Анна Цыма
Прачынаюся ў Сібуі
Сямнаццацігадовая Яна прыехала ў горад сваёй мары Токіа, прагнучы толькі аднаго — застацца там назаўсёды. Аднак праўду кажуць: «Бойцеся сваіх жаданняў». Неўзабаве дзяўчыну зацягвае ў вір квартала Сібуя — чароўнае кола, з якога няма выйсця. Пакуль маладзейшая версія Яны блукае па сталіцы Японіі, трапляючы ў незвычайныя сітуацыі і шукаючы дарогу дадому, дваццацічатырохгадовая Яна ў Празе вывучае япаністыку, шчыруе, каб атрымаць стыпендыю ў Токіа, і разам са старэйшым таварышам па вучобе ламае галаву над перакладам японскага апавядання. Лёс ягонага аўтара, напаўзабытага пісьменніка Кавасіты, будзе мець уплыў на падзеі значна большы, чым маглі б чакаць абедзве Яны...

Напісаны чытэльна, свежай размоўнай мовай раман чэшскай япаністкі Анны Цымы — гэта гісторыя пра пошук дарогі да культуры, непадобнай да тваёй уласнай, пра неадназначнасць рэальнага свету і пра аблуднасць мары, якая здзяйсняецца.

Пераклад з чэшскай мовы Сяргея Лісіцы


Купіць тут
1.
Трындзець з дзеўкамі — гэта проста трындзец. Ад іхняй балбатні нуда бярэ. Мне ўсё роўна, што робіць нечы сабака. Не цікавіць мяне, што ў чыйгосьці там хлопца пяшчотныя, глыбокія вочы. Або што ў крамах нарэшце пачалі прадаваць амерыканскі аленевы лой у круглай каробачцы.
Дзеўкі абгаворваюць адно і тое ж зноў і зноў. Так было ў гімназіі, гэтак жа і ва ўніверы. Вечна ім трэба адна перад адной пантавацца, каб давесці сабе, што яны лепшыя або цікавейшыя за знаёмых. Быццам жыццё — гэта адзін вялікі конкурс. Конкурс прыгажосці, конкурс інтэлекту, у каго сёння лепшая кофта, на каго хлопцы часцей паглядаюць, каго хлопцы лічаць больш дасціпнай і з кім хочуць бавіць больш часу.
Крысціна шмат у чым такая ж як я. Але паколькі мы знаёмыя яшчэ з гімназіі, гэта адна з нямногіх дзяўчат, якіх я магу трываць побач. У яе ружовыя валасы, і ў вольны час яна ўдзельнічае ў руху, які спрабуе давесці, што танец на шасце — гэта насамрэч шляхетны спорт. Да таго ж яна займаецца распрацоўкай лекаў ад раку. Большасць часу праводзіць у лабараторыі, працуючы над сакрэтным даследаваннем, пра якое не можа нікому нічога казаць. Таму не дзіўна, што пасля гэтага вечарам яна становіцца ля шаста на галаву.
Крысціна экстравагантная. Хлопцам яна падабаецца, але яе энергічнасць ды інтэлект урэшце заўсёды іх адштурхоўваюць. Бо ад дзеўкі з ружовай галавой сапраўды не чакаеш, што вечарамі яна замест сумеснага прагляду фільма будзе зацята рашаць хімічныя ўраўненні. Часам я думаю, як гэта магчыма, што Крысціна не можа знайсці нікога нармальнага. Відаць, і не ведае, як бы такі ідэальны партнёр мусіў выглядаць. Вінаваты ў гэтым яе тата, які змыўся на Шры-Ланку, калі Крысціне было пятнаццаць. Проста ўвесь пераходны ўзрост ёй не ставала прыкладу мужчыны.
