Джэйн Остэн
Пыха і перадузятасць
«Пыха і перадузятасць» — другі раман англійскай пісьменніцы Джэйн Остэн (1775–1817), які выйшаў у 1813 годзе, адзін з самых папулярных у свеце твораў англійскай літаратуры. Паўплываў на развіццё жанру любоўнага рамана і зрабіўся адным з самых яркіх яго ўзораў. Вылучаецца непаўторнай остэнаўскай іроніяй і можа лічыцца энцыклапедыяй жыцця дробнапамеснага англійскага дваранства на мяжы ХVІІІ і ХІХ стагоддзяў.
Пераклала з англійскай мовы Ганна Янкута.

купіць кнігу
Раздзел І

Ніхто не будзе аспрэчваць ісціну, што любы заможны халасцяк мае патрэбу ў жонцы.
Як бы мала ні былі вядомыя пачуцці і погляды такога чалавека, які кагадзе пасяліўся побач, гэтая ісціна так трывала сядзіць у галовах усіх суседзяў, што яго адразу ж пачынаюць разглядаць як законную ўлас­насць не той, дык іншай сваёй дачкі.
— Мой дарагі містар Бэнэт, — сказала аднае раніцы жонка мужу, — ці чулі вы, што Нэзэрфілд-парк урэшце арандавалі?
Містар Бэнэт адказаў, што пакуль не чуў.
— Дык вось, яго арандавалі, — працягнула місіс Бэ­нэт. — Толькі што прыходзіла місіс Лонг і ўсё мне рас­казала.
Містар Бэнэт прамаўчаў.
— Хіба вы не хочаце ведаць, хто наш новы сусед? — нецярпліва ўсклікнула яго жонка.
— Вы хочаце расказаць, а я не супраць таго, каб паслухаць.
Гэтага было дастаткова.
— Дык вось, мой дарагі, місіс Лонг сказала, што Нэ­зэр­філд арандаваў вельмі багаты малады чалавек з Паўночнай Англіі. Ён прыязджаў у панядзелак у карэце, запрэжанай чацверыком, каб агледзець маёнтак, і быў у такім захапленні, што адразу ж дамовіўся з міс­тарам Морысам. Ён хоча пераехаць да Міхайлава дня, а некаторыя слугі будуць там ужо пры канцы наступнага тыдня.
— Як яго завуць?
— Бінглі.
— Ён жанаты?
— Ах, дарагі мой, у тым і рэч, што халасты! Халасты і багаты, чатыры ці пяць тысяч гадавога прыбытку. Якая ўдача для нашых дзяўчатак!
— Удача? А пры чым тут нашы дзяўчаткі?
— Мой дарагі містар Бэнэт, — адказала яго жонка, — як вы можаце быць такім нудным? Вы ж разумееце, што я маю на ўвазе яго жаніцьбу з адной з нашых дачок.
— Думаеце, ён пераязджае сюды з такім намерам?
— Намерам? Глупства, як вы можаце так гаварыць! Але цалкам магчыма, што ён закахаецца ў адну з іх, і таму вы мусіце наведацца да яго, як толькі ён прыедзе.
— Не бачу ніякай падставы гэта рабіць. Але вы можаце схадзіць да яго з дзяўчатамі ці адправіць іх саміх. Так будзе нават лепей, а то раптам містар Бінглі найбольш упадабае вас. Вы ж нічым не горшая за нашых дачок.
— Мой дарагі, вы мяне перахвальваеце! Калісьці, безумоўна, і я не была пазбаўленая прыгажосці, але цяпер ужо не лічу сябе незвычайнай красуняй. Калі ў жанчыны пяць дарослых дачок, яна мусіць забыць пра ўласную прыгажосць.
— Думаю, у жанчыны на той час застаецца няшмат пра што забываць.
— Але, мой дарагі, вы абавязкова мусіце паехаць да містара Бінглі, як толькі ён тут паселіцца.
— Не сумнявайцеся — на гэта я не пагаджуся.
— Але падумайце пра вашых дачок. Толькі ўявіце, як добра адна з іх можа ўладкавацца. Сэр Уільям і лэдзі Лукас адразу ж кінуцца туды выключна з гэтай мэтай. А яны ж ніколі не наведваюць новых суседзяў! Вы абавязкова паедзеце да містара Бінглі, бо іначай мы не зможам яго наведваць.
— О, вы занадта далікатная. Асмелюся дапусціць, што містар Бінглі будзе вельмі рады бачыць вас. Да таго ж я перадам яму з вамі цыдулачку са сваім бацькоў­скім блаславеннем на яго шлюб з любой маёй дачкой — на яго густ. Мабыць, варта закінуць слоўца-другое за маю маленькую Лізі.
— Спадзяюся, вы гэтага не зробіце. Лізі нічым не лепшая за астатніх, і я ўпэўненая, што яна нават напалову не такая прыгожая, як Джэйн, і напалову не такая вясёлая, як Лідыя. Але вы заўсёды аддаяце перавагу ёй.
— Ніводная з іх не мае асаблівых пераваг, — адказаў ён. — Яны такія ж дурныя і цёмныя, як іншыя дзяўчаты. Проста Лізі крыху больш кемлівая за астатніх.
— Містар Бэнэт, як вы можаце так зневажаць уласных дзяцей? Вам проста падабаецца раздражняць мяне! Вы зусім не шкадуеце мае бедныя нервы!
— Вы памыляецеся, дарагая. Я вельмі пачціва стаўлюся да вашых нерваў. Яны мае старыя сябры. Вы няспынна расказваеце мне пра іх апошнія дваццаць гадоў.
— Ах, вы нават не ўяўляеце, як я пакутую!
— Але я спадзяюся, усё палепшыцца, і вы дажывяце да таго часу, калі ў ваколіцы паселіцца безліч маладых людзей з прыбыткам чатыры тысячы на год.
— Хай іх будзе нават дваццаць, ніякае нам з гэтага карысці. Вы ж не захочаце да іх паехаць!
— Не сумнявайцеся, дарагая: калі іх будзе дваццаць, я аб'еду іх усіх за раз.
