Рамэн Гары
Абяцанне на досвітку
У сваім аўтабіяграфічным рамане, які набыў сусветную вядомасць, знакаміты французскі пісьменнік Рамэн Гары згадвае дзяцінства ў Вільні і Варшаве, юнацтва ў Ніцы, маладосць у Афрыцы і Англіі падчас Другой сусветнай вайны. Ён робіць усё, каб выка­наць абяцанне і апраўдаць матчыную самаахвярнасць і бязмежную любоў. Маці верыла, што аднойчы яе сын стане французскім амбасадарам, кавалерам ордэна Ганаровага легіёна, знакамітым пісьменнікам. Усе прароцтвы здзейсніліся...
Пераклад Вольгі Колас.

купіць кнігу
I

Усё скончана. Пляж Біг-Сур пусты, а я так і ляжу на пяску на тым самым месцы, дзе ўпаў. Марская дымка змякчае абрысы, на даляглядзе ніводнай мач­ты. На адной скале перада мной сядзіць безліч птушак, на другой — сям'я цюленяў: бацька, бліскучы і клапатлівы, паказваецца з хваль з рыбай у ляпе. Часам крачкі прызямляюцца так блізка, што я стрымліваю дыханне, і даўняе жаданне абуджаецца ўва мне, не даючы спакою: яшчэ трошкі — і яны дакрануцца да майго твару, прытуляцца да шыі, да рук, накрыюць мяне ўсяго… У сорак чатыры гады я ўсё яшчэ мару пра простую пяшчоту. Я так доўга ляжу нерухома на пляжы, што пеліканы і бакланы акружылі мяне, а хвіліну таму хвалі вынеслі цюленя на бераг да маіх ног. Прыпадняўшыся на плаўніках, ён доўгі час пазіраў на мяне і ўрэшце вярнуўся ў Акіян. Я ўсміхнуўся, але цюлень быў сур'ёзны і крыху сумны, нібы ўсё ведаў.
Мая маці праехала пяць гадзін на таксоўцы, каб развітацца са мной падчас мабілізацыі ў Салон-дэ-Праванс, дзе я тады быў сяржантам-інструктарам у авіяцыйнай вучэльні.
Таксоўкай быў стары абшарпаны «рэно»: нейкі час нам належалі пяцьдзясят, потым — дваццаць пяць ад­сот­­каў камерцыйнай эксплуатацыі аўтамабіля. Але не­­­каль­кі гадоў таму таксоўка зрабілася выключнай улас­­насцю мамінага былога кампаньёна — кіроўцы Ры­наль­дзі. Мама, аднак, працягвала лічыць, што захавала маральнае права на аўтамабіль, і, паколькі Рынальдзі быў чалавекам мяккім, сціплым і ўражлівым, яна трош­кі злоўжывала ягонай чуласцю. Яна вымусіла Рыналь­дзі праехаць з Ніцы ў Салон-дэ-Праванс трыста кіла­метраў дарма, і праз шмат гадоў пасля вайны мілы Ры­наль­дзі, пачухваючы цалкам пасівелую галаву, абурана, але ў той жа час замілавана згадваў, як мама яго «мабілізавала».
«Яна села ў таксоўку і сказала мне толькі: "У Салон-­дэ-Праванс, паедзем развітацца з маім сынам". Я паспрабаваў запярэчыць, бо ехаць трэба было дзесяць га­дзін туды і назад. Яна адразу закляйміла мяне дрэнным французам і прыгразіла паліцыяй і арыштам, бо быў перыяд мабілізацыі, якой я стараўся пазбегнуць. Яна ўладкавалася ў таксоўцы з усімі клункамі для вас — кілбаса, вяндліна, слоікі з сочывам — і паўтарала, што ейны сын будзе героем, што яна хоча абняць яго яшчэ раз і я не мушу пярэчыць. А потым заплакала. Вашая старая дама заўжды плакала як дзіця, і калі яна ў такім стане села ў маю таксоўку, калі пасля столькіх гадоў знаёмства я пачуў ейны ціхі плач, убачыў выгляд пабітага сабакі, то — выбачайце, мсьё Рамэн, але ж вы мяне добра ведаеце — я не мог сказаць "не". У мяне не было дзяцей, да таго ж паўсюль была неразбярыха, я не меў канкрэтных замоваў і быў гатовы праехаць нават пяцьсот кіламетраў. Я адказаў: "Добра, паехалі, але вы вернеце грошы за паліва", — ну, гэта з прынцыпу. Яна заўжды лічыла, што захавала права на карыстанне таксоўкай толькі праз тое, што сем гадоў таму мы былі кампаньёнамі. Неістотна, вы можаце быць упэўненым, што яна вас любіла і зрабіла б дзеля вас усё…»
Я бачыў, як яна выйшла з машыны перад сталоўкай, з кіем у руцэ, сціскаючы губамі цыгарэту «Галуаз», і перад насмешлівымі позіркамі радавых шырока, па-тэатральнаму, развяла рукі, чакаючы, што сын, як заўжды, кінецца ёй у абдымкі.
Я нязмушана пайшоў да яе, крыху згорбіўшыся, у фу­­ражцы, што спаўзла на адно вока, засунуўшы рукі ў кішэні скураной курткі, якая адыграла немалую ролю ў наборы маладых людзей у авіяцыю, раздражнёны і збян­тэжаны нечуваным умяшальніцтвам маці ў мужчын­скі свет, дзе рэпутацыя «жорсткага», «сапраўд­нага» і «татуяванага» дасталася мне цяжка.
Я абняў яе так раўнадушна, як здолеў, і беспаспяхова паспрабаваў завесці за таксоўку, каб схаваць ад позір­каў, але яна толькі зрабіла крок назад, каб налюбавацца на мяне, і са шчаслівым выразам твару, з поўнымі захаплення вачыма, прыклаўшы руку да сэрца, гучна выдыхаючы паветра праз нос, што азначала найвялікшае задавальненне, усклікнула з моцным рускім акцэнтам так, каб усе пачулі:
— Гінмэр! Ты будзеш другім Гінмэрам! Вось убачыш, твая маці заўжды мае рацыю!
