Дж. К. Роўлінг
Гары Потэр і філасофскі камень
Першы раман з культавай серыі твораў англійскай пісьмен­ніцы Дж. К. Роўлінг пра хлопчыка-чараўніка Гары Потэра. Упершыню выдаецца на беларускай мове.
...Пакуль што для Гары Потэра магіі не існуе. Ён жыве з невыноснымі Дурслямі і іхнім жудасным сынам Дадлі. Пакоем Гары служыць маленькая камора пад лесвіцай, і адзінаццаць гадоў ніхто не святкуе яго дзень народзінаў. Але пасля сава прыносіць таямнічы ліст — запрашэнне ў неверагоднае месца пад назвай Хогвартс, Школу чарадзейства і магіі. Там хлопчык знаходзіць сяброў, адкрывае для сябе спартыўную гульню, у якой лятаюць на мётлах, і сутыкаецца з магіяй ва ўсім, ад вучобы да ежы. А яшчэ дазнаецца, што яго чакае вялікі лёс. Але для гэтага Гары мусіць выжыць… у супрацьстаянні.

Пераклад з англійскай мовы Алены Пятровіч

Купіць кнігу
Раздзел 1
Хлопчык, які выжыў


Містар і місіс Дурслі жылі на Крушынавай вуліцы ў до­ме нумар чатыры і вельмі ганарыліся тым, што яны, на шчасце, абсалютна нармальныя лю­дзі. Ніхто ў жыц­ці б не паверыў, што ў такой сям'і можа адбыцца нешта дзіўнае і загадкавае, бо хто-хто, а яны не стануць цярпець аніякага глупства.
Містар Дурслі працаваў дырэктарам фірмы «Гранінгс», якая займалася вырабам дрылёў. Гэта быў вялізны, таўсматы мужчына, амаль што без шыі, затое з густымі вусамі. А місіс Дурслі была худой бландзінкай з доўгай шыяй, удвая даўжэйшай за звычайную, і гэта ёй вельмі дапамагала, бо яна бавіла шмат часу, падглядаючы за суседзямі праз плот. У Дурсляў быў сын, якога звалі Дадлі, — на іх думку, самае цудоўнае дзіцятка на свеце.
Дурслі мелі ўсё, што хацелі, аднак у іх быў адзін сакрэт, і больш за ўсё на свеце яны баяліся, што не­хта яго раскрые. Яны б не вынеслі, калі б хто-небудзь дазнаўся пра Потэраў. Місіс Потэр была сястрой місіс Дурслі, але яны не бачыліся ўжо некалькі гадоў. Насамрэч місіс Дурслі рабіла выгляд, што ў яе ўвогуле няма сястры, бо тая і ейны нікчэмны муж былі настолькі нядурслевымі, наколькі гэта можна ўявіць. Што скажуць суседзі, калі Потэры з'явяцца на Крушынавай вуліцы, — гэтая думка страшна палохала Дурсляў. Яны ведалі, што ў Потэраў таксама ёсць сын, але ні разу яго не бачылі. Гэты хлопчык быў яшчэ адной прычынай трымацца падалей ад Потэраў: Дурслі не хацелі, каб іх Дадлі вадзіўся з гэткімі дзецьмі.
Калі містар і місіс Дурслі прачнуліся той самай сумнай і шэрай раніцай аўторка, у які пачынаецца наша гісторыя, нічога, нават хмарнае неба, не прадказвала дзіўных і таямнічых рэчаў, якія неўзабаве здарацца па ўсёй краіне. Містар Дурслі мурлыкаў нешта сабе пад нос, пакуль выбіраў чарговы нудны гальштук на працу, а місіс Дурслі радасна пераказвала плёткі, намагаючыся ўсадзіць Дадлі, які істэрычна крычаў, на яго высокае крэселка.
Ніхто з іх не заўважыў вялікай шэрай кугакаўкі, якая праляцела паўз акно.
У восем трыццаць містар Дурслі ўзяў партфель, чмокнуў місіс Дурслі ў шчаку і паспрабаваў пацалаваць на развітанне Дадлі, але прамахнуўся, бо ў сына пачаўся прыступ гневу, і ён раскідваў па сценах кашу.
— От гарэза, — хіхікнуў містар Дурслі, выходзячы на двор.
Ён сеў у машыну і ад'ехаў ад дома нумар чатыры.
