прыступках, гледзячы пад ногі і сочачы за пяткамі таго, хто рухаўся перада мной, як раптам побач пачуўся голас: «Кэт!»
Томі, які спускаўся ў сустрэчным патоку, спыніўся ні­бы скамянелы, з шырокай і шчырай усмешкай, якая ад­разу ж мяне раз'юшыла. Магчыма, некалькі гадоў таму мы і маглі так усміхацца, сустрэўшы кагосьці прыемнага. Але цяпер нам трынаццаць, і ў нашым выпадку хлопчык сутыкнуўся з дзяўчынкай ва ўсіх на вачах. Мне хацелася сказаць яму: «Томі, чаму ты ніяк не пасталееш?» Але я стрымалася і замест гэтага сказала:
— Томі, ты ўсіх затрымліваеш. І я таксама.
Ён азірнуўся і пераканаўся, што людзі на пралёце ззаду сапраўды спыніліся. На імгненне разгубіўся, а пасля ўціснуўся ля мяне ў сцяну, каб іншыя маглі хоць неяк прапхнуцца, і сказаў:
— Я ўсюды шукаў цябе, Кэт. Хацеў папрасіць прабачэння. Ну, то бок мне вельмі-вельмі сорамна. Я праўда не хацеў цябе ўдарыць. Мне б і ў галаву не прыйшло ўдарыць дзяўчынку, а нават калі б і прыйшло, я ніколі не збіраўся біць менавіта цябе. Мне вельмі-вельмі сорамна.
— Не пераймайся. Гэта была выпадковасць, не больш за тое, — я кіўнула яму і паспрабавала рушыць далей.
Але Томі запальчыва прадоўжыў:
— З тэніскай усё добра. Яна адмылася.
— Ну і цудоўна.
— Было ж не балюча, праўда? Калі я цябе ўдарыў.
— Ясная рэч, балюча. Чэрап трэснуў. Страсенне мозгу, усё такое. Нават Крумкачыха заўважыць. Калі я, вядома, да яе дабяруся.
— Сур'ёзна, Кэт. Ты ж не крыўдзішся? Мне жудасна сорамна. Ну праўда.
Урэшце я ўсміхнулася і ўжо без жартаў сказала:
— Томі, гэта была выпадковасць, усё на сто працэнтаў забылася. Я ні кропелькі на цябе не злуюся.
Ён усё яшчэ выглядаў няўпэўненым, але ў спіну яго штурхалі старэйшыя гадаванцы і патрабавалі, каб ён рухаўся. Ён хуценька мне ўсміхнуўся, паляпаў па плячы, быццам я — малодшы хлопчык, і праціснуўся ў паток. Ідучы па прыступках далей, я пачула знізу яго крык:
— Пабачымся, Кэт!
Сітуацыя падалася мне трошкі няёмкай, але кпінаў ці чутак потым не было. Мушу прызнацца, што калі б не гэтая сустрэча на лесвіцы, я б наўрад ці зацікавілася праб­лемамі Томі ў наступныя некалькі тыдняў.
Некаторыя здарэнні я бачыла на ўласныя вочы. Але пра большасць толькі чула, і калі нехта пра іх загаворваў, я вяла роспыты, пакуль не атрымлівала больш-менш поўную карціну. Былі новыя выбухі гневу — напрыклад, калі Томі нібыта перакуліў два сталы ў класе № 14, рассыпаўшы ўсё, што на іх ляжала, па падлозе; рэшта гадаванцаў гэты час збегла на лесвічную пляцоўку і пачала барыкадаваць дзверы, каб ён не мог выйсці. Іншым разам містару Крыстаферу давялося заламаць яму рукі за спінай, каб ён не напаў на Рэджы Д. падчас футбольнай трэніроўкі. Бачылі ўсе і тое, што ён быў адзіны, хто бег без напарніка, калі хлопчыкі з другога старэйшага спаборнічалі ў бегу. Томі быў добрым бегуном і мог лёгка адарвацца ад астатніх на дзесяць, пятнаццаць ярдаў — відаць, спадзяваўся такім чынам кампенсаваць тое, што ніхто не хацеў бегчы з ім у пары. Да таго ж хадзілі чуткі пра ледзь не штодзённыя жарты з яго. У асноўным звычайныя рэчы — дзіўныя штукі, падсунутыя ў ложак, чарвяк у кашы, — але некаторыя здзекі былі залішне агіднымі: напрыклад, аднойчы яго зубной шчоткай пачысцілі ўнітаз і так і пакінулі ўсю ў гаўне. Праз яго сілу і целасклад — і, я думаю, праз нораў — ніхто не спрабаваў цкаваць яго ў адкрытую, але, наколькі я помню, нападкі накшталт тых, што я апісала, доўжыліся не менш за пару месяцаў. Я думала, рана ці позна хтосьці скажа, што здзекі зайшлі занадта далёка, але яны прадаўжаліся, і ніхто нічога не казаў.
