Аліна Длатоўская
Арнаменты
Другая кніга пісьменніцы, якая гучна заявіла пра сябе два гады таму, напісана ў жанры «гарадскога фэнтэзі».
Вёскі паступова выміраюць. І не толькі людзі перабіраюцца ў гарады. У Мінску з'яўляюцца нячысцікі: у Купалаўскім скверы Лясун вымушае блукаць тых, хто не даносіць да сметніцы недапалкі, на Камсамольскім возеры Вадзянік цягне на глыбіню тых, хто купаецца пасля Перунова дня, а на Каменнай Горцы мінчукоў прымушае вар'яцець кашэчы кароль Варгін...
Аднак з'явіцца той, хто аб'яднае нячысцікаў агульнай мэтай: паказаць людзям, хто мусіць валадарыць на гэтай зямлі.

купіць кнігу за 9,90 BYN
Мурашы

Мільёны дробных лапак у няспынным руху краналі скуру. Ад мезенцаў на руках праз прыдалонні, локці, плечы — да шыі, да твару. Ад грудзей праз жывот, сцёгны, калені — да мезенцаў на нагах. Мурашы выпаўзалі з-пад скуры, пакідаючы на ёй невялікія купкі. Такія з'яўляюцца на зямлі ўвесну. Мурашы лезлі ў нос, у вочы, у вушы, блыталіся ў валасах, казыталі ўнутры.
У сэрцы варушылася нешта вялікае. Перабірала вузлаватымі лапкамі, пстрыкала мулкімі крылцамі і адкладала, адкладала, адкладала яйкі.
Арсень падхапіўся, упіваючыся пазногцямі ў грудзі, дыханне збілася. Прасціна скамечаная, коўдра на падлозе. Правёў далонню па твары, зірнуў на яе — чыстая. Выдыхнуў і ўзняўся, папраставаў на кухню. Следам скіраваўся кот.
Арсень знайшоў чорны камячок сярод лістападаўскай слоты. Мужчына жыў адзін дзевяць гадоў, як памерла маці. Жывёл не любіў, клапаціцца звыкся толькі пра сябе, але паўз гэтае кацяня прайсці не змог.
Бяляш — не называць жа яго Чарныш — круціў пысай ад усіх кармоў, незалежна ад якасці і цаны. Малако, сасіскі, вараная рыбка, курыныя катлеткі — усё гэта яму не падыходзіла. Ён еў толькі сырую ялавічыну. Арсень дзівіўся, але купляў, бо ведаў рэцэпт ідэальнай раніцы: чорная кава і чорны кот на каленях — і можна забыцца на дрэнныя сны.

***

Сем гадзін да канца рабочага дня. Тэлефанаванні — як камарыны піск, усё звіняць, звіняць над вухам. Дрэнна спаў. Бывае.
Пяць гадзін да канца рабочага дня. Гутарка калег — як мушынае гудзенне.
— Арсень, ты аформіў дамавіну? – менеджарка ў вялікіх акулярах і напаўпразрыстым шаліку нагадвае страказу.
— Ш-што?
— Дамову, кажу, аформіў?
Тры гадзіны. Літары на экране разбягаюцца чорнымі бліскучымі жучкамі і зноў збіраюцца ў словы. Замест «пагадненне» — «пахаванне», замест «камп'ютар» — «пакуты», замест «кліент» — «тлен». Сёння трэба легчы раней, а не глядзець дапазна дурныя відэа.
Гадзіна. Кроплі слімакамі спаўзаюць па шкле, пакідаючы вільготныя сляды. Літары выбягаюць з экрана на стол, лезуць чорнымі мурашамі пад пазногці, у рукавы кашулі.
Дадому. Тэрмінова дадому.