Ужо на рагу вуліцы ён заўважыў першую прыкмету чагосьці незвычайнага — котку, якая вывучала нейкую карту. Спачатку містар Дурслі нават не ўсвядоміў, што менавіта ён убачыў, і таму абярнуўся, каб паглядзець яшчэ раз. На рагу Крушынавай вуліцы стаяла паласатая котка, але побач ніякай карты не было. Як ён мог да такога даўмецца? Вядома, гэта гульня святла і ценю. Містар Дурслі праміргаўся і ўтаропіўся ў котку. Котка таксама паглядзела на містара Дурслі. І пакуль ён паварочваў за рог, то ўсё яшчэ назіраў яе ў люстэрку. Цяпер яна чытала шыльду з назвай «Крушынавая вуліца» — не, безумоўна, яна проста глядзела на шыльду. Каты не ўмеюць чытаць ні шыльдаў, ні мапаў. Містар Дурслі страпянуўся і выкінуў котку з галавы. Пад'яз­джаючы да горада, ён ужо думаў толькі пра тое, наколькі буйную партыю дрылёў яму ўдасца прадаць сёння.
Але як толькі ён заехаў у горад, дрылі з яго галавы выцесніла нешта іншае. Стоячы ў звычайным ранішнім заторы, ён заўважыў навокал мноства дзіўна апранутых людзей. Людзей у мантыях. Містар Дурслі цярпець не мог, калі людзі насілі смешную вопратку — усе гэтыя маладзёжныя прыкіды! І вось табе — чарговая ідыёцкая мода. Ён паляпаў па стырне, і яго погляд спыніўся на гэтых дзіваках. Яны стаялі побач і ўсхвалявана перашэптваліся. Містар Дурслі з абурэннем заў­важыў, што некаторыя з іх — зусім не моладзь. Вунь той мужчына, мабыць, старэйшы за яго, а начапіў на сябе смарагдава-зялёную мантыю! Якое нахабства! Але тут яму ўспала на думку, што гэта, мабыць, проста дурацкія фокусы — відавочна, тыя дзівакі ўсяго толькі збіраюць на нешта грошы… Безумоўна, так яно і ёсць. Затор пачаў рассмоктвацца, праз пару хвілін містар Дурслі прыехаў на стаянку фірмы «Гранінгс», і яго думкі вярнуліся да дрылёў.
Містар Дурслі заўсёды сядзеў у сваім кабінеце на дзясятым паверсе спінай да акна. Калі б не гэта, зася­родзіцца на дрылях яму было б не так і лёгка. Ён не бачыў соў, якія лёталі сярод белага дня, а людзі на вуліцы бачылі: яны паказвалі на іх пальцамі і назіралі, раскрыўшы раты, як па-над галовамі адна за адной праносіліся птушкі. Дагэтуль большасць не бачыла соў нават уначы. Аднак у містара Дурслі была абсалютна нармальная, бяссоўная раніца. Ён накрычаў на пяцярых супрацоўнікаў, зрабіў некалькі надзвычай важных тэлефонных званкоў і яшчэ крыху палаяўся. Ён быў у гуморы аж да самага абеду, а потым вырашыў размяць ногі і прайсціся ў пякарню на тым баку вуліцы па булачку.
Ён ужо цалкам забыўся на людзей у мантыях, як раптам па дарозе наткнуўся на грамаду такіх дзівакоў. Ён злосна паглядзеў на іх і невядома чаму адчуў неспакой. Гэтая група таксама ўсхвалявана перашэптвалася, але скарбонкі для збору грошай нідзе не было. А вяртаючыся назад з вялікім пончыкам у пакунку, ён выхапіў некалькі слоў з размовы.
— …Потэры, менавіта так… так мне сказалі…
— …так, іх сын Гары…
Містар Дурслі знерухомеў. Яго апанаваў страх. Ён азірнуўся на гэтых дзівакоў, быццам хацеў ім нешта сказаць, але перадумаў і змаўчаў.
Ён імкліва перайшоў вуліцу, паспяшаў у офіс, гаркнуў сакратарцы, каб яго не турбавалі, схапіў тэлефон і амаль набраў хатні нумар, ды раптам перадумаў. Ён паклаў слухаўку і ў роздуме прыгладзіў вусы… Не, нейкае абы-што. Потэры — не такое і рэдкае прозві­шча. Ён быў упэўнены, што ёсць куча Потэраў, сына якіх завуць Гары. Калі на тое пайшло, ён ужо ўвогуле сумняваўся, ці сапраўды яго пляменніка завуць Гары. Ён жа яго ніколі не бачыў. Яго маглі зваць Харві. Ці Гаральд. Не варта турбаваць жонку: любая згадка пра сяст­ру заўсёды так яе засмучала. Ён яе не вінаваціў — калі б у яго была такая сястра… Але ўсё адно, гэтыя людзі ў мантыях…
Цяпер яму стала нашмат цяжэй канцэнтравацца на дрылях, і калі а пятай гадзіне ён выйшаў з будынка, то ўсё яшчэ быў такі занепакоены, што проста на ганку з кімсьці сутыкнуўся.