Аднойчы я сама ўзняла гэтую тэму — у спальні, пасля адбою. У старэйшых класах мы спалі па шэсць чалавек, так што побач была толькі наша маленькая кампанія, і, лежачы ў цемры, мы часта вялі шчырыя размовы, пакуль урэшце не засыналі. Можна было абмяркоўваць тое, пра што ты ніколі не будзеш казаць у іншым месцы — нават у павільёне. І вось адной ноччу я загаварыла пра Томі. Шмат не красамоўнічала, а толькі ў агульных словах нагадала, што з ім робяць, і сказала, што гэта не вельмі справядліва. Калі я замаўчала, у цемры павісла дзіўная цішыня, і я зразумела: усе чакаюць, што адкажа Рут — у няёмкіх сітуацыях так было заўсёды. Я таксама чакала. Нарэшце з таго боку, дзе ляжала Рут, пачуўся ўздых, і яна прамовіла:
— Маеш рацыю, Кэці. Гэта не надта добра. Але калі ён хоча, каб яны спыніліся, то мусіць паводзіцца іначай. Ён жа нічога не зрабіў для веснавога Дня Абмену. А ці падрыхтаваў ён што на наступны месяц? Магу паспрачацца, што не.
Тут мне варта падрабязней спыніцца на Днях Абмену, якія праходзілі ў нас у Хэйлшэме. Чатыры разы на год — увесну, улетку, увосень і ўзімку — у нас ладзілася не­шта кшталту выставы-продажу ўсяго, што мы стварылі за апошнія тры месяцы. Карцінкі, малюнкі, кераміка, розныя «скульптуры», зробленыя з таго, што лічылася на той момант модным — з расціснутых кансервавых бляшанак ці, можа, бутэлечных накрывак, налепленых на кардонку. За кожную рэч мы атрымлівалі абменныя жэтоны — чаго вартыя нашы шэдэўры, вызначалі апекуны, — і потым, у Дзень Абмену, прыходзілі з імі і «куп­лялі» што падабалася. Паводле правілаў купляць можна было толькі працы аднагодкаў, але выбар усё адно быў вялікі, бо многія з нас за тры месяцы паспявалі плённа папрацаваць.
Азіраючыся цяпер назад, я разумею, чаму Дні Абмену былі для нас такімі важнымі. Для пачатку, яны былі адзіным спосабам, калі не лічыць Дзён Продажу (а Дні Продажу — гэта іншае, пазней я да іх вярнуся), сабраць калекцыю асабістых рэчаў. Калі, напрыклад, табе хацелася ўпрыгожыць сцены ля ложка ці насіць нешта ў сумцы з класа ў клас і выкладаць на стол, усё неабходнае можна было знайсці ў Дзень Абмену. Яшчэ я цяпер разумею, што Дні Абмену ўплывалі на нас і менш заўважным чынам. Бо калі падумаць, такая залежнасць ад іншых у жаданні здабыць для сябе штосьці асабліва каштоўнае неяк уплывае на вашы адносіны. Выпадак Томі быў у гэтым плане тыповым. У Хэйлшэме поспехі ў «творчасці» нярэдка вызначалі, як да цябе будуць ставіцца і наколькі будуць любіць і паважаць.
Мы з Рут часта лавілі сябе на такіх успамінах, калі некалькі гадоў таму я даглядала яе ў рэабілітацыйным цэнт­ры ў Дуўры.
— Гэта была адна з рэчаў, што рабілі Хэйлшэм асаб­лівым, — неяк сказала яна. — Тое, як нас заахвочвалі цаніць працу адно аднаго.