На Шры-Ланцы Крысцінін тата стаў будыйскім манахам, што таксама не цягне на ідэал мужнасці. Часам бацька з'яўляецца дзяўчыне ў сне, калі яму трэба, каб яна тут нешта для яго зрабіла, або калі хоча павіншаваць яе з народзінамі. Але на мабільнік яму не дазвонішся. Крысціна, вядома ж, страшна раззлаваная на бацьку. Безумоўна, гэта лепей, мяркуе яна, чым калі б пасля разводу ён здзейсніў самагубства. Але Крысціна ўсё адно злуецца. Не напішаш жа ў графе «прафесія бацькі» ў бланку на стыпендыю ці ў іншай якой паперы «будыйскі манах».

2.
Калі па Празе ходзяць так званыя «крышнаіты», Крысціна з агідаю пераходзіць на іншы бок вуліцы. Найбольш дзяўчыну выводзіць, калі які-небудзь самазваны манах у жоўтай расе на плошчы Рэспублікі або на Паўлава спрабуе загнаць ёй мудрагельскія кніжкі пра кармічны цыкл ды іншыя глупствы.
— Шаноўная, — звяртаецца ён да Крысціны, — я адчуваю, што ваш розум адкрыты для новага…
Пэўна яго прывабіла Крысцініна ружовая галава. Дзяўчына, спыніўшыся, працінае мужчыну поўным нянавісці поглядам. Яго гэта не спыняе, свята верачы ў свае агітацыйныя тэхнікі, ён далей спрабуе пераканаць Крысціну, каб купіла кніжку.
— Ведаеце, што такое карма? — пытаецца ён.
— Так, задняя частка карабля, — гыркае Крысціна і надзіцца ўцячы. Але мужчынка хутчэйшы.
— Я б хацеў вам сёе-тое расказаць пра вашы жыцці. Не толькі пра цяперашняе, але і пра мінулае, і наступнае. Вас гэта дакладна зацікавіць. І ў гэтай кніжцы…
— Мяне гэта не цікавіць, я і так пра гэта ведаю.
— Але гэта пра жыццё…
Крысціна спыняецца і абсякае мужчынку поглядам.
— Слухайце, мяне гэта сапраўды не цікавіць!
— Але павінна было б! — не здаецца мужчынка. Гэта Крысціну раз'юшыла.
— Гэй, вы… імітатар! Мой бацька — сапраўдны будыйскі манах у ашраме Ведува ў Кагале на поўдні Шры-Ланкі, калі вам гэта выпадкова нешта гаворыць! Калі захачу даведацца нешта пра карму, спытаю ў яго!
Мужчынка здранцвеў. Такога ён не чакаў.
— Але тут, у гэтай кнізе…
— Мяне не цікавяць вашы кнігі! Калі хочаце іх некаму даць, вышліце іх майму бацьку на Шры-Ланку, ён вам іх вычытае!
Мужчынка маўчыць.
— Але сумняваюся, што ён будзе марнаваць на гэта час. Ён жа толькі і робіць, што медытуе. Калі вы манах, то таксама павінны былі б. І выкініце гэтыя навушнікі ад айфона, што матляюцца ў вас на расе!
Мужчынка апускае вочы. Больш нічога не кажа. Ціхмяна хавае кніжку за спіну.
— Харыбол! — адрэзала Крысціна і пайшла.
Мужчынка застаецца стаяць перад KFC, раптоўна адчуўшы сябе дакучлівай казюркай, якой, магчыма, быў у мінулым жыцці.

3.
Я ніколі не зразумею, што Крысцінінага бацьку прымусіла сабрацца і збегчы ад сям'і. Ён гэта, вядома, тлумачыць тым, што падаўся шукаць сваё ўнутранае «я». Насамрэч бацька хутчэй уцёк ад адказнасці, якая пачала на яго ціснуць, таму што ў крызіс ён прагарэў.
