Яраслаў Гжэндовіч
Гаспадар Ледзянога Саду. Том I
Гэтая фантастычная сага з чатырох кніг напісана з размахам, дастойным твораў Дж. Толкіна і Дж. Р. Р. Марціна, Р. Жэлязнага і У. Ле Гуін. Яе адрознівае тонкае спалучэнне элементаў навуковай фантастыкі з жанрам «фэнтэзі». Галоўны герой Вука Дракайнен прыбывае на планету Мідгаард, каб даведацца пра лёс навуковай місіі і вярнуць яе на Зямлю. Тут пануюць сярэднявечныя парадкі і магія, і Дракайнена чакаюць незвычайныя здарэнні і павароты лёсу...
Раман Яраслава Гжэндовіча — выдатны ўзор сучаснай польскай фантастыкі, якая хуткімі тэмпамі здабывае новых адданых прыхільнікаў па ўсім свеце.

Зрабіце папярэдні заказ па цане 17,00 BYN
Глава 1. Начны Вандроўнік

Казалі, што ён выйшаў наўпрост з хваль Паўночнага мора і што яго спарадзіла іх ледзяное, шалёнае бязмежжа, а жыццё яму дала аплодненая морам тапельніца.
Казалі, што ён прыйшоў з Пустак Вусцішы, дзе з'явіўся як увасабленне чыіхсьці нячыстых думак, адрозны ад усіх іншых Ценяў. Адрозны, бо ва ўсім падобны да чалавека.
Казалі, што ён быў сынам Гінда, бога ваяроў, зачатым ад смяротнай жанчыны падчас адной з яго вандровак па свеце ў абліччы валацугі.
Казалі, што ён нарадзіўся ад бліскавіцы, якая забіла ў дзюнах Сікрану Салёны Вецер, дачку вялікага мараплаўца Стыгінга Звонкай Сякеры. Яна самотна стаяла на кручы ў навальніцу, вызіраючы на гарызонце ветразі карабля свайго каханага. Ужо мёртвая яна спарадзіла полымя і ваяра.
Казалі, што ён з'явіўся наўпрост з ночы, верхам на вялікім, быццам цмок, кані, з ястрабам на плячы і ваўком поруч.
Казалі розныя глупствы.
Усё было зусім інакш.
Праўда ў тым, што яго выплюнулі зоркі.

***

— У цябе пятнаццаць хвілін, — тлумачыць Ёфа. Тлумачыць, напэўна, у дзясяты раз. Я сяджу прышпілены ўнутры кокана, мая дзівацкая экіпіроўка запаўняе ўсе адсекі капсулы, на заднім фоне завіхаюцца тэхнікі ў яскрава-чырвоных камбінезонах, хтосьці падключае тоўсты кабель і лаецца, бліскаюць аранжавыя сігнальныя агні, быццам механізм штохвіліны вырыгвае струменьчыкі густой пары. Я не гатовы.
Я не гатовы.
— Памятай. Ты мусіш адысці прынамсі на паўкіламетра і схаваць сваю башку. Выбух будзе не вельмі гучны. Капсула самаліквідуецца, але цябе можа зачапіць камянямі, абломкамі дрэў або чымсьці яшчэ. Будуць дзве ўдарныя хвалі. Спачатку звычайная, ад выбуху, пасля зваротная. Прыкладна праз тры секунды.
Першы крык сірэны. Напышлівы жаночы голас пачынае адлік. Пакуль кожныя дзесяць секунд ад шасцісот.
Я не гатовы.
Зараз яны мяне шмальнуць, а пасля пойдуць у сталоўку.
Не разумею, як я мог у гэта ўвязацца. Ёфа папраўляе нейкія кабелі ўнутры капсулы і цішком упіхвае ў схоўку пачак тытуню.
— Як вы сябе адчуваеце? — у навушніках чуваць металічны голас Навінкава. — У вас пачашчаецца пульс.
— Цікава чаму, — цаджу я ў муштук.
Дэбільны канавал.
Я адчуваю сябе нейкім старажытным мёртвым уладаром. Прывязаным да трона, які праз момант знікне ў агні. Перада мной цягнецца чарада жалобнікаў з дарамі. Я ўжо атрымаў швейцарскі сцізорык і бутэльку ракіі ад нейкага земляка. Усё гэта нелегальна. Артэфакты. Анахранізмы. Кіраўніцтва місіі так старалася, каб у мяне не было нават запальнічкі.