— Маеш рацыю, — адказала я. — Але калі я цяпер думаю пра Дні Абмену, шмат што здаецца мне трохі не­зразумелым. Напрыклад, вершы. Помню, нам дазвалялі замест малюнкаў ці карцін здаваць вершы. І мяне дзі­віць, што мы лічылі гэта правільным, лічылі, што гэта мае сэнс.
— А чаму не? Вершы — важная штука.
— Але ж іх крэмзалі дзевяцігадовыя! Смяхотныя радкі ў сшытках, памылка на памылцы. Мы трацілі бясцэнныя жэтоны не на сапраўды прыгожыя рэчы, каб аздо­біць імі сцены ля ложкаў, а на сшыткі з нейкай пісанінай. Калі ўжо нас так цікавілі чыесьці вершы, чаму мы проста не бралі іх і не перапісвалі? Але ж ты помніш, як яно было. Надыходзіць Дзень Абмену, і мы разрываемся паміж вершамі Сьюзі К. і тымі жырафкамі, якіх звычайна рабіла Джэкі.
— Жырафкі Джэкі, — са смехам сказала Рут. — Яны былі такія прыгожыя. Я адну набыла.
Гэтую гутарку мы вялі цудоўным летнім вечарам, седзячы на балкончыку яе рэабілітацыйнай палаты. Некалькі месяцаў таму Рут зрабілі першую данацыю, і цяпер, калі найгоршае мінула, я планавала вечаровыя наведванні так, каб мы маглі прабавіць там хаця б паўгадзіны, назіраючы за сонцам, што садзілася за дахі. Мы бачылі мноства антэн і спадарожнікавых талерак, а часам, далёка-далёка, — зіхоткую палоску мора. Я прыносіла мінеральную ваду і пячэнне, і мы сядзелі на балконе, гамонячы пра ўсё, што прыходзіла ў галаву. Цэнтр, у якім знаходзілася Рут, — адзін з маіх любімых, і я зусім не супраць закончыць у ім жыццё. Рэабілітацыйныя палаты там маленькія, але ўтульныя і добра абсталяваныя. Усё ў іх — і сцены, і падлога — абкла­дзенае бліскучай белай кафляй, такой чыстай, што калі захо­дзіш туды першы раз, палата падаецца люстранай. Ты, вядома, не бачыш там мноства сваіх адлюстраванняў, але амаль верыш, што бачыш. Калі падымаеш руку ці нехта ў ложку сядае, ва ўсіх кафлях навокал адразу ж адчуваецца гэты бледны, ценявы рух. Да таго ж у гэтым цэнтры ў палаце Рут былі вялізныя рассоўныя вокны, і яна магла лёгка глядзець з ложка на вуліцу. Нават паклаўшы галаву на падушку, яна бачыла вялікі кавалак неба, а калі было дастаткова цёпла, магла колькі хацела дыхаць на балконе свежым паветрам. Мне падабалася яе наведваць, падабалася весці не зусім звязныя размовы, седзячы ўсё лета да ранняй восені з ёй на балконе, гаворачы пра Хэйлшэм, Катэджы і астатняе, што ўсплывала ў думках.
— Я маю на ўвазе, — працягвала я, — што ў тым узросце, гадоў, скажам, у адзінаццаць, мы папраўдзе не цікавіліся вершамі адно аднаго. Але ўспомні, напрыклад, Крысці. У Крысці была рэпутацыя вялікай паэткі, і мы ўсе яе за гэта паважалі. Нават ты, Рут, не смела ёй камандаваць. І ўсё таму, што мы лічылі яе вершы вялікімі. Але мы ж пра паэзію нічога не ведалі. Нас яна ў цэлым не цікавіла. Вось што дзіўна.
Але Рут мяне не разумела ці не хацела разумець. Можа, вырашыла запомніць усіх нас больш вытанчанымі, чым мы былі насамрэч. А можа, здагадвалася, куды вя­дзе размова, і хацела гэтага кірунку пазбегнуць. У любым разе тады яна глыбока ўздыхнула і сказала:
— Мы ўсе лічылі, што Крысці піша выдатныя вершы. Цікава, ці спадабаліся б яны нам цяпер. Хацела б я іх пачытаць — было б цудоўна абмеркаваць уражанні.