Містар Бэнэт так незвычайна спалучаў у сабе жывы розум, саркастычны гумар, стрыманасць і дзівацтва, што яго жонка нават пасля дваццаці трох гадоў сумеснага жыцця не магла ў ім разабрацца. Зразумець яе характар было нашмат прасцей. Яна была жанчынай пасрэднага розуму, недастатковых ведаў і няўстойлівага настрою. Калі яна раздражнялася, то лічыла, што ў яе праблемы з нервамі. Мэтай яе жыцця было выдаць дачок замуж, а яго ўцехай — візіты і навіны.

Раздзел ІІ

Містар Бэнэт наведаў містара Бінглі адным з першых. Ён ад пачатку збіраўся гэта зрабіць, хаця і ўпэўніваў жонку ў адваротным. Да самага вечара таго дня, калі візіт адбыўся, місіс Бэнэт нічога не ведала. Праўда адкрылася, калі, назіраючы, як яго другая дачка ўпрыгожвае капялюшык, містар Бэнэт нечакана прамовіў:
— Спадзяюся, Лізі, містару Бінглі ён спадабаецца.
— Мы ніколі не даведаемся, што падабаецца містару Бінглі! — пакрыўджана сказала маці. — Мы ж не зможам яго наведаць.
— Але вы забылі, мама, — сказала Элізабэт, — што мы сустрэнем яго на балі і што місіс Лонг абяцала нас пазнаёміць.
— Наўрад ці місіс Лонг гэта зробіць. У яе самой дзве пляменніцы. Яна двудушная эгаістка, вось што я пра яе думаю!
— Цалкам з вамі згодны, — сказаў містар Бэнэт, — і вельмі рады, што ў гэтай справе вы не будзеце ад яе залежаць.
Місіс Бэнэт не дала сабе клопату адказаць, але, не маю­чы сіл стрымлівацца, накінулася на адну з дачок.
— Богам прашу, Кіці, перастань так кашляць! Пашкадуй урэшце мае нервы! Ты проста раздзіраеш іх сваім кашлем!
— Кіці ставіцца да кашлю несур'ёзна, — сказаў бацька, — і кашляе так несвоечасова.
— Я кашляю не таму, што мне гэта падабаецца, — раздражнёна адказала Кіці.
— Лізі, калі ў вас наступны баль?
— Праз два тыдні.
— Вось бачыце! — усклікнула маці. — Місіс Лонг вернецца толькі за дзень да балю, а значыць, не зможа нас прадставіць. Яна і сама не паспее з ім пазнаёміцца!
— Тады, дарагая, вы зможаце зрабіць ёй паслугу і пазнаёміць яе з містарам Бінглі.
— Гэта немагчыма, містар Бэнэт, проста немагчыма, я ж яго не ведаю. Як вы можаце так з мяне кпіць?
— Я паважаю вашу абачлівасць. Два тыдні — гэта, безумоўна, зусім няшмат. За два тыдні ў чалавеку па-
сапраўднаму не разбярэшся. Але калі мы не пазнаёмім яе з містарам Бінглі, гэта зробіць хто-небудзь яшчэ. Думаю, яе дзяўчаты таксама могуць паспытаць шчасця. Упэўнены, яна будзе вельмі ўдзячная, і калі вы адмовіцеся ад гэтага пачэснага абавязку, я згодны ўзяць яго на сябе.
Дзяўчаты здзіўлена паглядзелі на бацьку. Місіс Бэнэт сказала толькі:
— Якое глупства!
— Што гэтае абурэнне значыць? — усклікнуў ён. — Няўжо вы лічыце глупствам неабходнасць знаёміцца з новым чалавекам, трымаючыся пры гэтым пэўных усталяваных традыцыяй правілаў? Не магу з вамі цалкам пагадзіцца. Што ты думаеш з гэтай нагоды, Мэры? Ты ж у нас паненка глыбокага розуму, чытаеш сур'ёзныя кнігі і робіш выпіскі.
Мэры хацела адказаць што-небудзь разважнае, але не ведала, што.
— Пакуль Мэры збіраецца з думкамі, — працягваў бацька, — давайце вернемся да містара Бінглі.
— Гэты містар Бінглі мне ўжо дадзеў! — усклікнула яго жонка.
— Шкада, што вы не сказалі гэтага крыху раней. Калі б вы папярэдзілі мяне ўранку, я нізашто б да яго не паехаў. На жаль, я яго ўжо наведаў, і цяпер пазбегнуць знаёмства немагчыма.
Містар Бэнэт атрымаў тое, чаго жадаў: дамы былі надзвычай уражаныя, і місіс Бэнэт — больш за ўсіх. Калі крыкі радасці крыху сцішыліся, яна пачала сцвяр­джаць, што менавіта гэтага і чакала.
— О, які вы добры, мой дарагі містар Бэнэт! Я ведала, што ўрэшце вас пераканаю! Я не сумнявалася, што вы любіце дачок і не адмовіцеся ад такога знаёмства. О, як жа я радая! Як добра вы пажартавалі, пабываўшы ранкам у Нэзэрфілдзе і нічога нам не сказаўшы!
— Цяпер, Кіці, можаш кашляць колькі хочаш, — сказаў містар Бэнэт і пакінуў пакой, стомлены бурнай радасцю жонкі.
— Які цудоўны ў вас бацька, дзяўчаткі! — сказала яна, як толькі дзверы зачыніліся. — Нават не ведаю, як вы аддзячыце яму за такую дабрыню, ды і мне таксама. У нашы гады, мушу прызнацца, не так і прыемна кожны дзень заводзіць новыя знаёмствы. Але дзеля вас мы мусім ісці на ахвяры. Лідыя, мілая, хоць ты і малодшая, думаю, містар Бінглі на наступным балі з табой патанчыць.
— Ну і што! — смела прамовіла Лідыя. — Хай сабе я малодшая, затое я самая высокая.
Рэшта вечара прайшла ў абмеркаванні таго, ці хутка містар Бінглі наведае іх у адказ і праз які час варта запрасіць яго на абед.

