Лілія Ільюшына
Ключ дарог. Пачатак
На свеце ёсць месца, адкуль пачынаюцца ўсе шляхі і дарогі Сусвету. Той, хто валодае Ключом ад яго, можа абудзіць даўно паснулыя сцежкі ці назаўжды закрыць шлях да шчасця. Джым выяўляе ў сябе здольнасць кіраваць дарогамі, а ў свайго сябра – дар бачыць смерць. Яны выпадкова даведваюцца, што непрыемнасці ў іх мястэчку – справа містара С., вядомага бізнесмена. Вось толькі як справіцца з ім, калі ён і ёсць Гаспадар Дарог, да таго ж звязаны са старажытнымі ведзьмакамі?

Купіць тут
ЗАЧЫН

Па старой пакручастай дарозе з шалёным рыкам ляцела машына. За стырном сядзеў зняможаны мужчына. Ён так моцна ўчапіўся ў стырно, што рукі дрыжэлі. Мужчына раз-пораз азіраўся на падлетка за спінай. Некалькі разоў машына ледзьве не зляцела ў кювет, дзесьці ззаду чуліся сірэны дарожнай паліцыі, але падлетак нерухома сядзеў, заціснуўшы рукі між каленяў і заплюшчыўшы вочы. Чарговы раз азірнуўшыся на яго, кіроўца зрывістым голасам прахрыпеў:
— Я не спадзяюся, што ты здолееш калісьці мяне зразумець. Няхай мяне лічаць вар'ятам, але я ведаю, што праўда, а што — не. Хутка для нас усё скончыцца.
— Тата, калі ласка... — хлопец працягнуў да яго рукі, і ў святле фар сустрэчнай машыны стала бачна, што яны скручаныя.
— Нат не кажы мне нічога, пачвара! — бацька таргануўся, і машына ледзь не ўрэзалася ў чорны лімузін, які паволі рухаўся перад імі.
Убачыўшы, што агні паліцыі набліжаюцца, мужчына рэзка абагнаў «Астан Марцін» і паскорыўся. Яго трэсла; збіваючыся ці тое на скуголле, ці тое на плач, ён заспяваў песню на паўзабытай мове. Яны ехалі цяпер уздоўж лесу. Азірнуўшыся на сына, які скурчыўся на сядзенні і захінуў галаву рукамі, мужчына прашаптаў: «Прабач...» — і з усяе моцы крутануў стырно ўбок. Машыну вынесла на ўзбочыну, і свет закруціўся ў хлопчыка перад вачыма, распадаючыся на часткі...
Чорны лімузін, паўз які пранесліся спачатку дарожная паліцыя, а потым «хуткая», ехаў усё павольней і на кожнай калюжыне ледзь не кранаўся днішчам зямлі. Затым павярнуў на закінуты прасёлак праз верасовую пусташ. Калі пошугі святла зрабіліся ўжо амаль нябачныя, машына спынілася на непрыкметным павароце. З яе выйшаў чалавек сталага веку, настолькі важкі, што «Астан Марцін» адразу прыўзняўся, нібыта скінуўшы неверагодны цяжар. Абапёршыся на дарагі кій, мужчына зрабіў некалькі крокаў. Раптам сцішыўся, нахмурана спрабуючы нешта згадаць. Прастаяўшы так пэўны час, зірнуў на гадзіннік і прагна пачаў углядацца ў цемру пустэчы.
Была глухая ноч. Здалёку машына і чалавек каля яе здаваліся згусткам цемры, дакранацца якога пазбягала нават святло зорак. Раптам аднекуль павеяла дымам і смаллю, а на пустцы з'явіліся дзіўныя агні, як быццам ад вуголля, якое згасае і ўжо амаль цалкам зацягнулася попелам. Ланцужок агнёў цягнуўся праз пустку наўпрост да павароту, на якім стаяў лімузін.
Па чырвона-залацістай сцяжынцы ішлі два чалавекі. Сярэдняга росту мужчына вельмі ўважліва глядзеў сабе пад ногі; крыху ззаду ад яго ішла дзяўчынка гадоў дванаццаці. На ёй быў нейкі шэры балахон, вочы на застылым твары глядзелі прама і кудысь далёка-далёка, вусны дрыжалі. Яна была басанож.
Калі яны падышлі да машыны, яе гаспадар нарэшце паварушыўся. Дзяўчынка здрыганулася, як быццам толькі цяпер яго заўважыла, а яе спадарожнік расцягнуў вусны ва ўсмешцы і дагодліва пакланіўся:
— Слаўная ночка, містар Найтбрыдж! Заўжды да вашых паслугаў!
Той, каго ён назваў Найтбрыджам, па-ранейшаму глядзеў на пустку, дзе яшчэ міргалі, згасаючы, чырвоныя агеньчыкі, а вецер разносіў залацістыя іскры. — Дамова. Вы браліся вырашыць нашу праблему і за гэта атрымалі ўзнагароду. — Голас Найтбрыджа быў такі нізкі, глыбокі і даўкі, што прыхадні міжволі жахнуліся. — Пакуль жа вы ніяк не прасунуліся ў справе. Спадзяюся, аднак, пераканацца ў адваротным. А то, ведаеце, я пачынаю губляць цярпенне. Гэта была пагроза, і сур'ёзная, мяркуючы па тым, як напружыўся яго суразмоўца. Той хутка аблізнуў тонкія вусны і асцярожна адказаў:
— Запэўніваю: я раблю ўсё, што ў маіх сілах. Але вы не ўяўляеце, наколькі складаная гэтая праблема...
— Гэта я не ўяўляю? — выгнуўшы брыво, Найтбрыдж павярнуўся да яго. — Калі ўжо ніхто з нас, з усёй нашай магутнасцю, нашымі ведамі не змог нічога змяніць, дык што збіраецеся зрабіць вы? Пакуль ваш сродак дзейнічае. Але гэта не тое жыццё, якога мы прагнем... Навошта вы мяне паклікалі? — абарваў ён сам сябе.
