Дж. К. Роўлінг
Гары Потэр і вязень Азкабана
Трэці раман з культавай серыі твораў англійскай пісьмен­ніцы Дж. К. Роўлінг пра хлопчыка-чараўніка Гары Потэра. Упершыню выдаецца на беларускай мове.

Доўгія дванаццаць гадоў сумнавядомы вязень па імені Сірыус Блэк правёў у жахлівай крэпасці Азкабан. Яго лічылі адданым прыхільнікам Цёмнага Лорда Валдэморта, і ён быў асуджаны за забойства трынаццаці чалавек адным праклёнам. І вось ён уцёк. Вартаўнікі Азкабана чулі, як у сне Блэк мармытаў: "Ён у Хогвартсе… Ён у Хогвартсе". Няўжо ён прыйдзе па Гары?
Гары Потэр у небяспецы, хоць ён у школе магіі ў акружэнні сяброў. Але ж сярод іх можа быць здраднік.

Пераклад з англійскай мовы Алены Пятровіч


Старт продажаў — 16 кастрычніка 2021 года
Раздзел 1
Савіная пошта


Як ні круці, Гары Потэр быў вельмі незвычайным хлопчыкам. Па-першае, сярод усіх пор года ён больш за ўсё не любіў лета з яго вакацыямі. Па-другое, ён з задавальненнем рабіў хатнія заданні, хаця яму даводзілася займацца гэтым таемна, ноччу. А яшчэ ён быў чараўніком.
Набліжалася поўнач, і Гары ляжаў у ложку на жываце, нацягнуўшы над галавой коўдру, нібы намёт; у руках ён трымаў ліхтарык, а на падушку паставіў вялікую кнігу ў скураным пераплёце — «Гісторыю магіі» Батыльды Бэгшат. Хмурачыся, ён вёў кончыкам арлінага пяра ўніз па старонцы, спрабуючы знайсці тое, што дапаможа яму напісаць эсэ «Чаму спальванне вядзьмарак у чатырнаццатым стагоддзі не мела ніякага плёну».
Пяро спынілася на пачатку патрэбнага параграфа. Гары пасунуў круглыя акуляры глыбей на пераноссе, паднёс ліхтарык бліжэй да кнігі і прачытаў:
Немагічнае насельніцтва, больш вядомае як маглы, у Сярэднявеччы вельмі баялася магіі, але не надта добра яе распазнавала. Калі зрэдчас ім удавалася злавіць сапраўдных чараўніцу ці чараўніка, то іх спальванне ўсё адно не прыносіла ніякага плёну. Магі прымянялі чары замарожвання полымя, а пасля ўдавалі, што крычаць ад болю, але насамрэч ім падабалася гэтае лагоднае, казытлівае адчуванне. Напрыклад, Вар'ятка Вендэліна так любіла, калі яе спальвалі, што знарок давала сябе злавіць не менш за сорак сем разоў у розных абліччах.
Трымаючы пяро ў зубах, Гары палез пад падушку па атрамант і скрутак пергаменту. Павольна і асцярожна ён адкрыў бутэлечку, апусціў у яе пяро і пачаў пісаць, раз-пораз спыняючыся, каб прыслухацца; бо калі Дурслі, ідучы ў прыбіральню, пачуюць скрыгат пяра, то, магчыма, зачыняць яго ў каморы пад лесвіцай да канца лета.
Сям'я Дурсляў, што жыла ў доме нумар чатыры на Крушынавай вуліцы, і была той прычынай, з-за якой Гары зусім не любіў летніх вакацый. Дзядзька Вернан, цётка Петунія і іхні сын Дадлі аказаліся адзінымі жывымі сваякамі Гары. Яны былі магламі і ставіліся да чараўніцтва не лепш, чым сярэднявечныя людзі. Загінулых бацькоў Гары, якія былі чараўнікамі, ніколі не згадвалі ў доме Дурсляў. Шмат гадоў цётка Петунія і дзядзька Вернан спадзяваліся, што калі яны будуць трымаць Гары ў абцугах, то проста выб'юць з яго ўсю гэтую магію. Але, як на злосць, у іх нічога не выйшла. І цяпер яны вельмі пераймаліся, каб нехта раптам не дазнаўся, што апошнія два гады Гары правёў у Хогвартсе — школе чарадзейства і магіі. Максімум, што яны маглі зрабіць, — гэта зачыніць падалей ад Гары ягоныя кнігі заклёнаў, чароўную палачку, кацёл і мятлу — адразу, як толькі пачаліся летнія вакацыі, — і забараніць яму размаўляць з суседзямі.