***

Наступная станцыя… Не ўзнімаць вочы. Не ўзнімаць.
Мурашы поўзалі па ўсіх, хто быў у вагоне. Па светлых тварыках гаманкіх дзяўчат-падлеткаў, па спрацаваных руках зморанай старой, па сівых вусах задуменнага рабочага, па капелюшах і шапках, па красоўках і ботах, па куртках і футрах, па торбах, заплечніках, каўнярах, шыях, тварах, скронях, насах, ілбах.
Кунцаўшчына.
Юнак, які сядзеў насупраць, глядзеў проста ў вочы. Валасы набок, чорная куртка, фірмовыя красоўкі, заплечнік — нічога асаблівага. Толькі па ім мурашы не поўзалі.
Каменная Горка.
Арсень шыбаваў да выхада з метро. Вялізная крама будматэрыялаў, жоўтая, нібы забытае на стале масла. Шэрагі бабулек, якія нападаюць на кожнага, хто пройдзе праз калідор іх тавараў і нічога не купіць. Не глядзець нікому ў твар.
У сэрцы заварушылася, выпростваючы крылы, мурашыная матка. У лёгкіх казытала, пяршыла ў горле, мігцела, пульсавала ў вачах. Хацелася катацца па асфальце, пакуль яны не знікнуць. Але гэта не дапаможа, бо яна ўнутры. Яшчэ крок — і яго званітуе. Арсень спыніўся, хоць да пад'езда заставалася зусім крыху. Схіліўся над сметніцай, закашляўся.
Яго схапілі за плячо.
— Набірай паветра, — юнак з метро прымусіў разагнуцца.
Арсень тузануўся, каб вызваліцца, але хлопец трымаў моцна. Нешта зашаптаў на вуха, але Арсень ніяк не мог зразумець, што яму кажуць, дачуць усё цалкам, дабрацца да сэнсу. Юнак сунуў мужчыне ў руку ільняны мяшэчак.
— Запарыш і вып'еш перад сном, а нанач адчыніш фортку. Ты павінен быць упэўнены, што гэта ўсё — у тваёй галаве. Не ў сэрцы, не пад скурай — у галаве. Зразумеў?
Арсень, вызваліўшыся, адыходзіў да пад'езда.
— Фортку адчыні, інакш памрэш.

***

Мільёны дробных лапак у няспынным руху краналі скуру. Ад мезенцаў на руках праз прыдалонні, локці, плечы — да шыі, да твару. Ад грудзей праз жывот, сцёгны, калені — да мезенцаў на нагах.
Па столі бегалі цені фіранак і мурашы. Ён некалькі разоў парываўся зачыніць акно, бо ў пакоі было холадна, але не наважваўся.
Бяляш насіўся па кватэры, караскаўся на фіранкі, дзёр мэблю, шыпеў і кідаўся на гаспадара, выпусціўшы кіпці. Пэўна, свежае паветра і водары вуліцы ўдарылі яму ў галаву. Гэта таксама пройдзе раніцай. Усё пройдзе.
У скронях гуло, шаргацела, рыпела, быццам там ладзілі новы мурашнік. Мурашыная матка пстрыкнула крылцамі, пакруцілася, варушачы вусікамі, і папаўзла ўгару. У горле дзерла, нібы пакурыў дрэнны кальян. Бяляш ашалела скакаў на шыбы. Арсень узняўся, стрымліваючы прыступы ванітаў, каб усё ж такі зачыніць фортку.
Кот раз'ятрана кінуўся на хлопца, а ягоныя вочы свяціліся чырвоным. Арсень закрычаў, і з крыкам у фортку вылецела мурашыная матка. Бяляш скокнуў следам, а мужчына прыціснуўся гарачым ілбом да халоднай шыбы.
У святле ліхтара стаяў той самы юнак, а насупраць яго выгінаў спіну, тапырыў поўсць і жудасна крычаў кот. Цень ягоны рос, ператвараючыся ў чорную, чарнейшую за яго самога пачвару.
З рук юнака струменілі блакітныя іскрынкі, складаліся ў дзіўныя знакі, чырванелі, разгараліся, нібы полымя.
Кот ішоў на юнака. Падобны да чорнай дзіркі цень — следам. Юнак выкінуў наперад рукі, і гіпнатычны малюнак закруціўся, пашырыўся, ахутваючы кашэчы цень. Кот, ахоплены полымем, з вусцішным лямантам панёсся прэч.
Юнак зірнуў на акно, ля якога стаяў збялелы Арсень, кіўнуў:
— Дабранач, — і знік у цемры завулка.