— На ўсё патрэбны час. І грошы.
— Спачатку пакажыце, як цяпер выглядае мая зямля.
Прыхадзень дастаў з кішэні мяшэчак і высыпаў яго змесціва на сядзенне. Гэта былі залатыя і срэбраныя пласцінкі рознай формы і памераў. На іх былі начаканеныя расліны, жывёлы, птушкі. Пласцінкі нагадвалі кавалачкі мапы, разрэзанай не надта дбайна, праз што іхнія краі былі пагнутыя і счарнелыя. Найтбрыдж прагна пачаў перасыпаць іх у руцэ, і яны зазвінелі ды заззялі нязыркім святлом. Злёгку адвярнуўшыся, той паслабіў вузел гальштука і зняў з шыі шнурок, на якім вісеў ці тое кулон, ці тое кудмень.
Упрыгожанне было са светлага металу. Дзве лініі перасякаліся прыблізна пасярэдзіне пад вострым вуглом, і кожная бегла далей, пераходзячы ў іншую
і ўтвараючы фігуру, падобную да авала.
Асцярожна адчапіўшы кудмень, ён прыплюшчыў вочы, нешта прамармытаў і кінуў на ўзорыстыя пласцінкі. Нейкае імгненне нічога не адбывалася, але раптам кулон закруціўся ваўчком. Нарэшце ўсё зноў замёрла: кудмень апынуўся ў цэнтры, а пласціны склаліся ў карцінку, у якой можна было пазнаць абрысы Англіі. На іх з'явіліся і пачалі расплывацца цёмныя плямы розных адценняў. Дзе-нідзе мігценне яшчэ прабівалася праз цемру, але бачна было, як знікаюць апошнія іскрынкі. Святло пласцінак амаль загасла.
Найтбрыдж адышоў да краю ўзбочыны. Уладальнік кудменя, мякка ступаючы, пасунуўся за ім:
— Магчыма, калі б вы дазволілі свабодна гандляваць, усё было б не так дрэнна... Я магу арганізаваць пастаўкі ў якіх заўгодна аб'ёмах. Усё — толькі найлепшай якасці.
— Павінен існаваць спосаб вырвацца і сысці, — Найтбрыдж казаў, амаль не расціскаючы вуснаў, праз што ягоны голас стаў больш нізкім і змрочным. —
Калі вы яго знойдзеце, абяцаю: атрымаеце ўсё, што ў мяне ёсць.
— Я толькі тым і займаюся, што шукаю выйсце. Пакуль магу прапанаваць вам паслугі правадыроў. Поўная свабода руху, дастаўка каштоўнасцей дзеля абмену або продажу.
Найтбрыдж кінуў цяжкі позірк на дзяўчынку, якая стаяла, падціснуўшы пальцы босых ног, і разглядала на мапе апошнія агеньчыкі.
— Дзе вы толькі знаходзіце такіх абадранцаў... — грэбліва скрывіўся ён. — Ува мне яшчэ досыць сілы, каб перасоўвацца самому. Адзінае, што ад вас патрабуецца, — знайсці спосаб вывесці нас адсюль.
Яны надоўга замоўклі, гледзячы на пустку, на якой ледзь заўважна свяцілася сцежка. Абодва стаялі спінай да машыны і не бачылі таго, на што так зачаравана глядзела дзяўчынка. Лініі на кудмені раптам змяніліся, на іх з'явілася мноства танюткіх атожылкаў. Яны разрасталіся, як карані травы. Пласцінкі мапы прыліпалі да іх, збіраючыся ў сферу. Цёмныя плямы святлелі, рабіліся дзе зялёнымі, дзе — цёмна-чырвонымі або фіялетавымі, і вось ужо ўся сфера мігцела рознакаляровымі агеньчыкамі.
Узрушаная дзяўчынка працягнула да сферы руку, але ў гэты момант мужчыны павярнуліся ў яе бок і ўсё імгненна рассыпалася, нібыта і не было аніякага цуду.
— Нам ужо час. Побач адбылася аварыя, таму давядзецца павіхляць, каб выбрацца адсюль. Аднак я збіраюся пасяліцца непадалёк, таму ў любы момант гатовы прапанаваць свае паслугі.
— Вы вяртаецеся ў Англію? — здзівіўся Найтбрыдж.
— Больш за тое. У Смолвіль. У мяне там шмат спраў.
Дзяўчынка і яе спадарожнік цярпліва чакалі, пакуль Найтбрыдж сядзе ў лімузін. Дзверцы зачыніліся, загудзеў матор, але ўладальнік кудменя спакойна чакаў. У «Астан Марціне» апусцілася шкло, і яны пачулі змрочны голас:
— Можаце прадаваць. Горш ужо не будзе.
Задаволены, мужчына ў фасоністым паліто пакланіўся. Ён тузануў дзяўчынку за рукаў балахона і рушыў праз пустку, асцярожна выбіраючы кожны крок і нешта ўважліва разглядаючы ў сябе пад нагамі. Сцежкі, што ледзь цьмела, ужо не было, і вельмі хутка начная цемра схавала іх ад чужых вачэй.

І

Джым імчаў па стадыёне пад вар'яцкія крыкі трыбун. Нідзе не бачна аніводнага вольнага месца — гэта быў найважнейшы матч за ўсю гісторыю зборнай. Кубак стаяў ля самага поля, ішлі ўжо апошнія хвіліны, і вось Джым атрымаў мяч. Ён перайграў аднаго абаронцу, прыбраў фінтом іншага і ўбачыў, што брамнік пакінуў непрыкрытым левы кут. З апошніх сіл Джым зрабіў рывок і пераклаўся для ўдару. Нага ўжо ляцела да мяча, натоўпы заўзятараў ускочылі, і ён, напаўаглухшы, чуў толькі адное, самае галоўнае слова...