Тое, што ў Гары адабралі кнігі заклёнаў, стала для яго сапраўднай праблемай, бо ў Хогвартсе шмат задалі на лета. Адно эсэ, найбольш непрыемнае, было пра памяншальныя зеллі, і задаў яго самы нелюбімы настаўнік Гары, прафесар Снэйп, які з задавальненнем пакарае хлопчыка на месяц. Таму Гары скарыстаўся магчымасцю, якая надарылася ў першы ж тыдзень вакацый. Калі сям'я Дурсляў выйшла на газон перад домам пазахапляцца новай службовай машынай дзядзькі Вернана (прычым вельмі гучна, каб уся вуліца таксама яе заўважыла), Гары прабраўся ўніз, узламаў замок у камору, схапіў некалькі кніжак і схаваў іх у сябе ў спальні. Калі ўдасца не запэцкаць прасціну атрамантам, Дурслі і не даведаюцца, што па начах ён вывучае магію.
Цяпер Гары асабліва стараўся пазбягаць праблем з цёткай і дзядзькам, бо яны і так былі ім незадаволеныя, а ўсё таму, што праз тыдзень пасля пачатку вакацый яму патэлефанаваў сябар-чараўнік.
Рон Уізлі, адзін з найлепшых сяброў Гары ў Хогвартсе, быў з сям'і чараўнікоў. А гэта значыць, ён ведаў шмат такога, пра што Гары і не снілася, аднак пры гэтым не ўмеў карыстацца тэлефонам. І, на жаль, на званок адказаў якраз дзядзька Вернан.
— Вернан Дурслі, — сказаў ён у слухаўку.
Гары ў гэты момант акурат быў у пакоі і ажно застыў, пачуўшы Ронаў голас.
— АЛЁ? АЛЁ? МЯНЕ ЧУВАЦЬ? Я! ХАЧУ! ПАГАВАРЫЦЬ! З ГАРЫ! ПОТЭРАМ!
Рон верашчаў так гучна, што дзядзька Вернан падскочыў і пасля трымаў слухаўку за паўметра ад вуха, гледзячы на яе адначасова разлютавана і насцярожана.
— ХТО ГЭТА? — рыкнуў ён у трубку. — ВЫ ХТО?
— РОН! УІЗЛІ! — прароў Рон, нібы яны з дзядзькам Вернанам размаўлялі з супрацьлеглых бакоў футбольнага поля. — Я! СЯБАР! ГАРЫ! СА ШКОЛЫ!
Маленькія вочкі дзядзькі Вернана шалёна крутнуліся ў бок Гары, які нібыта ўрос у падлогу.
— НЯМА ТУТ НІЯКАГА ГАРЫ ПОТЭРА! — рыкнуў ён, трымаючы слухаўку на адлегласці выцягнутай рукі, быццам баяўся, што яна можа выбухнуць. — Я НЕ ВЕДАЮ, ПРА ЯКУЮ ШКОЛУ ВЫ ГАВОРЫЦЕ! БОЛЬШ НІКОЛІ НЕ ЗВАНІЦЕ! І НЕ ПАДЫХОДЗЬЦЕ ДА МАЁЙ СЯМ'І!
І ён кінуў трубку так, нібы гэта быў нейкі ядавіты павук.
А пасля адбылася адна з самых горшых сварак.
— ЯК ТЫ ПАСМЕЎ ДАВАЦЬ НАШ НУМАР ЛЮДЗЯМ ТЫПУ… ТЫПУ ЦЯБЕ?! — роў дзядзька Вернан, пырскаючы слінай на Гары.