Калі Крысціна была малой, яе сям'я жыла заможна. Разбудавалі дом на ўскрайку Прагі, а ў садзе забабахалі басейн з падагрэвам. Крысцінін тата купіў дзецям агромністага сабаку, плазму і аплаціў ім процьму гурткоў. Потым прыйшоў крызіс, і ягоная фірма збанкрутавала. У цяжкую штодзённасць увайшлі сваркі з жонкай, пазыкі і Крысцінін цяжкі пераходны ўзрост (які быў сапраўды таго варты). Тады, замест таго, каб цягнуць воз праблем, Крысцінін тата аднойчы ранкам сабраў сумку і з'ехаў на Шры-Ланку. Пазыкі пакінуў жонцы і, ачышчаны ад праблем звычайнага смяротнага, з таго часу спакойна медытуе, зашыўшыся ў манастыры.
Крысцініна маці пасля разводу далася ў эзатэрыку. Проста яна не магла дазволіць сабе кінуць двух падлеткаў і паехаць куды-небудзь у манастыр. З мужавага кабінета выкінула ўсё, што ёй пра яго нагадвала, і абсталявала сабе там эзатэрычны куток, які Крысціна называе «вырочніцай». На паліцах маці расставіла свечкі і гаючыя камяні, зараджаныя энергіяй, над уваходам павесіла «лаўца сноў» і бесперапынна паліць дома пахошчы. Заснавала эзатэрычны гурток «Венера», у які завабіла суседак, каб над картамі раіць ім, што рабіць са сваімі жыццямі. У вольны час Крысцініна маці прадказвае будучыню. Складае мноства гараскопаў і вучыцца працаваць з энергіямі. Крысціна падазрае, што маці дыстанцыйна парушае мужу яго спакойныя медытацыі на Шры-Ланцы.
— Я б усе эзатэрычныя крамы і гарбатні пазачыняла, усе рэлігійныя кнігі зняла б з абароту, забараніла б друкаваць і спаліла, — бубніць Крысціна, калі ў размове закранаюць гэтую тэму.
— Проста людзі дурныя. Усе гэтыя вучэнні прапануюць самыя простыя рашэнні, ну, напрыклад, абдымеш дрэва — і табе адразу палепшае, або прачытаеш, як жыў Буда, — і зразумееш, як уладкаваць жыццё. Гэта ўсё лухта. Гэта толькі падпоркі перад тым, як усё канчаткова лясне. Аднойчы я таксама, наслухаўшыся мамы, калі мне было сямнаццаць, пайшла на курс рэйкі. Ведаеш, што гэта?
— Нейкая гаючая энергія з Японіі, так?
— Менавіта. Форма альтэрнатыўнай медыцыны, якую вынайшлі ў 1922 годзе. Легенда сцвярджае, што нейкі вандроўнік зведаў тры цуды, калі ўзыходзіў на святую гару, і бла-бла-бла, адкрыў сусветную гаючую энергію рэйкі. Курс, на які я запісалася, вяла нейкая пані Навакава на сваёй кватэры ў панэльцы на Панкрацкай плошчы. Гэта быў містычны досвед на ўсю катушку. Па-першае, ты б бачыла тых адчайных, што туды прыйшлі. Збанкрутавалы бізнесмен, мамуся з чатырма дзецьмі, прадавачка цыгарэт і я з мамай. Усе спадзяваліся, што калі пройдуць абрад пасвячэння, то нейкім цудам у іх пачне ўсё ладзіцца. Што ўбачаць ісціну значна выразней, чым звычайныя людзі.
Пад абрад пасвячэння ў Навакавай быў адведзены цэлы пакой. Ён троху нагадваў маміну вырочніцу. На адной сцяне вісела ікона Ісуса, на другой — Буда, а на трэцяй — нейкае афрыканскае боства. Мы павінны былі сесці ля сцяны, якая была нам духоўна найбліжэй. Пасля мы заплюшчылі вочы, і Навакава хвілін сорак пяць дудзела ў рог, з якога на нас нібыта транслявала энергію.
— І з таго часу ты бачыш ісціну вастрэй?
— Я зразумела, наколькі гэта ўсё марна і якія дурныя людзі.
— Дык бачыш, нейкі толк быў?

4.