— ДЖЫМ!!! — зараўло ў яго над вухам.
Ён ускочыў, з цяжкасцю цямячы, што адбываецца, і проста перад сабой убачыў раз'юшаны твар бацькі. Ірвануўшы ўбок, хлопец кулём скаціўся з гары, туды, дзе валяўся ровар. Левая нага заныла, але Джым упарта дакульгаў да ровара і панёсся як мага далей ад пашы. Краем вока бачыў, што бацька не збіраецца за ім гнацца, але круціў педалі ўсё мацней і мацней. Вецер свістаў у вушах, у якіх яшчэ не аціхлі крыкі радасных трыбун.
Джым ганяў па прасёлках так доўга, як толькі здолеў трываць. Калі ногі зусім перасталі слухацца, саскочыў на траву каля паўразбуранага катэджа і паваліўся на зямлю. Нейкі час ляжаў, ні пра што не думаючы, проста гледзячы ў неба, па якім паволі плылі рэдкія аблокі. Аддыхаўшыся, паварушыў пальцамі левай нагі, пераконваючыся, што можа рухацца, і палез на дах. На лесвіцы бракавала прыступак, і Джым з цяжкасцю дакараскаўся да паддашкавай пляцоўкі, дзе падцягнуўся на руках і выпаўз на дах. Чарапіца моцна абсыпалася, кроквы падгнілі, але ён знайшоў больш-менш надзейнае з выгляду месца і расцягнуўся на ўвесь рост.
Дах прыемна грэў спіну і ногі, Джым мог бачыць маці, якая корпалася ў агародзе каля дома, а яшчэ далей — бацьку, які ехаў з пашы. Пры позірку на бацьку ён адчуў звыклую злосць. Сеў і агледзеўся. Абраў кроквіну, на якой не было чарапіцы, і асцярожна дапоўз да яе. Знайшоўшы раўнавагу, стаіўся. Рукі і ногі віселі ў паветры, толькі спіна абапіралася на нешырокую крокву. Ён лунаў у паветры, як птушка; ён быў зусім вольны і мог ляцець, куды захоча. Неба належала яму цалкам, ад краю да краю. Неба — другая яго мара. Пасля футбола.
Тут нага міжволі тарганулася і Джым ледзь не паляцеў долу, у пралом даху, туды, дзе валяліся купы смецця. Цела яго небяспечна нахілілася, але ён, сціснуўшы зубы і заплюшчыўшы вочы, лавіў раўнавагу. Адчуўшы, што на імгненне гэта яму ўдалося, ён схапіўся рукамі за бэльку, павіс на ёй, разгайдаўся і саскочыў на ацалелую, яшчэ надзейную пляцоўку. Злосць і эйфарыя пакінулі яго, і Джым паволі спусціўся ўніз, сеў на лужку, які спрэс парос стакроткамі, і задумаўся пра тое, як жыць далей.
Дзесьці людзі ехалі ў адпачынак у далёкія краіны. Валяліся на беразе мора ў сваё задавальненне. Гадзінамі сядзелі ў інтэрнэце і балбаталі ў чатах. І толькі
ён, Джым Ф'юры, ужо амаль трынаццаць гадоў, павінен быў пасвіць кароў.
Яшчэ нейкі год таму яму здавалася, што ўсё будзе іначай. Ён любіў футбол з самага дзяцінства. З тых часоў, як бацька сказаў, што толькі рэгбі — спорт мужчын, ён абраў футбол канчаткова і назаўжды. На кожныя Каляды ён прасіў у падарунак мяч і форму. Сіні шалік, «ружа» Лестэра, вісеў у яго над ложкам. Ён запісаўся ў футбольную секцыю і ані разу, аніводнага разу не прапусціў заняткі.
У любое надвор'е Джым ішоў пешшу ад фермы ў Смолвіль, а потым, таксама пешшу, назад; калі яму споўнілася 10 гадоў, трэнер сказаў, што ён занадта кволы, і тады Джым пачаў бегаць па ўзгорках кожны дзень, а яшчэ змусіў сябе заўсёды з'ядаць сняданак і абед, нават калі здавалася, што ў рот нічога не лезе. Убачыўшы ягоныя ўпартасць і шчыраванне, бацька купіў Джыму ровар. А на пазамінулыя Каляды — буцы. Сапраўдныя навюткія буцы, праз якія ўсё і здарылася.
У тую суботу была дадатковая трэніроўка. Калі ўсе пераапраналіся пасля заняткаў, да яго падышоў Граміла Бэн:
— Пойдзем, паганяйма мяч на пустцы. Хлопцы са Смолбрыджа якраз прыехалі, хочуць адыграцца за мінулы раз.
Джым засумняваўся. Надвор'е было так сабе: ліў дождж, гуляць давядзецца ў гразі. Да таго ж маці прасіла вярнуцца крыху раней, каб дапамагчы па гаспадарцы.
Бачачы яго роздум, адзін з хлопцаў Пола, Арчы, падбухторыў Джыма:
— Ды куды яму, Граміла. Пай-хлопчык спяшаецца даіць кароў і чысціць свінарнік.
Усе дружна зарагаталі, а Джым з усяе моцы сцяў зубы, каб стрымацца. Раней ён бы накінуўся з кулакамі, але нядаўна трэнер сказаў, што, калі так будзе
працягвацца, Джыма адлічаць. «Профі ніколі не паддаюцца на правакацыі», — заявіў трэнер. І ён навучыўся прапускаць паўз вушы тое, за што раней помсціў бы да крыві. Вось і цяпер моўчкі ўзяў торбу з рэчамі і пайшоў са школы.
