Алесь Бычкоўскі
Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры
Ці чулі вы, што ўсе выдуманыя сусветы існуюць насамрэч? І не толькі існуюць, але і дапамагаюць пісьменнікам, чытачам, а найперш аматарам казак і фэнтэзі. Ці вядома вам, што побач з намі жывуць паралельныя цывілізацыі разумных жывёл? Журналіст Тамаш Ян гэтаксама не ведаў, пакуль не ўлупіўся галавой у пень і не трапіў у карчму «Халодныя ногі» каля могілак.
Анамальныя з'явы, ваўкалакі, тагасветныя пачвары пад абліччам вабных прыгажунь ды іншае ў новым зборніку беларускага празаіка Алеся Бычкоўскага "Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры".

Купіць тут
Аграмадны цмок вышынёй з тры паверхі нязграбна прыткнуўся шырокім азадкам да шурпатага валуна, пыхнуў гарам і палез у шнобель доўгім брудным кіпцюром. Цмок меў разгублены і неахайны выгляд, лыпаў вачыма і дзіка азіраўся па баках, рыхтык намагаўся сцяміць, як апынуўся на стромкім беразе возера, з зыбкай паверхні якога павытыркалі галовы цікаўныя русалкі. Казачныя вадзяныя дзяўчаты віравалі тут з моманту закладкі "Парку", а вось цмок матэрыялізаваўся знянацку, чым і прыцягнуў увагу не толькі азёрных насельнікаў. Вучоны кот на ланцугу ад нечаканасці выпусціў у траву гуслі і, скочыўшы на дуб, схаваўся ў вецці. Зверху кружляў дыван-самалёт. А я стаяў на мастку за агароджай з армаванага шкла ўсутыч з тэхнічнымі рыштункамі "Парку" і агаломшана разумеў, што ў нас чэпэ, ды амаль пад канец маёй змены. "Кіс-кіс-кіс", — беспаспяхова паклікаў я, але мурзаты баюн не мог праз шкло пачуць. Як і астатнія насельнікі "Парку". Ніхто з іх не ў стане пачуць ці ўбачыць дзяжурнага агента, пакуль той сам не ўвасобіцца ўнутр, пад шклоагароджу.
Распачынаць аповед з апісання цмока мае сэнс выключна з аднае мэтай — прывабіць чытача, апантанага фэнтэзі. Іншым выпадкам варта адразу пісаць "усё пачалося з…". Так!
Усё пачалося з пенсіянера Цукеркіна, які вынаходзіў капялюш-няўгледку. Цукеркін — палкоўнік у адстаўцы, які сваім часам служыў у Паўднёвым Емене спецыялістам па ваенных тэхналогіях. Капялюш-няўгледка яму тэрмінова спатрэбіўся, каб цішком, употай ад жонкі, бегаць ноччу да крамы па чарніла. Зразумела, мара ўсіх злодзеяў у палкоўніка не атрымалася, замест гэтага выйшла нешта іншае, больш значнае. Бадай, варта зараз трошкі зноў адкаціць назад, цьфу, няма ў нашай мове гэтага слова, ёсць: развярнуцца і зноўку наперад!
Усё пачалося з раптоўнай анамаліі на спартовым стадыёне сталіцы. Скуль узялася тая анамалія, невядома. Але на тым полі нечакана для ўсіх пачала прайграваць усім гасцям айчынная футболахакейная зборная. Прыедзе хто з Еўропы ці Расеі — нашы абавязкова прадуюць. Прыляціць хто з іншага мацерыка — у нашых ізноў ногі не з таго месца растуць, вынік той жа. Гол за голам. Госці ў фаворы, а нашых тутэйшыя патрыёты-аматары клянуць і абяцаюць укрыжаваць.
Падобныя пройгрышы айчынных гульцоў хтосьці задужа смелы наўпрост звязваў з плыняй крэдытаў, атрыманых краінай. Аднак саму анамальнасць поля здолеў выкрыць знаёмы ўжо нам пенсіянер Цукеркін, вялікі аматар футболахакея.