Недапалак

Палова на дзясятую — яна яшчэ паспявае. З-за спіны даносіўся рогат пакінутай кампаніі.
Ад кола агляду трэба спусціцца ўніз, прайсці праз невялікі масток, потым пад вялікі мостам — і вось яна ў Купалаўскім скверы. А там наўскасяк, зноў праз мост — шмат у гэтым горадзе мастоў — па Купалы да Багдановіча, і яна будзе дома.
Яна задуменна зірнула на недапалак між пальцаў: увесну іх стане мільярд, таму нічога, калі адзін сярод мільярда будзе яе. Сметніца надта далёка.
Наперадзе ззяла цемрай арка пад мостам, і яна смела рушыла ў змрок. Цемра Лізу ніколі не палохала, бо дзяўчына не баялася міфічных пачвар, яна баялася людзей. А палове на дзясятую з дзяўчынай не можа нічога здарыцца. Нехта штурхнуў яе, прымусіўшы рэзка ірвануць наперад, бегма. Тут налева — да фантана з дзяўчатамі.
Нешта не тое: незнаёмыя прысады, лаўкі, нават асфальт — у Мінску такога няма. Ліза павярнула назад, але мост знік, і Свіслач таксама. Засталіся толькі дрэвы: клёны, каштаны, ліпы. Ліза зноў пабегла — недзе наперадзе гудзеў праспект, толькі прысады не заканчваліся. Ні фантана, ні музея, ні помніка. Мільганула постаць у ярка-зялёнай камізэльцы — такія носяць супрацоўнікі ЗелянБуду — і знікла раней, чым Ліза паспела гукнуць.
Як можна заблукаць у цэнтры Мінска? Няўжо Жэнька падмяшаў ёй у колу гарэлку? Унутры схаладнела, і Ліза дрыготкімі пальцамі дастала тэлефон. Няма сеткі. Патрэсла, перагрузіла. Мабыць, ад холаду глюкануў? Пацерла між далоняў, пахукала, пабегла.
Слёзы грэлі шчокі, сэрца стукала ў горле, замінаючы дыхаць, ногі не падпарадкоўваліся. Бацька не стане слухаць яе апраўданні, таму зноў давядзецца скарыстаць цюбік таналкі за раз. Зноў пераапранацца на фізкультуру ў прыбіральні, асобна ад дзяўчат, і хаваць вочы ад суседзяў. Зноў…
— Хэй, — гукнулі яе. — Што здарылася?
Яна спалохана заціхла. Да яе крочыў юнак — адкуль толькі ўзяўся? — крыху старэйшы за яе, з цёмным ускудлачаным чубам, які выбіваўся з-пад каляровай скандынаўскай шапкі. Чаму менавіта цяпер?
— Усё добра, — хаваючы заплаканыя вочы, адказала Ліза.
— Вы першы раз у Мінску? — мякка пацікавіўся ён.
Зараз будзе смяяцца…
— Я тут жыву.
— Здымайце паліто, хуценька, — юнак падышоў бліжэй, узяў яе за локаць. — Я хачу дапамагчы. Вы не патрапіце дадому, калі не паслухаецеся. Зніміце паліто і апраніце навыварат.
Ліза нервова расшпіліла гузікі. Юнак зняў з яе паліто, вывернуў і зноў накінуў на плечы.
— А цяпер трымайцеся, — юнак працягнуў руку, — і не азірайцеся.
Ён упэўнена рушыў наперад. Ліза паслухмяна трымала яго цёплую далонь. Праз хвіліну яны выйшлі на ходнік недалёка ад Купалаўскага музея. Тэлефон у кішэні раззлавана гудзеў.
— Дзе цябе чэрці носяць?!
— Я падыходжу, падыходжу, — спалохана мармытнула яна, хоць разумела, што робіць сабе толькі горш.
— Калі цябе не будзе праз дзесяць хвілін, будзеш заходзіць праз акно.
Вусны па-здрадніцку задрыжэлі.
— Я падвязу, — спакойна заўважыў юнак.

***

У салоне было чыста, пахла добрай мужчынскай парфумай, мандарынамі і, амаль няўлоўна, палявымі кветкамі.
— Ваш бацька ў некаторым сэнсе меў рацыю, спытаўшы, дзе вас носяць чэрці. Наўрад ці вам павераць, але вас збіў са шляху лясун. Нашкодзілі неяк?
— Кінула смецце не ў сметніцу.
— Заўсёды апранайце што-небудзь навыварат, калі будзеце ісці праз гэты парк, бо ён ад вас цяпер не адчэпіцца. Лесуны часта водзяць людзей, якія непрыстойна сябе паводзяць, а погляды ў іх, скажам так, старамодныя.
У іншы дзень Ліза б пасмяялася і пакруціла пальцам каля скроні, але цяпер толькі пакорліва кіўнула.
— Поспехаў з бацькам.
Заставалася ўсяго хвіліна, каб узляцець на пяты паверх.

Атрута

Пад ногі кідаліся бардзюры, лаўкі і агароджы. Каржакаватыя яблыні заціхлі ў чаканні ахвяры. Толькі спыніся — разарвуць крывымі замшэлымі кіпцюрамі. Каваныя белыя альтанкі прывідамі плылі ўздоўж ракі. Напаўразбураная цагляная забудова глядзела з супрацьлеглага берага пустымі вачніцамі. Дар'я спынілася на драўляным мастку, што вёў да выспы з трыма самотнымі дрэвамі.
Сёння яна прачнулася ў чужой кватэры. Яе абудзіла немаўля, якое раўло пад бокам. Ля ног мітусіўся невялікі сабака. Не было ў яе ні сабакі, ні дзіцяці. Дар'я ўзнялася, узяла малую на рукі. У пакоі ляжалі дзіцячая вопратка, кнігі, цацкі. Леваруч — старая шафа з зацёртым люстэркам, праваруч — стол, застаўлены кветкамі. Хіба яна калі любіла кветкі? Выйшла з пакоя, пагушкваючы дзіцё. Сабака ўвязаўся за ёю, жаласна скуголячы. На безгустоўна зялёнай кухні сівая жанчына варыла каву. Дар'я аддала ёй дзяўчынку, накінула куртку і выбегла на вуліцу.
Яна не ведала, як апынулася ў парку, не памятала, куды вяртацца. Рака клікала: халодныя хвалі абнімуць яе, заплюшчаць вочы, загушкаюць. Вадзе ўсё адно, хто ты і кім быў учора. Галава кружылася, рабілася ўсё больш пустой, далягляд сціраўся. Сусвет звужаўся да выспы з трыма дрэвамі і драўлянага мастка. Яна пералезла праз парэнчы. Яшчэ крок — і яе не будзе. Яе ўжо няма.