Хлопцы са Смолбрыджа, суседняга гарадка, ужо пераапрануліся і чакалі. Джым зняў швэдар і нацягнуў майку «Лестэра». Яго сіняя ружа супраць «Манчэстэра», «Ліверпуля», «Арсенала», футболкі якіх красуюцца на астатніх. Ён скінуў красоўкі і дастаў буцы, але поле было такое бруднае і разбітае, што тут падыходзілі хутчэй гумавыя боты. Буцы наўрад ці перажывуць гэты матч... Джым павагаўся, сунуў буцы назад у торбу і хутка зашнураваў красоўкі. Тут падаспелі астатнія хлопцы з яго каманды, і гульня пачалася.
Пра тое, што не пераабуўся, ён пашкадаваў амаль адразу: красоўкі былі старымі, зношанымі і ўвесь час слізгалі ў гразі. А калі яму пару разоў прыціснулі нагу, Джым застаўся наогул басанож. Ён быў змушаны калупацца ў лужыне, вышукваючы красовак, і на бягу нацягваць яго. Супраць яго дзейнічалі жорстка, таму што — Джым ведаў гэта — ён быў лепшым гульцом. Ён верыў, што прыйдзе дзень, калі скаўты ўбачаць яго і прапануюць вучыцца ў якой-небудзь футбольнай акадэміі.
Джым прыняў мяч і пачаў разгон. Ён ужо ведаў, куды будзе біць, калі ўбачыў, што хтосьці вылятае на яго ў падкаце. У апошні момант паспрабаваў ухіліцца ад удару, але пракляты красовак паехаў па гразі і Джым адчуў, як шыпы ўтыкаюцца яму ў калена, потым храбусценне ў левай назе, потым ён закрычаў, упаў у лужыну, і вакол яго замітусіліся, забегалі гульцы, свае і чужыя… Затым аднекуль узяўся бацькоўскі фургон, куды яго паклалі, загорнутага ў нейкія коўдры, паміж скрынямі з гароднінай і бітонамі з малаком.
У лякарні, куды яго прывёз бацька, зрабілі ўколы, а пазней доўга вазілі то на рэнтген, то на агляд. Калі, нарэшце, да іх прыйшоў доктар, бацька адклікаў яго ўбок.
— Скажыце, доктар, з ім усё будзе ў парадку? Ён марыць гуляць у футбол.
Лекар, намагаючыся не глядзець на Джыма, перабіраў паперы.
— Ну, выключаць гэтага нельга. Усё ж такі ў такім узросце аднаўленне ідзе вельмі хутка. Аднак я не рэкамендую цяжкія нагрузкі: поўны разрыў звязак — гэта сур'ёзна.
Джым, хоць і чуў размову, не сумняваўся, што здужае. Бо здолеў жа ён напампаваць сабе цягліцы, дадаць у трываласці і нават навучыцца не зважаць на здзекі. Калі праз паўгода Джым пачаў зноў хадзіць на трэніроўкі, то не падаваў выгляду, што нага баліць. Ён з цяжкасцю вяртаўся дадому і ўсё роўна зноў ішоў на трэніроўкі, упарта верачы, што ўсё наладзіцца. Але аднойчы, засцерагаючы нагу, не ўтрымаўся і зваліўся. Калена балела так, што схаваць было немагчыма. У лякарні пацвердзілі самае горшае: зноў разрыў звязак, на футбол трэба забыцца.
— Паганяць мяч з сябрамі ты можаш, але вялікія нагрузкі калена не вытрымае, таму трэба табе знайсці нейкую іншую мэту ў жыцці, — на развітанне сказаў доктар.
Напэўна, ён казаў слушныя рэчы, і ў жыцці ёсць шмат цікавага, акрамя футбола, але адкуль узяцца гэтым іншым мэтам у хлопчыка, які жыве на старой ферме з бацькамі, якія нічога, апроч працы, не бачаць? Як увогуле можна жыць у месцы, дзе ніколі нічога не адбываецца і не адбудзецца?
«Хіба што знайсці скарб», — усміхнуўся сваім думкам Джым. Але думаць пра гэта было прыемна, і ён з задавальненнем уявіў, як знаходзіць велізарны куфар, поўны каштоўнасцей. У яго будуць грошы, і ён зможа марнаваць іх, як пажадае: новае адзенне, дарагія машыны, падарожжы...
Джым яшчэ нейкі час марыў, са смакам перабіраючы, якія каштоўнасці ён бы прадаў, а якія пакінуў сабе, і як бы спускаў грошы. Засталося ўсяго нічога: знайсці скарб. Ён палез у кішэню, выцягнуў скамечаную паперку і прачытаў:
Мэрыя Смолвіля запрашае!
Злавіце свой поспех! Знайдзіце легендарны Смолвільскі Скарб! Вы станеце заможным і знакамітым на ўвесь свет! Дазволена шукаць
на муніцыпальнай зямлі!
Пракат металадэтэктараў — у ратушы. Усяго за 50 пенсаў — цэлае багацце!
Маленькі аркушык быў аздоблены намаляванымі скарбамі, і хоць гэта ўсяго толькі рэклама, Джыму адчайна закарцела стаць тым, хто знойдзе скарб. Прынамсі, гэтая мэта была куды больш прывабнай, чым зрабіцца фермерам. Пры думцы аб ферме ў яго сціснула ў грудзях: пасля другой траўмы адносіны з бацькам зусім сапсаваліся. Той страшна злаваўся, калі Джым збіраўся паганяць мяч на пустцы. Забраў буцы і нават гульні па тэлевізары не дазваляў глядзець. Кожны дзень паўтараў сыну, што трэба забыцца на футбол і заняцца чым-небудзь вартым. Пад вартым разумелася, вядома ж, праца на ферме: бацька цяпер увесь вольны час цягаў яго з сабой і паказваў, як трэба даглядаць кароў ці саджаць клубніцы.