— Выбачайце, — буркнуў ён, калі нізенькі стары спатыкнуўся і ледзь не ўпаў.
Толькі праз некалькі секунд містар Дурслі зразумеў, што стары апрануты ў фіялетавую мантыю. Здавалася, ён зусім не засмуціўся, хоць амаль паваліўся на зямлю. Наадварот, шырока ўсміхнуўся і пісклявым голасам ускрыкнуў так, што мінакі пачалі азірацца:
— Не варта выбачацца, шаноўны сэр, сёння мяне нішто не зможа засмуціць! Радуйцеся, бо Самі-Ведаеце-Каго больш няма! Нават такія маглы, як вы, мусяць святкаваць гэты дзень, гэты шчаслівы, шчаслівы дзень!
І ён абняў містара Дурслі за пояс і пабег далей.
Містар Дурслі стаў як скамянелы. Яго толькі што абняў незнаёмы чалавек. А да таго ж назваў маглам, што б гэта ні значыла. Нібы аглушаны, ён кінуўся да машыны і паімчаў дадому, спадзяваючыся, што ўсё гэта — плён яго фантазіі, хаця раней не пагадзіўся б і на такое, бо ніякіх фантазій не ўхваляў.
Пад'ехаўшы да дома нумар чатыры, ён адразу ж убачыў — і гэта яго ніяк не супакоіла! — ранішнюю паласатую котку. Цяпер яна сядзела на садовай агаро­джы. Ён быў упэўнены, што котка тая самая — у яе былі тыя ж плямы вакол вачэй.
— Псік! — крыкнуў містар Дурслі.
Котка не зварухнулася і толькі строга паглядзела на яго. Ці паводзяць сябе так нармальныя каты? Містар Дурслі хацеў бы гэта ведаць. Спрабуючы ўзяць сябе ў рукі, ён зайшоў у дом. Ён усё яшчэ пераймаўся, як бы не прагаварыцца жонцы.
А вось у місіс Дурслі быў цудоўны нармальны дзень. За вячэрай яна расказала мужу пра суседчыны праб­лемы з дачкой і пра тое, што Дадлі вывучыў новы выраз («Не буду!»). Містар Дурслі стараўся паводзіцца нармальна. Калі Дадлі паклалі спаць, яго бацька зай­шоў у гасцёўню акурат на вечаровыя навіны:
— І апошняе на сёння: з усёй краіны паступаюць паведамленні ад назіральнікаў за птушкамі пра анамальныя паводзіны соў. Нягледзячы на тое, што звычайна совы палююць уначы і іх рэдка можна ўбачыць удзень, гэтыя птушкі былі сотні разоў заўважаныя пасля ўзы­ходу сонца. Яны ляцелі ва ўсіх магчымых кірунках. Эксперты не могуць растлумачыць прычыны раптоўных змен у распарадку дня соў, — сказаў вядоўца і пажартаваў у дадатак: — Усё гэта надзвычай загадкава. А цяпер я перадаю слова Джыму Макгафіну, які рас­кажа нам пра надвор'е. Прывітанне, Джым, дык ці чакаць нам савінага дажджу?
— Не ведаю, Тэд, — сказаў вядоўца прагнозу надвор'я, — але не толькі совы паводзілі сябе сёння дзіўна. Нашы гледачы з розных мясцін — Кента, Ёркшыра і Дандзі — паведамлялі, што замест дажджу, які прагназаваўся ўчора, у іх была сапраўдная залева са знічак! Мажліва, людзі вырашылі загадзя адсвяткаваць Ноч феерверкаў — гэй, народ, яна толькі на наступным тыдні! Але сёння я дакладна магу абяцаць — уначы будзе дождж.
Містар Дурслі сядзеў у сваім фатэлі і абліваўся халодным потам. Знічкі па ўсёй Брытаніі? Совы лётаюць удзень? Загадкавыя людзі ў мантыях? І гэтыя пера­шэптванні пра Потэраў…
Місіс Дурслі зайшла ў гасцёўню з двума кубкамі гарбаты. Далей цярпець немагчыма. Ён мусіў нешта ёй сказаць. Містар Дурслі нервова пракашляўся і пачаў:
— Э… Петунія, дарагая… Там ад тваёй сястры апошнім часам нічога не чуваць?