Потым засмяялася і дадала:
— У мяне дагэтуль захаваліся вершы Пітэра Б. Але гэта было нашмат пазней, у старэйшым чацвёртым. Думаю, я тады ў яго закахалася. А інакш навошта было куп­ляць яго вершы? Гэта ж суцэльная істэрычная дурасць. Ён так сур'ёзна да сябе ставіўся. Але Крысці была някеп­скай, я гэта помню. Забаўна: яна кінула пісаць вершы, калі пачала маляваць. А малявала яна нашмат горш, чым пісала.
Але я мушу вярнуцца да Томі. Падобна, што меркаванне Рут, якое яна агучыла тады ў спальні пасля адбою — маўляў, Томі сам наклікаў на сябе праблемы, — супадала з меркаваннем большасці тагачасных насельнікаў Хэйл­шэма. Але пакуль яна ўсё гэта казала, а я ляжала і слухала, мне прыйшло ў галаву, што гэтыя размовы — як ён зусім не хоча нават паспрабаваць — вядуцца ці не з самых малодшых класаў. Ад гэтай думкі я аж трошкі скаланулася: Томі цярпіць тое, што цярпіць, не тыдні ці месяцы, а гады.
Не так даўно мы з ім гэта абмяркоўвалі, і яго расказ пра тое, як пачаліся яго нягоды, пацвердзіў мае начныя здагадкі. Паводле яго слоў, гэта здарылася аднойчы на занятках міс Джэральдзіны. Да таго дня, сказаў Томі, ён вельмі любіў жывапіс. Тады ў класе міс Джэральдзіны ён намаляваў асаблівую акварэль — слана ў высокай траве, — з чаго ўсё і пачалося. Ён сцвярджаў, што гэта быў, па сутнасці, жарт. Я яго на гэты конт грунтоўна распытала і падазраю, што насамрэч там было ўзроставае, калі ты робіш нешта не таму, што ў цябе ёсць прычына, а проста таму, што робіш. Робіш, бо думаеш, што будзе смешна, або проста хочаш паглядзець, ці падымецца вэрхал. І калі потым цябе просяць вытлумачыцца, разумееш, што зрабіў бязглуздзіцу. Усе мы праз гэта прайшлі. Томі абмаляваў сітуацыю трошкі іначай, але я ўпэўненая, што менавіта так усё і было.
Карацей, ён намаляваў слана — такія карцінкі звычайна атрымліваюцца ў дзяцей, гады на тры малодшых за Томі. На гэта яму спатрэбілася хвілін дваццаць, не больш, і акварэль сапраўды выклікала смех, хоць і не такі, які ён чакаў. І ўсё адно выпадак наўрад ці меў бы наступствы — у гэтым, думаю, і ёсць найвялікшы парадокс, — калі б урок у гэты дзень вяла не міс Джэральдзіна.
У тым нашым узросце міс Джэральдзіна была ўсе­агульнай любімай апякункай. Яна была мяккая, спакой­ная і заўжды гатовая суцешыць тых, хто меў у гэтым патрэбу, нават калі мы рабілі нешта кепскае ці на нас толькі што насварылася іншая апякунка. Калі сварыцца на цябе даводзілася ёй самой, у наступныя дні яна атачала цябе асаблівай увагай, быццам лічыла, што не­шта табе павінная. Томі не пашанцавала, што ў той дзень заняткі па мастацтве вяла міс Джэральдзіна, а не, скажам, містар Роберт ці сама міс Эмілі, галоўная апякунка, — яна часта вяла мастацтва. Калі б гэта быў нехта з іх, на Томі б трошкі насварыліся, ён бы ў адказ ухмыльнуўся, і астатнія ў найгоршым выпадку падумалі б, што ён няўдала пажартаваў. Нехта б, можа, нават палічыў яго блазнам. Але міс Джэральдзіна — гэта міс Джэраль­дзіна, таму ўсё склалася іначай. Яна пастаралася зірнуць на карціну з цяплом і разуменнем. І, магчыма, баючыся, што Томі дастанецца ад астатніх, яна занадта далёка зай­шла ў пахвалах, паказваючы класу на вартасці твора. Так непрыязь да Томі і нарадзілася.
— Калі мы выйшлі з класа, — прыгадваў Томі, — я ўпершыню пачуў тыя размовы. Ім жа было ўсё адно, чую я ці не.