Раздзел ІІІ

Колькі ні спрабавала місіс Бэнэт з дапамогай пяці дачок выцягнуць з мужа апісанне містара Бінглі, прымальнага адказу дабіцца не ўдалося. Яны выкарысталі ўсе магчымыя тактыкі: прамыя пытанні, адцягненыя меркаванні, размовы здалёк — але марна: містар Бэнэт не трапляў ні ў адну пастку, і ім давялося задаволіцца звесткамі з другіх рук, атрыманымі ад суседкі, лэдзі Лукас. Яе водгук прагучаў вельмі ўхвальна: сэр Уільям быў ад містара Бінглі ў захапленні — той аказаўся досыць маладым, надзвычай прывабным, бязмежна прыязным і ў дадатак збіраўся быць на наступным балі разам з вялікай кампаніяй.
Лепшага нельга было і чакаць! Той, хто любіць танчыць, лёгка можа закахацца, і таму на сэрца містара Бінглі строіліся самыя смелыя планы.
— Калі адна з маіх дачок стане шчаслівай гаспадыняй Нэзэрфілда, — казала місіс Бэнэт мужу, — і астатнія знойдуць сабе не горшую партыю, мне большага і не трэба.
Праз некалькі дзён містар Бінглі наведаў містара Бэнэта і дзесяць хвілін праседзеў з ім у бібліятэцы. Містар Бінглі цешыўся надзеяй быць дапушчаным да маладых паненак, пра прыгажосць якіх так шмат чуў, але змог сустрэцца толькі з іх бацькам. Паненкам пашчасціла больш, бо, пазіраючы з верхняга акна, яны мелі магчымасць даведацца, што госць прыехаў на чорным кані і на ім быў сіні сурдут.
Неўзабаве містару Бінглі даслалі запрашэнне на абед. Місіс Бэнэт ужо склала меню, якое мусіла зрабіць гонар яе ўменню весці дом, калі раптам прыйшоў адказ, які руйнаваў яе планы. Містар Бінглі мусіў ад'ехаць на наступны дзень у Лондан і таму, на вялікі жаль, быў пазбаўлены шчасця прыняць запрашэнне, і г. д., і г. д. Місіс Бэнэт занепакоілася: яна не магла ўявіць, якія такія справы клічуць яго ў горад адразу пасля прыезду ў Хартфардшыр, і пачала хвалявацца, што ён будзе пераязджаць з месца на месца, так і не ўладкаваўшыся ў Нэзэрфілдзе як мае быць. Лэдзі Лукас крыху супакоіла яе, сказаўшы, што, магчыма, ён паехаў у Лондан па сяброў, з якімі збіраецца наведацца на баль. Праз некаторы час разышлася пагалоска, нібыта ён прывязе з сабой дванаццаць дам і сем джэнтльменаў. Колькасць дам надзвычай засмуціла дзяўчат, але за дзень да балю іх суцешыла вестка, што дам будзе не дванаццаць, а ўсяго шэсць — пяць яго сясцёр і адна кузіна. Калі ж кампанія ўвайшла ў бальную залу, выявілася, што прыехала ўсяго пяць чалавек — сам містар Бінглі, дзве яго сястры, муж старэйшай з іх і яшчэ адзін малады джэнтльмен.
Містар Бінглі быў вельмі прыемным і шляхетным мужчынам прывабнага выгляду і з нязмушанымі манерамі, яго сёстры — вытанчанымі і свецкімі. Яго зяць, містар Хёрст, выглядаў як джэнтльмен і толькі, затое сябар Бінглі, містар Дарсі, хутка забраў увагу прысутных дзякуючы высокай і статнай паставе, правільным рысам твару, арыстакратычнаму абліччу, а таксама чутцы пра маёнтак, які прыносіць дзесяць тысяч фунтаў на год — ужо праз пяць хвілін пасля яго з'яўлення яна абляцела ўсю залу. Джэнтльмены абвясцілі яго вартай асобай, дамы пастанавілі, што ён нават прывабнейшы за містара Бінглі, і амаль палову вечара глядзелі на яго з глыбокім захапленнем. Аднак неўзабаве ўсеагульнае захапленне сышло на нішто: высветлілася, што ён пыхлівы, што цураецца кампаніі і забаваў, і нават значная маёмасць у Дэрбішыры не магла ўпрыгожыць яго змрочны і непрыязны выгляд і ўратаваць ад незайздросных параўнанняў з сябрам.
Містар Бінглі хутка пазнаёміўся амаль з усімі значнымі персонамі сярод прысутных. Ён быў жыццярадасны і адкрыты, не прапусціў ніводнага танца, засмуціўся, што баль мусіць скончыцца так рана, і сказаў, што варта было б зладзіць яшчэ адзін у Нэзэрфілдзе. Яго выключныя якасці гаварылі самі за сябе. Як жа ён адрозніваўся ад свайго сябра! Містар Дарсі танчыў толькі двойчы — адзін раз з місіс Хёрст і адзін раз з міс Бінглі, — адмовіўся знаёміцца з іншымі дамамі і большую частку вечара прашпацыраваў па зале, зрэдку перакідваючыся словам-другім з сябрамі. Ніхто больш не сумняваўся, што ён — самы пыхлівы, самы непрыемны ў свеце чалавек, і ўсе спадзяваліся, што больш ніколі яго не ўбачаць. Самым лютым яго ворагам выявілася місіс Бэнэт, і яе абурэнне паводзінамі містара Дарсі вырасла яшчэ больш, калі ён пагрэбаваў адной з яе дачок.
Праз недахоп кавалераў Элізабэт Бэнэт давялося праседзець два танцы. Непадалёк ад яе стаяў містар Дарсі, і яна выпадкова пачула яго размову з містарам Бінглі, які скарыстаўся хвіліннай перадышкай, каб угаварыць сябра далучыцца да танцаў.
— Давай, Дарсі, — сказаў ён. — Я павінен прымусіць цябе танчыць. Глядзець не магу, як ты стаіш тут нібы слуп. Напраўду, запрасі каго-небудзь.