Джым са страхам глядзеў на чорныя рукі бацькі, яго вечна брудныя боты, на гэтую працу, якую, здавалася, проста немагчыма перарабіць: ледзь ты даў рады з чым-небудзь адным, тут жа высвятляецца, што трэба тэрмінова рабіць нешта іншае. Бацька працаваў дзень і ноч, але пры гэтым яны ледзь сточвалі канцы. Іх сусед, Багі Коўлмэн, бацька Грамілы, таксама быў фермерам, але яго сям'я жыла значна лепш. А вось бацька ўпарта не жадаў адмаўляцца ад таго, што сам ён называў «спраўным падыходам да зямлі», а яго кліенты — «арганічным земляробствам». Як бы яно ні звалася, Джыма ванітавала ад адной думкі пра тое, каб займацца гэтым усё жыццё. І ён цвёрда для сябе вырашыў: збяжыць з дому, з'едзе ў Амерыку ці Аўстралію, куды заўгодна, але жыць будзе ў якім-небудзь вялікім горадзе.
Падбадзёраны думкай аб тым, што выйсце ёсць, трэба толькі пачакаць, калі стане дарослым, Джым вырашыў рызыкнуць і заскочыць дадому паесці. Справа ішла да абеду, ён быў на нагах з самай раніцы і добра прагаладаўся, а бацька ў гэты час звычайна развозіў замовы.
Пад'ехаўшы да дома і пераканаўшыся, што бацькі нідзе не відаць, Джым прайшоў на кухню і спехам змайстраваў сабе некалькі сандвічаў. Выбудаваўшы з іх вежу, збіраўся ўзяць іх з сабой і з'есці па дарозе на пустку, дзе сёння якраз мелася адбыцца гульня. Але, як на злосць, у кухню зайшла маці. Яна так на яго паглядзела, што ён хутка кінуўся мыць рукі і вярнуўся за стол. Яна паставіла перад ім рагу («Морква!», — з агідай прынюхаўся Джым), а сама стала акуратна раскладваць гародніну па скрыначках.
— Дзе ты быў? — спакойна спытала жанчына, але ж Джым ведаў, што матулін спакой можа быць больш небяспечным за бацькаў гнеў. Глытаючы барановае рагу, ён прабурчаў нешта неразборлівае.
— Цябе папрасілі наглядаць за каровамі, а ты заснуў, і бацька мусіў паўдня іх шукаць! Джым, ты хоць разумееш, што і ў цябе ёсць нейкія абавязкі! Нельга
ўвесь час лунаць у аблоках і марыць пра тое, чаго ніколі не будзе! Ты ўжо вялікі хлопец, час думаць пра будучыню!
Гэта была далёка не першая такая вымова, таму Джым стараўся асабліва не прыслухвацца да матчыных словаў. Але трываць надакучыла, таму ён выказаў на твары віну і пакаянне:
— Прабач, мам... Не ведаю, як тое атрымалася... Я выпадкова задрамаў — уначы не выспаўся, нага балела... Мне цяжка бегаць за каровамі, вечна калена потым ные. Вунь у Багі каровы заўсёды ў стойле, і нічога — малака больш нашых даюць.
Як ён і разлічваў, цяпер вінаватай выглядала маці:
— Можа, не варта было цябе туды адпраўляць... Еш, доктар раіў добра харчавацца.
І яна паклала Джыму яшчэ рагу. Уздыхнуўшы, ён пачаў запіхваць у сябе дадатак. У рэшце рэшт, не такі высокі кошт за пару дзён свабоды, пакуль бацькі не прыдумаюць іншага занятку. Ён дачакаўся, пакуль маці пойдзе па справах, і выслізнуў з хаты, цвёрда вырашыўшы не вяртацца да вечара.
На пустцы не было ані душы. Выбітае, без адзінай травінкі поле пахла пылам. Пасля абеду моцна хацелася піць. Схавацца ад сонца не было дзе, і ён не мог вырашыць, ці сысці хутчэй, ці чакаць кампаніі. Пустка была зусім побач з горадам, і на дарозе — а бачна было да самага заезду — не было нікога. Джым расчаравана ўздыхнуў, нагнуўся за мячом, а калі прыўзняўся, проста перад сабой, у нейкай паўсотні метраў, на дарозе ўбачыў хлапчука.
Ён быў маладзейшым за Джыма, зусім дзіцё, з тых, каго пагардліва называюць «малагодкамі» і на гульню выбіраюць апошнімі: дробны, худзенькі, з абыякавым тварам. Джым утаропіўся ў хлапчука: скуль ён наогул тут апынуўся? Калі Джым толькі што азіраўся, нікога і знаку не было. Можа, валацуга з імігрантаў, гадаў Джым: недарэчны шэры балахон, у які было апранутае загадкавае дзіцянё, наўрад ці набыты ў супермаркеце, хутчэй, сшыты з рознай старызны. У абедзвюх руках хлапчук трымаў нейкія ці то пакункі, ці то мяшэчкі.
Удалечыні, ля Смолвіля, паказалася група раварыстаў. Хлапчук павёў сябе дзіўна: замест таго каб ісці сваёй дарогай або збочыць, ён узяў трохі ўправа і пачаў хутка-хутка хадзіць кругамі. Раварысты пранесліся паўз, захінуўшы хлопчыка ад вачэй. Калі яны павярнулі да пусткі, на дарозе зноў нікога не было.
— Што гэта за пацан? — замест прывітання спытаў Джым.
— Які пацан? Дзе? — здзіўлена спытаў Граміла і агледзеўся.
— Ну на дарозе. Дзіўны такі, у шэрых лахманах.
— Не бачылі мы нікога, хто ў такую спёку пешшу папрэ, — адмахнуўся Бэн.