***

Сёння яна прачнулася ў чужой кватэры, падхапілася на ложку. У пакоі, прывідным ад тлення зёлак, было светла і пуста, пахла палыном. Пад столлю віселі пучкі сухацветаў: святаяннік, чабор, крываўнік, рамонак. Яна пазнала хіба дзясятую частку ўсяго, што калыхалася над галавой у гіпнатычным танцы. Коўдра і прасціна расшытыя чырвоным беларускім арнаментам, які быццам свяціўся знутры. Ніткі з люрэксам?
— Вам трэба ляжаць, — да яе зазірнуў юнак.
Не сівы барадаты дзядуля ў ільняной кашулі, не кабета ў хусцінцы ў кветкі, не загадкавая дзяўчына з уплеценымі ў касу валошкамі — звычайны юнак. У чорных спартыўных штанах, расцягнутай бардовай футболцы з надпісам «Wizards Rule» і ў цёплых вязаных шкарпэтках.
— Дзе я? Дзе мая дачка? Што здарылася?
Ён сеў побач з ёй, прымусіў легчы.
— З вашай дачкой усё добра, а вось з вамі — не вельмі. Вас атруцілі, — хлопец нешта вырашыў для сябе, цяжка выдыхнуў. — Лойма. Раней яны кралі дзетак і падмянялі на сваіх. Атрымлівалася, што звычайныя жанчыны няньчылі нячысцікаў. Цяпер размнажацца стала больш складана, таму яны падмяняюць саміх жанчын: атручваюць, прымаюць іх аблічча, займаюць іх месца і жывуць у асалоду.
Дар'я сціскала коўдру. Атрута, падмена, нячысцікі — усё гэта не змяшчалася ў галаве, але і інтэр'ер, і яе адчуванні, і сумныя бурштынавыя вочы юнака прымушалі паверыць. Жанчына заплакала.
Хлопец паклаў ёй на лоб халодную далонь, зашаптаў. Замест слоў яна чула шолах лістоты ў вечаровым лесе, лёгкі ветрык і стракатанне конікаў.

***

— А што я павінен быў сказаць? — юнак стаяў ля ложка, прытупваючы нагой.
— Нічога, Міхась! Нічога, акрамя замовы на ачышчэнне, — жорстка адказалі яму з калідора.
Там нешта зазвінела. Відаць, упала на палічку звязка ключоў. Зашамацела. Зняў куртку ці паліто. Запстрыкала. Расшнураваў боты.
Жанчына глядзела праз прымружаныя вочы, не наважваючыся паказаць, што прачнулася. Перад ёй мільгануў цень, прыдалонне абхапілі моцныя пальцы, па целе разлілася цеплыня. Захацелася скакаць, танцаваць, бегчы. Яна расплюшчыла вочы.
Над ёй схіліўся юнак, з твару нават маладзейшы за Міхася.
— Галава не баліць? — холадна пацікавіўся ён.
— Не, я выдатна сябе адчуваю, — Дар'я села на ложку.
Ён кіўнуў, дастаў з кішэні і выставіў на стол некалькі невялікіх слоічкаў з попелам і дзіўнымі цэтлікамі. «Лойма. Люты 2019» сцвярджаў той, які жанчыне было добра відаць.
— Лошыца — няпросты раёнчык, — звяртаючыся да Дар'і хмыкнуў ён.
Міхась закусіў палец, цыкнуў:
— Паслухай, Усевалад, чалавек мае права ведаць, што з ім адбываецца.
— Чым менш народу ведае пра нячысцікаў, тым лепш. Усім. Зможаш адвезці спадарыню дадому? Моўчкі.