Рон відавочна зразумеў, што праз яго Гары нажыў праблем, і больш не тэлефанаваў. Іншая найлепшая сяброўка Гары ў Хогвартсе, Герміёна Грэйнджэр, таксама не выходзіла на сувязь. Гары падазраваў, што Рон папрасіў Герміёну не званіць — а гэта шкада, бо Герміёна, самая разумная вучаніца на курсе, была з маглаўскай сям'і і выдатна ведала, як карыстацца тэлефонам. Ёй бы дакладна хапіла розуму нічога не згадваць пра Хогвартс.
Таму пяць доўгіх тыдняў да Гары не далятала аніводнай весткі ад яго сяброў-чараўнікоў, і гэтае лета магло аказацца амаль такім жа дрэнным, як і мінулае. Толькі адно было лепшым — пасля таго як Гары пакляўся, што не будзе слаць з дапамогай савы лісты сябрам, яму дазволілі выпускаць уначы Хэдвігу. Дзядзька Вернан пагадзіўся на гэта, бо калі птушка ўвесь час сядзела ў клетцы, то ўсчынала лямант.
Гары дапісаў пра Вар'ятку Вендэліну і зноў спыніўся прыслухацца. Цішыню ў цемры дома перарывала толькі далёкае храпенне, падобнае да рохкання, што паходзіла ад яго таўсматага стрыечнага брата Дадлі. «Напэўна, ужо вельмі позна», — падумаў Гары. Вочы заплюшчваліся ад стомы. Відаць, ён дапіша эсэ наступнай ноччу…
Гары закруціў бутэлечку з атрамантам, выцягнуў з-пад ложка старую навалачку і паклаў у яе ліхтарык, «Гісторыю магіі», сваё эсэ, пяро і чарніліцу. Вылез з пасцелі і схаваў гэта ўсё пад масніцай, якая адыходзіла ў яго пад ложкам. Затым устаў, пацягнуўся і паглядзеў на бліскучы будзільнік, што стаяў на начным століку.
Была першая ночы. Гары адчуў нейкі дзіўны штуршок у жываце. Ён толькі што ўсвядоміў, што гадзіну назад яму споўнілася трынаццаць гадоў.
Чым яшчэ быў незвычайны Гары — дык гэта тым, што не асабліва чакаў дня народзінаў. Ніколі ў жыцці ён не атрымліваў нават паштоўкі на сваё свята. Дурслі цалкам праігнаравалі два яго апошнія дні народзінаў, і не было прычыны спадзявацца, што яны ўспомняць пра свята гэтым разам.
Гары прайшоўся праз цёмны пакой міма вялікай пустой клеткі Хэдвігі, каб адчыніць акно. Ён абапёрся на падаконнік, і пасля задухі пад коўдрай яго твар абдало прыемнай начной прахалодай. Хэдвіга не з'яўлялася дзве апошнія ночы. Гары не надта перажываў: яна і раней адлятала надоўга. Але ён спадзяваўся, што яна хутка вернецца, — усё ж Хэдвіга была адзінай жывой істотай у гэтым доме, якую не перасмыквала ад аднаго выгляду хлопчыка.
Гары, хоць і заставаўся даволі нізкім і худым для свайго веку, усё ж падрос з мінулага года на некалькі сантыметраў. А вось чорныя як смоль валасы не змяніліся — яны па-ранейшаму былі ўпарта неахайнымі, што б ён з імі ні рабіў. Вочы за акулярамі былі ярка-зялёнымі, а на лбе, заўважны нават пад валасамі, віднеўся тонкі шнар у форме маланкі.
З усіх незвычайных рэчаў, звязаных з Гары, гэты шнар быў самым дзіўным. Дзесяць гадоў Дурслі расказвалі хлопчыку, што гэта быў след з аўтакатастрофы, у якой загінулі ягоныя бацькі, але гэта няпраўда — насамрэч ні ў якой аварыі Лілі і Джэймс Потэры не загінулі. Іх забілі, і забіў іх самы жудасны цёмны чараўнік за апошнія сто гадоў — Лорд Валдэморт. Падчас нападу Гары абышоўся ўсяго толькі гэтым шнарам на лбе, а праклён, які мусіў яго забіць, абярнуўся супраць самога Валдэморта. І той, ледзь жывы, знік…
Але Гары сутыкнуўся з ім твар у твар у Хогвартсе. І цяпер, стоячы ля цёмнага акна і ўспамінаючы іх апошнюю сустрэчу, Гары давялося прызнаць, што яму вельмі пашанцавала дажыць да трынаццатага дня народзінаў.