Нашы ўсё яшчэ разам. Я, мабыць, на ўсю ваколіцу адзіная, чые бацькі не развяліся. Першая хваля бацькоўскіх разводаў насцігла наша пакаленне прыблізна ў другім класе. Мая сястра, якая тады яшчэ хадзіла ў садок, аднойчы на выхадных, малюючы сабе за абедзенным сталом, нечакана спыталася ў бацькі: «Тата, калі вы разведзяцеся з мамай?»
Бацька, які акурат варыў вячэру, застыў у шоку з лапаткай у руцэ пасярод кухні.
— Што гэта ты кажаш, дачушка? Чаго б нам разводзіцца?
— Проста ва ўсіх бацькі ўжо развяліся, і толькі вы яшчэ не. Вось мне і цікава, калі гэта адбудзецца, — сястра спакойна малявала далей. Яна думала, што развод — гэта звычайны складнік сямейнага жыцця, і адчувала сябе ніякавата сярод астатніх дзяцей ад таго, што нашы бацькі былі ўсё яшчэ разам. Да таго ж яны не крычалі адно на аднаго, не рабілі сцэн і ўвесь час жылі разам дома. Сястра не магла зразумець, як гэта бацькі Анэткі, Майды і Карлічка ўсё гэта ўжо робяць, а нашы да гэтага яшчэ не дайшлі.
Найбольшая заслуга ў тым, што бацькі не развяліся, належыць маме. Яна дасканала авалодала правілам, якім у мінулым стагоддзі кіраваліся японскія жонкі: неабходнасць трываць. Я не думаю, што гэта правільна, каб жонка заўсёды ўсё трывала, але маміна цярплівасць бясспрэчна падмацоўвала шлюб з бацькам, так што ён не распаўся.
Мой бацька, хоць і не будыйскі манах на Шры-Ланцы, але апошнім часам вядзе амаль манаскае жыццё: вечна зачыняецца ў сваім кабінеце, адкуль вылазіць толькі на вячэру. Я адчуваю, што яго амаль не цікавіць, чым займаюцца людзі навокал. Маё пісьменніцтва, мабыць, яму да фені. Яшчэ пару гадоў таму ён мог спыніць мяне і спытацца, што я чытаю, ці падабаецца мне, або ці не прачытаю яму ўрывак з таго, што цяпер пішу. Але апошнім часам ён ні пра што не пытаецца. Не цікавіць яго ні што робіць мама на працы, ні як там вучоба ў сястры. Увесь час працуе і чытае, а на нас яму ўжо не хапае сіл. Сумна глядзець на яго. Але я ўвесь час думаю, што гэта лепей, чым калі б ён быў на Шры-Ланцы.
Мама ў пісьменніцтве мяне падтрымлівае. Увесь час кажа: «Мне найбольш падабалася, як ты пісала пра нашу бабулю. Чаму б табе не напісаць пра яе зноў?» Аднак я лічу, што аўтар павінен развівацца. А пра бабуль ужо столькі напісана, што яшчэ адна Бабуля чэшскай літаратуры дакладна непатрэбная.

5.
Мая другая сяброўка завецца Маціко Кавакамі і паходзіць з Якагамы.
— Мяне зваць Маціко. Я рубру есці кюветкі.
— Што? — не разумею я. Любіш есці… кветкі?
— Марскія кюветкі. Кюветкі, што жывуць у моры, — тлумачыць яна.
Я прыжмурваю вочы і задумваюся.
— Ты маеш на ўвазе крэветкі?
— Так, карэветкі, я перабрытара. Мне ўжо па горла, — Маціко рукой паказвае, што яна ўжо замораная.
У адрозненне ад Крысціны яна на першы погляд сціплая, не крычыць і выглядае, быццам яе вось-вось панясе вецер. Толькі калі засесці з ёй у піўнусе, зразумееш, наколькі моцна гэтая дзяўчына адрозніваецца ад усіх стэрэатыпных японак, якія замаўляюць гарачы шакалад, ціхенька гавораць і прыкрываюць рот, калі смяюцца.