Як ён і падазраваў, місіс Дурслі тут жа раззлавалася. І не дзіва, яны ж заўсёды ўдавалі, што ніякай сястры няма.
— Не чуваць, — адрэзала яна. — А што?
— Ну, там сёння ў навінах… розныя дзіўныя рэчы… — прамармытаў містар Дурслі. — Совы… знічкі… І ў горадзе натоўпы дзіўных людзей…
— І што? — суха спытала місіс Дурслі.
— Ну… я падумаў… можа… гэта неяк звязана… ну, ты ведаеш… з такімі, як яна.
Місіс Дурслі падціснула губы і крыху адпіла гарбаты. Містар Дурслі не ведаў, ці здолее ён прызнацца, што чуў імя Потэраў. І вырашыў — не здолее. Замест гэтага ён сказаў — самым звычайным голасам, на які быў здатны:
— Іх сын… ён жа недзе ўзросту нашага Дадлі?
— Здаецца, так, — неахвотна адказала місіс Дурслі.
— Нагадай, як яго завуць? Говард?
— Гары. Брыдкае, грубае імя.
— Ага, праўда што, — прамовіў містар Дурслі, і яго сэрца жудасна закалацілася. — Вельмі брыдкае імя.
Тут яны пайшлі наверх, і больш ён не сказаў на гэтую тэму ні слова. Пакуль місіс Дурслі была ў ванным пакоі, містар Дурслі вызірнуў праз акно спальні ў сад. Котка ўсё яшчэ была там. Яна глядзела на вуліцу і нібыта чагосьці чакала.
Можа, ён усё гэта сабе прыдумаў? Ці звязана ўсё гэта з Потэрамі? Калі так… калі выплыве вонкі тое, што Дурслі — іх радня… Такога ён не вытрывае.
Дурслі леглі спаць. Місіс Дурслі хутка заснула, але яе муж доўга круціўся, перабіраючы ў галаве падзеі дня. Нават калі гэта ўсё неяк тычыцца Потэраў, з чаго б ім раптам сустракацца з ім і місіс Дурслі? Потэры выдатна ведаюць, што ён і Петунія думаюць пра іх ды астатніх людзей такога гатунку… Містар Дурслі не ўяўляў, як ён або Петунія могуць быць звязаныя з тым, што цяпер робіцца… Ён пазяхнуў і павярнуўся на бок. На іх гэта ніяк не адаб'ецца… Гэта была апошняя суцяшальная думка, пасля якой ён заснуў.
Як жа ён памыляўся!
Містар Дурслі праваліўся ў трывожны сон, а котка на садовай агароджы не паказвала ані знаку стомы. Яна замёрла, як статуя, ейныя вочы, не міргаючы, глядзелі на рог Крушынавай вуліцы. Яна не ўздрыгнула ні тады, калі ля суседняга дома ляпнулі дзверы машыны, ні нават тады, калі ўверсе пранесліся дзве савы. Зварухнулася яна толькі недзе апоўначы.
На рагу вуліцы, куды котка акурат і пазірала, з'явіўся чалавек. Ён узнік так раптоўна і бязгучна, нібыта вырас з-пад зямлі. Котка павяла хвастом, і яе вочы звузіліся.
Нікога падобнага да гэтага мужчыны Крушынавая вуліца раней не бачыла. Ён быў высокі, худы і вельмі стары, калі меркаваць па яго сівых валасах і бара­дзе — такіх доўгіх, што іх можна было заправіць за пояс. Ён быў у пурпуровай мантыі, якая даставала да зям­лі, ды ў ботах са спражкамі і на высокім абцасе. Яго светлыя, яркія блакітныя вочы блішчалі за шкельцамі акуляраў у форме паўмесяцаў. Нос быў доўгі і скрыўлены, нібыта яго ламалі прынамсі двойчы. Мужчыну звалі Альбус Дамблдор.
Здавалася, Альбус Дамблдор нават не ўсведамляў, што апынуўся на вуліцы, жыхары якой не віталі ўсё гэтакае, пачынаючы ад ягонага імені і заканчваючы ботамі. Ён шукаў нешта ў кішэнях мантыі, але потым зразумеў, што яго заўважылі, бо раптам зірнуў на котку, якая ўсё яшчэ неадрыўна глядзела на яго з іншага канца вуліцы. Было падобна, што выгляд гэтай коткі чамусьці яго забаўляе. Дамблдор усміхнуўся і прамармытаў:
— Я мусіў здагадацца.