Я адчуў, як кроў прыліла да твару, пачуў смех за спінай, а маці, паказваючы кіем на вясёлую салдацкую купку, натхнёна прамовіла:
— Ты будзеш героем, генералам, Габрыэле д'Анунцыа, амбасадарам Францыі! Усе гэтыя нягоднікі не ведаюць, хто ты!
Мабыць, ніводны сын не ненавідзеў сваю маці так, як я ў той момант. Але калі я гняўлівым шэптам пачаў даводзіць ёй, што яна непапраўна кампраметуе мяне ў вачах Ваенна-паветраных сіл, і зноў паспрабаваў адвесці за таксоўку, то раптам заўважыў разгубленасць на яе твары, дрыжыкі на губах і які ўжо раз пачуў невыносную фразу:
— Што, саромеешся сваёй старой маці?
І ўся мішура фальшывай мужнасці, ганарлівасці, жор­сткасці, якую я так старанна на сябе навешваў, умомант упала на зямлю ля маіх ног.
Адной рукой я абдымаў яе за плечы, а сярэднім пальцам другой паказваў таварышам непрыстойны жэст, суправаджаючы яго вертыкальным рухам вялікага пальца. Як я даведаўся пазней, сэнс таго жэста быў вядомы салдатам ва ўсім свеце, толькі ў Англіі задзейнічаныя два пальцы, а ў лацінскіх краінах хапае аднаго — вось такія асаблівасці тэмпераменту.
Я болей не чуў смеху, не бачыў здзеклівых позіркаў: я абдымаў яе за плечы і думаў пра ўсе бойкі, у якіх буду ўдзельнічаць дзеля яе, пра абяцанне, якое даў самому сабе на досвітку жыцця: аддаць ёй належнае, напоўніць сэнсам ейную ахвяру і аднойчы вярнуцца дахаты пасля пераможнай барацьбы за валоданне светам, адолеўшы магутных і жорсткіх людзей, якіх я спаткаў, робячы першыя крокі.
І нават сёння, калі мінула больш за дваццаць гадоў, калі ўсё ўжо сказана і я ляжу ля скалы на пляжы Біг-Сур на беразе Атлантычнага акіяна, а ў бяскрайняй марской адзіноце чуваць толькі крыкі цюленяў, а яшчэ часам праплываюць кіты, выпускаючы маленькія смешныя струмень­чыкі ў бясконцасць, — нават сёння, калі ўсё вакол здаецца апусцелым, мне дастаткова падняць вочы, каб убачыць варожую кагорту, якая схіляецца нада мной, шукаючы хоць нейкі знак паразы ці падпарадкавання.
Я быў дзіцем, калі маці ўпершыню паведаміла мне, што яны існуюць. Яны акружылі мяне, апярэдзіўшы Беласнежку, Ката ў ботах, семярых гномаў і злую фею Карабос, і ўжо ніколі не пакідалі. Мама паказвала іх адзін за адным, нашэптваючы іхнія імёны і тулячы мяне да сябе. Я яшчэ не ўсведамляў, але ўжо адчуваў, што аднойчы дзеля яе кіну ім выклік. З кожным годам я лепей адрозніваў іхнія твары, з кожным нанесеным нам ударам адчуваў, як робіцца ўсё больш відавочным маё прадвызначэнне бунтара. І нават сёння, у канцы майго шляху, я выразна бачу іх у прыцемках Біг-Сура, чую іхнія галасы, нягледзячы на бурчанне Акіяна. Губы самі сабой паўтараюць іхнія імёны, а мае вочы мужчыны, што пачаў старэць, сустракаюць мой уласны позірк вась­мігадовага хлопчыка.
Першы з іх — Татош, бог дурноты, з чырвоным, як у мал­пы, задам, з прымітыўным інтэлігенцкім тварам, з шалёнай любоўю да абстракцый. У 1940 годзе ён быў улюбёнцам і галоўным тэарэтыкам немцаў. Сёння ўсё часцей ён знаходзіць прыстанак у навуцы, і можна ўбачыць, як ён стаіць за спінамі нашых навукоўцаў. З кожным ядзерным выбухам ягоны цень усё болей узвышаецца над зямлёй. Найгалоўнейшы ж ягоны хітрык — выдаваць дурноту за геніяльнасць і абіраць сярод нас найразумнейшых, каб забяспечыць нашае вынішчэнне.
Таксама ёсць Мярзотка, бог абсалютных ісцін, падоб­ны да казака, што стаіць на грудзе трупаў, з бізуном у ру­цэ, у мехавай шапцы, якая прыкрывае вока, з вясёлым ашчэрам. Ён — наш найстаражытнейшы спадар і ўладар. Ён так доўга кіруе нашым лёсам, што зрабіўся багатым і шанаваным. Штораз, як ён забівае, катуе і прыгнятае ў імя абсалютных рэлігійных, палітычных ці маральных ісцін, палова чалавецтва замілавана ліжа яму боты. Гэта яго вельмі вяселіць, бо ён ведае, што абсалютных ісцін не існуе, што яны ўсяго толькі сродак зрабіць з нас рабоў. І нават цяпер, у апалавым паветры пляжа Біг-Сур, да мяне здаля даносіцца рэха ягонага трыумфальнага смеху, які не здольныя заглушыць ні лаянка цюленяў, ні крыкі бакланаў, ні нават голас майго брата-Акіяна.
Ёсць і Філош — бог нікчэмнасці, забабонаў, пагарды, нянавісці. Ён выглядвае са свайго вахцёрскага пакоя на ўваходзе ў населены свет і ўскрыквае: «Паганы амерыканец, мярзотны араб, брыдкі габрэй, паскудны кітаец, гадкі мурын!» Ён цудоўны арганізатар масавых шэсцяў, войнаў, самасудаў, пераследу, умелы дыялектык, аўтар усіх ідэалагічных вучэнняў, вялікі інквізітар і аматар крыжовых паходаў. Нягледзячы на аблезлую поўсць, галаву гіены і маленькія крывыя лапкі, ён адзін з наймагутнейшых багоў, да якога прыслухоўваюцца. Яго можна знайсці ўсюды, ён адзін з найруплівейшых вартавых нашай зямлі, які хітрасцю і спрытам змагаецца з намі за ўладанне ёю.
