Ірына Данеўская
Багуслаў Радзівіл. Генерал караля
У гістарычным рамане-эпапеі «Багуслаў Радзівіл. Генерал караля» апісваюцца крывавыя падзеі 1648—1655 гадоў, калі ўкраінскія, беларускія, польскія, літоўскія і малдаўскія землі ахапілі шматлікія збройныя канфлікты, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «Патоп». Бесклапотны шукальнік прыгод Багуслаў Радзівіл становіцца генералам войска Рэчы Паспалітай, а яго стрыечны брат Януш узначальвае ўзброеныя сілы Вялікага Княства Літоўскага. Непераможны да гэтых пор украінскі гетман Багдан Хмяльніцкі церпіць балючыя паражэнні ў гучных бітвах з удзелам Радзівілаў.
Што далей — пераможа сіла амбіцый ці непрымірымыя ворагі здолеюць дамовіцца між сабой?

Пераклад Наталкі Бабінай.

у продажы - з 7 лютага
Раздзел 1. Сустрэча з Д'яблам

Дзядзілаў (кастрычнік 1648 года)

У той час, калі Еўропа ўжо складала зброю, якая добра-такі затупілася ў грозных бітвах Трыццацігадовай вайны, і звяртала стомлены погляд на Вестфалію, дзе ў каталіцкім біскупстве горада Мюнстэра нараджаўся жаданы мір, на ўсходзе, дзе сівыя хвалі Дняпра здаўна абмывалі нявольніцкімі слязьмі парогі Крымскага ханства, усё жывое ўзялося за зброю і сышлося ў баях не на жыццё, а на смерць. Аднак казацкае паўстанне, якое лютым полымем ахапіла Украіну , закранула Валынь, Падолле, Літву і лізнула крывавым языком ускраіны Рускага ваяводства , яшчэ не дакацілася да Прыкарпацця, і тут пакуль што панаваў падманлівы спакой, які зазвычай папярэднічае лютай буры.
Стаяла слаўная спакойная восень. Тою парой, калі дзень ужо падыходзіў да канца, густую вячэрнюю цішыню залаціста-зялёных далін і ўзгоркаў парушылі гучны тупат капытоў і нецярплівае конскае ржанне. А зусім хутка са змрочных лясных нетраў на свет божы выехаў невялікі атрад вершнікаў, з выгляду шляхціцаў. Трапяткое святло амаль патухлага дня пазалаціла іх насцярожаныя твары і грозна бліснула сталлю баявых даспехаў: падарожжы і ў мірны час былі небяспечнай неабходнасцю, а ў ваеннае ліхалецце і пагатоў. Вёў атрад ужо немалады чалавек, хоць і шляхціц, але занадта простага выгляду, каб яго можна было прызнаць за старэйшага. Побач з ім ехаў малады чалавек дваццаці шасці гадоў — сярэдняга росту, моцнага целаскладу, з добрым позіркам блакітных вачэй на расчырванелым ад ветру і доўгіх падарожжаў твары, мілавіднасці якога не псавалі нават трохі завялікі нос і рабаватая скура — вынік перанесенай яшчэ ў дзяцінстве воспы. Ён быў таксама апрануты па-дарожнаму: у просты шэры кафтан з доўгім радам цынавых запон і кунтуш з ласінай скуры, з-пад якога пабліскваў баявы нагруднік. Толькі абшытая куніцай квадратная шапка-рагатоўка, якую падарожнік насунуў на лоб, пояс — скураны, багата пакрыты срэбнымі пласцінамі з турэцкай бірузой, турэцкая шабля са срэбнай рукаяткай у срэбрам жа ўбраных похвах, добры конь у багатай збруі і ўладная рыцарская пастава выдавалі ў ім галоўнага сярод таварыства. Выехаўшы наперад, малады шляхціц з трывогай агледзеўся і аж расцвіў, убачыўшы перад сабой пракладзеную людзьмі і скацінай дарогу.
— Ну, Даніловіч, такі вывеў на шлях! — весела крыкнуў ён старэйшаму таварышу. — А як бадзяліся мы ў лясных гушчарах, то я ўжо падумаў, што ты нас на той свет завесці хочаш.
— Я гэта месца, пан Нямірыч, як свае пяць пальцаў ведаю, — задаволена адазваўся шляхціц. — Калі б не зрэзалі напрасткі праз лес трохі дарогі, то да Дзядзілава хіба раніцай бы дабраліся.
Стэфан — так звалі пана Нямірыча — не сумняваўся ў сваім правадніку, таму ўдзячна кіўнуў, але хтосьці з яго людзей усё ж не ўтрымаўся ад жарту:
— А можа, Даніловіч, ты нас у госці да Хмяльніцкага вядзеш?
— Ды хоць бы і так! — фыркнуў Даніловіч. — Хто такі гэты Хмяльніцкі, якога вы, паны, так баіцеся? — і сам жа і адказаў: — А ніхто. Пісар казацкі, у якога сусед адабраў хутар, забраў палюбоўніцу і сына трохі розуму павучыў... Прыязджаў ён на сойм скардзіцца, дык там яму добранька патлумачылі, што да чаго. Падціснуў ён хвост, як хорт паганы, і адправіўся на Сеч мужыкоў бунтаваць.
— Яшчэ і пагалоску пусціў, што яму сам кароль наказаў шаблямі праўды дабівацца, — дадаў нейкі пан — такі тоўсты, што ў яго беднага каня аж ногі падгіналіся пад цяжарам вершніка.
— Хлусіць?!
— Хлусіць! Можа, і дабіваўся ён да караля, але яго, напэўна, выпхалі ў шыю. Але паколькі казакі на Сечы любяць казкі слухаць — то і прыдумаў Хмель, нібыта сам кароль мужыцкі бунт бласлаўляе, каб быдла ахвотней за шаблі хапалася.