— Гэта абсалютна немагчыма. Ты ж ведаеш, я не люб­лю танчыць з дамамі, з якімі блізка не знаёмы. А на такім балі гэта будзе ўвогуле нясцерпна. Твае сёстры ўжо ангажаваныя, а апроч іх тут няма ніводнае жанчыны, танчыць з якой не было б для мяне пакутай.
— Як цудоўна, што я не такі прыдзірлівы, як ты! — усклікнуў містар Бінглі. — Слова гонару, я ніколі раней не сустракаў столькі прывабных паненак, і некаторыя з іх напраўду прыгажуні.
— Ты танчыш з адзінай прывабнай паненкай у гэтай зале, — сказаў містар Дарсі, пазіраючы на старэйшую міс Бэнэт.
— О, яна — самае чароўнае стварэнне, якое я бачыў! Але акурат за табой сядзіць адна з яе сясцёр, таксама мілая і, асмелюся сказаць, вельмі прыемная. Дазволь я папрашу маю даму пазнаёміць вас.
— Каторую ты маеш на ўвазе? — павярнуўшы галаву, Дарсі зірнуў на Элізабэт, але, заўважыўшы, што яна таксама на яго глядзіць, тут жа адвярнуўся і холадна заў­важыў: — Цярпець можна, але яна не настолькі прыгожая, каб мяне завабіць. У мяне няма настрою суцяшаць паненку, якой пагрэбавалі іншыя кавалеры. А таму лепш вяртайся да сваёй дамы, якая так міла табе ўсміхаецца, і не марнуй на мяне часу.
Бінглі скарыстаўся парадай, яго сябар адышоў у іншы бок залы, а ў сэрцы Элізабэт засталіся не самыя прыязныя пачуцці да містара Дарсі. Тым не менш яна з вялікім запалам пераказала гэтую гісторыю сяб­роўкам, бо мела жыццярадасны і гарэзлівы нораў і знаходзіла прыемнасць ва ўсім смешным.
Сям'я Бэнэтаў прыемна прабавіла вечар. Місіс Бэнэт бачыла, што нэзэрфілдская кампанія прыязна прымае яе старэйшую дачку: містар Бінглі двойчы танчыў з ёй, яго сёстры таксама добра да яе паставіліся. Джэйн была задаволеная не менш за маці, хаця і не так бурна выказвала радасць. Элізабэт была радая за Джэйн. Мэры пачула, як нехта ў размове з міс Бінглі назваў яе самай адукаванай паненкай у ваколіцы. Кэтрын і Лідыі пашчасціла не прапусціць ніводнага танца — жадаць ад балю большага яны пакуль не навучыліся. Такім чынам, усе вярнуліся ў Лонгбарн — вёску, у якой жылі і дзе былі самай паважанай сям'ёй — у найлепшым настроі. Містар Бэнэт яшчэ не спаў. Сеўшы з кнігай, ён не заўважаў, як ляціць час, да таго ж яму было цікава, як прайшоў вечар, на які яго сям'я так разлічвала. Ён амаль спадзяваўся, што жонка вернецца расчараванай, але хутка зразумеў, што пачуе нешта зусім іншае.
— О, мой дарагі містар Бэнэт! — усклікнула жонка, ледзь зайшоўшы ў пакой. — Гэта быў надзвычай цудоўны вечар і надзвычай чароўны баль! Як шкада, што вас там не было! Вы нават не ўяўляеце, якое захапленне выклікала Джэйн! Усе казалі, што яна добра выглядае, а містар Бінглі ўвогуле палічыў яе красуняй і двойчы запрасіў на танец! Падумаць толькі, мой дарагі, ён і праўда танчыў з ёй два разы! І яна была адзінай, каго ён запрасіў двойчы! Спачатку ён танчыў з міс Лукас. Я так абурылася, калі ўбачыла іх у пары! Аднак насамрэч ён не звярнуў на яе ўвагі — ды і хто б звярнуў! Здаецца, Джэйн уразіла яго, як толькі пачаліся танцы. Таму ён дазнаўся, хто яна такая, папрасіў іх пазнаё­міць і адразу ж запрасіў на два танцы! Пасля ён запрасіў міс Кінг, а за ёй — Марыю Лукас, наступныя два танчыў зноў з Джэйн, пасля — з Лізі, а вось буланжэ ён танчыў...
— Калі б у яго было да мяне хоць крыху літасці, — нецярпліва перабіў яе муж, — ён танчыў бы ўдвая меней! Богам малю, хопіць пералічаць усіх яго дам. Хай бы ён вывіхнуў нагу пасля першага танца!
— Але мой дарагі, я ад яго ў захапленні! Ён надзвычай прыемны малады чалавек! І яго сёстры такія чароўныя! Я ніколі не бачыла больш вытанчаных строяў! Адны карункі на ўбранні місіс Хёрст...
Тут яе зноў перарвалі: містар Бэнэт быў рашуча супраць апісання строяў. Яго жонцы давялося шукаць іншую тэму, і яна з усёй зласлівасцю і пэўным перабольшаннем абрынулася на містара Дарсі і яго абуральную грубасць.
— Але не сумнявайцеся, — скончыла яна, — Лізі няшмат страціла ад таго, што не дагадзіла яго густу, бо гэты Дарсі — надзвычай непрыемны і агідны чалавек, зусім не варты ўвагі. Ён такі пыхлівы і саманадзейны, што яго тут ніхто не трывае! Шпацыраваў сабе то тут, то там, думаючы, які ён вялікі! Не настолькі прыгожая, каб з ім танчыць... Хацела б я, каб вы былі там і асадзілі яго, як вы гэта ўмееце! Цярпець яго не магу!

Раздзел IV

Застаўшыся сам-насам з Элізабэт, Джэйн, да гэтага стрыманая ў пахвалах містару Бінглі, адкрыла сястры, як моцна ён ёй спадабаўся.
— Ён акурат такі, якім мусіць быць малады чалавек, — сказала яна, — разумны, добры, жыццярадасны. Ні ў кога раней я не бачыла такіх цудоўных манер — нязмушаных, але разам з тым такіх выкшталцоных!