Мне здаецца, у Томі яшчэ да таго слана было адчуванне, што ён не спраўляецца, што яго малюнкі падобныя да малюнкаў малодшых гадаванцаў, і ён як мог хаваў гэта, знарок малюючы па-дзіцячы. Але пасля акварэлі са сланом усё выйшла вонкі, і цяпер яго равеснікі чакалі, што ён намалюе наступным разам. Спачатку ён, відаць, яшчэ стараўся нешта рабіць, але варта было ўзяцца за справу, як вакол пачыналіся здзекі і насмешкі. Атрымлівалася, што чым больш ён стараўся, тым больш было смеху. Таму неўзабаве Томі вярнуўся да звычайнага спосабу абароны, малюючы выявы, якія нібыта знарок выглядалі па-дзіцячы, выявы, якія даводзілі, што яму ўсё адно. З таго часу праблема рабілася ўсё глыбейшай.
Некаторы час ён пакутаваў толькі на занятках па мастацтве — зрэшты, і гэтага хапала, бо ў малодшых класах мастацтвам мы займаліся шмат. Але потым сітуацыя пагоршылася. Яго пачалі выключаць з гульняў, хлопчыкі адмаўляліся сядаць насупраць яго на абедзе і рабілі выгляд, што не чуюць, калі ён загаворваў у спальні пасля адбою. Спярша гэта здаралася не так і часта. Бывала, яго не чапалі месяцамі, і ён пачынаў ужо думаць, што ўсё скончылася, а пасля ён сам або хтосьці з яго ворагаў, напрыклад, Артур Х., рабіў нешта, што запускала чараду новых здзекаў.
Я не ведаю дакладна, калі ў яго пачаліся моцныя вы­бухі гневу. Наколькі я помню, Томі заўжды, нават у да­школьнай групе, вылучаўся сваім норавам, але сам ён сцвяр­­джаў, што тыя выбухі пачаліся толькі пасля таго, як цкаванне перайшло ўсе межы. Як бы там ні было, яго крыкі заводзілі людзей, нагняталі абстаноўку, і прыкладна ў той час, пра які я расказваю — летам пасля другога старэйшага, калі нам было трынаццаць, — пераслед дасягнуў апагею.
А потым скончыўся — не за адзін дзень, але досыць хутка. Як я казала, я тады ўважліва сачыла за ходам па­дзей, а таму ўбачыла прыкметы канца раней за астатніх. Спярша быў перыяд — можа, месяц, а можа, і даўжэй, — калі з Томі ўвесь час кпілі, але ён ужо трымаў сябе ў руках. Часам мне здавалася, што ён вось-вось сарвецца, але ў яго атрымлівалася стрымацца, а іншым разам ён увогуле спакойна паціскаў плячыма ці рабіў выгляд, быццам нічога не заўважыў. Спачатку такая рэакцыя выклікала расчараванне: людзі крыўдзіліся, нібыта ён іх падвёў. Потым паступова знудзіліся, здзекі зрабіліся несур'ёзнымі, і ў адзін дзень я раптам зразумела, што ўжо больш за тыдзень нічога не адбываецца.
Усё гэта неабавязкова мела нейкае асаблівае значэнне, але я заўважыла і іншыя змены. Здавалася б, зусім дробязі: вось, напрыклад, Аляксандр Дж. і Пітэр Н. ідуць з ім праз двор у палі, і ўсе трое вядуць нязмушаную гутарку. Ледзь заўважна, але ўсё ж адчувальна змянілася інтанацыя, з якой людзі вымаўлялі яго імя. Потым аднойчы ў канцы вялікага перапынку наша кампанія сядзела на траве ля паўднёвага спартыўнага поля, дзе хлопчыкі, як звычайна, гулялі ў футбол. Я ўдзель­нічала ў размове і ў той жа час не спускала вачэй з Томі — ён, як я заў­ва­жыла, аказаўся ў цэнтры гульні. У нейкі момант яму паставілі падножку, але ён падхапіўся і сам куды трэба паклаў мяч, каб біць штрафны. Калі хлопчыкі, чакаю­чы ўдару, размеркаваліся па полі, я ўбачыла, як Артур Х., адзін з галоўных падбухторшчыкаў цкавання, апынуўся за некалькі ярдаў за спінай Томі, малпуючы яго стойку над мячом, рукі ў бокі. Я сачыла вельмі пільна, але не заў­важыла, каб хтосьці з хлопцаў звярнуў на выхадку Артура ўвагу. Яны, безумоўна, яе бачылі, бо ўсе погляды якраз скіраваліся на Томі, што мусіў вось-вось ударыць, а Артур стаяў роўненька за ім, але цікаўнасці ніхто не праявіў. Томі пульнуў мяч праз поле, гульня пайшла сваім ходам далей, і Артур Х. больш ніякіх спроб не рабіў.