— Разбойнік! — крыкнуў Даніловіч. — Бунтаўшчык! Як Налівайка, Паўлюк і падобныя ім. І лёс яго такі самы будзе!
— А ты, ойча, чаго маўчыш? — спытаў тоўсты шляхціц у папа, які невядома як апынуўся ў іх кампаніі.
— Дык што ж казаць, сын мой? Казакі абараняюць веру праваслаўную, таму лаяць іх мне неяк не выпадае. Ды і зноў-такі, праўда на іх баку...
— Ты, поп, брашы, ды меру знай! — пагрозліва крыкнуў таўстун.
— Брэшуць сабакі, шаноўны пане, а я слуга божы! Паны абіраюць сваіх сялян так, што толькі душы ім застаюцца, і тое толькі таму, што іх нікому не прадасі. І дабро б самі паны, а то жыды, якім яснавяльможныя свае маёнткі ў арэнду аддаюць. Пан свае грошы мае, а жыду і сабе трэба карысць атрымаць. Вось ён з простага чалавека апошнюю шкуру і цягне, прымушаючы адрабляць паншчыну ці не шэсць дзён у тыдзень... Самі ведаеце, што праўду кажу, — усюды ў Рэчы Паспалітай аднолькавыя парадкі! Жыды гарэлку гоняць і мужыкам прадаюць... Не хочаш піць — то плаці адступное. Дайшло да таго, што і ключы ад цэркваў у жыдоўскіх руках. Хочаш дзіця ахрысціць або павянчацца — плаці. А як хлопу гэта не даспадобы, то хай наракае на сябе, бо пан яго і без суда можа забіць, нават за дробную правіннасць...
— Казакі скардзяцца, што яны каралю патрэбныя, калі на вайну трэба ісці, — дадаў пан Нямірыч, бо, быўшы арыянінам , лічыў за лепшае не ўмешвацца ў рэлігійныя спрэчкі. — На мора ім хадзіць нельга, а калі мір, то казак — ужо і не казак, а нявольнік: дзесяціну і павалоўшчыну плаціць, паншчыну адрабляе. А рэестравыя сваёй платы ўжо гадоў пяць не бачылі.
— А унія? — узрадаваўся нечаканай падтрымцы поп.
— А што? Што табе унія? — зароў тоўсты шляхціц. — Служы сабе службу па праваслаўным каноне, толькі Папу не забудзься ўспомніць. Унія... Гэта ўсё ваш патрыярх людзей каламуціць! Не выпадае, бачыш, яму схіліцца перад Святым Прастолам. А што да казакоў — панове, то хто ж будзе рабіць паншчыну, калі ўсё быдла ваяваць пойдзе?
— Вось і ваюе, — уздыхнуў Даніловіч. — Ці то так добра ваюе, ці то Рэч Паспалітая аслабла і сыходзіць на нішто, калі шляхта ад аднаго казацкага імені ўцякае? А нам, панове, адно каб языкамі малоць. Яшчэ і кроў не высахла па пілявецкім пагроме, як наладзілі элекцыю.
— Не кажы, Даніловіч, — сказаў Нямірыч. — Для казакоў кароль як пан бог на небе. Будзем спадзявацца, што хоць яго слухаць будуць, хай мы яго толькі абяром...
Змоўклі. Звілістая рака Думна весела пятляла паміж крутых берагоў, аднак абрывісты шлях не весяліў стомленых падарожнікаў. Цяжка ішлі стомленыя коні, і сонна хіліліся на грудзі галовы коннікаў.
— Ого! — раптам спалохана крыкнуў хтосьці з чэлядзі. — Папялішча наперадзе. Няўжо і тут казакі пабывалі?
Наперадзе сапраўды чарнелі разваліны нейкага замка. Сон, які да гэтага часу склейваў павекі Нямірыча, імгненна прайшоў.
— Усё ж завёў ты нас, пан Даніловіч, у нейкае кепскае месца, — устрывожыўся ён, аглядаючыся вакол. — Ці не ваўкам на вячэру?
— Лепш да ваўкоў, чым на казацкія шаблі, — змрочна сказаў Даніловіч і, заўважыўшы вялікую занепакоенасць таварыша, дадаў: — Баяцца не варта. Той замак туркі разбурылі яшчэ трыццаць гадоў таму. Ужо і да Дзядзілава недалёка.
Усе з палёгкай уздыхнулі. Стэфан гучна здзівіўся халатнасці Сабескіх, цяперашніх гаспадароў Дзядзілава.
— Гэта праклятае месца, — растлумачыў Даніловіч і набожна перахрысціўся. — Прайсці б яго да цемры. Але ўжо не атрымаецца, бо змярканне на зямлю кладзецца.
— Гэта чаму? — здзівіўся Нямірыч. — Няўжо на самай справе можам натрапіць на казацкую засаду? Але ж Ян Сабескі казаў, што ў яго ўладаннях спакойна.
Замест адказу яго таварыш прышпорыў каня, жадаючы як мага хутчэй абысці злавесныя руіны. Стэфан зрабіў гэтак жа.
Хутка з вячэрняй цемры паказалася мястэчка. Але ўзрадавацца гэтаму вандроўнікі не паспелі, таму што дарогу ім перагарадзілі нейкія коннікі.
— Ану стой! Хто едзе? — крыкнуў адзін з іх.
— А ты хто такі? — спытаў Нямірыч.
— Гэта не адказ, — грозна адазваўся той. — Адказвай, бо спытаю з пістоля!
Пасля гэтых слоў з-за дрэў выступілі ўзброеныя да зубоў людзі, і, хоць цэліліся ў іх з самапалаў, Нямірыч з палёгкай выдыхнуў, таму што на казакоў яны ніяк не былі падобныя.