Існуюць і іншыя багі, больш таямнічыя і падазроныя, больш вераломныя і лепш замаскіраваныя, так што іх цяжка пазнаць. Іхнія ватагі шматлікія, і многія з нас ста­вяцца да іх прыхільна. Мама добра іх ведала: яна часта прыходзі­ла ў мой пакой, калі я быў дзіцем, і, прытуліўшы маю галаву да грудзей, ціха расказвала пра тых багоў. Пакрысе гэтыя сатрапы, якія блукаюць па свеце, зрабіліся для мяне больш рэальнымі і відавочнымі, чым самыя звычайныя рэчы, а іхнія гіганцкія цені ўсё яшчэ схіляюцца нада мной нават сёння. Калі я падымаю галаву, то, здаецца, бачу іхнія бліскучыя панцыры і дзіды, што цэляцца ў мяне кожным сонечным промнем.
На сённяшні дзень мы старыя ворагі, і я вам апавяду пра сваё змаганне з імі. Мама была адной з іхніх улюбёных цацак. У дзяцінстве я сам сабе паабяцаў вызваліць яе з гэтага рабства. Я вырас са спадзевам, што аднойчы ўрэшце здолею сарваць заслону, якая зацямняе сусвет, і раптам убачу мудры і міласэрны твар. Я наважыўся змагацца з абсурднымі багамі, ап'янёнымі сваёй магутнасцю, за валоданне светам, прагнучы аддаць зямлю тым, хто напаўняе яе воляй і любоўю.

II

Напэўна, у трынаццаць гадоў я ўпершыню адчуў сваё прызванне.
Я тады вучыўся ў чацвёртым класе ліцэя Ніцы, а мама загадвала «вітрынай» у гатэлі «Негрэска», дзе прадавала тавары з люксавых крамаў. Ад продажу кожнага шаліка, пояса ці блузкі яна атрымлівала дзесяць адсот­каў камісійных. Часам мама нелегальна завышала цану і клала розніцу сабе ў кішэню. Цэлы дзень яна пільнавала мажлівых пакупнікоў, нервова курачы «Галуаз», бо наш надзённы хлеб цалкам залежаў ад гэтага ненадзейнага гандлю.
Ужо трынаццаць гадоў яна адна, без мужа, без каханка, адважна змагалася, каб штомесяц пракарміць нас, аплаціць масла, боты, кватэру, вопратку і біфштэкс апоў­дні — той самы біфштэкс, які яна штодзень урачыста клала мне на талерку як доказ перамогі над усімі нягодамі. Я вяртаўся з ліцэя і сядаў за стол перад талеркай. Мама, стоячы, назірала за мной з задаволеным выглядам сабакі, які корміць сваіх шчанюкоў.
Сама яна ніколі не ела біфштэксу, упэўніваючы мяне, што любіць толькі гародніну, а мяса і тлушчы ёй строга забароненыя.
Аднойчы я ўстаў з-за стала і пайшоў на кухню па шклянку вады.
Маці сядзела на зэдліку, трымаючы на каленях патэль­ню, дзе смажыўся мой біфштэкс. Кавалачкамі хлеба яна старанна збірала тлушч і з апетытам іх смакавала. Ня­гле­дзячы на тое, што яна хуценька прыкрыла патэльню ручні­ком, я раптам ясна зразумеў сапраўдную прычыну ейнай ве­гетарыянскай дыеты.
Хвіліну я стаяў скамянелы, з жахам гледзячы на кепска схаваную пад ручніком патэльню і на заклапочаную і вінаватую матчыну ўсмешку, а потым расплакаўся і ўцёк.
У канцы авеню Шэкспіра, дзе мы тады жылі, ля чыгункі быў круты насып, і я вырашыў там схавацца. Спачатку я думаў кінуцца пад цягнік, каб пазбавіцца сораму і бездапаможнасці, але амаль адразу ж роспачнае рашэнне змяніць свет, зрабіць яго шчаслівым, справядлівым і вартым маёй мамы, пакласці яго ля матчыных ног балюча кальнула ў сэрца, запаліла ў ім агонь, які гарыць і сёння. Закрыўшы твар далонямі, я ўвесь аддаўся свайму гору, але слёзы, якія часта дапамагалі мне, гэтым разам аніяк не суцешылі. Мной завалодала невыноснае адчуванне страты, пазбаўлення мужчынскасці, амаль немачы. Па меры таго як я падрастаў, мае дзіцячыя фрустрацыі і невыразныя памкненні не змяншаліся, а наадварот, мацнелі, ператварыўшыся ў патрэбу, якую ўжо ніколі не здолелі задаволіць ні жанчына, ні мастацтва.
Я плакаў у траве, калі мама з'явілася ўверсе ўзгорка. Невядома, як яна адшукала маю схованку: сюды ніхто ніколі не прыходзіў. Я ўбачыў, як яна нахілілася, каб прайсці пад жалезным дротам, як спусцілася да мяне. У яе былі сівыя валасы, напоўненыя святлом і небам. А потым яна прысела побач з адвечнай «Галуаз» у руцэ.
— Не плач.
— Сыдзі.
— Не плач. Прабач мне. Ты цяпер мужчына. Я зрабіла табе балюча.
— Кажу табе, сыдзі!
Побач пранёсся нейкі цягнік. Мне раптам падалося, што гэта прагрукатаў мой сум.
— Я болей не буду.
Я паціху супакоіўся. Мы абое сядзелі на насыпe, склаў­шы рукі на каленях і гледзячы ў розныя бакі. Нейкая авечка была прывязаная да мімозавага дрэва. Мімо­за квітнела, неба было надзвычай блакітным, а сонца старанна свяціла як мага ярчэй. Я раптоўна падумаў, што прыгожы свет — цудоўны ашуканец. Гэта мая першая дарослая думка, якую я магу ўспомніць.
Мама падала мне пачак «Галуаз».
— Хочаш цыгарэту?