— Да таго ж ён прыгожы, — адказала Элізабэт, — якім і мусіць быць малады чалавек, калі толькі можа. А значыць, ён дасканалы.
— Мне было вельмі прыемна, калі ён другі раз запрасіў мяне на танец. Я гэтага не чакала.
— Не чакала? Затое я чакала. Гэтым мы з табой і адрозніваемся. Прыязнасць і ўвага заўсёды здаюцца табе нечаканасцю, мне ж — ніколі. Гэта было так натуральна — запрасіць цябе на другі танец: ён не мог не заўважыць, што ты разоў у пяць прыгажэйшая за любую іншую ў зале. А таму рэч не ў яго ветлівасці. Хаця, вядома, ён вельмі прыемны, і я не супраць, што ты яго ўпадабала. Табе падабаліся і большыя дурні.
— Мілая Лізі!
— О, ты ж ведаеш, у цябе сапраўдны талент захапляцца людзьмі. Ты ніколі не бачыш у іх недахопаў — у тваіх вачах увесь свет добры і прыемны. Ты ні разу ў жыцці ні пра кога не сказала кепска!
— Не варта спяшацца кагосьці асуджаць. Але я заў­сё­ды гавару тое, што думаю.
— А як жа іначай? Менавіта гэта найбольш мяне ўражвае. Як ты са сваім здаровым сэнсам можаш не бачыць безразважнасці і бязглуздасці некаторых лю­дзей? Паказная дабрыня нікога не здзівіць — яна ўсюды. Але толькі ты ўмееш з усёй шчырасцю, без аніякага разліку ці крывадушнасці заўважаць у чалавеку толькі найлепшыя якасці, нават перабольшваць іх і абмінаць дрэннае. А сёстры містара Бінглі табе таксама спадабаліся? Яны паводзілі сябе зусім не так, як ён.
— Безумоўна, не з першага погляду. Але пагаварыўшы з імі, я зразумела, што яны таксама вельмі прыязныя. Міс Бінглі збіраецца пасяліцца разам з братам і весці яго дом. Наўрад ці я памылюся, калі скажу, што мы знойдзем у яе асобе вельмі прыемную суседку.
Хаця Элізабэт не пярэчыла сястры, пагадзіцца з ёй яна не магла: сёстры містара Бінглі нават не спрабавалі стварыць на балі добрае ўражанне. Больш назіральная і менш памяркоўная, чым яе сястра, да таго ж не атлумленая збыткоўнай увагай да сваёй асобы, Элізабэт была далёкая ад таго, каб захапляцца імі. Сёстры містара Бінглі напраўду былі вытанчанымі дамамі, не пазбаўленымі прыязнасці, пакуль іх усё задавальняла, і нават ветлівасці, калі ім самім так хацелася, але пры гэтым ганарлівымі і фанабэрлівымі. Яны абедзве былі досыць гожыя, атрымалі выхаванне ў адным з найлепшых прыватных пансіёнаў, валодалі дваццаццю тысячамі фунтаў, трацілі больш, чым варта, стасаваліся толькі з людзьмі свайго кола і мелі, такім чынам, усе падставы трымацца высокага пра сябе і нізкага пра ўсіх астатніх меркавання. Яны паходзілі з паважанай сям'і з Паўночнай Англіі — і гэтая акалічнасць нашмат лепш замацавалася ў іх памяці, чым тое, што сваім багаццем яны і іх брат абавязаныя гандлю.
Містар Бінглі атрымаў у спадчыну каля ста тысяч фунтаў. Яго бацька збіраўся набыць маёнтак, але не паспеў. Сам Бінглі меў той жа намер і нават пачынаў часам выбіраць графства. Але цяпер, калі ён пасяліўся ва ўтульным доме і займеў права паляваць на сваіх землях, ніхто з яго сяброў, якія добра ведалі яго бестурботны характар, не сумняваўся, што ён застанецца ў Нэзэрфілдзе да канца сваіх дзён і пакіне куплю маёнтка нашчадкам.
Сёстры містара Бінглі хацелі, каб брат займеў уласны маёнтак, але — хоць пакуль ён быў толькі арандатарам — міс Бінглі не збіралася адмаўляцца ад ролі гаспадыні за яго сталом. Місіс Хёрст, якая выйшла замуж за чалавека хутчэй знатнага, чым багатага, таксама была схільная лічыць братаў дом сваім, калі ёй гэта пасавала. Містару Бінглі не споўнілася яшчэ дваццаці трох, калі ён па выпадковай рэкамендацыі наведаў Нэзэрфілд-хаўз. Ён за паўгадзіны агледзеў дом і, цалкам задаволены яго размяшчэннем і ўбраннем пакояў, а таксама тымі перавагамі, пра якія паведаміў гаспадар, адразу ж арандаваў маёнтак.
Нягледзячы на розныя характары, Бінглі і Дарсі яднала цеснае сяброўства. Дарсі цаніў Бінглі за адкры­ты, бестурботны і памяркоўны нораў, хоць сам вылучаўся процілеглымі якасцямі і ніколі не меў падставаў быць імі незадаволеным. Бінглі заўсёды давяраў ацэнкам Дарсі і лічыўся з любымі яго думкамі. Дарсі разважаў глыбей за яго, і хаця Бінглі зусім не быў чалавекам абмежаваным, з іх дваіх менавіта Дарсі быў сапраўды разумным. У той жа час Дарсі быў напышлівы, замкнёны і пагардлівы, а яго манеры не выклікалі прыхільнасці, хоць і сведчылі пра добрае выхаванне. У гэтым плане яго сябар меў перад ім значную перавагу. Бінглі любілі ўсюды, дзе б ён ні з'явіўся, Дарсі ж усіх ад сябе адштурхоўваў.
Іх меркаванні пра мэрытанскі баль цалкам адпавядалі іх характарам. Бінглі ніколі ў жыцці не сустракаў такіх прыемных людзей і такіх мілых паненак, усе паставіліся да яго надзвычай добра і ўважліва, ён не адчуў ніякай няёмкасці і цырымоннасці і вельмі хутка сышоўся з прысутнымі. Што да міс Бэнэт, то ён такой анёльскай прыгажосці не мог і ўявіць. Дарсі ж, наадварот, убачыў вакол сябе людзей непрыемных і безгустоўных, сярод якіх не было нікога, хто зацікавіў бы яго ці паставіўся б да яго з прыхільнасцю. Міс Бэнэт ён прызнаў мілаю, але яна зашмат усміхалася.