Пасмяротныя дары.
Не хапае толькі плачак.
Яны павінны былі паклапаціцца пра плачак.
Пяцьсот секунд.
Я не гатовы.
— Як ты? — гэта Дэйрдрэ. Рудыя кудзеры зніклі пад капюшонам, прыгожыя вусны ўздрыгваюць, у вачах бліскаюць дыяменты.
Усё ж адна плачка знайшлася. Наша кароткае знаёмства не атрымалася, мая рудая Дэйрдрэ з Дэры (таго, які некаторыя няправільна называюць — Лондандэры). Ты ведала, што нічога з гэтага не выйдзе. Такі сабе франтавы раман.
Я толькі падымаю вялікі палец. Лічбар пакуль неактыўны. Я не магу сцішыць эмоцыі і ўдаваць з сябе крутога. А яшчэ мне сумна, рудая Дэйрдрэ з Дэры.
Але ўжо запозна, нават для таго, каб штосьці сказаць.
Маё вогнішча зараз падпаляць.
Ты ж не пацалуеш мяне праз шлем.
Зрэшты, ты сапраўдны камандас, Дэйрдрэ. Сапраўдная «выдра». Капрал Выведна-дыверсійнага рэйдарскага аддзялення. А я толькі добраахвотнік выведкі, які прайшоў адмысловую падрыхтоўку.
Ты круцейшая за мяне.
Да таго ж, я знікну на троне ў полымі, а ты пойдзеш у сталоўку.
Я выцягваю руку. Дэйрдрэ паляпвае мяне па далоні. Так ужо ў нас атрымліваецца. Няма часу на сцэны.
А пасля хтосьці памірае не развітаўшыся.
Васьмёра дагэтуль не вярнуліся. Я мушу толькі праверыць, што з імі сталася. А хутчэй за ўсё, ідэнтыфікаваць целы. Два гады мінула. А калі яны выжылі, то або выцягнуць іх, або выправіць тое, што яны пахерылі. І вярнуцца.
Я вярнуся, каб на вас ліха.
Трыста пяцьдзясят.
Века капсулы, выпуклае, як панцыр хрушча, апускаецца з візгатам серваматораў. Я чую, як шчоўкаюць рыгелі.
Дэйрдрэ цалуе сямнаццаціслойнае шкло трохкутнага візіра. На браніраванай паверхні застаецца след іржава-карычневай памады.
Прыгожыя вусны Дэйрдрэ пакідаюць на маім саркафагу адбітак колеру запечанай крыві.
Сталёвы грукат на версе капсулы. Трэск, з якім калодкі ўваходзяць у прычальнае гняздо.
Усе кантрольныя экраны ўспыхваюць зялёным і бурштынавым колерамі.
— Начны Вандроўнік, гэта Цэнтр. Пачынаем спуск. Як сябе адчуваеш, Дракайнен?
— Гатовы.
— Ты ўжо на транспартных рэйках, накіроўваем да камеры спуску.
— Зразумеў.
Усю дарогу Цэнтр распытвае пра паказанні прыбораў і працэдуры — верагодна, для таго, каб чымсьці мяне заняць. Гэта не шатл. Гэта капсула спуску. Я — груз. Я ні на што не ўплываю. Старт і прызямленне пройдуць аўтаматычна. Я павінен заціснуць зубы на загубніку і памятаць пра дыханне. Па магчымасці расслабіць мышцы, думаць пра Еўропу і пастарацца знайсці ў гэтым кроплю прыемнасці. І ўсё.
Штосьці накшталт пнеўматычнай пошты.
— Як ты сябе адчуваеш, Нітй'сэфні?
Нітй'сэфні — Начны Вандроўнік. Мой пазыўны. Прамоўлены на гарлавой гаворцы Людзей Узбярэжжа. Апрача мяне гэтую мову ведаюць, напэўна, чалавек дваццаць. Я пазнаю голас. Гэта Ледавік. Кіраўнік місіі. Сімпатычны ягамосць, дабрадушным выглядам падобны да зычлівага прафесара філасофіі якога-небудзь прэстыжнага ўніверсітэта. Насамрэч бязлітасны, як кобра, д'ябал, які спакусіў мяне запісацца ў праграму. А цяпер вырашыў развітацца асабіста. Гэта дакладна зробіць добрае ўражанне.
— Як пасылка ад бабулі, начальнік.