Пачынаць

Пяць гадоў таму

Слуп шчэрыўся звярынымі пашчамі, глядзеў чалавечымі вачамі, свяціўся перапляценнямі Арнаментаў. Пад драўлянай адпаліраванай скурай перацякалі блакітныя іскрынкі. Вада, зямля, паветра, полымя, расліны, жывыя істоты. Шэсць элементаў Энергіі, з'яднаных разам, — сімвал іх Свету.
З даўніх часоў Ваяры абаранялі людзей ад Пачвар. Іх вымярэнне, створанае Богам Маланак і Навальніцы Перуном, можна было прайсці ўздоўж і ўпоперак за дзень. Яго называлі Унутраным Светам, але куды больш яно было падобнае да ціхага мястэчка, ізаляванага ад наваколля. У іх Свеце быў свой парадак, свае законы і звычаі.
Сённяшні дзень шмат значыў для ўсіх, каму гэтым летам спаўнялася васямнаццаць. Цяпер яны не павінны былі штодня пакорліва выконваць загады настаўнікаў, праводзіць час у бясконцых трэніроўках, штомесяц праходзіць выпрабаванні. Цяпер яны маглі вырашаць, кім быць далей: ці стаць шараговымі жаўнерамі і выконваць дробныя даручэнні ў Вонкавым Свеце, ці прысвяціць жыццё тэарэтычнаму вывучэнню Пачвар, ці займацца забеспячэннем побыту Свету і вырошчваць зёлкі, вырабляць абарончыя амулеты, шукаць у Вонкавым Свеце адораных дзяцей. А маглі атрымаць ступень майстэрства. Майстры кіравалі Камандамі і выконвалі самыя небяспечныя, складаныя заданні, выхоўвалі вучняў і карысталіся пэўнымі побытавымі прывілеямі. І, вядома ж, толькі яны маглі ўвайсці ў склад Рады Майстроў.
У таго, хто наважыўся стаць Майстрам, наперадзе было яшчэ тры гады вучобы: адзін — пры Майстры, які выхоўвае вучня, два — пры Майстры, які кіруе Камандай. Але спярша — сумоўе, якое праходзіў не кожны.
— Міраслава, патлумачце нам, калі ласка, сэнс Першага закону, — холадна папрасіў Кіраўнік. — Толькі не трэба яго цытаваць. Не сумняваюся, што за дзесяць гадоў вы яго вывучылі.
У каменнай залі Рады было холадна і змрочна, вусцішна. За доўгім драўляным сталом сядзелі сямёра. Самая вопытная даследчыца Пачвар — Бажэна. Самы паспяховы паляўнічы — Вітольд. Самы таленавіты стваральнік Арнаментаў — Святаслаў. Найлепшая знаўца замоў і зёлак — Сняжана. Адказны за побыт і лад штодзённага жыцця — Радаўлад. Адказная за адукацыю і выхаванне Ваяроў — Васіліса. І Кіраўнік.
Міру палохаў гэты чалавек. Выдатная пастава, пругкая хада, прыхаваная ў густой сівой барадзе таямнічая ўсмешка. Дзяўчыне здавалася, што за срэбна-шэрым металам вачэй жыве жудасная драпежная істота, і Кіраўніку каштуе неверагодных высілкаў стрымліваць і ўтаймоўваць яе.
— Мы павінны абараняць людзей ад Пачвар. Тых, хто жыве звонку і не надзелены дарам Перуна, — упэўнена адказала Міраслава і коратка зірнула на Васілісу.
Тая прыхільна ўсміхнулася. Міраславе пашанцавала, што яе знайшла менавіта Васіліса. Ваяры забіралі адораных дзяцей зусім малымі. Сем-восем гадоў — самы падыходзячы ўзрост, калі дар ужо раскрываецца, але яшчэ не позна вучыць ім карыстацца. Міраславу забралі ў дзевяць. Іншы б пакінуў — пазнавата, а Васіліса ўзялася.
У іх былі асаблівыя адносіны, не такія, як у іншых Ваяроў з вучнямі. Больш цёплыя, блізкія, нават сяброўскія. Тыдзень таму, пасля апошніх выпрабаванняў, яны ўдзвюх выпілі цэлую бутэльку віна, пазапраўна прыцягнутую са Знешняга Свету, і настаўніца распавяла, што чакае дзяўчыну на сумоўі.