Місіс Хёрст і яе сястра дапусцілі, што Дарсі мае рацыю, але прызналі, што міс Бэнэт ім спадабалася, і, абвясціўшы яе чароўнай, паведамілі, што не супраць падтрымліваць з ёй знаёмства. Такім чынам, з гэтага моманту міс Бэнэт лічылася чароўнай, і іх брат мог ставіцца да яе як яму захочацца.

Раздзел V

Непадалёк ад Лонгбарна жыла сям'я, з якой Бэ­нэты сябравалі асабліва цесна. Сэр Уільям Лукас калісьці займаўся ў Мэрытане гандлем і дабіўся такога-
сякога дастатку. Калі ён выконваў абавязкі мэра, то аднойчы звяртаўся ад імя гараджан да караля і атрымаў з гэтай нагоды рыцарскае званне. Такі гонар ён прыняў надта блізка да сэрца і пачаў пагардліва ставіцца да ранейшага занятку і ладу жыцця ў маленькім гандлёвым гарадку. Кінуўшы і тое, і тое, ён разам з сям'ёй пераехаў у дом, які з таго часу пачаў звацца Лукас-лодж, за мілю ад Мэрытана. У гэтым доме ён мог з прыемнасцю аддацца думкам пра ўласную знач­насць і, вызваліўшыся ад неабходнасці весці справы, заняцца на самоце выкананнем абавязкаў самага ветлівага ў свеце гаспадара: нягледзячы на новы статус, сэр Уільям зусім не зафанабэрыўся. Наадварот, ён ставіўся да ўсіх з нязменнай увагай. Прадстаўленне да двара ў Сэнт-Джэймсе зрабіла яго, па прыро­дзе сваёй бяскрыўднага, добразычлівага і далікатнага, яшчэ больш вытанчана пачцівым.
Лэдзі Лукас была добрай, але не надта разумнай жанчынай, а таму каштоўнай суседкай для місіс Бэнэт. Лукасы мелі некалькі дзяцей. Старэйшая дачка, разважлівая і кемлівая маладая жанчына гадоў дваццаці сямі, блізка сябравала з Элізабэт.
Паненкі Лукас і паненкі Бэнэт абавязкова мусілі пагаварыць пра баль, а таму ўжо наступнай раніцай першыя апынуліся ў Лонгбарне, гатовыя слухаць і расказваць.
— Для вас, Шарлота, вечар пачаўся проста цудоўна, — з зайздроснай вытрымкай сказала місіс Бэнэт, — бо менавіта вас містар Бінглі запрасіў на першы танец.
— Але, здаецца, другая дама спадабалася яму больш.
— Ах, я так разумею, гэта вы пра Джэйн, бо ён танчыў з ёй двойчы. Выглядае на тое, што ён сапраўды ўпадабаў яе — і я схіляюся да думкі, што так яно і было. Я нешта пра гэта чула, але не помню, што дакладна... нешта пра містара Робінсана.
— Вы, мабыць, маеце на ўвазе яго размову з містарам Робінсанам, якую я выпадкова пачула. Няўжо я не расказвала? Містар Робінсан пачаў яго распытваць, ці спадабаўся яму наш мэрытанскі баль, і ці ж не шмат у зале прыгожых паненак, і якая з іх здаецца яму найпрыгажэйшай, і містар Бінглі тут жа адказаў на апошняе пытанне: «Безумоўна, старэйшая міс Бэнэт — двух меркаванняў быць не можа».
— Дальбог, вельмі рашуча сказана! Здаецца нават, што... хаця не, ведаеце, з гэтага можа нічога не атрымацца...
— Здаецца, у падслухоўванні мне пашчасціла больш за цябе, Эліза, — сказала Шарлота. — Містар Дарсі менш за свайго сябра заслугоўвае таго, каб яго падслухалі. Бедная Эліза — цябе ўсяго толькі «можна цярпець».
— Прашу вас, не ўбівайце ёй у галаву, што варта зважаць на яго дурныя словы. Ён такі непрыемны чалавек! Спадабацца яму было б сапраўдным няшчасцем. Місіс Лонг мне ўчора вечарам сказала, што ён паўга­дзіны сядзеў побач з ёй і за гэты час не сказаў ні слова.
— Вы ўпэўненая? Ці няма тут памылкі? — спытала Джэйн. — Я сама бачыла, як містар Дарсі размаўляў з ёй.
— Дык гэта яна ўрэшце спытала, як яму спадабаўся Нэзэрфілд, і яму давялося адказаць. Паводле яе словаў, пытанне яго моцна раздражніла.
— Міс Бінглі гаварыла мне, — сказала Джэйн, — што ён ніколі не размаўляе шмат ні з кім, апроч блізкіх знаёмых. Але з імі ён неймаверна прыязны.
— Я ніколі ў гэта не паверу, дарагая. Калі б ён быў такі прыязны, то пагутарыў бы з місіс Лонг. Але я здагадваюся, у чым тут рэч. Кажуць, яго аж раздзімае ад пыхлівасці. Падазраю, ён неяк дазнаўся, што місіс Лонг не трымае экіпажа і прыбыла на баль у найманай карэце.
— Мне ўсё адно, размаўляў ён з місіс Лонг ці не, — сказала міс Лукас, — але хай бы ён патанчыў з Элізай.
— Я б на тваім месцы, Лізі, — сказала маці, — наступным разам сама адмовілася з ім танчыць.
— Думаю, я магу ўпэўнена паабяцаць вам ніколі з ім не танчыць.
— Пыха ў дадзеным выпадку, — сказала міс Лукас, — дапякае мне менш, чым звычайна, бо яе можна дараваць. Чаго тут дзівіцца, калі такі гожы малады чалавек, у якога ёсць імя, маёмасць і ўсё, чаго яму зажадаецца, трымаецца пра сябе высокага меркавання. Ён, так бы мовіць, мае поўнае права ганарыцца сабой.