— Усё будзе, як у парку атракцыёнаў. Табе спадабаецца.
Калідор, па якім рухаецца мой кокан, асвятляюць флюарэсцэнтныя абручы лямп, за мной замыкаюцца замкі.
Я сам гэтага хацеў.
Зорак не бачна.
Не бачна таксама планеты, якая праз момант стане маім адзіным светам.
Калі адчыняецца замок спускальнага дока, усё ўжо знізу, пад капсулай. Я магу глядзець на сцяну, якую штосекунды залівае аранжавы бляск сігнальнай лямпачкі.
У навушніках шум. Цэнтр правярае апошнія параметры, напышлівая курва пачынае адлічваць кожную секунду. Што за голас. Абражаная валькірыя перад самымі месячнымі. Спадзяюся, мы з ёй ніколі не сустрэнемся.
— Хочаш нешта сказаць?
— Я не вінаваты.
Апошні гук майго свету — бразгат тармазных рэек, што праслізгваюць па брані, і прыглушаны гром запальвання.
Я не гатовы…
Потым звонку ўжо аніякіх гукаў, толькі галасы ў навушніках. Я выдаю радасны каўбойскі выкрык і звальваю.
Такія бесцырымонныя паводзіны — традыцыя. Я дзікун, суворы і несмяротны.
Так, напраўду, усё гэта пачынае мне падабацца.
Амаль нічога не відаць. Усё віруе, зоркі размазваюцца зігзагамі, але на момант я бачу Манту, што вісіць на небасхіле, быццам шырокі наканечнік кебірыйскай стралы. Яна імгненна скурчваецца і ператвараецца ў чарговую, не адрозную ад іншых зорачку. Бывайце, падаткі, працэдуры і інструкцыі. Бывай, цывілізацыя. Бывайце, святы, хот-догі і шпіталі. Бывай, Зямля. Бывай, салодкая Еўропа. Хай твой бык нясе цябе на халерныя ростані.
Канец.
І хай вас ліха.
Я стараюся дыхаць нармальна, але складаецца ўражанне, што кішкі лезуць горлам. Скура на твары расцягваецца ў грымасе, і я пачынаю слепнуць. Я адчуваю, як кроў пакідае пальцы, як дранцвеюць ногі.
На трохкутным візіры я ўсё яшчэ бачу адбітак прыгожых вуснаў Дэйрдрэ з Дэры. Крывавы след пацалунку застаецца на шкле, пакуль яго не здзірае кокан шалёнага полымя, што распускаецца вакол капсулы.
Ніхто мяне не чакае. Высокая строма на беразе мора пустая да самага гарызонту. Да ўскрайку парослых рэдкімі перакручанымі хмызамі салёных балот, дзе маячыць цёмная лінія лесу.
Зусім бязлюдна. Гэта добра. Калі б хтосьці тут круціўся, яго давялося б забіць.
Гэта не жарт.
Місія надзвычай сакрэтная. Афіцыйна нелегальная. На ўвесь гэты свет накладзены суцэльны карантын. З моманту правалу даследчыцкай праграмы карантын абсалютны. Першая антрапоідная цывілізацыя ў даследаваным космасе. Бясцэнная. Ім нельга даведацца, што яны не адны ў Сусвеце. Нам нельга корпацца ў іх культуры, што б яны ні рабілі. Хто ж мы такія, каб судзіць, і гэтак далей. Усё, што я раблю, само маё існаванне парушае ўсе інструкцыі, урачыста падпісаныя ў Брусэлі. У святле ідэалогіі неінтэграцыі Ледавік — забойца. Ставіць на кон культурны шок, каб уратаваць некалькі людзей. Некалькі адзінак. І, можа, у дадатак, хоча ведаць, у чым тут справа.
Гэта не адпавядае дырэктывам.
Але мне зусім не перашкаджае.
Я прызямляюся з дакладнасцю ў пяцьдзясят метраў ад краю стромы. Парашут тыпу «крыло» і гравітацыйныя манеўровыя рухавікі.
Чакаю пяць хвілін, каб пакрыццё астыла настолькі, што можна было б выйсці, а потым адкідваю засаўкі века і адшпільваю рамяні.
Капсула, што стаіць у коле выпаленай травы, падобная да трэснутага плода.
У мяне мала часу. Я не магу тарашчыцца на краявіды. Усе сляды майго прыбыцця павінны знікнуць як мага хутчэй.