— Я — Нямірыч, кіеўскі крайчы , — паведаміў Стэфан. — Някепска ж ва ўладаннях майго добрага таварыша Яна Сабескага гасцей сустракаюць! Хто тут за старшага?
Шляхціц, што гарцаваў наперадзе, заткнуў пістоль за пояс і зрабіў знак сваім людзям апусціць зброю.
— Прабач, пан Нямірыч, — сказаў ён. — Я — Грынкоўкі, дзядзілаўскі староста.
— Вітаю, пан cтароста, — сказаў Нямірыч, злазячы з каня. — А чаго гэта ты і твае людзі нібы на вайну сабраліся? Няўжо і ў тутэйшых землях казакі бясчынствуюць?
— Бог мілаваў, — уздыхнуў той і, таксама спешыўшыся, падышоў да Стэфана і ветліва паціснуў працягнутую руку. — Толькі вось з'явіўся ў нашых землях нейкі прывід. Як надыдзе ноч, блукае чорным ценем, мужыкоў палохае ды дзяўчат гвалціць. А на досвітку бясследна знікае.
Нямірыч здзіўлена міргнуў.
— Так-такі й бясследна? — не паверыў ён.
— Не зусім, — паправіўся староста. — Кожны раз пакідае пасля сябе чорную стралу.
— Святая дзева! — ускрыкнуў Даніловіч і са страхам паглядзеў на разваліны замка. — Гэта ж сапраўды сам Д'ябал бясчынствуе. Кажуць жа людзі, што яго душа тут гуляе!
— Шчырая праўда, — пацвердзіў Грынкоўскі. — Я сам яго бачыў некалькі гадоў таму: ён стаяў на папялішчы ўвесь заліты месячным святлом, а яго чорную вопратку развяваў вецер. Я як глянуў, так адразу як нежывы з каня і грымнуўся. Каб не абраз Найсвяцейшай Панны Чэнстахоўскай, што на шыі вісеў, то, напэўна, не стаяў бы тут перад вамі. А так святая дзева абараніла, таму раніцой у сябе прыйшоў.
Воіны, якія таксама чулі гэтую размову, усхвалявана зашапталіся. Хтосьці стаў чытаць малітву.
— І хто ж такі гэты д'ябал? — здзіўлена спытаў Нямірыч. — Я нешта не чуў пра такога.
— Нябожчык пан Станіслаў Стадніцкі, былы гаспадар гэтых зямель, — растлумачыў Грынкоўскі. — Страшны быў чалавек, хай неба супакоіць яго грэшную душу. У падзямеллі ланьцуцкага палаца — сваёй галоўнай рэзідэнцыі — трымаў засценак для катаванняў. Мала хто з яго ворагаў выйшаў адтуль жывым, а хто і выходзіў, то траціў розум ад нечалавечых катаванняў. Пасля таго як д'ябальскія злачынствы перапоўнілі чашу цярпення караля, выехаў ён з Ланьцута і пасяліўся тут, у Дзядзілаве, на вялікі страх сваім суседзям.
— «Д'ябал» — гэта імя пана Станіслава пры хрышчэнні, — умяшаўся Даніловіч. — Яго бацька быў кальвіністам, а маці каталічкай, таму яна і вырашыла таемна сына каталіком ахрысціць. Але напрыканцы цырымоніі ў касцёл уварваўся раз'юшаны пан Матэуш Стадніцкі, і ксёндз так перапалохаўся, пабачыўшы яго, што замест імені малога памянуў нячыстага.
Нямірыч зарагатаў.
— Якіх толькі казак не пачуеш у нашай Рэчы Паспалітай! — усклікнуў ён. — Ды пры чым жа тут чорная страла?
— Ну як жа? — Грынкоўскі асуджальна пахітаў галавой, дзівячыся такой неабазнанасці. — Перад тым як напасці, Д'ябал пасылаў да абранай ахвяры чорную стралу. Гэта быў знак, што раніцай прыбудзе сам для рабавання і разбою.
— Нешта гэты Д'ябал пасля смерці адвагі пазбавіўся, — задумаўся Нямірыч. — Раней і стралу загадзя пасылаў, і днём набегі рабіў. І з дзеўкамі забаўляцца нябожчыку не выпадае... Упэўнены, што і ты, пан, так думаеш, таму што зараз не з крыжам, а з мушкетамі на нячыстую сілу палюеш.
— Ды ксёндз ужо хадзіў тут з малітвамі, — засмяяўся Грынкоўскі. — Толькі яны не вельмі падзейнічалі. То я і падумаў, можа, добрая шабля і куля лепш нашай бядзе дапамогуць?
— Мудры ты чалавек, пан староста, — таксама ўсміхнуўся Стэфан. — Хоць я спачатку і засумняваўся, калі ты мяне казачкай пра прывідаў палохаць пачаў. Таму, як маёй дапамогай не пагрэбуеш, давай разам на тую здань паляваць.
Пан Грынкоўскі з радасцю на гэта пагадзіўся, а вось воіны Нямірыча зусім не ўзрадаваліся. Злавесна прагучаў аповед пра Д'ябла, і руіны замка наводзілі на жудасныя думкі, але ўсё ж сорамна было здацца баязліўцамі... Таму, заехаўшы ў мястэчка і запіўшы страх дзядзілаўскім мёдам, шляхта ціхенька села ў засаду недалёка ад таго месца, дзе апошні раз бачылі «Д'ябла», не забыўшыся акрапіць сябе святой вадой.
Ноч была цёмная, хоць вока выкалі. І пранізлівы восеньскі холад пачаў даймаць. У Нямірыча ўжо і зуб на зуб не трапляў.
— Можа, да чорта яго, гэтага прывіда? — падумаў ён, і тут, нібы ў адказ, пачулася ціхае ржанне коней, а крыху пазней наблізіўся вялікі чорны цень. Ён лёгка перамахнуў праз высокі драўляны частакол, які атачаў мястэчка.