— А вось ваш сябар, які быў тут перад вамі, сцвярджаў, што ўсё гэта вельмі спрэчна.
Багдан быў другім паводле паспяховасці, пасля зоркі-Златкі, але перад Міраславай. Ён выдатна валодаў зброяй, хутка прымаў рашэнні і нядрэнна кіраваў Энергіяй. У Багдана быў выдатны настаўнік, стары Ваяр, які правёў шмат часу звонку і забіў нямала Пачвар. Але ў яго былі свае погляды на стварэнне Свету, якія не адпавядалі афіцыйнай версіі. І ён, відаць, не патлумачыў вучню, што лепш пра іх нікому не распавядаць.
— «Як можна паверыць, што свет стварыў нехта, каго ніхто ніколі не бачыў?» — вось што сказаў ваш сябар. «Я б з большай ахвотай дапусціў, што нас стварылі вы, Кіраўнік», — мужчына адкінуўся на спінку крэсла і зарагатаў, але хутка зноў стаў суровым. — На шчасце, Майстар Вітольд згадзіўся ўзяць Багдана ў Падмайстры і ўкласці яму ў галаву тое, што не ўклаў настаўнік.
Дурань, Багдане. Заўсёды любіў правакаваць іншых. Знайшоў жа час — на выніковым сумоўі, дзе вырашаецца лёс! Пашанцавала, што Вітольд добра ведаў ягонага настаўніка, выратаваў доўбня.
— Багдан мне не сябар, Кіраўнік, — спакойна адказала Міраслава. — У Ваяроў няма і не можа быць сяброў. Тым больш я не падзяляю і не ўхваляю ягоныя погляды. Я служу бацьку Перуну і гатовая служыць яму ўсё жыццё, якое б рашэнне вы цяпер ні прынялі.
Насамрэч, якая розніца хто і як іх стварыў? Якая розніца, хто даў ім здольнасць забіраць Энергію ў Свету і ператвараць у зброю? Мабыць, яны ўвогуле існавалі заўсёды. Мабыць, яны з'явіліся першымі. А потым у Ваяроў пачалі нараджацца дзеці без дару, звычайныя людзі, якія не маглі абараніцца, і тады свет падзяліўся на два. Хто ведае? Гэта не мае значэння, бо важна толькі тое, што тут і цяпер.
— Але я разлічваю, што вы накіруеце мяне да найлепшага Майстра, каб гэты год быў такім жа паспяховым, як гады навучання ў Настаўніцы Васілісы.
Кіраўнік шматзначна хмыкнуў. Міра ўявіла, як нацягнуўся павадок, што ўтрымлівае істоту ўнутры яго.
— Тут усе найлепшыя, прапануеце нам таксама выпрабаванні прайсці?
Міраслава разгубілася. Варта было ўсё ж крыху ўтаймаваць сваё нахабства. Што цяпер яму адказаць?
— Калі дазволіце, Кіраўнік, — падала голас Васіліса. — Асноўная мэта гэтага года навучання — паглядзець, як іншы настаўнік выхоўвае вучня. Міраславе патрэбны не найлепшы Ваяр, а той, у каго найлепшы вучань.
— Майстар Людавіт? – прапанавала Сняжана.
Міра скаланулася. Яна чула, што Людавіт прымушае вучня стаяць босым на вуглях ды спаць на вуліцы ўзімку.
— У нас ёсць адзін спадар, які робіць поспехі, большыя за Янавы. Вучань Майстра Святаслава.
Малады чалавек, які дагэтуль быў заняты размалёўваннем аркуша для нататак, холадна зірнуў на Васілісу.
— Дзякуй за гонар, Майстарка Васіліса, але я не думаю, што гэта добрая ідэя.
— А я думаю, — заўважыў Кіраўнік. — Пойдзе на карысць не толькі Міраславе, але і вам з Усеваладам. Бо вы хутка ілбамі зрасцяцеся. Вырашана. Збірайце рэчы, Міраслава, Майстар Святаслаў зойдзе за вамі ўвечары. І паклічце наступнага.