Трэба дастаць увесь рыштунак, які я мушу забраць з сабой. Згарнуць парашут і запхаць яго ў люк. А потым наўючыцца ўсім барахлом і запусціць адлік.
Я мушу адысці на паўкіламетра. Гэта адлегласць, якая аддзяляе мяне ад вапнавых скал каля лесу. Гэта добра. Яны схаваюць мяне ад усіх аскепкаў.
Рэчы я пераношу па частках. Набітыя ўючныя торбы, сядло, мех, зброя. Паветра халоднае і чыстае, асветленае неймаверным выразным захадам. Гэта адзіная іншая планета, якую я бачыў у жыцці. Як большасць людзей, я ніколі не пакідаў Зямлю. І, перш за ўсё, я не магу зразумець, чаму ўсё навокал выглядае так звычайна.
Па-свойску.
Трава як трава. Расліны як расліны. Крыху чужыя, але не больш, чым у нейкай там Бразіліі ці Аўстраліі. Неба над галавой, захад сонца, марскія хвалі пад стромай выглядаюць нармальна. Як на палігоне Коста Вэрдэ. Як дома пад Сплітам.
Як паўсюль.
Мне шкада парашута. Некалькі дзясяткаў квадратных метраў матэрыі. Мацнейшай і лягчэйшай за якую-колечы даступную тут тканіну. Мноства выдатных тросаў, сплеценых з арахніду. На кожным можна павесіць вала. Усё гэта за долю секунды павінна стаць парай, а ўва мне месяцы забойчых трэніровак па выжыванні сфарміравалі інстынкт смецяра. Можа спатрэбіцца кожная рэч, якую ты знойдзеш. Таму мне цяжка развітвацца з парашутам. Ён ідзе ў расход, і ўжо неўзабаве, корпаючыся з нейкім прымітыўным перавяслам, я буду сумаваць па ім. Я падымаю вечка дэтанатара, паварочваю ключ, уводжу шасцілічбавы код, а пасля цягну пафарбаваную ў чырвоны колер ручку, паварочваю яе і выцягваю на ўсю даўжыню.
Нічога.
Замест квадратных лічбаў адліку на экране я бачу плынь машынных кодаў, пасля нейкія значкі і — адно за другім — паведамленні пра памылкі.
Мяне кідае ў жар.
Гэта адна з таямніц гэтага свету.
Адна з тых, якія мне трэба раскрыць.
Мідгаард — зона смерці для электронікі. Пасля кароткага прамежку часу ўсе гаджэты, што акружаюць нас дома з нараджэння да поўнай годнасці смерці, спачатку шалеюць, потым псуюцца і ўрэшце паміраюць. Першая экспедыцыя не змагла нават пачаць сваю дзейнасць. Ратавальны шатл, які адправілі па іх, пасля старту паспеў толькі выйсці на арбіту: праз момант усе прыборы здохлі. Згасла нават святло ў кабіне, а пасля шатл стаў на дрэйф. Яго давялося буксіраваць. Усе выжылі, але выкінуць давялося нават гадзіннікі.
Шатл, які прыбыў забраць апошнюю экспедыцыю, чакаў у прызначаным пункце толькі паўгадзіны. Вяртаючыся, ён ледзь не разбіўся аб док галоўнага карабля.
Цяпер я не ведаю, ці то дэтанатар запусціўся, а здох толькі экран, ці то не быў прыняты ўвесь алгарытм самазнішчэння. У выпадку памылкі, пакуль я тут корпаюся, сагнуўшыся ў дугу, і змагаюся з клавіятурай, гіпертэрмабарычная галоўка можа ажыць пад маімі нагамі.
Канец місіі.
Я адчуваю, што палатняная кашуля макрэе. Нервова стукаю па мёртвых клавішах, актывуючы працэдуру затрымкі, пасля перазапускаю прыладу ключом.
Загрузка пайшла, але цягнецца ўсё ў тры разы даўжэй, чым звычайна. Зноў ключ, коды, ручка. Гэтым разам адлік пачынаецца. Некаторыя лічбы выглядаюць дзіўнавата, як літары чужога алфавіта.
Прымаю версію, што дэтанатар спрацаваў, і галопам кідаюся ў напрамку скал.
Выбух наганяе мяне праз, самае большае, дзвесце метраў.