— Ды гэта Джым так прышпільваецца. Тонкае пачуццё гумару, — з'едліва пасмяяўся, як звычайна, Арчы. Джым вырашыў, што больш нічога пытацца не будзе, не хапала яшчэ, каб яго лічылі прыдуркам, якому мроіцца ўсялякае. Ужо лепш хай прымаюць за няўдалы жарт.
Як на злосць, супраць яго сёння гуляў менавіта Арчы. Абараняўся ён слаба, але ўвесь час даставаў сваімі дурыкамі. Вось і цяпер, калі Джым ужо добра змогся і адчуваў, што калена зноў пачынае балець, Арчы паспрабаваў адцерці яго ад мяча.
— Дарэчы, табе яшчэ не сказалі, хто тут учора быў? — зазіраючы ў вочы, спытаў ён. І, бачачы, што Джым не звяртае ўвагі, дадаў: — Скаўт.
З лёгкасцю адбегшы з мячом ад Джыма, які сагнуўся, расціраючы калена, Арчы адпасаваў сваім і вярнуўся.
— З акадэміі, ага, — расцягваючы словы, сказаў ён Джыму, які моўчкі падцягваў шкарпэткі. — Пра цябе пытаўся. Карацей, мы патлумачылі, што табе цяпер не да футбола, будзеш фермерам.
Ён загігікаў, але тут Джым разагнуўся, так і не завязаўшы матузкі, і смех захлынуўся ў Арчы ў горле. Ён павярнуўся і пабег да сваіх, хаваючыся за Грамілам Бэнам. Але Джыму было пляваць на яго. Ірвануў да мяча, варочаючы локцямі, разагнаў астатніх і, шалёна гледзячы на прыяцеляў, рушыў да брамы. Ён разганяўся ўсё хутчэй, каб проста знесці яе разам з Бэнам, Арчы і ўсім светам у прыдачу... Ногі раптам таргануліся, і Джым на поўнай хадзе пляснуўся на пляцоўку, балюча стукнуўшыся падбародкам і падымаючы пыл.
— Чортавы матузкі... — прастагнаў ён пад дружны рогат кампаніі. Злосць настолькі перапаўняла, што, сціснуўшы кулакі, ён кінуўся да бліжэйшага — Цімаці Далтана — і ўпісаў яму ў жывот. З радасцю заўважыўшы, як войкнуў і сагнуўся Цім, Джым павярнуўся да астатніх. Але тыя, падхапіўшы пацярпелага, ужо з рогатам беглі да ровараў.
Ён схапіў мяч і ўлупіў па ім так, што той са свістам паляцеў у бок смолвільскай дарогі. Пачулася смачнае «плясь», і мяч урэзаўся акурат у шкло дарагой машыны, якая, як на злосць, выехала з-за прыдарожных кустоў. Усе сцішыліся. Машына спынілася.
Уся кампанія заскочыла на ровары і панеслася да горада, разумеючы, што цяпер камусьці ўляціць за мяч; але Джым быў пешшу, яму было шкада мяча, у яго балела нага і ўсё самае горшае з ім сёння ўжо здарылася. Таму ён, прыжмурыўшыся і пасунуўшы сківіцу наперад, падышоў да машыны.
Ён ведаў, чый гэта аўтамабіль. І праўда, як толькі ён падышоў бліжэй, з яго выйшаў містар С., вядомы ў горадзе чалавек. Нягледзячы на сонца, містар С. быў пры поўным строі. Зрэшты, ён відавочна не знемагаў ад спякоты, машына ж з кандыцыянерам, з зайздрасцю падумаў Джым.
— Містар, прабачце, я не хацеў. Мой мяч... гэта была выпадковасць, і гэта больш не паўторыцца. Прыміце мае выбачэнні, — гледзячы ўбок, але выразна вымавіў ён патрэбныя словы.
— Ну і? — хмыкнуў містар С.
— Што, даруйце? — не зразумеў Джым.
— Ты папрасіў прабачэння. Што далей? — спакойна спытаў бізнесмен.
— Далей? — разгубіўся хлопчык. — Ну, вы паедзеце па сваіх справах, а я забяру мяч... Машына ж не пацярпела, вунь шкло цалюткае.
Містар С. працягваў яго разглядаць, і Джыму зрабілася ніякавата: здавалася, той бачыць, што ў яго дзіравыя шкарпэткі, а ў кішэнях да халеры ўсялякага
барахла. Вочы ў містара С. былі нейкія непрыемныя, мутнаватыя і лупатыя, да таго ж хлопец не разумеў, чаго ад яго хочуць, і таму адвёў позірк і пачаў разглядаць машыну. Раптам з пасажырскага месца скрозь шкло на яго ўтаропілася дзяўчынка. Маладзейшая на год ці на два, дрэнна пастрыжаныя валасы віселі неахайнымі пасмамі, блакітныя вочы глядзелі з выклікам і цікаўнасцю. І на ёй быў такі ж шэры балахон, як на тым дзіўным дзіцёнку. Абадранцы не ездзяць на дарагіх машынах — гэта Джым ведаў дакладна. Дзяўчынка варожа зірнула на яго і пачала круціць у руках клубок нейкіх шэрых нітак.
Ён павярнуўся да містара С. Той з цікаўнасцю за ім назіраў.
— Як ваша імя, малады чалавек? — спытаў ён нарэшце.
— Джым Ф'юры.
— Ф'юры? — перапытаў містар С., як быццам яму неверагодна пашчасціла. — Біл Ф'юры вам выпадкова не сваяк?
— Гэта мой бацька, — адказаў Джым, у сваю чаргу здзіўлены такой бурнай рэакцыяй.
— Тааак. Глядзі ты, як бывае ў жыцці... Скажыце, малады чалавек, а якія ў вас планы на будучыню? Прафесійная, так бы мовіць, цікаўнасць.