— Прывід! — не на жарт перапалохаліся «паляўнічыя». — Ланьцуцкі Д'ябал! Маці божая, абарані і выратуй нас! — раздаліся галасы.
Ваякі сабраліся ўжо бегчы прэч, пакінуўшы свайго камандзіра сам-насам з госцем з таго свету, але Стэфан здолеў своечасова павярнуць каня і адрэзаць баязліўцам шлях да ўцёкаў.
— Вы з глузду з'ехалі, панове, зусім падурэлі? — крыкнуў ён. — Ды праваліцца мне на гэтым месцы, калі гэта не чалавек з плоці і крыві! І ідзе проста нам у рукі... Ану стой!
А прывід, убачыўшы, што трапіў у пастку, кінуўся наўцёкі. Спрытна залез на дрэва, пераскочыў цераз частакол і знік за ім. А яшчэ праз імгненне начную цішыню працяў злавесны рогат. То смяяўся «Д'ябал».
— Уцячэ ж, уцячэ! — крыкнуў, падбягаючы, Грынкоўскі, што хаваўся непадалёк са сваёй чэляддзю. — От сцерва!.. Каня дайце! Каня, чорт пабяры!
— Давай на майго, — прапанаваў тоўсты таварыш Нямірыча, якому моцна не хацелася звязвацца з нячыстай сілай.
Грынкоўскі ўскочыў на яго рабога огера і панёсся да брамы, за ім — Стэфан, Даніловіч і тыя іх людзі, якім хапіла смеласці. Папярэджаныя крыкамі вартавыя адчынілі вароты, і пагоня з шумам і свістам знікла ў ночы.
За час сядзення ў засадзе вочы Нямірыча прывыклі да цемры, і ён адразу заўважыў «прывіда», што ляцеў наперадзе на белым, як снег, жарабцы. Услед за «Д'яблам» чорнымі ценямі мчаліся яго людзі.
— Цьфу ты! — аж сплюнуў Даніловіч. — Звычайнюсенькі разбой, а я ўжо чорт ведае што падумаў!
Разбоі і заезды былі звычайнай справай у Рэчы Паспалітай, бо моцная рука важыла тут больш, чым закон. Пан Стэфан добра разбіраўся ў такіх штуках, бо быў даўняга руска-літоўскага роду, а яго багатыя маёнткі на Кіеўскім Палессі, Валыні і Белай Русі, вядома, не давалі спакою многім зайздроснікам. Самым небяспечным сярод іх быў сумна вядомы Самойла Лашч, які сваёй злой славай мог параўняцца хіба што з нябожчыкам ланьцуцкім Д'яблам, чыю маску начапіў на сябе невядомы дзядзілаўскі жартаўнік. Думка пра тое, што гэтым жартаўніком мог быць менавіта каронны стражнік, які пасля смерці свайго высокага заступніка гетмана Канецпольскага, дрыжучы за сваю шкуру, невядома дзе дзеўся, падганяла цяпер Нямірыча, прымушаючы прышпорваць каня, які і без таго мчаўся як вецер. І сапраўды, хто мог бы так жартаваць, акрамя славутага разбойніка, што насіў на сабе кажух, падбіты дзвюма сотнямі інфамій і баніцый , у якім нават неяк заехаў на каралеўскі двор?..
Паступова адлегласць паміж разбойнікамі і пагоняй пачала скарачацца. Адзін з уцекачоў, павярнуўшыся, стрэліў, і Даніловіч упаў на зямлю, не паспеўшы і Госпада згадаць.
— Ах ты суччын сын! — усклікнуў Стэфан і таксама наўздагад стрэліў з пісталя, нават не прыцэліўшыся як след.
Конь, які нёс на сабе «Д'ябла», стаў на дыбкі і пранізліва заржаў. А потым раптам упаў як падкошаны, падмяўшы пад сябе вершніка, і забіўся ў агоніі. Пагоня пераможна закрычала.
Да здзіўлення Нямірыча, іншыя «д'ябаляты» нават не паспрабавалі дапамагчы свайму пану. Клапоцячыся пра ўласны лёс, яны панесліся далей і зусім хутка растварыліся ў начной цемры. Але пераследнікам ужо было не да іх.
— Што, папаўся, лайдак? — прахрыпеў Стэфан, саскокваючы з каня і нахіляючыся да «прывіда», які ляжаў на зямлі і цяжка дыхаў. — Дайце хто агню! Хачу лепш разгледзець гэтага дэмана.
Падалі запалены факел, і Стэфан разглядзеў прыгожы твар разбойніка, які, крыва ўсміхаючыся, пазіраў на яго. Чорныя пранізлівыя вочы свяціліся ў цемры, як два вугольчыкі.
— Гэта не Лашч! — з прыкрасцю выдыхнуў Нямірыч.
— Не, пане, не Лашч, — насмешліва адазваўся разбойнік, з цяжкасцю паднімаючыся і крывячыся ад вострага болю ў разбітай назе. — Я бачу, ты, шляхціц, прыняў мяне за іншага, таму я дарую табе тваю памылку.
— Ты даруеш мне! — усклікнуў Стэфан, у якога і вушы запалалі ад такой дзёрзкасці.
— Так, — кіўнуў «Д'ябал», аглядаючыся вакол. — А хай цябе, шляхціц, шляк разаб'е! — скрозь зубы працадзіў ён, натрапіўшы поглядам на свайго мёртвага каня. — Чым перад табой правінілася бедная жывёла, што ты ляцеў за ёй у такую далеч, каб падстрэліць? Чаго маўчыш?! Адказвай, калі пытаюць.
Нямірычу яшчэ не даводзілася сустракацца з такімі нахабнікамі.