Я ўбачыў асляпляльны бляск і нават не паспеў упасці. Выбуховая хваля змятае мяне, быццам цунамі, цягне па брудзе і моху дрыгвы. Рот поўны балотнай вады, адна рука і спіна гараць, быццам абвараныя.
Праз паўсекунды хваля вяртаецца. Паветра запаўняе пустку ў эпіцэнтры выбуху.
Выснова простая: дэтанатар запусціўся з першага разу.
Яшчэ б крыху — і…
Вакол месца, дзе знаходзілася мая капсула, цяпер толькі паўкруглая варонка, быццам адгрызеная ад стромы, і кола абвугленай травы. Над усім гэтым утвараецца дымны грыб, такі сабе мініяцюрны ядзерны выбух.
І загадаў караблі на ўзбярэжжы спаліць даастатку.
За ланцугом скал, склаўшы рыштунак, я сядаю на пляскатым камяні і абапіраюся спінай аб граніт. Я гляджу, як прыцемкі ахінаюць неба. Слухаю чужыя, маркотныя галасы птушак.
У нашым свеце цяжка знайсці пустку, дзе не будзе нічога, апрача прыроды, неба над галавой і чалавека на камяні. Чалавека, у якога толькі адзін закон — той, што ў яго сэрцы. Усё маё жыццё, куды б я ні кіраваўся і што б ні рабіў, мяне абмяжоўвалі мільёны правілаў. Тысячы чыноўнікаў стандартызавалі кожную маю думку і кожны ўчынак. Для ўсяго ў іх былі працэдуры. Увесь час яны намагаліся апекавацца мною і ахоўваць ад якой-колечы рызыкі. Усё жыццё я пачуваўся так, быццам мне дванаццаць год. І ў мяне мільёны бацькоў.
Тут ніхто мною не апекуецца. Можна напіцца, зламаць сабе нагу, падарвацца на ўласным тэрмазарадзе або ўваліцца ў нейкую студню. Усё на ўласную рызыку.
Божа, якая палёгка.
Пад кучай уюкоў я знаходжу пластыкавую бутэльку палінкі «Манастыр» і раблю вялікі глыток, але спачатку выліваю крыху на далонь і прыціскаю руку да зямлі. Ахвяра для Гінда, бога ваяроў. Цяпер Узбярэжжа Ветразей — мая адзіная айчына. Я адчуваю смак сліў, што раслі па іншым баку космасу, дзесьці пад Рыекай. Смак адрыятычнага сонца, якое віднее тут ледзь заўважнай бледнай зоркай сярод нязначнага сузор'я пад назвай Рука. Неймаверна далёка. Невытлумачальна. Чалавек не ўмее думаць астранамічнымі катэгорыямі. Мяне перасцерагалі ад гэтага. Гэта фатальна для самаадчування. Можна звар'яцець.
Быццам хтосьці, хто пагаджаецца на нешта падобнае, наогул можа быць нармальны.
Я раскладваю свой сціплы скарб. Кожны прадмет ведаю на памяць, тысячу разоў трымаў яго ў руках. Я ўмею складаць і раскладваць ўсё нават у сне.
Спачатку я не разумеў, навошта ўсё гэта. Лічыў, што ў мяне павінна быць нармальная зброя. Прынамсі, пісталет. Я магу быць падобным да тубыльцаў, зразумела, але навошта наймаць штаб спецыялістаў і пад кіраўніцтвам ксенаэтнолагаў шыць мне боты з адмысловай мадыфікаванай скуры з дапамогай кланіраваных сухажылляў, калі я магу проста надзець трывалыя вайсковыя або турыстычныя боты за пяцьдзясят еўра? Каму якая розніца? Увайду ў легенды як Той Хто Меў Чароўныя Боты, і змяню культуру гэтага свету?
Чаму мне нельга ўзяць майткі? Я абкручаны тонкай палатнянай хусткай, быццам пялюхай. Гэта не так цяжка. Перавязваешся на поясе стужкай, пасля простакутны кавалак тканіны, што звісае ззаду, пераварочваеш на іншы бок, каб атрымаліся два трохкутнікі, працягваеш між нагамі, а потым канец праcоўваеш пад стужкай і выцягваеш вонкі. Проста.
І нязручна.
Пад маім грузам прагнуўся б дужы конь, але трэба неяк цягнуць самому. Мяне навучылі абыходзіцца без абсталявання, але невядома, колькі часу я тут прабаўлю. Кожны прадмет павялічвае мае шанцы на выжыванне.
