Сяргей Белаяр
Расследаванні інспектара Сарвы
ХХІІ стагоддзе. Злачыннасць не толькі не знікла, але і набыла новыя, высокатэхналагічныя рысы. Марс, Юпітар, пояс Койпера, Месяц, кропкі Лагранжа, Нептун… Але, як бы ні намагаліся зладзеі застацца інкогніта, яны будуць выкрытыя, бо на іх шляху паўстае інспектар Дэпартамента пазаземных крымінальных расследаванняў Ратаўт Сарва.

Купіць тут
ГОСЦЬ З МІНУЛАГА

Узлётна-пасадачны модуль на імгненне завіс у разрэджанай атмасферы Еўропы, а затым дакрануўся паверхні шасцю талерчатымі апорамі. У кожную з іх былі ўмантаваныя па тры
магутныя свідры, якія не дазвалялі шматтоннаму чоўну слізгаць па лёдзе. Нейкі час лёгкае дрыгаценне корпуса і нізкі гул выдавалі работу рухавікоў, пасля чаго стала ціха — модуль быў
састарэлым, з кіслародным напаўненнем кабіны.
На святлодыёдным табло запаліўся дазвольны сігнал, і інспектар Дэпартамента пазаземных крымінальных расследаванняў Ратаўт Сарва выбраўся з супрацьперагрузачнага крэсла.
Аўтаматычна расчыніліся дзверцы шафы са скафандрам падвышанай абароны — без рыштунку, які нагадваў гібрыд нармабарычнага вадалазнага скафандра і рыцарскага даспеха,
рабіць на паверхні было няма чаго. Інтэнсіўнасць іанізуючага выпраменьвання складала пяцьсот сорак бэр у дзень, а тэмпература трымалася на адзнацы мінус сто семдзесят градусаў
па Цэльсіі.
Адзеўшыся, Сарва падхапіў кантэйнер з інструментамі і няхітрым багажом. Варта было перайсці ў атмасферны шлюз і апусціць рычаг, як запрацавалі магутныя помпы, а сіла цяжару пачала змяншацца. У шчыліну, якая пашыралася па меры таго, як апускаўся пандус, былі відаць турбасані, што імкліва набліжаліся з боку Lenticulae. Яны апынуліся ля модуля да таго,
як інспектар ступіў на лёд.
— Сунтаўт Аншток, мяркую? — перадатчык скафандра сам адшукаў патрэбную хвалю.
— Мы не чакалі, што вы з'явіцеся так хутка, спадар Сарва, — першы намеснік Бута Лоя, начальніка навукова-даследчай станцыі "Оле Крыстэнсэн Ромер", дапамог інспектару пагрузіць кантэйнер і ўлезці ў турбасані.
— Так ужо атрымалася, — адказаў Сарва, імкнучыся ўладкавацца зручней. На дысплэі транслявалася выява з відэакамеры задняга віду — модуль, які хутка аддаляўся, расквітнеў сігнальнымі агнямі. Ён застанецца тут да вяртання інспектара. — Што ў вас здарылася?
— Нічога такога, што запатрабавала б прысутнасці паліцэйскага.
— То-бок вы лічыце смерць свайго таварыша чымсьці натуральным?
— Гэта Еўропа, спадар Сарва. Тут пастаянна хтосьці памірае. Умовы, ведаеце, не зусім спрыяльныя для жыцця чалавека... А прымаючы пад увагу пастаянную зацыкленасць прафесара Гомаля на працы і з прычыны гэтага безуважлівасць, нешта падобнае рана ці позна павінна было здарыцца.
— Вы ўпэўнены ў тым, што меў месца няшчасны выпадак, спадар Аншток? — планшэтны персанальны камп'ютар застаўся ў насцёгнавай кішэні камбінезона, так што прыйшлося спадзявацца на ўласную памяць.
— Самазабойцам прафесар Гомаль дакладна не быў, а забіваць яго няма за што і няма каму.
— Дазвольце пацікавіцца, а адкуль у вас такая ўпэўненасць?
— Я працаваў пад кіраўніцтвам прафесара Гомаля больш за чатыры з паловай гады і паспеў добра пазнаць яго. Барута Родкавіч быў сапраўдным фанатам сваёй справы. Літаральна
жыў навукай і ні з кім не канфліктаваў.
— Гэта яшчэ не дае гарантыі, што ён нікому не насаліў. — Разломы і расколіны ў ледзяным панцыры, якія з'явіліся ў выніку расцяжэння і парэпання кары, нагадвалі не лініі, а каналы. —
А вы хіба працуеце не парамі?
— Як калі. План работ досыць шырокі — часам даводзіцца распыляць сілы.
— Хто знайшоў труп Гомаля?
— Я. — Наперадзе паказаўся шпіль, вышыня якога складала дваццаць пяць метраў, і гляцыёлаг скінуў хуткасць. Шпіль служыў у якасці брамы ў падлёдную станцыю. — Прафесар
Гомаль занадта доўга нават для яго не выходзіў на сувязь з "Ромерам", вось я і вырашыў праверыць. Рушыў па маршруце, але знайшоў Баруту Родкавіча далёка ўбаку. У трыццаці
кіламетрах, калі ўжо быць зусім дакладным.
— У вас ёсць здагадкі, што прымусіла прафесара Гомаля звярнуць?
— Ні адной, — згодна з папярэдняй дамоўленасцю, Аншток змяніў курс і павёў турбасані да месца гібелі Гомаля. — Лункі для гідработа і крыябота размяшчаюцца нашмат правей.
— Магчыма, нешта прыцягнула яго ўвагу.
— Дапускаю. Чаму ж тады ён не звязаўся з "Ромерам"? Радыёстанцыя ў турбасанях была спраўнай. Ды і няма ў тым раёне нічога цікавага — усё даўно даследавалі. Калі толькі
не захацеў праверыць адну са сваіх вар'яцкіх гіпотэз. Барута Родкавіч з'яўляўся прыхільнікам альтэрнатыўнай канцэпцыі генезісу Еўропы. Не ўдаючыся ў падрабязнасці, скажу, што
геалагічная гісторыя Еўропы не мае рыс падабенства з гісторыяй суседніх спадарожнікаў. Гэта адно з самых гладкіх цел у Сонечнай сістэме.
Лёд рассякалі шматлікія сляды ад палазоў, і гэта зводзіла на нішто верагоднасць выяўлення слядоў ад іншых турбасаней, якія маглі б рухацца за прафесарам. Радыёліз павярхоўнага
лёду не дазваляў вызначыць дакладны ўзрост слядоў — адсорбцыя кіслароду і вадароду не спынялася ні на хвіліну.
— Вось мы і прыехалі, — арыентуючыся па адно яму вядомых прыкметах, Аншток спыніўся.
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку
Made on
Tilda