— Не.
Яна спрабавала размаўляць са мной як з мужчынам. Напэўна, яна спяшалася. Ёй ішоў ужо пяцьдзясят другі год. Цяжкі ўзрост, калі дзіця — твая адзіная падтрымка ў жыцці.
— Ты сёння пісаў?
Ужо больш за год я «пісаў», спэцкаўшы вершамі мноства школьных сшыткаў. Каб надаць ім выгляд надрукаваных, я старанна перапісваў іх вялікімі літарамі.
— Так, я пачаў вялікі філасофскі верш пра рэінкарнацыю і перасяленне душ.
Яна ўхваліла гэтыя словы кіўком.
— А што новага ў ліцэі?
— Я атрымаў «0» па матэматыцы.
Маці задумалася.
— Яны цябе не разумеюць, — сказала яна.
Я быў з ёй згодны. Настойлівасць, з якой выкладчыкі дакладных навук ставілі мне нулі, сведчыла пра іхнюю крайнюю недасведчанасць.
— Яны пашкадуюць, — сказала маці, — і вельмі збянтэжацца. Аднойчы тваё імя выгравіруюць залатымі літарамі на ліцэйскай сцяне. Я заўтра пайду і паразмаўляю з імі…
Я ўздрыгнуў.
— Мама, я табе забараняю! Ты мяне зноў выставіш на смех.
— Я ім прачытаю твае апошнія вершы. Я была вялікай акторкай і ўмею чытаць паэзію. Ты будзеш д'Анунцыа! Вікторам Гюго! Ты атрымаеш Нобелеўскую прэмію!
— Мама, я табе забараняю з імі размаўляць.
Яна мяне не слухала. Ейны позірк згубіўся ўдалечыні, а на губах намалявалася шчаслівая ўсмешка, наіўная і самаўпэўненая, нібы ейныя вочы толькі што ўбачылі праз туман будучыні, як пасталелы сын у прыгожым касцюме, увянчаны славай, поспехам і пашанай, павольна падымаецца па прыступках Пантэона.
— Усе жанчыны будуць ля тваіх ног, — катэгарычна падсумавала яна, падмятаючы неба цыгарэтай.
У дымным воблаку па сваім раскладзе, у 12.50, пра­нёсся цягнік з Вентымільі. Гледзячы ў акно, падарожнікі, мабыць, дзівіліся, чаму сівая жанчына і сумны хлопчык, які выцірае слёзы, так утаропіліся ў неба.
Раптам маці збянтэжылася.
— Трэба прыдумаць псеўданім, — рашуча сказала яна. — Вялікі французскі пісьменнік не можа мець рускае прозвішча. Калі б ты быў скрыпачом-віртуозам, яно б вельмі пасавала… але не падыдзе тытану французскай літа­ратуры.
«Тытан французскай літаратуры» быў цалкам згодны.
Ужо паўгода я гадзінамі шукаў псеўданім, запісваю­чы варыянты чырвоным стрыжнем у спецыяльным сшытку. Тым ранкам я абраў імя Юбэр дэ ля Вале, але праз паўга­дзіны мяне зачараваў настальгічны Рамэн дэ Рансэво. Маё ўласнае імя Рамэн падавалася мне цалкам прыдатным. На жаль, ужо існаваў Рамэн Ралан, а я ні з кім не жадаў дзяліць славу. Няпростая задача. Праблема псеўданіма ў тым, што ён ніколі не зможа адлюстраваць усё, што вы адчуваеце. Я ўжо амаль пераканаўся, што аднаго псеўданіма як сродку літаратурнага выяўлення недастаткова і трэба яшчэ напісаць кнігі.
— Калі б ты быў скрыпачом-віртуозам, прозвішча Кацаў было б вельмі дарэчы, — уздыхнуўшы, паўтарыла маці.
Гісторыя са скрыпачом-віртуозам была маміным вялікім расчараваннем, і я адчуваў сябе вінаватым. Здарылася недарэчнасць у лёсе, з якой мама ніяк не магла змірыцца. Яна многага чакала ад мяне і шукала чарадзейны найкарацейшы шлях, які прывядзе нас абаіх да «славы і пашаны натоўпу». Яна любіла ўжываць клішэ, што вынікала зусім не з банальнага слоўнікавага запасу, а з пакорлівасці тагачаснаму грамадству, ягоным каштоўнасцям, залатым стандартам. У клішэ ёсць выразы, якія адпавядаюць наяўным сацыяльным законам, сведчаць пра згоду і канфармізм і існуюць па-над мовай. Спачатку яна спадзявалася, што я буду геніяльным дзіцем, сумессю Яшы Хейфеца і Ягудзі Мянухіна, якія ў той час былі ў росквіце сваёй юнай славы.
Мая маці заўжды марыла быць вялікай акторкай. Мне бы­ло не больш за сем, калі яна набыла патрыманую скры­пку ў віленскай крамцы ва ўсходняй Польшчы, дзе мы та­ды жылі. Мяне ўрачыста адвялі да стомленага, апранутага ва ўсё чорнае мужчыны з доўгімі валасамі, якога маці паважлівым шэптам называла «маэстра». Потым двойчы на тыдзень я адважна хадзіў да яго адзін са скрыпкай у вохравым футляры, абабітым унутры фіялетавым аксамітам. Я памятаю толькі, як «маэстра» неймаверна здзіўляўся кожны раз, калі я браў смычок, і, прыкрываючы вушы далонямі, ускрыкваў: «Ай! Ай! Ай!» Нават сёння я добра помню ягоны крык. Думаю, гэты чалавек вельмі пакутаваў ад недахопу ўніверсальнай гармоніі ў свеце, недахопу, у якім усе тры тыдні маіх заняткаў быў галоўным чынам вінаваты я. У канцы трэцяга тыдня маэстра хутка выхапіў у мяне смычок і скрыпку, паабяцаў, што паразмаўляе з маці, і прагнаў. Я так і не даведаўся, што ён сказаў, але мама шмат дзён уздыхала і дакорліва на мяне паглядала, часам тулячы да сябе ў парыве шкадавання.