— Гэта ты, нягоднік, будзеш перад судом адказваць за разбой, — агрызнуўся ён.
— Як дажыве, — злосна кінуў Грынкоўскі, падыходзячы бліжэй. — Таму што мне аж рукі свярбяць павесіць яго на ву-у-у-нь той галіне.
Разбойнік таксама паглядзеў на таўшчэзную дубовую галіну, на якую паказваў Грынкоўскі, і незадаволена зморшчыўся.
— Прабач, пане, але яна мне нешта не падабаецца.
— Ды ты што? — ухмыльнуўся пан староста. — Ну, выбірай іншую, на свой густ.
— Добра, — лёгка пагадзіўся нахабнік. — Ды каб не губляць часу, адразу скажу, што ў гэтым лесе такіх няма.
Шляхта зарагатала. Грынкоўскі нахмурыўся.
— Будзеш з чарцямі ў пекле жартаваць, сукін сын, і то хутка! Я табе...
— І з імі пажартую, калі надасца магчымасць. Аднак спадзяюся, што гэта не хутка будзе. Пратры вочы, шляхціц, або пасвяці сабе і лепш разглядзі, з кім гаворыш.
Нямірыч ужо паспеў разглядзець і багатае ўбранне разбойніка, і каштоўную вупраж на мёртвым кані... Ды і конь быў такі, што сам кароль не пасаромеўся б сесці.
Грынкоўскі трохі разгубіўся.
— Бачу, што высокага палёту ты птушка, хоць і не з нашых краёў, — асцярожна сказаў ён, усё ж панізіўшы голас. — Дык якога ж ты нячыстага, яснавяльможны пане, мірных людзей палохаеш?
Гэтыя прымірэнчыя словы слугі, а не гаспадара, падзейнічалі на «Д'ябла» як гаючы бальзам на крывавую рану.
— Да вашых краёў я прыехаў па справах, а наслухаўшыся тут казак пра свайго цёзку — тутэйшага Д'ябла, вырашыў трохі пажартаваць, — фанабэрыста кінуў разбойнік. — Здаецца, атрымалася, таму што святар так упарта нячыстую сілу з Дзядзілава выганяў, што я, назіраючы гэтую камедыю, ледзьве не лопнуў ад смеху.
— А дзевак навошта гвалтаваў? — не сціхаў Грынкоўскі.
— На тое была прычына.
— Якая ж?
— Захацелася.
Староста так і застыў з адкрытым ротам. Супраць такой «паважнай прычыны» сапраўды цяжка было нешта запярэчыць.
— Бачу, пане «Д'ябал», што ты чалавек вясёлы, — умяшаўся Нямірыч, якога моцна абурыла такое блюзнерства. — На мой humor таксама ніхто яшчэ не скардзіўся. То што, паспрабуем разам павесяліцца?.. Ну, хлопцы, — міргнуў ён сваім людзям.
Не паспеў разбойнік апамятацца, як быў скручаны па руках і нагах.
— Добра, — усміхнуўся Нямірыч, назіраючы за адчайнымі спробамі ворага вызваліцца. — А цяпер прывяжыце яго да гэтай здыхляціны, — ён штурхнуў нагой мёртвага каня, — і хай скача здаровы на ўсе чатыры бакі! Ну што, ліхадзей, як табе мой жарт? — пацікавіўся ён, калі чалядзіны выканалі яго загад.
— Ты... Ты, мярзотнік, вырашыў пакінуць мяне ваўкам на з'ядзенне? — «Д'ябал» ужо задыхаўся пад цяжарам конскай тушы. — Лепш прыстрэль мяне!
— Ты мяне катам лічыш? — абурыўся Стэфан. — Бывай здаровы, пане, і дамаўляйся неяк з ваўкамі, таму што яны, як і ты, сатанінскага роду.
— Вазьмі выкуп, — дзелавіта прапанаваў разбойнік, аднак Нямірыч, ускочыўшы на каня, толькі памахаў яму рукой. Грынкоўскі з ваярамі, рагочучы, рушылі следам.
Але ад'ехалі недалёка, Стэфан спыніўся і прыслухаўся.
— Маўчыць? — здзіўлена спытаў ён, так і не пачуўшы чаканых заклікаў да міласэрнасці. — Я наўмысна яму рот не завязаў, думаў, што будзе маліць аб літасці.
— Маўчыць, — пацвердзіў Грынкоўскі. — Ну, сатана!
Пачакалі яшчэ трохі, але дарэмна. Ужо і світаць пачало.
— Трэба вяртацца, — расчаравана ўздыхнуў Нямірыч.
— Не, — адрэзаў староста, з надзеяй прыслухоўваючыся да далёкага выцця ваўкоў. — Будзе яшчэ мне зубы шчэрыць. Хай падыхае, сабака!
— А можа, ён ужо таго? — сказаў нехта з салдат.
— Чаго?
— Ну... дуба даў ад пераляку.
Занепакоены Стэфан, нягледзячы на пратэсты Грынкоўскага, павярнуў каня і панёсся назад. Але разбойнік быў жывы. Убачыўшы Нямірыча, ён так паглядзеў на яго, нібы хацеў спапяліць на месцы.
Стэфан моўчкі перарэзаў вяроўкі і загадаў чэлядзі адсунуць убок мёртвую жывёлу. Шляхціц устаў. Ён ужо не жартаваў. Са змрочнай нянавісцю агледзеў прысутных, быццам збіраўся навек захаваць іх абліччы ў памяці.
Нямірыч паказаў яму на каня нябожчыка Даніловіча.
— Ты храбрэйшы за сваіх людзей, — сказаў ён. — Едзь адсюль і больш не вяртайся.
— Я ім падзякую пры выпадку, — паабяцаў той, сядаючы ў сядло. — І вам, панове, таксама!