— Усё гэта так, — адказала Элізабэт, — і я з лёгкасцю прабачыла б яго пыху, калі б ён не зачапіў маю.
— Пыха, — заўважыла Мэры, якая захаплялася грун­тоўнасцю ўласных разваг, — падаецца мне вельмі рас­паўсюджанай заганай. Усе кнігі, якія я прачытала, пе­ра­каналі мяне, што яна напраўду шырока распаў­сю­дзі­лася: чалавек мае да яе надзвычайную прыродную схільнасць, і мала хто сярод нас не песціць у душы пачуцця самазадаволенасці, якое нам дае тая ці іншая наша якасць, сапраўдная ці выдуманая. Пыха і славалюбства, між іншага, — вельмі розныя рэчы, хоць гэтыя словы часта ўжываюцца як сінонімы. Чалавек можа быць пыхлівым і не быць славалюбам. Пыха — гэта пачуццё, звязанае з нашым меркаваннем пра сябе, славалюбства — з тым меркаваннем пра нас, якога мы прагнем ад іншых.
— Калі б я быў такі багаты, як містар Дарсі, — выкрыкнуў юны Лукас, які прыйшоў разам з сёстрамі, — то не хваляваўся б наконт пыхі, а завёў бы зграю лісіных ганчакоў і кожны дзень выпіваў бы бутэлечку віна!
— Калі б ты піў больш, чым трэба, — сказала місіс Бэнэт, — і я б гэта заўважыла, то адразу б адабрала ў цябе бутэльку!
Хлопчык запярэчыў, гаворачы, што не адабрала б, яна настойвала, што адабрала б, і спрэчка скончылася толькі з ад'ездам гасцей.

Раздзел VI

Лонгбарнскія лэдзі ў хуткім часе наведалі нэзэрфілдскіх. Належным чынам прайшоў і візіт у адказ. Добрыя манеры міс Бэнэт прыемна ўразілі місіс Хёрст і міс Бінглі, і хаця маці яны палічылі нязноснай, а малодшых сясцёр — не вартымі таго, каб з імі гаварыць, старэйшым дочкам далі зразумець, што з імі жадаюць пазнаёміцца бліжэй. Джэйн прыняла такую ўвагу з вялікай прыемнасцю, аднак Элізабэт усё яшчэ адчувала ў іх стаўленні да іншых, у тым ліку да яе сястры, фанабэрлівасць, таму ставілася да іх з недаверам. Тым не менш яна ацаніла іх добразычлівае абыходжанне з Джэйн, вырашыўшы, што яго прычына — цёплыя пачуцці Бінглі. Іх заўважаў любы, хто бачыў яго побач з Джэйн, а Элізабэт — яшчэ і тое, што сястра пачынае паддавацца прыхільнасці, якую адчувала ад пачатку знаёмства, і гатовая вось-вось закахацца. Але, на радасць Элізабэт, астатні свет такой жа назіральнасцю пахваліцца не мог: моцнае пачуццё ў душы Джэйн суседнічала з ураўнаважанасцю і заўсёднымі нязмушанымі манерамі, а гэта мусіла адвесці ад яе падазрэнні з боку залішне цікаўных. Элізабэт падзялілася думкамі з сяброўкай, міс Лукас.
— Напэўна, гэта прыемна, — адказала Шарлота, — умець добра трымацца ў такой сітуацыі на людзях. Але часам вытрымка — гэта хутчэй перашкода. Калі жанчына ўмела хавае пачуцці не толькі ад свету, але і ад таго, на каго яны скіраваныя, яна губляе магчымасць як след ім завалодаць, і наўрад ці яе суцешыць думка, што свет таксама нічога не заўважыў. Любая прыхільнасць мае шмат агульнага з удзячнасцю ці пыхай, а таму пакідаць пачуццё на волю лёсу небяспечна. Мы ўсе лёгка захапляемся, бо мімалётная сімпатыя — гэта так натуральна, але каму з нас хопіць смеласці на сапраўднае каханне, калі яно не сустракае падтрымкі? У дзевяці выпадках з дзесяці жанчыне лепш выказваць больш прыхільнасці, чым яна напраўду адчувае. Бінглі, несумненна, упадабаў тваю сястру, але калі яна яму не дапаможа, справа далей не пойдзе.
— Але яна дапамагае яму наколькі дазваляе яе характар. Калі я магу заўважыць яе сімпатыю, а ён — не, то ён проста недарэка.
— Эліза, не забывай, што ён не ведае яе так добра, як ты.
— Калі жанчына вылучае мужчыну сярод іншых і не хавае гэтага, ён мусіць нешта зразумець.
— Магчыма, ён зразумее, калі будзе шмат з ёй сустракацца. Бінглі з Джэйн бачацца, вядома, досыць часта, але ніколі не бываюць разам па некалькі гадзін: сустракаючыся падчас баляў і візітаў, яны не могуць кожны момант сустрэчы прысвяціць адно аднаму. А таму Джэйн варта як мага лепш выкарыстоўваць час, калі яна можа завалодаць яго ўвагай. Сама яна яшчэ паспее закахацца — так глыбока, як ёй захочацца, — калі пераканаецца ў яго пачуццях.
— Някепскі план, — адказала Элізабэт, — для тых, чыя адзіная мэта — удала выйсці замуж. І калі б я вырашыла здабыць багатага мужа — ці мужа ўвогуле, — я б, мабыць, так і зрабіла. Але Джэйн адчувае іначай — у яе няма разліку. Пакуль яна не ўпэўненая ні ў глыбіні сваёй прыхільнасці, ні ў яе дарэчнасці. Яна ведае яго толькі два тыдні — пратанчыла з ім чатыры танцы ў Мэрытане, пасля правяла з ім адзін ранак у яго доме і яшчэ чатыры разы абедала з ім у вялікай кампаніі. Гэтага мала, каб зразумець яго характар.