Мяне прызнаюць зніклым падчас акцыі, калі праз год я не апынуся на гэтым самым месцы або калі не падам прыкмет жыцця.
Электроніка памірае адразу ж, але біянічныя структуры неяк выжываюць. Мяне гэта не здзіўляе. Урэшце, людзі і жывёлы пачуваюцца тут выдатна.
Я выцягваю кантэйнер з радыялярыяй. Мая цацка. Мая жывёлінка.
Мой перадатчык.
Металічны цыліндр пакрыты блытанінай арнаментаў. Я націскаю на некалькі элементаў узору ў вызначаным парадку — галава змяі, кляновы ліст, кола воза, вока жабы. Унутраная ёмістасць высоўваецца з шыпеннем, радыялярыя сонна гайдаецца ў зеленаватым гелі, быццам вялікая медуза. Шчупальцы звісаюць свабодна, капелюшы антэн ахопліваюць яе сферу, па шклістым целе прабягаюць толькі дробныя кропкі люмінесцэнтнага бляску. Перадатчык знаходзіцца ў штучным анабіёзе і чакае свайго часу. Аднойчы мне давядзецца выклікаць дапамогу, паведаміць аб заканчэнні місіі або перадаць свой апошні рапарт, і тады радыялярыя абудзіцца. Я дашлю сваё паведамленне проста на назіральны спадарожнік, і, верагодна, гэта будзе каштаваць ёй жыцця.
На трэніроўках выявілася, што для маршу я мушу начапіць на сябе даспехі цалкам. Інакш я не змагу гэта ўсё несці. Латы не цяжкія, ды, калі іх зняць, вельмі нязручныя. Цяпер імі набіты пукаты мех, але трэба ўзяць яшчэ саквы, скручаны плашч, зброю, шчыт і сядло. Калі б гэта былі звычайныя тутэйшыя латы, я ледзь паварочваўся б з усім гэтым. Дзякуючы сучасным матэрыялам, задачай якіх была як мага больш дакладная імітацыя кутай сталі, плеценых рамянёў і ўмацаванай скуры, усё, разам з шлемам, важыць толькі дванаццаць кілаграмаў. Поўны рыштунак нармальнага ваяра Узбярэжжа важыць у два разы больш. Я надзяваю понажы, карвашы, кальчугу, аблегчаны паўпанцыр і шлем. Зашпільваю пояс са зброяй і ўпершыню на гэтай планеце выцягваю меч.
Яго выкавалі ў майстэрнях Нордланда, што займаюцца вытворчасцю гравітацыйных баявых верталётаў. Ён не падобны да мячоў Людзей Узбярэжжа: крыху больш выцягнуты, эфес у два разы даўжэйшы без выразнага хваставіка, з квадратнай шчытавой гардай і монамалекулярным клінком аднабаковага вастрэння. Сваёй формай ён крыху нагадвае сінобі-кен, меч старажытнаяпонскіх наёмных забойцаў. Мне была даспадобы самурайская катана, але мой інструктар баявых мастацтваў з дапамогай некалькіх балючых прыкладаў даказаў, што гэта дурны капрыз. Затое я атрымаў нашмат больш універсальную зброю, якой можна біцца ў некалькіх розных стылях. Карыстаючыся шчытом, адной рукой або аберуч. Я магу фехтаваць, біцца ў стылі кэндзюцу або сячы, што той тампліер.
Мачэтэ я атрымаў у дадатак як звычайны падручны інструмент. Яго простая канструкцыя па сваёй тэхналагічнай дасканаласці не саступае мячу. Але ў парафеадальных культурах, падобных да гэтай, меч зазвычай не абы-што. Ён не толькі каштуе цэлага маёнтку. У ім гонар ваяра, духі ахвяр, удача, нейкі бог уласнай персонай і чорт ведае што яшчэ. Калі я пачну сячы ім сухое галлё на вогнішча або корпацца ў зямлі, ствару сабе праблемы ці стану пасмешышчам. У любым выпадку, без патрэбы прыцягну ўвагу.
Ёсць яшчэ нож, крыху бівачнага рыштунку, цёплая вопратка, запасныя боты, зімовыя боты, складны лук, стрэлы, авальны ламінарны шчыт і конская збруя. Халернае сядло. Яно дасканалае і лёгкае, у ім мноства схованак і розных сакваў, але няма, напэўна, нічога больш нязручнага для пераноскі, чым яно.