Вялікай мары не наканавана было ажыццявіцца.

III

У той час мама шыла капелюшы на замову. Спачатку яна шукала кліентаў па пошце, рассылаючы напісаную асадкай аб'яву, у якой паведамлялася, што «былая дырэктарка вялікага парыжскага моднага атэлье, жа­даю­чы заняць свой вольны час, прымае замовы на па­шыў капелюшоў для абмежаванай і абранай кліенту­ры». Яна паспрабавала заняцца гэтай жа справай праз некалькі гадоў, амаль адразу пасля нашага пераезду ў Ніцу ў 1928 годзе, у двухпакаёўцы на авеню Шэкспіра, а пакуль замоваў не было (дарэчы, іх ніколі не было), мама прапаноўвала касметалагічныя паслугі ў заднім пакойчыку жаночай цырульні, а пасля абеду абслугоўвала пародзістых сабак у псярні на авеню Віктуар. Пазней гандлявала ў гатэльных крамках, абыходзіла дамы, прадаючы ювелірныя ўпрыгожанні і атрымліваючы за продаж камісійныя, гандлявала гароднінай на кірмашы Бюфа, прадавала дамы, працавала ў гатэлях — карацей, я заўжды меў усё неабходнае, апоўдні мяне чакаў біфштэкс, і ніхто ў Ніцы ніколі не бачыў, каб я быў дрэнна апрануты ці абуты. Я вельмі злаваўся на сябе за тое, што падвёў маці поўнай адсутнасцю музычнага таленту. Нават сёння я не магу чуць прозвішча Мянухіна ці Хейфеца без віны. Не­дзе праз трыццаць гадоў, калі я быў генеральным консулам Францыі ў Лос-Анджэлесе, воляй лёсу я мусіў узнагаро­дзіць Яшу Хейфеца, які жыў у маёй акрузе, ордэнам Ганаровага легіёна. Прымацаваўшы Вялікі крыж да грудзей скрыпача і вымавіўшы пратакольную фразу «Мсьё Яша Хейфец, ад імя прэзідэнта Рэспублікі і згодна з ускладзенымі на нас абавязкамі мы ўзнагароджваем Вас Вялікім крыжам Ганаровага лёгіёна», я раптам гучна і выразна сказаў, углядаючыся ў неба:
— Што ж зробіш, у мяне яго не знайшлося!
Маэстра крыху здзівіўся:
— Што вы сказалі, мсьё консул?
Згодна з пратаколам я паспяшаўся пацалаваць яго ў абедзве шчакі, каб завершыць цырымонію.
Я ведаў, што мама была глыбока расчараваная адсутнасцю ў мяне музычнага таленту, бо яна больш ні разу пра яго не згадала: такая стрыманасць, зусім ёй не ўласцівая, была прыкметай патаемнага глыбокага суму. Ейным уласным мастацкім амбіцыям не наканавана было ажыццявіцца, і яна разлічвала ў гэтай справе на мяне. Я ж быў гатовы зрабіць усё, што ад мяне залежала, каб яна зрабілася знакамітай і шанаванай артысткай, і, доўга вагаючыся паміж жывапісам, сцэнай, песняй і танцам, я ўрэшце абраў літаратуру, якая падавалася мне апошнім прыстанкам на гэтай зямлі для ўсіх, хто не ведаў, куды падзецца.
Мы болей ніколі не ўспаміналі гісторыю са скрыпкай і пачалі шукаць новы шлях да славы.
Тройчы на тыдзень я абуваў шаўковыя балетныя туфлі, і мама за руку адводзіла мяне ў танцавальную студыю Сашы Жыглова, дзе цягам дзвюх гадзін я старанна падымаў нагу да папярочкі, а мама, седзячы ў закутку, раз-пораз складала рукі, зачаравана ўсміхаючыся, і ўсклікала:
— Ніжынскі! Ніжынскі! Ты будзеш Ніжынскім! Я ўпэўненая!
Потым яна праводзіла мяне ў гардэроб, дзе пільна­вала, пакуль я раздзяваўся, бо, як яна мне патлумачы­ла, Саша Жыглоў быў «дрэннага нораву», што хутка пацвердзілася. Аднойчы, калі я мыўся ў душы, Саша Жыглоў зайшоў на дыбачках у кабінку і, як мне падалося ў маёй поўнай нявін­насці, паспрабаваў мяне ўкусіць, на што я дзіка закрычаў. Я выразна памятаю, як раз'юшаная маці з кіем у руцэ бегла праз усю залу за няшчасным Жыгловым. Так скончылася мая кар'ера вялікага танцора. У Вільні былі яшчэ дзве танцавальныя школы, але мама, навучаная горкім вопытам, вырашыла не рызыкаваць. Яна не магла ўявіць, што ейны сын можа аказац­ца не тым мужчынам, якому падабаюцца жанчыны. Мне было не болей за восем, калі яна пачала апавядаць мне пра мае будучыя «поспехі», згадваць уздыхі і позіркі, пяшчотныя пасланні і клятвы, паспешна паціснутую руку на тэрасе ў святле месяца, маю белую афіцэрскую ўніформу і вальс удалечыні, шэпт і маленне. Седзячы, яна туліла мяне да сябе, прыкрыўшы вочы, з крыху вінаватай і надзіва маладой усмешкай, успамінаючы пашану і захапленне, якімі яе калісьці адарылі і чый смак і ўспамін не пакінулі яе цалкам; я абыякава прыціскаўся да яе і слухаў, здавалася, раўнадушна, але насамрэч з вялікай цікавасцю, рассеяна ліжучы сочыва на батоне. Я быў замалы, каб зразумець, што так яна намагалася пазбавіцца ўласнай жаночай адзіноты, задаволіць патрэбу ў пяшчоце і ўвазе.
Скрыпка і балет былі адкінутыя, мая нікчэмнасць у матэматыцы не дазваляла мне зрабіцца «новым Эйн­штэйнам», і цяпер я сам спрабаваў адшукаць у сабе схаваны талент, які дазволіў бы здзейсніцца мастацкім памкненням маёй маці.