Урэшце ва ўнутранай кішэні ён знайшоў тое, што шукаў. Гэта было нешта накшталт срэбнай запальнічкі. Ён адкрыў яе, падняў угору і пстрыкнуў. Суседні ліхтар шчоўкнуў і пагас. Ён ізноў пстрыкнуў — і наступны ліх­тар праваліўся ў цемру. Ён пстрыкнуў дванаццаць разоў, і ў выніку адзінымі агнямі на ўсёй вуліцы засталіся дзве маленькія пацеркі ўдалечыні — вочы коткі, якія глядзелі на яго. Калі б нехта зараз вызірнуў у акно — нават місіс Дурслі з яе пільнымі вачыма, — то нічога не ўбачыў бы. Дамблдор засунуў адпальнічку, якая насамрэч называлася дэлюмінатарам, назад у кішэню мантыі і скіраваўся да дома нумар чатыры, дзе ўсеўся на цаглянай агароджы побач з коткай. На яе ён нават не паглядзеў і, крыху счакаўшы, сказаў:
— Не спадзяваўся вас тут сустрэць, спадарыня Мак­гонагал.
Ён з усмешкай павярнуўся да паласатай коткі, але яна ўжо знікла. На ейным месцы сядзела даволі суровая жанчына ў квадратных акулярах такой жа формы, як пля­мы ў коткі вакол вачэй. На ёй таксама была мантыя, толькі смарагдавага колеру, а чорныя валасы былі сабраныя ў тугі пучок. Выглядала яна раздражнёнай.
— Як вы даведаліся, што гэта я? — спытала яна.
— Спадарыня прафесар, я ніколі не бачыў, каб каты сядзелі настолькі нерухома.
— Вы б таксама знерухомелі, калі б прасядзелі цэлы дзень на цаглянай сцяне, — адказала прафесар Мак­гонагал.
— Цэлы дзень? А чаму вы не святкуеце разам з усімі? Па дарозе сюды я натрапіў ці не на тузін вечарынак.
Прафесар Макгонагал зласліва фыркнула.
— О так, усе святкуюць, вядома! — непахвальна сказала яна. — Вам не здаецца, што ім варта было б ра­біць гэта больш асцярожна? Але ж не!.. Нават маглы заўважылі, што нешта адбываецца. Пра гэта перадавалі ў іх навінах, — яна паказала галавой на цёмнае акно гасцёўні Дурсляў. — Я чула. Чароды соў… знічкі… Яны ж не поўныя дурні! Мусілі нешта заўважыць. Знічкі ў Кенце! Стаўлю на тое, што гэта Дэдалус Дыгл. Яму заўжды бракавала розуму.
— Іх можна зразумець, — мякка сказаў Дамблдор. — За апошнія адзінаццаць гадоў у нас амаль не было чаго святкаваць.
— Ведаю, — раззлавана адказала прафесар. — Але ж гэта не нагода губляць галаву. Зусім бесклапот­ным стаў народ — выйшлі на вуліцы проста ўдзень, нават не пераапрануўшыся ў маглаўскае адзенне, і адкрыта пляткараць.
Яна кінула косы позірк у бок Дамблдора, быццам спадзяваючыся, што ён нешта скажа, аднак той маўчаў, таму яна працягнула:
— Вось будзе свята, калі ў той самы дзень, як Самі-
Ведаеце-Хто ўрэшце знік, пра нас даведаюцца маглы. Спадзяюся, Дамблдор, ён сапраўды знік?
— Выглядае на тое, — сказаў Дамблдор. — Нам пашанцавала. Лімонную карамельку будзеце?
— Што?
— Лімонную карамельку. Гэта такія маглаўскія цукеркі, я ад іх проста дурэю.
— Не, дзякуй, — холадна адказала прафесар Макгонагал, быццам намякаючы, што цяпер не час для лімонных карамелек. — Як я сказала, нават калі Самі-
Ведаеце-Хто знік…
— Спадарыня Макгонагал, мне здаецца, такая разумная асоба, як вы, магла б называць яго па імені. Усе гэтыя «Самі-Ведаеце-Хто» — лухта. Ужо адзінаццаць гадоў я спрабую пераканаць людзей называць яго сапраўдным іменем — Валдэморт.