Маціко Кавакамі прабавіла школьныя гады ў падвале, дзе рэпеціравала са сваім рок-гуртом. Хоць прагульваць школу ў Японіі проста немагчыма, Маціко гэта заўсёды сыходзіла з рук. Усё таму, што яна хадзіла ў хрысціянскі ліцэй, дзе ёй урэшце заўсёды даравалі. Адна яе аднакласніца, маўляў, падпаліла ў той школе бібліятэку, і ёй прабачылі. Я падпал бібліятэкі не даравала б нікому.
Маціко такая прыгожая, ажно ўсе карэянкі з іх пластычнымі аперацыямі, блякнучы ад зайздрасці, пытаюцца, дзе яна рабіла сабе вочы і колькі гэта каштавала. Даволі парадаксальна, што большасць азіятак хоча сабе еўрапейскія вочы, а я б забілася, абы мае былі хоць трошкі больш раскосыя.
Маціко грае на кантрабасе, вучыцца на музычна-танцавальным факультэце Акадэміі сцэнічных мастацтваў і вучыць чэшскую мову, бо хоча тут жыць. Відаць, калісьці дзесьці пачула Дворжака і адразу пераключылася з рок-музыкі на класіку. Урэшце вырашыла, што ў Чэхіі створыць сімфанічны аркестр. У Прагу прыехала два гады таму. Прывезла з сабой вялізны кантрабас і свайго кату па пяту сябра. Яны цягам месяца разышліся, сябар вярнуўся ў Японію, і Маціко тут засталася зусім адна са сваім кантрабасам. Мы выпадкова спаткаліся, калі яна блукала па калідорах філасофскага факультэта і спрабавала знайсці якога-небудзь япаніста, які б дапамагаў ёй з чэшскай. Так мы і пасябравалі.
— Я напусара эсэ на тэму: «Што чэхі думаюць пра маю краіну». Можаш яго паглядзець і папурабіць памыркі? — сказала Маціко і дастала з сумкі сшытак.
Мне падабаецца, як яна піша. Я так пісала, калі была малой. Яе почырк каравы. Хоць японцы і вучаць англійскую ў школах, шмат увагі ёй не надаюць. Наколькі я зразумела, звычайна проста выконваюць граматычныя тэсты, абводзячы правільныя адказы. Пісаннем надта не займаюцца. Магчыма, таму лацінка для Маціко — цямна вада ва облацэх.
Гляджу ў сшытак перад сабою.

Маё эсэ, як чэхі бачаць японцаў
У некаторых з Еўропы дзіўнае ўяўленне пра Японію.
Не хочаш глянуць на чатыры такія?
1) Першы.
Многія людзі робяць мне гэтую патаву, калі кажуць мне «дзякуй» і «добры дзень». Але гэта няпраўда! Я ніколі не бачыла японцаў, якія робяць гэтую патаву. Японцы не Далай-лама!
2) Другі.
Некаторыя людзі пыталіся ў мяне: «Ты ясі сушы штодня?»
Адказ: не.
Мы не можам есці сушы штодня, бо сушы дарагія. Але чэшскія сушы нядобрыя і няякасныя. Не еш чэшскія сушы!
3) Трэці.
Некаторыя людзі пыталіся ў мяне: «Дзе ніндзя?»
Адказ: нідзе.
Яны магчыма існавалі ў мінулым, але ўжо не існуюць.
Але ёсць дамы пра ніндзяў. Так што можаш паглядзець на тое, як яны былі ў Японіі.
4) Чатыры.
Некаторыя людзі пыталіся ў мяне: «Табе падабаюцца шчупальцы?»
Адказ: не ведаю.
Бывае ў фільмах для дарослых выкарыстоўваюць шчупальцы васьміногаў, то можа некаторым падабаюцца.
Усё. Дзякуй.

Ведаю, што рабіць, каб не смяяцца. Бо мая японская таксама не дасканалая.
— Маціко, — падымаю галаву ад яе эсэ, — што ты маеш на ўвазе пад словазлучэннем «гэтую патаву»?