***

Сон не ішоў. Міра ўжо даследавала хату: агульны пакой, ванная, тры спальні — усё як ва ўсіх, усё на сваіх месцах. Бездакорная чысціня — нічога цікавага. Міры карцела пазнаёміцца з «найлепшым вучнем». Златка распавяла, што Усевалад можа ствараць Сімвалы адным позіркам і адчыняць праход у Вонкавы Свет. Ціхамір — што ён цэліць з арбалета з заплюшчанымі вачамі і трымае меч у левай руцэ так жа добра, як у правай. Багдан толькі назваў Святаслава і яго вучня самаўпэўненымі вырадкамі.
Святаслаў не падаўся ёй такім. Ён паводзіў сябе стрымана, але ветліва. Адзінае што — настойліва прасіў не заходзіць у пакой вучня без дазволу, але Міра не магла ўтрымацца.
Пакой апынуўся нават меншы, чым выдзелілі Міраславе. Ложак, ля акна стол і крэсла, на якім акуратна былі складзеныя рэчы. Хлопчык спаў на баку, паклаўшы правую руку пад галаву. Коўдра спаўзла, закрываючы яго толькі па пояс. Спіна, рэбры, плечы, рукі былі спрэс у жоўта-фіялетавых сіняках, касцяшкі збітыя ў кроў. Рукі ад локцяў да пальцаў у блакітных стужачках, падобных да маланак, — апёкі ад Энергіі. Бываюць, калі хапаеш больш, чым трэба, альбо занадта спяшаешся.
Унутры ўсё сціснулася ад хвалявання: калі Майстар так шмат патрабуе ад вучня, ці не будзе ён чакаць ад Падмайстаркі яшчэ большага? Сама вінаватая — не варта было прасіцца да найлепшага.
Васіліса рабіла акцэнт на духоўнае, а не на фізічнае навучанне. Калі Міра атрымлівала падчас заняткаў траўмы, настаўніца пазбаўляла яе ад болю Арнаментамі альбо зёлкамі, казала: «Яшчэ натрываеш». І вось што, відаць, мела на ўвазе.
Міра наблізілася. Хлопец павярнуўся ў сне. На яго левым прыдалонні быў выбіты Сімвал жыцця. Ваяры рэдка набівалі татуіроўкі, а такіх Міраслава ўвогуле ніколі не бачыла: пад скурай быццам мігцелі вугельчыкі. Пальцы міжволі пацягнуліся дакрануцца, памацаць, упэўніцца, і чым бліжэй была яе рука, тым больш чырвонымі рабіліся вугельчыкі, нібы на іх нехта дзьмуў. Міра амаль дакранулася, калі яе адштурхнула да сцяны пругкая плынь Энергіі. Хлопец сеў на ложку, закрываючы правай далонню левую руку. У позірку яго перамяшаліся боль, расчараванне і стома.
У пакой, скрыжаваўшы рукі, увайшоў Майстар Святаслаў і сурова зірнуў на дзяўчыну. Яна напружылася, рыхтуючыся да вымовы альбо пакарання, але Майстар перавёў позірк на вучня. Той узняўся, ціха вымавіў:
— Я прашу прабачэння, Настаўнік.
— Ты павінен ставіць абарону кожны вечар, а не калі табе гэтага захочацца.
— Я забыўся, — падлетак зусім не выглядаў вінаватым.
— Ты не забыўся, свавольнік, ты не захацеў. Што б ты рабіў, калі б гэта быў вораг, а твая Энергія не спрацавала б інтуітыўна? Мае загады ў гэтым доме не абмяркоўваюцца і не парушаюцца. Гэта тычыцца і вас, спадарыня Міраслава.
Святаслаў казаў жорстка, але спакойна, не павышаючы голас. Міру гэта палохала і зачароўвала. Зачароўвалі яго халодныя шэра-блакітныя вочы, моцныя рукі, скрыжаваныя на грудзях, няўхвальна падціснутыя вусны і падбароддзе з ямкай.
— Прабачце, Майстар Святаслаў, — збянтэжана прамармытала дзяўчына.
Мужчына кіўнуў, зноў звярнуўся да Вучня.
—У цябе хвіліна, каб паставіць абарону.
— Мне трэба паспаць, каб аднавіцца.
Ваяры пазычалі Энергію ў Свету. Бралі з паветра, з полымя, з вады, з зямлі, з раслін, з жывых істот і перанакіроўвалі, ператваралі ў Сімвалы, у Арнаменты, з дапамогай якіх знішчалі Пачвар, біліся з ворагамі і абараняліся. Але Энергія цячэ да Энергіі. Каб пазычаць у Свету, Ваяр павінен мець хоць колькі сваёй.
— Мяне гэта не цікавіць. Не можаш скарыстаць Энергію — прыдумай што-небудзь іншае. Хвіліна пайшла, — Святаслаў вывеў Міраславу з пакоя, трымаючы за плячо.
— А пракантраляваць? — шэптам спытала дзяўчына.
— Не раю вам правяраць, ці выканаў ён загад, Міраслава. Кладзіцеся спаць. Дабранач.