Прафесар Макгонагал уздрыгнула, але Дамблдор, які спрабаваў разляпіць дзве лімонныя цукеркі, гэтага, здаецца, не заўважыў.
— Калі мы кажам «Самі-Ведаеце-Хто», ствараецца лішняя блытаніна. Я ніколі не разумеў, чаму мы мусім баяцца называць імя Валдэморта.
— Я ведаю, што вы не разумееце, — сказала прафесар Макгонагал, адначасова абурана і захоплена. — Але вы ж іншы. Вы — адзіны чалавек, каго Самі-Ведаеце… ладна… каго Валдэморт баяўся.
— Здаецца, вы перабольшваеце, — стрымана адказаў Дамблдор. — Валдэморт меў такую сілу, якой у мяне ніколі не было.
— Гэта толькі таму, што вы… разумееце… надта шляхетны, каб ёй скарыстацца.
— Добра, што цяпер цёмна. Я так не чырванеў з таго часу, калі мадам Помфры пахваліла мае новыя футравыя навушнікі.
Прафесар Макгонагал рэзка зірнула на Дамбл­дора і сказала:
— Совы совамі, а вось якія чуткі разляцеліся. Ведаеце, што кажуць людзі? Пра тое, чаму ён знік? Пра тое, што яго ўрэшце спыніла?
Толькі цяпер прафесар Макгонагал наважылася задаць пытанне, якое яе найбольш цвяліла, і менавіта дзеля гэтага яна цэлы дзень прасядзела на халоднай агароджы. Дагэтуль яна ні ў выглядзе коткі, ні ў выглядзе жанчыны так пільна на Дамблдора не гля­дзе­ла. Было зразумела: што б там ні казалі «людзі», яна не збіраецца ім верыць, пакуль Дамблдор не пацвер­дзіць, што гэта праўда. Аднак ён старанна выбіраў чарговую лімонную карамельку і маўчаў.
— Кажуць, — ціснула яна далей, — што мінулай ноччу Валдэморт з'явіўся ў Годрыкавай Лагчыне. Ён шукаў там Потэраў. Пляткараць, што Лілі і Джэймс Потэры… што яны… яны… загінулі.
Дамблдор кіўнуў. Прафесар Макгонагал ахнула.
— Лілі і Джэймс… Не магу паверыць… Не хачу верыць… Ох, Альбус…
Дамблдор абняў яе за плечы.
— Я ведаю… ведаю… — са скрухай прамовіў ён.
Дрыготкім голасам прафесар Макгонагал працягвала:
— Але гэта не ўсё. Кажуць, ён збіраўся забіць іх сына, Гары. Але… не змог. Не змог забіць маленькага хлопчыка! Ніхто не ведае, чаму і як, але калі Валдэморту не ўдалося забіць Гары, ягоная сіла нібыта зламалася — і таму ён знік.
Дамблдор зноў панура кіўнуў.
— Дык гэта… гэта праўда? — запінаючыся, спытала прафесар Макгонагал. — Пасля ўсяго, што ён зрабіў… знішчыў столькі людзей… і не змог забіць маленькае дзіця? Гэта проста неверагодна… Колькі яго спрабавалі спыніць… Але як Гары ўдалося выжыць?
— Нам застаецца толькі здагадвацца, — адказаў Дамблдор. — Можа, мы ніколі і не даведаемся.
Прафесар Макгонагал дастала карункавую на­соў­­ку і выцерла вочы пад акулярамі. Дамблдор гучна шмыгнуў носам, выцягнуў з кішэні залаты гадзіннік і зірнуў на яго. Гадзіннік быў даволі дзіўны. На ім было дванаццаць стрэлак і ніякіх лічбаў; замест іх па коле рухаліся маленькія планеты. Але Дамблдор, відаць, усё зразумеў, бо паклаў яго назад у кішэню і паведаміў:
— Хагрыд спазняецца. Дарэчы, гэта ж ад яго вы дазналіся, што я буду тут?
— Ад яго, — адказала прафесар. — І ўжо не спадзяюся, што пачую тлумачэнне, навошта вы тут.
— Я тут, каб перадаць Гары ягоным дзядзьку і цётцы. З родных у яго больш нікога няма.
— Вы хочаце сказаць… Толькі не кажыце, што вы маеце на ўвазе людзей, якія жывуць тут! — ускрыкнула прафесар Макгонагал, падскочыўшы на ногі і паказ­ваючы на дом нумар чатыры. — Дамблдор! Вы не можаце! Я сачыла за імі цэлы дзень. Няма людзей больш непадобных да нас. І ў іх ёсць сын — ён штурхаў сваю маці, пакуль яны гулялі на двары, і верашчаў, патра­буючы цукерак. Гары Потэр будзе жыць з імі?!