Ён углядаўся ў зорнае неба, шукаючы Хэдвігу, якая, магчыма, ужо ляціць да яго з мёртвай мышшу ў дзюбе і чакае пахвалы. Гары рассеяна пазіраў паўзверх дахаў, і спатрэбілася некалькі секунд, каб зразумець, што ж менавіта ён убачыў.
На фоне залатой поўні вымалёўваліся выразныя абрысы нейкай дзіўнай, вялізнай, крывабокай істоты, якая рухалася ў бок Гары, размахвала крыламі і рабілася ўсё большай і большай. Ён прыціх, сочачы, як яна апускаецца ўсё ніжэй. Нейкую долю секунды Гары павагаўся, трымаючы руку на зашчапцы акна: ці не варта яго зачыніць? Але дзівакаватая істота рэзка ўзляцела ў святле ліхтара Крушынавай вуліцы, і Гары, уцяміўшы, што гэта такое, адскочыў убок.
У акно ўпырхнулі тры савы, дзве з іх падтрымлівалі трэцюю, як выявілася, непрытомную. З лёгкім плюхам яны прызямліліся на ложак Гары, і сярэдняя сава, вялікая і шэрая, нерухома павалілася на месцы. Да яе лап быў прывязаны вялікі пакунак.
Гары адразу ж пазнаў самлелую саву — гэта быў Эрал, і ён належаў сям'і Уізлі. Хлопчык падбег да ложка, адвязаў матузок ад ног савы, узяў пасылку, а пасля занёс Эрала ў клетку Хэдвігі. Эрал з цяжкасцю расплюшчыў адно вока, слабым голасам вухнуў на знак падзякі і прагнымі глыткамі ўзяўся піць ваду.
Гары павярнуўся да астатніх соў. Адна з іх, вялікая і беласнежная, была ўласна Хэдвігай. Яна таксама цягнула пасылку і выглядала надта задаволенай сабой. Яна прыязна дзюбнула Гары, пакуль той забіраў ейную ношу, а пасля паляцела да Эрала.
Трэцяй савы — прыгожай шэрай кугакаўкі — хлопчык не пазнаў, але тут жа зразумеў, адкуль яна прыляцела, бо ў дадатак да трэцяга пакунка ў яе быў ліст з пячаткай Хогвартса. Калі Гары вызваліў гэтую саву ад грузу, яна з важнасцю натапырыла пёркі, размяла крылы і выпырхнула ў ноч.
Гары сеў на ложак, узяў Эралаў пакунак, разарваў карычневую паперу і дастаў закручаны ў залатую абгортку падарунак і сваю першую святочную паштоўку. Пальцы злёгку дрыжалі, калі ён адкрываў канверт. Адтуль вывалілася дзве паперкі — ліст і газетная выразка.
Відавочна, гэта быў кавалак чараўніцкай газеты «Штодзённы прарок», бо людзі на чорна-белым здымку рухаліся. Гары падняў выразку, распрастаў яе і прачытаў:
СУПРАЦОЎНІК МІНІСТЭРСТВА МАГІІ САРВАЎ КУШ
Артур Уізлі, кіраўнік Аддзела па злоўжыванні маглаўскімі артэфактамі Міністэрства магіі, выйграў галоўны прыз у латарэі «Галеон», якую кожны год праводзіць «Штодзённы прарок».
«Мы патрацім золата на летняе падарожжа ў Егіпет, дзе наш старэйшы сын Біл працуе знішчальнікам праклёнаў у чарадзейскім банку Грынгатс», — паведаміў «Штодзённаму прароку» задаволены містар Уізлі.