— Ты што, пан крайчы, здурнеў, што адпускаеш гэтага разбойніка? — падскочыў Грынкоўскі. — Я яго ў суд...
— Адкупіцца, — абыякава махнуў рукой Стэфан. — Можаш яго спыніць, калі хочаш.
Грынкоўскаму гэтая прапанова не спадабалася, таму ён толькі суха кіўнуў «Д'яблу»:
— Бывай! Каб я цябе больш не бачыў!
Той усміхнуўся — люта і злосна.
— Нават не спадзявайся, пан староста. Гэта гара з гарой не сыходзіцца, а мы з табой, дасць бог, яшчэ сустрэнемся. І з табой таксама, — ён падміргнуў Нямірычу. — Да сустрэчы, панове, да хуткай сустрэчы!
Ён крута развярнуў каня і панёсся прэч.
— Ну што, едзем? — Нямірыч азірнуўся на Грынкоўскага.
— Паехалі, — злосна буркнуў той, пераканаўшыся, што варожую постаць ужо паглынуў перадсвітальны туман. — Толькі збрую з мерцвячыны здыму. Шкада такому дабру прападаць!
Стэфан абыякава глядзеў, як шляхціц важдаецца каля конскага трупа. І раптам нечаканая думка падкінула яго на месцы:
— Ох я і дурань! Нават імя яго не спытаў!
— Я таксама пра гэта толькі зараз падумаў, — змрочна сказаў дзядзілаўскі староста. — Дзіравая галава...
— Не хвалюйся, — засмяяўся Стэфан. — Цябе ж ён ведае.
— То-та і яно! Ды трасца яго мацеры... Пан Нямірыч, а паглядзі-ка сюды.
Той паглядзеў і здзіўлена свіснуў: на падвесцы да конскай збруі грозна зіхацелі золатам радзівілаўскія трубы.

Раздзел 2. Элекцыйны сойм

Варшава (кастрычнік 1648 года)

Элекцыйны сойм, на які спяшаўся пан Нямірыч, пачаўся каля Варшавы яшчэ ў канцы верасня, і ўжо задоўга да гэтага дня сталіца Рэчы Паспалітай ператварылася ў кіпячы кацёл, дзе бурна віравалі жарсці вакол элекцыі новага караля. Вострага прысмаку ім дадаваў шэраг цяжкіх паражэнняў польскіх войскаў ад казацкіх паўстанцаў. Корсунь, Жоўтыя Воды і асабліва Піляўцы, з-пад якіх шляхта ўцякла, нават не прыняўшы бою, кінулі ганебную цень на велізарную дзяржаву, што раскінулася ад Балтыкі да Чорнага мора. Еўрапейскія манархіі, якія яшчэ нядаўна з жахам глядзелі на ўсход, маглі з палёгкай уздыхнуць: калос стаяў на гліняных нагах і штосекунды мог абрынуцца, не вытрымаўшы ўласнай велічы.
У пачатку кастрычніка галоўны віноўнік шляхецкіх бед і няшчасцяў, казацкі гетман Хмяльніцкі, ужо стаяў з усім войскам пад Львовам, усяго за некалькі соцень міль ад сталіцы, і такое небяспечнае суседства зусім не спрыяла падняццю духу вяльможнага панства, якое ніяк не магло вырашыць, што рабіць далей: абіраць караля ці бегчы куды вочы глядзяць. Пакуль ішлі спрэчкі, казацкі гетман паспеў узяць са Львова велізарны выкуп і накіраваў сваё грознае войска прамой дарогай на Люблін і Варшаву. Польская сталіца ляжала перад казакамі безабаронная, і паны дэпутаты, даслаўшы самыя каштоўныя рэчы лодкамі ў Гданьск, ужо рыхтаваліся паўтарыць свой пілявецкі подзвіг — пакінуць горад на міласць пераможцаў.
Але, відаць, бог вырашыў не дапусціць пагібелі Рэчы Паспалітай, бо Хмяльніцкі дарогай на Варшаву нечакана спыніўся пад багатым Замосцем і, акружыўшы яго ўсім войскам, траціў час на аблогу. Пачуўшы пра гэта, паны дэпутаты трохі супакоіліся. А калі ў сталіцу прыбыў князь Ярэма Вішнявецкі са сваімі людзьмі, яны ўжо зусім прыйшлі ў сябе і, узброіўшыся шляхецкім гонарам, пачалі патроху з'язджацца да вызначанага месца элекцыі, каб нарэшце прыступіць да абрання манарха.
У гэтую няпростую пару дабраўся да Варшавы і Стэфан Нямірыч, ужо зусім забыўшыся пра сустрэчу з дзядзілаўскім сатаной. Ды і займацца такімі глупствамі цяпер, калі вырашаўся лёс усёй Рэчы Паспалітай, неяк не выпадала.

* * *

Яшчэ ў той час, калі пан Нямірыч упарта паляваў на «Д'ябла» у дзядзілаўскіх лясах, памёр адзін з прэтэндэнтаў на польскі трон — князь Юрый I Ракачы, і смерць гэтага мудрага правіцеля выклікала замяшанне сярод яго прыхільнікаў, перш за ўсё польскіх і літоўскіх дысідэнтаў . Жудасную навіну паведаміў Стэфану яго cтарэйшы брат Юрый — кіеўскі падкаморы і галоўны пратэктар арыян усёй Рэчы Паспалітай, што прыбыў у сойм абараняць сваіх братоў па веры, над якімі навісла пагроза выгнання з краіны. Старэйшага Нямірыча вестка пра смерць уразіла ў самае сэрца, бо ён рабіў усё магчымае, каб пратэстант Ракачы аbsque omni exceptione перамог сваіх сапернікаў — прынцаў Яна Казіміра і Караля Фердынанда.