— Для яго гэта найлепшае месца, — цвёрда адказаў Дамблдор. — Ягоныя цётка і дзядзька ўсё яму растлумачаць, калі ён падрасце. Я напісаў ім ліст.
— Ліст? — слабым голасам перапытала прафесар Макгонагал, сядаючы назад на цагляную агароджу. — Сур'ёзна, Дамблдор, вы думаеце, такое можна растлумачыць у лісце? Гэтыя людзі ніколі яго не зразумеюць! Ён стане знакамітым… легендай! Я не здзіўлюся, калі сённяшні дзень назавуць Днём Гары Потэра… Пра яго напішуць кнігі… Кожнае дзіця ў нашым свеце будзе ведаць яго імя!
— Менавіта так, — сказаў Дамблдор, паважна пазі­раючы паверх акуляраў-паўмесяцаў. — Гэтага дастаткова, каб задурыць галаву любому хлопчыку. Стаць знакамітым раней, чым навучыўся хадзіць і размаўляць? Знакамітым праз тое, чаго нават не памятаеш? Няўжо вы не бачыце, што для яго будзе лепей расці ўдалечыні ад усяго гэтага, пакуль ён не будзе гатовы прыняць праўду?
Прафесар Макгонагал хацела запярэчыць, але пера­думала, выдыхнула і сказала:
— Так… так, вы сапраўды маеце рацыю, безумоўна. Але як хлопчык трапіць сюды, Дамблдор?
Яна ўважліва паглядзела на ягоную мантыю, падумаўшы раптам, што ён хавае Гары недзе ў яе складках.
— Яго прывязе Хагрыд.
— Вы думаеце, гэта разумна — даверыць Хагрыду такую важную справу?
— Я б даверыў Хагрыду нават сваё жыццё, — адказаў Дамблдор.
— Я не кажу, што ў яго кепскія намеры… — неахвотна пачала прафесар Макгонагал. — Але вы ж не будзеце сцвярджаць, што ён адказны чалавек. Ён схільны… Што гэта было?!
Нізкі буркатлівы гук разарваў цішыню. Ён рабіўся ўсё гучнейшым і, пакуль яны азіраліся па баках у пошуку водбліску фар, ператварыўся ў дзікі рык. Тады яны ўдваіх паглядзелі на неба — і ў гэты момант адтуль зваліўся вялізны матацыкл, прызямліўшыся акурат перад імі на дарогу.
І хоць матацыкл быў агромністым, ён усё адно падаваўся драбніцай у параўнанні з мужчынам, які на ім сядзеў. Той быў амаль удвая вышэйшым за звычайнага чалавека і разоў у пяць таўсцейшым. Ён выглядаў такім гігантам, што гэта было проста на мяжы дазволенага, і такім дзікуном — барада і доўгія пасмы ўскудлачаных чорных валасоў хавалі большую частку ягонага твару, далоні былі памерам з накрыўкі ад смеццевых бакаў, а ступакі ў скураных ботах нагадвалі дэльфінят. У дужых мускулістых руках ён трымаў нейкі скрутак коўдраў.
— Хагрыд! — сказаў Дамблдор з палёгкай. — Нарэшце. Адкуль ты ўзяў гэты матацыкл?
— Пазычыў, прафесар Дамблдор… сэр, у Сірыуса Блэка, — сказаў волат, акуратна злазячы з матацыкла. — Я прывёз хлопчыка, сэр.
— Праблем не было?
— Не, сэр… Будыніна была разбураная ўшчэнт, але я выцягнуў яго адтуль раней, чымся панабеглі маглы. Ён заснуў, як мы праляталі над Брысталем.
Дамблдор і прафесар Макгонагал нахіліліся да скрут­ка коўдраў. Усярэдзіне ляжаў хлопчык і пасопваў у сне. На ягоным ілбе, пад чубком чорных як смоль ва­ласоў, яны ўбачылі незвычайную рану, падобную да зіг­зага маланкі.
— Гэта тое месца, куды?.. — прашаптала прафесар Макгонагал.
— Так, — адказаў Дамблдор, — гэты шнар застанецца з ім назаўсёды.
— І вы нічога не можаце з гэтым зрабіць, Дамблдор?