Сям'я Уізлі правядзе месяц у Егіпце і вернецца да пачатку навучальнага года ў Хогвартсе, дзе цяпер вучацца пяцёра дзяцей Уізлі.
Гары ўважліва разгледзеў фотаздымак і шырока ўсміхнуўся, убачыўшы ўсіх дзевяцярых Уізлі, якія горача махалі яму на фоне вялікай піраміды. Пухлая, невысокая місіс Уізлі, высокі, з залысінамі містар Уізлі, шасцёра сыноў і дачка — усе з вогненна-рудымі валасамі, хай сабе гэтага не было відаць на чорна-белым здымку. Акурат па цэнтры стаяў высокі, цыбаты Рон са сваім пацуком Плюгаўчыкам на плячы і абдымаў малодшую сястру Джыні.
Гары не ведаў нікога іншага, хто б заслугоўваў выйграць ладную суму грошай больш, чым Уізлі. Яны былі проста цудоўнымі, але вельмі беднымі. Ён разгарнуў Ронаў ліст.
Дарагі Гары,
з днём народзінаў!
Слухай, прабач за той званок. Спадзяюся, табе не моцна прыляцела ад тваіх маглаў. Я спытаў тату, і ён думае, што мне не варта было так крычаць.
У Егіпце цудоўна. Біл павадзіў нас па ўсіх грабніцах, ты проста не паверыш, якія праклёны наклалі на іх старажытныя егіпецкія чараўнікі. Мама нават не дазволіла Джыні зайсці ў апошнюю грабніцу. Там былі шкілеты маглаў-мутантаў, якія ўварваліся туды, і таму ў іх вырасла лішняя галава ці тыпу таго.
Я не мог паверыць, што тата выйграў у латарэю «Штодзённага прарока». Семсот галеонаў! Большасць пайшла на падарожжа, але да навучальнага года мне абяцаюць купіць чароўную палачку.
Гары вельмі добра памятаў, як зламалася старая Ронава палачка. Гэта здарылася, калі машына, на якой яны ўдвух ляцелі ў Хогвартс, уплішчылася ў дрэва на тэрыторыі школы.
Мы вернемся за тыдзень да пачатку вучобы і паедзем у Лондан купіць мне палачку і новыя падручнікі. Можа, сустрэнемся там?
Не дазваляй сваім маглам даставаць цябе!
Паспрабуй прыехаць у Лондан,
Рон.
P. S. Персі стаў старастам школы, ён атрымаў ліст на мінулым тыдні.
Гары зноў зірнуў на фотаздымак. Персі, які пераходзіў на апошні, сёмы, курс у Хогвартсе, выглядаў надта самазадаволеным. Ён прышпіліў значок старасты школы да капелюша, які нядбала сядзеў на акуратна прычасаных валасах, а акуляры ў рогавай аправе паблісквалі пад егіпецкім сонцам.
Цяпер Гары павярнуўся да свайго падарунка і разгарнуў яго. Унутры была нейкая штука, падобная на мініяцюрны шкляны ваўчок. Пад ім была яшчэ адна запіска ад Рона.
Гары, гэта кішэнны хітраскоп. Калі дзеецца нешта падазронае, ён запальваецца і пачынае круціцца. Біл кажа, гэта лухта, якую прадаюць чараўнікам-турыстам, і гэтай штуцы не варта давяраць, бо яна свяцілася ўвесь час учора за вячэрай. Але ж ён не ведаў, што Фрэд з Джорджам закінулі яму ў суп жукоў.
Да сустрэчы,
Рон.
Гары паклаў кішэнны хітраскоп на столік ля ложка, і той, пахістаўшыся, спакойна лёг на бок, адлюстроўваючы яркія стрэлкі гадзінніка. Гары шчасліва глядзеў на яго некалькі секунд, а пасля ўзяў пасылку, якую прынесла Хэдвіга.
У ёй таксама быў загорнуты падарунак, а таксама паштоўка і ліст — гэтым разам ад Герміёны.
Дарагі Гары,
Рон напісаў мне, як тэлефанаваў твайму дзядзьку Вернану. Я спадзяюся, што з табой сапраўды ўсё добра.