***

Міраславу абудзіў рогат. Яна здзіўлена ўтаропілася ў сцяну, спрабуючы ўсвядоміць, дзе знаходзіцца. Успомніла, вызірнула ў акно. Там Святаслаў і Усевалад гулялі ў квача. Учора ўвечары суровы настаўнік выгаворваў вучня за непадпарадкаванне, а сёння яны гуляюць…
Хлопчык спыніўся пад яе акном.
— Выходзь хутчэй. Ён карае за спазненне на трэніроўку.
— Не бачу, каб яна пачалася, — здзекліва заўважыла Міра, але паспяшалася прыслухацца да парады.
Святаслаў сурова ацаніў яе гатоўнасць: скураная вопратка, праз плячо — арбалет, на поясе — кінжал, некалькі ільняных пакуначкаў з зёлкамі. Кіўнуў.
— Здымайце ўсё. Моц Ваяра не ў зброі. Арбалету патрэбна адлегласць, кінжал, наадварот, дапаможа толькі на блізкай дыстанцыі. Гэта, — на яго далоні расцвіла кветка Сімвала полымя, — спрацуе ў любым выпадку.
— Не ў любым, — дзёрзка адрэзаў Усевалад і ўдарыў настаўніка рабром далоні па руцэ.
Яны счапіліся ў бойцы. Біліся па-сапраўднаму, не шкадуючы і не стрымліваючыся. Святаслаў быў відавочна больш моцны, Усевалад — больш хуткі. Ні заўваг, ні парад. Перарывістае дыханне, рэдкія выгукі, кароткія позіркі, ледзь заўважныя выразы твараў. Міраславе было васямнаццаць, на два гады больш, чым Усеваладу, але так яна не ўмела.
Навошта Васіліса, любімая настаўніца, падштурхнула яе сюды? Мабыць, заўсёды лічыла, што Міра не такая ўжо здольная вучаніца?
Святаслаў прыціскаў вучня да зямлі каленямі і адной рукой, у другой зноў круціўся Сімвал полымя. Усевалад закусіў вусны і беспаспяхова намагаўся вызваліцца.
—У чым памылка? Дзе памыліўся, Вал? — цяжка дыхаючы, спытаў настаўнік.
— Правароніў абарону, — ледзь чутно адказаў хлопчык.
— Зноў, — мужчына дапамог вучню ўзняцца. — Ты нападаеш, і гэта добра, бо ты моцны, але не забывай пра абарону. На кожнага моцнага знойдзецца больш моцны, альбо больш хітры. Зразумеў, свавольнік? Добра. Міраслава, падмяніце мяне, калі ласка.
— Я? Ды я хвіліны не пратрымаюся, — разгублена прамармытала дзяўчына.
— Сёння — не, заўтра — так. Толькі Сімвалы. Міраслава нападае, Усевалад абараняецца. Наперад, — ён пляснуў у далоні.
Яна прымусіла сябе сабрацца. Гэта прасцей, чым біцца. Выкарыстанне Сімвалаў давалася ёй лёгка: вобразы ўсплывалі ў галаве, Энергія паслухмяна скіроўвалася туды, куды трэба, рукі рабілі неабходныя рухі. Сімвалы дазвалялі Энергіі канцэнтравацца, задавалі слушны кірунак, акрэслівалі мэту, якой Ваяр хацеў дасягнуць. Міра стварыла некалькі Сімвалаў запар: Полымя, Маланка, Сонца. Полымя і Сонца не кожнай Пачвары маглі прынесці сур'ёзную шкоду, падпаліць шкурку альбо асляпіць на час. Маланка была больш небяспечнай: драбязу дык забівала на месцы. Ваяру Сімвалы пагражалі толькі фізічным болем, паводле адчуванняў параўнальным з апёкам.
Не паспелі яшчэ Сімвалы зляцець з рук Міры, як Усевалад крутануў перад яе носам стандартны абярэг Ваяроў, Перунову Зорку. Міра раззлавалася. Пры якіх абставінах увогуле магчымая такая сітуацыя? Ваяр супраць Ваяра… Бязглуздзіца. Альбо Пачвара будзе абараняцца Перуновай Зоркай? Не, не будзе. Міра спрабавала трымаць сябе ў руках, бо злосць — не лепшы дарадца.
— Пляці Арнамент, — кінуў ёй Усевалад.
Арнаменты — спалучэнне Сімвалаў, створаных адначасова — часцей пляліся Камандамі. Толькі самыя здольныя Майстры маглі плесці іх самастойна. Арнаменты мелі куды большую эфектыўнасць, чым Сімвалы паасобку, ды выкарыстоўваліся звычайна супраць самых небяспечных Пачвар. Адзіным не баявым Арнаментам, наколькі ведала Міраслава, быў абарончы. Але Васіліса не вучыла яе нават гэтаму. Міра разгублена азірнулася на Святаслава. Той стаяў, скрыжаваўшы рукі, стрыманы, халодны.
— Я не ўмею, — нясмела заўважыла яна.
— Тады падмані мяне, — фыркнуў юнак. — Нападай.
Падмануць яго. Лёгка сказаць… Маланка, Сонца, Полымя, Маланка і зноў — толькі ў іншым парадку. І зноў. Яна стоміцца раней за яго. У кожнага Ваяра ёсць пэўны аб'ём Энергіі, які ён можа пазычыць за раз. Міраслава на свае здольнасці не скардзілася. Да сённяшняга моманту.
Перунова Зорка круцілася, хоць ён яе нават не трымаў, знішчаючы Сімвалы на падлёце. Але з часам пачала блякнуць, паміргваць, і Міра ўзрадавана павялічыла дождж з Сімвалаў. А калі зразумела, што ўвесь гэты час рабіў Усевалад, было позна. Зорка знікла, і ён за секунду разгарнуў абарончы Арнамент, якому пазайздросціла б любая Каманда. Сімвалы бумерангам скіраваліся да дзяўчыны. Яна ледзь паспела выставіць абарону, слабую, на што хапіла моцы, таму адляцела назад, нібы лялька, і добра б выцялася, калі б яе не падхапіў Святаслаў.
— Разлічвай моц, свавольнік! Выдатная праца, Міра.
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку
Made on
Tilda