Шлем, натуральна, на галаву. Саквы пашытыя так, што я магу павесіць іх на плечы, адну спераду, іншую ззаду, і зашпіліць па баках. Тады атрымліваецца штосьці накшталт выродлівага заплечніка. Шчыт можна замацаваць на спіне. Лубяное налучча — на поясе ля правага бока. Мачэтэ — пад векам нагруднай торбы.
Сядло я ўрэшце закідваю на карак, знешнім чапраком яно абапіраецца аб шчыт, адно крыло ўваходзіць між сакваў і напатылічніка шлема.
Вось ён я.
Я іду.
Нагружаны, як вярблюд, у поўным узбраенні, з сядлом на карку, я выглядаю як Гутату і Гутата ў адной асобе. Спатыкаючыся, бразгаючы амуніцыяй, я брыду па брудным, поўным скальных вырастаў і сухастою балоце ў бок лесу, які схавае ўвесь гэты перазвон.
Карону за каня.
Апускаецца змрок. Я вырашаю абудзіць лічбара.
Лічбар. Мой паразітычны анёл-ахоўнік, выгадаваны ў сакрэтнай лабараторыі «Нісіма Біятронікс» па замове Выведна-дыверсійнага рэйдарскага аддзялення.
Адзіны элемент майго рыштунку, які я дакладна не згублю і без якога мне было б цяжка тут выжыць.
Ён робіць з мяне звышчалавека. Гэта дзякуючы яму я бачу ў цемры, за дзвесце метраў чую мышыны піск, гэта ён у момант небяспекі выпускае мне ў жылы гіперадрэналін, што паскарае мае рухі і рэакцыі. Дзякуючы яму металічны лязгат Людзей Узбярэжжа або гарлавое бульканне амітрайцаў гучыць у маіх вушах як матчына мова. У выпадку чаго ён абязболіць, вылекуе мяне, пакажа на заплюшчаных павеках мапу або прыцэл на сятчатцы вока.
Менавіта дзякуючы яму за год трэніровак я засвоіў столькі, колькі ў нармальным стане засвойваў бы дваццаць гадоў.
Без гэтага халернага грыба-паразіта ў маім мозгу ўся місія была б толькі звышдарагім самагубствам.
Яго запусцілі ў мяне праз нос.
Тады ён быў толькі зярліцай. Ён распусціў абалонку і ператварыўся ў лічынку, не большую за плазмодый малярыі. А потым павандраваў з кровазваротам, выпускаючы вонкі белыя крывяныя цельцы, пакуль не дабраўся да гіпаталамуса. Там ён укараніўся і пачаў расці, жывячыся маёй крывёй.
Калі ў глыбокай таямніцы дванаццаць гадоў таму была імплантавана першая мадэль, мая любімая маці-айчына вуснамі нейкага ашалелага еўракрата дамагалася, каб лічбар пільнаваў функцыянаванне жаўнераў згодна з рэгламентам, статутам і адпаведнымі інструкцыямі. І найлепш, каб жаўнер быў паслухмяны. Падазраю, што яму мроілася Еўропа, у якой аднойчы нешта падобнае будзе імплантавацца кожнаму немаўлятку. Тыя шчасліўчыкі былі з аддзела «Фальшырмегер». Некалькі камандасаў загінулі ўжо падчас палігонных выпрабаванняў, а двое прастрэлілі сабе бошкі, перш чым іх імпланты паспелі дэзактываваць. Трое скончылі ў вар'ятні.
Я баяўся што трындос, калі яго запускалі ў мяне.
Мяне пераконвалі, што гэта шостая, старанна пратэставаная версія. Што гэта толькі дапаможная сістэма, стымулятар, які не закране маю індывідуальнасць. Што гэта проста ўнутраны кампутар, які на пэўны час актывуе неўжываныя мною зоны мозгу і дазволіць сілай волі кіраваць тымі працэсамі, на якія ў звычайным стане я не маю ўплыву. Што ў выпадку чаго можна даць задні ход. Калі яго дэзактываваць, ён проста здохне, і арганізм ператравіць яго. Сцвярджалі, што ведаюць, што робяць.
Я ім на мезены палец не верыў.
І халерна баяўся.
А потым лічбар актываваўся і забраў мой страх.