— Няўжо нехта з братоў-езуітаў узыдзе на польскі трон? — Стэфан у роспачы падняў вочы да неба. — Божа, барані нас ад такой бяды!
— Вугорцы прапануюць абвясціць каралём малодшага сына нябожчыка князя Жыгімонта, — цяжка ўздыхнуў Юрый. — Але справа гэта амаль безнадзейная, бо новы семіградскі ўладар зараз больш займаецца султанскім фірманам на княжанне, чым польскай каронай для сябе або для брата.
— А што пра яго асобу князь гетман Радзівіл кажа? — устрапянуўся Стэфан. — Бо ён кляўся не дапусціць Ваз да трона.
— Князь Януш толькі ўчора прыехаў у Варшаву, — адказаў старэйшы Нямірыч. — Амаль усё войска ён пакінуў у Літве змагацца з казацкімі атрадамі, таму на сойм прыбыў з невялікімі сіламі. Пра Жыгімонта абяцаў пагаварыць са сваім сваяком — літоўскім канцлерам Альбрэхтам Радзівілам, але я вялікіх спадзяванняў на згоду не ўскладаю, бо хутчэй ракі засвісцяць, чым пратэстанты з каталікамі знойдуць агульную мову.
Юрый меў рацыю. У Варшаве Нямірычы арандавалі дом на Ратушнай плошчы, дзе жылі пераважна яўрэі. Але нават тут, у бяспечным для ўсіх некаталікоў месцы, часта ўспыхвалі рэлігійныя сутыкненні, якія за часы «бескаралеўя» сталі яшчэ больш жорсткія і кровапралітныя. Невясёлую размову перапыніў слуга, які паведаміў аб прыбыцці ганца з лістом ад Януша Радзівіла. Літоўскі гетман запрашаў старэйшага Нямірыча хутчэй прыбыць да яго.
— Ага, — сказаў Юрый, прагледзеўшы пасланне. — Здаецца, хутка мы пра ўсё даведаемся...

* * *

У гасцявой зале варшаўскага палаца князя і польнага гетмана літоўскага Януша VII Радзівіла было шумна і людна як ніколі. Самыя ўплывовыя людзі Вялікага Княства Літоўскага і Польскай Кароны сабраліся на раду, каб вызначыцца з асобай будучага караля. Большасць з іх, вядома, былі пратэстанты, як і сам князь гетман, і значныя радзівілаўскія кліенты , а таму хацелі пачуць пазіцыю патрона і атрымаць указанні адносна сваіх дзеянняў на сойме. Хапала тут і паважаных арыян. Пан падкаморы і вокам не паспеў міргнуць, як яго згроб у абдымкі ўлюбёнец князя Януша — арыянін Ян Мяржынскі, які кіраваў у літоўскага князя дыпламатычнымі справамі. Дзякуючы пратэкцыі гэтага чалавека шмат польскіх і літоўскіх братоў трапіла на радзівілаўскую службу.
— Князь Януш якраз размаўляе з літоўскім канцлерам, — паведаміў ён у адказ на пытанне Юрыя і кіўнуў у бок малой гасцёўні, уваход у якую ахоўвалі ўзброеныя вартавыя. — Давядзецца пачакаць.
— Што ж, пачакаем, — спакойна сказаў Стэфан, які, вядома ж, прыбыў разам з братам, таму што той ніяк не мог уседзець дома ў вырашальны для Айчыны час.
З княжацкіх пакояў сапраўды даносіўся водгук размовы, настолькі бурнай, што гэтага не змаглі схаваць нават тоўстыя каменныя сцены гетманскага палаца. Старэйшы Нямірыч з панам Мяржынскім скрушна ўздыхнулі, таму што добра ведалі пра няпростыя адносіны галавы пратэстантаў — літоўскага польнага гетмана і дбайнага каталіка — літоўскага канцлера. Адкрытую варожасць паміж імі магла прыгасіць хіба пагроза гонару і годнасці радзівілаўскага дому, які абодва прадстаўнікі магутнага роду свята шанавалі. Аднак гаворка ішла пра выбары караля, таму запалены рэлігійным фанатызмам літоўскі канцлер не лічыў патрэбным прыніжацца да палітычнай крывадушнасці і так горача апаніраваў пратэстанцкаму князю, што яго гучныя словы прымусілі пачырванець мімавольных слухачоў гэтай размовы. Князь Януш гаварыў цішэй, аднак у яго кароткіх адрывістых адказах добра чуліся ноткі ледзь стрыманай лютасці, якія для ўсіх знаёмых з выбухным норавам князя гетмана былі занадта трывожным знакам, каб на іх можна было не звяртаць увагі. Аднак князь Альбрэхт не думаў стрымлівацца і працягваў крычаць пляменніку свае пратэсты, з кожным словам усё больш распаляючыся. Стэфан не ведаў блізка князя Януша, але зразумеў, што надоўга яго цярпення не хопіць, і заклапочана азірнуўся на брата. Юрый думаў гэтак жа і зразумеў яго знак.
— Магчыма, лепш паведаміць князю гетману аб нашым прыходзе? — пацікавіўся ён у пана Мяржынскага, які таксама з трывогай прыслухоўваўся да сваркі. — Каб мірныя перамовы бойкай не скончыліся.
— Можа і так, — уздыхнуў пан Ян. — Я зараз далажу.
Ён адважна ўвайшоў у гасцёўню, дзе з яго з'яўленнем на момант усталявалася цішыня, а потым, вызірнуўшы адтуль, махнуў Нямірычам, каб заходзілі.
— Стэфан, пойдзем, — паляпаў Юрый брата па спіне. — Князь гетман чакае.