Я цяпер на вакацыях у Францыі і не ведала, як адправіць табе гэты ліст — што, калі яны правяраюць пошту на мытні? Але тут з'явілася Хэдвіга! Думаю, яна хацела ўпэўніцца, што ты хоць нешта атрымаеш на дзень народзінаў. Я купіла табе падарунак праз савіную дастаўку — убачыла абвестку ў «Штодзённым прароку» (ён прыходзіць мне сюды, і так добра, што я заўжды магу быць у курсе навін магічнага свету). Ты бачыў фотаздымак Рона з сям'ёй тыдзень назад? Я ўпэўнена, ён столькі новага даведаўся! Зайздрошчу яму: старажытнаегіпецкія чараўнікі — гэта вельмі займальна!
Тут таксама цікавая гісторыя мясцовага чараўніцтва. Мне нават давялося цалкам перапісаць эсэ па гісторыі магіі, каб уключыць у яго некалькі новых для мяне рэчаў. Спадзяюся, яно не атрымаецца аж занадта доўгім — выйшла на два сувоі пергаменту больш, чым прасіў прафесар Бінс.
Рон казаў, што збіраецца ў Лондан у апошні тыдзень вакацый. А табе ўдасца? Твае цётка з дзядзькам дазволяць табе паехаць? Спадзяюся, у цябе атрымаецца. Калі не, то пабачымся ў «Хогвартскім экспрэсе» першага верасня!
Да сустрэчы,
Герміёна.
P. S. Рон сказаў, што Персі стаў старастам школы. Я ўпэўнена, Персі дужа задаволены. А вось Рон, здаецца, не надта.
Гары зноў заўсміхаўся, адкладваючы ўбок ліст і беручы чарговы падарунак. Ён быў даволі цяжкі. Гары ведаў Герміёну і быў упэўнены, што гэта нейкая кніга са складанымі заклёнамі. Але ён памыліўся. Яго сэрца ажно падскочыла, калі ён разарваў паперу і ўбачыў гладкі футарал з чорнай скуры і выціснутыя на ім срэбныя літары: «Набор для догляду мятлы».
— Ого, Герміёна! — прашаптаў Гары, расшпільваючы футарал.
Унутры быў вялікі слоік «Бліскучага паліравальніка дзяржальна ад Флітвуда», пара срэбных нажніц для пруткоў, маленькі латунны компас на прышчэпцы для доўгіх падарожжаў і дапаможнік «Зрабі сам: Самастойны догляд мятлы».
Больш за ўсё Гары ссумаваўся па сябрах і па квідычы — самай папулярнай сярод чараўнікоў спартыўнай гульні, надзвычай небяспечнай і захапляльнай, у якой лётаюць на мётлах. Летась выявілася, што Гары вельмі добра гуляе ў квідыч, і ён стаў самым маладым гульцом за стагоддзе, якога ўзялі ў зборную факультэта ў Хогвартсе. І адной з самых каштоўных рэчаў для Гары была гоначная мятла «Німбус-2000».
Хлопчык адклаў убок скураны футарал і ўзяў апошнюю пасылку. Ён тут жа пазнаў неахайныя каракулі на карычневай паперы — гэта быў падарунак ад Хагрыда, ключніка Хогвартса. Гары разарваў верхні слой паперы і ўбачыў нешта зялёнае і скураное, але не паспеў ён цалкам разгарнуць пакунак, як гэтае нешта дзіўна заварушылася і гучна заклацала, быццам зубамі.
Гары застыў. Ён ведаў, што Хагрыд ніколі б не прыслаў яму нічога небяспечнага знарок, але, з іншага боку, у Хагрыда былі свае ўяўленні пра небяспеку. Ён сябраваў з гіганцкімі павукамі, купіў быў жудаснага трохгаловага сабаку ў нейкіх незнаёмцаў у пабе, а ў сваёй хаціне незаконна спрабаваў выгадаваць дракона з яйка.
Гары нервова тыцнуў пальцам у пасылку, і яна зноў гучна клацнула. Хлопчык пацягнуўся па лямпу, што стаяла на тумбачцы ля ложка, цвёрда сціснуў яе ў руцэ і падняў над галавой, гатовы атакаваць. А тады другой рукой сцягнуў рэшткі паперы.