Гэтыя падзеі мяне парадавалі, але і азадачылі таксама. Істотных змен у працах Томі не заўважалася — яго творчая рэпутацыя заставалася такой жа кепскай. Я разумела, што спыненне выбухаў гневу яму вельмі дапамагло, але дабрацца да асноўнай прычыны было цяжэй. Нешта здарылася з самім Томі — з яго манерай трымац­ца, глядзець людзям у твар і размаўляць з імі адкрыта і добразычліва. Усё цяпер здавалася трошкі не такім, як раней, і стаўленне да яго іншых гадаванцаў змянілася. Але што сталася прычынай змен, было незразумела.
Я была азадачаная і вырашыла ў наступны ж раз трош­кі яго параспытваць, калі выпадзе магчымасць пагаварыць сам-насам. Магчымасць неўзабаве выпала: я стаяла ў чарзе па абед і прыкмеціла Томі на некалькі чалавек уперадзе.
Думаю, гэта прагучыць дзіўна, але ў Хэйлшэме чарга па абед была адным з найлепшых месцаў для прыватных размоў. Гэта было звязана з акустыкай Вялікай залы: агульны галас і высокія столі давалі някепскі шанец, што вашай размовы ніхто не пачуе, асабліва калі гава­рыць ціха і стаяць дастаткова блізка адно ад аднаго, пераканаўшыся, што суседзі захопленыя сваёй гутаркай. У любым разе асаблівага выбару ў нас не было. Умовы ў «ціхіх» закутках часцей за ўсё былі нашмат горшыя — там заўсёды нехта мог прайсці міма ў межах чутнасці. Калі раптам у кагосьці з'яўлялася ўражанне, што вы хаваецеся дзеля таемнай размовы, праз некалькі хвілін пра гэта дазнаваліся ўсе навокал, і на таемную размову можна было забыцца.
А таму, убачыўшы Томі за некалькі чалавек перад сабой, я яму памахала: паводле правіл нельга было пераскочыць у чарзе наперад, а вось назад — без праблем. Ён з радаснай усмешкай перабраўся да мяне, і некаторы час мы прастаялі, ні пра што асабліва не гамонячы — не таму, што саромеліся, а таму, што чакалі, калі растане цікавасць, выкліканая перамяшчэннямі ў чарзе. Потым я сказала:
— У апошнія дні ты павесялеў, Томі. Здаецца, тваё жыццё наладзілася.
— А ты, Кэт, усё адразу заўважаеш, — адгукнуўся ён зусім без сарказму. — Так, усё добра. Здаецца, у мяне сапраўды ўсё добра.
— Дык а што здарылася? Ты знайшоў Бога ці нешта такое?
— Бога? — Томі на імгненне разгубіўся, а пасля засмяяўся і сказаў: — А, разумею. Ты пра тое, што я цяпер не… не злуюся так моцна.
— Не толькі пра гэта, Томі. Ты змяніў сітуацыю ў лепшы бок. Я сачыла. Таму і пытаю.
Томі паціснуў плячыма.
— Мабыць, я трохі пасталеў. Ды і астатнія таксама. Нельга заўсёды рабіць адно і тое ж. Надакучвае.
Я нічога не адказала, толькі працягвала глядзець на яго, пакуль ён зноў не ўсміхнуўся і не сказаў:
— Ты такая цікаўная, Кэт. Ну добра, думаю, нешта было. Нешта здарылася. Калі хочаш, раскажу.
— Давай расказвай.
— Добра, але гэта толькі паміж намі, згода? Некалькі месяцаў таму ў мяне была размова з міс Люсі. І пасля я адчуў сябе нашмат лепш. Гэта цяжка растлумачыць. Але яна нешта такое сказала, і мне зрабілася лепш.
— І што яна сказала?
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку
Made on
Tilda