* * *

Януш Радзівіл, князь Біржы і Дубінак, быў яшчэ малады чалавек трыццаці шасці гадоў. Высокі, стройны, рудавалосы, даволі прыгожы, ён быў парывісты ў рухах і справах, гарачы сэрцам і востры на язык. Упарты і горды, як сам Люцыпар, характарам ён нагадваў ільва: хутчэй памрэ, чым схіліць галаву перад ворагам ці лёсам. У той вечар у яго палацы сабраліся амаль усе прадстаўнікі магутнага радзівілаўскага дому: нясвіжскі ардынат князь Аляксандр Людовік з сынам Міхалам Казімірам, клецкі ардынат Міхал Караль Радзівіл, а таксама Юрый Глябовіч — смаленскі ваявода і муж сястры Януша, Катарыны. Побач з князем гетманам стаяў пажылы мужчына, убачыўшы якога, абодва Нямірычы скрывіліся, нібы ад зубнога болю. Гэта і быў князь Альбрэхт Радзівіл — літоўскі канцлер і ўладальнік вельмі багатай Аліцкай ардынацыі на Валыні, фанатычны каталік, ад якога моцна нацярпеліся і самі Нямірычы, і іх аднаверцы, асабліва ў час бескаралеўя, калі арыяне былі абвешчаныя ворагамі Айчыны і толькі заступніцтвам князя Януша не сталі выгнаннікамі.
Князь Альбрэхт сваёй несамавітай постаццю, лупатымі вачыма і доўгім арліным носам на перакапаным маршчынамі твары дужа нагадваў кажана. Цяпер гэтае падабенства ўзмацнялася яшчэ і вопраткай: чорным нямецкім камзолам, адкладным белым карункавым каўняром кашулі і кароткім чорным плашчом, што звісаў, як крылы, за спінай раз'юшанага канцлера.
— Гэта яшчэ віламі па вадзе пісана, што Ракачы ўціхамірыць казакоў з дапамогай турак, — горача даказваў ён. — Абяцаць што заўгодна можна, але мы не ведаем, што пра яго элекцыю султан скажа! Яшчэ ў дадатак да казацкага паўстання турак сабе на галаву наклічам... І калі мы ўжо закранулі Хмяльніцкага, які нібыта таксама Ракачы спрыяе, то я табе, пляменнік, скажу проста, што твае «вызваліцелі» нанеслі маім уладанням яшчэ больш шкоды, чым казацкія атрады! Не толькі абрабавалі, але і ледзь не спалілі Пінск! Ці ж на такую дапамогу я спадзяваўся, калі прасіў абараніць мяне ад казакоў?
— Такога няўдзячнага сваяка, як ты, дзядзька, яшчэ трэба пашукаць! — абурыўся гетман. — А пра пажар... то трэба ж было воінам дзесьці рукі пагрэць!
Жарты жартамі, але Стэфан бачыў, што князь Януш ледзь стрымліваецца, каб не даць волю кулакам. Яго звычайна бледны твар з ледзь прыкметным россыпам рабаціння цяпер разгарэўся, а цёмна-сінія вочы пачарнелі, пасылаючы ў бок літоўскага канцлера такія маланкі, што і ў пана крайчага мароз па скуры пайшоў.
Жадаючы прадухіліць сварку, Юрый абышоў брата, хутка выступіў наперад і гучна закашляўся, і ўсе прысутныя разам павярнуліся да яго.
— А, гэта ты, пан Нямірыч, — князь гетман, здавалася, узрадаваўся з'яўленню госця. — Рады цябе бачыць. І цябе, пан крайчы, таксама, — кіўнуў ён Стэфану.
Аднак князь Альбрэхт быў не такі прыветлівы.
— Ты, пляменнік, разам з гэтымі ерэтыкамі вырашыў каталіцкую царкву разбурыць? — з'едліва пацікавіўся ён у Януша. — Таму і трансільванцаў на пасад радзіш? Ды хутчэй свет перавернецца, чым я дам на гэта сваю згоду!
— Ужо перавярнуўся, — Юрый адразу забыўся пра мірныя намеры. — Хіба даўно Рэч Паспалітая была прытулкам для замежных дысідэнтаў, якіх праследавала інквізіцыя? А цяпер і нам, яе сынам, на нашай радзіме месца няма! І калі б не фанатызм папістаў, хіба ўдалося б Хмяльніцкаму такі пажар запаліць?
— Годзе вам, паны, — прымірэнча сказаў пан Глябовіч, які быў каталіком і ў душы згаджаўся з канцлерам, але праз сваяцкія сувязі і залежнасць ад міласці князя Януша вымушаны быў прынамсі ўслых яго падтрымліваць. — Зараз ёсць і важнейшыя справы.
Але гэтым разам яго ціхі пратэст застаўся незаўважаным.
— Казацкае паўстанне — гэта кара гасподняя за тое, што ў Рэчы Паспалітай да гэтага часу жывуць ерэтыкі, якія адмаўляюць існаванне Святой Тройцы! — загрымеў князь Альбрэхт, а ягоныя клецкі і нясвіжскі кузэны згодна заківалі.
Юрый, да якога, вядома, быў звернуты гэты папрок, абразіўся, ды і князь Януш не прамаўчаў:
— Бачыш, пан Нямірыч? Пра якую мірную элекцыю можа ісці гаворка, калі нават Радзівілы паміж сабой паразумецца не могуць? — злосна кінуў ён і, ужо каторы раз за сённяшні вечар, паглядзеў на вялікі пазалочаны гадзіннік галандскай работы, які стаяў на разьбяным французскім «кабінеце». Гетман чакаў кузэна Багуслава — князя Біржы, Дубінак, Слуцка і Капыля, які ўжо гадзіну таму павінен быў далучыцца да іх таварыства. Гэты Радзівіл таксама быў кальвініст, таму князь Януш вельмі спадзяваўся на яго падтрымку. Але час ішоў, а Багуслава ўсё не было...
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку
Made on
Tilda