Знутры выпала кніга. Гары паспеў толькі заўважыць яе прыгожую зялёную вокладку, аздобленую залатой назвай «Пачварная кніга пра пачвар», — і тут яна перавярнулася на рабро і пабегла па ложку, як нейкі дзіўны краб.
— Аёй, — прамармытаў Гары.
Кніга з грукатам звалілася з ложка і хутка паслізгала па пакоі. Гары краўся за ёй. Кніга схавалася ў цемры пад сталом. Благаючы, каб Дурслі не прачнуліся, Гары апусціўся на карачкі і пацягнуўся па яе.
— Ой!
Кніга куснула яго за руку, а затым пабегла, размахваючы старонкамі. У суседнім пакоі гучна, сонна рыкнуў дзядзька Вернан.
Хэдвіга і Эрал з цікавасцю назіралі, як Гары сціснуў у руках брыклівую кнігу, падбег з ёй да камоды, дастаў рэмень і туга перавязаў ім таміну. «Пачварная кніга» злосна торгалася, але больш не магла раскрывацца і клацаць, так што Гары кінуў яе на ложак і ўзяў Хагрыдаву паштоўку.
Дарагі Гары,
з днём нараджэння!
Думаю, гэта табе спатрэбіцца ў вучэбным годзе. Болей тут ні слова. Як сустрэнемся — раскажу.
Спадзяюся, маглы цябе не крыўдзяць.
Будзь здароў,
Хагрыд.
Гары ўспала на думку, што нічога добрага гэты ў будучым карысны куслівы падарунак не прадракае, аднак паклаў паштоўку Хагрыда побач з Ронавай і Герміёнінай і шырока ўсміхнуўся. Заставаўся яшчэ толькі ліст з Хогвартса.
Сёлета ён быў таўсцейшы, чым зазвычай. Гары ўскрыў канверт, дастаў першы аркуш пергаменту і прачытаў:
Дарагі містар Потэр!
Калі ласка, звярніце ўвагу, што навучальны год пачынаецца першага верасня. «Хогвартскі экспрэс» адправіцца з платформы дзевяць і тры чвэрці вакзала Кінгс-Крос аб адзінаццатай гадзіне.
У вызначаныя выхадныя дні трэцякурснікі маюць магчымасць наведваць вёску Хогсмід. Калі ласка, перадайце для подпісу далучаны шаблон заявы на дазвол вашым бацькам або апекунам.
Таксама ў далучэнні змяшчаецца спіс падручнікаў.
Сардэчна ваша,
прафесар Макгонагал,
намесніца дырэктара.
Гары дастаў шаблон заявы для Хогсміда, паглядзеў на яго — і ўсмешка знікла з ягонага твару. Было б цудоўна наведваць Хогсмід у выхадныя — Гары ведаў, што гэта поўнасцю чараўніцкая вёска, і ён ніколі там не быў. Але як яму пераканаць дзядзьку Вернана ці цётку Петунію падпісаць гэтую заяву?
Ён зірнуў на будзільнік — была другая гадзіна ночы.
Вырашыўшы парупіцца аб заяве зранку, Гары залез назад у ложак, пацягнуўся ўверх і закрэсліў яшчэ адзін дзень у календары, які намаляваў, каб лічыць дні да вяртання ў Хогвартс. А пасля зняў акуляры, лёг, але не заплюшчваў вачэй і глядзеў на свае тры віншавальныя паштоўкі.
Хоць Гары Потэр і быў зусім незвычайным хлопчыкам, у гэты момант ён адчуваў сябе як любы іншы чалавек: упершыню ў жыцці ён радаваўся свайму дню народзінаў.

Text © J.K. Rowling 1999
Wizarding World is a trade mark of Warner Bros. Entertainment Inc. Wizarding World Publishing and Theatrical Rights © J.K. Rowling
Wizarding World characters, names and related indicia are TM and © Warner Bros. Entertainment Inc. All rights reserved

Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку