Дж. К. Роўлінг
Гары Потэр і Таемная зала
Другі раман з культавай серыі твораў англійскай пісьмен­ніцы Дж. К. Роўлінг пра хлопчыка-чараўніка Гары Потэра. Упершыню выдаецца на беларускай мове.
Другі год навучання Гары Потэра ў Хогвартсе зноў багаты на жахі і пакуты – празмерна фанабэрлівы новы прафесар Гілдэрой Локхарт, прывід па імені Румза Міртл, што жыве ў жаночай прыбіральні, і недарэчная ўвага з боку малодшай Ронавай сястры Джыні Уізлі.
Але ўсё гэта аказваецца драбязой, калі ўзнікаюць сапраўдныя праблемы і нехта – або нешта – пачынае ператвараць вучняў Хогвартса ў камень. Можа, гэта Драка Малфой, яшчэ агіднейшы, чым звычайна? А можа, гэта Хагрыд, чыё таямнічае мінулае ўрэшце раскрылася? Ці, можа, гэта той, каго ў Хогвартсе падазраюць найбольш… сам Гары Потэр?

Пераклад з англійскай мовы Алены Пятровіч


Старт продажу – 26 верасня
Дзейнічае папярэдні заказ!

Раздзел 1
Найгоршы дзень народзінаў


Ужо не першы раз у доме нумар чатыры на Крушынавай вуліцы падчас сняданку разгарэлася сварка. Містар Вернан Дурслі прачнуўся з самай раніцы ад гучнага кугакання, якое даносілася з пакоя яго пляменніка Гары.
— Трэці раз за тыдзень! — гаркнуў ён з другога канца стала. — Калі ты не можаш суняць гэтую саву, давядзецца ад яе пазбавіцца!
Гары зноўку паспрабаваў растлумачыць:
— Ёй нудна. Яна прывыкла лятаць. Калі б можна было выпускаць яе ўначы…
— Я што, ідыёт, па-твойму? — рыкнуў дзядзька Вернан, на кусцістых вусах якога боўтаўся кавалак яечні. — Я ведаю, што будзе, калі выпусціць гэтую саву.
Ён перакінуўся змрочным позіркам са сваёй жонкай Петуніяй.
Гары зноў паспрабаваў запярэчыць, але яго словы заглушыла доўгая гучная адрыжка Дадлі, сына Дурсляў.
— Хачу яшчэ бекону.
— На патэльні ёсць дабаўка, бусечка мая, — сказала цётка Петунія, любоўна пазіраючы на свайго вялізнага сына. — Трэба падкарміць цябе, пакуль ёсць магчымасць… Мне так не падабаецца школьная ежа…
— Лухта, Петунія, я ніколі не галадаў, калі вучыўся ў Смэлтынгзе, — задаволена ўспомніў дзядзька Вернан. — Дадлі ўсяго хапае, праўда, сынку?
Дадлі быў такі вялікі, што яго азадак звісаў з кухоннага крэсла. Ён ухмыльнуўся і павярнуўся да Гары.
— Прынясі патэльню.
— Ты забыў чароўнае слова, — зласліва адказаў Гары.
Эфект, які гэтая простая фраза зрабіла на ўсю сям'ю, быў проста неверагодны: Дадлі хапануў ротам паветра і ўпаў з крэсла з такім грукатам, што ўся кухня страсянулася, місіс Дурслі ціха віскнула і прыкрыла рукамі рот, а містар Дурслі падхапіўся, і на яго скронях запульсавалі вены.
— Я меў на ўвазе «калі ласка»! — тут жа сказаў Гары. — Я не меў на ўвазе…
— ШТО Я ТАБЕ СКАЗАЎ, — закрычаў дзядзька, пырскаючы слінай над сталом, — ПРА СЛОВЫ НА ЛІТАРУ Ч У МАІМ ДОМЕ?
— Але я…
— ЯК ТЫ ПАСМЕЎ ПАЛОХАЦЬ ДАДЛІ! — працягваў раўці дзядзька Вернан, стукаючы кулаком па стале.
— Я толькі…
— Я ПАПЯРЭДЖВАЎ ЦЯБЕ! Я НЕ ПАЦЯРПЛЮ ПАД ГЭТЫМ ДАХАМ ЗГАДАК ПРА ТВАЮ НЕНАРМАЛЬНАСЦЬ!
Гары пераводзіў позірк з чырвонага твару дзядзькі на бледны твар цёткі, якая намагалася падняць Дадлі на ногі.
— Добра, — сказаў Гары, — добра…
Дзядзька Вернан зноў сеў, дыхаючы, як раз'ятраны насарог, і косячыся маленькімі колкімі вачыма на хлопчыка.
З таго часу як Гары вярнуўся дадому на летнія вакацыі, дзядзька Вернан ставіўся да яго як да бомбы, гатовай выбухнуць у любы момант, бо Гары Потэр не быў нармальным хлопчыкам. Уласна кажучы, ён быў настолькі ненармальны, наколькі гэта ўвогуле магчыма.
Гары Потэр быў чараўніком — чараўніком, які год правучыўся ў Хогвартсе, школе чарадзейства і магіі. І тое, што Дурсляў засмучала яго вяртанне дадому на вакацыі, было дробяззю ў параўнанні з тым, што адчуваў сам Гары.
Ён вельмі моцна сумаваў па Хогвартсе, і гэты сум нагадваў безупынны зубны боль. Сумаваў па замку, па яго сакрэтных праходах і прывідах, па ўроках і настаўніках (ну, хіба апрача Снэйпа, настаўніка зеллязнаўства), па пошце, якую прыносілі совы, па святочных вячэрах у Вялікай зале, па сваім ложку з полагам на чатырох слупках у спальні, што месцілася ў вежы, па візітах да ключніка Хагрыда, які жыў у хаціне на ўскрайку Забароненага лесу, і асабліва па квідычы — самай папулярнай спартыўнай гульні ў свеце чараўнікоў (шэсць вялікіх брамных стоек, чатыры мячы-летуны і чатырнаццаць гульцоў на мётлах).
Усе кнігі заклёнаў, чароўную палачку, мантыю, кацёл і перадусім мятлу «Німбус-2000» дзядзька Вернан схаваў у каморы пад лесвіцай, як толькі Гары вярнуўся дамоў. Хіба Дурсляў абыходзіць, што Гары можа страціць месца ў факультэцкай камандзе па квідычы, бо не трэніраваўся ўсё лета? Якая ім розніца, што Гары вернецца ў школу, не зрабіўшы ніводнага задання? Дурслі былі тымі, каго чараўнікі называюць магламі (ні кроплі магічнай крыві ў жылах), і найвялікшым сорамам для іх было мець у сям'і чараўніка. Дзядзька Вернан нават зачыніў у клетцы на навясны замок Хэдвігу, саву Гары, каб яна не магла перадаваць паведамленні нікому з чараўнікоў.
Гары быў непадобным ні да кога са сваякоў. Дзядзька Вернан — вялізны і амаль без шыі, з неверагодна чорнымі вусамі; цётка Петунія — кашчавая і з тварам як у кабылы; Дадлі — тоўсты ружовы бландзін. Гары ж, наадварот, быў маленькім і худым, з ярка-зялёнымі вачыма і чорнымі як смоль ускудлачанымі валасамі. Ён насіў круглыя акуляры, а на лбе ў яго быў тонкі шнар у форме маланкі.
Акурат гэты шнар і зрабіў Гары такім незвычайным, нават для свету чараўнікоў. Гэты шнар быў адзіным следам вельмі таямнічага мінулага — гісторыі, праз якую хлопчыка і пакінулі на ганку Дурсляў адзінаццаць гадоў таму.
Калі Гары быў адзін год, ён нейкім чынам выжыў, хоць на яго наклаў праклён найвялікшы цёмны чараўнік усіх часоў, Лорд Валдэморт, чыё імя большасць чараўніц і чараўнікоў дагэтуль баяцца вымаўляць. Бацькі Гары загінулі падчас нападу Валдэморта, але Гары атрымаў толькі маланкападобны шнар: сіла Валдэморта — ніхто не ведае чаму —знікла ў тое імгненне, калі ён не змог забіць Гары.
І вось цяпер Гары выхоўвалі сястра яго памерлай маці і ейны муж. Хлопчык пражыў дзесяць гадоў з Дурслямі, не разумеючы, чаму ён увесь час, хоць і мімаволі, робіць дзіўныя рэчы, і верачы ў гісторыю Дурсляў, быццам шнар ён атрымаў у аўтакатастрофе, у якой і загінулі яго бацькі.
А потым, акурат год назад, Гары атрымаў ліст з Хогвартса, і ўся праўда раскрылася. Гары паступіў у школу чараўніцтва, дзе ён і яго шнар былі асабліва знакамітыя… Але цяпер навучальны год скончыўся, і хлопчык вярнуўся на лета да Дурсляў, вярнуўся туды, дзе да яго ставіліся як да сабакі, які выкачаўся ў нечым смярдзючым.
Дурслі нават не ўспомнілі, што сёння дванаццаты дзень народзінаў Гары. Вядома, ні на што асаблівае ён не спадзяваўся: яны ніколі не дарылі яму сапраўдных падарункаў, не кажучы ўжо пра торт, — але каб цалкам праігнараваць…
Тут дзядзька Вернан з важным выглядам адкашляўся і сказаў:
— Як мы ўсе ведаем, сёння вельмі важны дзень.
Гары падняў на яго вочы, не верачы сваім вушам.
— Магчыма, сёння я заключу самую буйную ўгоду за сваю кар'еру, — сказаў дзядзька.
Гары вярнуўся да свайго тоста. «Вядома, — з горыччу падумаў ён, — дзядзька Вернан кажа пра гэтую дурацкую вячэру». Апошнія два тыдні ён толькі пра яе і гаварыў. Нейкі багаты будаўнік з жонкай прыйдуць да іх у госці, і дзядзька Вернан спадзяваўся атрымаць ад яго вялікі заказ (кампанія дзядзькі Вернана вырабляла дрылі).
— Давайце яшчэ раз пройдземся па тым, як мы ўсё зробім, — сказаў дзядзька Вернан. — А восьмай гадзіне ўсе павінны быць на сваіх месцах. Петунія, ты будзеш…
— У гасцёўні, — тут жа адказала цётка Петунія, — каб адразу ветліва прывітаць іх у нашым доме.
— Добра, добра. А ты, Дадлі?
— Я буду чакаць ля дзвярэй, каб адчыніць ім, — на твары Дадлі з'явілася агідная, штучная ўсмешка. — «Дазвольце ўзяць вашыя плашчы, містар і місіс Мэйсан».
— Яны тут жа палюбяць яго! — захоплена ўскрыкнула цётка Петунія.
— Выдатна, Дадлі, — сказаў дзядзька Вернан, а затым павярнуўся да Гары: — А ты?
— Я буду ціха сядзець у сваёй спальні і ўдаваць, што мяне няма, — абыякава адгукнуўся Гары.
— Вось так і рабі, — непрыемным голасам сказаў дзядзька. — Я правяду іх у гасцёўню, прадстаўлю цябе, Петунія, і налью ім выпіць. А восьмай пятнаццаць…
— Я паклічу ўсіх на вячэру, — сказала цётка Петунія.
— А ты, Дадлі, скажаш…
— «Дазвольце правесці вас у сталовую, місіс Мэйсан», — сказаў Дадлі, прапануючы нябачнай жанчыне сваю тоўстую руку.
— Мой цудоўны маленькі джэнтльмен! — ледзь не заплакала цётка Петунія.
— А ты? — злосна спытаў дзядзька Вернан у Гары.
— Я буду ціха сядзець у сваёй спальні і ўдаваць, што мяне няма, — вяла паўтарыў Гары.
— Менавіта. А цяпер трэба падрыхтаваць некалькі кампліментаў на вечар. Петунія, ёсць ідэі?
— «Вернан казаў мне, што вы цудоўна гуляеце ў гольф, містар Мэйсан…», «Місіс Мэйсан, ці не падкажаце, дзе вы купілі такую сукенку?..»
— Выдатна… Дадлі?
— Як наконт: «Нам у школе задалі напісаць сачыненне на тэму "Мой герой", і я напісаў пра вас, містар Мэйсан».
Гэта ўжо было занадта — і для цёткі Петуніі, і для Гары. Цётка Петунія расплакалася і абняла сына, а Гары споўз пад стол, каб ніхто не ўбачыў, як ён памірае ад смеху.
— А ты, хлопец?
Гары паказаўся з-пад стала, намагаючыся выглядаць сур'ёзным.
— Я буду ціха сядзець у сваёй спальні і ўдаваць, што мяне няма, — адказаў ён.
— Ясна, што будзеш, — злосна сказаў дзядзька Вернан. — Мэйсаны нічога пра цябе не ведаюць і, спадзяюся, не даведаюцца. Петунія, пасля вячэры запрасі місіс Мэйсан назад у гасцёўню выпіць кавы, а я завяду размову пра дрылі. Калі пашанцуе, падпісаная і завераная ўгода будзе ў мяне на руках яшчэ да вечаровых навін. А заўтра ў гэты час мы ўжо будзем выбіраць дом для адпачынку на Маёрцы.
Гары гэта зусім не ўсхвалявала. Наўрад ці на Маёрцы Дурслі раптам палюбяць яго больш, чым тут, на Крушынавай вуліцы.
— Ну добра… Я паеду ў горад па смокінгі для нас з Дадлі. А ты, — рыкнуў ён на Гары, — ты не блытайся пад нагамі, пакуль твая цётка будзе прыбірацца ў доме.
Гары выйшаў праз заднія дзверы. Быў выдатны сонечны дзень. Хлопчык прайшоў па газоне, сеў на садовую лаўку і праспяваў пад нос:
— З нараджэннем мяне… З нараджэннем мяне…
Ні паштовак, ні падарункаў, ды яшчэ і ўвесь вечар трэба ўдаваць, нібыта цябе не існуе. Ён сядзеў і тужліва ўзіраўся ў агароджу. Яшчэ ніколі ён не адчуваў сябе такім адзінокім. Больш за што іншае ў Хогвартсе, нават больш за квідыч, Гары сумаваў па сваіх найлепшых сябрах, Рону Уізлі і Герміёне Грэйнджэр. Аднак яны, здаецца, зусім не сумавалі па ім. Ніхто з іх ні разу за ўсё лета не напісаў яму, хаця Рон збіраўся запрасіць Гары ў госці.
Цяжка падлічыць, колькі разоў Гары быў гатовы адчыніць клетку Хэдвігі з дапамогай магіі і адправіць з ёй лісты Рону і Герміёне. Але гэта было занадта рызыкоўна. Непаўналетнім чараўнікам не дазвалялася выкарыстоўваць магію па-за школай. Пра гэта Гары не сказаў Дурслям, бо ведаў: адзінае, што перашкаджае ім зачыніць яго ў каморы разам з мятлой і чароўнай палачкай, — гэта страх, што ён ператворыць іх у жукоў-гнаевікоў. Першыя пару тыдняў Гары забаўляў сябе тым, што мармытаў пад нос бессэнсоўныя словы і пасля назіраў, як Дадлі ўцякае з пакоя — так хутка, як дазваляюць яго таўсматыя ногі. Але праз доўгае маўчанне Рона і Герміёны Гары адчуў сябе настолькі адарваным ад магічнага свету, што яму стала нецікава нават здзекавацца з Дадлі… А вось цяпер Рон і Герміёна забылі пра яго дзень народзінаў.
Зараз ён бы ўсё аддаў за ліст з Хогвартса. Ад любога чараўніка ці чараўніцы. Ён ужо амаль марыў пра сустрэчу нават са сваім заклятым ворагам, Драка Малфоем, — проста каб упэўніцца, што ўсё гэта яму не прыснілася…
Але не ўвесь год у Хогвартсе быў такі вясёлы. У канцы семестра Гары сустрэўся тварам у твар з самім Лордам Валдэмортам. І хаця Валдэморт быў толькі рэшткамі мінулага сябе, ён заставаўся ўсё яшчэ жахлівым, усё яшчэ падступным, усё яшчэ гатовым вярнуць сваю сілу. Гары другі раз выслізнуў у яго з рук, але гэта яму ледзьве ўдалося, і нават цяпер, праз шмат тыдняў, хлопчык усё яшчэ прачынаўся ўначы ў халодным поце, думаючы, дзе ж цяпер Валдэморт. У памяці паўставаў яго раз'ятраны твар, яго вырачаныя, шалёныя вочы…
Раптам Гары рэзка выпрастаўся на лаўцы. Перад гэтым ён бяздумна глядзеў на агароджу… і тут агароджа паглядзела на яго. Сярод лісця з'явілася пара вялізных зялёных вачэй.
Гары падскочыў, пачуўшы ў садзе здзеклівы голас.
— А я ведаю, што сёння за дзень, — праспяваў Дадлі, уперавалку падыходзячы да Гары.
Вялізныя вочы міргнулі і зніклі.
— Што? — спытаў Гары, не адводзячы позірку ад месца, дзе яны толькі што былі.