Маціко самкнула рукі перад сабой, нібы моліцца, і пакланілася.
— А, ты маеш на ўвазе «паставу»?
— Ну так, гэтую пасытаву! — згаджаецца Маціко, — я перабрытара.

6.
Бацькі з дзяцінства прывучалі мяне да мастацтва. Да літаратуры, кіно, да выяўленчага мастацтва. Сястру таксама спрабавалі, але з ёй гэта было не так проста. Яна змалку была гіперактыўнай, і прымусіць яе, скажам, проста праглядаць малюнкі ў кнізе было подзвігам. Яна ўвесь час круцілася, засоўвала сабе нагу за галаву і рабіла стойкі. Я па-дзіцячы, расплюшчыўшы вочы, глядзела на бацьку скрозь перагародку свайго ложка і слухала ягоныя аповеды, у той час як сястра беспамылкова на злом галавы імкнулася пералезці на той бок, дзе яе чакаў сапраўдны свет, значна цікавейшы за татавы апавяданні.
У таты дома заўсёды была вялізная бібліятэка. У дзевяць гадоў ён мне даў «Олівера Твіста» і заявіў, што гэта найлепшая кніга на свеце і хто не чытаў яе, той няшчасны і не ведае, што такое сапраўднае мастацтва. Я адклала кнігу Яраслава Фоглара пра скаўтаў і адчайна пачала адольваць «Олівера Твіста». Я не была ў захапленні. Але павінна была давесці тату, што я не ўбогая, таму чытала і чытала, пакуль тую кнігу не прачытала. Бацька праз тое быў на сёмым небе і прынёс мне «Імя ружы». «Злачынства і пакаранне» я прачытала ў трынаццаць, «Жарт» Мілана Кундэры — у чатырнаццаць. Гэтыя кнігі я зусім не разумела. Як толькі я іх прачытвала, тату даводзілася тлумачыць мне, хто такі Леў Троцкі або Арыстоцель, каб я зарыентавалася і магла ў школе задавацца перад аднакласнікамі. (Вы не чыталі «Жарт»? Вы гоніце?)
Аднакласнікі мяне не выносілі. Я давала ім зразумець, што яны неадукаваныя ідыёты. Спачатку гэта было незнарок. Перад паступленнем у гімназію бацька матываваў мяне абяцанкамі, што я сустрэну там самых разумных дзяцей, што там будзе процьма дзяўчат, якія фанацеюць ад кніжак, што я дакладна траплю на крутую вечарынку. На справе ўсе мае аднакласнікі слухалі хіп-хоп або Рыяну, былі намёкі максімум на Тэры Пратчэта, а калі я пару разоў выпендрылася з Аляксандрам Пушкіным, прыйшлі да высновы, што я выхвальная карова, і перасталі са мной размаўляць. Я рабіла выгляд, што мне да сракі, а дома перад сном плакала ў ложку і бэсціла бацьку, што зрабіў з мяне інтэлектуалку, якая не можа паразумецца з аднагодкамі. Потым я зрабіла гэта сваёй перавагай. Вырашыла, што калі ўжо астатнія лічаць мяне ганарыстай, то ганарыстай і буду. А каб было чым ганарыцца, я пачала чытаць як шалёная.
Крысціна з астатнімі таксама не кантачыла. Якраз тады яна захаплялася хэві-металам, сустракалася са старэйшым хлопцам і стасавалася выключна з людзьмі па-за школай. На ўроках або спала, або крэмзала ў сшытку якія-небудзь дэпрэсіўныя малюнкі. Паколькі з намі дзвюма ніхто не хацеў сядзець, мы, натуральна, апынуліся за адной партай. Даволі доўга мы ігнаравалі адна адну. Пасля выпадкова загаварылі пра «Пэрл Джэм» ці нейкі іншы гранж і пачалі абменьвацца дыскамі. Крысціна стала для мяне населенай выспай у моры безнадзейнасці.
Спампаваць фрагмент
Падпісвайцеся на нашу рассылку