Джым згадаў, што адна з кантор містара С. мае назву «Заплануйце будучыню!» У горадзе казалі, там могуць расказаць, што чалавека чакае наперадзе і кім ён стане; кантора адчынілася зусім нядаўна, але ўжо карысталася вялікай папулярнасцю не толькі ў іх гарадку, але і ў наваколлі.
— Яшчэ не ведаю дакладна, сэр. Можа, паеду ў Лондан. Або ў Аўстралію, — Джым з усіх сіл намагаўся гаварыць па-даросламу. Але, толькі прамовіўшы планы ўслых, ён зразумеў, наколькі вартымі жалю яны гучаць.
Містар С. гэта таксама зразумеў. Ён дастаў з кішэні дарагі на выгляд папернік і выняў візітоўку.
— У мяне ёсць дзелавая прапанова: я даю вам даручэнне, а ў якасці зваротнай паслугі гатовы бясплатна правесці кансультацыю наконт вашай будучыні. Думаю, гэта нядрэнная здзелка.
— А што за даручэнне, сэр? — асцярожна спытаў Джым.
— Нічога складанага, запэўніваю. Трэба сустрэць аднаго чалавека і праводзіць у маю кантору. Я сам, на жаль, не паспяваю, — бачачы, што хлопчык сумняецца, ён расцягнуў рот ва ўсмешцы, адкрыўшы занадта белыя зубы: — Нічога супрацьзаконнага. Проста мой кур'ер яшчэ дрэнна арыентуецца ў горадзе.
Не чакаючы адказу, містар С. задаволена кіўнуў, пазначыў нешта на візітоўцы і перадаў яе Джыму.
— Трымайце. Тут час і адрас. Кур'ер — хлопчык, крыху маладзейшы за вас. Проста прывядзіце яго да мяне, а потым я дам вам кансультацыю. Спадзяюся, вы здолееце гэта зрабіць.
Зірнуўшы на візітоўку, Джым супакоіўся — месца было вядомым, нічога незвычайнага.
— А як я яго пазнаю, сэр?
— Не сумнявайцеся, як толькі вы яго ўбачыце — абавязкова пазнаеце, — ухмыльнуўся містар С. і працягнуў руку: — Што ж, юны містар Ф'юры, спадзяюся сустрэць вас сёння ўвечары. І яшчэ: ведаеце, я б не
стаў казаць вашаму бацьку пра нашу дамову. Не ўпэўнены, што ён здольны ўявіць сабе будучыню, у якой няма бульбы і гною.
Джым успыхнуў і вырваў руку.
— Да сустрэчы, сэр. Я абавязкова прыйду.
Ён збочыў, праводзячы позіркам машыну, што была зроблена для хуткасных трас, а цяпер павольна рухалася ў бок дробнага, соннага ад спёкі мястэчка.
Джыма раздзіралі супярэчлівыя пачуцці: пякучы сорам ад слоў, сказаных пра бацьку, горыч і злосць, што шанец стаць футбалістам прамільгнуў побач, нібы матылёк, і знік назаўжды, і вар'яцкая, упартая надзея, што ў яго будучыні яшчэ здарыцца нешта неверагодна добрае...
За гэтымі падзеямі Джым зусім забыўся, што дахаты трэба ісці іншай дарогай, праз мост. Прыціскаючы да сябе мяч, ён выйшаў на шашу і патупаў да фермы. Але не паспеў дайсці нават да павароту, як нос у нос выйшаў проста на фургон бацькі.
Некаторы час Джым стаяў пасярод дарогі, тупа гледзячы перад сабой. З кабіны ў яго ўтаропіўся бацька. У нейкі момант хлопчык паварушыўся, папраўляючы мяч, гатовы выслізнуць са спатнелых рук. Біл Ф'юры саскочыў на зямлю. Ён паглядзеў на мяч, на Джыма, і ў яго вачах праслізнула нешта падобнае да пагарды. Гэтак жа моўчкі бацька адчыніў пасажырскія дзверцы і дачакаўся, калі Джым забярэцца ўнутр.
Фургончык пыхкаў на кожным павароце, матор стагнаў, і гэтыя гукі запаўнялі цішыню, якая адасабляла Джыма ад бацькі. Яны развозілі замовы, а скруткаў і кошыкаў было яшчэ так шмат. Хлопчык непрыкметна паглядзеў на візітоўку, потым таксама крадком — на гадзіннік бацькі. Часу было дастаткова, але ўжо лёгкае хваляванне пачынала назойліва гусці, не даючы засяродзіцца на чым-небудзь, і чым даўжэй яны ехалі, тым усё мацнела напружанне. Джым раз-пораз блытаў скрыні ці губляў скруткі, праз што бацька рабіўся ўсё змрачнейшым і змрачнейшым. Заставалася ўсяго дзве замовы, і абедзве — якраз у той частцы горада, Рывэрсайдзе, дзе трэба было сустракаць кур'ера. Ён супакоіўся і намацаў у кішэні візітоўку. Трэба толькі крыху патрываць, угаворваў ён сябе. Каб пераключыцца, Джым стаў глядзець па баках.
Гэта быў самы стары раён горада, але цяпер яго збіраліся зносіць. Некалькі кварталаў атачылі плотам, і будаўнікі якраз падганялі да аднаго з дамоў драглайн, экскаватар з вялікім шарам. Яшчэ адзін будаўнік, з выгляду — галоўны, высокага росту, шыракаплечы, чарнявы, са стылёвай бародкай — разбіраўся ў кучы папер. Працоўныя пачалі перасоўваць агароджы, замыкаючы вуліцу для праезду. Чорнабароды будаўнік скончыў з паперамі і, перадаўшы іх памочніку, накіраваўся да фургона. «Дарэн Ровэрс, майстар» — прачытаў на бэйджы Джым. Майстар зазірнуў у кабіну:
— Сэр, прабачце, мы збіраемся ставіць агароджы, вы не маглі б выбраць іншае месца для паркоўкі?