Гэта першае, што ён зрабіў. Ён забіў ува мне здольнасць простага чалавечага жаху. Панікі або гістэрыкі. Мне ўжо не спазнаць нармальнага чалавечага неўрозу, я не абуджуся з поўным неспакою і адчування няўцямнай бяды страўнікам, як нармальны чалавек. Перад абліччам небяспекі я да апошняга прыкідваю, думаю і планую. Я занепакоены або спалоханы, але мне ніколі не адчуць паралізуючай жуды. Я не ў стане. Калі нічога асаблівага не адбываецца, я бяздумна спакойны. І загадзя не пераймаюся.
Тады я падумаў, што лічбар зрабіў з мяне псіхапата, і адразу ж кінуўся з гэтым да Ледавіка.
Мяне даследавалі. Лічбар проста ўсталяваў мне фільтры. Я магу кахаць, любіць, спачуваць. Мне можа быць сумна. Я магу спалохацца. Вышэйшыя пачуцці засталіся. Але мае негатыўныя эмоцыі не ў стане развіцца да такой ступені, каб збіць мяне з ног.
Ледавік папярэдзіў, што гэта можа забіць мяне. Што пры такім раскладзе я мушу мець у два разы больш розуму, чым іншыя, бо гэтыя механізмы — жах і паніка — натуральная сістэма страхоўкі, укарэненая ў інстынкце самазахавання.
Ды вось інстынкт гэты ў мяне апошнім часам і так слаба працаваў.
І найлепшы таму доказ — мая згода прыняць удзел у місіі.
Ёсць і кепскія бакі. Часам паскораныя рэакцыі зусім не зручныя. Калі гіперадрэналін напаўняе кроў, можна рукой прабіць дзверы, якія хочаш адчыніць, і пераламаць сабе косці. Гукі робяцца ніжэйшымі на некалькі актаў і невыразнымі. Не дай Божа ў такім стане пляснуць у ладкі. Можна адрэзаць сабе пальцы, хапаючыся за шнур.
Усе, хто праходзіў трэніроўкі ў замку Даркмур, пасля актывацыі лічбароў баяліся дакранацца да жанчын. Гэта ж таксама эмоцыі. Мы пераказвалі адзін аднаму легенды пра тое, што, маўляў, нейкі камандас у прыліве жарсці ўшчэнт разнёс дзяўчыну. Зрэшты, у групе таксама былі і дзяўчаты. Дзве.
Пра тое, што адбываецца, калі двое з такімі стымулятарамі сустрэнуць адно аднаго, таксама хадзілі легенды.
Як пра мяне і Дэйрдрэ.
На шчасце, гэта былі толькі легенды.
Калі лічбар блаславіў мне дарам моў, у звальненні я пайшоў у паб у Аксенхіл і не змог замовіць піва. Я блюзніў нейкай мяшанкай мовы Узбярэжжа з кебірыйскай, перасыпаючы ўсё харвацкай, фінскай і польскай лаянкай. Потым усё наладзілася.
Скатапічны зрок, у сваю чаргу, падаецца зручнай функцыяй, пакуль не натрапіш у цемры на нейкую крыніцу святла. Зрэнкі рэагуюць імгненна, лічбар таксама, але паслявобраз на сятчатцы застаецца на некалькі хвілін. Неяк уночы Дэйрдрэ палезла ў лядоўню, падсвечваючы сабе па дарозе вачыма, і, натуральна, адчыніла дзверцы. Зрок вярнуўся да яе толькі пасля сняданку.
З іншага боку, разуменне, што пры патрэбе можна злавіць рукой стралу ў лёце або трапіць нажом у асу на камлі дрэва, дапамагае. Дазваляе выжыць. Маё заданне — збор інфармацыі. Мая галоўная зброя — мозг. Так мяне навучылі. Але фізічная перавага дае абсалютна іншы псіхічны падыход.
Сонца сядае. Я брыду праз балота, ступаючы поруч з высахлымі камлямі, скачу па скалах і камянях, балансуючы кучай грузу за спінай. Кашуля пад зброяй, кальчугай і каптанам набрыняла потам. Апечаная выбухам скура неміласэрна гарыць. Да цёмнага, заблытанага лесу, праўдзівай сцяны абымшэлых галін, засталося ўжо не больш за дваццаць метраў. Я спыняюся, дыван моху прагінаецца пад маёй вагой, яшчэ раз кідаю позірк на марскі гарызонт адразу над краем стромы і актывую лічбара.
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку
Made on
Tilda