Ужо шмат месяцаў я забаўляўся з пачкам фарбаў, які быў часткай маіх школьных прыладаў. Гадзінамі я ся­дзеў з пэндзлем у руках і п'янеў ад чырвонага, жоўтага, зялёнага і сіняга колераў. Аднойчы, калі мне было дзесяць, выкладчык малявання падышоў да мамы і выказаў ёй сваё меркаванне: «У вашага сына ёсць схільнасці да жы­вапісу».
Гэтае прызнанне падзейнічала на маму нечаканым чы­нам. Без сумневу, няшчасная была настолькі прасякнутая буржуазнымі легендамі і забабонамі пачатку стагоддзя, што жывапіс і няўдалае жыццё былі для яе ўзаемазвязаныя. Трагічныя кар'еры Ван Гога, Гагена палохалі яе. Я па­мятаю страх на ейным твары, калі яна, разгубленая, зайшла ў мой пакой, села перада мной і заклапочана, з нямой мальбой, паглядзела. Мабыць, яна ўявіла ўсе сцэны з «Багемы» і бяздарных мастакоў, асуджаных на п'янства, галечу і туберкулёз. Мама падсумавала ўсё ў дзіўнай, але, калі задумацца, даволі праўдзівай фразе:
— Можа, у цябе і ёсць талент, але яны замораць цябе голадам.
Не ведаю, каго яна мела на ўвазе, кажучы «яны». Напэўна, яна і сама гэтага не ведала. Але пачынаючы з таго дня мне было амаль забаронена дакранацца да фарбаў. Не разумеючы, што ў мяне можа быць звычайная дзіцячая цікаўнасць да колераў (хутчэй за ўсё, так і было), мама ўяўляла найгоршае: яна хацела бачыць мяне толькі героем, і ў яе ўяўленні гэты герой быў пракляты. Мой пачак з акварэльнымі фарбамі пачаў знікаць, а калі я яго адшукваў і сядаў маляваць, маці выходзіла з пакоя, але адразу ж вярталася, кружляючы побач, як неспакойны звер, з болем гледзячы на мой пэндзаль, пакуль урэшце мне ўсё гэта не абрыдла і я назаўжды не закінуў фарбы.
Я доўга на яе злаваўся, і здараецца, што нават сёння мяне агортвае пачуццё страчанага прызвання.
І вось так, ва ўладзе неакрэсленай і невыразнай патрэбы, у дванаццаць гадоў я пачаў пісаць, закідваючы лі­таратурныя часопісы паэмамі, апавяданнямі і пяціактавымі трагедыямі, напісанымі александрыйскім вершам.
Мама зусім не мела супраць літаратуры той амаль прымхлівай перадузятасці, якую адчувала да жывапісу: наад­варот, яна глядзела на яе добразычліва, як на свецкую даму, якую радыя бачыць у найлепшых дамах. Гётэ быў у пашане, Талстой быў графам, Віктор Гюго — прэзідэнтам рэспублікі (невядома, чаму яна так лічыла, але настойвала на сваім). Але потым ейны твар азмрочваўся:
— Ты мусіш берагчы здароўе, асцерагацца венерычных захворванняў. Гі дэ Мапасан памёр вар'ятам, Гайнэ — паралізаваным…
Яна здавалася заклапочанай і нейкі час, седзячы на схіле, моўчкі курыла. Безумоўна, літаратура таксама была небяспечнай.
— Пачынаецца з адной болькі, — сказала яна.
— Я ведаю.
— Паабяцай быць уважлівым.
— Абяцаю.
Маё любоўнае жыццё на той час абмяжоўвалася разгубленымі позіркамі, скіраванымі пад спадніцы Марыэт, нашай прыбіральніцы, калі тая падымалася па прыстаўной лесвіцы.
— Можа, табе лепей ажаніцца маладым з добрай і ласкавай дзяўчынай, — казала маці з відавочнай агідай.
Мы абое цудоўна ведалі, што ад мяне чакаецца зусім іншае. Найпрыгажэйшыя жанчыны свету, вялікія балерыны, прымадонны, Рашэль, Дузэ, Гарба — вось каго рыхтаваў мне лёс. Я быў не супраць. Калі б толькі праклятая лесвіца была крыху вышэйшай ці — яшчэ лепей — калі б Марыэт зразумела, як важна мне неадкладна пачаць любоўную ка­р'еру… Мне было трынаццаць з паловай, і наперадзе была доўгая дарога.
І вось так, па чарзе адкінуўшы музыку, танец і жывапіс і нягледзячы на венерычную небяспеку, мы змірыліся з літаратурай. Каб нашыя мары пачалі здзяйсняцца, заставалася дробязь — адшукаць арыгінальны псеўданім, варты шэдэўраў, якіх свет ад нас чакаў. Цэлыя дні я сядзеў у пакоі, пэцкаючы паперу неверагоднымі проз­вішчамі. Часам маці прасоўвала галаву, цікавячыся станам майго натхнення. Нам не прыходзіла ў галаву, што гадзіны стамляльнай працы можна прысвяціць напісанню саміх шэдэўраў.
— Ну як?
Я браў аркуш і знаёміў яе з вынікамі дзённай літаратурнай працы. Прыдуманыя варыянты мяне ніколі не задавальнялі. Якім бы прыгожым і гучным ні быў псеўданім, ён не быў варты таго, што я жадаў здзейсніць для яе.
— Аляксандр Наталь. Арман дэ ля Тор. Тэрэ. Васка дэ ля Фернэ…
І так аркуш за аркушам. Пасля шэрагу псеўданімаў мы паглядалі адно на аднаго і абое качалі галовамі. Не, гэта было не тое, зусім не тое. Шчыра кажучы, мы цудоўна ведалі, які псеўданім нам бы падышоў, але, на жаль, усе яны былі ўжо занятыя: «Гётэ», «Шэкспір», «Вік­тор Гюго». Яны адлюстроўвалі тое, чым я хацеў быць для яе, тое, што марыў ёй падарыць. Часам, седзячы ў кароткіх штоніках за сталом, я падымаў на маму вочы, і мне здавалася, што свет недастаткова вялікі, каб змясціць маю любоў.