Насунуўшы капялюш-няўгледку, адстаўны палкоўнік мужна рынуўся ў атаку з высакароднай мэтай дапамагчы айчыннай зборнай. Справядліва палічыўшы сябе нябачным, Цукеркін ганяўся па полі за мячом, пакуль не быў затрыманы суддзёй і аховай. Тут і надарылася такое, што без здзіўлення, шкадобы, жалю, роспачы папалам з рогатам і сказаць нельга. Нібыта знітаваліся ў прасторы і часе два непрадказальныя фактары: анамальнае поле і капялюш-няўгледка Цукеркіна. Раптоўна, як на загад, усе ўдзельнікі затрымання ваяўнічага палкоўніка знерухомелі, пачырванелі і вытарашчылі вочы. Ахоўнікі правапарадку нечакана аказаліся са спушчанымі нагавіцамі і гумовымі дручкамі ў валасата-ружовых азадках, а з моцнай дупы суддзі ў адпаведным месцы вытыркаў свісток. Аўдыторыя на трыбунах замерла, гікнула і скаланулася нястрымным рогатам некалькіх тысяч мужчынскіх глотак. Сяброўская сустрэча гульцоў умомант была спынена, выклікалі спецназ, паднялі армію, а былы палкоўнік Цукеркін стрымгалоў бег прэч, не раўнуючы як хаваўся ад ядзернай пагрозы, з лёсаносным капелюшом на галаве.
Справу імгненна падхапілі "тыя, каму трэба" — аматары спорту ў цывільным, а газеты напісалі пра перадавікоў вытворчасці і нястрымны ўраджай перад дажынкамі.
Высветлілася ж наступнае. У сваёй апантанай жарсці вынаходзіць пенсіянер Цукеркін са старых дэталяў, дробязі, карацей — з лайна і палак сабраў нарэшце машынку, якая здзяйсняе жаданні. Ну, мо яно гучна сказана, але машынка спраўна матэрыялізоўвала думкі.
З адной акалічнасцю: думкі спярша належала аднекуль прачытаць. Тут і выкрылася, што палкоўнік падчас векапомнага матчу чытаў на трыбуне зборнік сараматных показак, што і тлумачыла ў далейшым бессаромныя паводзіны гумовых дручкоў у дачыненні да іх уладальнікаў і свістка да суддзі.
Высветлілі і тое, што надрукаваныя фантазіі здольныя да матэрыялізацыі выключна на тым стадыёне, які адразу набыў "анамальны" статус. Поле абнеслі агароджай, на шыльдах пазначылі "Зачынена на рэстаўрацыю" і пачалі эксперыментаваць.
Ці то капялюш увасобіў асаблівасці характару палкоўніка, ці то яшчэ нешта, але матэрыялізацыі паддаваліся выключна рэчы з мастацкіх твораў. Самыя высокія
паказальнікі ў гэтым плане мелі зборнікі казак, літаратурнай класікі і фэнтэзі.
Што толькі ні чыталі ў капелюшы Цукеркіна! Выкліканыя з нябыту здані плылі па-над зялёным травяністым полем і існавалі ад хвіліны да дваццаці чатырох гадзін. Чым большы быў наклад кнігі, тым больш устойліва плылі вобразы.
Разумныя галовы "там, дзе трэба" памаракавалі і параілі скарыстаць капялюш у дзяржаўных інтарэсах, уголас чытаць перадавіцы з газет. Аднак тут выйшаў гвалт, замест паляпшэння эканомікі з ніадкуль выскачылі два малойцы з доўбнямі і стаўклі-змясілі на горкі яблык эксперыментатараў. Капялюш больш ахвотна матэрыялізоўваў народныя казкі — тое, у што прасцей паверыць.
Калі гоман сціх, пачалі думаць: як быць далей? Газеты, зразумела, напішуць тое, што загадаюць рэдактарам, але ж пагалоскі і чуткі пра поле ўжо не суняць. Засвярбела капялюш Цукеркіна скарыстаць як след на карысць. Што ж ужо зробіш, раз так выйшла. Дый жонка Цукеркіна, сцярвозная баба, паспела зліць інфу з усімі падрабязнасцямі пра здарэнне ўнуку-праграмісту, які працаваў у Нямеччыне. Звесткі, як іх ні сакрэць-хавай, вылузнулі ў сеціва. На вуліцы не эпоха Чарнобыля, пад сукню тэчку не схаваеш і ратоў не заткнеш. Як ні круці, наўкола час высокіх тэхналогій. Тут і даручылі стварыць камісію па прымяненні капелюша
Цукеркіна не каму-небудзь, а флагманам Парку высокіх тэхналогій. Праграмеры — людзі дакладныя, так бы мовіць, канкрэтныя.
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку
Made on
Tilda