— Я ведаю, што сёння за дзень, — паўтарыў Дадлі, падыходзячы яшчэ бліжэй.
— Малайчына, — сказаў Гары. — Значыць, ты ўрэшце вывучыў дні тыдня.
— Сёння твой дзень народзінаў, — ухмыльнуўся Дадлі. — Што, не атрымаў ніводнай паштоўкі? У цябе, я гляджу, увогуле няма сяброў у тым тваім месцы для вырадкаў.
— Лепш, каб твая мамачка не чула, што ты гаворыш пра маю школу, — холадна адказаў Гары.
Дадлі падцягнуў штаны, што спаўзалі з яго тлустага азадка.
— Чаго ты ўперыўся ў агароджу? — з падазрэннем запытаў ён.
— Вырашаю, якім заклёнам яе лепш падпаліць, — адказаў Гары.
Дадлі тут жа падаўся назад, і на яго тоўстым твары з'явіўся страх.
— Ты н-не можаш… Тата сказаў табе не ч-чараваць… Ён сказаў, ён выганіць цябе з дому… а табе няма куды пайсці… у цябе няма ніякіх сяброў, што цябе прытуляць…
— Чары-мары! — заўзята пачаў Гары. — Фокус-покус… фіглі-міглі…
— МААААААМА! — зароў Дадлі, бегучы дадому і блытаючыся ў сваіх жа нагах. — МАААМА! Ён робіць сама-ведаеш-што!
Гары дорага заплаціў за хвілю забавы. Паколькі ні Дадлі, ні агароджа не пацярпелі, цётка Петунія зразумела, што Гары не чараваў, але яму ўсё адно давялося прыгінацца, пакуль яна размахвала ў яго над галавой мыльнай патэльняй. Пасля цётка нагрузіла яго працай, дадаўшы, што ён застанецца галодным, пакуль усё не зробіць.
Пакуль Дадлі бадзяўся без справы і еў марозіва, Гары памыў вокны і машыну, пакасіў газон, прывёў да ладу клумбы, падрэзаў і паліў ружы і перафарбаваў лаўку. Сонца няшчадна пякло, абпальваючы яму карак. Гары ведаў, што не трэба прымаць блізка да сэрца Дадлевы словы, але стрыечны брат агучыў акурат тое, пра што Гары і сам думаў: магчыма, у яго сапраўды не было ніякіх сяброў у Хогвартсе…
Бачылі б яны цяпер знакамітага Гары Потэра, са злосцю думаў ён, угнойваючы клумбы. У яго балела спіна, а па твары сцякаў пот.
Была палова восьмай вечара, калі ён, змораны, урэшце пачуў, як яго кліча цётка Петунія.
— Ідзі сюды! Але ступай на газеты!
Гары ахвотна перабраўся ў цень вымытай да бляску кухні. Зверху на халадзільніку стаяў святочны пудынг: вялізная гара ўзбітых вяршкоў і зацукраваных фіялак. У духоўцы сквірчэла свіная туша.
— Еш хутчэй! Мэйсаны будуць з хвіліны на хвіліну! — рэзка сказала цётка Петунія, паказваючы на дзве лусты хлеба і кавалак сыру, што ляжалі на кухонным стале. Яна ўжо надзела аранжава-ружовую кактэйльную сукенку.
Гары вымыў рукі і прагна заглынуў сваю ўбогую вячэру. Як толькі ён скончыў, цётка Петунія тут жа прыбрала талерку.
— Наверх! Хутчэй!
Мінаючы дзверы гасцёўні, Гары мімаходам ухапіў позіркам дзядзьку Вернана і Дадлі ў смокінгах і з гальштукамі-матылькамі. Не паспеў ён падняцца па прыступках, як пачуўся званок у дзверы і ўнізе лесвіцы паказаўся злосны твар дзядзькі Вернана.
— Памятай, хлопец… каб ні гуку…
Гары на дыбачках прайшоў да сваёй спальні, праслізнуў унутр, зачыніў дзверы і павярнуўся, каб знясілена ўпасці на ложак.
Праблема была ў тым, што там ужо нехта сядзеў.

Text © J.K. Rowling 1998
Wizarding World is a trade mark of Warner Bros. Entertainment Inc. Wizarding World Publishing and Theatrical Rights © J.K. Rowling
Wizarding World characters, names and related indicia are TM and © Warner Bros. Entertainment Inc. All rights reserved

Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку
Made on
Tilda