— Трэба нешта накшталт Габрыэле д'Анунцыа, — казала маці. — Ён змусіў Дузэ пакутаваць.
Яна казала гэта з пашанай і захапленнем. Для мамы было натуральным тое, што мужчыны прымушаюць жанчын пакутаваць, і яна спадзявалася, што і я буду на вышыні. Для яе былі вельмі важныя мае перамогі над жаночымі сэрцамі. Відавочна, яна бачыла ў гэтым адну з галоўных праяваў зямнога поспеху. Тое, што ішло поруч з афіцыйнай пашанай, узнагародамі, параднымі ўніформамі, шампанскім, прыёмамі ў амбасадзе. Калі яна мне апавядала пра Ганну Карэніну і Уронскага, то з гонарам глядзела на мяне, гладзіла мае валасы, шумна дыхала з усмешкай, поўнай наіўнага прадчування. Мабыць, гэтая некалі прыгожая жанчына, якая доўгі час жыла без мужчыны, мела патрэбу ў фізічным і пачуццёвым рэваншы, які мусіць узяць ейны сын. Цэлы дзень яна хадзіла па адрасах з маленькай валізкай: мама мусіла сустрэцца з багатымі англічанамі, якія жылі ў гатэлях-палацах, прадставіцца ім збяднелай рускай арыстакраткай, змушанай прадаваць апошнія «сямейныя каштоўнасці» — упрыгожанні, якія ёй выдалі прадпрымальнікі і за продаж якіх яна атрымлівала дзесяць адсоткаў камісіі. Пасля стамляльнага і зневажальнага дня (рэдка калі шчасціла заключыць больш за адну здзел­ку на месяц) мама хуценька здымала капялюш і шэрае паліто, сядала насупраць хлапчука ў кароткіх штоніках, які, прыгнечаны тым, што нічога не можа для яе зрабіць, цэлымі днямі ламаў галаву ў пошуках прыгожага, гучнага, шматабяцальнага псеўданіма, закліканага адлюстраваць усё, што было на сэрцы. Гэты псеўданім быў бы мілагучным і прыгожым для матчынага слыху і пераканальна адгукаўся б рэхам будучай славы, якую хлопчык намерваўся пакласці ля матчыных ног.
— Ралан дэ Шантэклер, Рамэн дэ Мізор…
— Мабыць, лепей узяць псеўданім без часціцы — на вы­­падак новай рэвалюцыі, — казала маці.
Я адзін за адным прамаўляў гучныя і напышлівыя псеў­данімы, якія мусілі перадаць усё, што я адчуваў, што хацеў ёй падарыць. Яна слухала ўважліва і крыху за­непакоена, і я здагадваўся, што ніводны з варыянтаў яе не задавольвае і што ўсе яны недастаткова прыгожыя для мяне. Можа, яна проста хацела даць мне волю і веру ў лёс. Без сумневу, мама ведала: я пакутаваў ад таго, што быў яшчэ дзіцем, не здольным нічым ёй дапамагчы. Ці, можа, яна заў­важыла мой заклапочаны позірк, калі я, стоячы на гаўбцы, гля­дзеў, як яна шторанку ідзе па авеню Шэкспіра з кіем у руцэ, з цыгарэтай і маленькай валізкай, поўнай «сямейных каштоўнасцяў», і калі мы разам гадалі, ці знойдзецца сёння пакупнік на брошку, гадзіннік ці залатую табакерку.
— Ралан Кампеадор, Ален Брысар, Юбэр дэ Лангрэ, Рамэн Картэс.
Па ейным позірку я бачыў: усё не тое — і ўсур'ёз задумваўся, ці здолею аднойчы яе задаволіць. Нашмат пазней, калі па радыё я ўпершыню пачуў імя генерала дэ Голя падчас ягонага славутага закліку, я адразу ж раззлаваўся на сябе, што не прыдумаў такі прыгожы псеўданім пятнаццаць гадоў таму: Шарль дэ Голь, без­умоў­на, спадабаўся б маці. Брукаванка жыцця складаец­ца са страчаных магчымасцяў.

IV

Матчына пяшчота, якая мяне ў той час ахінала, мела не­чаканае і вельмі шчаслівае наступства.
Калі справы ішлі добра і продаж некалькіх «сямейных каштоўнасцяў» дазваляў прадбачыць месяц адноснай матэрыяльнай бяспекі, перш-наперш мама на­кі­роўвалася ў цырульню, а потым хадзіла слухаць цы­ганскі канцэрт на тэрасе гатэля «Раяль» і наймала пакаёўку для прыбірання розных частак кватэры. Мыццё падлогі для мамы было сапраўдным катаваннем, і калі аднойчы падчас ейнай адсутнасці я паспрабаваў сам выцерці паркет, а мама заспела мяне на карачках з анучай у руцэ, ейны твар скрывіўся ў грымасу, па шчоках пацяклі слёзы, і я быў вымушаны га­дзіну суцяшаць яе, тлумачачы, што ў дэмакратычнай краіне дробныя побытавыя справы лічацца цалкам прымальнымі і што зай­мацца імі — не ганебна.
Марыэт была дзяўчынай з вялікімі хітрымі вачыма і моцнымі трывалымі нагамі, адораная неверагодным задам, які я бачыў увесь час на ўроку замест і на месцы твару выкладчыка матэматыкі. Зачаравальнае відовішча лёгка тлумачыла, чаму я, адкрыўшы рот, так пільна ўзіраўся ў выкладчыцкую фізіяномію, не зводзячы з яе вачэй цягам усяго занятку і, безумоўна, не чуючы нічога з таго, што выкладчык казаў. А калі ён адварочваўся і пачынаў крэсліць на дошцы алгебраічныя знакі, я пераносіў туды свой апантаны позірк і адразу ж бачыў, як на чорным фоне вымалёўваецца прадмет маіх мараў. З таго часу чорны колер заўжды цудоўна на мяне ўздзей­нічаў. Калі ж прыемна ўражаны маёй увагай выкладчык задаваў мне часам пытанне, я ўсхопліваўся, рабіў вялікія вочы, кідаў на зад Марыэт позірк з ласкавым папрокам, і толькі пакрыўджаны голас мсьё Валю вяртаў мяне ўрэшце на зямлю.