Дарэн Ровэрс казаў вельмі ветліва і правільна, як зазвычай гавораць замежнікі. Бацька маўчаў, таму майстар запытальна паглядзеў на Джыма. У Ровэрса былі незвычайныя вочы: яркія-яркія, васільковыя і чамусьці сумныя. Біл глядзеў, як мітусяцца працоўныя, і злосна прыжмурыўся. Ён выскачыў з кабіны, выцягнуў з фургона скруткі, шпурнуў іх на прыступкі ля ўвахода і так таргануў з месца, што фургон завыў і падскочыў. Разварочваючыся, ён настолькі блізка пад'ехаў да майстра, што Джым спалохаўся: раптам бацька яго зараз раздушыць. Але Дарэн Ровэрс спакойна стаяў і паглядаў на іх, прыжмурыўшы надзвычай яркія вочы. Біл не вытрымаў, здаў назад і выехаў на дарогу, якая вяла зусім не ў той бок, які быў патрэбны Джыму.
Хлопчык запанікаваў: ён разлічваў, што пасля выканання апошняй замовы бацька яго адпусціць. Цяпер яны ехалі незразумела куды, і часу да сустрэчы ўжо амаль не заставалася. Джым не ведаў, што рабіць: сказаць бацьку пра планы немагчыма, але і прапускаць сустрэчу не хацелася. Нарэшце ён зразумеў, куды
яны едуць: гэта была дарога да лякарні.
Калі спачатку ў Джыма і была нейкая надзея хутка выйсці адтуль, першая ж фраза бацькі разбіла яе дашчэнту.
— Доктар, мой сын пастаянна скардзіцца, што яму балюча хадзіць. Паглядзіце, — праз зубы кінуў Біл. Фраза нагадвала загад, але бацька так размаўляў заўсёды, і доктар ужо прызвычаіўся да гэтага.
Джыма разглядалі так і гэтак; калі б было можна, доктар выдраў бы калена і адправіў яго ў NASA, але, на жаль, нічога новага ён сказаць не мог: магчыма, звязкі яшчэ не цалкам аднавіліся, аднак, калі не ператруджваць нагу, боль хутка міне. На ўсялякі выпадак доктар выдаў пігулкі і з палёгкай адаслаў наведнікаў дадому.
Пакуль бацька падпісваў паперы, Джым выскачыў на вуліцу. Не трэба было нават глядзець на гадзіннік, каб зразумець: ён безнадзейна спазніўся.
Ні адзін кур'ер не стане чакаць так доўга. Але ўпартасць заўсёды прымушала Джыма даводзіць да завяршэння кожную, нават самую безнадзейную справу. Ды і, папраўдзе, губляць было няма чаго.
Калі Джым з'явіўся ў Рывэрсайдзе, там не было ні душы. Амаль увесь раён быў аточаны агароджай, але працоўныя разышліся. Толькі ўдалечыні ён убачыў майстра, Дарэна Ровэрса, які нетаропка спускаўся да берага. Джым хацеў быў дагнаць яго і спытацца пра хлопчыка-кур'ера, аднак згадаў паводзіны бацькі
і не адважыўся. Ён яшчэ крыху пабегаў туды-сюды па вуліцах, але нікога не знайшоў. Што ж рабіць, з адчаем думаў Джым: ён спазніўся, так што сваю частку дамовы не выканаў; з іншага боку, тое была не зусім яго віна, да таго ж трэба даведацца, ці дайшоў гэты кур'ер наогул да містара С. Ці мала што, мо так і блукае ўвесь час па горадзе...
Пераканаўшыся, што яшчэ не ўсё страчана, Джым накіраваўся да плошчы, хоць ногі марылі пра адно: выцягнуцца дзе-небудзь на мяккім ложку. Так шмат, як у гэты дзень, ён яшчэ не бегаў.
Яму пашанцавала: містар С. якраз выходзіў з дзвярэй, яшчэ хвіліна — і ён спазніўся б і тут.
— Містар С.! — паклікаў ён, паспешліва падбягаючы. — Прабачце, але я...
Містар С. павярнуўся да яго. Бізнесмен быў у светлым ільняным касцюме, ад яго пахла дарагім адэкалонам, а ў правай руцэ ён трымаў скураны сакваяж
з залатымі спражкамі. На ягоным фоне Джым выглядаў нават горш за таго абадранца ў шэрым балахоне. І наўрад ці яго будучыня прынясе нешта хоць аддалена падобнае да таго, якім было сапраўднае містара С., чамусь вырачана падумаў ён раптам.
Містар С. холадна паглядзеў на яго, пераклаў сакваяж у другую руку, а правай узяўся за ланцужок камізэлькі.
— Так-так-так, я бачу, мой вясковы прыяцель усё ж такі прыйшоў. Дзе ж вы былі, містар Ф'юры? Чысцілі свінарнік? Ці, быць можа, жабравалі, каб купіць сабе больш прыстойны абутак?
У першае імгненне Джым не паверыў, што дарослы чалавек так адкрыта здзекуецца з яго. А містар С. працягваў, відавочна атрымліваючы задавальненне ад прыніжэння і разгубленасці Джыма:
— Баюся, што ў гэтым выпадку мая кансультацыя не патрабуецца. Ваша будучыня як на далоні: школа і ферма, дзе вы будзеце калупацца ў брудзе да старасці. Калі яе, вядома, не адбяруць за даўгі.
З ветлівай усмешкай ён прыўзняў капялюш, кіўнуў Джыму і скіраваўся да гатэля. У Джыма гарэлі шчокі, у вушах грукала. Зайшоўшы за рог, у вузкі завулак, ён сеў, уткнуўся тварам у калені і расплакаўся. За ўсё, што адбылося за дзень. За ўсё, што сабралася цягам жыцця.
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку
Made on
Tilda