— Мала, калі глядзець тваімі вачыма. Калі б яна проста абедала з ім, то магла б меркаваць толькі пра яго апетыт. Але не забывай, што пры гэтым яны чатыры вечары прабавілі разам — а чатыры вечары могуць значыць вельмі шмат.
— Так, чатырох вечароў цалкам дастаткова, каб упэўніцца, што абое больш любяць гуляць у «дваццаць адно», чым у «трыццаць адно». Але калі казаць пра іншыя, не менш важныя, якасці, баюся, часу на значныя адкрыцці было замала.
— Што ж, — сказала Шарлота, — я ад усяго сэрца зычу Джэйн поспеху, і калі б вяселле прызначылі на заўтра, думаю, у яе было б не менш шанцаў зрабіцца шчаслівай, чым калі б яна год вывучала яго характар. Шчаслівае замужжа — не больш як удача. Нават калі характары абодвух бакоў загадзя добра вядомыя і пасуюць адзін аднаму, шлюб неабавязкова будзе паспяховым. З часам муж і жонка заўсёды змяняюцца ў розныя бакі, і гэтага хапае, каб атрымаць сваю долю раздражнення. А таму лепш як мага меней ведаць пра недахопы чалавека, з якім збіраешся звязаць жыццё.
— Гэта дасціпна, Шарлота, але ўсё ж няправільна. Ты сама гэта ведаеш, бо ніколі ў жыцці так не зробіш!
Сочачы за знакамі ўвагі, якімі містар Бінглі адорваў яе сястру, Элізабэт не падазравала, што сама зрабілася прадметам цікавасці яго сябра. Спачатку містар Дарсі быў далёкі ад таго, каб палічыць яе прывабнай: на балі ён назіраў за ёй без прыязнасці, ды і падчас наступнай сустрэчы пачаў назіраць толькі для таго, каб знайсці недахопы. Але варта было яму ўпэўніць сябе і сяброў, што ў яе твары цяжка знайсці хоць адну правільную рысу, як ён адразу ж заўважыў, што цудоўны выраз цёмных вачэй надае гэтаму твару незвычайную праніклівасць. Гэтае адкрыццё пацягнула за сабой іншыя, не менш крыўдныя. І хаця яго пільны позірк адшукаў у яе выглядзе не адно адхіленне ад дасканалай гармоніі, ён быў вымушаны прызнаць яе фігуру зграбнай і прыцягальнай. Насуперак свайму сцверджанню, што яе манеры не цалкам свецкія, ён захапіўся яе жартаўлівасцю. Элізабэт нічога пра гэта не ведала. Для яе Дарсі заставаўся чалавекам, які ўсюды трымаецца з непрыязнасцю і які палічыў яе не настолькі прыгожай, каб запрасіць на танец.
Дарсі захацеў пазнаёміцца з ёй бліжэй і, перш чым з ёй загаварыць, пачаў прыслухоўвацца да яе размоваў з іншымі. Такая цікаўнасць не засталася па-за ўвагай Элізабэт. Гэта адбылося ў сэра Уільяма Лукаса, дзе сабралася шмат гасцей.
— Цікава, з якой нагоды, — спытала яна ў Шарлоты, — містар Дарсі так прыслухоўваўся да маёй размовы з палкоўнікам Форстэрам?
— На гэтае пытанне можа адказаць толькі сам містар Дарсі.
— Калі ён зробіць так яшчэ раз, я абавязкова дам яму зразумець, што заўважыла яго хітрыкі. У яго вельмі з'едлівы погляд, і калі я не буду трымацца з ім дзёрзка, то хутка пачну яго баяцца.
Калі неўзабаве містар Дарсі да іх наблізіўся, зрэшты, пакуль не збіраючыся завязваць размову, міс Лукас параіла сяброўцы не кранаць гэтую тэму, чым адразу ж падштурхнула Элізабэт павярнуцца да яго і спытаць:
— Вы пагодзіцеся, містар Дарсі, што калі я падахвочвала палкоўніка Форстэра даць баль у Мэрытане, мае словы гучалі надзвычай пераканаўча?
— Вы гаварылі з вялікай палкасцю. Аднак баль — гэта тая тэма, якая заўсёды запальвае паненак.
— Вы ставіцеся да нас вельмі сурова.
— А цяпер паспрабуем падахвоціць цябе, — сказала міс Лукас. — Я зараз адчыню інструмент, Эліза, а што будзе далей, ты ведаеш.
— Для сяброўкі ты паводзішся вельмі дзіўна — заў­сёды прымушаеш мяне граць і спяваць перад усімі і кожным! Калі б маё славалюбства тычылася музычнай сферы, цаны б табе не было, але ў нашым выпадку мне не хочацца сядаць за інструмент перад тымі, хто прызвычаіўся да лепшага выканання.
Аднак пасля настойлівых просьбаў міс Лукас Элізабэт дадала:
— Што ж, трэба — значыць трэба, — і, змрочна зірнуўшы на містара Дарсі, працягнула: — Ёсць старая добрая прыказка, якую кожны тут, несумненна, ведае: «Лепш змаўчаць, чым сказаць». Таму я буду лепш спяваць, чым гаварыць.
Спявала Элізабэт прыемна, хаця зусім не выбітна. Пасля песні-другой, калі яна яшчэ не паспела адказаць на шматлікія просьбы працягнуць, з-за інструмента яе выцесніла яе сястра Мэры, якая значна саступала сёстрам прыгажосцю і настойліва імкнулася пашыраць веды і ўдасканальвацца, а таму заўсёды была гатовая паказаць сябе.
У Мэры не было ні таленту, ні густу, і хаця славалюбства зрабіла яе стараннай, разам са стараннасцю ў ёй развілася педантычнасць і такія самазадаволеныя манеры, што ўсе яе поспехі зводзіліся на нішто. Просты і нязмушаны спеў Элізабэт слухалі з большай асалодай, хаця грала яна і напалову не так добра, як сястра. А таму пасля доўгага выступу Мэры была радая пачуць пахвалу і падзякі хаця б за шатландскія і ірландскія песенькі, сыграныя на просьбу маладзейшых сясцёр, якія разам з малодшымі Лукаса?
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку
Made on
Tilda