— Я не разумею! — абураўся выкладчык.— Вы падаяцеся самым уважлівым з усіх маіх вучняў, і часам нават можна сцвярджаць, што вы літаральна прыклейваецеся позіркам да маіх губ. Але вы на іншай планеце!
Ён меў рацыю.
Аднак я не мог патлумачыць гэтаму цудоўнаму чалавеку, што так выразна бачу замест і на месцы ягонага твару.
Карацей, Марыэт займала ў маім жыцці ўсё большае месца — гэта пачыналася як толькі я прачынаўся і доўжылася амаль цэлы дзень. Калі гэтая міжземнаморская багіня з'яўлялася на даляглядзе, маё сэрца ляцела ёй насустрач, а я, не ў стане падняцца, нерухома ляжаў на ложку. Пасля я заўважыў, што і Марыэт цікаўна на мяне паглядае. Яна паварочвалася да мяне, клала рукі на сцёгны, крыху летуценна ўсміхалася, уздыхала, ківала галавой і казала:
— Нічога, можаце паверыць, вашая маці сапраўды вас любіць. Яна гаворыць пра вас, калі вас дома няма. Пра ўсе цудоўныя прыгоды, якія вас чакаюць, пра ўсіх прыгожых жанчын, якія будуць вас кахаць, і так далей. Мяне гэта нават кранаць пачынае.
Я збянтэжыўся. У той момант мае думкі былі далёкія ад маці. Я ляжаў на ложку па дыяганалі ў вельмі нязручным становішчы — калені сціснутыя, ногі на коўдры, галава ля сцен­кі — і не мог паварушыцца.
— Яна мне расказвае пра вас як пра прынца… Мой Рамэн такі, мой Рамэн такі... Я ведаю, гэта толькі таму, што вы ейны сын, але ўсё адно адчуваю сябе дзіўна...
Голас Марыэт неверагодна ўздзейнічаў на мяне. Ён быў незвычайным. Здавалася, ён ідзе не з горла. Я ўвогуле не ведаю, адкуль ён ішоў. І ён не дасягаў месца, куды зазвычай галасы накіроўваюцца, — прынамсі, не далятаў да ма­іх вушэй. Вельмі дзіўна.
— Гэта нават раздражняе. Цікава, што ў вас такога...
Яна пачакала хвілінку, потым уздыхнула і зноў пачала націраць паркет. Я быў цалкам паралізаваны і з ног да галавы ператварыўся ў зацвярдзелы ствол. Мы абое маўчалі. Часам Марыэт паварочвала да мяне галаву, уздыхала, а потым зноўку націрала паркет. З разбітым сэрцам я гля­дзеў на жахлівае марнатраўства. Ведаў, што трэба нешта рабіць, але адчуваў сябе літаральна прыкутым да месца. Марыэт скончыла працу і сышла. Я праводзіў яе позіркам, адчуваючы, што частка маёй істо­ты аддзялілася ад мяне і назаўжды пакінула. Мне здавалася, што жыццё змарнаванае. Ралан дэ Шантэклер, Артэміс Каінор і Юбэр дэ ля Рош гарланілі, прыкрываючы вочы кулакамі. Але я тады не ведаў вядомай прымаўкі: «Чаго хоча жанчына, таго хоча Бог». Марыэт працягвала дзіўна на мяне пазіраць. Мабыць, пяшчотны спеў маёй маці і аповеды пра маю трыумфальную будучыню абудзілі ў ёй жаночую цікаўнасць і нейкую патаемную зайздрасць. Урэшце здарыўся цуд. Я памятаю, як Марыэт схілілася нада мной з хітрым выразам на твары, як лашчыла шчаку, пакуль я лунаў недзе ў лепшым свеце, як трохі хрыплым голасам казала:
— Не трэба ёй казаць, добра? Я не змагла ўстаяць. Я ведаю, што яна твая маці, але ейная любоў такая прыгожая, што зачароўвае… Ніводная жанчына ніколі не будзе цябе любіць так, як яна. Гэта відавочна.
Што праўда, то праўда. Але я гэтага не ведаў. Я пачаў гэта разумець толькі набліжаючыся да чацвёртага дзясятка. Нядобра быць настолькі любімым зарана, у дзяцінстве. У цябе з'яўляюцца дрэнныя звычкі. Табе потым здаецца, што ты маеш шанец сустрэць сапраўдную любоў. Ты думаеш, што яна існуе ў іншай прасторы, што яе можна адшукаць. Разлічваеш на гэта. Глядзіш, спа­дзяешся, чакаеш. З матчынай любоўю жыццё на досвітку робіць абяцанне, якое ніколі не зможа стрымаць. Ты потым да скону мусіш есці халодныя стравы. Кожны раз, калі жанчына будзе абдымаць цябе і прыціскаць да сэрца, у тваім уласным сэрцы будзе адно спачуванне. Як пакінуты сабака, ты заўжды будзеш вяртацца да матчынай магілы і крычаць. Ніколі болей, ніколі, ніколі. Чароўныя рукі сплятаюцца ля тваёй шыі, а пяшчотныя губы расказваюць пра любоў, але цябе не падманеш. Ты зарана знайшоў крыніцу і выпіў яе ўсю. Калі цябе зноўку адольвае смага, ты марна кідаешся ва ўсе бакі: вакол няма ручаёў, адны міражы. Ты дасканала вывучыў любоў на першым пробліску світання і не можаш забыць гэты досвед. Усюды, куды ты ідзеш, ты носіш з сабой атруту параўнання і марнуеш час у чаканні таго, што аднойчы займеў.
Я не сцвярджаю, што трэба забараніць маці любіць сваіх дзяцей. Я проста лічу, што лепей было б, калі б маці любілі кагосьці яшчэ. Калі б у маёй маці быў каханак, я не паміраў бы ад смагі ля кожнага ручая. На маё вялікае няшчасце, я добра ведаю сапраўдныя брыльянты.
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку
Made on
Tilda