— Нават калі б мог, то не стаў бы. Шнары часам бываюць карысныя. У мяне ёсць адзін, над левым каленам — і гэта выдатная мапа лонданскага метро. Ладна, Хагрыд, давай яго сюды, трэба хутчэй скончыць з гэтым.
Дамблдор узяў Гары на рукі і павярнуўся да дома Дурсляў.
— Можна я… можна я з ім развітаюся? — спытаў Хагрыд.
Ён схіліў над Гары сваю вялізную калматую галаву, даў яму колкую ад вусоў і бакенбардаў буську і нечакана заскуголіў, як паранены сабака.
— Цс-с-с! — прашыпела прафесар Макгонагал. — Вы разбудзіце маглаў!
— П-п-прабачце, — усхліпнуў Хагрыд і схаваў твар у вялікай перапэцканай насоўцы, якую дастаў з кішэні. — Але я не магу вы-вынесці… Лілі і Джэймс п-памерлі… а маленькі, гаротны Гары будзе жыць з магламі…
— Так-так, усё гэта вельмі сумна, але трэба ўзяць сябе ў рукі, Хагрыд, бо нас могуць заўважыць, — прашаптала прафесар Макгонагал, асцярожна папляскаўшы яго па руцэ, пакуль Дамблдор перабіраўся праз агароджу і ішоў да пярэдніх дзвярэй. Ён акуратна паклаў Гары на парог, дастаў са сваёй мантыі ліст, засунуў яго ў коўдру і вярнуўся да астатніх. З хвіліну яны стаялі ўтраіх і глядзелі на маленькі скрутак, плечы Хагрыда страсаліся, прафесар Макгонагал нервова міргала, а зіхоткае святло, што звычайна лілося з вачэй Дамбл­дора, здаецца, кудысьці знікла.
— Ну, — сказаў урэшце Дамблдор, — вось і ўсё. Больш няма чаго нам тут заставацца. Мы таксама можам пайсці і далучыцца да святкавання.
— Ага, — сказаў Хагрыд прыглушаным голасам, — а я вярну матацыкл. Дабранач, прафесар Макгонагал… Прафесар Дамблдор, сэр…
Усё яшчэ выціраючы рукавом слёзы з вачэй, Хагрыд узлез на матацыкл і завёў яго. Той з гучным рыкам падняўся ў паветра і знік у ночы.
— Спадзяюся, хутка пабачымся, спадарыня прафесар, — сказаў Дамблдор і кіўнуў ёй.
Прафесар Макгонагал шмыгнула носам у адказ.
Дамблдор павярнуўся і пайшоў уніз па вуліцы. На рагу ён спыніўся і дастаў срэбны дэлюмінатар. Пстрыкнуў ім — і дванаццаць агністых шарыкаў вярнуліся ў свае ліхтары. Крушынавая вуліца раптоўна за­блішчала аранжавым святлом, і Дамблдор заўважыў, як паласатая котка знікла за рагом на другім канцы вуліцы. Цяпер ён бачыў толькі скрутак коўдраў на ганку дома нумар чатыры.
— Удачы, Гары, — ціха сказаў Дамблдор.
Ён павярнуўся на абцасах і, зашамацеўшы мантыяй, сышоў.
Пад чарнільным небам ветрык калыхаў акуратна пастрыжаныя кусты ўздоўж Крушынавай вуліцы — апошняга месца на свеце, ад якога можна было чакаць нейкіх дзівосаў. Гары Потэр пакруціўся ў коўдрах, але не прачнуўся. Маленькая ручка прыкрывала ліст, і хлопчык спаў, не ведаючы, што ён незвычайны, не ведаючы, што ён знакаміты, не ведаючы, што праз некалькі гадзін яго разбудзіць крык місіс Дурслі, якая адчы­ніць дзверы, каб паставіць на ганак малочныя бутэлькі, і што наступныя некалькі тыдняў яго будзе тузаць і шчыкаць стрыечны брат Дадлі… Ён не мог ведаць, што ў гэты самы момант людзі па ўсёй краіне таемна сустракаюцца, падымаюць келіхі і напаўголаса прамаўляюць: «За Гары Потэра — хлопчыка, які выжыў!»

Text © J.K. Rowling 1997
Wizarding World is a trade mark of Warner Bros. Entertainment Inc. Wizarding World Publishing and Theatrical Rights © J.K. Rowling
Wizarding World characters, names and related indicia are TM and © Warner Bros. Entertainment Inc. All rights reserved

Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку
Made on
Tilda